Да зместу

Ігнат Ходзька

Ігнат Ходзька

УСПАМІНЫ КВЕСТАРА

ПРАДМОВА ВЫДАЎЦА

Між Білгараем і Тарнаградам у лядачай карчме святое памяці кс. біскуп Вармінскі знайшоў бясцэнны скарб: “Успаміны Грумдрупа[1], бессмяротнага чалавека, які, пэўна, і цяпер бадзяецца дзесьці па свеце. Я

Ў месце, назву якога не скажу,
Бо гэта нічога не зменіць[2],

у пакінутым і апустошаным кляштары, колісь ксяндзоў-бернардынаў, знайшоў гэты “опус у скураным пераплёце”[3], надаўшы якому пэўны парадак і адпаведна зместу назваўшы, прыўлашчыў яго да свае ўбогае галерэі малюнкаў[4] і падаю да ўвагі чытача. Вартасць гэтага твора ў адносінах да “Гісторыі, падзеленай на дзве кнігі” будзе, напэўна, як квестар да біскупа.

УСТУП АЎТАРА

Учора паклікаў мяне раніцою пан ваявода ў сваю канцылярыю і запытаўся:

– А ці хадзіў, вашэць, святы ойча (гэта нязменная прыказка пана ваяводы), у школы?

Я моцна здзівіўся гэтаму пытанню і адказаў:

– Аж да паэтыкі inclusive[5], Яснавяльможны пане!

– А чаму, вашэць, не слухаў рыторыку?

– Прадбачыў, Яснавяльможны пане, што наслухаюся рыторыкі на службе ў вялікіх паноў.

– Ого! Бачна лёкая. І хоць вашэць не рытар, але патрапіш пісаць currente calamo[6] пад дыктоўку.

– Гэта й добры інфіміст здолее, – адказаў я, падкруціўшы вус.

Пан ваявода зразумеў, што ён зусім незвычайнае задаў мне пытанне.

– Не гневайся, святы ойча! – сказаў ён. – Ксёндз-капелан, які, як ведаеш, выконвае ў мяне і функцыю сакратара, сёння хворы; дык мусіш яго замяніць, хоць гэта й не ўваходзіць у твае, маршалка майго двара, абавязкі; але, святы ойча, дамовімся з табою пра плату за клопат, а тым часам сядай і пішы ліст, які я буду табе дыктаваць. Усё там прыгатаванае: папера, пёры etc.

Я сеў за стол і, падрыхтаваўшыся, сказаў:

– Я гатовы!

Пан ваявода запаліў люльку ля каміна і, прайшоўшы колькі разоў па пакоі, пачаў:

– “Вяльможны мосці дабрадзею!” – з выкрунтасам.

– Ёсць – “з выкрунтасам”.

– Як? Што гэта, вашэць, напісаў? – запытаўся ваявода, зірнуўшы праз маё плячо на паперу.

– Тое, што Яснавяльможны пан дыктаваў.

– Кінь, вашэць, з мяне жартаваць. Навошта дурнем прыкідваешся, калі ім не зяўляешся?

– Як жа Яснавяльможны пан так хутка пазнаў мой розум, калі толькі што сумняваўся, ці хадзіў я да інфімы?

– Ну, ну, хопіць. Вазьмі іншы аркуш паперы ды пішы зноў.

– Дык Яснавяльможны пан хоча, каб я “дабрадзею!” напісаў per abbreviationem[7].

– Так, відавочна, так. Бачыш, можна дадумацца, што азначае “з выкрунтасам”.

– Так, сапраўды дадумаўся, але варта пану, які, пэўна, і рыторыку прайшоў, і акадэмію наведваў, дыктаваць per abbreviationem, як часта здаралася чуць мне ў школах, дзе аніякія выкрунтасы не праходзілі дарэмна і дзе добрую лупцоўку меў за іх у суботу.

Усміхнуўся ваявода, пусціў колькі густых клубоў дыму і, падумаўшы, сказаў:

– Ведаеш што? А ці не лепей бы па даўняму звычаю пачаць так: “Мой міласцівы пане браце”!

– І мне здаецца, што лепей.

– Але бачыш, святы ойча, гэтае фальшывае старасвецкае сваяцтва ўжо выходзіць з моды; і, праўду кажучы, шляхціц не вельмі любіць, калі з ім братаецца пан, бо яму ў адказ немажліва пана назваць братам; бадай, лепей: “Вяльможны Мосці Дабрадзею!” – так кожнаму роўна дастаецца. Асноўная ўвага сёння надаецца пасадам, якія й брат шляхціц часта займае; гэтак усе задаволеныя. Пішы, святы ойча, як я раней дыктаваў... толькі, чакай! Справа такая. Гэты пан падстолі potens[8] у сваім павеце, але не вельмі зычлівы да мяне ... як пакрыўдзіцца за “выкрунтасы”, палічыць іх абразаю ды стане ў адказ свае выкрунтасы плесці, каб нашым соймікавым імпрэзам перашкодзіць, план якіх, у Варшаве складзены, я атрымаў; уласна, гэтым лістом я запрашаю яго паразумецца... Пішы: “Дабрадзею!” Поўнасцю.

