Да зместу

 

Генрык Равускі

КНЯЗЬ РАДЗІВІЛ ПАНЕ КАХАНКУ

(раздзел з «Успамінаў Сапліцы»)

 

1781 год надоўга запомніўся Наваградку, бо ў гэтым годзе быў надзвычай фарсоўны[1] соймік: больш як чатыры тысячы нас, шляхты, з’ехаліся на выбары земскага пісара[2]. Пасля смерці пана Марціна Данейкі князь ваявода віленскі[3] рэкамендаваў Міхала Рэйтана, брата таго славутага Тадэвуша[4], як за шляхетнасць роду, так і за асабістыя заслугі паважанага ў ваяводстве; а як звычайна выбары ў нас былі аднадушныя, нікому і ў галаву не прыйшло, каб хто-небудзь мог з ім за тую пасаду спаборнічаць. Аднак выйшла інакш.

Маркотна было Яснавяльможным ваяводзе Несялоўскаму[5] і кашталяну наваградскаму Яленскаму[6] (асабліва ваяводзе), што ніякага ўплыву на сойміках свайго ваяводства не мелі ды што трэба было кланяцца Светламу князю ваяводзе віленскаму, каб хоць пасаду ад шляхты атрымаць. Дарэмна шмат разоў у розныя часы скакаў ваявода перад шляхтаю наваградскаю: яна заўсёды ля князя Радзівіла стаяла непахісна, як мур. Ягоныя прыяцелі і ён сам дзеля захавання хоць якога аўтарытэту рады не рады, а мусілі лучыцца з радзівілаўскімі, за тое, што Рэйтан са шматлікімі сваімі калігатамі[7] вадзіў рэй у радзівілаўскай партыі, наважыўся Яснавяльможны Несялоўскі пасварыць іх, дык намовіў пана Казіміра Гарабурду, мужа роднае сястры Рэйтанаў і нашчадка таго слыннага ваяводы смаленскага[8], каб вылучыў сваю кандыдатуру на тую пасаду: а гэта абурыла ваяводства, бо ўсе ўбачылі спрэчку раззлаваных шваграў, што замахнуліся на славу адзін аднаго. Дарэмна намагаліся прыяцелі з абодвух бакоў намовіць пана Гарабурду, каб крыўды швагру не чыніў, не вылучаў сваю кандыдатуру, бо ўжо за здароўе Рэйтана, як будучага пісара, шмат выпіта, бо ён сам, Гарабурда, напачатку быў не супраць, бо гэтая нязгода пагражае смутаю ва ўсім ваяводстве, бо гэта цяжкі грэх, і, нарэшце, не падобна на тое, каб перамог пана Міхала. Але ўсё гэта было як аб сцяну гарохам.

Калі абывацелі з’ехаліся ў Наваградак у бернардынскі кляштар на парц’юнкулы[9] і сярод іх былі абодва швагры, дык стараліся мы іх памірыць; але як пачаў пан Гарабурда дакараць сваяка, што пакрыўдзіў яго, выплочваючы сястрынскі пасаг, што закону не ведае, і што яму належыць над картамі, а не над паперамі мазоліцца, і што хоць пан Міхал хаўруснік нясвіжскі, ён не траціць надзеі на сваіх, незалежных ад нікога прыяцеляў, – пан Міхал схапіўся за шаблю, і калі б бернардыны не схавалі пана Гарабурду, а шляхта не супакоіла пана Міхала, пэўна б рэфэктар[10] заліты быў бы крывёю. Не было тады аніякае мажлівасці іх памірыць, а час сойміка набліжаўся; і вось тут надарыўся выпадак, які абяцаў поспех Яснавяльможнаму ваяводзе наваградскаму і падмацаваў надзеі пана Казіміра Гарабурды.

А было гэта здарэнне князя ваяводы віленскага з вяльможным Трызнам, падчашым[11] наваградскім, і яно нават шматлікіх шчырых прыяцеляў радзівілаўскіх абурыла; яго ўдала выкарыстала антырадзвілаўская партыя. Трызна быў бедны, але апошні нашчадак старажытнага роду, з радзвілаўскім нават скалігаваным. Усё ж такі Налібокі Трызнянка колісь роду радзівілаўскаму прынесла, і большая частка фундушаў Жыровіцкага кляштару была дарам Трызны, прашчура падчашага. У жыровіцкіх кантычках узгадваецца той вялікі муж: «Któż nie przyzna, że pan Tryzna był pan świętobliwy» і інш.[12]

