МАЦЕЙ
РАДЗІВІЛ
АГАТКА, АБО ПРЫЕЗД
ПАНА Лібрэта да оперы Яна
Голанда Асобы: Агатка – сірата, служыць у
гаспадара вёскі, каханая Антака Цалкі. Антак
Цалка –
служыць у гаспадара, каханы Агаткі. Антак
Гайдак –
дворны парабак, кахае Агатку. Плацюхова – удава, служыць
ахмістрыняю ў двары. Дбальскі –
аканом. Піяшка –
падстароста. Валенты –
гаспадар. Мацек,
Стах –
мужыкі. Пан. Сяляне,
кап’ёўшчыкі
ды іншыя, хто складае світу. Усё
дзеянне адбываецца ў вёсцы. Дзея І Сцэна
паказвае вёску. З аднаго боку – дрэва і лаўка. На ёй сядзіць Агатка і
гладзіць гняздзечка з птушанятамі, якое атрымала ад
Антака. Сцэна
І Агатка
адна. Агатка. Арыя Ой, птушаняткі, ой,
піскляняткі, Трапілі вы мне ў
падданства. Можа, такое вось
трапяткое Вам не абрыдне
тыранства. Вы свае жыцці мне даручыце
– Будзе ўсё ладам,
парадкам, Буду вам панам, а не
тыранам, Буду вам бацькам і
маткай. Як на мяне глядзяць
міла, Бедных яшчэ не
карміла. Дзюбкі вы параскрывалі,
Пэўна, яды
зажадалі. Вось яна, наце, наце вам,
Вось яна наце, наце
вам. Тут у мяне найлепшы будзе вам
шацунак, Бо мне вас мілы Антак даў у
падарунак, Ды штосьці доўга не вяртаецца ён з
двору, Відаць, забавіцца і прыйдзе ён не
скора. Каб знаў, калі на момант ён
знікае, Тады раблюся я ўжо сумная
такая, Што ўсё няміла мне, і я ўздыхаю,
плачу І ў працы радасці ніякае не
бачу. А вось і ён бяжыць, схавацца трэба,
можа. Сцэна
ІІ Агатка,
Антак Цалка. Антак. Цябе я ўсюды ўбачу. Як жывеш ты? Агатка. Гожа. Але чаму, мой Антак, дзе, куды ты згінуў, Ці добра, што мяне надоўга ты пакінуў? Антак. Была прычына. Агатка. А якая? Антак. Не забавы. Я клопатам замучан. Сядзем жа на травы. Агатка. І што? Антак. ... Уважліва паслухай, ды пакінь ты пташкі, Не час цяпер, каб цешылі такія фрашкі. Тут чын важнейшы значна: госці нечакана Прыедуць з панам нашым, вось і загадана, Каб мы яго спаткалі, весела спявалі, Гралі, пану з паняю віват крычалі. Пан тое загадаў нам ... о... о... трэба слухаць. Агатка. Ох, каб яны не змерзлі, трэба іх адхукаць. Антак. Ну добра. (У бок.) Пэўна добрай будзе дзецям маткай. Ты скончыла? Паслухай, мілая Агатка: Каб весялосць у нашай вёсцы ўсю не звадзіць, Вяселляў колькі сёння ёсць загад наладзіць, За кошт двара напоі, закусь і музыка, З людзей жа ні капейкі – гэта ж не пазыка. Агатка, як захочаш ты, а Бог паможа, Вяселлейка ў тым ліку нашае быць можа. Агатка. Як наша? Антак. Так, і што? Агатка. Што нашае вяселле. А ты ўжо і паверыў, надта ты асмелен. Ах! Антак. Што, што могуць значыць цяжкія ўздыханні? Мо, ты не хочаш тога? Знікла, мо, каханне? Дуэт Антак. І што ж, Агатка, ты скажаш на тое? Ах, напэўна, здрады ўеш ты ніці І гэтак, гэтак мне дзякуеш за тое, Што я цябе кахаю больш за жыцце. О ты, няўдзячная, як нечувана: Уведаў зараз – мяне не кахаеш. Агатка. Не, не, Антоська, табе я аддана, Шчыра кахаю, дарма зло трымаеш. Але трывога нарастае, Што гэта нам не ўдасца, і хто знае, Ці рэўнасць, што нам заўжды пагражае, Наша шчасце ўсё ж не захістае. Абое. Радасць, трывогу ў сэрцы сваім чую. Антак. Што за падзеі, як б’ецца сэрца... Агатка. Як і маё, глянь, часта так б’ецца. Антак і Агатка. Ледзь, ах, ледзь ад радасці не разарвецца. Радасць з трывогай каханнем завецца. Антак. Агатка, не турбуйся – як хто паклікае, То Бог адразу чыстым думкам памагае. Сцэна ІІІ Валенты, Агатка, Антак