Пасля ваявода прадыктаваў увесь ліст дастаткова гладка й прыстойна, аднак напрыканцы зноў пачаў задумвацца і, узяўшы пяро, каб падпісацца, запытаўся:

– Як думаеш, святы ойча, “шчырым” ці “найніжэйшым слугою”?

– А як бы Яснавяльможны пан напісаў, калі б не соймік?

– Вядома, толькі “шчыры”, а можа, абышлося і без гэтага.

– Ну то я раю Яснавяльможнаму пану напісаць цяпер “шчыры”, бо падстолі зразумее, што толькі перад соймікам пан ваявода “ягоны найніжэйшы слуга”, а пасля і “шчырым” не будзе.

– Мудра кажаш, святы ойча! Стары соймікавы Юда не дасць сябе ашукаць... а таму non tam libenter quam reverente[9]...

І, няспешна прамаўляючы гэта нібы пратэст, ваявода падпісаўся “шчырым слугою”.

– Ну, цяпер, святы ойча, перапішы гэты ліст, можна толькі змест, ad continuationen[10] мой дыярыюш, гэта значыць, вунь тую кнігу пад сённяшняю датаю; а пасля ліст заклеіш, падпішаш канверт і адправіш адмысловым пасланцом.

Сказаўшы гэта, ваявода выйшаў, а я разгарнуў паказаную мне вялікую, напалову ўжо спісаную кнігу. Почырк у ёй быў розны: і самога ваяводы, і ксяндза-капелана, і іншых; змест таксама быў розны. Запісвалі сюды пра грамадскія ды прыватныя справы і выпадкі, пра штодзённае жыццё нашага маёнтка, распараджэнні камісарам, інструкцыі паўнамоцным паслам на паседжанні суда і на трыбунал; апрача гэтага і часцей за ўсё – апісанні соймікаў, на якіх маршалкам быў пан ваявода, падарожжаў, лістоў і адказаў, асобных важнейшых – per extensum[11], асобных – у пераказе. Таксама разнастайныя навіны і выпадкі ў краіне, прамовы й выступы як in publico[12] самога пана ваяводы, так і іншых вядомых прамоўцаў, а нават і размаітыя гісторыі, вясёлыя показкі ды вершы, апавяданыя прыезджымі, што бачылі свет – усё, што ваяводзе спадабалася; нарэшце, асобныя цікавыя прароцтвы, а таксама лекарскія сакрэты і тайны на розныя хваробы як людзей, так і коней, што я сабе перш-наперш перапісаць вырашыў. Словам, – гэта вельмі цікавая і карысная кніга.

На першай старонцы наш каханы і мудры ксёндз Мацей, капелан, намаляваў хоць атрамантам, але прыгожа й дасканала герб пана ваяводы над брамаю, а пад ім такі напісаў верш:

Адчынена брама па волі нябёс
Дзеля Тадэвуша[13] цнотаў,
Шляхам такім нязменна ідучы,
Мецьме вольны ўваход у Неба Еўропы.

Відавочна за гэтую вынаходку ксёндз Мацей атрымаў ад ваяводы срэбраную табакерку. Адклаўшы на больш вольны час чытанне й перапісванне кнігі, я ўзяўся за выкананне загаду Яснавяльможнага гаспадара: капіраванне майго ліста да пана падстолія.

На старонцы, дзе мне належала пісаць, уверсе ўжо было штосьці занатавана, а збоку незнаёмаю рукою напісана лацінская сентэнцыя, вядомая кожнаму, хто служыць пры двары: Dum suberant, subera suberare memento[14].

– А гэта ж, – падумаў я, – Пан Бог дае мне перасцярогу. Ваявода толькі што казаў, што за сакратарскі клопат будзе ўзнагарода; вось ён mementum suberare subera; дадаўшы да гэтага панскія сумненні, ці хадзіў я ў школу ... summa facit[15] – атласны жупан. Дык узяў аркуш паперы і напісаў: “У якасці платы за сакратарскую працу, а таксама прызнаючы прыкладную руплівасць у школах маршалка майго двара ягамосця Міхала Лаўрыновіча, дарую яму з крамы купца Абрама ў Полацку пáлевага атласу u echcie[16] на жупан дзевяць локцяў. Datur 178...”.

Толькі закончыў пісаць і заклеіў ліст, як увайшоў ваявода.

– А што, святы ойча, гатова? – запытаўся ён.

– Яшчэ трэба адзін подпіс, Яснавяльможны пане. – І падаў “квіток”.

Ён прачытаў, пакруціў галавою ды засмяяўся. Я адразу стаў спадзявацца на добрае.

– Няхай і так будзе, – сказаў. – Адмысловыя жарты. Але навошта ж так шмат атласу? А ці нельга per abbreviationem? Напрыклад, локцяў пяць?

– Нельга, Яснавяльможны пане, бо будзе жупан з фальшам, а я праўдаю хачу жыць на свеце.

