Да зместу

КАРАЛЬ ЖЭРА

З «ТОРБЫ СМЕХУ»

4. ВОСЬ ТАБЕ І КУЛІК! З ВЯЛІКІХ БАНКЕТАЎ ГАЛОДНЫЯ ДАХАТЫ ПРЫЯЗДЖАЮЦЬ...

У Літве, і асабліва на Русі, у той час, калі ўжо ўсё з поля збяруць, жыта пасеюць і птушкі кулікі лятаюць над нівамі, дык мáе шляхта звычай ездзіць гуртам ад двара да двара, ад хаты да хаты, цешыцца і час весела бавіць. Называюць яны гэты час куліком, кажучы: «Паядзім куліка!».

Дык вось аднае матулі сын паехаў сабе з іншымі куліком да знаёмага і, забавіўшыся з сябрамі дзён колькі ў прыемных пацехах, вярнуўся да маці.

Пытаецца ў яго маці: – Дзе ж ты, маё дзіцятка, да гэтага часу бавіўся?

Ён расказаў матулі ўсю праўду.

– А сёння дзе ты быў? – кажа маці.

Адказвае: – Быў там і там.

– А ці еў ты?

Адказвае: – Сёння мой кулік няўдалы быў. Еў стравы, гатаваныя з кепска па-венгерску.

Тут матуля засмяялася і сказала: – Маё дзіцятка, растлумач мне, што такое «з кепска па-венгерску»? Бо я гэтага не ведаю.

Ды з цікавасцю пытаецца далей, што там былі за стравы. Аж ён апавядае:

– Першая была страва, якую людзі ядуць, а свінні не. Другая страва такая, што свінні ядуць, а людзі не. А трэцяя такая, што ні людзі, ні свінні не ядуць, а толькі сабакі.

Маці, яшчэ больш зацікавіўшыся, пытаецца: – Маё дзіцятка, раскажы мне, што гэта за страва, якую «людзі ядуць, а свінні не»?

Адказвае: – Гэта быў нямецкі гарох, альбо шабельбон.

– А што за другая страва, якую «свінні ядуць, а людзі не»?

Адказвае: – Гэта капуста, ні кіслая, ні прэсная, ні салёная, ні вараная, а толькі распараная, без усялякага смаку, якую я, адну лыжку ўзяўшы, жаваў-жаваў, але, глынуць не могучы, пад стол выплюнуў.

Урэшце пытаецца: – А што за трэцяя страва, якую «ні людзі, ні свінні не ядуць, а толькі сабакі»?

– От, вашэць матка дабрадзейка, у тым доме для кулікоў спяклі цэлага індыка. Але іншыя панове кулікі да таго дому прыехалі, нас апярэдзіўшы, ды таго індыка так добра абелі, што адны толькі косці засталіся. Мы як на тыя косці глянулі, то кожны з нас і нож і відэлец паклаў.

Маці, чуючы такое, ледзь ад смеху не лопнула: – То ты, маё дзіцятка, можа, есці хочаш?

Ён сказаў: – Вядома, вашэць матка дабрадзейка, я да васпані дабрадзейкі і прыехаў куліка закончыць.

– Ну, то ёсць у мяне ў шафе смажаніна, еш яе халоднаю альбо загадай зразы прыгатаваць.

Ён: – Добра, матка мая дабрадзейка. Калі ўжо няма ні куліка, ні індыка, зем жа я кавалак і быка.

25. ПЕСЕНЬКА ПАНА АНТОНА НЕВЯРОЎСКАГА ПРА СВАЮ ЖОНКУ

Каля 1753 года пан Антон Невяроўскі, што жыў у Альшэве, сам ужо будучы пажылым і маючы пажылую жонку, якую называў бабаю, такую песню пра яе спяваў:

Я на бабу не патрачу,

Прадам бабу, куплю клячу.

Кляча здохне, скуру злупім,

А за скуру панну купім.

36. ЯК ЗГАРЫЦЬ КАРЧМА, ТО ДЗЕ ВЕРАБІ ПАДЗЕНУЦЦА

Габрай Лейба меў вялікую ахвоту лазіць па вышках карчмы і лавіць там верабёў. Аднаго разу, калі было цёмна, ён, узяўшы свечку, пайшоў шукаць іх сярод снапоў, ды, крануўшы агнём страху, запаліў яе ў самым куце карчмы, і, не здолеўшы патушыць, хуценька злез з вышак і смутны ходзіць па карчме.

