Да зместу

ПАЯДЫНАК

V

Назаўтра перад узыходам сонца прыйшоў да мяне пан Станіслаў.

– Пане браце! Пане Міхале! – сказаў ён, будзячы мяне разаспанага. – Падымайся! Коні гатовыя.

– Але ж мне хутка вярнуцца трэба, бо як прачнецца ваявода, я ўпэўнены, адразу мяне пакліча; тым болей, што сёння рэасумпцыя сойміку.

– Ну то, братка, праз чвэрць гадзіны будзем на месцы. Я ад маіх шпегаў ведаю, што пан шамбеляніч абавязкова прыедзе з некалькімі сваімі прыхільнікамі, мы не будзем доўга чакаць. Сама ж справа... не задоўжыцца... надзея на Бога і на Гарасіма.

Прычапіў на пас і я сваю Эльжутку – шаблю-аўгустоўку, якую атрымаў у якасці прэзента ад пана Буржынскага, браслаўскага старасты, зяця пана ваяводы, і мы рушылі рыссю па віленскім гасцінцы.

Прыехаўшы на прызначанае месца, мы аддалі коней казаку, які адвёў іх за стаю. Пан Станіслаў дастаў з похваў Гарасіма і ўбіў яго ў зямлю, а з кішэні – маленькі скрутак, які паклаў на камень.

– Што гэта, пане Станіславе? – пытаюся.

– Гэта, пане браце, аржаны хлеб і павуціна – выпрабаваны шляхецкі вульнэрарыюм[1]. Амаль кожны шляхціц, збіраючыся на соймік, здымае ў хаце – перадусім, толькі гэтым разам – усю павуціну ды бярэ яе з сабою, дык ў неспадзяваным выпадку – (тут ён правёў пальцам па носе і вуснах) – мае ў кішэні рэмэдыюм[2], які і кроў спыніць, і за хуткі час так вылечыць, што толькі невялічкі шрам застанецца. Вашэць малады, пане браце, дык слухай мяне старэйшага і без павуціны аніколі не едзь на соймік. А цяпер, пакуль яны прыедуць, прачытаем ля крыжа ранішнія малітвы.

Мы ўкленчылі перад распяццем Езуса Хрыстуса і пачалі маліцца.

Mea culpa! Mea culpa! Mea maxima culpa![3] – прамаўляў са скрухаю, б’ючы сябе ў грудзі, пан Станіслаў, – але няхай жа не называе мяне стрэльчыкам. Аман.

Пасля ён падняўся і паходжваў, пакручваючы вус і пазіраючы на дарогу да Ушачаў.

А я ўпершыню добра прыгледзеўся да постаці пана Сьвебоды. “Мілы Божа! – падумаў сам сабе. – Не ведаў чалавека шамбеляніч, а пачаў з ім справу, пэўна, фатальную для сябе”.

Пан Сьвебода быў невысокага росту і крыху накульгваў на правую нагу: на нейкім сойміку яго падстрэлілі ў пятку. На ягоным твары д’ябал (як гаворыцца) гуляў у трышака: пабіты воспаю ды знявечаны некалькімі шрамамі ад палаша. Калі яшчэ, узняўшы Гарасіма, надаваў свайму твару ваяўнічы выгляд, шляхта ўцякала ад яго, як ад васіліска. Клубоў пан Станіслаў зусім не мае, так што партупея для палаша на ім не трымаецца і ён мусіць яе на пас прычапляць, а пас на цёмныя гафткі прышпільваць! Але ж за тое плечы! Як лава, а рука, як рыдлёўка! Як пацісне ад усяго сэрца!.. У паядынку б’ецца з наскоку і прысядаючы, чаму выдатна дапамагае папсаваная нага. Пра свае шрамы на ілбе і твары апавядаць не любіць; адказвае коратка: “Пляжыў я, пляжылі і мяне”.

Хутка мы ўбачылі шэсць вершнікаў, што скакалі да нас не гасцінцам, а праз нівы і лугі, канавы і платы.

– Дрэнь справа, пане браце! – сказаў пан Станіслаў. – Ужо, здаецца, нецвярозыя: ляцяць наўпрост, нібы іх, даруй Божа, шатан падганяе, і, можа, усе разам на мяне накінуцца. У такім разе я абапруся на крыж і крыжам іх перажагнаю; а ты, пане браце, пільнуй тыл.

Аднак сталася не так. За пару дзесяткаў крокаў усе спешыліся, і толькі адзін шамбеляніч выхапіў шаблю і без памяці кінуўся на пана Станіслава. А той вырваў з зямлі Гарасіма і рушыў упрысядку; а калі раптоўна ўзняўся і вельмі моцна секануў... зазвінела ў паветры і адляцела шабля шамбеляніча, а ён сам з імпэту распластаўся на зямлі.

– Ну што, пане браце! – сказаў пан Станіслаў. – Уставай! На плячах крыжа рабіць не буду[4].

– Пагодзімся, пане падчашы! – сказаў, падымаючыся, шамбеляніч.

– Згода, згода! – крычалі ягоныя секунданты. – Маеш сатысфакцыю, пане падчашы!

– Згода, пане Станіславе! – сказаў і я.

– Ну то няхай сабе і згода, – паўтарыў пан Станіслаў, хаваючы Гарасіма ў похвы. – А другі раз, пане браце, не зачапляй стрэльчыка, бо Вашэці настрэляе.

Мы зноў крыкнулі: – “Згода!” Праціўнікі абняліся, і ўсе сяброўскім гуртам, дзякуючы Богу, што абышлося без крыві, вярнуліся ў мястэчка.

СОЙМІКАВАЯ СЕСІЯ

VI

Пан ваявода ўжо паслаў шукаць мяне ва ўсе бакі; але калі я з’явіўся да яго і патлумачыў прычыну свае адсутнасці, калі прыйшоў і пан Станіслаў, дык ён абняў нас абодвух і павіншаваў з вікторыяй.

Мы трапілі на самы consilium bellicum[5]. Тут ужо быў пан падваявода Корсак, пан Рудаміна, пан Шырын, пан Падвінскі і яшчэ колькі прыхільнікаў ваяводы. Пасля ўчарашняга эксцэса, калі падобная periculum[6] магло паўтарыцца, на думку ваяводы і асобных паноў, што сабраліся на раду, неабходна размясціць міліцыю на могілках блізу касцёла і паставіць варту ля дзвярэй.

Ужо нават сказаў мне ваявода:

– Святы ойча! Ляці да Пякарскага, няхай вядзе войска з усім рыштункам ў мястэчка... капэла наперадзе.

– А хто ж будзе соймікаваць? – абазваўся пан Падвінскі. – Бо, мосці ваявода, ані пан падкаморы, ані хто-небудзь са шляхты з ягонае партыі, ані нават я сам не ступлю нагою ў касцёл, калі ён будзе аточаны войскам. Хоць бы Яснавяльможны пан і адкрыў соймік, і абраў паслоў, але гэта будзе ні легітымна, ні дзеля панскага гонару, а нядобрая слава, якая ўжо і так пашыраецца сярод шляхты, што Яснавяльможны пан хоча дзейнічаць рэпрэсіўна, спраўдзіцца, і ўжо пасля гэтага нічога не выправіш.

