Да зместу

Віталь Алісіёнак

ФАЛЬКЛОРНЫЯ МАТЫВЫ Ў БАЛАДЗЕ Я. ЧАЧОТА “СВІЦЯЗЬ”

У творчай спадчыне Яна Чачота асаблівае месца займаюць балады. Напісаныя на польскай мове, яны маюць у сваёй аснове беларускі фальклор. Даследчыкі творчасці Адама Міцкевіча доўгі час адпрэчвалі ўплыў на вядомага паэта (у прыватнасці на зборнік “Балады і рамансы”) ягонага сябра – Я. Чачота. Увогуле, лічылася, што свае балады ён напісаў значна пазней за А. Міцкевіча. Такое сталася магчымым з-за таго, што творы Я. Чачота былі невдомыя доўгі час. Іх адшукалі напрыканцы 80-х гг. ХІХ ст. у г. зв. Раптуляжы (нататніку) Я. Чачота. Аднак толькі значна пазней, ужо ў ХХ ст., больш дасканалае вывучэнне творчай спадчыны паэтаў дазволіла аднавіць праўду: менавіта Я. Чачот прыкладана ў 1818 г. першым сярод філаматаў звярнуўся да жанра балады.

Самая ранняя згадка пра балады паходзіць з ліста Я. Чачота да А. Міцкевіча, датаванага 26 ліпеня (8 жніўня) 1819 г.: “Напісаў баладу “Арыён”, і амaль скончыў “Бекеша”[1]. У той жа год, А. Міцкевіч, выехаўшы да Коўна, пісаў у лісце ад 22 верасня (4 кастрычніка): “Прышлі мне “Свіцязь” ды іншыя твае новыя вершы – “Бекеша” ect., зробіш мне найвялікушю ласку”[2].

Возера Свіцязь, дзякуючы творчасці трох паэтаў, стала ў беларускай і польскай літаратуры нейкім чароўным, таемным сімвалам. Нашчадкі павінныя дзякаваць за гэта Тамашу Зану. Як вынікае са “Свіцязі” Я. Чачота, менавіта ён распавёў першым пачутае ад сялян паданне:

Яго чуў Тамаш у народзе

І мне перадаў пры нагодзе[3].

Увогуле, паданне аб затапленні горада, як пакаранне яго жыхароў за злачынства, пра што апавядае і балада досыць распаўсюджанае на тэрыторыі Беларусі. Сустракаецца янр і ў працах вядомых фалькларыстаў Я. Карловіча, М. Федаровіча, П. Дземідовіча і інш.[4] Асаблівае распаўсюджанне паданне атрымала менавіта ў ваколіцах Свіцязі. А першым яго вершаваную версію даў Я. Чачот. Аднак першынства сябра А. Міцкевіча доўгі час аспрэчвалася. І спычыніліся да гэтага наступныя радкі з балады Чачота:

                ...Прызнацца,

Рыфмую і я, ды з Адамам

Мне ў гэтым усё ж не зраўняцца.

Верш кепскі мой, муза не тая! [132]

Толькі пазнейшыя даследчыкі, і ў прыватнасці Станіслаў Свірка, слушна давялі, што Я. Чачот свой твор часткова перапрацаваў пад уплывам творчасці А. Міцкевіча. Змены закранулі толькі ўступ – першыя тры шасцірадкоўі – ды некаторыя іншыя дробныя дэталі. А сама змястоўная частка засталася ранейшай. Зразумела, што ўсе тры паэты па-рознаму падышлі да напісання твораў пра Свіцязь. Агульным было толькі адно – мясцовае народнае паданне.

Найбольш шырока па падзейнасці, часе, трагічным напале разгарнуў свой твор менавіта Я. Чачот. Гэта і драматычная дамова хлопца з д’яблам, і трагічная смерць купца, і страшная расплата за злачынства праз сорак гадоў. Паэт імкнуўся захаваць у сваім творы як мага больш фактаў, падзей дагістарычных часоў роднай зямлі, зафіксаваных у міфах, легендах, геаграфічных назвах і г. д. Ён папракаў ва ўступе да балады А. Міцкевіча, які не ішоў шляхам дакладанага наследавання фальклору, абрадаў, звычаяў, а запазычваў у іх толькі ідэю, вонкавую абалонку. Я.  Чачот пісаў:

Бо шмат ад сябе ты, Адаме,

Наплёў пра часіны былыя.