Дык вось пан падчашы, апрача залогавае сумы на радзівілаўскім Калдычэве, нічога не меў; працэнты з залогу былі невялікія, і хто б іншы мог выйсці на значную спадчыну; але за пана Трызну грошы не ўмелі трымацца: Мацюк зрабіў, Мацюк з’еў, а часцей нават больш з’еў, чым зрабіў. Ён жа і маіх пару тысячаў на той свет з сабою забраў, але я на Страшным Судзе, пэўна, пра тое ўспамінаць не буду, бо калі не з’еў з ім дзежку солі, дык з паўантала[13] выпіў з ім ягонага віна, не кажучы ўжо пра мёд. Ён не меў, апрача адзінае дачкі, нашчадкаў (род ягоны на ім скончыўся), а паненка як прыгажосцю, так і паходжаннем не патрабавала пасагу, каб добра замуж выйсці, – пазней яна за вельмі багатага Сыруця з Віцебшчыны, старасту чухлоўскага, выйшла, – дык пакуль не быў выгнаны, пра будучае не думаў. Пан Трызна быў чалавечны, вясёлы, але часам гарачы. І вось аднаго разу, у самае жніво, князь ваявода віленскі, не паведаміўшы гаспадару, як пярун, уварваўся са шматлікім паляваннем, каб выбіць звера ў калдычэўскіх лясах. А пан Трызна даваў распараджэнні падстарасце, каб прыспешваў жнеяк да працы і сам у поле выбіраўся, калі да яго прыскакалі княскія аб’ездчыкі з загадам зараз жа паслаць аблаву ў лес; былі гэта людзі простыя і някемлівыя, але так назойліва патрабавалі ў яго, што вывялі з цярлівасці. Не даў ім людзей, прыкрыкнуў на іх і нібыта сказаў, – паводле іхняга дакладу, – што толькі вар’яты ў часе жніва палююць. Вярнуліся аб’ездчыкі, і іхні даклад пачаў рухацца па прыступках дворскае іерархіі ды абрастаць чуткамі; а пан Мікуць, сакратар князеў, меў крыўду на пана Трызну з тае прычыны, што, дамагаючыся рукі Трызнавае дачкі, атрымаў у ягоным доме гарбуза[14], дык, помсцячы, далажыў князю. Князь, як толькі гэта пачуў, – сцвярджалі прысутныя, – на нейкі час мову страціў, а пасля як пачаў крычаць, аж лясы калдычэўскія затрэсліся, і ў гневе загадаў зараз жа пазбавіць Трызну падданых і выгнаць яго з маёнтка, – што неадкладна і бесчалавечна было выканана, а пан Трызна, ратуючы скуру, уцёк з тым толькі, што меў на сабе. Шчасце яшчэ, што падчашыха з дачкою паехалі на фэст у Пінск ўшанаваць богаславёнага Баболю[15]; ён жа проста пешкі ўцякаў і толькі ў ваколіцы Пацынаў спыніўся, а адтуль накіраваўся на вазку ў Наваградак, дзе маніфест[16] падаў у гарадскі суд, а разам і позву князю за знявагу і выгнанне з маёнтка.

Калі пачалася гэтая справа, я мусіў заняцца ёю і перад самім падчашым слязьмі заліўся, просячы яго, – скажу так, – каб дараваў мне, бо па абавязку мушу крыўду яму чыніць, таму што нашая справа брыдкая была. Але што? Чый хлеб ясі, таго й бараніць трэба. Аднак пан падчашы не меў за гэта на мяне злосці, і калі ўсё скончылася, не перастаў сябраваць са мною, а можа, і падвоіў павагу да мяне, бачачы, што толькі каб споўніць волю свайго пана і дабрадзея, адступаўся я ад сваіх перакананняў. Але я й перакананнямі мог кіравацца, бо калі прысутнічаў на канферэнцыі, на якой разглядаліся нашы юрыдычныя крокі ў будучым, сказаў вяльможнаму Радзішэўскаму, харунжаму старадубскаму і генеральнаму княскаму даверанаму, што не веру ў нашу праўду; дык ён мяне спыніў: «Васпан павінен справу весці, бо за гэта яму плацяць, а не ганіць яе перада мною». І гэтым заткнуў мне рот. Калі мы ўзяліся за справу, нам трэба было перанесці яе ў земскі суд[17], а не гарадскі, бо гарадскі – гэта юрысдыкцыя ваяводы, ён там праз сваіх субдэлегатаў судзіць (прынамсі, так бывае ў большай частцы Літвы); толькі такія-сякія надзеі маглі мы мець у земскім судзе[18]. Але не было аніякае мажлівасці вырвацца з гарадскога суда, бо менавіта туды пададзена была скарга; ды і, увогуле, справа пра выгнанне з маёнтка і пра гвалтаўніцтва належыць да юрысдыкцыі гарадскога суда. І вось хоць я настойваў на тым, што ілацыя[19] ўжо пададзена з нашага боку ў трыбунал pro determinatione fori[20], не зважаючы на гэта, гарадскі суд рашыў разглядаць справу. Я адступіўся, а пан падчашы атрымаў на князя Радзівіла кандэмнату[21]. Але што ж? Небарака, выгнаны на вуліцу, цешыўся кандэмнатаю, а князь як заняў Калдычэва, так і трымаў яго. На наступнай кадэнцыі[22], бачачы, што немажліва аспрэчыць кампетэнтнасць суда, я паспрабаваў іншую хітрасць: падаў пратэст на аднаго з членаў суда (абы сарваць камплет[23]), абвінавачваючы яго, што з’яўляецца сваяком іскавага боку. Сваяцтва было далёкае, бо пан Катаян Узлоўскі, гарадскі суддзя, пабраўся з Анцутаўнянкаю, а нябожчыца крайчыха Трызнянка, мачыха падчашага, primo voto[24] была за Анцутам. Аднак гэты пратэст падзейнічаў на суддзю Узлоўскага, і з прычыны адкрытасці камплету справа ў non sunt[25] пайшла і кадэнцыя закончылася нічым. Было трохі крыку за гэта на суддзю, і падчашы яму выгаварыў, што ўхіліўся, бо суддзіха хоча быць на святога Караля ў Нясвіжы, каб паказаць у свеце дачок, дзе б ёй быць не выпадала, калі б муж падпісаўся пад дэкрэтам[26] супраць князя. Казалі таксама, што пан Лявон Бароўскі ад імя князя ахвяраваў яму за тое рысінае футра. Але, Бог сведка, гэта агавор.

