Да зместу

Ян Ходзька

ВЫЗВАЛЕНАЯ ЛІТВА,

 

АБО

 

ПЕРАХОД ЦЕРАЗ НЁМАН

 

 

Камедыя ў адну дзею

 

 

 

Дзейныя асобы

 

Пан Пачціўскі – грамадзянін літоўскі

Казімір – ягоны сын, палкоўнік польскага палка

Пан Таргавіцкі

Канстанцыя – ягоная дачка

Даротка – яе кампаньёнка

Пан Ступайла – афіцэр расійскага войска

Войска польскае, грамадзяне літоўскія, жанчыны, дзеці, расійскія салдаты

 

Дзея адбываецца ў адным з дэпартаменцкіх гарадоў Літвы

СЦЭНА ПЕРШАЯ

Таргавіцкі і Пачціўскі

ТАРГАВІЦКІ

Дарэмна, васпане, байкамі цешыць розум,

Адкінь пражэкт пусты ды паглядзі цвяроза.

Ледзь вестку пра вайну аднекуль атрымаеш,

Дык на яе надзею даўнюю ўскладаеш.

Ужо даўно грукочуць войны дзесь за светам,

А тутака – без зменаў зімою і летам,

Адно, што завяліся новыя парадкі –

Больш рэкрутаў бяруць і ўсё растуць падаткі.

У нас раней такога, помню, не бывала.

Мо гэтакіх навінаў пану бракавала?

Хіба не вы зглумілі вольны ўрад[1], дзе продкі

І жыць маглі ў пашане, і есці салодка?

Вы падрыхтавалі няволі мулкі ложак.

Ці ж права на карону быць свабодай можа?

Вы свае ўказы ды войска выдумлялі,

Гарантыю бяспекі лёгка адкідалі,

Яшчэ лісе-махлярцы давяралі долю –

Запозненай шкадобы і скаргаў даволі.

Каго тут вінаваціць? А я ж усё прадбачыў –

Хто з мяне смяяўся, цяпер няхай плача.

Я адразу скеміў, каб уратавацца,

Да саюзу Таргавіцы трэба далучацца.

Але ў тым хаўрусе натрываўся страху,

Убярогся ледзьве ад няшчаднай плахі,

Ды за рызыкоўнасць шмат чаго дабіўся:

Крыж займеў на грудзі, зямлёй узбагаціўся.

Гэта за адданасць, стараннасць і згоду

Даў манарх мне шчодры ва ўзнагароду.

А васпан, насупраць, з-за сваёй маралі

Нават тое страціў, што дзяды прыдбалі.

Меў свае фальваркі, поспех і пашану,

Дык нашто паддаўся веянням заганным?

Захацелі паспытаць французскай свабоды?

Пільны ўрад яскрава вам выказаў нязгоду

І секвестраваў ураз вашу маёмасць,

Чым прыкметна абудзіў шмат каму свядомасць.

Зрэшты, можна й сёння тым ды сім разжыцца,

Як не ленавацца, а трохі круціцца.

І табе пасаду давалі ж у павеце,

Добры хабар на якой заўжды можна меці.

Ты не ўзяў! Рупліва ад ідэі пацееш!

Праз іх, можа, стаў ты гэткім багацеем?

Не ў ідэях шчасце, а ў шанцы харошым,

Хіба гэта важна, скуль бяруцца грошы?

Мне заўжды шанцуе з аднае прычыны:

Дзе добра жывецца, там мая Айчына.

Розумам кіруйся! Іншы шлях няплодны…

ПАЧЦІЎСКІ

Мне вядома шмат людзей, хто з гэтым нязгодны.

Кожны жыць імкнецца з мэтамі сваімі,

Калі хтосьці ўдачу згубіць, дык нехта падыме.

Ты багаты, бедны я – зайздрасць не вярэдзіць.

П‘ю ваду пустую ўсмак, як віно суседзі.

Страціў я маёнтак свой не ў гульнях нікчэмных

І са здрайцамі не меў змоваў патаемных.

А калі Айчына-Маці клікнула падданых

За святую вольнасць нашу ўзяцца аддана,

Я пайшоў на покліч той здзейсніць прызначэнне,

Ды за грэх улада лічыць гэткае памкненне.

Пад прыгнётам невыносным, што нас сёння душыць,

Хіба могуць раптам знікнуць шляхетныя душы?

Ці тыран такі нам зручны і моцныя путы,

Што і розум чалавека імі ўжо закуты?

За Айчыну боль павек не выдаліць з сэрца,

Хоць варожую ўладу трываць давядзецца.

Іншым новыя законы пададуцца раем,

А сумленны чалавек пра свабоду дбае

Для Радзімы дарагой ды сочыць падзеі,

Каб мець з імі хоць якую на вольнасць надзею.

На зямлі дзядоў сваіх мы асірацелі,

У замежжа іншыя з гора паляцелі –

Пад няродным небам скончыць дзён астачу

І не тузаць сэрца прыхаваным плачам.

Хто шануе продкаў нашых запаветы,

Той з народам вольным кроіць карту свету,

Веку не шкадуе, не плача ад раны,

Ахвяруе кроў Радзіме, як Богам абраны.

Іншы нават пад прыгнётам сам сабой застаўся,

З лучнасцю сяброўскаю ў навуку падаўся,

Спасцігае мудрасці вечныя высновы,

Мкнецца несмяротнай зрабіць сваю мову.

Ды й такіх даволі, з жалем я прызнаю –

Страта краем волі іх не закранае.