– Што ж рабіць, святы ойча?

– Дзейнічаць, мосці дабрадзею ваявода, як належыць шляхетнаму сенатару і галаве ваяводства, але не забываць і пра асцярожнасць. Па-праўдзе, заўзятасць праціўніка вялікая, але ўчарашні стрэл зроблены не па іхняму, перадусім, загаду, бо шляхетныя і прыстойныя грамадзяне да такое акцыі цалкам не здольныя, і крыўдзіць іх той, хто так думае пра іх; а ўвогуле, у нашае пачцівае шляхты і хрысціянскіх паноў болей галáсу, чым злосці...

– А карацей кажучы, святы ойча?

– Карацей кажучы, ідзі пан смела ў касцёл і займай сваё сенатарскае stallum; кліч да сябе ўрадоўцаў земскіх і адкрывай соймік. Падабраныя і выпрабаваныя прыяцелі аточаць пана і нічога не варта палохацца.

Згадзіліся ўсе з гэтаю мудраю радаю пана пісара, а пасля прамовіў да нас з панам Станіславам ваявода:

– Святыя айцы! Выберыце сто шабляў надзейных і разважлівых ды пасадзіце іх блізу вялікага алтара; а як выканаеце ўсё, васан, пане Станіславе, заставайся за камандзіра, а вашэць, святы ойча, вяртайся сюды дапамагаць мне.

Мы з панам Станіславам накіраваліся да ксяндза-прыёра дамініканаў, бо ў іхнім касцёле меўся адбыцца соймік, а пасля пайшлі з ім у касцёл і вынеслі адтуль з належнаю пашанаю Sanctissimus[7] ў кляштарную капліцу; затым in ordine[8] кляшторных братоў лыкнуўшы на сняданак crematum[9], паспяшаліся выбіраць гвардыю для ваяводы, забраўшы касцельныя ключы з сабою.

– Пане браце! Пане Міхале! – сказаў пан Станіслаў. – Чаго нам дарэмна бадзяцца? Пад маёй манудукцыяй[10] пяцьдзесят Парчынскіх, цэлая ваколіца; хлопцы, як дубы; я займу з імі прэзбітэрыю[11]; ручаюся, што яны стрымаюць запончыкаў і што ніхто, апрача ваяводы і ўрадоўцаў, і носа за краткі[12] не паткне.

Dictum – factum[13]. Я пачакаў паўгадзіны на могілках і ўбачыў пана Станіслава, які вёў сваіх грацыялістаў[14]. Гарачы гультайскі бігас, якога на сняданак цэлы кацёл з’елі, і гарачы мёд, якім шчодра запівалі, зачырванілі іхнія твары і насы; ідучы паважна, яны толькі выціралі тлустыя вусы і спацелыя чупрыны.

Нашыя праціўнікі, выскокваючы з двароў, крычалі:

– Сьвебодчыкі! Куды вы, сьвебодчыкі?

Парчынскія пазіралі на іх з-пад ілба, як мядзведзі, і спакойна цягнуліся; але паспрабуй да іх падыдзі!.. Альбо зачапі!.. Як стукне які!..

Пасадзіўшы іх паводле інструкцый пана ваяводы блізу вялікага алтара, я адчыніў насцеж дзверы касцёла, але замкнуў фортку закрыстыі і схаваў ключ за пазуху, каб на ўсялякі выпадак мець вольны шлях дзеля рэйтэрады. Пан Станіслаў застаўся за камандзіра, а я пайшоў паведаміць ваяводзе.

Пасля ўсе мы рушылі ў касцёл.

 

Пан ваявода магніфіцэнтарам[15] выйшаў і, даліпан, па-панску. Кунтуш гранатавы[16] з саеты, як атласны, са шнурамі і кутасамі залатымі; жупан шоўкавы, зашпілены пад горлам карбункулам[17], які каб брат шляхціц меў, дык хлеба – на ўсё жыццё; багаты пас у карпіную луску, аж золата цякло з фрэнзляў; нарэшце, блакітная стужка Белага Арла і зорка на грудзях ды палаш у похвах з яшчуру[18] і залацістае бляхі. Усё гэта да пекнае фігуры пана ваяводы выдатна пасавала. Пан шчуплы, але не худы, белатвары, валасы падстрыжаныя, аднак брытваю яму лоб не голяць, бо і фрызуры, і паголеныя лбы выходзяць ужо з моды; вочы блакітныя, вусы венгерскія, вопратка кароткая, боты, як улітыя. І калі так выстраены ды ў добрым гуморы падсунецца хвацка да якое кабеткі, дык расце як на дражжах дабрадзейка, а пані ваяводзіна безупынна табаку ўжывае.

За панам ваяводам ішлі нашыя прыяцелі і земскія ўрадоўцы; я за імі вёў circiter[19] трох сотняў чалавек шляхты, якія, як і сьвебодчыкі, пасля бігаса і паленага крупнічку[20] былі добра падпітыя. Як мог супакойваў іхняе гарлатанне, граміў выхвалянні; і слухалі мяне, бо ведаючы амаль кожнага de nomine et cognomine[21] і забяспечваючы іх шчодра, я здабыў сярод іх вялікую кансыдэрацыю[22].

Падыходзячы пад касцёл, мы пачулі там страшэнны шум; калі ж меліся ўвайсці, Юноша, знаёмы нам запончык, закрычаў на ўсё горла:

– Калі нас ваш Твардоўскі (так яны празвалі пана Станіслава, здзекуючыся з ягонае кульгавае нагі) не пускае за краткі, то мы вас ў касцёл не пусцім і замкнём дзверы перад носам.

І праўда, ён зачыніў касцельныя дзверы і заваліў іх знутры.

У касцёле яшчэ большы ўзняўся галас. Мы баяліся, каб не закрывавілі дому Божага. Але не ведалі панове запончыкі, што ў мяне ў кішэні ёсць спосаб увайсці ў касцёл і без іхняе ласкі; я аддаў ключ ад закрыстыі ваяводу.

– Святы ойча! Маеш розум, – сказаў ён.

Я хацеў нагадаць яму пра інфіму, але, уласна, прыйшло на памяць, што на мне пáлевы атласны жупан.

Мы раптоўна апынуліся ў касцёле сярод нашае сьвебодчынскае грамады. Запончыкі obstuperunt[23], убачыўшы нас, як з неба зляцелых.

– Здрада, здрада! – крычаў п’яны Юноша. – Твардоўскаму д’ябал дапамагае!

– А ты, ерэтык пракляты, – закрычаў я, імкліва набліжаючыся да яго, – у доме Божым пра д’ябла ўспамінаеш! Чакай, іду зараз да дамініканаў і распавяду ім пра тваё блюзнерства. Яны цябе праклянуць, а мы спячэм на вогнішчы, як рака. Бо ж, мосці панове, касцельнае скляпенне на нас упадзе, калі будзе сярод нас гэты недавярак. Прэч з дому Божага! Прэч!