Аж тут соймік на пісарства земскае падыходзіць, і на яго паводле свайго звычаю прыехаў князь, бо хацеў дапамагчы пану Міхалу Рэйтану, які быў радзівілаўскім душою і целам. Прыехаў князь на трыццаці калясках да бернардынскага кляштару, сындыкам[27] якога ён быў, і са сваім дваром цалкам увесь заняў, апрача колькіх келляў, дзе ледзь змаглі мніхі змясціцца. Сам князь спыніўся ў келлі гвардыяна[28], як у больш прасторнай, але ўначы ў ёй ледзь кату прайсці можна было, бо апрача князя покатам ля яго ляжалі пан Міхал Рэйтан, Бургельскі, шатны, айцец Ідзі, што быў вялікім экзарцыстам[29] (а як князь моцна баяўся злых духаў, дык прасіў яго, каб у келлі побач спаў), ды яшчэ Непта, вялізарная выжліца, фаварытка князя. Апавядаў нам пан Міхал Рэйтан, што дзесяць дзён, калі ішоў соймік, ён і каліва не спаў: такі жахлівы быў храп князя, айца Ідзі і Непты. А засцянковая шляхта, што за князем пешкі прыйшла, на кляштарным дзядзінцы спала, дзе больш за дзесяць фураў з крупамі, мукою, саланінаю і гарэлкаю стаяла; заўсёды дыміліся катлы на дзядзінцы, а на бойні штодня валоў рэзалі; князь (што на здароўе яму) два разы абедаў на дзень: напачатку з засцянковаю шляхтаю на дзядзінцы з катла ўплятаў крупнік і флякі[30], а пасля ў рэфэктары з магнатамі і абывацелямі ваяводства, якіх у сябе частаваў альбо ў якога чыноўніка, куды быў запрошаны.

Дык вось пан Міхал, каб шчасліва скончылася справа Трызны (бо шляхта патрабавала гэтага), а сам не адважваючыся гэтага адкрыта выказаць, намовіў айца Ідзі (у якога князь штодзённа, лежачы перад сном у ложку, выпытваў пра чысцец, якія там пакуты ды як ад іх найлепш выкруціцца, што яму айцец Ідзі, як умеў, тлумачыў), каб той пераканаў князя быць справядлівым да пана Трызны. Узяўся за гэта бернардын, і было гэта так, як мне пан Бургельскі, шатны, слова ў слова распавёў, што сваімі вушамі чуў.

Дык вось пасля пацераў, калі ўсе леглі і нейкі час панавала маўчанне, князь абазваўся:

– Ойча Ідзі, няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!

– На векі вякоў. Што пан-князь загадае?

– Ці чуеш, вашэць, як мая Непта бурчыць? Пэўна нябожчык Валадковіч прыйдзе да мяне.

На гэта пан Міхал Рэйтан, перажагнаўшыся:

– Што прымроілася вашай княскай мосці? Людзі шныраць па калідоры, таму Непта і бурчыць; ужо зараз мае быць пан Валадковіч.

– Маўчаў бы, вашэць, пане каханку! Як умееш гуляць у францускія карты, дык ужо лічыш сябе мудрым. Я не да вашэці прамаўляю, да айца Ідзі. Ойча Ідзі, але ж праўда, што душы з чысца выходзяць, каб у сваякоў і прыяцеляў прасіць ратунку? Каб запярэчыць гэтаму, трэба быць біскупам Масальскім[31] альбо Марцінам Лютарам.

– Так, Светлы княжа! Бывае гэта, бывае.

– Чуеш, пане Міхале? Вось як міла спаць побач з тэолагам: і навучыць, і супакоіць. Мой ойча Ідзі, нязменна нябожчык Валадковіч у маіх вачах стаіць. Што гэта быў за прыяцель! Калі б я мог яго ўваскрасіць, аддаў бы ўсё, што маю, а сам да бернардынаў падаўся б. Яшчэ пры жыцці нябожчыка-князя[32] наехаў я па п’янай справе на пана Пятра Котвіча і дом яму падпаліў. На мяне пан Котвіч намаляваў на сто тысяч прэтэнзій і казаў, што як яму не заплачу гэтай сумы, дык выкліча мяне ў суд. Я быў голы, бо нябожчык-князь скупіўся, а да таго ж такі люты, што аднойчы загадаў даць мне пяцьдзесят бізуноў, хоць я ўжо быў мечнікам літоўскім і ардэнаносцам; а за такое свавольства, калі б даведаўся, дык забіў бы мяне. Што было рабіць? А мой Валадковіч два фальваркі свае ўласныя заклаў і ўлагодзіў Котвіча (тут чуваць было, як князь захліпаў). І ці ж гэта адзін раз ён мяне выручыў? Колісь ён мне (пан Валадковіч быццам бы прадчуваў, што мы нядоўга будзем разам) сказаў: «Княжа Караль, ты даўжэй за мяне будзеш жыць; перажывеш мяне – памятай пра маю душу». Дык вось, калі партыя, якую той ліхадзей у мітры, той гіпакрыт[33] Масальскі ўзначальваў, здрадаю ды нахапам схапіла Валадковіча і праз тры гадзіны расстраляла тут, у Наваградку, куды я ў той самы вечар прыехаў, ды позна, – прысягнуў я помсціць за ягоную кроў нашаму біскупу і рушыў на Вільню; я б яму сакру зняў [34] на першай хваіне за Вільняю; а пасля б паехаў у Рым перапрасіць святога айца і прынесці яму ў ахвяру пілігрымку ў Святую зямлю. Але калі я прыехаў у Вільню, дык з’явіўся мне першы раз у сне Валадковіч, просячы за біскупа, і сказаў, што яму яшчэ горш будзе там, як я біскупа павешу. Ойча Ідзі, гэта ж праўда, што ён усё яшчэ ў чысцы?

– Светлы княжа, а хто ж гэта ведае Суд Божы? І справядлівасць, і міласэрнасць Яго вялікая. Мы тое ведаем, што як душа разлучыцца з целам, дык Бог пасылае яе паводле ейных заслугаў у рай, у чысцец альбо – крый нас ад гэтага Яго Міласэрнасць! – у пекла.