Матка, зірнуўшы на яго: – Лейба, а Лейба, пра што ты думаеш?

А Лейба адказвае ёй: – Ой, мамо, калі б наша карчма загарэлася, то дзе б нашыя верабейчыкі падзеліся?

Матка: – Ой, што ты вымышляеш?

Яна таго не ведае, што карчма ўжо гарыць, але хутка бачыць, што святлей становіцца ноччу, чым днём, дык крычыць:

– Ой, гвалт!

43. БЕЛАРУСКАЯ ПРЫКАЗКА

Хлеб з менкінаю – то не голод, сорочка зрэбная – то не голота, пуга лычаная – то не беда.

44. ДРУГАЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРЫКАЗКА

Взявшы се за гуж, не кажы, што недуж.

ТРЭЦЯЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРЫКАЗКА

Кравец гадзе, а жэлязо кладзе.

47. БЕЛАРУСКАЯ ПРЫКАЗКА

У ліхого бартніка і мёд горкій.

На Піншчыне адзін разумны шляхціц, маючы сякі-такі маёнтачак, загадаў на сваёй браме намаляваць чалавека з цапом, што малоціць сноп жыта, і пад ім напісаў: «Насеру богачу, колі свой сноп молочу».

60. ЯК З КАНЯ, ХОЦЬ І АБЛУПЛЕНАГА, МОЖНА МЕЦЬ КАРЫСЦЬ

Адзін падарожны, шмат за дзень дарогі праехаўшы, змардаванага каня адвёў на габрайскі бровар, дзе адстойвалася гарэлка, і, падкінуўшы яму сена, пайшоў сам у карчму.

Конь, больш хочучы піць, чым есці, адвязаўся і, знайшоўшы дзежку з гарэлкаю, піў, колькі хацеў. А як гарэлка яго азмрочыла, то ўпаў і як здохлы ляжаў. Той падарожны, думаючы, што конь ягоны здох, зняў з яго шкуру і пайшоў.

Аблуплены конь, выспаўшыся, устае. Здзіўлены габрай выганяе яго ў поле. Было гэта вясною. Аблуплены конь з-за таго, што дакучалі яму боль і сверб, пачаў качацца па засеяным грэчкаю палетку. Паўлазіла ў яго грэчка і пачала паволі ўсходзіць, потым цвісці і даспяваць. Бачачы гэта, а прынамсі, тое, што цецерукі садзяцца на каня і дзяўбуць грэчку, адзін разумны гаспадар зрабіў два кашы, прымацаваў адзін з аднаго боку каня, а другі з другога і прывязаў да хваста сякеру.

Дык калі цецерукі садзіліся на таго каня есці грэчку і дзяўбаў яго каторы, то конь, баронячыся, як махне хвастом, так і адсячэ цецеруку галаву. А цецярук у кош! І вось хадзіў той гаспадар штодзень да каня, і штодзень было што ўзяць з кашоў.

А тут трэба зважаць, якую ён меў карысць ад таго каня. Зычу падобнага і чытачу.

63. ПРА ВАЎКА, КАЗУ І КАПУСТУ

Адзін чалавек, маючы пры сабе ваўка, казу і капусту, прыйшоў да рэчкі, цераз якую ён мусіў пераправіцца, – знайшоў, на шчасце сваё, пры беразе човен і думае сабе: усё гэта разам не здолее ў чаўне перавезці. Калі перавязу перш толькі ваўка, то каза зесць капусту, калі перавязу толькі капусту, то воўк зесць казу.

Перавозіць тады найперш казу, а ваўка і капусту пакідае. Едзе потым і бярэ капусту, капусту пакідае, а казу назад бярэ, каб не зела капусту. Перавёзшы назад казу, пакідае яе, а бярэ ваўка і гэнага перавозіць. Урэшце вяртаецца і казу перавозіць, а так, без ніякае шкоды, пераправіўся праз тую раку. А тут быў розум патрэбны.

94. ЯК БАБА ЧОРТА НА ГАСПАДАРЦЫ АШУКАЛА І Ў ПАЯДЫНКУ ПЕРАМАГЛА

У часе веснавым баба з дяблам увайшлі ў нягодныя адносіны і так угаварыліся з сабою:

– Ты, пане дябле, гэты кавалак поля заары, і я маім просам засею, а вашэць забарануеш. А восенню, як уродзіцца, то тым просам напалавіну падзелімся.