Цалка. Валенты. Што вас знайшоў я, добра. Як здароўе, дзеці? Антак і Агатка. Здаровы. Антак. А як жа вы, як, сваце, вам жывецца? Валенты. Жыву вось дзякуй Богу. (Ціха да Агаткі.) А ён табе прызнаўся, Пра што ў двары сягоння ён са мною дазнаўся? Антак. Я расказваў. Валенты. Ці за цябе яна жадае? Антак. Хоча, абяцала, ды хто нас падтрымае, Напэўна, ты адзін паможаш нам затое. З Агаткай я – ты знаеш, сіраты абое, Ты наш карміцель і наш бацька, як вядома – Дык будзь заступнікам за нас у аканома. Валенты. А ты, Агатка, хочаш? Агатка. Чаму ж не, мой ойцу, Я ўжо шаснаццаць летаў буду мець на Тройцу. Валенты. Ну, ну, добра – глядзіце, танцуйце вясёла Мазурку, казака і ўсё, што навакола Танцуюць панны часам, каб не прыпыняцца. А вы ісці не ўмееце, як мы, у танцы, Бо я выкружваў польку, нібы на свабодзе Лебедзь плаваў ці камень сунуўся па лёдзе. Як я ішоў мазурачку з Ядвігай жыва, То ўсе, раты параскрываўшы, як на дзіва Глядзелі, што так жвава, хутка я круціўся – Ніхто лепш не скакаў, не піў, не весяліўся. Арыя Вы выдыгаць не ўмееце шчэ ў танцы. Я ў танцы было пачну завіхацца – Кожны пытаўся, хто там б’е абцасы, Я і цяпер бы змог падскочыць, знаю, Ды ўжо нагам я штось не давяраю. Гоп, яшчэ гоп, добра, гоп, я магу, Гоп – ой, не разагну нагу, Ой, не разагнуць мне нагу. Агатка. Ах, як ты, мой татулю, што з табою стала? Антак. Бы малады падскочыў вось, але няўдала. Валенты. Нічога, я ахвотна прыгадаў былое І непатрэбствам пасмяяўся над сабою (Да Агаткі.) Да вашага вяселля быў трываць павінны, А ты, як самая прыгожая дзяўчына, Уручыш дзедзічу букет у часе святаў, Калі яму насустрач пойдзе гурт дзяўчатаў, Але ў цябе сукенак, мо, няма на ўбранне. Мая ты сірата, падумайма зараней: Спадніцы і гарсэты ёсць, што засталіся Пасля нябожчыцы, пасля мае Ядвісі. Усё дару, астатняе вазьмі ў пазыцы. Але, але, а Ясю дам свае скрыпіцы, На іх заўсёды ён іграў даўней вяселлі Або ў карчме шчэ танцы рэзаў у нядзелі, Бо музыку выдатна Ясік разумее, Мазурку грае, польку і джыгуна ўмее. З прыездам пана весяліцца будзе можна, Бо ён, нібы анёлак, размаўляе з кожным, І любіць нас ён, як дзяцей, а не падданых, Таму і мае нас, зычлівых і адданых. Трыо Мы будзем весяліцца, Півам дзяліцца, Мёд даўні піць, Мёд даўні піць. Нам дадуць з той нагоды Ладную бочку мёду. Вось вол наставіў рогі, Ляжыць, задраўшы ногі. Жар яго ўжо прыпякае, Аж тлушч з яго сцякае. Мы будзем весяліцца, Півам дзяліцца, Мёд даўні піць, Мёд даўні піць. Піць мы будзем у спеве, Лазіць па гладкім дрэве. Хто вышэй узбярэцца, Той дарунка даб’ецца. Мы будзем весяліцца, Півам дзяліцца, Мёд даўні піць, Мёд даўні піць. Сцэна IV Піяшка
і тыя ж. Піяшка. Пара прыбрацца: пан як скончыць паляванне У лесе, да якога ледзь паўмілі стане, То зараз і прыбудзе. Антак і Валенты. Ну, пабеглі жыва. Піяшка. На піва і гарэлку сёння ў мяне жніва. Антак. Даўно Агатку я кахаю, дабрадзею, За свата будзь у нас, прашу я, як умею, Ласкавы будзь, няхай вяселле будзе наша З другімі разам. Піяшка. Добра... можа... Добра... ваша. Сцэна V Піяшка