– Вядома, Валадковіч у пекла не пайшоў, пане каханку! Дай Божа вам, усім законнікам, быць такімі заўзятымі, як ён, католікамі. Ён пры жыцці пана-нябожчыка трох папоў на Случчыне да Уніі намовіў, а чацвёрты, упарты, пад бізунамі памёр. Гэта было пакуль тая абрыдлая слуцка-торуньская[35] канфедэрацыя, чорт бы яе ўзяў, прывілеі выгандлявала дысідэнтам, за якія я, хоць і першы сенатар літоўскае правінцыі, перад Панам Богам не буду адказваць, бо са зброяю ў руках сем гадоў супраць гэтага блюзнерства змагаўся[36]. Але так Пан Бог хацеў: не мелі мы шчасця. А таго, што я, ойча Ідзі, за спачын душы Валадковіча рабіў, было б дастаткова, каб увесь чысцец вызваліць. Хаваў у Малдавіі нябожчыкаў, што ад пошасці памерлі, за ягоную душу ў дзень ягонае смерці штогод пашчу. Вёску ахвяраваў ваўкавыскім дамініканам, у якіх магілы Валадковічаў; а што службаў, эгзэквяў[37], міласціны, свечак – гэта і пан Міхал Рэйтан, хоць і вялікі матэматык, не падлічыць! Аднак душа ягоная не перастае мяне наведваць. Мая Непта яго так добра ведае, што як толькі ён наблізіцца, адразу абзываецца, як на страшнага звера, бо ейную маці я атрымаў ад яго на мае імяніны. Ойча Ідзі, дай мне раду, а я за гэта ваш кляштар гданьскаю чарапіцаю накрыю.

– Няхай Бог заплаціць вашай княскай мосці за ахвяру дзеля нас; кожны дар яму мілы, але чым большая ахвяра, тым больш выніковая. Няхай князь зробіць за нябожчыка якую ахвяру з гневу; напрыклад, няхай падасць руку таму, хто яго зняважыў, і гэтым вызваліш душу прыяцеля.

– Ты ўжо, вашэць, мовіш мне языком ксяндза Кантэнбрынга, што ўсё жыццё за маімі кепскімі справамі сочыць. На мінулым тыдні найлепшая мая харціца Вятроўка здохла з ласкі Гжэся, сабакара; я загадаў закаваць яго ў ланцугі; па справядлівасці, варта было б з яго скуру злупіць. А ксёндз Кантэнбрынг як пачаў мне правіць антыфоны[38] са святых айцоў, ды страшыць, ды прасіць, а д’яблы мяне пераканалі, і я паверыў, што ён вялікі тэолаг, – і хоць крыкнуў: «Не дарую, я – Радзівіл», ён мне так дакучаў, што я такі загадаў выпусціць Гжэся без пакарання. Але, перадусім, добра вылаяў ксяндза Кантэнбрынга; ён быў бы рады, каб мяне ва ўласным доме бяскарна рабавалі. Дык ужо і вашэць па гэтай дарозе пойдзе? Дык ужо і бернардыны ашукваюць, як езуіты? Толькі ж ты гэта ксяндзу Кантэнбрынгу не выкажы. Шчасцем, у мяне фурдыга[39] пустая і я ні на кога не гневаюся.

– Я б нешта сказаў вашай княскай мосці, але не адважваюся.

– Кажы смела, кажы смела, ойча Ідзі, бо на сваім дзядзінцы і злодзей адбіваецца, а я ў вас у гасцях: мне пра вашу ласку, а не вам пра маю дбаць, бо як мяне выганіце з кляштару, дык куды я падамся на начлег?

– Калі мне князь дазваляе казаць смела, дык няхай ваша княская мосць прыпомніць, ці не пакрыўдзіў ён каго?

– Я, пане каханку, нікога не пакрыўдзіў. Мяне ўсе крыўдзяць, а я ім дзеля Божае ласкі дарую. Я, пане, яшчэ нікога не падрапаў, хоць мяне тая малпа вялікапольская, той Кашуба Сулкоўскі называе ў Варшаве літоўскім мядзведзем; але ж і дам я яму, як у Гародню на сойм прыедзе, добра яго падрапаю. Але гэта да вашэці, ойча Ідзі, не мае адносінаў, бо вашэць не вялікапольскі бернардын. А на Літве я каго падрапаў? Я рахманы, як дзіця, пане каханку. Ксёндз Кантэнбрынг мяне заўсёды з амбону папракае, але я на яго не крыўджуся. А пан Лявон Бароўскі мала мне выкінуў каленцаў? А пан Юры Белапятровіч мала зямлі мае прыараў? А пан філосаф, што тут спіць, Міхал Рэйтан, мала мне мядзведзяў выбіў у Налібоках і баброў вылавіў у Лахве? А я ж маўчу і толькі Пану Богу адказ дам. Ні на каго злосці не маю, ні на каго; ойча Ідзі, хацеў ты стрэліць, але схібіў. Слухай, бернаху![40] Табе спадабаўся мой пас, які ўчора я меў на сабе; ты казаў, што была б з яго сутана, якое ў Вільні ў катэдральнай закрыстыі няма; калі мне давядзеш, што я маю на некага гнеў (але ў Літве), дык аддам яго табе; а калі не давядзеш, дык пяцьдзесят бізуноў атрымаеш за Валадковіча.

– Згода, пане-княжа! Пас будзе наш, і я атрымаю бізуны за нябожчыка; вось толькі я баюся абазвацца: раптам пана-князя зняважу?

– Кажы смела, я Радзівіл, я буду маўчаць.

– Калі пан-князь дазваляе, дык скажу, што быў шляхціц, які год назад шмат нам дапамагаў. Бывала, фуры з ягонае спіжарні да кляштару прыходзілі, а цяпер мы мусім выдзяляць яму з міласціны, каб з голаду не памёр, а гэта таму, што пан-князь загадаў выгнаць яго з маёнтка, і ён ледзь не ў адной кашулі ўцёк у Наваградак. Судзіцца з князем, а кавалка хлеба не мае пан падчашы Трызна.