– Цяжка адмовіць; на ўсё маеш прыгатаваны адказ. – І падпісаў.

Я вярнуўся ў свой пакой у выдатным настроі, а запаліўшы люльку і папіваючы піва, думаў сабе то пра тое, то пра сёе; і прыйшла мне думка пра цудоўную кнігу пана ваяводы; вось каб гэта я такую пісаць пачаў? Разважаў пра довады pro i contra[17].

– Навошта мне лішняя[18] праца? Калі б яшчэ быў жанаты... дык на памятку дзецям...

– А хто ведае? Можа й ажанюся? Панна Рахеля, рэспектовая[19] ваяводзіны, ласкава на мяне пазірае...

– Цьфу, на ліха, – думаў зноў, – тая лішняя праца... Цяпер вольная галава... Можа, шайтан спакушае? Але, зрэшты, жыццё ў мяне свецкае, дворскае; не з аднае печы хлеб еў і не з аднае здарыцца яшчэ есці. Што ж тут кепскага мець сабе ў старасці ў цёплай хаце што пагартаць? Галаву сабе ламаць не буду, бо не тэолаг і не езуіт, а Заіла не баюся, бо не на publicum, але sibi soli[20] пісаць буду. Дык –

Adsis inceptis Benigna Virgo meis![21]

ПОЛАЦКІ СОЙМІК ВА УШАЧАХ

I

Anno 178... былі мы з панам ваяводам на полацкім пасольскім сойміку. Laus tibi Christe[22], што вярнуліся жывыя.

Ёсць што запісаць у гэтую кнігу, але пачатак няўдалы.

Мы прыехалі ва Ушачы са шматлікім почтам двара нашага і сяброў; назаўтра за намі прыцягнулася шляхта нашае ваяводскае партыі ды заняла ўсю вуліцу. Я выгнаў жыдоў з іхніх дамоў, заплаціўшы, аднак, кожнаму, хоць яны і так бы выселіліся.

Таксама назаўтра прыцягнулася і наша міліцыя, гэта значыць, дзвесце чалавек пяхоты, што сядзяць у сваіх хатах па маёнтках пана ваяводы і пры патрэбе зяўляюцца па загаду пана. Падрыхтаваныя на ўсіх мундзіры ляжалі ў лямусах, і кожны жаўнер скідаў сярмягу ды апранаў зялёную куртку і такія ж шаравары, абуваў новыя боты, на галаву – лакіраваную каскетку з султанам, патранташ праз плячо, браў у рукі флінту і станавіўся ў шыхт.

Пан Пякарскі, паручнік, які яшчэ адначасна і канюшы ў пана ваяводы, камандуе гэтаю пяхотаю і цэлы тыдзень перад выйсцем на публіку, найчасцей соймікавую (бо пан ваявода ні з кім, дзякуй Богу, не ваюе), выводзіць яе штодня на муштру.

Пан Пякарскі ў маладыя гады служыў у прускім войску; дык напачатку камандаваў па-нямецку, але мужыкі не разумелі і не маглі прызвычаіцца да яго Rychteyt, то ён мусіў іх па-польску муштраваць і добра тых прастакоў вымуштраваў; аднак не мог аніякім чынам навучыць іх прускаму тэмпу набіваць зброю. Як закамандуе: “Набівай!”, дык пасля чакае, пакуль кожны па-свойму набе, і ціхенька пытае: “Ці гатова?” Калі адкажуць таксама ціхенька: “Гатова”, тады крычыць: “tou! tay!”. (Далібог, не ведаю, што азначае тое “tou! tay!”. Мусі быць – нямецкая каманда). А пасля яе: “Куркі – traf, traf”, урэшце – “cel”, pal” і заўсёды як з маслам.

Пан Пякарскі размясціўся са сваёю кампаніяй за горадам у полі. Супрацьлеглая нам партыя Сяліцкіх і Нарніцкіх з грамадою свае шляхты заняла таксама колькі вуліцаў і крычала, што пан ваявода хоча быць апрэсарам[23] ваяводства, бо на вальны соймік прывёў жаўнераў; але мы адказвалі, што гэта не дзеля апрэсіі альбо дзеля якое гвалтоўнае прэпандарэнцыі[24], а дзеля павагі і почту ягонае сенатарскае годнасці: бо, праўду кажучы, амаль усе набоі нашых жаўнераў былі халастыя, дзеля сальвы[25] пры віватах, і толькі на ўсякі выпадак яны мелі па некалькі з воўчым шротам у запасе. Я шмат меў клопату з дастаўкаю і размеркаваннем сумпту[26] дзеля такое грамады, мусячы яшчэ і quam maxime[27] думаць, каб абеды ваяводы былі смачныя і шыкоўныя, ды яшчэ суправаджаць, як маршалак двара, гэта значыць, першы дворскі, самога пана. Аднак, узяўшы сабе на дапамогу колькі цвярозых і спрытных шляхціцаў, з усім, дзякуючы Богу, справіўся.