адзін. Піяшка. Ага, якраз вось ваша; ну ж, злавілі котка. А даў ты мне гуся ці курку, ці паўзлотка? Я добра памятаю, Антачак каханы: Ты колісь аканому сведчыў, што я п’яны, А пазаўчора Бартака пабіў за боты. Я не забыўся, душачка, і тога, што ты Супроць мяне паўстаў, абараніўшы Іцка, У якога, як я стукнуў, аж зляцела міцка. Хто як пасцеле, так і выспіцца, мой браце, Надзей сваіх не спраўдзіш ты на мне – на сваце. Ды штосьці ў страўніку я незварэнне чую, Міне, як кропель анісковых пакаштую. Арыя Не, не, лепш за гарэлку не знойдзеш нічога, Яна заўжды лякарства ад усяго благога. Клопат ці каханне моцна дапякае, Ты аб усім забудзеш, ты аб усім забудзеш, Як у горла, як у горла мёд сцякае. Гарэлка, мёд гаркоту жыцця падсалодзяць, Старога адагрэюць, кабету малодзяць. Дзея
ІІ Сцэна І Дбальскі,
Піяшка. Піяшка. Мне сёння пан сказаў, што будзе ўжо Агата За парабка аддана. Дбальскі. Даў жа Бог ёй свята! Дарма, Піяшка, ты гаворыш тыя словы: Дабра не прынясе той замуж прымусовы. Піяшка. Але яна... Дбальскі. За праўду байкі не прымаю. Пакліч яе сюды, і я ў самой спытаю. Піяшка. Як твар у твар, то справа, мусіць, мне не ўдасца. Дбальскі. Ідзі, маруда. Ці не ўмееш ты спяшацца? Сцэна ІІ Дбальскі
адзін. Дбальскі. Ён чалавек лядачы, за заслугі бацькі Яго ўзяў пан, ды неўзабаве ці знянацку Пазнае пан, што той (а ён пільнуе вехі) Не служыць, не кіруе, не дае і ўцехі. Сцэна ІІІ Дбальскі, Агатка,
Піяшка. Агатка. Ой, ой! Пакінь урэшце ж у спакоі, пане. Дбальскі. Не тузай ты яе, Піяшка. (Да Агаткі.) Перастане. Але прызнацца трэба мне, мая ты любка, Ці хочаш замуж выйсці, мілая галубка, Ды гавары – калі б ты замуж захацела, Тады б за панскі кошт сваё вяселле мела. Ды што ты не гаворыш? Агатка. Што ж казаць вам, пане. Піяшка. Язык свярбіць твой часам, зараз на пытанне Не можаш адказаць ты пану аканому. Інтэрас накірую, хоць наб’ю аскому. Агатка. Арыя Не той, васпане, век у нас сёння, Каб жа на цноту зважалі. Бо ў нашым стане важней у законе Золата ўсе прызналі. Я без пасагу і дому, Браць сірату ці ахвота. Я не патрэбна нікому, Бо адна ў мяне цнота. Ніхто не хоча сірату за жонку, здэцца. Дбальскі. Антось! Але які тваё хвалюе сэрца? Што? Піяшка (да Агаткі). ... Пан дазнаўся, што цябе кахае Цалка. Дбальскі. Што ёй пляцеш там зноўку? Што засвішча палка! Агатка. Калі пан дабрадзею знае, то за Цалка. Піяшка. Якраз за Цалку. Дбальскі. Што, што кажа? Піяшка. Што за Цалку. Быць жонкаю Антося хоча, адказала. (Убок.) Яшчэ стаіць, а я б хацеў, каб уцякала. Дбальскі. Тваё вяселле будзе, будзе парабак жаніцца. Агатка. Што? Піяшка. ...Часу мала, прыбярыся лепш, дурніца. Сцэна IV Дбальскі,
Піяшка. Дбальскі. Навошта лаянка, якая тут прычына? Каб смеласць без патрэбы страціла дзяўчына. Вашэць напіўся, бачу, п’яным быць прыемна, Калі бяда надыдзе, жаліцца дарэмна. Піяшка. Васпану я не служу, мой сёння пан прыбудзе, Паглядзім, хто з нас першы, сеўшы, жар астудзіць. Дуэт Дбальскі. Хутка гонар шыю зломіць, Збан ваду да часу носіць. Піяшка. Мосці, мосці, аканоме, І чаго так пан галосіць? Я скажу, я не стрываю. Дбальскі. Скажаш, верна служыш, знаю – Страціш службу, бо лядачы. Піяшка. Я хачу зусім іначай. Абое. Бо лядачы, бо лядачы, Я лядачы, не іначай. Дбальскі. П’еш заўсёды, люд шальмуеш, Службу стала не пільнуеш – Чым тут пана цешыць можна, Гэта страту наварожыць. Праспіся лепш, каб пана стрэціць на падходзе. Піяшка. Хоць я і піў, ды за сваё, і годзе, годзе. Сцэна V Піяшка