Дзе крывёю продкі глебу палівалі,

Кар‘ерысты на касцях дабрабыт стварылі.

ТАРГАВІЦКІ

Я васпана зразумеў, на мяне ківаеш.

Сам ты голы, як бізун. Чым жа папракаеш?

Скуль узяўся, невядома, гумар твой заўзяты,

Мо ўжо ў кола ганаровых вучоных прыняты?

І чаму такі надзьмуты? Але кажуць: словы

У кішэнях не звіняць, а тлумяць галовы.

А скажы, прынамсі, на вучоных сходках

Мо падносяць вам віно ці кормяць салодка?

І навошта розум нам трэба ў такім разе?

Як жаданага не знойдзеш пункта ва ўказе,

Не імкніся вырашаць за дужых задачы,

Што загадваюць яны, будзе так, няйначай.

Да пары на вас урад не звяртае ўвагі,

Але хто закон парушыць, будзе таму блага.

Я караў бы моладзь сам, што пабегла цугам

На распусту і няславу ў войска да французаў.

Як вядома, сын васпана збег туды з-пад Коўна,

Ды далёка не ўцячэ ад бяды ўсё роўна.

Розум так яму яшчэ праясняць, прыміраць,

Як прымусяць сабалёў пасвіць у Сібіры.

Што ж датычыцца мяне, дык ці смех, ці кара,

Лепш, лічу, маёнтак мець, чым пустую мару.

Я з твайго ўладання атрымаў надзелы.

Мо пара адкінуць марныя надзеі?

Колькі ты ўжо страціў? Дзе ж узнагарода?

Ні хлеба на старасць, ні табе свабоды.

ПАЧЦІЎСКІ

Пра набытак толькі дбаць – як гэта магчыма?

І пры гэтым пагарджаць роднаю Айчынай!

Не пакутаваць ніколькі ад згрызотных думак

На крыві сваіх братоў складваць грошы ў клунак.

Нас тыран абрабаваў! Дык чаму ж ты рады?

Што ў яго нажабраваў зямлю і пасаду?

Ты сумленнем заплаціў, не заўважыў страты!

Не баішся, што жыццё лёгка згубіш раптам?

Як займеў які ўладар беззаконня крэда,

Дык яго народ рабуе брата і суседа.

Што з табою? Дзе твае праўда і свядомасць?

А хіба спакойны ты за сваю маёмасць?

Ах, сляпы! Сябе не цеш нечыяй пакутай,

Азірніся: сам даўно ў кайданы закуты!

Асцярожны! Убярогся ад ахвяраў горкіх.

Ці злічыў ты з-за цябе іх у краі колькі?

Абураўся на падаткі, лаяў іх упарта.

А сам грошы рассыпаў на карты і кварты.

Ды казаў: “Маёй Айчыне войска без патрэбы”.

Сёння рэкрутаў бяруць столькі, колькі трэба.

Мы ж трываем моўчкі ўсё: здзекі і нядолю.

І не сорамна табе за таўро няволі?

Ты аслеп, аглух даўно. І калі адчуеш:

Беды роднай стараны блюзнерскі смакуеш!

Іншым прынцыпам служыць будуць нашы дзеці!

З Захаду прыязна, глянь, зорка ўсім нам свеціць.

Любіць Бог Напалеона і ўзносяць людзі,

Даўнюю надзею зноў ён у сэрцы будзіць.

Першым быць на гэтым свеце ён адзін абраны,

Свету вольнасць ён нясе, карае тырана.

Шмат скарыў ужо дзяржаў і далей сягае,

Узнялася годна Польшча і яго вітае.

ТАРГАВІЦКІ

Ад гаворак пустамелі проста вянуць вушы,

Бо вядома: абяцанкі, як на вярбе грушы.

Лепш няхай затоіць пан смешныя пагрозы

Ды і ўсе, хто здатны песціць гэтакія крозы.

Раю ціхенька сядзець і не вытыркацца.

Хто з Расіяй роўны сілай і здатны змагацца?

Моц яе вядома ўсім. Бы касой касіла –

Пераможныя палкі супраць нас вадзіла.

Калі мужнасці бракуе – батагом ужараць,

Сам пабачыш, як яны хутка заўладараць.

Пад французам Нёман? Што нам рэчка тая?

Кажуць, войска рускае покуль адступае,

А спахопіцца няўзнак ды ў Азіі стане,

Вось тады… Тады ўжо мне невядома, пане,

Ці французіку таму выстачыць геройства,

Што меў смеласць скіраваць да Расіі войска.

ПАЧЦІЎСКІ

Волата такога свет мо яшчэ не бачыў,

Ён ужо Еўропу ўсю мужна перайначыў.

Ці магчыма ставіць побач з ім на адны шалі

Тых, каго выпадкам лёс узносіць на хвалі?

Над людзьмі ён мае сёння бязмежную ўладу

І за што б ні ўзяўся, даводзіць да ладу.

Ведае наперад ён канаванне долі,

Робіць толькі тое, што другі б не здолеў.

Як задумаў, гэтак будзе. Мае слова сілу –

Утаймуе, як Еўропу, урэшце і Расію,

Каб народ наш здолеў зноў з Польшчай аб‘яднацца...[2]

ТАРГАВІЦКІ

Шмат сумненняў у мяне, што можа так стацца,

Бо наслухаўся ўжо ўдосталь пра расейцаў сілы,

Падлічы, колькі народаў яны далучылі!

Я таму зусім спакойны, доказаў не мала,

І заручыны дачкі спраўлю са Ступайлам.