Тут перапыніў яго князь:

– Што ты лезеш не ў сваё, клеха[41]. Я ўвесь маёнтак страчу, а Трызне не дарую. Ён, абагрэты маёй ласкаю, ён, задарма трымаючы Калдычэва, адмовіў мне ў людзях на аблаву ды яшчэ маіх лёкаяў з брудам змяшаў і мяне дурням назваў! Альбо я, альбо ён з торбаю пойдзе.

– Ён ужо пайшоў з торбаю, пане-княжа. Але няхай вашая княская мосць успомніць: штодзень мовіш пацеры, а там ёсць: «І адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым».

– Больш я гэтых пацераў мовіць не буду і не дарую.

– Але ж княжа...

– Ціха мне! Ідзі прэч, бернаху, і не дуры ты мне галаву.

Тут на колькі хвілін усталявалася маўчанне, пасля пачуліся крокі.

– Усё жывое Пана Бога славіць! Што гэта? – абазваўся князь.

– Гэта я, Яснавяльможны пане-княжа, выходжу па загаду вашае княскае мосці; гэта трэпкі[42] мае стукаюць.

– Калі ласка, вашэць, пане каханку, не сыходзь з келлі, а спі тут; бо як прыйдзе да мяне Валадковіч, ад жалю я захварэю без цябе, мой ксёндз. Я з гэтым ерэтыкам Міхалам Рэйтанам, што з вампіраў жартуе, баюся сам-насам быць уначы, а Бургельскі спіць як забіты. Кладзіся, ойча Ідзі, і не гневайся. Відаць, ты за Трызну пакрыўдзіўся? Але нічога з гэтага не будзе.

Затым па прапанове пана Бургельскага ўсталявалася цішыня, і, вядома, звычайны «канцэрт» князя, ойча Ідзі і Непты. Але пан Бургельскі і пан Міхал Рэйтан, якія добра ведалі князя і самага лепшага зычылі падчашаму, ужо мелі надзею; вось толькі б намовіць пана Трызну, каб які крок сам да князя зрабіў; але зрабіць гэта нам было нялёгка, бо пан Трызна, хоць і бедны, але лічыў сябе сваяком магнатаў і не любіў некаму кланяцца.

Але атрымалася ўсё надзвычай добра. Назаўтра пасля гэтае размовы, пра якую я толькі што распавёў і пра якую паведаміў пану Трызну пан Міхал Рэйтан і, відавочна, сам айцец Ідзі, соймік адкрыў Яснавяльможны Рдултоўскі, харунжы наваградскі (бо Яснавяльможны Незабітоўскі, падкаморы, быў выкліканы ў суд de malo gesto officio[43] Яснавяльможным ваяводаю Несялоўскім і, будучы пад такою брыдкаю працэдураю, не мог выконваць свае абавязкі). Дык вось, пасля адкрыцця Яснавяльможны харунжы запрасіў службоўцаў земскіх, гарадскіх, рыцарства і шляхту Наваградскага княства абраць соймікавага маршалка[44]. Па ўсім касцёле пачулася: «Светлага князя ваяводу віленскага просім быць маршалкам!»

– Згода! Згода! – пачала крычаць шляхта.

Ажно тут пан Казімір Гарабурда наблізіўся да кола[45] і папрасіў слова. Атрымаўшы яго, сказаў, што ён надзвычай быў бы шчаслівы дададаць сваю і прыяцеляў сваіх афірматыву[46], каб пачэсціць ваяводства такім годным і з усіх бакоў вельмі добрым і прыстойным маршалкам, Светлым князем ваяводам віленскім, але сумленне не можа ахвяраваць закон уласным прыхільнасцям: закон выразна кажа, што абывацель, будучы пад кандэмнатаю, не можа займаць аніякае пасады, таму князь, будучы пад кандэмнатаю, маршалкам быць не можа.

На гэта ўсе мы за прыкладам пана Міхала Рэйтана выхапілі шаблі і, відаць, ушчэнт разбілі б партыю пана ваяводы наваградскага, бо нашых было ў чатыры разы больш, але пан Юры Белапятровіч, усімі паважаны, які ў абодвух партыях меў вялікую вагу, перашкодзіў гэтаму. Ён упрасіў, каб усе схавалі шаблі ў похвы і каб кола абмеркавала папрок пана Гарабурды, бо ён мае законны інтарэс. Дык мы пачалі крычаць:

– Просім пана Гарабурду адмовіцца ад кандэмнаты, якую атрымаў на князя ваяводу!

Ён на гэта:

– Я не маю кандэмнаты і такога не казаў; але вяльможны падчашы Трызна атрымаў у гарадскім судзе не адну, а дзве кандэмнаты.

Разгневаны пан Міхал Рэйтан накінуўся на пана Гарабурду:

– Васпане, чужою кандэмнатаю выхваляцца не маеш права, а калі яна васпану належыць, пакажы дакумент ад вяльможнага Трызны; а калі яго не маеш, хоць у старасці маўчаць навучыся!

– Васпане, сам маўчы, калі ў цябе язык не свярбіць, а не вучы розуму тых, што і васпану са свайго ўдзяліць бы змаглі. А Яснавяльможны харунжы няхай пастараецца запытаць у вяльможнага Трызны, ці хоча ён кандэмнатаю, атрыманаю на князя ваяводу віленскага, выхваляцца; гэтага я маю права патрабаваць.