адзін, потым Гайдак. Піяшка. Мы добра стрэліся, бо дзеля фрашкі новай Нам ягамосць шмат нагаворыць прыкрых словаў. Дарэчы, ён прыйшоў, і пра цябе размова Была таксама... Гайдак. Раскажыце мне талкова Усё наконт Агаткі, і ці ёсць надзея, Ці будзе маёй жонкай з ласкі дабрадзея. Піяшка. Табе паабяцаў, і гэта ўжо дакажам, Хоць аканом і не хацеў, ды пераважу: Калі які мне план у галаву заложан, То нават д’ябал памяняць яго не можа. Гайдак. За гэта Творца пану са свае далоні Багатую дасць жонку. Піяшка. Хай Бог мяне бароніць Ад цяжкага і прыкрага ў жаніцьбе стану. Я сяк-так пераб’юся ў часе службы пану. Цяпер, брат, рэдка хто на гэтае галодны, З цябе, здаецца, муж таксама будзе модны. Гайдак. Як так модны? Піяшка. А гэта значыць – нераўнівы, Бо не глядзіць на здраду жонкі як на дзіва. Ты гэткім будзеш. Гайдак. Ды не. Піяшка. Ты пабудзь жанатым. Але, відаць, дарма тваім я буду сватам. Гайдак. Арыя Ні на што не дам я згоды, Бо ў паноў не наша мода. У іх усё ад пуставання, Ад гульні інтрыг штодзённых. Здрад не ведае каханне Жонак, працаю стамлённых. Ні на што не дам я згоды, Бо ў паноў не наша мода. Што ж ад золата пан мае, Калі жонка з ім пустая. Беднасць з ім не памяняю, Бо мая мяне кахае. Ні на што не дам я згоды, Бо ў паноў не наша мода. Ага, васпан. Піяшка. Не з кожным гавару з ахвотай, Шмат жонкі могуць – сам даведаешся потым. Ідзі, рыхтуйся ўжо да шлюбу, я ж у бровар Падамся, бо не каштаваў шчэ вар гатовы. Сцэна VI Агатка
і Антак сустракаюцца. Агатка. Куды бяжыш, Антось? Не ўгнацца за табою. Ты едзеш? Гэта Стах пажартаваў са мною? Як можна? Пра вяселле йдзе размова! І што цябе люблю яму сказала смела. Антак. Пра што Піяшка думаў, зноў не зразумела. Агатка. Я не змагла, бо дзіўныя ён рэчы баяў, І жартаваў, сарамаціў, і сватаў, лаяў. Антак. Здаецца, падстароста стаў няшчырым сватам. Агатка. Казаў, цябе ён любіць. Антак. Ды якое з катам. Шмат хто пад выглядам сапраўднае прыязні Хавае свой інтэрас, хоча нас уразіць. Паміж панамі, знаеш, часта так бывае: Прыстойнасцю сваю злосць кожны прыкрывае. Не вельмі вер, будзь асцярожнасці ты рада, Бо ёсць, Агатка, розная на свеце здрада. Арыя Шчырасць сёння цалкам знікла, Толькі выгляд не слабее. Хто падманвае ўсіх звыкла, Той надзейна багацее. Мае ён цябе за цацку. Здрадзіць ён табе знянацку. Колер свежы ў квеце ружы Нас заўсёды спакушае І для нас урокам служыць: Выгляд здраду засланяе, Бо як схопіш тую цацку, Дык наколешся знянацку. Лёс у даверлівай дзяўчыны тым пазначан, Што ўрэшце горка над сваёй нядоляй плача. Агатка. Праўду кажаш, мой Антосю, я праз меру, Апроч цябе, нікому не паверу. Антак. І як жа аканом на нашае з’яднанне Згадзіўся і дазволіць пэўна?.. Агатка. А хіба не, Калі паклікаў для размовы самавітай І ці хачу пайсці я за цябе – распытваў. Антак. Ты як сказала: за мяне ідзеш з ахвотай? Агатка. Выразна адказала. Антак. Золатка маё ты. Дуэт Антак. Я ўжо шчаслівы, Агата, Бо ўздыханне і трывогу Завершыць рэдкая плата, Не трэба мне больш нічога. Агатка. Шчасце сёння я спазнала, Бо сэрца майго жаданне Тваёй быць – неба ўгадала, Адкрыўшы маё каханне. Антак. Што? Ты кахаеш? О Неба! Абое. О Неба! Агатка. Ці ж аб гэтым словы нам трэба? Абое. Не трэба. Словы мала тады значаць, Калі сэрцы ўсё тлумачаць. Антак. Зірні, да нас вунь бабу чорт нясе чагосьці, Заўжды навіны людзям ёсць у гэтай госці. Сцэна VII Плацюхова