Перад ваяводам стаяла складаная задача: абраць дэпутатамі ад нашага ваяводства пана Сулістроўскага і пана Брастоўскага, якіх рэкамендавалі зверху; а праціўнікі падтрымлівалі пана Сяліцкага і пана Рэвута, маючы за сабою шмат шляхты і нават асобных земскіх урадоўцаў. Справа была сумнеўная, бо пан Сулістроўскі, якога чакалі з дня на дзень з Варшавы, не прыязджаў, а соймік абавязкова трэба было пачынаць: усе дамагаліся гэтага.

Не падвялі нас, праўда, сябры. Пан ротмістар Рудаміна прывёў сто шабель; ён увайшоў у мястэчка такім чынам: наперадзе сам конна, у ваяводскім мундзіры, з ротмістравым буздыганам у руцэ, якіх ужо і не відаць сёння. Персона! Нічога не скажаш. А вусы! Мой дабрадзею! Вусы! Мае, маршалкоўскія, мусілі саступіць ягоным. За ім шэсць маладых прыгожых высокіх дзяўчат у чырвоных аксамітавых з галунамі гарсэтах і блакітных градэтуравых спадніцах. Усе шэсць ігралі на валторнах гучны марш; а за імі ішла шляхта, высякаючы ў такт палашамі іскры з камянёў.

Так прайшоўшы па ўсіх вуліцах і зграмадзіўшы вакол сябе цікаўных, што дзівіліся на гэты парад, пан Рудаміна накіраваўся да кватэры ваяводы і рэестар свае партыі аддаў яму ў рукі.

– Святы ойча! – сказаў ваявода, гледзячы на валторны. – Ці ж не дурань той, хто да такое партыі не далучыцца?

Пан Станіслаў Сьвебода, мой добры сябра, таксама прывёў блізу пяцідзесяці такіх, як сам, рубакаў: гэта фаварыт пана ваяводы і наш соймікавы стоўп, бо цяжка знайсці такога, як ён, зуха да корда.

ВІЗІТЫ ДА ПРЫЯЦЕЛЯЎ

ІІ

Перад рэасумпцыяй[28] сойміка пан ваявода раніцою пасля сняданку сказаў сабранай грамадзе:

– Святыя айцы! Хто мае ласку пайсці са мною да шаноўных урадоўцаў нашага ваяводства, пачынаючы з пана падкаморага Сяліцкага?

– А чаму пан падкаморы першы не прывітае пана ваяводу? – абазваўся пан Рудаміна.

– Не пераймайся гэтым, святы ойча! Тут гаворка не пра праэмінэнцыю[29], а пра грамадскую справу. Пададзім прыклад прыстойнасці нашым праціўнікам і зробім першы крок ad unanimitatem[30] на сойміку. Хадзем.

Дык мы ўсе і рушылі, забраўшы яшчэ па дарозе пана падваяводу Корсака, нашага прыхільніка. Ішло нас за панам ваяводам больш за дзесяць чалавек.

Пан Сяліцкі, папярэджаны, відаць, пра наш візіт, спаткаў нас у браме свайго двара, дзе кватараваў. Сардэчная на выгляд пачалася між ім і ваяводам эксвісцэрацыя[31] і мы ўсе прыязныя адзін да аднаго ўвайшлі ў пакоі.

Пан падкаморы загадаў падаць венгерскага і выпіў першы келіх за здароўе ваяводы; і пачалі мы піць.

У нашай кампаніі быў і пан Станіслаў Сьвебода з сваім Гарасімам пры боку. (Так ён ахрысціў свой славуты палаш з фурдыментам як каціная галава – шырокі, просты і цяжкі, як жалезная штаба[32]). Пан Станіслаў быў апрануты не як на парад: будучы бедным шляхціцам, можа, і не меў у што лепшае ўбрацца; аднак жа па-шляхецку і ахайна. Меў ён на сабе саетавы вэрдрагонавы[33] жупан, добра, праўда, зношаны, але яшчэ не дзюравы і не латаны; на ім пас хоць і ядвабны, але слуцкі і новы; а зверху суконная куртка на апашкі, зашпіленая на срэбраны гузік пад шыяю.

Не спадабаўся такі ўбор крэўнаму пана падкаморага пану шамбелянічу, маладому вісусу, што ўжо добра падпіў ды шукаў гузака. Абходзіў ён раз за разам пана Станіслава і здзекаваўся з ягонае зялёнае курткі:

Стрэльчык! Далібог, стрэльчык!

Пан Станіслаў круціў галавою і маўчаў. Асмелены гэтым, паніч усё гучней і гучней называў яго стралком, з розных бакоў рэвізуючы ягоную фігуру; усміхаліся і іншыя, дык урэшце не вытрымаў пан Станіслаў.

– Пане браце! Пане шамбеляніч! – сказаў ён. – Васпан добра мяне ведае; а што цяпер не пазнаў і называеш мяне, шляхціца, стралком, дык, пане браце, стрэльчык вашэці настраляе!

Пан Станіслаў часам гаварыў па-беларуску.