І смела прайшоўшы па касцёле, адсунуў завалу і адчыніў дзверы, нібы дзеля выгнання Юношы; ды ён, аблаяны нават сваімі, прыціснуў вушы і схаваўся дзесьці пад амбонам. А тым часам праз адчыненыя дзверы ўваліліся гуртам нашыя, а сярод іх – бэшчаныя без міласэрнасці Сяліцкія, Нарніцкія з прыхільнікамі, што трапілі пад касцёл тады, калі перад дзвярыма стаяла нашая разгневаная шляхта, якая абвінавачвала іх, як ініцыятараў учынку Юношы, хоць яны і не прысутнічалі.

 

Які пачаўся галáс і тлум, калі касцёл запоўніўся. Божа, злітуйся! Думаў, што не будзе гэтаму канца.

Не чакаючы рэасумпцыі сойміку, прыхільнікі падкаморага крычалі:

– Прапануем пасламі пана Сяліцкага і пана Рэвута! Віват, пан Сяліцкі і пан Рэвут!

Нашы гудзелі:

– Віват, пан Сулістроўскі і пан Брастоўскі – паслы ваяводства Полацкага!

– А дзе ён, той пан Сулістроўскі? – пыталіся адны.

– У антыподах! – падпускалі шпількі іншыя.

Тут пан Станіслаў нечакана з’явіўся на кратках і моцна закрычаў:

– Просім перш-наперш спаліць ерэтыка Юношу! Хто верыць у Бога – палі! Бо калі будзем падтрымліваць ерэтыкаў – самі марна загінем.

Усе Парчынскія загудзелі:

– Паліць ерэтыка, паліць!

Я зірнуў у вочы пану Станіславу.

Stemus simul![24] – сказаў ён мне. – Падтрымай маю прапанову, пане браце!

Ды зноў пачаў прамаўляць:

– З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Дык і мы, мосці панове, жывучы побач з ерэтыкам, не пазбегнем ерасі. Анічога не пачнем, пакуль гэтая справа не будзе вырашаная. Гэтая справа статус, тут гаворка пра збаўленне душы!

Зноў галас:

– Спаліць Юношу!

Я зразумеў, што хоча пан Станіслаў, а таму закрычаў:

– Не дазваляю! Юноша не толькі ерэтык, але і чараўнік. Сам быў сведкаю, як ён раз выпіў тры гарцы моцнага трайняку і не ўпіўся. Гэта не так сабе! Гэта – чары! Гэта не жарты! Але па справядлівасці трэба перш-наперш, каб быў jure victus[25]; а пасля належыць выпрабаваць вадою. Я ведаю ўвесь proceder[26] гэтае аперацыі, бо ўжо чатыры бабы выпрабоўваў; дык прашу пра эксгібіцыю[27] асобы чараўніка, а я яго ex nunc solita praxi[28] выпрабую. Калі патоне, то і выцягваць не трэба, бо ерэтык; а калі будзе плаваць зверху, то чараўнік. І на гэты спектакль я запрашаю ўсіх паноў братоў шляхту і дабрадзеяў.

– Няма згоды! – крычаў Сьвебода і сьвебодчыкі. – Навошта гэтая цэрымонія з ерэтыкам? Палі! Хто верыць ў Бога – палі!

– Выпрабоўваць вадою! – крычаў я і даў знак сваім, якія зараўлі так, што аж касцёл затросся. – Выпрабоўваць вадою чараўніка Юношу! Дзеля святое справядлівасці, выпрабоўваць вадою!

Паны ўрадоўцы са здзіўленнем глядзелі на нас.

– Святыя айцы! – сказаў ваявода. – Вы што, ашалелі?

– Не хвалюйся, пан, – шапнуў яму пан Станіслаў, – не спалім, толькі выкурым гэтага задзіру і п’яніцу.

І крычаў моцна:

– Ці паліць, ці выпрабоўваць вадою, але спачатку просім пра экстрадыцыю[29] Юношы... А хто яго бараніць будзе, той сам пракляты.

А я крычаў:

– Запрашаю паноў братоў на выпрабаванне вадою!

Юноша штосьці лемантаваў ад крыўды пад амбонам, але ніхто яго не чуў; а калі яшчэ хтосьці з запончыкаў крыкнуў:

– Гэта цікавы спектакль – выпрабоўваць вадою чараўніка! Ніколі ў жыцці такога не бачыў. Мосці панове, давайма аддадзім Юношу на спробу.

Ён, бачачы, што ўсе гатовыя з-за цікаўнасці выдаць яго на страту, цішком па-за калонамі выбраўся з грамады і ўцёк з касцёла.

 

Тым часам пан Падвінскі пісаў і пісаў. Пан ваявода, хоць колькі ўжо разоў падымаўся і пачынаў сваё: “Святыя айцы!”, але, заглушаны нашым крыкам, зноў сядаў і чакаў; тут пан Падвінскі даў галавою знак, што ўжо закончыў. Тады ваявода ўзняўся дзеля рэасумпцыі сойміку; з прычыны, што езуіты не падрыхтавалі прамовы, хоць двойчы да іх у Полацак пасылалі, а красамоўства пана ваяводы ex abrupto[30] ніякае, дык ён, паўтарыўшы зноў:

– Святыя айцы! Панове браты і дабрадзеі! – толькі дадаў: – Шчыра прашу выслухаць рэасумпцыю нашага пасольскага сойміку, напісаную годным земскім урадоўцам вяльможным пісарам Падвінскім, cum laudo circa securitatem publicam[31], на што, думаю, будзе згода ўсяго шаноўнага ваяводства.

– Што за лаўдум[32]? Якое лаўдум? – абазваліся Сяліцкія. – На гэта няма згоды.

– Спачатку паслухайце гэтае лаўдум, – сказаў, падняўшыся, пан пісар. – Бо крычыце, не ведаючы нічога.

Прамотар[33] іх усіх – падкаморы, паважаючы пісара ды, як і ваявода, лічачы яго сваім, як і мы лічым яго нашым, махнуў рукою на сваіх – і цішыня.

Пан пісар спакойна прачытаў сваю рэасумпцыю і лаўдум, у якім выказваў, каб кожны, хто in tractu[34] паседжанняў у касцёле выхапіць шаблю, быў прызнаны tanquam contumax[35] і выгнаны з кола.

– Як гэта? – лемантавалі запончыкі. – А на якое ліха шабля, калі яе даставаць нельга. Пане пісар, прычапі сабе лучыну на бок. Пане ваявода, загадай сваім жаўнерам куркі з мушкетаў адкруціць, дык і мы тут жа шаблі адчэпім. Пан Падвінскі скарумпаваны! Няма згоды!

Дык зноў спрэчкі сярод старшыны за краткамі, і звада ды крыкі ва ўсім касцёле... Раптам гук паштовае трубы пачуўся ля касцёла... Змоўкла гамана, усе задумана павярнулі вочы на дзверы, у якіх паказаўся пан Алаіз Сулістроўскі, пісар вялікі літоўскі.