Калі тады проса тое паспела, баба, пайшоўшы, гронкі проса ў фартух пазжынала для сябе, а яму, як лес, сцябліны з карэннямі пакінула. Дябал, прыкмеціўшы тое, а асабліва, калі яна з таго проса кашу ела, пачаў яе папракаць: «Ты мяне, баба, ашукала, бо сабе вярхі сабрала, а мне карэнне пакінула».

Баба на тое: «Ну, калі вашэць лічыш гэта для сябе крыўдай, то на другі год засеем для сябе тое самае поле, а вашэць ужо падбярэш вярхі, а я карэнне!»

І пасеяла баба рэпу. Чорт тады найперш націну для сябе пазразаў, а яна сабе потым рэпу выкапала.

Чорт, бачачы, што і другі раз яго ашукалі, сказаў бабе: «О, ужо трэці раз пасеем ячмень і, зрабіўшы з яго піва, разам выпем».

Баба тады на тое згаджаецца, і сеюць яны ячмень, які яны з поля, калі той паспеў, разам сабралі і звезлі. Дябал змалаціў, змёў, баба солад зрабіла. Дябал дровы сячэ, носіць, ваду цягае, бочкі набівае, а баба тым часам адстоенае піва папералівала сакрэтна ўбок, у іншае начынне, а саму гушчу навідавоку трымае, і сама каштуе, і яму каштаваць дае, кажучы: «Будзе добрае піва, як перабродзіць!»

Калі піва ўжо зусім перахадзіла, пазлівала яго ў бочкі і бочкамі падзялілі тую мутную гушчу – а яна адстоеную частку таго піва сабе ўзяла.

Дябал, бачачы, што піва нічога не вартае, раззлаваўся, кажучы: «Якога нарабіла сабе, такое і пі!» – і пайшоў.

Аж баба крычыць яму: «Пане дябле, а яшчэ ж падзелімся доннымі саладзінамі!»

А дябал у адказ: «Бяры сабе і ўсе саладзіны» – і з тае пары больш ніколі не хацеў звязвацца з бабай. Адтуль і прымаўка пайшла: «Чорт з бабай піва рабіў і саладзінаў выракся!»

На чацвёрты раз, пакрыўдаваўшы такім чынам тры гады на бабу, прыходзіць зноў вясной да яе і выклікае яе на паядынак.

Яна, маючы смелае сэрца, не толькі ахвотна бярэцца з ім ваяваць, але нават дае яму вілы, а сама бярэ ражон, кажучы яму: «Калі ты мяне ўпораш віламі, то прабеш мяне два разы, а калі я піхну цябе ражном, то толькі раз прабю цябе!»

І пачалі яны праз плецены плот ваяваць. Калі баба піхне ражном дябла праз плот, то ражон навылёт прашые дябла. Калі дябал піхне віламі бабу праз плот, то вілы ў плоце загразнуць, а баба цэлая.

Зваявала тады баба ў тым паядынку дябла. І адтуль пайшла другая прыказка: «Бабу і чорт не зваюе!»

117. АЖАНІЦЬ ЯГО, АЖАНІЦЬ!

Адзін шляхціц на Мазовіі меў такую злую жонку, што жыць з ёй не мог, а жыццё ягонае было не жыццём, а невыноснаю пакутаю. Аднойчы шляхта злавіла ў яме ваўка, які ў іх шмат зеў свіней, цялят, авечак, гусей. Выцягнуўшы яго з ямы, раяцца, што з ім чыніць. Рознае прапануюць, аж тут той, што меў злую жонку, сказаў:

– Навошта забіваць? Ажаніць яго, ажаніць!

133. ТАК АЛЬБО ТАК, А ЕЗУІТ НЕ БУДЗЕ РЫБУ ЕСЦІ!

Ксёндз-бернардын у час посту, дастаўшы сабе ў дарозе рыбы, прыехаў да карчмы; ён пачысціў рыбу і вырашыў яе прыгатаваць.

Тут прыязджаюць два езуіты, якія нічога поснага не мелі, а бачачы ў бернардына рыбу, сказаў адзін:

– Ах, вашамосць ксёнжа, пекную рыбу ты маеш, а ці не маглі б мы ў васпана пажывіцца?