Шамбеляніч схапіўся за шаблю. Цяпер усе заўважылі зваду, якую ў тлуме дасюль не бачылі. Пан падкаморы вылаяў свайго сваяка, пан ваявода супакойваў пана Станіслава; але той, ветліва пакланіўшыся, насунуў шапку на вушы і выйшаў.

Не бавячыся доўга, рушыў і пан ваявода; бо ўжо парушыўся лад, які калі адразу не ўсталяваўся, дык лёгка можна было здагадацца, чым усё закончыцца. Зазірнуўшы пасля яшчэ да пана харунжага Нарніцкага і да іншых, мы вярнуліся на абед дадому.

ВЫКЛІК

ІІІ

Пан ваявода запытаўся пра пана Станіслава, але яго не было і ва ўласнай кватэры не знайшлі; відаць, дзесьці зашыўся, каб не дакучаў ваявода сваімі просьбамі адмовіцца ад распачынання справы з панам шамбелянічам; ажно пад вечар ён прыйшоў insperate[34] ў мой пакой.

– Пане браце! Пане Міхале! – прамовіў ён. – Май ласку схадзіць да таго жучка, што мяне стралком назваў. Паніч новую stallum[35] для шляхціца выдумаў. Дык папрасі яго, каб заўтра раніцою, з узыходам сонца, спаткаўся са мною ля крыжа пры віленскім гасцінцы, адсюль чвэрць мілі; чакаць яго там мы будзем з табою, пане браце! А калі не мецьме ласкі прыйсці, дык ты ведаеш, браток, што сказаць! Пляц абстраляю і вушы пры сустрэчы накручу.

– А ці нельга, пане Станіславе, змяніць тактыку? Пан ваявода...

– Нават каб і дзесяць ваяводаў! – перапыніў мяне пан Станіслаў. – Ведай, пане браце, пане Міхале, што калі б справа была з шляхціцам, дык я не пераймаўся б гэтым; не даваў бы клопату ні сабе, ні майму Гарасіму; але шамбеляніч – пан, а перадусім, сядзіць сярод паноў; то трэба павучыць яго, каб на шляхціцах не ездзіў. Дык калі баішся нашкодзіць ваяводзе альбо сабе, то скажы шчыра, а я пашукаю іншага прыяцеля.

– З гэтым не згодны, – сказаў я. – Мае маршалкоўскія абавязкі ў пана ваяводы не могуць перашкодзіць мне паслужыць сябру ў справе гонару: я іду, а ты пачакай тут адказу.

Пайшоў да паноў Сяліцкіх, якія ўсім родам жылі разам; падкаморы і ўсе старэйшыя спалі, а моладзь піла і выхвалялася супраць нас. Яны ўжо нас і перамаглі, і выгналі, і дэпутатаў абралі.

Калі я ўвайшоў, ускочыў з-за стала, на якім было шмат бутэлек і збанкоў, пан шамбеляніч і крыкнуў:

– А ты, прайдзісвет ваяводскі, чаго сюды? Шпегаваць? Махляваць?

– Я не шпег, – адказваю, – але пасол; а пасла не бюць і не вешаюць.

Сядзеў сярод іх пан Падвінскі, пісар земскі полацкі; гэта вельмі разумны чалавек, але філіграннай работы. Яны, жадаючы перацягнуць на свой бок, паілі ды намаўлялі яго. Ён піў мала, а гаварыў яшчэ менш; так што яны ні падкупіць, ні зразумець яго не маглі. Найчасцей выступаў ён як арбітар, і таму ўсе яго паважалі. Ён добра мяне ведае, бо бывае ў ваяводы. Дык ён падняўся і, стрымліваючы гнеў шамбеляніча, сказаў:

Мосці панове! Гэта прыстойны шляхціц, пан Міхал Лаўрыновіч, мастаўнічыц дэрпцкі. (Шчыра кажучы, хіба мой нейкі прапрадзед быў тым дэрпцкім панам: бо я адно Лаўрыновіч і не ведаю, як і калі давялося мне стаць адначасна і мастаўнічым, і дэрпцкім). Гэта мой даўні знаёмы і сябра. Проша яго не аграваваць[36], а выслухаць.

– Кажы пра сваё пасольства, – закрычалі яны.

– Пасольства маё, – сказаў я, – датычыць аднаго пана шамбеляніча; дык, можа, пан мае ласку выслухаць мяне semotis arbitris[37]?

– Аніякіх сакрэтаў у нас няма. Кажы як стаіш.

– А калі так, то і скажу. Мяне паслаў сюды пан Станіслаў Сьвебода, падчашы ашмянскі, каб прасіць васпана, пана шамбеляніча, даць сатысфакцыю за крыўду, якую пан яму сёння ўчыніў, называючы яго стралком, што яго зняважыла. Дык вось ён будзе чакаць пана заўтра раніцою з узыходам сонца ля крыжа пры віленскім гасцінцы, адсюль чвэрць мілі, абы не весці справу праз суд. Прытым папярэджваю пана, што калі адмовіць пан даць сатысфакцыю і не прыме выклік (на што я і не спадзяюся), то пан падчашы пляц абстраляе ды і з панам сустрэнецца.