Ты б пабачыў, што за хлопец! Якія манеры!

Служыць ён у войску, у званні афіцэра.

Дзядзька завітаў яго, багацей, гавораць.

Обер-сакратарскі чын мае год каторы.

Пры пасадзе той, скажу, золата – ракою,

Паспявай ды заграбай сквапнаю рукою.

Ці заб‘е дзе хто каго, ці зманам абкруціць,

Выйдзе чысты, як анёл, – суд за грошы купіць.

А калі прызнацца шчыра: нідзе няма праўды.

Служаць людзі абы як – нізкія аклады.

Нас фартуна потайкі надзяляе доляй –

Хто разумны, набярэ ў час жніва даволі.

Цяжкая цяпер пара, ды не будзе дзіва,

Што багатым маладым жывецца шчасліва,

Хоць працівіцца дачка – вольнасць выхавання,

Ды яна заўжды была вельмі паслухмянай.

З часам, думаю, яе ўгаварыць патрапім.

ПАЧЦІЎСКІ

Выпадкова той праект не прынёс бы стратаў…

Чым завершыцца вайна, знаць ніхто не можа,

І бывае, што жаніх уцякае з ложа.

А багатай, як Кастуся, ды гожай паненцы

Можна выбраць жаніха, каб ён быў да сэрца.

Пажадаць магу: няхай Кастусін абраннік

Годна славу нажыве ў праведным змаганні.

ТАРГАВІЦКІ

Досыць! Досыць балбатаць! Трэба ведаць меру!

Раіш мне за зяця ўзяць польскага жаўнера?

Бач, як хітра павярнуў! Як ліса, нявінны!

Мусіць хочаш нам свайго ты пасватаць сына?

Папярэджваю: язык дарэмна мазоліш,

Бо твой сын, бы ты ўбогі, як бізун той, голы.

І, напэўна, трэба мне мець розум дзіцяці,

Каб выгнанца-галяка ўзяць сабе за зяця.

А ці чуў, што пішацца ў імянным указе?..

ПАЧЦІЎСКІ

Гэта ўжо занадта! Бясчэсце і абраза!

Ты не разумееш ні гонару, ні славы

Роднага народу і сваёй дзяржавы!

Волатава племя, князевы нашчадкі

Мы сабраць жадаем дзедаўскія спадкі,

Палымяным сэрцам і зброяй жалезнай

Для радзімы дарагой здабыць незалежнасць!

Несмяротны будзе той і заслужыць шчасце,

Хто з французамі пайшоў за волю змагацца.

Хто жыцця не шкадаваў з братамі па зброі,

Каб Еўропу на лад новы слаўна перакроіць.

Толькі новы Геркулес узяўся за справу,

З ім і польскія палкі заслужылі славу

І сімпатыю яго здабылі адвагай,

Побач з ім змагацца кіруе ўсімі прага:

У марской бязмежнай плыні ці ў пушчах Гірканскіх,

У Нубійскіх мо пустынях ці ў землях Германскіх,

Там, дзе сонейка ўстае, дзе кладзецца спаці,

Перамога вымагае вялікае працы.

Дзе арол французскі лётаў, з ім польскія воі

Цераз боль і страты йшлі дарогай сваёю.

Ім адна патрэбна слава – вольная Айчына,

Покуль нехта тут прадажна разжываўся чынам.

Хутка вернуцца яны светлаю часінай –

Ганаруся нездарма я мужнасцю сына.

Вы зірніце, як над Эбам, жадаючы славы,

Стойка нашы ваяры бой вядуць крывавы.

Над скалою непрыступнай, безданню глыбокай –

Скрозь блішчаць мячы і ўецца іх штандар высокі.

Хто яшчэ змагаўся так мужна і аддана,

Заслужыў народ які большае пашаны!

І каго правамі больш збаўца удастоіў?

ТАРГАВІЦКІ

А хто болей, чым васпан, балбатаў пустое?

Надакучыў надта мне, каб не крыкнуў пеўнем,

Дык пад тое буркатане заснуў бы, напэўна.

Апантаны ўсе палякі дурною надзеяй…

СЦЭНА ДРУГАЯ

Тыя і Ступайла

ТАРГАВІЦКІ (да Ступайлы)

Прывітанне, ваша светласць! Мой вы дабрадзею!

Ці ў гуморы? Як спачыў? Ці, васпан, здаровы?

СТУПАЙЛА

Верна паслужыць цару я заўжды гатовы.

Але быць у гэтым краі – мне нібы няміласць,

Апусцеў більярд, карчма... Сумна і паныла.

Каб цяпер у Пецярбург... Божа, як згадаю –

Штохвіліны мець магу, што ні пажадаю.

Абы грошы ў каліце, свісні – і аддана

Паспяшаюць слугаваць дарагому пану.

А карэты! Коней лёт, пугай разагрэтых!

А якія цемлякі, шпоры, эпалеты!

Хто жадае працаваць на сваю Айчыну,

Той маёмасць атрымае і будзе пры чыне.

ТАРГАВІЦКІ

Мо нявесела цяпер і ў самой сталіцы,

Бо і войска, і манарх сёння – на граніцы.

СТУПАЙЛА

Што ў нас быў бы за парадак, памяркуйце толкам:

Каб не мелі да вайны загодзь падрыхтоўкі.

Дбайна думаюць пра нас міністры ў кабінетах –

Войску раздаюць па модзе новыя каскеты.

І мундзіры гожыя – тасьма ды аздоба.

Будзем мы цяпер зусім да прусакоў падобны.

