Да зместу

ЯН ЧАЧОТ


>

ТВОРЫ ЧАСОЎ ССЫЛКІ І
АПОШНІХ ГАДОЎ ЖЫЦЦЯ 1825-1847

 

 

ЯНА ДАЛЁКА

Трызню табою, адзінай,
О маё шчасце, дзяўчына!
Дзе ты, жыццё маё, ранне,
Ты, маё ў свеце каханне?
Ты за той дальняй смугою!
Не за адной ты гарою,
Не за аднымі барамі,
Не за аднымі гарамі!

Дзеляць нас земляў абшары,
Горы, лясы, нібы хмары,
Дзеляць аблокаў чароды,
Розныя дзеляць народы.
Ці калі ўбачу цябе я?
Ці я прайду скрозь завеі,
Тыя між намі абшары,
Горы, лясы, нібы хмары?


* * *

Толькі Айчына і Зося -

Сёння мне ўцехай адзінай.
Сёння мне ўцехай адзінай,

Жалю і смутку прычынай.

Хто ж за любоў, за каханне

Даў мне пакуты такія?
Вашай я рады чакаю,

Добрыя сэрцы людскія.

Я панясу да магілы

Любасць да краю і Зосі,
Хоць мне любоў гэта ў сэрцы

Столькі няшчасцяў прыносіць.


СПЯВАЙ ПА-НАД СОЛЬЧАЙ, САЛОЎКУ

Спявай па-над Сольчай, салоўку,

Хоць я цябе там не пачую.
Увечары прыйдзе ізноўку

Яна ў тваю заціш лясную.

Яна, каго ў думках нам стрэціць

Так люба у дзень гэты весні,
Хоць хвілю здалёк нам пасвеціць

І хвілю тваёй чыстай песні.

Ты, Сольча, пад месячным ззяннем

Між лозаў, праз зацень завояў
За далеч, з глухім буркатаннем

Нясі сваё срэбра жывое.

Яна, каго ў думках нам стрэціць

Так люба у час гэты весні,
Хоць хвілю здалёк нам пасвеціць

І хвілю тваёй, рэчка, песні.

Ці пойдзем калі яшчэ з ёю

Паслухаць пад месяца ззянне
Салоўку чароўнай парою

І, Сольча, тваё буркатанне?

Мо з часам пачуцці астынуць,

І знікнем мы ўсе, як аблокі,
Усё ж нашы душы не згінуць,

Запомняць нас Сальчы затокі.


ГОЛУБ

Я паслаў бы, голуб,
Цябе ў любы край,
Дзе маё каханне,
Дзе мой светлы май.

Мо б занёс праз далеч
Мілай колькі слоў:
Лейлі, ты мне люба,
Жыў я і здароў.

Я сказаў бы, голуб:
Мчыся ў добры час,
Між дзяўчат пазнаеш
Мілую ты ўраз.

Твар яе журлівы,
Хоць на вуснах - смех.
І сядзіць самотна
Між людскіх уцех.

Ты яе пазнаеш,
Бо яна - адна,
Самая з наймілых
Мілая яна.

Што яна - красуня,
Слова нават дам.
Ну, а ці сумуе...
Ты убачыш сам.


ВАНДРОЎНАЯ ПТАШКА

Пташка, пташка,
Скуль ляціш ты -
Ці не з нашых
Ніў?

Каб пачуць мне
Што аб мілай,
Я б шчаслівы
Быў.

Мо была
Ў яе садочку?
Ці не стрэла
Там

Той найгожай,
Да якой бы
Паляцеў я
Сам?

Ці не чула
Выпадкова
Ты хоць колькі
Слоў

Той, якая
Не выходзіць
З маіх юных
Сноў?

Ах ты, пташка,
Адлятаеш -
У якую ж
Даль?

Мне пакінула
Ізноў тут
Па наймілай
Жаль.


ЗЯЗЮЛЬКА

Кукавала у садочку
Ўсім зязюлька пад лісточкам:
- Не звівала я гняздзечка -
Хто б мае прыняў яечкі?