Бернардын, які меў на сабе распяцце, кажа:

– Калі мне васпан вытлумачыць, што гэтыя літары INRI над галавою Хрыста азначаюць, дык запрашу васпана на рыбу, а калі не, то, выбачай, не будзеш яе есці.

Езуіты тлумачаць, што тыя літары азначаюць Jesus Nazarenus Rex Judeorum[1].

А бернардын:

– Няпраўда, яны азначаюць Jezuita Nie będzie Ryby Jadł[2].

Дык сам еў, а ім не даў.

Але хоць бы яны і растлумачылі правільна, то ўсё роўна б рыбы не пакаштавалі, бо супраць іх тлумачэнне сведчыць.

142. ПРА ПАПА З ПАРАБКАМ, ШТО ДАМОВІЛІСЯ, КАБ НІКОЛІ І НІ ЗА ШТО НА СЯБЕ НЕ ГНЕВАЦЦА

Поп угаварыў сабе на гадавую службу парабка і, дамаўляючыся з ім пра плату, такую з ім заключыў умову: «Я што табе скажу, то ты ўсё павінен здзелаць, і хоць бы я табе што цо і прыкрага здзелаў, то ты не павінен за тэе гневаць на мяне».

Парабак, чуючы тое, узаемна кажа папу: «Але, ойчаньку, калі і я вашэці што нядобрага здзелаю, то і вашэць на мяне не павіненэсь ся гневаць!», – і такі стаў паміж імі з абодвух бакоў кантракт.

Заключыўшы такі паміж сабой кантракт, пачаў поп дрэнна да парабка адносіцца, а потым пытаецца ў яго: «Ці не гневаешся, парабча?»

Парабак адказвае: «Не гневаюся, ойчаньку, бо такая мендзы намі напачатку згода стала!»

Узаемна парабак учыняе яму такую штуку: пасля каляд загадаў поп парабку насеч сухіх дроў. Парабак, пайшоўшы, пасек усе вазы і ўсе летнія экіпажы.

Пабачыўшы гэта, пачаў поп яго моцна папракаць.

Парабак на тое: «Не мог я сушэйшых дастаць, а экіпажы летнія, цяпер, на зіму, непатрэбныя». – І сказаў: «А ці не гневаешся, ойчаньку, за тое?»

Кажа поп: «Не гневаюся, бо такая міжы намі ўмова стала, кабы не гневацца!» Тут поп пачаў парабка з левай пляжыць, а парабак узаемна папа – ужо не з левай, а з правай.

На вясну камандуе поп парабку, каб пайшоў араць, і кажа яму ўзяць з сабой суку і загадвае яму: «Датуль не сыходзіць поля, пакуль сука ўперад не пойдзе дамоў, і што будзе рабіць, каб і ты тое самае рабіў!»

Пайшоў парабак араць. Парабак пачынае араць, сука ідзе за ім, парабак узараў адзін загон, ідзе на другі, сука ідзе за ім. Парабак ідзе на трэці загон, сука ідзе за ім. Прыйшоў поўдзень. Ідуць людзі дамоў, а ён арэ, бо сука ходзіць за ім. Людзі, папалуднаваўшы, прыходзяць і запрагаюць валы ў ярмо, а ён арэ, бо сука ходзіць за ім.

Урэшце спыніўся, валокі пад саху падклаў і, злавіўшы суку, як пачне біць, як пачне прыгаворваць ёй: «А ці ж ты мяне даўжэй яшчэ будзеш трымаць на полі?»

Як яе тады выпусціў, яна бягом дамоў, ён па яе прыкладу пайшоў з валамі за ёй, стараючыся, каб таксама за сукай разам гнаўся, бо поп загадаў яму, каб так рабіў, як чыніць будзе сука.

Прыбягае сука ў плябанію, аж вароты закрытыя, таму сука скок праз вароты! Ён за ёй з валамі прыбег, а калі не змог разам з імі пераскочыць праз вароты, дастаў з-за пояса сякеру і, пачацвертаваўшы на кавалкі валоў, перакінуў іх праз вароты.

Поп, тым расстроены, рукі заламіў і кажа: «Ах, што ты, бязбожны чалавек, здзелаў?»