Шляхта нашая полацкая яго не ведае: ён de radice[36] ашмянец; там мае свае маёнткі – Шэметаўшчыну, Вішнёва, Чурлёні, куды мы заўсёды заязджаем з панам ваяводам, вяртаючыся з Вільні. Але як прызначылі зверху, каб з Ашмянскага павету пасламі былі пан Кацёл і пан Бянькунскі, дык пан пісар вялікі літоўскі, маючы ў Полацкім ваяводстве нейкі фальварак, вырашыў абірацца тут і напісаў папярэдне пра гэта ваяводу.

Вялікі шум учыніўся на ягонае з’яўленне. Зрабілі яму шырокі праход аж да кратак, ідучы якім, ён кланяўся ва ўсе бакі. А вестка хто ён імгненна разышлася па касцёле, як і тое, што прыехаў наўпрост з Варшавы.

Не высокая гэта крэатура[37], пан Сулістроўскі, але ж галава! Разумны, далёка да яго нашаму пану Падвінскаму. Не мае ён папулярнасці сярод шляхты і не імкнецца да яе. Не любіць нават яго ашмянская шляхта, бо як з’явіцца на сойміку, дык і закончыўся соймік. Без прамоваў, без аргументаў і трактаментаў[38] – усё выдатна на асобных з кожным кандыдатам канферэнцыях уладзіць, што яны і не заўважаць, як знікне заўзятасць, святы спакой прыйдзе, stalla і пасады атрымоўваюць тыя прэтэндэнты, пра каго думаў перад соймікам адзін толькі пан Сулістроўскі, а шляхце і не снілася! Дык вяртаючыся пасля, апусціўшы насы на квінту, дадому, пракліналі Сулістроўскага, бо гэты інтрыган і фармазон закончыў insperate соймік, а іх заўчасна ад шаблі і мёду да сахі і вады адправіў. Падышоўшы да стала, пан Сулістроўскі фамільярна абняў пана ваяводу, прыязна прывітаўся з усімі і дастаў з-за пазухі ліст з вялікаю белаю пячаткаю, аддаў яго пану ваяводу, кажучы: “Ад Яго Мосці Караля!”

Пан ваявода, дастаўшы ліст з каперты і пазнаёміўшыся з ім, сказаў:

– Святыя айцы! Панове браты і дабрадзеі! Ліст Міласцівага Пана датычыць хутчэй усяго ваяводства, чым аднаго мяне, дык я прачытаю яго ўголас.

Усе з цікавасцю наставілі вушы, і пасля гвалту прыйшла цішыня, нібы анёл праляцеў. Чытаў пан ваявода гучна ut sequitur[39], я ж цяпер той ліст перапішу сабе. Гэта ж не жартачкі – ліст ад каранаванае асобы!

“Вяльможны ласкава нам мілы!

Прыходзіць час выбараў паслоў земскіх на сойм, законам прызначаны. Шаноўнае Полацкае ваяводства відавочна мае ў сваім гроне мужоў, святло і міласць якіх да грамадскага дабра можа годна адпавядаць надзеям і клопатам Нашым каралеўскім; але адпавядала б Нашым зычэнням, каб з гэтага ваяводства Вяльможны Алаіз Сулістроўскі, пісар вялікі літоўскі, і шляхетны Міхал Брастоўскі былі абраны пасламі. Паведамі, Ваша ласкавасць, гэтае Наша зычэнне шаноўнаму Полацкаму ваяводству, сабранаму на соймік, а таксама і пра каралеўскую ласку. Добрага здароўя Вашай ласкавасці ад Бога зычым”.

Пасля чытання зноў стаяла цішыня, але нехта з лавак абазваўся:

– Ласка панская на пярэстым кані ездзіць!

Нібы разбуджаны гэтым, падняўся пан падкаморы Сяліцкі, папрасіў слова і сказаў:

Salvo respectu[40] ліст Найяснейшага пана; бо я лічу, што гэта ёсць in praejudicium[41] нашае шляхецкае прэрагатывы – абірання ўрадоўцаў паводле нашае волі. Калі я ад бацькоў, дзядоў і прадзедаў сваіх спрадвечны civis et servus[42] гэтага шляхетнага ваяводства і кожнага з братоў шляхты ausus sum[43] функцыяй пасольскай на будучы, дасць Бог, сойм уганараваць, і гэтага прашу ў вас; і таму, маючы надзею на вашыя братнія пачуцці (тут ён кланяўся ва ўсе бакі), я не адмаўляюся ад намераў і паважанага Яснавяльможнага пісара літоўскага, нягледзячы на тое, што яго манарх падтрымлівае, запрашаю на ватаванне.

Пан Сулістроўскі стаяў спакойна, нічога не адказваў, толькі падкручваў вусік. А шляхта крычала:

– Просім пана Сяліцкага!

Шум перапыніў пан Станіслаў, закрычаўшы:

– А вось рэвэрэндысімус[44] Рэвут з казаннем.

Бо з’явіўся на амбоне пан Рэвут. Павярнуліся ўсе да амбону, а пан Рэвут так прамаўляў:

– Браты шляхта! Я ваш брат шляхціц! А шляхціц на загродзе роўны ваяводзе! Гэта вядома ўсім. А што да Ягамосця караля, то ён у Варшаве, а мы ва Ушачах. Пан кашталяніч – сенатарскі сын, а я лоўчыц з Амтаровіч (так называецца фальварак пана Рэвута), і хто з нас не будзе паслом, няхай p... з’есць у кашы і застанецца тым, што застанецца. Dixi[45].

– Брава! – крычала шляхта. – Брава! Віват, пан Рэвут, віват пан лоўчыц, пасол наш! Віват!

– Просім пана ваяводу прызначыць ватаванне, кандыдаты вядомыя, – прапанавала варожая нам старшына. Момант быў крытычны, бо нашыя таксама мармыталі, асабліва супраць пана Сулістроўскага:

– Навошта нам ашмянец, калі маем уласных?

Зразумеў ён, што можа здарыцца, дык шапнуў на вуха пану ваяводзе, а той сказаў:

– Святыя айцы! Час позні, соймік рэасумпаваны, аднак сесію я адкладваю на заўтра.

– Няма згоды! – крычалі ex opposito[46]. – Няма згоды!

Pluralitas[47] відавочная, – дадаў пан Сяліцкі. – Альбо няхай панове супернікі нашыя дабраахвотна адмаўляюцца, альбо, мосці ваявода, просім пачаць ватаванне.

Закіпела ў гэты час як у гаршку. Нашыя крычалі, што сесія адкладваецца на заўтра. Глушылі іх праціўнікі, гарланячы:

– Пане ваявода, давай калкулы[48]. Віват, пан Сяліцкі і пан Рэвут!

Рады ўжо аніякае не было. Зноў сказаў пан ваявода:

– Святыя айцы! Адклаўшы сесію, нам няма чаго тут чыніць.