і тыя ж. Плацюхова. Ах, дзеткі, ледзь дадыбала я, ледзь паспела, Так змардавалася, што ўся ўзмакрэла. Я нешта вам скажу, а нас ніхто не чуе? Каб толькі ўвагу не прыцягваць нам чужую. Антак. А што? Агатка. Хутчэй кажыце! Плацюхова. Лепш цішэй, паволі, Мне век не дачакацца шчаслівейшай долі. Вы трохі пачакайце, дайце адсапціся, Адкашляцца, бо ў горле хрыпы пачаліся. Арыя Брала з цеста я вісюлькі І рабіла з іх зязюлькі, Тут зайшоў к нам падстаросці, Гэты шэльма, поўны злосці. У мяне, у небаракі, Ад яго пабояў знакі. Як жа свет яго трымае: Б’е ён, а за што, не знае. На чым я скончыла, мо, хто мне нагадае. Антак. Зайшоў тут падстароста. Плацюхова. То апавядаю. Працяг
арыі Як зайшоў тут падстаросці, Пакланіўся ягамосці, Клікнуў Гайдака-завалу, Цяльпука таго і мялу. Ой, а ён жа вам знаёмы, Добра ён і мне вядомы – Цягне сена ён разумна, Збожжа выкрадае з гумнаў. Антак. І меней, меней нам пра тое, Плацюхова, Не да патрэбы нам пра тых людзей размова. Лепш раскажыце вы, што толькі нас датычыць. Плацюхова. Калі ж іх не цярплю, а вам дабра я зычу. Ой, праўда, дзетачкі, бывайце ж вы здаровы. Агатка. Бывай здарова. Антак. Мы ж не скончылі размовы. Агатка. Пра нешта пільнае нам расказаць жадала. Плацюхова. Хіба ж не расказала? Антак. Не. Плацюхова. Не прыгадала. Агатка. То спынімся на тым, што Гайдак і Піяшка... Смешна... Плацюхова. Не смейся: гэта для цябе не фрашка. Працяг
арыі Падстароста той да пана: «Гайдак служыць вам аддана, Дайце сёння з той прычыны Хлопцу ў жонкі вы дзяўчыну, Мае ён сваю каханку», Пан спытаў: «Не Марыянку?» У адказ было: «Агату». Пан жа: «Хай бярэ ў адплату». Агатка. Воля Бога. Антак. Адкуль жа ўсё? Абое. Гэта быць не можа. Плацюхова. Цябе ж пытаўся аканом: сама, нябожа, Сказала ты, што любіш... Агатка. Бо была памылка, Пытаўся ён, мяне там збілі з панталыку. Плацюхова. Ліса не аднаму сабаку – ёсць выслоўе. Памылка, кажаш? А вяло на безгалоўе. Антосі – той і гэты, Гайдак там, тут Цалка, Адзін
лайдак і п’е, другі пачцівы
цалкам. Агатка. Ці гэта толькі праўда? Жартачкі
якія. Плацюхова. Навошта мне падманваць вас. Няхай
Бог крые. Агатка. Ды што рабіць,
Антосю? Антак. Я не дам тут
рады. Хто мог калі чакаць тае падступнай
здрады? Вось
прыяцель... Плацюхова. Вы не расказвайце
нікому, Што весці ад мяне , бо мяне жывою з
дому Не выпусціць
напэўна! Антак і
Агатка. Хай не хвалюе
тое. Сцэна
VIII Піяшка,
Стах і тыя ж. Агатка. Ці можна так, васпане, з беднай сіратою? Піяшка. Бяры ты, Цалка, воз і едзь у лес адразу. Антак. Цяпер? Піяшка. Цяпер! Антак. Ці нельга, можа, іншым разам? Піяшка. Няможна, толькі сёння, пільная патрэба. Ты едзь, бо пасвянцаю бізуном... Агатка. О Неба! Антак. На чый інтэрас пан стараецца заўзята, Мяркую вось, што Гайдак мае вас за свата. Піяшка. Маўчы і едзь у лес, іначай абязвечу. Антак. Прад смерцю не зашкодзіць пахмяліцца нечым. Піяшка. Што? Антак. На калі? Піяшка. На