– Не дачакаешся, – крыкнуў шамбеляніч, – каб мне пляц абстраляў. Патраплю я падчасаць пана падчашага.

– А тым часам, – сказаў, хапаючыся за шаблю, Юноша, шляхціц з Запонскага тракту[38], вядомы соймікавы задзіра, – падчэшам пана пасла.

Мосці панове, – сказаў я, адступаючы колькі крокаў назад, – я пратэстую і бяру за сведку вяльможнага пісара, што нікога з іхмосцяў не абразіў. Дык калі атрымаю які граваман[39], дык адразу маніфестую[40] несправядлівы напад і з гэтага моманту nego activitatem[41] іхмосцям у сойміку.

Пан Падвінскі схапіў за карак запончыка.

– Ідзі спаць, пяніца, – сказаў ён, штурхаючы яго ў каморку. – Пане шамбеляніч! Я разбуджу падкаморага, калі не супакоіш гэтых дэбашыраў. – А мне: – Пане маршалку! Зрабіў сваё, дык няма чаго табе тут больш чыніць.

Я адразу выйшаў; на вуліцы дагнаў мяне пан пісар.

– Пане Міхале, – сказаў ён, – я выбавіў цябе з клопату: ці не дяблы прыслалі цябе з такою прапановаю, калі я схіляў да паяднання, каб выйграць нашу (вядома, ваяводскую) справу? Дзеля гэтага толькі я і быў сярод іх.

Пазнаў я ліса, але падзякаваў і за сябе, і за ваяводу.

– Можа атрымаецца ўладзіць справу пана Станіслава з шамбелянічам, калі за ноч выйдзе хмель з галавы. А вашэць няхай намаўляе падчашага.

– Цяжка гэта будзе, – адказваю.

– Ну, то як сабе хочаш, зрэшты. Часам і някепска, калі зухаватага маладзёна крыху павучаць. А ваяводзе скажы, што я шчыра працую на карысць ягоных інтарэсаў.

“Бадай столькі, колькі кот наплакаў”, – падумаў я сам сабе. Сардэчна развітаўшыся, мы разышліся.

Пан Станіслаў, цешачыся ўдалым пасольствам, дзякаваў мне амаль плачучы.

– Пане браце! Пане Міхале! – сказаў ён пасля. – Я іду зараз да дамініканаў на няшпоры[42], а пасля спаць; бо на досвітку нам трэба быць на конях; і ты, пане браце, пастарайся адпачыць, бо заўтра я цябе summo mane[43] пабуджу.

Аднак мне не было часу думаць пра адпачынак: пан ваявода паслаў па мяне і загадаў ісці з ім да пана Рудаміны, які запрасіў яго на вечаровую гулянку.

ВЕЧАРЫНКА

IV

Ідучы вясёлаю грамадою па мястэчку, мы розныя чулі кампліменты. Амаль ва ўсіх шынках гучала музыка: бо і я падзяліў нашу капэлу з дваццаці чатырох чалавек на некалькі частак ды развёў па шляхецкіх кватэрах, і пан Сяліцкі меў сваіх музыкаў, і з дзесятак жыдкоў з цымбаламі прывалаклося на соймік. З досведу яны ведалі, што не зберагуць цэлымі бародаў і пэйсаў; але зналі таксама і тое, што кішэні будуць поўныя карончыкаў.

Шляхта гарланіла, спявала і піла; калі мы ішлі ля сваіх – выскаквалі з хатаў ды крычалі: “Віват, пан ваявода полацкі, віват!” Хапалі пры гэтым ваяводу на рукі і падкідвалі ўгару. Не пярэчыў таму ваявода, наадварот, кожны раз выпіваў па кілішку мёду за здароўе братоў шляхты і сяброў.

Але калі мы міналі дамы, заселеныя супрацьлеглай партыяй, дык мы чулі пратэсты; аднак на ўсё тое мусілі не звяртаць увагу. Але вось выскачыў з аднаго дзядзінца, дзе пілі запончыкі, нейкі вісус, ссунуў шапку набакір, стаў перад ваяводам і так дэкламаваў:

Пане Ваявода!
Што то за мода?
Ці можа быць згода?!
Жаўнераў збіраеш,
Шляхту пажыраеш!

Зараўло за ім усё зборышча: “Шляхту пажыраеш! Шляхту пажыраеш!” Пан ваявода, не адказваючы, пайшоў да іх на дзядзінец. Усе глядзелі, што з гэтага будзе? Ён зачарпнуў медным кубкам мёду з цэбра і, пакланіўшыся ўсім, сказаў:

– Святыя айцы! Пю за здароўе вельмішаноўных братоў шляхты запонскага тракту. Віват!

– Віват! – зараўла шляхта. – Віват, ваявода полацкі! Віват!

І, забыўшыся пра верш, таксама падхапілі ваяводу на рукі ды падкідалі ўгару, не перастаючы крычаць “Віват!”

У нас ніколі ў сэрцы злосці няма!