І збіраўся выйсці тудою, адкуль і заходзіў – праз закрыстыю.

А пан Сяліцкі паведаміў, што ў такім разе яны абяруць сабе маршалка альбо ён сам, як падкаморы, будзе працягваць паседжанне.

Qui jure?[49] Святы ойча!

Ужо блізкую зваду перапыніў пан Сулістроўскі. Ён падышоў да пана Сяліцкага і сказаў па-свойму, гэта значыць, ціха і сціпла:

– Май ласку, Мосці падкаморы, згадзіцца на адклад сесіі да заўтра; гэта можа адпавядаць зычэнням Найяснейшага пана, які праз мяне цяпер перадае пану довад свае ласкі панскае і ўзнагароду ягоных грамадскіх заслугаў.

– Што гэта? – запытаўся падкаморы.

– Цяпер не час і не месца тлумачыць важную рэч сярод такога тлуму; але проша мне верыць і не пашкадуе пан.

Сяліцкі пачаў лагаднець і раіцца са сваімі. Шляхта, не ведаючы ні пра што, усё яшчэ раўла... А тут пан Станіслаў зноў з’явіўся на кратках і крыкнуў на ўсё горла:

– Пане Матэвушу! Вядзі, вашэць! – І зноў схаваўся ў тлуме.

– Да якога Матэвуша звяртаешся? – запытаўся я.

– Да кожнага, які тут ёсць, пане браце! Убачыш вынікі.

І сапраўды, учыніўся рух сярод шляхты. Пяць ці болей знайшлося Матэвушаў, і кожны, думаючы, што гэта яму загадвалі, і гэтым самым ён лічыцца кіраўніком свае грамады, хацеў трымацца такое прэпандарэнцыі; дык склікаў, збіраў, штурхаў, гаспадарыў і, нарэшце, хтосьці з іх, падняўшы шапку ўгору, закрычаў:

– На абед, мосці панове! На крупнік і смажаніну, мосці панове!

Спадабалася такая прапанова.

– На смажаніну! На смажаніну! – ахвотна паўтаралі браты шляхта, забыўшыся пра соймікавую калатнечу.

І Матэвушы хутка вывелі з касцёла большую палову грамады.

– Святыя айцы! – сказаў ваявода. – І я згаджаюся з гэтым праектам і шляхетнага нашага госця, а з ім і ўсё кола шаноўных урадоўцаў шчыра прашу на абед.

Зацікаўлены абяцанымі дзеля яго каралеўскімі ласкамі, згадзіўся пасля пэўнай малестацыі[50] і падкаморы. Дык усе гуртам мы выйшлі з касцёла і хутка ўсе Ушачы аджыўляліся смажанінаю.

АБЕД У ПАНА ВАЯВОДЫ

VII

Сабралася ў нас зборышча. Калі прыйшоў пан Сяліцкі, падкаморы, кіраўнік апазіцыянераў, дык за ім прыцягнуліся і панове Нарніцкія, Прасецкія і пан Рэвут, і колькі з ніжэйшага хору братоў шляхты з іхняе партыі. Усіх найсардэчней вітаў ваявода, а кожны зацікаўлена пытаўся пра навіны з Варшавы, асабліва, якія каралеўскія фаворы[51] мае атрымаць падкаморы.

Дагаджаючы гэтай цікаўнасці засцянкоўцаў, пан Станіслаў шапнуў па сакрэту на вуха нейкаму, што здаецца, кароль ягамосць пасылае пана падкаморага паслом у Турцыю, а ўвесь запонскі тракт прыдае яму ў якасці світы і сумпт уласны мае выдаткаваць.

– Гэта ажно за мора, мосці дабрадзею? – ціха запытаўся шляхціц.

– Вядома, пане браце, што па сушы туды не дойдзеш.

– Але пані пакаморына ніколі не згодзіцца на гэта, – сказаў шляхціц, відавочна, хатні famulus[52] пана Сяліцкага. І пакруціўшы галавою, цішком выскачыў за дзверы – з навіною для братоў шляхты.

Я ж заўважыў, што пан Сулістроўскі ўнікаў падкаморага, а з панам ваяводам у кабінеце доўга раіўся. Добры лёкай павінен адчуваць панскую думку, дык і я, каб не заўважылі гэтага, загадаў разносіць гарэлку.

Калі яны выйшлі з кабінета, ваявода шапнуў мне:

– Святы ойча! Трубы – у сенцы, Пякарскі няхай будзе гатовы на дзядзінцы, як пачуе трубы – агонь!

Нібы не зважаючы на загад, я стукнуў сваёй маршалкоўскаю ласкаю перад ваяводам і сказаў абыякава:

– Супніцы на стале!

Селі абедаць, а я тым часам выскачыў за дзверы і паклапаціўся, каб усё было паводле панскае волі.

 

Побач з панам ваяводам з правага боку сеў пан пісар літоўскі, а з левага – пан падкаморы Сяліцкі. Выконваючы свае абавязкі, я абыходзіў стол, сочачы за парадкам і часта падыходзячы да ваяводы – а ці не будзе якога загаду?

І праўда, напрыканцы абеду ён сказаў мне:

– Святы айцец! Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння.

Толькі я адзін зразумеў, што гэта азначае. Ёсць у піўніцы пана ваяводы выдатнае старое французскае віно, якое пахне аржаным хлебам; з-за паху ён назваў яго хлебам штодзённым, хоць a festis[53] толькі і пасля ўсяго кажа яго падаваць. Я сапраўды меў сярод нашае соймікавае правізіі дзесяткі два пляшак і гэтага хлеба штодзённага, але схаваў іх у коміне ў кабінеце, бо думаў, што соймікавая справа абыдзецца і без гэтага далікатэсу. Зразумеў, што нешта важнае адбудзецца, калі пачынаем з таго, чым зазвычай заканчваем.

Выбраўшы келіх сярэдняе ёмкасці (бо самы вялікі змясціў бы дзве пляшкі), я паднёс яго на тацы ваяводзе, а гайдукі неслі за мною хлеб штодзённы. Пан ваявода падняўся і, узяўшы поўны келіх, сказаў:

– За здароўе Яснавяльможнага Сяліцкага! – ён зрабіў паўзу, а пасля красамоўна закрычаў: – Кашталяна Полацкага ваяводства!

Зірнуў здзіўлена пан Сяліцкі, усе павярнуліся да ваяводы, які стаяў, не апаражняючы яшчэ келіха. Тут падняўся пан Сулістроўскі і, дастаючы з-за пазухі ліст з яшчэ большаю белаю пячаткаю, сказаў:

– Кароль Ягамосць, жадаючы даць табе, мосці падкаморы, довад свае панскае ласкі і ўзнагародзіць мэрыты[54] твае, кліча цябе ў сваё кола і аддае табе вольнае сенатарскае крэсла кашталяніі гэтага шаноўнага ваяводства. Прывілей Найяснейшага пана перадаю ў твае рукі, мосці ваявода полацкі, каб, як princeps nobilitatis[55] у ваяводстве, аддаў цяпер свайму з сённяшняга дня калегу – Яснавяльможнаму кашталяну полацкаму.