Усё ж занядбаўшы паданне,

Якое данеслі старыя [132].

Відавочна, што Я. Чачот скарыстаў у творы не адзін фальклорны сюжэт. Лёгка заўважаецца яшчэ, як мінімум, два фальклорныя матывы. Па-першае, матыў заключэння дамовы з д’яблам (чортам), каб займець багацце. Гэта даволі шырока распаўсюджаны сюжэт з народных паданняў, які няраз выкарыстоўвалі ў літаратуры, узгадаем хаця б “Камедыю” К. Марашэўскага. Прычым нават чорта Я. Чачот малюе адпаведна з народнай традыцыяй – у сатырычным свеце:

Пазногці на лапах курыных –

Крукамі. Дзюбаты. З вужакаў –

Яго валасы. Хвост – казліны.

Агонь у зубах. Сам – у фраку.

Спужацца тут можна да смерці –

Няхай бы ўзялі чэрці! {132}.

І гэта нягледзячы на тое, што самі падзеі разгортваюцца драматычна. Увогуле, па ўяўленнях беларусаў, д’ябал выступае істотай “укрытай поўсцю, з рожкамі, казлінай барадой, хвастом і капытамі”[5]. Але д’ябал у Я. Чачота нагадвае больш істоту з антычнай міфалогіі: са змеямі замест валасоў – як у медузы Гаргоны і г. д. Натуральна, што хлапец знаходзіць чорта, выконваючы ўсе патрэбныя ўмовы: выходзіць апоўначы, пры поўні, на скрыжаванне дарог, якое заўсёды лічылася месцам збору нячыстай сілы, і пры дапамозе свісту выклікае нячысціка. Пасля апісання сцэны заключэння дамовы паміж хлопцам і д’яблам, аўтар нечакана, разрываючы хаду падзеяў, падае сваё лірычна-павучальнае адступленне. Яго нават можна назваць маральным кодэксам, якога, упэўнены паэт, павінен трымацца кожны чалавек:

Нікчэмнасць! Вяршыня раскошы:

Піць, есці – і больш анічога!

А браць у каго яму грошы –

Не важна: у д’ябла ці Бога.

Сумленне ў разлік не ўваходзіць...

...Жыццё – гэта ўласнасць не наша.

Яго адымаць нам – бязбожна.

А той жа, хто мысліць іначай,

Той, хто за дукат забівае,

Як д’ябал, душы ён ня мае [137].

Другі фальклорны сюжэт – гэта забойства купца. (А. Міцкевіч запазычыў яго ў Я. Чачота, скарыстаўшы ў сваёй баладзе “Вяртанне таты”). Дарэчы, менавіта ў гэтай частцы балады магчыма, хоць і ўмоўна, лакалізваць мастацкую прастору, у якой адбываецца дзеянне. Аўтар піша:

Са слаўнае Зэльвы спяшае дадому

Купец, распрадаўшы тавары,

Вязе з кірмашу па дарозе знаёмай

Дукаты свае і таляры [138].

Між тым, вышэйназваны Зэльвенскі кірмаш сапраўды адбываўся ў гэтым горадзе з 1721 г. на працягу месяца напрыканцы лета. Такім чынам Я. Чачот абмежаваў дзеянне ў баладзе перыядам апошніх ста гадоў (1721–1819).