Салавей саўе гняздзечка,
Возьме ён мае яечкі.

Кукавала у садочку
Зноў зязюлька пад лісточкам:
- Тут лятала я ўсё лета,
Звала, звала сваіх дзетак.

Толькі дзеткі між гаямі
Паляцелі з салаўямі.

Зося слёзы пралівае,
Галаву ніжэй схіляе:
- Ой, хто косы распляце мне?
Хто вяночак мне надзене?

Брацік косы распляце мне,
А сястра вянок надзене.

Плача Зося, не сціхае,
Галаву ніжэй схіляе:
- Болей мне у роднай хаце
Не гуляці, не спяваці:

Брат вяночак зняў з ахвотай,
А сястра забрала ўплёты.


ПРЫЛЯЦЕЛІ САКОЛІКІ

Прыляцелі саколікі
Пад вішнёвы сад,
Звалі ў неба зязюлечку
Ад густых прысад.

- Паляцець бы з вамі рада
Я ў любую даль,
Ды мне саду зялёнага
І гняздзечка жаль.

Прыехалі да дзяўчыны
Ды сваты гурмой,
У дарогу сабірацца
Клікалі з сабой.

- Рада б я паехаць з вамі
У любую даль,
Ды мне маткі і сястрычак
І айчыны жаль.


КАСЕЦ

1
Раскажы ты мне, батыр, якое сонца
Тут цябе пячэ больш, у тваёй старонцы?
Тое, што па небе над табой гуляе
Ці што воч ясноту на цябе ўздымае?

2
Сонца з неба голаў апячэ ці палец,
Любая ж пастушка - жарам сэрца паліць.
Ліпы цень шырокі - схова ад прамення,
Ад агню ж кахання дол сыры - збавенне.


МАЛАЦЬБІТЫ

1
Тах, тах, тах, тах, тах, тах, тах, тах,
Памагай нам, Божа!
Тах, тах, тах, тах, тах, тах, тах, тах,
Вымалаціць збожжа!

2
Ну ж вы, хлопцы, ну ж, дзяўчаты,
Дружна станьце ў кола!
Будзем біць без паганятых
У цапы вясёла!

3
Абмалоцім жыта, проса
І ячмень вусаты -
Загудуць, як павялося,
Ад вяселляў хаты.

4
Досыць, Стах, дзяўчатак зводзіць,
Іх збіваць са шляху:
Трэба з жонкай быць у згодзе -
Бі ў цапы для Стаха!

5
Глянь, як Янка вочы косіць
Сціха ў бок каханкі.
Трызніць ён даўно аб Зосі -
Бі ў цапы для Янкі!

6
А дзяўчына сцяла губкі -
Разгнявіла штось іх!
Але гэта гнеў галубкі -
Бі ў цапы для Зосі!

7
Штосьці Куба ўсё ўздыхае -
Мо каму нялюбы?
Дый яго хтось пакахае -
Бі ў цапы для Кубы!

8
Домік Бартка мёдам слыне -
Спаць не любім, братка!
Ды ён марыць аб Марыне -
Бі ў цапы для Бартка!

9
Ні к чаму дастаткі тыя
Ды без гаспадыні!
Сняцца ўжо даўно сваты ёй -
Бі ў цапы Марыне!

10
Чуюць Анкі спеў прыгожы
Вечары, світанкі.
Хто ж ёй сэрца растрывожыў -
Бі ў цапы для Анкі!

11
І ў Алесі ёсць сакрэты:
Сумная, па лесе
Ходзіць цэлы дзень без мэты -
Бі ў цапы Алесі!

12
А Брыгіда Бога славіць,
Тых, хто ў хату прыйдзе,
Добрым словам, смехам бавіць -
Бі ў цапы Брыгідзе!

13
Тах, тах, тах, тах, тах, тах, тах, тах.
Памагай вам Божа,
Тах, тах, тах, тах, тах, тах, тах, тах,
Вымалаціць збожжа!