Пан ваявода, узяўшы тую паперу ад пана Сулістроўскага, зняў пячатку, дастаў прывілей і, адной рукою аддаючы яго пану Сяліцкаму, другою ўзняў угору келіх:

– Віват, кашталян полацкі! Віват! Агонь! – і выпіў.

Загучалі трубы ды турэцкія барабаны і адначасна Пякарскі даў сальву на дзядзінцы.

Пан Сяліцкі нібы аслупянеў, трымаў у руках прывілей, а слёзы, як гарох, каціліся ў яго па твары...

Келіх ад ваяводы ўзяў пан Сулістроўскі і паўтарыў тое ж самае: зноў зайгралі трубы – і сальва. Ішло так далей і далей, аж нарэшце пан Сяліцкі, выціраючы ад слёзаў твар і вусы, сказаў мне:

– Пане маршалку! Проша келіх.

Я падаў поўны. Яшчэ мацней паліліся ў яго слёзы, калі хацеў прамоваю аддзячыць за гэтую неспадзяваную пасаду. Выбачайце, калі ласка! Ён не плакаў бы так горка, калі б ў яго маёмасць адабралі! Вось што значыць удзячнасць у пачцівым сэрцы! Бо хоць заўсёды быў нашым праціўнікам, аднак quod jure, juste[56], трэба сказаць, што пан Сяліцкі – шляхетны чалавек і паважаны абывацель.

Ледзь ён прамовіць змог, а я і не пачуў ягонае кангратуляцыі[57]; закончыў больш гучна і зразумела, прапануючы тост за здароўе Яснавяльможнага Сулістроўскага, годнага саноўніка і будучага пасла Полацкага ваяводства.

– Віват! – крыкнулі ўсе мы гучна.

Ад трубаў і сальвы аж вокны дрыжалі. Пан Сулістроўскі паводле свайго звычаю гаварыў няшмат, толькі ветліва кланяўся, усміхаўся і падкручваў вусікі.

Я падаў больш келіхаў, кожны хапаў іх, і гучалі віваты і для новага кашталяна, і для будучага пасла. Адзін пан Рэвут, што прымасціўся на канцы стала і не далучаўся да нашае весялосці, а, гледзячы на індычынае сцягно, ківаў толькі галавою; але калі хтось з гурту крыкнуў:

– За здароўе пана Брастоўскага, другога нашага пасла!

Пан Рэвут не вытрымаў і запытаўся:

– Як гэта, мосці панове? Ці ж ужо закончыўся соймік, што вы віншуеце паслоў?

Не пачулі ў галáсе гэтай tanquem[58] ягонае пратэстацыі, але пан Станіслаў, што сядзеў насупраць, зірнуў з-пад ілба і ціха, але выразна сказаў:

Хапай, Рэвут, мяса!

І што б з гэтых іхніх урачыстых прамоваў выйшла? Можа б, зноў справа дайшла да Гарасіма, бо і пан Рэвут не даецца вадзіць сябе за нос, але, кланяючыся ўсім ветліва, пан Сулістроўскі не спускаў анікога з вока; ён ужо раней заўважыў, што пан Рэвут не прыняў падаванага мною келіха, і зразумеў, што можа здарыцца. Дык падышоў да пана Падвінскага, шапнуў яму штосьці на вуха; а той доўга шаптаў пану Рэвуту, а пасля завёў яго ў кабінет, куды ўжо раней пайшоў пан Сулістроўскі.

Пан Станіслаў падміргнуў мне, а я яму, калі ж я падышоў да яго, ён ціха сказаў:

– Ой! Пане браце! На шчырую споведзь узяты наш рэвэрэндысімус казнадзей і паэт.

– Вытрымае, – адказваю. – Гэта ж галава Scholarum Piarum!

– А мне здаецца, пане браце, што цяпер, уласна, ядзяць кашу, у якую пан Сулістроўскі p... ўкінуў. Памятаеш апошнія словы Рэвутавага казання?

Ніхто гэтых хітрыкаў і манеўраў апрача нас не заўважыў, дык надзвычай усе здзівіліся, калі хутка з’явіліся з кабінету пад руку праціўнікі; а пан Сулістроўскі з усмешкаю на твары і падкручваючы вусікі, шчыра кажучы, нібы кпіў з нашае соймікавае заўзятасці.

– Мосці кашталяніч! – сказаў ён пану Брастоўскаму. – Падзякуй свайму шляхетнаму супрэтэндэнту, які адмаўляецца ад свайго намеру.

– О, гэта чараўнік! – сказаў я пану Станіславу. – Ці не мае ён якога талісману?

– О, мае, мае, пане браце! Мае талісман і носіць яго тут, – адказаў ён, стукаючы пальцам па ілбу.

Калі ўжо абнімаліся пан Брастоўскі з панам канюшычам, ваявода, гледзячы на гэта, сказаў:

– Святыя айцы! Калі з-за шчаслівае інфлуенцыі[59] пана пісара літоўскага ўсё ў нас прыходзіць да згоды, дык зусім адпаведным будзе зараз келіх “Кахаймася!” Агонь!

Загучалі трубы і кананада; але ўсё гэта нечакана і неспадзявана заглушыў шум на дзядзінцы і пад вокнамі; некалькі сотняў шляхціцаў крычалі:

– Віват, пан Сяліцкі, пасол турэцкі! Віват!

Здзівіліся ўсе, апрача мяне і пана Станіслава, ды пыталіся: што ўсё гэта значыць? Шляхта ціснулася да вокнаў і ў сенцы ды не пераставала крычаць, падкідаючы ўгору шапкі:

– Віват, пасол турэцкі! Усе паедзем з ім у Турцыю, хоць і за край свету!

Я падышоў да ваяводы і ціха патлумачыў пра хітрыкі пана Станіслава; ён крыху зморшчыўся, але тут жа, не разважаючы доўга, сказаў:

– Хадзем, святыя айцы, на ганак, паведамім ашуканай шляхце пра новую пасаду пана кашталяна полацкага і разам з імі паўторым: “Кахаймася!”

Дык усе гуртам за панам ваяводам выходзім на ганак. Дзядзінец двара, дзе мы жылі, быў дастаткова вялікі. У цэнтры стаяў Пякарскі з сваім войскам фронтам да нас; флінты блішчэлі як трубы арганаў. Я падышоў да яго.

– На каравул! – крыкнуў ён, убачыўшы на ганку ваяводу, і махнуў палашом на два тэмпы – атрымалася.

– Зброю да нагі!

Гэта не вельмі суладна пайшло.

– А цяпер набіваць?

Але загневаны Пякарскі, бо не адначасова апусцілі зброю да нагі, ціха прамовіў:

– Ну, пачакайце ў мяне!

Дык яны пачалі чакаць. Пякарскі зноў:

– Набівайце! Няхай вас пярун лясне!