Парабак на тое: «А што ж, ойчаньку, што вашэць мне кажэце, то я тое і ўчыніў. Вашэць мне казаў тое чыніць, што сука будзе чыніць, то я так чыніў, як сука чыніла; сука праз вароты, так я перакінуў валы праз вароты, а то і сам лезу праз вароты, я ўсё захаваю, як вы, ойчаньку, казалі. А чы не гневаешся, ойчаньку, за тое?»

Поп адказвае: «Не гневаюся, бо так ва ўмове стаяла!» Тут поп, рассярдзіўшыся, пачаў рознымі спосабамі парабка цвічыць: кіем латаць, нагаем кропіць, прывязаўшы да пераплота, розгамі сячы. Урэшце ад шыі аж да полу зрэзаў кавалак скуры, а пас дзёр і ячменнымі асцюкамі пасыпаў, пытаючыся: «А ці гневаешся, парабча?»

Парабак адказвае: «Не гневаюся, ойчаньку, бо такая ўгода паміж намі стала, каб ніколі не гневацца».

Аднойчы паехаў поп на хаўтуры і, адправіўшы хаўтуры, прыехаў дадому і сказаў парабку: «Парабча, пайдзі разбяры каня!»

Парабак пайшоў, разабраў каня, як разбіраюць вепрука: пасек яго на кавалкі і, склаўшы іх у кадушку, прыйшоў у плябанію, кажучы: «Ойчаньку, ужо я разабраў каня, дай, ойчаньку, солі, буду саліць!»

На тое поп: «А што ж ты будзеш саліць?»

– Саліць, – кажа парабак, – ну, таго ж каня, што вашэць казаў разабраць!

Поп пайшоў і паглядзеў: ён жа каня на кавалкі пасек. Поп на тое: «Ах, ты ашалеў, што ты здзелаў?»

Парабак: «Вашэць казаў каня разабраць, так я разабраў! А чы не гневаешся, ойчаньку, за тое?»

Поп: «Не гневаюся, бо такая ўгода мендзы намі».

Поп зноў парабку зрэзаў кавалак скуры ад шыі аж уніз і нацёр ячменнымі асцюкамі, пытаючыся яго: «А ці не гневаешся, парабча?»

Парабак адказвае: «Не гневаюся, ойчаньку, бо такая стала міжы намі ўгода: квіта за квіта, а дарма нічога!» Аднойчы вечарам сеў поп, пападдзя і дзеці за стол. Дзіцёнак малы захацеў пайсці на двор, сказаў тады поп да парабка: «Парабча, выведзі дзіця на падворак!»

Парабак, павёўшы дзіця, бавіцца доўга. Поп з пападдзёй чакаюць, няма, ані парабка, ані дзіцяці, дзівуюцца: «Што та так доўга бавяцца?»

Нарэшце прыходзіць парабак сам адзін. Пытаецца яго: «А дзіця гдзе?»

Парабак адказвае:

– Ён сядзіць на кале і лічыць зоркі на небе.

Поп з пападдзёй выходзяць, аж бачаць, што парабак дзіця ўбіў на кол. Тут поп з пападдзёй у лямант.

А парабак да іх:

– А што, ойчаньку, чы не гневаешся?

Поп: «Што, што, трудна гневацца, такая ж міжы намі стала ўгода!»

Поп, тое бачачы, што ўжо нічога не зможа з парабкам, а паколькі быў няўпэўнены і ў сваім жыцці, задумаў з пападдзёй уносіцца з плябаніі, кажучы: «Хоць я яго рознымі спосабамі мучаю і хачу, каб ён мяне кінуў, але ён мне болей шкодзіць, чорт яго перабудзе, мы яго не перабудзем. Уцякайма з хаты, нех яго чорт бярэ!»

Здарылася тады, што той парабак трохі напіўся, прыйшоўшы, лёг і, больш прыкідваючыся, нібы цвёрда спіць, пачаў страшна храпець. Поп тады кажа да пападдзі: «Цяпер нам час уносіцца, бо парабак цвёрда спіць. Ну, жонка, забірайма ў мяшкі, што можна, а ўцякайма, пакуль ён спіць!»

Тут пачалі з другога пакоя зносіць, у тыя мяхі складваць і наклалі адзін мех, падняў поп і сказаў: «Ужо пападдзі досыць будзе, кладзём цяпер у другі для мяне!» Прынеслі раз, пайшлі па болей, а тым часам, устаўшы, парабак улез у той мех.