Тут пачалі ўсе крычаць, што ніхто не мае права пытацца пра гэта ў вяльможнага Трызны, бо ён сам ведае, што яму належыць, і здолее пра свае правы нагадаць. Моцна ўзрушаны, князь стаў між намі і вусы ўгору закруціў, аж тут вяльможны Трызна, які, як падчашы, дагэтуль у коле сядзеў і маўчаў, устаў і дрыжачым голасам, у якім моцна крыўда гучала, сказаў такія словы:

– Я сапраўды маю дзве кандэмнаты на Светлага князя ваяводу віленскага, але цяпер ад іх адмаўляюся; жорстка я ім прыгнечаны, ды як абывацель усё ж я абавязаны мае ўласныя пачуцці падпарадкоўваць грамадскай згодзе; будучы перакананым, што не можа быць нічога лепшага дзеля нашага ваяводства, як кіраўніцтва нашым соймікам даручыць Светламу князю; я, забываючыся на сваю крыўду і не зважаючы, колькі непрыемнасцяў ад гэтага кроку можа быць, заяўляю, што Светлага князя ваяводу ад атрыманых на яго кандэмнатаў вызваляю.

Князь ваявода наблізіўся да кола і так быў расчулены, што не мог сказаць нічога, акрамя:

– Я хоць крыўду маю на вяльможнага падчашага, але за гэты ягоны да мяне крок зычлівасці і даверу буду імкнуцца аддзячыць.

Ва ўсім касцёле можна было пачуць шмат разоў паўтораныя вокрыкі:

– Віват, князь ваявода! Віват, Трызна, падчашы наваградскі!

І вось князь ваявода быў абраны соймікавым маршалкам, а была ўжо гадзіна па палудні, дык князь перанёс сесію на восем раніцы заўтрашняга дня і накіраваўся на абед да Яснавяльможнага харунжага Рдултоўскага, на дзядзінцы ў якога былі падрыхтаваныя сталы на колькі сотняў чалавек. Быў там з намі і пан падчашы, дык вось пры кілішках пачалі мы мірыць князя з Трызнам.

Князь сказаў:

– Я люблю пана Юзафата; гэта ж кроў, не вада, пане каханку; майго прапрадзеда Трызнянка нарадзіла. Аддаю Калдычэва зараз жа; а прэтэнзіі, якія ён мець можа за знявагу кантракту, няхай прыяцелі абмяркуюць. Але я маю асабістую крыўду на яго. Ён на маіх лёкаяў узвысіў голас і мяне назваў вар’ятам. Мы абодва шляхціцы, таму няхай нас шабля рассудзіць, і неадкладна.

Дарэмна тлумачыў пан Трызна, што ніколі так не казаў, а пан харунжы і пан суддзя Равенскі пераконвалі: трэба абавязкова пану Трызну паддацца волі князя. І вось перад абедам абодва за шаблі ўзяліся ў прысутнасці нас усіх. Князь як кінуўся ў атаку, дык ад першага ўдару шабля пана Трызны пераламілася, так моцна выцяў па ёй пан ваявода, але пан суддзя падаў абяззброенаму пану Трызну сваю шаблю. Князь сказаў:

– Я цалкам задаволены, – пацалаваў Трызну і агледзеў шаблю. – Гэта шабля мая, бо я яе сваёю крывёю здабыў; прызнайся, пане Юзафаце, умею я пацэліць?

Пасля давай піць за згоду. Князь быў у выдатным гуморы:

– Пане Міхале, будзь спакойны за пісарства земскае, я сам адзін з маёю батароўкаю[47] ўсю гарабурдаву партыю разганю.

Князь і пан Трызна запісаліся на кампраміс[48] у пана Белапятровіча, а пасля мы толькі соймікам былі занятыя.

Шляхта, пацешаная ўчынкам князя, не магла супакоіцца ад радасці. Толькі чуваць было між імі, як гаманілі: «А што, ці не ўмелы рубака наш князь? Шаблю, як масла, рассек. Але і пан Трызна зух: дванаццаць сальных свечак за адзін замах пераразае. А хто князю нашаму дасць рады?» Аднак трэба ведаць, што пан Трызна меў турэцкую шаблю з мяккага жалеза, бо не спадзяваўся, што яму давядзецца біцца, але кепскага з гэтага не выйшла: князь яго вельмі палюбіў, і бывала заўсёды, калі яго бачыў, любіў яму нагадваць, што калі б пан Ігнацы Равенскі не падаў яму сваю шаблю, ён бы падчашаму галаву зняў.

Пасля абеду пайшлі мы ўсе на бернардынскі дзядзінец, дзе, хоць добра ўжо былі п’яныя, de noviter reperta[49] пілі. Што тут была за мешаніна! Яснавяльможныя і акалічная шляхта, магнаты і засцянкоўцы былі як брат брату. Князь, сутыкнуўшыся з нейкім шляхціцам у падранай шапцы, зняў яе з яго і на сваю галаву надзеў, а яму даў сваю аксамітную. На гэты знак усе мы пачалі мяняцца шапкамі ды піць, але так, што праз пяць хвілін іншую шапку надзявалі. Пасля добра п’яны князь пачаў распранацца, з добрым сэрцам бэсцячы шляхту. Аднаму даў залаты пас, мовячы: «Дарую дурню!», другому – кунтуш: «На, свіння!», таму – жамчужную шпільку: «Трымай, асёл!», іншаму – жупан: «Вазьмі, ёлупень!», а сам застаўся ў амарантавых гайдаварах[50] і ў кашулі, на якой вісела велізарная ладанка. І вось сеў ён на вазок, на якім была аграмадная, поўная віна дзежка. Ён сеў на дзежку, а вазок шляхта пацягнула па вуліцах Наваградка. Вазок праз кожны дзесятак крокаў спыняўся, і хто хацеў, падстаўляў келіх альбо кубак, а князь чоп[51] ад дзежкі адкрываў і казаў, просячы шляхту, каб яго не падвяла, пана Міхала Рэйтана на пісарства пасадзіла ды не дала Радзівіла на жор ягоным непрыяцелям.