А мы зразумелі, што верш гэты склаў пан Рэвут: ён гадунец Scholarum Piarum[44], да яго з усяго ваяводства, як да лекара па рэцэпты, едуць па прамовы і выступы, а ён сыпле ўсім як з рукава.

Шчасліва адолеўшы ўсе перашкоды, мы такі дайшлі да двара пана Рудаміны, які нас з сваімі валторнамі і шматлікім почтам сяброў сустрэў на вуліцы. На вячэру ў яго былі не марцыпаны, а сталы honeste[45] застаўленыя. Зразы, разнастайная квашаніна, колькі супніцаў з булёнам, а смажанае дзічыны quantitas[46], – аж стол угінаўся. Пан Рудаміна – паляўнічы; перад соймікам ён палюе шэсць тыдняў. Смажанае мяса ласёў і казуляў, дзічыныя галовы і шынкі, лапы мядзведзяў займалі сярэдзіну аграмаднага стала; а зайчаціны і рознага птаства на шырокіх алавяных бляхах горы накладзены; апрача гэтага ў асобных місках – аладкі да зразаў і да булёну. Пачаставаўшыся старою гарэлкаю, мы пачалі падмацоўвацца, запіваючы тлустыя кавалкі выдатным мёдам-трайняком, поўныя фляшкі якога стаялі на коміне. На месца пустых місак і паўміскаў ставіліся новыя, поўныя; іх зноў апаражнялі, бо шмат люду было каля стала і ўсё павялічвалася і павялічвалася наша кампанія. Але кухня пана Рудаміны перамагла, нарэшце, наш воўчы апетыт. Пасля трэцяе і чацвёртае перамены ўжо некранутымі забралі стравы са стала, а пан ротмістар загадаў падаць віна і пачаліся віваты.

Пан ваявода in casu necessitatis[47] не хаваецца ад кілішка, але рэдка каму ўдалося яго спаіць. Ва ўласным доме, калі частаваў гасцей, меў заўсёды колькі бутэлек вады, зафарбаванае віном, і я спрытна наліваў з іх ваяводзе; але калі аднойчы злавіў нас пан падваявода Корсак, мусілі мы кінуць тую штуку, бо ўсе даведаліся пра яе; цяпер volens nolens[48] ён пе сапраўдны напой; а калі так напецца, што яго да ложка весці трэба, дык я маю прыгатаваныя колькі сурвэтак і міску з халоднаю вадою; мы абкладаем змочанымі сурвэткамі галаву. З гарачае галавы пана ваяводы пачынае ісці пара, але адначасна і хмель выходзіць. Probatum[49], што такім чынам можна тройчы напіцца і працверазець; а пішу гэта дзеля ўласнае памяці і propter utilitem publicam[50].

Дык пасля вячэры пілі мы ў пана Рудаміны lautissime[51]; пасля кожнага вівату – залпам да дна, ігралі валторны і дзяўчаты весела спявалі хорам:

Выпіў, выпіў, не пакінуў –
Гу-га! Не пакінуў!
Хай бы Пан цябе блаславіў –
Гу-га! Цябе блаславіў!

А пасля заспявалі курдэша[52] і чумадрыху. Вытрымаць ужо было немагчыма. Чумадрыха – гэта мелодыя з запалам: заткнуўшы палы за пас, пахапалі нашы браты дзяўчат ад валторнаў ды ў скокі.

Я гэтак зрабіць не мог з-за прэзентабельнасці ваяводы, аднак жа хоць на месцы, але падскокваў: бо і ў галаве шумела, і, скажу, даліпан, цяжка было стрымацца. Сам ваявода, надзвычай пацешаны, поўны гаманец кінуў на валторну, а па ягоным прыкладзе столькі таляраў і злотых пасыпалася, што цяжка і палічыць. Жменямі дзяўчаты збіралі грошы; бо і заслужылі! Няхай ім... Пан Бог дапамагае!

Усё адначасна: і спевы, і скокі, і віваты, і крыкі. Гу-га! Гуло як ў гаршку і разносілася ад нашага двара па ўсім мястэчку; была ўжо позняя ноч, калі два выстралы прагучалі ў нас пад вокнамі. Пасыпаліся шыбы, а па валторнах, нібы хто гарохам сыпануў, – гранкулькі. Перапалоханыя дзяўчаты жахліва закрычалі; мы загукалі: “Езус! Марыя!” і застылі як укопаныя... Раптам нехта закрычаў:

– Хапай эксцэсантаў![53]

І мы гуртам выскачылі ў сад, куды выходзіла пабітае вакно, ды разбегліся ва ўсе бакі. Але што? Ноч цёмная, хоць вока выкалі, і дождж пачаўся спорны; ногі ва ўсіх няцвёрдыя, а на слізкай зямлі кожны то падаў на градку тварам у балота, то лоб аб дрэва расквашваў, аднак падымаўся і лётаў, нібы ў жмуркі гуляючы. Усе крычалі: “Хапай! Бяры! Трымай! Бі яго! Вяжы!” – не ведаючы каго. Хапаў адзін аднаго, а пазнаўшы, – адпускаў і зноў абодва палявалі. Мітусня і гам невыказальны – сапраўдная вежа вавілонская.