Яны набілі.

– Гатова?

– Гатова.

– Зброю на плячо! – і чакаюць каманды.

Тымчасам пан ваявода, да якога я вярнуўся, прамаўляў на ганку: паведамляў шляхце пра кашталянства пана Сяліцкага, што стаяў побач з ім. Па панскім знаку я загадаў выкаціць колькі дзежак мёду і пераліць іх у цэбры. Не трэба было клапаціцца, чым будуць піць, бо ўсе ўшацкія жыдоўскія кварты і паўкварты былі ў кішэнях братоў шляхты; а асобныя нават з дому прывезлі на соймік алавяныя кубкі. І пачалі шчодра частавацца нашым мядком.

Пан ваявода, заканчваючы прамову, у якой, праўду кажучы, найчасцей было чуваць “святыя айцы!”, але якую шляхта слухала адкрыўшы рот, сказаў:

– Вып’ем жа за здароўе новага сенатара Яснавяльможнага кашталяна Полацкага! Агонь!

Пякарскі камандуе:

– Tou! Tuj! Куркі traf traf!

А шляхта, пачуўшы гэта, адбегла ад шыхту і ўчыніла вольнае месца між жаўнерамі і ганкам.

– Cel! Pal! – як з маслам!

– Віват! – крычала шляхта. – Кашталян полацкі і пасол турэцкі! Такі мы пойдзем з ім у Турэччыну.

Зноў – агонь! Зноў – ррум! Хвацка! Даўшы час набіць, разахвочаны ваявода закамандаваў трэці раз “Агонь!” Адзін стрэл спазніўся... нешта свіснула ў мяне ля вуха... нешта бразнула побач... а ваявода пахіліўся на мяне. Але тут жа адсунуўся і сказаў кампаніі:

– Гуляйце, калі ласка... – І мне: – Святы ойча! Хадзі са мною!

Ён зайшоў ажно ў далёкі пакой, разарваў жупан... кроў палілася струменем... у мяне пацямнела ў вачах і адняліся ногі – так перапалохаўся.

– Святы ойча! Ратуй! Бачыш, мяне хацелі забіць!

Я дрыжаў як асіна і крычаў як непрытомны:

– Гвалт! Ратуйце!

– Ціха! – перапыніў мяне ваявода. – Звар’яцеў? Пакліч неадкладна фельчара Паўла, а сам едзь, як можна хутчэй, у Полацак па ксяндза Грубэра, доктара таварыства езуітаў.

Я выскачыў як шалёны; на шчасце, знайшоў фельчара на кухні, адправіў яго, а сам праз колькі хвілінаў ужо быў на возе, аддаўшы загад расставіць коней па дарозе.

Выехаў на трох лепшых конях; але як справа ішла пра periculum in more[60], дык гнаў як апантаны. За мілю да Полацка конь упаў; я абрэзаў пастронкі і далей... прыехаў. Ксёндз-доктар, неадкладана ўзяўшы сваю падарожную аптэчку, сеў са мною ў брычку, якую далі мне ўжо айцы езуіты; на палове дарогі мы знайшлі гатовыя, што чакалі нас, коні, і прывёз я яшчэ да поўначы гэтага слаўнага лекара ва Ушачы.

Бо ж гэта слаўны на ўвесь свет доктар; алхімік, астролаг, фізікус; а калі б не быў езуітам і вельмі пабожным капланам, дык, пэўна, лічыўся б чараўніком. Ён зрабіў (і цяпер можна бачыць у іхнім рэфэктары[61]) галаву дзядка, які мог гаварыць. Апавядаюць, што за мурам сядзіць езуіт і адказвае на ўсе пытанні, якія задаюць дзядку; але і ў дзядка вусны і вочы варушацца, ды так, што прысягнуў бы, што ён сам гаворыць.

У Полацку заўсёды шмат хворых, асабліва састарэлых дэвотак, якія адначасова і пілігрымуюць да св. Баболі, і лекуюцца ў ксяндза-доктара.

Калі мы прыехалі, дык убачылі на стале пяць гранкулек, якія фельчар дастаў з пляча ваяводы; сем адбілася ад ордэнскае зоркі, на шчасце, адлітае з срэбра, пакідаючы на ёй сем паглыбленняў. Калі б не гэтая зорка на грудзях, гранкулькі былі б у сэрцы, а пану ваяводу – аман.

Ваявода вельмі пакутаваў: сачылася з ранаў кроў, хоць пан Станіслаў і заляпіў іх аржаным хлебам з павуцінаю. Ксёндз-доктар выкінуў усё тое, а як заліў іх нейкім алеем, дык і боль суцішыў, і кроў спыніў, дык і ўсмешка на твары параненага з’явілася. Аднак патэр[62] забараніў ваяводзе ўдзельнічаць у сойміку. Мы зразумелі, што ў такой алегарычнай форме ён забараніў віваты, бо хворы ўжо хацеў піць за здароўе лекара, які паабяцаў яму, што будзе за пару тыдняў здаровы; хоць пан Станіслаў даводзіў мне, што калі б гэты немец не выкінуў яго павуціну, быў бы ваявода здаровы праз два дні і мог бы смела цягнуць хлеб штодзённы.

Віноўніка Пякарскі знайшоў адразу ж: як добры афіцэр, ён заўважыў, хто з жаўнераў спазніўся з выстралам. Схапіў яго на гарачым учынку і агледзеў патранташ. З тае прычыны, што ён даў кожнаму на ўсялякі выпадак па адным набоі з вялікім воўчым шротам, а ў яго не знайшоў гэтага набою – дык зразумела, што ён быў віноўным; што і сам прызнаў без катаванняў, дадаючы, што гранкулькі прынёс з дому. Але розуму яму не хапіла: каб зрабіў сабе асобны набой, дык цяжка было б знайсці праўду.

Усе супакоіліся, што гэта аніякі не шляхціц, але ўласны ваяводавы падданы ўчыніў гэты эксцэс. Дык аніякіх ужо нараканняў на соймікавую заўзятасць не было; наадварот, нават учарашні стрэл па валторнах прыпісалі жаўнерам.

Соймік назаўтра закончыўся ціхамірна. Пан Сулістроўскі, упэўнены ў сваім, раненька развітаўся з ваяводам і ўсімі панамі ўрадоўцамі, абыходзячы іх ад кватэры да кватэры, а калі мы сабраліся ў касцёле пад кіраўніцтвам новага сенатара, пана кашталяна Сяліцкага, які як locum tenens[63] ваяводы, адкрыўшы сесію, тройчы запытаўся пра згоду абраць пасламі Полацкага ваяводства на сойм паноў Сулістроўскага і Брастоўскага, а шляхта крычала за кожным разам “Згода!” і ўрэшце “Віват!”

Іхмосці абраннікі, узяўшыся за рукі, ішлі па касцёле і кланяліся на ўсе бакі. Тут зноў пачуўся гук паштовае трубы ля касцёла. Пан Сулістроўскі абняў калегу на бабінцы, папрасіў яго, каб прывёз з сабою ў Варшаву інструкцыю ваяводства, падкруціў вусікі, весела ўсміхнуўся, ветліва пакланіўся яшчэ раз усім, сеў у каляску – і толькі мы яго бачылі.