заўтра, размаўляць без толку. Антак. Васпан, то будуць дровы заўтра, шчэ на золку, Ніяк маёй не перашкодзіць гэта справе, Хоць як, а дровы з лесу будуць неўзабаве. Піяшка. Едзь сам у лес цяпер, адразу, без адкладу. Антак. Сам не паеду, але дровы... Піяшка. Слухай уладу! Дакуль жа мне трываць твой здзек: людзей кліч, Стаху. Антак. Але чагось баішся. Агатка. Ах! Памру са страху. Трыо Піяшка. На цябе я ўправу маю, У пляшку ўлезеш – загадаю. Антак. Хіба я ў нечым вінен? Я ж нікому не павінен. Агатка. Кінься ў ногі ягамосці, Каб на нас не меў ён злосці. Піяшка. Не прасі мяне ўпустую. Антак. Праўду знаць, васпан, хачу я. Агатка. За сабой віну я чую. Піяшка. Хутка ўсё ўжо растлумачыш. Антак (да Агаткі). Пан адпусціць, вось пабачыш. Піяшка. У каталажку яго весці! Антак. Вам не ўдасца нас правесці. Агатка. О, спашлі нам, Неба, весці. Антак. Гвалт мой аканоме мосці. Піяшка. Змоўкні, бо паломім косці. Антак. То вядзіце ў двор за пляшку. Піяшка. Не, справадзьце ў каталажку. Агатка. Ах, дажыць да ночы цяжка! Цябе ўлагодзяць, можа, мае слёзы, пане. Піяшка. Прэч! Сцэна IX Агатка,
Плацюхова, Стах. Плацюхова. Сягоння будзе пан, нічога з ім не стане. Агатка. Няшчасная! Прапалі ўсе мае надзеі. Ах! Ах! Плацюхова. Вады, хутчэй вады, бо вось самлее. Сцэна X Агатка,
Плацюхова, Стах і Мацек. Стах. Воля Бога! Мацек. Ой, зубы... Стах. Няхай жа яго ліха Возьме, нос растоўк мне. Мацек. І збойца ціха Павыбіваў мне зубы. Стах. І куды дзеў вочы. Было б не дзіва, як адбылося б гэта ўночы, А то ж удзень. Ды мне вада наліха, баба. Плацюхова. От, баба! Што, глядзеў мне ў зубы? Я не слаба. Стах. Дарэмна нос разбіў: распух увесь, як сліва, Шчыміць, як ад вады салёнай... Мацек. І не дзіва З зубамі разам выбіў з галавы дазвання, Што я павінен быў сачыць, як паляванне Пан скончыць, каб ганец з той весткаю да двору Прыбег, а стуль на ваш канец аконам скора Паслаў мяне, каб да яго вы паспяшалі. Хутчэй жа вы, ідзіце жыва, што пасталі. Плацюхова. Што рабіць, спяшаймася, Агата. Агатка. О Божа! Твая апека толькі мне цяпер паможа. Арыя Мой падданскі абавязак, Для мяне ты сёння строгі, Бо сплялося ўсё адразу І няма другой дарогі. Хіба толькі мне памерці, Бо цяпер мне горш ад смерці: Бо таго, што так кахаю, Для другога пакідаю. Што ж! Падданым слухаць трэба, Можа, злітуецца Неба. Ды надзеі ўжо не стала, Роспач сэрца заціскае! Што за дзеі! Сілы мала, Цяжка! Розум пакідае. Дзея
ІІІ Сцэна І Сцэна паказвае цэнтр
вёскі, па баках стаяць бочкі з рознымі напоямі і сталы, на якіх ляжаць
сыры і хлеб; з аднаго боку стаіць гладкі высокі слуп, на якім на рознай
вышыні вісяць хусткі, стужкі, капелюшы, а з другога боку бачны тушы валоў
з пазалочанымі рагамі, якія наўкола падпякаюцца
агнём. Дбальскі, Агатка,
Піяшка, Плацюхова, Антак Гайдак, Валенты, Стах, Мацек і іншыя сяляне,
сярод якіх павінны быць са тры пары маладых, прыбраных да шлюбу, гэта
значыць – маладыя панны з вяночкамі і мноства стужак на галовах і маладыя
мужчыны павінны мець галінкі руты ў шапках і пры боку; Агатка часта
выцірае заплаканыя вочы, іншыя ж, апрача Дбальскага, з куфлямі, збанкамі і
другім посудам круцяцца вакол бочак і п’юць;
Піяшка на добрым падпітку; трохі выпіла і Плацюхова.