Так пацвердзіць і рыштункам еднасць нам ахвота...

Англічане карабіны далі для пяхоты...

ПАЧЦІЎСКІ

Бараніць край трэба сэрцам і добраю воляй.

СТУПАЙЛА

Паспяшалі бараніць, каб схапіць паболей.

Як яго не бараніць? Ці васпан шалёны?

Хіба ж можна прапусціць паход гэткі плённы?

Кожны ў краі атрымаў дарункаў багата.

Страціць гэта – з чаго жыць? Чым пакрыеш страты?

Вось у нашай старане нас і блаславілі

На паход, што б у Сенаце там ні гаварылі.

Бо з Сената рассылаюць парахню паперы,

А адсюль плывуць рублі і срэбра без меры.

Мы наёмнікаў набралі для рабункаў вольных,

Хто ж захоча прамаргаць шанец свой свавольны?

Умацоўваем мяжу з Захадам па плану,

Нават карты ўсім палкам у час разасланы.

Войска рушыла ў паход. Раптам – скавытанне.

Што за роспач! Што за плач! Што за развітанне!

Той вайне аддаць не хоча адзінага сына,

Той каханку ад сябе ніяк не адрыне.

Абураліся магнаты гэтай навіною:

Цар і гвардыя заняты новаю вайною.

Пакаралі – хто слабы. Мужным ды адданым

Узнагароды па заслугах – Уладзіміра, Ганну.

Ды саветнікаў набралі тытульных і стацкіх,

Памірылі гетманаў і ваявод казацкіх.

Дзядзька мой мяне аддаў і не стаў спрачацца –

Атрымае душ пяцьсот гадоў на дванаццаць...

ТАРГАВІЦКІ

Дарагі мой, ты прынёс добрыя навіны

Не сказаў чаму раней, з якое прычыны?

У якой губерні? Дзе дар гэты шыкоўны?

СТУПАЙЛА

У тутэйшай, пэўна... Ах, павет не помню...

ТАРГАВІЦКІ

Землякамі будзем! Шчасце – няма словаў!

За цябе аддаць дачку, пане, я гатовы.

СТУПАЙЛА

Таго толькі прагну.

ТАРГАВІЦКІ

Такім чынам – згода! (Ціха, убок.)

Ну й пашанцавала! Гэткая выгода!

Хлопец ён, што трэба, варта мне ўхапіцца

Ды праз будучага зяця трохі ўзбагаціцца. (Далей – уголас.)

Васпане Пачціўскі, маеш розум ладны,

Дык, прашу, складзі кантракт шлюбны неадкладна,

Не забудзь адзначыць: зяць дачку кахае.

ПАЧЦІЎСКІ

Бач куды ён невад свой хціва закідае.

Задаволіць я б хацеў вашыя памкненні,

Ды на шлюб патрэбна мець цара дазваленне.

ТАРГАВІЦКІ

Далібог, што праўда. (Да Ступайлы)

Важная прычына.

СТУПАЙЛА

Толькі б дала згоду любая дзяўчына,

Зладзім шлюб таемна, не асудзяць людзі,

А тым часам дзядзька нам патэнт здабудзе.

ТАРГАВІЦКІ (да Пачціўскага)

Ну, дык што, васпане, можа план удасца?

ПАЧЦІЎСКІ

Махлюйце ўжо самі. Я вам не дарадца. (Выходзіць.)

ТАРГАВІЦКІ

Адвярнуў нос ягамосць, упрочкі падаўся.

Сын ягоны да Кастусі колісь заляцаўся.

Тры гады таму, як з‘ехаў у войска наймітам,

Перакройвае Еўропу за мяжой нібыта.

Прывяду сюды дачку. Распалі ёй душу.

Пасцялю табе я сёння падушку як мужу.

СЦЭНА ТРЭЦЯЯ

СТУПАЙЛА (адзін)

Цуд! І як старога ўраз прывабілі грошы!

Сам часова пажыву на яго раскошы.

Адсмакую, адсвяткую, ласкамі нап‘юся,

Пры нагодзе да Расіі з абозам памкнуся.

Без шкадобы і тугі паеду шчасліва –

Дастаткова дзевак скрозь, маладых, цнатлівых.

Што яе пакіну – ніхто не асудзіць,

Шлюб наш незаконны з той прычыны будзе,

Што ён без патэнту. І сябе здаволю…

СЦЭНА ЧАЦВЁРТАЯ

Канстанцыя, Даротка, Ступайла

КАНСТАНЦЫЯ

Бавіць мушу пана з бацькавае волі.

СТУПАЙЛА

Мілая Кастуся, я шчаслівы дужа –

Бацька ваш жадае паскорыць замужжа.

Да такога кроку я даўно гатовы...

КАНСТАНЦЫЯ

Няхай пана не абразяць гэтакія словы:

На жыццё шлюб звяжа. Як зладзім наскора,

Не набрацца б нам пасля у тым шлюбе гора.

Хто жадае ажаніцца праз два-тры спатканні,

Не каханне стрэне, а расчараванне.

Лепей трэба нам пазнаць нашы цноты, вады,

Бо паспешлівасць, на жаль, не вядзе да ладу.

А наогул пану я намякаю тонка:

І праз год не захачу быць ягонай жонкай.

СТУПАЙЛА

Як гэта магчыма? Ваш бацька спадзяецца...

ДАРОТКА

Не ўцячэ, што наша, хоць і адкладзецца.

Прытрымай, васпане, свой імпэт на потым.