Яны, прынёсшы болей адзення, прыхавалі яго ў ім. Падняў поп, аж цяжка: «Ой, як цяжка буду несці, поўна ўжо! Цяпер жа ціхухна ўносьмыся, каб парабак не ўчуў!»

Падаўшы тады на сябе тыя абодва мяшкі, далей у прочкі, бездарожжам, і прайшлі яны чвэрць мілі ў радасці, што ад парабка ўцяклі, аж раптам парабак, седзячы ў папа ў мяшку за плячыма, крычыць, нібы здалёку: «А пачакайце мяне, ге, ге!»

Чуючы тое, поп з пападдзёю сказалі сабе: «Ах, ён жа за намі бяжыць, уцякайма ў старану, кідайма гэтую дарогу, а бермася ўбок, каб ён за намі па шляху не ўзяў!»

Кінуліся тады ўбок, прабіраючыся праз хрусты, праз ламы, і ў той, і ў гэны бок, губячы па сабе след, аж парабак зноў, седзячы ў папа за плячыма, крычыць: «А пачакайце мяне, ге, ге!»

Тут поп з пападдзёй кажуць сабе: «Ах, чы яму чорт паказвае дарогу, ён жа за намі гоніцца, уцякайма ў іншую старану!» Перапраўляюцца яны тады праз балоты, праз багны.

Аж ён зноў крычыць, нібы ўжо недалёка ад іх будучы: «А пачакайце мяне, ге, ге!»

Поп з пападдзёю зноў у іншыя бакі. Ужо з папа і пот ліецца, а ўсё ж, губячы след, у розныя кідаецца бакі.

А парабак кліча іх: «А па-ча-кай-це мя-не, ге, ге!»

Тут поп, мала сілы ўжо ў сабе маючы, прыбягае да ракі вялікай, праз якую цяжка перабрацца, потым, як змардаваны, скінуў з сябе мех на зямлю, а парабак, седзячы ў мяху, сказаў: «Ой, ойчаньку, як жа неміласэрна ты мяне кінуў!»

Тут поп, здзівіўшыся, сказаў: «А ты што тут робіш?»

А на тое парабак: «А я ж з вамі ўцякаю!»

Тут поп, не ведаючы, што мае болей чыніць, паціснуў плячыма і рашыў, каб пры той рэчцы паклаліся спаць. Загадаў тады поп легчы парабку пры самым беразе той ракі, сам лёг пасля яго, а пападдзя – ад поля. Паклаліся такім чынам.

Поп з пападдзёю, змардаваныя, паснулі цвёрдым сном, парабак жа, добра думаючы пра сябе, не засынаў, але калі адчуў, што поп і пападдзя паснулі, тады ўстаў, перайшоў за пападдзю і, пачаў яе штурхаць, разбудзіў яе і сказаў ёй: «Папіхайма парабка!» Пападдзя зразумела, што гэта ёй кажа поп, папхнулі небараку папа, аж поп у ваду, баўбыць, паляцеў. Толькі тады сказалі яны да сябе: «Ах, што ж мы здзелалі, ушак мы попучку ўтапілі!»

Парабак пападдзю супакоіў, і, за рукі ўзяўшыся, пайшлі, і з сабой шлюб узялі. Так тое збываецца, што сказаў русін: «Дастаў пан слугі, як чорт грэбла!»

160. КЛОПАТ ПАНА ЖАБЫ З ДАЧКОЮ

Пан Жаба, які меў маленькую дачку, выйшаў з ёю ў сад. Дачушка, заўважыўшы жабу, сказала бацьку: – Ягамосць дабрадзею, вунь зяба, зяба!

Бацька ёй: – Дзіця маё, не кажы: жаба, а кажы: робак.

Яна бацьку: – Ягамосць дабрадзею, я чула, што гэта зяба.

161. І ДРУГІ КЛОПАТ ПАНА ЖАБЫ

Той самы пан Жаба меў у аборы колькі дзесяткаў кормных валоў. Калі адзін з іх захварэў, то пан загадаў шукаць такога чалавека, які б мог яго адратаваць. Прыходзіць чалавек, ідзе сам пан і за ім лёкаі; той чалавек, зразумеўшы валовую хваробу, убіў у крыж шыла і даў іншыя лекі.

Пытаецца ў яго пан: – А што, мой браце, ці будзе ён жыць?