Хор Дбальскі. Весялейце, піце, дзеці, Хай любоў і радасць свеціць. Радасць сёння ў нас якая! – Пан і бацька прыбывае. Стах. Пан неўзабаве ўбачыць зноў нас. Дбальскі. Як духу маем, так гукаем: Эй віват, эй віват, эй віват, наш пан! Усе. Эй віват, эй віват, эй віват, наш пан! Эй віват, наш пан! Піяшка. Каб жа вас забралі д’яблы – Вы са мною піць аслаблі. Я, як радца, маю права Лыкнуць з вамі, ліце жвава. Мацек. Хопіць усім нам і віна і чаш. Піяшка. Я падстароста, добра заўваж, Эй віват, эй віват, эй віват, наш пан! Усе. Эй віват, эй віват, эй віват, наш пан! Эй віват, наш пан! Плацюхова. Пры двары цяпер слуга я Лепш, чым іншая якая, То ў коле не мінайце, Піце, піце і мне дайце. Стах. Пані, мне ў збане мёд нясі. Плацюхова. Пі, не зважай, мне потым дасі. Эй віват, эй віват, эй віват, наш пан! Усе. Эй віват, эй віват, эй віват, наш пан! Валенты. Хай стары павесялее, Тут жывот свой разагрэе. Сёння ў працы, як і ўчора, Я не еў, бо вельмі хворы. Стах. Што стаіш? Ідзі да нас, Лукаш. Валенты. Налі хутчэй, глянь, многа чаш. Эй віват, эй віват, наш пан! Усе. Эй віват, эй віват, эй віват, пан наш, Эй віват, пан наш! Сцэна ІІ Пан, госці, кап’ёўшчыкі,
світа і тыя ж. Дбальскі. Прымі, наш пане, гэты плён напрацаваны У знак павагі і зычэння ад падданых. Да ног тваіх складаем сэрцы і галовы, Жыві сто год! Усе. Сто год шчаслівы і здаровы! Пан. Хай вам заўжды хапае тых дарункаў Неба, Ад сэрца зычу. Каштаваць яго мне трэба. Як смачны хлеб, зычліва нам паданы. Іх стан, Уладца Свету, большасці нязнаны. Ды што з табой, дзяўчына? Ты чаго сумуеш? Букет даеш і плачаш. Мо, яго шкадуеш? Піяшка. А ў нас бо, пане, завядзёнка ўжо такая: Хоць не хоча, мусіць плакаць маладая. Яна, напэўна, Богу выпяе ўсё гладка. Не плач, разгневацца пан можа. Цыц, Агатка! Пан. Дарма, Піяшка, ты раўняешся са мною, Са мной прасцей ёй размаўляць, а не з табою. Піяшка. Цыц! Пан. Пакінь яе ў спакоі. Піяшка. Яна, мой пане, Ужо дапякла – да ног няспынным прыпаданнем. Пан. Скажы яму, васпан, замоўкнуць. Дбальскі. Адступіся. Плацюхова. Я скажу. Валенты. Хай гаворыць. Піяшка. Ды не рвіце крыссе. Дбальскі. На ўласнае няшчасце пану назаляе. Пан. Ці часта, пане Дбальскі, ён так выпівае? Дбальскі. Упіцца для яго – не нова, не здзіўленне, Штодзень у галаве яго ёсць замутненне. Пан. Па следу бацькі не ідзе, не расшалопаў, А той не меў ні гэткіх і ні іншых недахопаў. Распавядай, дзіцятка. То, можа, мне, дзіця, скажы, што за прычына Слёз і плачу? Агатка. Пане, вось... Пан. Бедная дзяўчына! Ёй жаль перашкаджае! Можа, з вас хто знае? Плацюхова. Я знаю ўсё. Пан. Яна? Няхай апавядае. Дбальскі. Кажы. Плацюхова. Хай гляне пан, – а ці мяне пазнае, Згрызоты і гады змянілі, усё мінае. Арыя Я вось тая Плацюхова, Пан мяне не памятае. Я і швачка, Я і прачка, Не сагнута, не старая. Цябе на руках насіла, І спявала, і туліла. Быў такім вось малюпачкам, Па стале шчэ поўзаў рачкам. Я завуся Плацюхова! Майся, пане, век здаровы! А матуля-дабрадзея Гэткай паняй была мілай, Што і сёння сэрца млее, Бо, каб не сышла ў магілу, Нам бы шчасця надтачыла. Пан. Пакінем у спакоі дзеі даўніх летаў, Лепш раскажы, што сталася з дзяўчынай гэтай. Мо, пан яе пакрыўдзіў? Дбальскі. Што ўсё тое значыць, Зручней для пана, мабыць, іншым растлумачыць. Плацюхова. Ягомасць тут не вінаваты. Добра тому, Хто мае ў сябе такога аканома. Ён гаспадар уважны, сам ва ўсё ўнікае, І паншчыну глядзіць, і шэлег не здзірае. Не абкладзе падаткам, што няма ў паперы, Не возьме яек, кураў і маткоў звыш меры. Усё ў яго ідзе парадкам, нібы рата, Каля яго шчаслівая была б Агата. Але тут ёсць ягомасць... Пан. То кажы, хто гэта. Плацюхова. Мы ўсе трываем шмат ад тога прайдзісвета. Піяшка. Ці можна