Рыцара чакае на вайне работа:

З ворагам змагацца мужна і аддана

Як не для Радзімы, дык хаця б для панны.

Быць жанчына прагне з мужным чалавекам,

Вяртайся са славай цэлы ці калека.

Ды вянок лаўровы падары багіні.

Вартае кахане ніколі не згіне.

Як тады імя Ступайлы высока ўзляцела б...

Ды змагацца пан жадае толькі на пасцелі!

СТУПАЙЛА

Загадай служанцы, лепш рот няхай затуліць,

Знакаміты быць магу без шаблі і кулі.

Не бязродны я пакуль, дзядзька – у Сенаце,

Дык не варта на вайне жыццё сваё траціць.

Для каханае паненкі сябе захаваю

І як-небудзь пры абозе вайну скаратаю.

Потым дзядзькавы дукаты пусцім па знаёмых –

І саветніка пасаду атрымаю ў момант.

Час прабавім у сталіцы весела паволі...

Адхапіць бы пракурорства, калі лёс дазволіць.

Асабліва ў гэтым краі чын заняць ахвота,

У раскошы жыць маглі б, не ведаць турботаў.

Каб фартуна паспрыяла добраю рукою,

І без працы пацякло б золата ракою.

Ці падатак, ці падрад, ці ў кагосці гора –

Нам усё прыбыткі множыць, усё грошы дорыць.

Каго лепшага, Кастуся, падбярэш для пары?..

КАНСТАНЦЫЯ

Пан каханню аддае занадта ахвяраў.

Ды дарма: не трэба мне ні славы, ні сану ж,

І скажу васпану шчыра: не хачу я замуж.

Полька я, інакшай мэтай сэрца апантана,

Вельмі розныя ў нас з панам цноты і заганы.

Бо прывідная заможнасць, велічнасць – аблуда,

Скарбы іншыя цяпер шануюцца людам.

Войска роднае бароніць край радзімы дзёрзка,

А не катуе зямлю здрадай, марадзёрствам.

Сёння льецца кроў палякаў, вы ў тым вінаваты.

Як быць жонкай маскавіта? Жонкай акупанта?

Гнеў мяне апанаваў. Калі гора бачу

Зваяванага народу – сэрца маё плача.

Гэты боль мяне пячэ незагойнай ранай...

І няхай мая гарачнасць не здзіўляе пана.

СТУПАЙЛА

Як жа можна, каб дачка ды з бацькам нязгодна...

ДАРОТКА

Нам жа, пане пракурор, надта невыгодна

Жыць, даруйце за адвагу, у перабудову,

Вывучаць чужы закон, і права, і мову.

Застанёмся ў краі родным і чакаць тут будзем,

Покуль нейкі нарачоны паляк не прыблудзіць.

З ім хутчэй мы мову знойдзем. Свой жа, не чужынец.

Як ажэніцца, напэўна, ужо не пакіне.

Калі ж з панам распачнём вандраваць па свеце –

Да Камчаткі даімчым, нават не прыкмецім...

СТУПАЙЛА

Невялікая паненка, а галосіць гучна,

Каб не шкадавала...

СЦЭНА ПЯТАЯ

Тыя ж і маскоўскія салдаты

САЛДАТ

Всё благополучно.

На пикете казаки стрельбу начинают.

СТУПАЙЛА

Как? Да что ты говоришь?

САЛДАТ

Ей-богу стреляют!

СТУПАЙЛА

З вашага дазволу, сам праверу справу. (Выбягае).

ДАРОТКА

Паспяшай, вялікі рыцар! Уперад! Па славу!

СЦЭНА ШОСТАЯ

КАНСТАНЦЫ (адна)

Літасцівы Божа! Час прыйшоў змагання,

Для жаўнераў нашых прагну я спрыяння. (Чуваць стрэлы.)

Недзе чутны стрэлы, гэта народ-волат

Вызваленне нам нясе ад ганьбы, няволі.

Справядлівы Божа, дай жа людзям міру,

Будзь ласкавы, уратуй майго Казіміра.

Смеласць, Госпадзі, даруй слабой мне, дзяўчыне,

За каханага малюся, як і за Айчыну.

Блаславі на вольнасць люд пакутны і любы

І абранніка майго захавай ад згубы.

СЦЭНА СЁМАЯ

Кастуся. Даротка

ДАРОТКА

Ах, мая паненка, маскаль прэ наўцёкі,

Бачны польскія сцягі на гары здалёку.

Горад панікуе, хто куды ўцякае,

Той крадзе чужое, той сваё хавае.

КАНСТАНЦЫЯ

Божа, дзе мой бацька? Што цяпер з ім стане?

ДАРОТКА

Коней запрагае сярод лета ў сані.

Нібы ачмурэлы, не помніць, што робіць,

Можа, хто са слуг хаця васпану пасобіць.

СЦЭНА ВОСЬМАЯ

Тыя ж і Таргавіцкі

ТАРГАВІЦКІ

Ах, дачка! Хутчэй збірайся! Вось Божая кара!

Лепей бы я дачакаўся шалёных татараў.

Я ўжо еду! Ну, жвавей! Трэба ратавацца!

КАНСТАНЦЫЯ

Гэта ж нашыя браты. Ад каго хавацца?

Ці ж з радзімае старонкі хто куды ўцякае?

ТАРГАВІЦКІ

Вось вар‘ятка! Ты падумай, што нас тут чакае?

Зараз жа збірайся! Часу – ні імгнення.

СЦЭНА ДЗЕВЯТАЯ

Даротка. Канстанцыя

ДАРОТКА

Гэта ўжо не жарты. Дзіўнае здарэнне.