– Пане каханку, – казаў, – бачыце гэтую маю ладанку? Яна засталася мне ў спадчыну ад маіх продкаў. Яе яшчэ мой пратапласта[52] Ліздзейка раней насіў, чым яго знайшоў Уладзіслаў Ягайла[53]. Сіротка з ёю ў Ерусалім хадзіў. Яна вельмі важная, бо ў ёй зашыта Унія Літвы з Каронаю. Я люблю Карону, пане каханку, але няма лепш, як наша Літва. Я і ў Кароне маю кавалак зямлі, але д’ябал бы там сядзеў. Там хутчэй кушняра пабачыш, як аб’ездчыка. Мы тут мядзведзяў б’ём, а там аблаваю на перапёлак палююць. У каронцаў суслікі, а тут – тлустая дзічына. А як пачаў, панове, нападаць на мяне князь біскуп віленскі[54], швагер ваяводы наваградскага, які тут накінуўся на нас, каб не пан Міхал Рэйтан, а пан Казімір Гарабурда дэкрэты нам пісаў, дык я ўжо ў роспачы хацеў у Карону ўцячы. І мне там прыстойнае абацтва[55] давалі, бо я пекныя вершы пішу. Ужо быў атабарыўся на Русі, але калі пачаў маліцца Пану Езусу ў Барэмлі[56]. Ён мне ў адказ: «Радзівіле, вяртайся на Літву, бо тут анічога не дасягнеш, тут шляхта гнюсная. Ostende patrem patris[57] – гэта філасофія валынскае і кіеўскае шляхты, не так, як у нас на Літве, дзе кожны ад продкаў на сваёй зямлі сядзіць (бо мая прабабка была ліцвінка). Дык вяртайся на Літву і кланяйся наваградскай шляхце ад мяне». А я, упаўшы крыжам на зямлю, кажу яму: «Пане! А як жа мне вяртацца на Літву, калі на мяне Твой біскуп нападае!» А ён мне: «Гэта не мой біскуп, гэта нягоднік; але ён нічога табе не зробіць. Вяртайся, Радзівіле, на Літву, і няхай мяне д’ябал возьме, калі ты не будзеш Радзівілам як і раней, а ён як быў дурнем, так ім і будзе». Дык вось, пане каханку, пасля такога прароцтва Пана і Бога майго я вярнуўся да вас, і Пан мой узнагародзіў маю веру, бо я ніколі не меў сумніву ў сказаным Ім слове; а свае вершы аддаў ксяндзу Нарушэвічу[58]: ён хоць і збяднелы, але радзівілаўскага роду; ён за мае вершы атрымаў смаленскае біскупства».

І вось пачала шляхта збірацца, ды не толькі нашая, але і з варожае партыі, нават засценкі, што ля Варончы знаходзяцца, дык можна было бачыць ужо, што заўтра і не абзавуцца супраць нас і што марнымі былі выдаткі наваградскіх сенатараў.

Да дзесятае гадзіны вечара былі мы з князем, пілі, скакалі ды спявалі на вуліцах, а абывацелі партыі ваяводы наваградскага баяліся, каб іх не падпалілі. Але было ўсё прыстойна, нікому гвалту не чынілі. Праводзілі мы князя (вядома, на дзежцы, толькі ўжо пустой) аж да кляштару; а ён яшчэ і на дзядзінцы ўсё распавядаў. Толькі стаўшы ля студні, скінуў гайдавары і кашулю, ды загадаў абліць яго вадою. Ад чаго адразу працверазеў і пайшоў у келлю, дзе, падкурак[59] з’еўшы і з айцом Ідзі прачытаўшы пацеры, лёг спаць, памятаючы, што яму ў восем раніцы трэба быць у касцёле і адкрываць соймік.

Назаўтра роўна ў восем мы сабраліся ў касцёле, і князь, запрасіўшы ўсіх земскіх і гарадскіх службоўцаў ў кола, такімі словамі адкрыў соймік:

– Яснавяльможныя і вяльможныя нашыя панове і каханыя браты! Па вашай просьбе заняўшы кіраўніцтва на сойміку, на якім трэба выбраць земскага пісара, маю гонар паведаміць вам, што кандыдуюцца на гэтую пасаду два абывацелі нашага ваяводства: першы – Яснавяльможны пан Міхал Рэйтан, колісь ваш дэпутат на трыбунал віленскі і шамбелян яго каралеўскае мосці, другі – Яснавяльможны пан Казімір Гарабурда, стараста вілядымоўскі. Дык, панове браты, вырашайце, якога з гэтых двух жадаеце мець за пісара земскага.

– Пана Міхала Рэйтана просім! – закрычалі Адынцы, Семярадцы, Гацінцы, Міцкевічы.

– Згода! Згода! – адказала шляхта з засценкаў. – Пана Рэйтана просім!

– Няма згоды! – крычалі Есманы, Чачоты, Слушкі, але іх галасы былі непараўнальна слабейшыя. Ніхто з нашых не выхапіў шаблю, бо князь усіх нас прасіў, каб не давалі і знаку да гвалту.

Устаўшы, князь ваявода паведаміў:

– Быў такі звычай у нашым ваяводстве, што unanimitate[60] ўсё адбывалася, але nemini vox non est deneganda[61], дык запрашаю панове братоў да ватавання[62].

Шляхта пачала галасаваць, і ледзь пару гадзінаў прайшло, а ўжо ўпэўніўся пан Гарабурда, што шанцаў у яго няма: усе засценкі яго падвялі; дык каб не паказаць слабасць свае партыі, падышоў да кола, узяў слова і сказаў, што, не жадаючы быць перашкодаю пану Міхалу Рэйтану, ён адмаўляецца кандыдавацца. І адразу  выйшаў з касцёлу ды паехаў у вёску, моцна засмучаны і не без крыўды на Яснавяльможнага ваяводу наваградскага, бо за яго рызыкаваў. Але хутка гэты ж ваявода прызначыў яго наваградскім гарадскім суддзёю – лепш хоць што-небудзь, чым нічога – і гэтым яго крыху суцешыў, а пан Міхал стаў пісарам земскім.