14
Дык мяціце ўсе напасці
Вы з двароў за брамы!
Хай вас Бог адорыць шчасцем
І паны таксама!


КУМ І КУМА

Кума нітак напрала,
У маток іх звівала.
Кум дзівіўся: як гожа
Кума ніткі віць можа.

Наварыў кум ёй піва,
Частаваў так зычліва
І дзівіўся: як гожа
Кума піва піць можа.

Як з бяседы аднойчы
Кум куму вёў уночы,
Ён дзівіўся: о Божа,
Кума йсці ўжо не можа.


ПРАСНІЧКА

Гожыя дзяўчаткі
Ля праснічак селі -
Тоненькія ніткі
Цягнуцца з кудзелі.

Віся, вераценца,
Віся, ды баржджэй!
Доўга тая любіць,
Дзе нітка даўжэй.

Паплыў нарачоны
Ў Кралявец віцінай,
Развітаўся шчыра
З любаю дзяўчынай.

Віся, вераценца,
Віся, ды баржджэй.
Доўга тая любіць,
Дзе нітка даўжэй.

Хораша прадзецца
Маладой дзяўчыне.
Тры дні сумавала
Аб сваім хлапчыне.

Віся, вераценца,
Віся, ды баржджэй.
Доўга тая любіць,
Дзе нітка даўжэй.

Сеў тут іншы хлопец
Да яе, ахвочы.
Свецяцца ў дзяўчыны
Зноў ад шчасця вочы.

Віся, вераценца!
Рвецца нітка - ой!
Залілася дзеўка
Чырванню густой.

 

ЛЮБЫМ СЯЛЯНАМ З-НАД НЁМАНА І ДЗВІНЫ

Калі ж вы чытаць ужо будзеце, брацця?
Вы ўведалі б з Божае ласкі,
Што вам неслі шчыра мы гэта багацце -
Ніў вашых калоссе і краскі.

Я з сэрцам удзячным дар шчодры во гэты
Кладу перад вамі мрою:
Калі і да вас блісне промень асветы,
Вы возьмеце дар мой з сабою.

А сёння хай знаюць вяльможныя людзі,
Хто працай узнёс іх у свеце.
Уклаў Бог адны нам пачуцці у грудзі,
Мы ўсе - адной мацеры дзеці.

1840


ГАСПАДЫНЬКА ФРАНУСЯ
(7/19 красавіка 1842 г.)

Глянь у поле - там дзяўчынка з бараной танцуе.
Як у такт яна ступае, як канём кіруе!
Што ў яе за павароты! Што за гнуткасць стану!
На красу такую толькі б любавацца пану!
На мяне ёй сорам глянуць. Памажы ёй, Божа!
Ды і так у шчырай працы Бог ёй дапаможа.
На мяжу жаўрук спусціўся - хоць на паўхвілінкі
Не здалёк, а зблізку танец паглядзець дзяўчынкі.
Шкода толькі: знекуль вецер наляцеў халодны,
Ды і конь яе нядужы - доўга быў галодны.
Божа! Дай хоць добрых коней аратаям нашым.
Каб жылі яны, як людзі. Плёну полю, пашам.
Мілы танец, што чаруе вока ў час натхнёны,
Ды мілейшы той, што ўсім нам хлеб дае штодзённы.
Пасля танца, што між сценаў, - толькі пыл курыцца,
Па Франусіным жа танцы - збажына кусціцца.


МАМКА

Сын радзіўся у танюткай
Гожай пані, станам гнуткай.

Ды марнее хлопчык - Божа!
Бо сынка карміць не можа.

- Хай карміць маё дзіцятка
Прыйдзе з хат якая матка.

За паслугу матку тую
Накармлю і апрану я.

На той кліч прыйшла да ганка
Маладзенькая сялянка:

Свой сынок з ражка піць будзе,
Панскі ж - ссаць яе тут грудзі.

Малако свой - п'е любое,
Панскі ж сын - яе, грудное.

Свой - дзень плача без матулі,
А яна - пяе тут «люлі».