І куды са страху ў свет пан папрастуе,

Калі дом уласны нас не паратуе.

КАНСТАНЦЫЯ

Літасцівы Божа, праясні свядомасць

Бацькі дарагога любасцю да дома.

Маскалі ўцякаюць – туды ім дарога,

Няхай выйдуць з сэрца бацькі дарагога.

СЦЭНА ДЗЕСЯТАЯ

Тыя самыя і Таргавіцкі (Нясе вялізны куфар, відаць, што моцна ўсхваляваны і заклапочаны.)

ТАРГАВІЦКІ

Ці мая паненка ўжо ехаць гатова?

КАНСТАНЦЫЯ

Але, тата любы, толькі адно слова...

ТАРГАВІЦКІ

Ні слова, ні гуку! За мной паспяшайся!

СЦЭНА АДЗІНАЦЦАТАЯ

Тыя ж і Ступайла (з двума салдатамі)

СТУПАЙЛА

Куды гэта спешна пан накіраваўся?

ТАРГАВІЦКІ

Ах, васпан Ступайла, дрэнныя навіны!

Ці спаліць паспелі з харчам магазіны?

Я паеду з вамі...

СТУПАЙЛА

Вой, васпану цяжка. (Да салдатаў.)

Кіньце куфар гэты ў маю каламажку.

(Салдаты бяруць куфар у Таргавіцкага і выходзяць.)

ТАРГАВІЦКІ

Мной устурбаваны, як сваім абозам.

Дык хутчэй паедзем...

СТУПАЙЛА

Ні каня, ні воза.

І няма чым ехаць, цесна і без цесця.

Кулю ў лоб заробіш – не рухайся з месца.

(Паспешна выходзіць)

СЦЭНА ДВАНАЦЦАТАЯ

Тыя ж, акрамя Ступайлы і салдатаў

ТАРГАВІЦКІ

Зяць ці не жартуе? Ах, шаленец лоўкі!

Моцна дзверы зачыніў, д‘ябал, на засоўкі!

Выпусці мяне, пракляты! Каб ты праваліўся!

ДАРОТКА (якая дагэтуль глядзела ў акно)

Добра пра сябе затое ён паклапаціўся:

І забраў сабе наш куфар, карэту і коней...

ТАРГАВІЦКІ

Што ты кажаш? Адчыніце! Кінуся ў пагоню!

Плакаў мой куфэрак! Плакалі дукаты!

КАНСТАНЦЫЯ

Не бядуй, мой татка, ты і так багаты.

Забудзьма былое, шануй сваю сталасць,

Радуйся – з нябыту Айчына паўстала.

Нам яна даруе нявер‘е і здраду...

ТАРГАВІЦКІ

Пераменам гэтакім я зусім не рады.

І чорт ведае яшчэ, што з Айчынай стане...

А тым часам мае скарбы едуць у выгнанне.

(Чуваць трубы.)

А што гэта?

КАНСТАНЦЫЯ

Нашы трубы!

ТАРГАВІЦКІ

Вось і развітанне!

Кінуцца куды цяпер? Ні спрату, ні веры...

ДАРОТКА (ля акна)

Ах, паненка, што за войска! Якія жаўнеры!

ТАРГАВІЦКІ (вельмі збянтэжаны)

Што рабіць, Кастуся?

КАНСТАНЦЫЯ

Скінь гэта адзенне,

Што паляка ганьбіць.

ТАРГАВІЦКІ
(здымае капялюш і мундзір, зрывае крыж – расійскую ўзнагароду)

Чортава насенне!

Пашукай, Даротка, мне дзе сурдут мой даўнейшы!

Што мяне цяпер чакае? Божа найсвяцейшы...

КАНСТАНЦЫЯ

Час забыць трывогі, сэрца песняй цешыць.

Ведаю французаў. Будзь, прашу, спакойны.

З людам, што без зброі, не ўступаюць ў войны,

А тым больш не варта нам братоў баяцца,

Ці супроць аблудных зараз нам змагацца?

Забудуць, даруюць твой табе ўчынак,

Трэба аб‘яднацца, бараніць Айчыну.

(Даротка ўбягае з грукатам праз тыя дзверы. праз якія выйшаў Ступайла.)

ТАРГАВІЦКІ  (спалоханы грукатам)

Літасцівы Божа! (Пазнаў Даротку.)

Дзе цябе чорт водзіць?

ДАРОТКА

Вось сурдут, васпане! Войска уваходзіць

У свабодны горад. Скончылася мірам.

Я палкоўніка сустрэла, пана Казіміра.

Увайшоў ён першы на чале палякаў.

Не бянтэжся, панна! Счрванела макам.

Вунь і пан Пачціўскі вядзе сюды сына...

ТАРГАВІЦКІ

Трэба стрэць прыветна. Цяжкая часіна...

СЦЭНА ТРЫНАЦЦАТАЯ

Пачціўскі, Казімір, некалькі гараджан

ПАЧЦІЎСКІ

Васпан Таргавіцкі, забудзьма ўсе звады,

Калі сёння неба ўсім нам пасылае радасць.

Прамінуў час ганьбы, час нашай нядолі.

Цешмася: Радзіма набыла зноў волю.

Глянь на майго сына: які хлопец сталы!

У гішпанскай крэпасці ваяваў удала.

І ў сённяшняй бітве заняў горад сходу,

Ад Напалеона мае ўзнагароду.

ТАРГАВІЦКІ

Вітаю сардэчна. Штодня ўспамінаем.