Чалавек адказвае: – Будзе, пане, жыць.

Пан пытаецца: – А што ў яго за хвароба?

Селянін яму адказвае: – От, праклятая жаба як мучыць!

Чуючы гэта, лёкаі пачалі смяяцца.

Селянін, бачачы, што прамовіў неабачліва, кажа:

– Гэто, пане, такая хвороба называется.

163. ПАГЛЯДЗІ, ЧЫТАЧ, ШТО ПАЛІТЫЧНАЕ ВЫХАВАННЕ МОЖА І ЯК СЯБРОЎ ПРЫДАЕ

У адну карчму прыехаў на начлег пан Быкоўскі, пасля яго хуценька надехаў пан Бараноўскі – вячэру разам зелі і, калі змяркалася, сказалі людзям сваім карчму замкнуць, а самі паклаліся спаць. Як толькі сцішыліся, заязджае ў тую карчму трэці падарожны і пачынае стукацца, клічачы: «Адкрый!»

На тое паноў тых людзі адказваюць, што тут ужо няма месца, бо двое паноў тут ужо спыніліся.

Пытае той падарожны, якія тут паны пастой маюць.

Адказваюць людзі, што тут спыніўся адзін пан Быкоўскі, а другі пан Бараноўскі.

На тое падарожны, а прозвішча ў яго было Свінярскі, сказаў: «Ах, дзеля бога жывога, у такім прыгожым хляве ці не можа тут і пан Свінярскі змясціцца!»

Тады тыя двое, лічачы, што гэта чалавек з багатым уяўленнем, сказалі сваім людзям: «Адчыніце, нейкі цнатлівы чалавек прыехаў!»

Прыемнымі тады размовамі з сабой уволю нацешыўшыся, з добрымі думкамі паснулі сабе і ў вялікім задавальненні назаўтра разехаліся паміж сабою.

164. КСЯНДЗЫ НЕ ЛЮДЗІ

Я, будучы ксяндзом, а да таго ж францысканам, заўсёды лічыў, што ксёндз – такі самы чалавек, як і іншыя людзі, але калі жыў на Белай Русі, дык даведаўся наступнае. У адсутнасць аканома я сам пайшоў з кухарам у спіжарню, дзе вісяць саланіна і вяндліна.

Пачаў той кухар браць, адрэзваючы, мяса, колькі хацеў, і, нарэзаўшы, сказаў: – Досыць будзе!

А пасля зноў пачынае адрэзваць.

Я ў яго пытаюся: – А гэта каму ты рэжаш?

Аж ён мне адказвае: – Гэта, маспане, для людзей.

Я яму: – А хіба ж мы не людзі?

Ён: – Не, вашэці не людзі.

Я: – А хто ж мы?

Ён мне і кажа: – Вашэці ксяндзы, а не людзі.

Так я даведаўся, што мы ксяндзы, а не людзі.

166. ЯК МУЖЫК ПРОСТЫ ДОСЦІПАМ РАЗАНУЎ МЯНЕ НА БЕЛАЙ РУСІ

Будучы на Белай Русі, у канвенце Сенненскім, зімой неяк глянуў я ў печ і ўбачыў, што агонь у печы пагас. Пачаў сам папраўляць. Раптам надышоў стораж, прамовіў я тады да яго так: «Папраў мне дровы вось такім чынам!» і пачалі ў тым месцы дровы гарэць. І сказаў я тады яму: «Вось бачыш, калі паслухаеш людзей, то на карысць пойдзе!» І пытаюся ў яго: «Хіба ж не праўда?»

А ён мне адказвае: «Праўда, маспане, заўсёды людзей слухай, а для таго свой розум мей!»

Хто ў такіх справах разбіраецца, зразумее, як ён тут мяне ўцяў! А мужык просты быў.

210. ДУРНЯ ПАНА ПА ДУРНЮ ЛЁКАЮ ПАЗНАЕШ

Адзін паніч, што меў крыху недапечаны розум, ехаў сабе на калясцы, запрэжанай чацверыком, а перад каляскаю – конны лёкай. Сустрэўся ім нейкі вершнік; кланяючыся ўзаемна, яны размінуліся. Праз колькі хвілін прыйшло таму панічу ў галаву, што ў падарожнага, з якім яны размінуліся, ён не запытаўся, хто ён, адкуль едзе і куды. Дык загадвае свайму лёкаю дагнаць падарожнага і запытацца, як яго завуць, адкуль едзе і куды? Лёкай, пусціўшы каня галопам, даганяе яго і крычыць:

– Маспане!