верыць ёй, яна ж сягоння п’яна. Плацюхова. Я? Пан. Сціхні... Ты ж далей кажы, мая кахана! Плацюхова. Усё скажу, усё, бо ўсім ён надакучыў, Ён з батагом мяне ганяў і гэтак мучыў. А бачыш, як цяпер у лобе чэрці граюць. І не падміргвай, так вось рэчы выглядаюць. Агату Антак любіць, Антака – Агата, Але на злосць Піяшку, Антакаву свату, Яны пабраліся б, ды ён перашкаджае. Ёй Антака даючы, ён Антака саджае У падвал, ён там дагэтуль. Пан. Што ў цябе за мроі? Ды дзе той Антак? Гайдак. Тут, пане. Ён прад табою. Плацюхова. Так, гэты вось стаіць, а той сядзіць, гаруе, У падвале небарака тым адзін сумуе. Пан. Але чамусь нічога я не разумею. Валенты. Я раскажу. Плацюхова. Ці ж я ўжо гаварыць не ўмею. Хоць мы паэтык і рыторык не вучылі, можа, Ды ўжо ж гаворым, як умеем і як можам! Ага – каб жыў мой муж, хай памяць ахавае... Дбальскі. Ну і язык – малоціць ім і не сціхае. Як знаеш, пан Валенты, то кажы, мо, ты як. Плацюхова. Ды дайце ж скончыць мне, усе мае святыя! Валенты. То, пане, парабак мой гэткі нешчаслівы. Яна ж хацела за яго, а ён, пачцівы... Гэта во ў падвале. Плацюхова. Ох, мудрыя галовы! Ды толькі не аб ім, аб іншым тут размова. Дбальскі. Як у падвале? Хто ж пасадзіў Антося? Валенты. Ягомасць – прычапіўся ці, мо, што здалося; Ён слова не сказаў... Дбальскі. На гэта ён не здольны. Бурчыць, ды ціхі. Пан. Хай будзе вольны. Дбальскі. Зараз, пане. Сцэна ІІІ Валенты. Таго Антка яна кахае. Пан. А з парабкам тваім у шлюб яна ўступае. То цалкам модны замуж сёння і калісьці: Хоць аднаго кахаць, ды за другога выйсці. Сцэна IV Дбальскі,
Антак і тыя ж. Дбальскі. Вось вызвалены Антак, пра якога мова. Валенты. Як я з адчаю ўмазаў раптам адмыслова. Пан. Хіба і парабак твой Антакам завецца? Валенты. Ага, вяльможны пане, тут нідзе не дзецца. Пан. Вось, пане Дбальскі, бачу я, што пан Піяшка, Замест свае работы, бавіць час за пляшкай, То з табелю службоўцаў будзь яго ласкавы... Дбальскі. Вось маеш нагароду за свае праявы. Гайдак. Ой, дрэнна йдзе інтэрас. Агатка. Як здаровы-жывы? Антак. Нічога. Абое. От і выпаў момант нам шчаслівы! Агатка. Вось гэты Антак мне прызначаны ад Неба, З ім люба будзе нават выжаброўваць хлеба, Кахаю гэтага, а тога не трываю. Гайдак. Сваё вяселле сёння я ўжо не згуляю. Пан. Калі без сэрца возьмеш, што чакае потым? То, можа, лёсу ўжо ўступі і ўцешся злотым. Гайдак. Дукат нямала жонак мне яшчэ дастане, Няхай жа ён бярэ, калі так хоча, пане. Што буду модным мужам, сёння падстароста Сказаў не дарам; вось прадаў я жонку проста. Антак. За тое шчасце, што вярнуў нам, добры пане, Служыць табе мы будзем, покуль сілы стане. Пан. Дадайце, пане Дбальскі, што ім будзе трэба, Яны карміцелі і нашы даўцы хлеба. Калі жывуць з іх працы ўсіх саслоўяў людзі, То хай ім усяго сягоння ўдосталь будзе. Фінал Агатка. Покуль свет не перастане, Антак і Агатка. Жыві, любімы наш пане! Усе. Жыві, жыві, любімы наш пане! Валенты і Гайдак. Справядлівасць ён вітае І сяброў сумленных мае. Бог яго узвысіў станам, Бацькам стаў ён нам – не панам. Усе. Бацькам стаў ён нам – не панам. Агатка. Покуль свет не перастане, Антак і Агатка. Жыві, любімы наш пане! Усе. Жыві, жыві, любімы наш пане! Хто моц гвалтам закладае, Аб падданых той не дбае. У нас жа, намі хто ўладае, Слёз удзячнасць выклікае. Агатка. Покуль свет не перастане, Антак і Агатка. Жыві, любімы наш пане! Усе. Жыві, жыві, любімы наш пане! Плацюхова. Ну, Піяшка? Згода! Згода! Піяшка. Плацюхова? Згода! Згода! Плацюхова. Я руку падам – не шкода. Піяшка. Ёй руку падам – не шкода. Абое. Як жа тонам тон не згодзіць, Бо язык даўгі падводзіць. Агатка. Покуль свет не перастане, Антак і Агатка. Жыві, любімы наш пане! Усе. Жыві, жыві, любімы наш пане! |