Мамка родная штоночы
Спіць у ложку колькі хоча,

А пазычаная матка
Ноч люляе дзіцянятка.

Так цябе, панок, слабога
Да жыцця ўзняла, малога.

Каб не тая мамка з вёскі,
Ты б і свет не бачыў боскі.

Акрыяў, падрос. Каб сілы
Набіраў хутчэй ты ў жылы,

Для цябе пшанічку жала
«Мамка», булкі выпякала...

Пэўна, ты ўжо знаеш, блазан,
Што жыццём ёй абавязан.

Ці пра гэта ўсё забудзеш,
Калі важным панам будзеш?

О каб помнілі мы, зналі,
Чые рукі нас люлялі,

Бліжнім мо спрыяць бы ўмелі,
Сэрцам бы не ачарсцвелі!

Мо братоў з гнілых хацінак
Не ганялі б, як скаціну.

Плён іх працы б шанавалі,
Каласка б не растапталі.

Іх да сэрца б прытулілі
Ды навукам навучылі.

Помні: многія з тых хатак
Нам другіх давалі матак.


СЯРМЯГА

Пані пекная, што бачыць з-за карункаў гожых,
З-за брыльянтаў пераліўных свету ўжо не можаш,
Глянь на бедную сярмягу хоць адзіным вокам,
Як праходзіць ля карчмы дзе будзеш ненарокам.

Ды нашто шукаць карчмы той - зазірні ў фальварак,
Дзе падданыя сышліся адрабляць шарварак
1:
Больш пярэстага убрання хіба знойдзеш дзе ты -
Нібы ў стравусава пер'е твой мужык адзеты.

На сярмязе ўбогай лата ды на лаце - глянуць:
Дзіва дзіўнае - ну, нібы ў пер'і афрыканец!
Толькі шкода: сонца светлай Афрыкі багатай
Ад яго ляснога краю ўсё ж далекавата.

Без сярмяг, без кажухоў тут у мароз, у холад
Ці ж нам можна абысціся - ты стары ці молад.
Сорам, пані, адзявацца з гэтакай раскошай -
Муж хай лепей на сярмягі дасць сялянам грошай.

Хай падумае хоць трохі і аб іхняй долі,
Зарабіць самім сярмягі хай жа ім дазволіць.
О яснейшымі намнога сталі б твае шаты,
Каб цябе не атачалі, пані, тыя латы!


ВЯСКОВЫЯ ЎЦЕХІ

Вёска любая мая ты!

Часам сумна мне бывае,
Ды тваім праходжу полем -

Сум умомант той знікае.

Стрэну там дзяцей вясковых -

Хоць адзежка ў іх у латах,
Столькі шчырасці чысцюткай

Бачу ў мілых вачанятах!

- Як жывеш, пане Стафане?

Усміхаецца Сцяпанка.
Там - Алесь, а там - Віктося,

Што зардзелася, там - Янка.

Пасвяць свінак тут, авечак.

Гэты - з пужкаю гуляе,
Тая ўе вянок з валошак.

Той скацінку ў гурт збірае.

Там - Гануська-гаспадынька

З Ізабэлкай каля пашы
Шчыра бульбіны збіраюць,

Што выкопвае Лукашык.

Іх, сяброў маіх маленькіх,

Бачыць рад я на палетках -
Змітрака, Марцінка, Юрку,

Даміцэлю і Пракседку.

Іх усіх вітаю шчыра,

Грушку ім даю ці яблык.
Хто раней паглядваў скоса

На мяне, цяпер - мой сябра.

Хай жа вас сам Бог гадуе,

Вам дае здароўе, шчасце,
Ад людзей пашану, ўвагу,

Зберагае ад напасці.

Падрастай, народ маленькі,

Гаспадынькі, аратаі.
Адарыць мне вас няма чым -

Шчырым сэрцам адараю.


БУРАКІ

Цешся, шаноўны ліцвіне:
Славай тваёй - ёсць бацвінне!