На голас падарожны спыніў каня і чакае. Лёкай, падехаўшы, кажа:

– Мой пан паслаў мяне дагнаць васпана і запытацца, як васпан завецца, адкуль едзе і куды?

Той, выслухаўшы гэта, сказаў:

– Скажы свайму пану, што і ты дурань, і твой пан дурань.

І яны разехаліся. Лёкай кінуўся даганяць свайго пана. Калі дагнаў, то пан пытаецца ў яго:

– А што дагнаў?

Адказвае:

– Дагнаў.

– І што ён табе сказаў?

Лёкай адказвае:

– О, маспане, ён ведае нас.

– Але што сказаў?

– Ён, маспане, толькі прамовіў: і ты дурань, і твой пан дурань.

– А ты яму што на гэта адказаў?

– Я, маспане, толькі плячыма паціснуў, здзіўляючыся, як ён нас пазнаў.

214. НІКОЛІ НЕ ПІ ЗА ФУТРА ЖЫВОГА МЯДЗВЕДЗЯ

Адзін селянін, абазнаны стралец, што жыў ля пушчы, прыгледзеў у барлогу мядзведзя і, упэўнены ў тым, што гэта будзе ягоная здабыча, хадзіў у карчму і піў на борг[3]. Калі габрай напамінаў яму пра плату, то ён казаў:

– Не бойся, заплачу, прыгледзеў я ў пушчы мядзведзя, як забю і прадам футра, то будуць грошы, толькі цяпер не час на яго ісці.

У пэўны час ён набіў мушкет, узяў з сабою іншага стральца, і пайшлі яны да таго барлогу. Стрэліў у мядзведзя, але добра яму не дагадзіў, дык раззлаваны мядзведзь усхапіўся з вялікім імпэтам і, кінуўшыся на дым, схапіў таго стральца за плечы, прывітаўся з ім міла ды пачаў сардэчна абдымаць. Бачачы гэта, другі, той ягоны сябрук, хоць і стрэліў, але, відаць, схібіў, дык сам на дрэва ўзлез і пазіраў, як душыў мядзведзь таварыша. Мядзведзь жа, даўшы волю сваім пачуццям і думаючы, што ўжо да смерці замучыў, пакінуў яго, але, пастаяўшы хвілінку, зноў прыйшоў і, прыклаўшы вуха, слухаў, ці ён жывы. Стралец жа ў той момант затаіў дух. Зноў мядзведзь адышоў і, пастаяўшы якую хвіліну, зноў прыйшоў і слухаў, ці жывы; не пачуўшы ў ім духу, пайшоў сабе ў пушчу.

То тады другі стралец, бачачы, што мядзведзь пайшоў, злез з дрэва і закрычаў:

– Ці жывы ты, мой браце? Адзавіся, мядзведзь ужо пайшоў у пушчу!

Тады той пачаў варушыцца і, прыўзняўшы крыху галаву, сказаў:

– Ці бачыў ты, мой браце, што са мною дзеелася?

– Усё бачыў, але рады быў бы ведаць, што ён табе, калі два разы падыходзіў, шаптаў на вуха?

– Шаптаў мне напамін: «Ніколі не пі, не пі за футра жывога мядзведзя», – і гэта мне моцна запала ў галаву.

Ачухаўшыся крыху ад таго напаміну, пацягнуліся яны дахаты на спачын. І ляжаў небарака цэлы дзень у хаце не варочаючыся, толькі цяжка дыхаў. Назаўтра ўстаўшы, пацягнуўся ў карчму.

– Пане арандар, дай гарэлкі!

– А мядзведзя вашэць забіў?

– Ой, пане арандар, не ўдалося мне.

– Ну, а чым жа вашэць мне заплаціш, бо ж столькі ўжо ў мяне напіў?

– Ну, дасць Бог, то заплачу.

Вось такая ёсць беларуская прымаўка: «З Богам і з мядзведем ніколі не барукайся, бо абодва дужэйшыя».

 



[1] Ісус Назарэйскі Кароль Габраяў (лац.).

[2] Езуіт Не будзе Рыбу Есці (польск.).

[3] У доўг.

Да зместу



Hosted by uCoz