Але ўсім было дзіўна, што з ім сеў і пан Рэвут, яшчэ нядаўна такі заўзяты праціўнік. Пазней мы даведаліся, што пан пісар літоўскі завёз яго ў свой маёнтак на Ашмяншчыне і там ажаніў з паненкаю Чаховічаваю, сваёю багатаю і прыгожаю сваячкаю, адзінаю дачкою ў бацькоў, сам нават выдаткаваўшы грошы на вяселле ў Шамятоўшчыне. Дай, Божа, каб пан лоўчыц, не стаўшы паслом, паводле ўласнага казання не страціў p... in connubio[64] і не застаўся тым, што застанецца.

ПАСЛЯ СОЙМІКА

VIII

Вось такі быў соймік. Цяпер мы сядзім дома. Пан ваявода здаровы; носіць у гаманцы замест спарышоў гранкулькі, якія дасталі ў яго з пляча; а срэбраную зорку, якая яго выратавала, ён адаслаў у Вільню na wotum[65] да Вострае Брамы.

У штодзённым звычайным ладзе нашага жыцця няма чаго занатоўваць у мой раптуляр, які я крыху палюбіў. Ужо мяне цягне да яго, і амаль штовечар, калі вярнуся з пакояў ваяводы ў свой закуток ды запалю люльку, то і дастаю з куфэрка свой сэкстэрн[66], кладу яго на стол, аглядаю, перагортваю старонкі, лічу, колькі занатаваных, а колькі яшчэ чыстых? От так сабе... гэта не перашкаджае ані Літаніі[67], ані вечаровым малітвам; а закончыўшы пацеры, сэкстэрнік шусь у куфэрак – і добрае ночы.

Ксёндз Мацей, наш капелан, які ведае пра маю працу, бачачы, што я перапісваю то тое, то сёе з ваяводавага дыярыюша, раіць мне, каб скапіраваў адтуль перш-наперш два ягоныя казанні, якія палову кнігі займаюць, а пасля лацінскія максімы і сэнтэнцыі, якія, здаецца, ён сам на польскі дыялект ператлумачыў вершам ды запісаў у ваяводавую кнігу на дзвюх мовах.

Гэтыя сэнтэнцыі і akumina[68] езуіцкае, бадай, яшчэ ў большасці кухні, часта пачуеш у паважных дыскурсах нашых старых, высока паголеных сэнсатаў[69]: бо ў маладых – лысіны і лаціна выйшлі сёння з моды. Аднак мне здаецца, што cytacya ad rem[70] нейкае мудрае думкі, і асабліва на латыні, не шкодзіць; наадварот, яна даводзіць, што ты ў школе не еў дарэмна кашы, а ў дыспуце – гэта як жалезны клін, які згрысці цяжка, але ён убіваецца і ламае довады праціўніка. Няраз мне здаралася чуць, як адным такім аргументам пераканалі ўсіх, і завершаны гарачы дыспут. А ў дворскім жыцці, дзе часта даводзіцца дзейнічаць языком, не завадзіць мець у памяці запас такіх кліноў; дык гэта варта і перапісаць. А што да казанняў, то маю надзею: ксёндз Мацей пры шкляначцы трайняку пераменіць сваю думку.

(...)[71]

Тут каля двух дзесяткаў аркушаў вырвана з рукапісу, а на першай, з тых, што засталіся, занатавана[72].

 



[1] Прызначаны дзеля перавязкі ранаў.

[2] Лекі.

[3] Мая віна! Мая віна! Мая вялікая віна! (лац.).

[4] Гэтыя словы напісаны па-беларуску.

[5] Вайсковую нараду (лац.).

[6] Небяспека (лац.).

[7] Святы Сакрамент (лац.).

[8] Тут: у кампаніі (лац.).

[9] Тут: моцнага (гарэлкі ці мёду) (лац.).

[10] Тут: пад маёй рукою, пад маім кіраўніцтвам.

[11] Частка касцёла, дзе знаходзіцца вялікі алтар, якую ў часе набажэнства займае духавенства.

[12] Брама з металічных альбо драўляных прутоў.

[13] Сказана – зроблена (лац.).

[14] Нахлебнікі, пенсіянеры.

[15] Вельмі добра, раскошна.

[16] Цёмна-сіні.

[17] Чырвоны гранат.

[18] З шагрэневае скуры.

[19] Блізу (лац.).

[20] Грэтая гарэлка з мёдам і прыправамі. (Прыпіс аўтара-выдаўца).

[21] Імя і мянушку (лац.).

[22] Павага, пашана.

[23] Аслупянелі (лац.).

[24] Давайма разам! (лац.).

[25] Пакараны па закону (лац.).

[26] Ход (лац.).

[27] Выданне.

[28] Як гэта часта раблю (лац.).

[29] Выгнанне.

[30] Без падрыхтоўкі (лац.).

[31] Пастанову адносна грамадскае бяспекі (лац.).

[32] Ухвала, соймікавая пастанова.

[33] Натхняльнік, ініцыятар, пратэктар, кіраўнік.

[34] У часе (лац.).

[35] Парушальнікам закона (лац.).

[36] Па паходжанню (лац.).

[37] Асоба, індывідуум.

[38] Частавання.

[39] Як мала значнае (лац.).

[40] Пазбаўляю павагі (лац.).

[41] Занядбанне, папярэдняе вырашэнне (лац.).

[42] Грамадзянін і слуга (лац.).

[43] Адважыўся (лац.).

[44] Прывялебны (лац.).

[45] Я сказаў (лац.).

[46] Праціўнікі (лац.).

[47] Большасць (лац.).

[48] Картка для выбараў з напісаным прозвішчам кандыдата альбо шар дзеля галасавання.

[49] А ці законна? (лац.).

[50] Надакучлівых просьбаў.

[51] Ласкі.

[52] Слуга.

[53] У святы.

[54] Заслугі.

[55] Першы сярод нобіляў (лац.).

[56] Калі па-справядлівасці (лац.).

[57] Тут: падзячнае слова.

[58] Нібы, быццам бы (лац.).

[59] Працы, дзеянняў.

[60] Смяротную небяспеку (лац.).

[61] Кляшторнае памяшканне, дзе манахі сталуюцца.

[62] Айцец.

[63] Заняў месца (лац.).

[64] У шлюбе (лац.).

[65] Дар на алтар за вылечванне (лац.).

[66] Сшытак, не пераплеценая кніжка.

[67] Набажэнства, маленне.

[68] Досціп (лац.).

[69] Мудры, вучоны чалавек.

[70] Цытаванне (лац.).

[71] Далей у творы ідзе раздзел “Сэнтэнцыі з кнігі пана ваяводы” – 50 лацінамоўных выслоўяў.

[72] Прыпіс аўтара-выдаўца.



Hosted by uCoz

Да зместу