Развіваючы далей сюжэт, аўтар пры дапамозе таксама фальклорных элементаў робіць сітуацыю ўсё больш напружанай, падводзячы чытача да кульмінацыі гэтай часткі балады – забойства невінаватага чалавека. Раптоўна на роўнай дарозе ламаецца кола, як прадвесце няшчасця; вось падарожнікі збіліся з дарогі, якая нібыта прама вяла да дому; раптам пачынаюць скакаць агеньчыкі, якія ўяўляюцца то водблескамі агнёў Свіцязі, то агеньчыкам у нейкай хатцы, а то і прадвеснікамі схаваных скарбаў. Але зразумела, што схапіць гэтыя “скарбы” нельга. Я. Чачот надае рысы жывой істоты і з’явам прыроды:

Завыла, заенчыла пушча навокал,

Віхор як шалёны, нясецца.

Бярозы паднебныя трушчыць з наскоку,

Да неба ўзнясе іх здаецца [140].

І вось ужо занесеная сякера над галавой купца і ніякія мольбы нt могуць спыніць скіраванага д’яблам хлопца. Ужо тут з’яўляецца матыў, характэрны для народных уяўленняў, аб непазбежным пакаранні, што спасцігне забойцу за ўчыненае злачынства:

Ты знай: цябе помста усё роўна дагоніць!

І голаў, што ссек за дукаты,

Яшчэ дамавінную дошку адслоніць,

Пакліча цябе на адплату! [142]

Гучыць і рытарычны папрок паэта, скіраваны і да яго сучаснікаў, што “з грашыма кашэль гэты над чалавекам уладарыць” [142]. Я. Чачот тут увасабляе ў вершаваныя радкі народныя перакананні, што вялікія грошы – ад нячысціка ды вядуць да няшчасця.

Падобныя ўяўленні пра людзей, што атрымалі свае багацці нячэсным шляхам, знойдуцца і ў баладзе “Свіцязь”:

Стаў хутка багатым, зажыў ён заможна,

Бо крыўдзіў усіх, каго здолеў.

Падседжваў суседзяў, махлярыў бязбожна –

Абы нахапацца паболей [143].

Матыў непазбежнае адплаты за злачынства, за несумленнае жыццё вырашаецца аўтарам фінальнай сцэнай знішчэння горада Свіцязі. (Як раней згадвалася, гэта трэці фальклорны сюжэт, які і стаў штуршком да стварэння балады “Свіцязь”). Паэт свядома нагнятае сітуацыю ў гэтым эпізодзе, дзе “за воканмі – чорныя хмары, дождж, град з-пад нябёс – навальніца! Пярун б’е па вонках, грукоча па даху, жагнае ўвесь свет бліскавіца”. Робіцца гэта для таго, каб чытач на больш высокім пачуццёвым узроўні мог зрабіць адпаведную выснову:

Не, лепей памерці ад голаду, смагі,

І шчасця ня ведаць адвеку

Чым подласць зрабіць хоць каму без развагі

Тым болей – забіць чалавека [148].

Так сталася, што Ян Чачот заўсёды знаходзіўся ў цені свайго больш знакамітага сябра. І гэта не магло не адбіцца на ўспрыманні даследчыкамі Я. Чачота як менш таленавітага, заўсёды “пасля” Міцкевіча. “Свіцязь” Я. Чачота, па сваіх мастацкіх вартасцях, пэўна, стаіць ніжэй ад больш вядомай балады А. Міцкевіча. Але аўтар імкнуўся як мага больш ашчадна адносіцца да таго матэрыялу, на аснове якога яна была напісаная. Таму тут патрэбна ўсё ж казаць аб розным падыходзе паэтаў да апрацоўкі фальклору, не вырашаючы пытання аб узроўні таленту.

 



[1] Korespondencja filomatów (1817–1823). Warszawa. 1989.

[2] Świrko. S. Z Mickiewiczem pod rękę czyli Życie i twórczóść Jana Czeczota. Warszawa. 1989. S. 158.

[3] Чачот Я. Выбраныя творы. Мн., 1996. С. 132. Далей спасылкі на гэта выданне даюцца ў тэксце.

[4] Легенды і паданні. Мн., 1983. С. 391–395.

[5] Этнаграфія Беларусі. Мн., 1986. С. 532.



Hosted by uCoz

Да зместу