Узмужнеў, папрыгажэў, што ледзьве пазнаеш.

Чуў я, што ў Гішпаніі горача занадта,

Жорсткіх эпідэміяў там штогод багата.

У такіх умовах жыць моташна, крый Божа,

Паратунак – у віне, хто яго піць можа.

КАЗІМІР

Працай нішчылі хваробы. Смерць братоў і раны –

На алтар Айчыны вольнай усё ахвяравалі.

Добрыя яе памкненні, яе спадзяванні,

Што адроджаная зноўку пачне існаванне.

Пад лозунгам баявым не ведалі змогі

З ім прайшлі Еўропу ўсю мы да перамогі.

У бойні Тарагонскай, на мурах Тартозы

На вуліцах і плошчах лютай Саракозы

З горкае нядолі Айчына паўставала,

Песняю ці плачам здалёк аклікала.

Пад Вянтозай ў Сагонтай у крэпасцях грозных –

Скрозь была Айчына з намі, чулі яе позвы.

А каму той вобраз ясны праз жыццё не свеціць,

У таго няма, напэўна, польскай крыві ў сэрцы.

І якое шчасце сёння – скінуць бою стому,

Пераможцамі прыйсці да роднага дому,

Дачакацца найвялікшай тае ўзнагароды,

Калі можна ўжо змагацца за сваю свабоду.

Я абняць шчаслівы бацьку ды сустрэцца з вамі (да Кастусі),

Згадкі светлыя пра вас мяне ратавалі.

Смеласць мне даруй, паненка, у мой дзень удалы

Хоча выказаць душа, што доўга хавала.

КАНСТАНЦЫЯ

Полька я, таму ў сябры мужных выбіраю,

Мусіш, рыцар, завяршыць вызваленне краю.

Гонар страчаны вярні новай перамогай,

Па ачышчанай зямлі – шчаснае дарогі.

А тады вяртайся зноў, як сонца заззяе.

Ведай, што цябе даўно каханне чакае.

ТАРГАВІЦКІ (сам сабе)

На тым свяце, можа, й я буду ўжо дарэчы,

Аднак лепш пакуль маўчаць, каб не ўгразіць нечым...

АДЗІН З ГАРАДЖАН

Шчыра моладзь дарагую вітае Радзіма,

Сілы ў той зямлі вазьміце, што вас нарадзіла.

Будзьце годныя дзядоў, звычаяў і славы,

Вернасць шчыра дакажыце адданаю справай.

У руінах быў наш край, гора панавала.

Маці ў роспачы дзяцей мілых гадавала.

У псаванні роднай мовы, звычаяў і веры

Вырас здрадлівы нашчадак – раб і недаверак.

Сёння дзеці няхай вучаць іншыя навукі

Ды працуюць на Айчыну мужна, без прынукі.

Кожны знойдзе тут сабе да душы занятак,

Так, як любіш сам сябе, палюбі і брата.

Вольнасць наша не выпадак, а часу адзнака,

Будзем помніць, што мы з вамі вольныя палякі.

Дык адкінем жа былыя спрэчкі, звады партый,

Аддамо агульнай справе розуму ўпартасць.

Зло братам сваім даруйма, каб дружна паўстаці

І змагацца за свабоду, за Радзіму-Маці.

Здатныя няхай бяруцца адпаведна чыну

Ды ствараюць, як належыць, наш урад айчынны,

Каб ён дбаў пра свой народ і добраю славай

Здабываў аўтарытэт для роднай дзяржавы.

А вы, шляхта маладая, гонар беражыце,

Будзьце вартыя дзядоў, родны край любіце.

Воі возьмуць зброю помсты, пойдуць легіёнам,

І адступіць перад імі акупант шалёны,

А другія тут стварайце ўнутранае войска,

І адродзіцца наш край з добрай волі Боскай.

Бог святы, Напалеон – знакі перамогі.

Нам не ведаць на шляху выбраным знямогі!

Пераконваць вас ці мне? Вы свой шлях абралі.

Перамозе над няволяй, як маглі, спрыялі.

Бачу, усе мы ўсхваляваны адною надзеяй.

Значыць, нашы спадзяванні ўжо нас не абдзеляць.

Возьмем словы, як пароль, як часу адзнаку:

“Слаўны будзь, Напалеон, – збавіцель палякаў!”

Чуюцца выкрыкі, паўтарэнне лозунгу. Чуваць вайсковы марш.

КАЗІМІР

Войска наша прыбывае.

УСЕ

Пабяжым вітацца.

ПАЧЦІЎСКІ (да Таргавіцкага)

Што ты думаеш пра гэта?

ТАРГАВІЦКІ

Навошта пытацца? (У бок.)

Як змянілася ўсё раптам. Сам я з пераляку

Незаўважна для сябе зноўку стаў палякам.

Усе выходзяць, мяняецца дэкарацыя. Па горадзе маршыруе войска польскае, нясуць герб – белага арла. Жанчыны кідаюць пад ногі жаўнерам кветкі.

СЦЭНА ЧАТЫРНАЦЦАТАЯ

Гараджане, пані, паненкі, польскія жаўнеры. (Гучыць трыумфальны марш.)

ХОР

Вітанне айчыны збаўцам

За іхнюю ратную працу

Вялікая наша падзяка.

Якая яднае палякаў.

Слёзы шчасця ззяюць на тварах,

Гэта радасць сустрэч і вяртання.

Вы здзейснілі нашы мары,

Прынеслі выратаванне.

