Да зместу

 
Паўлюк Багрым

Зайграй, зайграй, хлопча малы...


    Зайграй, зайграй, хлопча малы,
    І ў скрыпачку, і ў цымбалы,
    А я зайграю ў дуду,
    Бо ў Крошыне жыць не буду.

    Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
    Бацька кіямі забіты,
    Маці тужыць, сястра плача:
    «Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..»

    Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
    Пайду ў сьвет, у бездарожжа,
    У ваўкалака абярнуся,
    З шчасьцем на вас азірнуся.

    Будзь здарова, маці міла!
    Каб мяне ты не радзіла,
    Каб мяне ты не карміла,
    Шчасьліўшая ты бы была!

    Каб я каршуном радзіўся,
    Я бы без паноў абыўся:
    У паншчыну б не пагналі,
    У рэкруты б не забралі
    І ў маскалі не аддалі.

    Мне пастушком век ня быці,
    А ў маскалях трудна жыці,
    А я і расьці баюся,
    Дзе ж я, бедны, абярнуся?

    Ой, кажане, кажане!
    Чаму ж ня сеў ты на мяне?
    Каб я большы не падрос
    Ды ад бацькавых калёс.


Да зместу



Hosted by uCoz