Немец, француз, прусакі
Любяць твае буракі:

Глуздам ледзь паварушылі -
Гэткі з іх цукар зрабілі!

Ты ж, пацямнелы у твары,
Вэндзішся ў броварнай пары.

Поіш братоў сваіх з хат -
Ну, хіба ж будзе там лад?

Цягнеш і цягнеш вякамі
Ў бровар кашы з буракамі.

Больш пра валоў дбаеш звеку,
Меней жа - аб чалавеку.

Толькі б мець корм для валоў,
Варыш атруту ізноў.

Толькі б палеткі ўгнаіць,
Люд будзеш далей труціць?

Каб не рабіць гэтак болей,
Травы сей быдлу у полі.

Выціскамі ж з буракоў
Шмат можна ўгноіць лажкоў.

Грошыкі ж з цукру без грэху
Сыпацца будуць, як з меха.


ЛЕЎ САПЕГА1, ВІЛЕНСКІ ВАЯВОДА,
ГЕТМАН ЛІТОЎСКІ

Пану я таму здароўя й доўгіх год жадаю,
Што сялян ад аканомаў злых абараняе.

Мужыка гнятуць як могуць часта аканомы,
На яго шчэ й нагавораць пану, як вядома.

Гетман Леў Сапега мучыць мужыка нікому
Не даваў, казаў ён гэтак хіжым аканомам:

«Вам нішто мужык-араты, для мяне ж - вяльможны,
Каб не ён, ну хіба ж панам з вас зрабіўся б кожны?»

Так, вядома, на каго з вас болей рук працуе,
Той мажнейшы за ратая, што ўвесь век гаруе.

Ах, шануйма ж тыя рукі, што нас кормяць звеку,
Трэба ўсім у мужыка нам бачыць чалавека.

Не было б чым ганарыцца ўсё ж любому пану,
Каб не ўмеў араць і сеяць селянін падданы.


ДАБРАЧЫННЫМ ПАНАМ І ІХ АКАНОМАМ,
ЯКІЯ КЛАПОЦЯЦЦА ПРА ДОБРЫ БЫТ СЯЛЯН

Вам, хто просты люд шануе,

Ад бяды ратуе ўсякай,
За любоў ён дорыць шчыра

Песні гэтыя з падзякай.

Бог, што вам калісь даверыў

Дбаць пра ўсіх сялян, пра лёс іх,
За дабро надзеліць шчасцем

На зямлі вас і ў нябёсах.


ДА МІЛЫХ МУЖЫЧКОЎ

Ды і я вам памагу

Песеньку спяваці,
Ды і я ж між вамі ўзрос

Пры бацьку і маці.

І мне Бог на свеце даў

Гора гараваці,
Штобы лепш я вас любіў

І ўмеў спагадаці.

Ой, што ж вы напелі тут,

Ды якога дзіва!
Шкода, што на голас ваш

Старонка драмліва.

Але як прачнецца з сну

Гэта Дабрадзейка,
Пэўна, будзе слухаць вас

Лепш, як салавейка.

Будзем колісь так і мы,

Як тыя гуралі,
Што пан даў ім есць і піць,

Яшчэ й грошы бралі.

Трэба толькі слухаць нам

Рады таго татка,
Што то казаў гараваць,

Каб аджыла хатка.

Толькі, мусіць, той сынок

Не піў, як мы, водкі,
А то б яму вялеў ён:

Кінь і мёд салодкі.

Ой, гаруйма, братцы, мы,

Кіньма горку жлопель,
Што не з жыта гоняць ўжо,

А з аўса, з картопель.

Кіньце першы, жонкі, вы,

Мілыя дзяўчаты,
Доля, шчасце зачне жыць,

Дзе цвяроза хата.

Благаславіць будзе Бог

Ў каморы, аборы,
І не будзе такі люд

Бяссільны, як хворы.

Ой, каб колісь нам дажыць

Да такой паправы,
То запеў бы з вамі я,

Што нам Бог ласкавы!

 



Hosted by uCoz

Да зместу