Яшчэ шэсць дзён працягваўся нібыта соймік, а на самай справе – гулянка. Аднак і гэтая гулянка была не без карысці: больш за трыццаць справаў (па намове, перадусім, самога князя ваяводы віленскага) завяршыліся палюбоўным судом; хоць асобныя і былі вельмі складанымі. Суперарбітарам большае часткі справаў быў пан Юры Белапятровіч, – сапраўдны пацыфікатар[63] ваяводства.

Пераклад Міколы Хаўстовіча

 


 

[1] Напружаны, бурны, нечаканы (з фр.).

[2] Судовы чыноўнік, які меў дарадчы голас.

[3] Караль Радзівіл Пане Каханку (1734 – 1790) – папулярны сярод шляхты магнат у Вялікім Княстве Літоўскім.

[4] Тадэвуш Рэйтан – удзельнік Барскае канфедэрацыі (1768), вядомы сваімі патрыятычнымі ўчынкамі.

[5] Юзаф Несялоўскі (1728 – 1814) – генерал-лейтэнант літоўскіх войскаў, удзельнік паўстання Касцюшкі.

[6] Гедэон Яленскі (пам. 1798) – кашталян наваградскі, слынны юрыста.

[7] Сваякамі (з лац.).

[8] Аўтар памыляецца. Аніводзін з Гарабурдаў не быў смаленскім ваяводам.

[9] Свята Божае Маці, якое спраўляецца ў бернардынскіх кляштарах 2 жніўня.

[10] Памяшканне, дзе аджыўляліся мніхі.

[11] Напачатку так зваўся шляхціц, які слугаваў вялікаму князю за сталом. Пазней – ганаровая пасада.

[12] «Хто ж не прызнае, што пан Трызна быў чалавекам набожным...»

[13] Антал – невялікая дзежачка ёмістасцю 2 вядры.

[14] Старадаўні звычай на Беларусі, калі бацькі не жадаюць мець такога зяця.

[15] Андрэй Баболя (1591-1657) – мніх ордэна езуітаў. Вызначыўся сваёй рэлігійнай дзейнасцю ў Бабруйску і Пінску. Падчас вайны (1654-1667 гг.) быў замардаваны казакамі.

[16] Пратэст, скарга (з лац.).

[17] Земскі суд быў судом першае інстанцыі. Ён разглядаў дробныя шляхецкія справы.

[18] Земскі суд (суддзю, падсудка і пісара) выбірала шляхта, а гарадскі прызначаў ваявода.

[19] Вусная просьба (з лац.).

[20] З мэтаю вызначэння, які суд неабходны (лац.).

[21] Завочны вырак, штраф за нез’яўленне ў суд.

[22] Тэрмін паўнамоцтваў (з лац.).

[23] Пэўная колькасць сяброў суда, якія мусяць разглядаць справу.

[24] У першым замужжы (лац.).

[25] Быццам яе і не было (лац.).

[26] Вырак (з лац.).

[27] Тут: апякун кляштару.

[28] Ігумена.

[29] Меўад біскупа дазвол выганяць злых духаў.

[30] Трыбухі, рубцы.

[31] Масальскі Ігнат – віленскі біскуп, удзельнік Таргавіцкае канфедэрацыі (1792), выступаў супраць Радзівілаў.Павешаны за здраду ў часе паўстання Т.Касцюшкі.

[32] Радзівіл Міхал Казімір Рыбанька (1702-1762) – ваявода віленскі, гетман вялікі літоўскі; бацька Караля Пане Каханку.

[33] Крывадушнік, ханжа.

[34] Сімвалічнае пазбаўленне сану святара перад пакараннем.

[35] Слуцкая канфедэрацыя праваслаўнае шляхты і Торуньская канфедэрацыя пратэстанцкае шляхты, інспірыраваныя расейскім і прускім урадамі, падрыхтавалі першы падзел Рэчы Паспалітае.

[36] Караль Радзівіл браў удзел у Радамскай і Барскай канфедэрацыях, а таксама ў эміграцыйным вызвольным руху.

[37] Жалобнае набажэнства (з лац.).

[38] Тут: прынцыпы, прыклады.

[39] Астрог, «каза».

[40] Фамільярная мянушка бернардына.

[41] Пагардлівая мянушка ксяндза.

[42] Абутак законніка.

[43] За недобрасумленнае выкананне абавязкаў (лац.).

[44] Аўтар памыляецца. Соймікавага маршалка на Літве не абіралі. Кіраваў соймікам земскі маршалак.

[45] Шляхецкая грамада.

[46] Голас, якім выказваюць сваю згоду.

[47] Шабля з партрэтам альбо манаграмаю Стафана Баторыя (Батуры).

[48] Палюбоўны суд.

[49] Трункі, зноў прынесеныя.

[50] Шырокае сподняе малінавага ці цёмна-чырвонага колеру.

[51] Затычка.

[52] Родапачынальнік (з грэц.).

[53] Ліздзейку знайшоў вялікі князь літоўскі Віцень.

[54] Масальскі.

[55] Абатам мог быць і свецкі чалавек.

[56] Мястэчка на Валыні, у той час (XVIII ст. ) – Карона.

[57] Давядзі, што твой дзед быў шляхціцам, – і гэтага дастаткова.

[58] Адам Нарушэвіч (1733-1796) – пісар вялікі літоўскі, біскуп смаленскі (1788), гісторык і паэт.

[59] Сняданак, які давалі бяседнікам, што бавіліся ўсю ноч: боршч, бігас і каўбаса.

[60] Аднадушна (лац.).

[61] Нікога нельга пазбавіць голасу (лац.).

[62] Галасавання.

[63] Тут: той, хто прымірае. Пра Ю.Белапятровіча згадаў у прыпісах да «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіч: «Чалавек, справядлівы і патрыятычны, вельмі ў Літве паважаны».



Hosted by uCoz

Да зместу