ДЗВЕ МАЦІ

Дасюль няшчасная маці

У паднявольнай радзіме

Аплаквала долю дзіцяці.

Якое на свет нарадзіла.

Бярыце сыночкаў, ваякі,

Вучыце любіць край родны,

Каб кожны з іх стаў палякам,

Шляхетным, высокародным.

КАНСТАНЦЫЯ

Дагэтуль лаўр наш завялы

Іншыя рвалі народы,

Але нягоды сканалі,

А мы здабылі свабоду.

Прымі, адзіны мой, любы,

Заслужаны лаўру вянок.

Адтрубяць паходныя трубы –

Падасць Гіменей нам віно.

ДЗВЕ ДЗЯЎЧЫНЫ

Палякі! Мужная моладзь!

Зброю бярыце продкаў.

Кліча Радзімы голас,

Бягуць акупанты ўпрочкі.

Бы колісь Жулкоўскі, Баторый –

Рыцары помсты і славы

Сягалі ад мора да мора,

Вяршыце свае вы справы.

ХОР

Гадавіна бласлаўлёна –

Імяніны Напалеона.

Удзячныя свет і людзі

Помніць заўжды цябе будзем.

Сваё прызначэнне здзейсніў,

Славы дабіўся сілай.

Еўропу надзеяй развесніў

І Польшчу падняў з магілы.

Гукі трубаў і барабанаў. З усіх бакоў чуваць воклічы: “Няхай жыве вялікі Напалеон – збавіцель палякаў!” На сцэне храм Славы, пасярэдзіне якога – карціна. На карціне свеціцца сонца з накрэсленай літарай “Н”, ад сонца ляціць Геній Розуму, які паходняю, запаленаю ад сонца, ажыўляе Польшчу. Польшча намалявана ў выглядзе жанчыны, якая ўздымаецца з магілы. На блакітнай яе сукенцы – выявы Арла і Пагоні, а на яе галаве – каралеўская карона, у руцэ – скіпетр. Пад сонцам у светлых аблоках узлятаюць два арлы: французскі і польскі, узносяць ліст паперы са словамі: “Польшча адроджаная”. Крыху ніжэй – густыя хмары, з якіх б‘юць перуны, унізе карціна – пабітыя расіяне ўперамешку з азіятамі, побач – азіяцкі рыштунак.

Чуецца музыка, потым спявае хор.

ЖАНОЧЫ ХОР

Са свайго трона і славы,

Са слынных трыумфу адзнакаў

Глянь, Напалеон, ласкава

На паклон удзячных палякаў.

Прымі ад нас, калі ласка,

Дарунак наш сціплы, магчыма.

Табе – нашы сэрцы і краскі,

Кроў і маёмасць – Айчыне.

Арлы твае залатыя

Вяртаюць Радзіме межы,

Яны для палякаў святыя,

Ад іх наша доля залежыць.

Удзячнасцю мы з‘яднаны –

Чуллівыя слёзы мільёнаў.

Віншуем шчыра, аддана

Цябе, Напалеоне.

Вітальныя воклічы, Айчына ўздымаецца, да яе вяртаюцца сілы.

СЦЭНА ШАСНАЦЦАТАЯ

АЙЧЫНА

Слухайце, палякі, роднай маці покліч,

Сталыя і моладзь станьце сёння поплеч,

Раскажыце ўнукам пра былую веліч,

Як яе згубілі, няволю займелі.

І прызнайма праўду: не суседа сіла –

Наша безуладдзе нас жа і згубіла.

Амбіцыі шляхты і пыха багатых

Нараджалі ў кожным для Айчыны ката.

А суседа скіпетр нішчыў нашу сутнасць,

Згодніцтва пасеяў той парою скрутнай.

Пра сваю маёмасць толькі дбалі людзі,

І ніхто не думаў, што з радзімай будзе.

З-за таго найболей сорам сэрца паліць,

Што мяне суседзям вы, дзеці, прадавалі.

Не хачу, каб згадкі азмрочвалі радасць,

Гора памагло нам зведаць крыўду з праўдай.

Ажыла я з вамі і ад шчасця плачу,

Вас тулю з любоўю да душы гарачай.

Веру мне вярніце, развейце мой смутак,

Ды, заместа лекаў, не дайце атруты.

Годзе ўжо вучыцца на памылках чорных,

Лепшае насенне сейце ў глебе ворнай.

Да еднасці йдзіце за ратаю рата,

І няхай не будзе больш ніякіх стратаў.

Мужнасцю ў краінах іншых знакаміты

Вы заваявалі і Волата літасць.

Працай і крывёю мяне адрадзілі,

Кайданы няволі сэрцамі разбілі.

Край няхай наш будзе мірам, ладам слынны,

Вам вядома, як народы ўзносяцца і гінуць.

А маё вяртанне вас усіх адродзіць,

Сонца волі і святла неба распагодзіць.

Пазбягайце, каб ізноў не прыйшло бяздолле

І не скінула мяне на вякі ў прадонне.

Нас нашчадкам рассудзіць, як у нас тут выйшла,

Мо падзякуюць, а могуць і праклясці ў прышлым.

КАНЕЦ КАМЕДЫІ

Вершаваны пераклад Зінаіды Дудзюк.

Падрадкоўнік з польскай мовы Алены Шылавай.


 

[1] Гаворка пра адмену Вялікім Соймам шляхецкіх вольнасцяў.

[2] Уласцівае тагачасным грамадзянам атаесамліванне дзяржаўнага і нацыянальнага.



Hosted by uCoz

Да зместу