Нарэшце запалілі некалькі паходняў, але і гэта не дапамагло; пасмалілі толькі дрэвы і калі б не дождж, дык, можа, і двор спалілі б.

Сад дастаткова вялікі, агароджаны частаколам; відаць, нейкія жлукты, стрэліўшы па нашых вокнах, нібы ў вулей, адразу ж пераскочылі плот, і ўжо былі далёка, пакуль мы пачалі іх шукаць; знайшлі мы толькі пад загародаю ражок з табакаю, і гэта – адзіная перамога нашае выправы.

Змокнуўшы ў часе дарэмнае беганіны, мы сабраліся ў хаце. Пан Рудаміна ледзь не лопнуў ад злосці, што ў ягонай кватэры такі выпадак надарыўся ваяводзе; перапрашаў яго, хоць і не быў віноўны; заўтра раніцою меўся падаваць маніфест, сам не ведаючы на каго, і, нарэшце, пасля ўзаемных найсардэчных экспастуляцыях[54] мы выпілі яшчэ па келіху. Дзяўчаты заспявалі ў гонар пана ваяводы:

То-то пан, то-то пан, то дабрадзей наш!
А мы, слугі ягоныя,
Пём, як і многія.
То-то пан, то-то пан, то дабрадзей наш![55]

І, запаліўшы паходні, пайшлі мы да сваіх кватэраў.

 



[1]Historia na dwie księgi podzielonaKrasickiego. (Прыпіс аўтара).

[2]Monachomachia”. (Прыпіс аўтара).

[3] Прадмова да Бакі Бароўскага. (Прыпіс аўтара). Гаворка пра вершаванае прысвячэнне Леана Бароўскага да кнігі “Uwagi o śmierci niechybnej (...) ks. J. Baki. Wilno, 1807”.

[4] Ігнат Ходзька выдаваў свае аповесці асобнымі кніжкамі пад агульным тытулам “Ліцвінскія малюнкі”.

[5] Уключна (лац.). У езуіцкіх школах класы называліся паводле галоўных прадметаў, якія там выкладаліся, – граматыка, сінтаксіс, паэтыка, рыторыка, філасофія і тэалогія. Падрыхтоўчы клас называўся – інфіма.

[6] Хутка, адмыслова (лац.).

[7] У скароце (лац.).

[8] Магутны (лац.).

[9] Не так у ахвоту, як з-за пашаны (лац.).

[10] Працягваючы далей (лац.).

[11] Цалкам (лац.).

[12] Публічна (лац.).

[13] Гаворка пра Тадэвуша Жабу, дэспатычнага і жорсткага полацкага ваяводу (з 1784 г.).

[14] Дзяры лыка, пакуль дзярэцца. (Прыпіс аўтара).

[15] Усё разам (лац.).

[16] Сапраўдны, нефальшывы (ням.).

[17] За і супраць (лац.).

[18] У арыгінале liszna – беларусізм.

[19] Бедная шляхцянка, што жыве пры двары заможнага пана і выконвае дробныя даручэнні ягонае жонкі.

[20] Толькі для сябе (лац.).

[21] Прыйдзі мне на дапамогу, Міласцівая Пані! (Прыпіс аўтара).

[22] Хвала Табе, Хрыстос (лац.).

[23] Прыгнятальнікам, дыктатарам.

[24] Перавага.

[25] Адначасовы выстрал з многіх стрэльбаў альбо гарматаў.

[26] Правіянт, выдаткі, кошт.

[27] Як можна больш (лац.).

[28] Скліканне, распачынанне.

[29] Высоўванне наперад, быць вышэй, валодаць перавагай.

[30] Да адзінадушша (лац.).

[31] Прывітанне.

[32] Металічны брус.

[33] З зялёнага сукна.

[34] Нечакана (лац.).

[35] Адмысловае крэсла ў касцёле для прэлатаў, канонікаў капітулы. Тут: пасада (лац.).

[36] Прыгнятаць, нападаць.

[37] Без сведкаў (лац.).

[38] Запонскі тракт – сёння ў Барысаўскім павеце Мінскае губерні, даўней быў заселены дробнаю шляхтаю, слаўнаю колісь у соймікавых бойках. (Прыпіс аўтара-выдаўца).

[39] Пашкоджанне.

[40] Падаю скаргу.

[41] Адмовяць удзельнічаць (лац.).

[42] Вячэрняе набажэнства.

[43] Раніцою (лац.).

[44] Піярскае школы (лац.).

[45] Годным павагі чынам (лац.).

[46] Колькасць (лац.).

[47] У патрэбе (лац.).

[48] Хочаш не хочаш (лац.).

[49] Заўважана (лац.).

[50] Дзеля агульнай карысці (лац.).

[51] Даволі шмат (лац.).

[52] Старая застольная песня.

[53] Уцекачы.

[54] Настойлівае патрабаванне.

[55] Даўняя гуляцкая песенька.



Hosted by uCoz

Да зместу