Да зместу

Віталь Алісіёнак

ЯН ЧАЧОТ ЯК ПАЧЫНАЛЬНІК
НОВАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Доўгі час у беларускім літаратуразнаўстве лічылася, што пачынальнікамі беларускай літаратуры ў ХІХ стагоддзі з’яўляліся прадстаўнікі беларускі беларускага сялянства. Пры гэтым з літаратурнага працэсу выводзіліся шматлікія шляхецкія і інтэлігенцкія колы, што тварылі, так склаўся лёс, на іншых, не беларускай, мовах. Безумоўна, у сялянскі асяроддзі нараджаліся ананімныя вершы і гутаркі. Асноўная іх тэматыка і пафас былі антыпрыгонніцкай накіраванасці, але тыя праблемы, што асэнсоўваліся ў творах, не заўсёды атрымлівалі належнае мастацкае ўвасабленне. У сваю чаргу, сярод адукаванай часткі насельніцтва Беларусі былі распаўсюджаны жанры, што развівалі надалей літаратурныя традыцыі, але не на роднай мове. Ян Чачот намагаўся наблізіць гэтыя дзве плыні і тым самым закласці асновы новай беларускай літаратуры.

Беларуская песня стала жыццёвым выбарам Яна Чачота. Цікавасць да фальклору, стылізацыя ўласных твораў паводле народных безумоўна мусілі прывесці паэта да выкарыстання беларускай мовы. Чачот, аднак, надаваў сваёй уласнай творчасці нязначную ролю. Яго віншаванні сябрам, вясёлыя гімны пад-час навучання ў Вільні карысталіся нязменным поспехам, але паэт холадна ставіўся да высокіх ацэнак сваіх твораў.

У 30–40-я гады Ян Чачот неаднойчы сцвярджаў, што спявае не сам, а толькі падпявае людзям. “Ды і я вам памагу песеньку спяваці“[1] – акрэсліваў сваю ролю ён у вершы “Да мілых мужычкоў”. Звяртаючыся да сялян з павучальным словам, творца імкнуўся ўздзейнічаць на іх, беручы на сябе такім чынам функцыю асветніка, каб больш дбалі пра гаспадарку, паводзіны і г. д. (“Як то добра, калі мужык...”, “Быў я колісь кавалём...” ды інш.) Але, відаць, нельга лічыць падобны дыдактызм вялікай заганай, бо “зварот да фальклору і ўзнаўленне дыдактычынх элементаў у мысленні ажыццяўляліся адначасова, змешана, але абысціся без гэтых унутрана арыентаваных і абумоўленых з’яў было нельга. Праз дыдактыку літаратура вучылася вылучаць з падзеі, з дзеяння абагульняючы сэнс, думку, ідэю, рабіць іх самастойнымі”[2].

У вершах Яна Чачота мы можам назіраць пэўнае раздваенне: ён то звяртаецца да сялян з павучальным словам, то сам становіцца селянінам Янам з Новай Мышы. Не прымаючы прыгону, ён бачыў выйсце ва ўзаемнай павазе пана і селяніна. Паэт разлічваў, што яго фальклорныя запісы і вершы дапамогуць у гэтай справе. “Як бы я быў шчаслівы, калі б гэтыя песні былі скарыстаныя ў нас на святкаванні Дажынак, Купалы і павялічылі тую ўзаемную прыхільнасць пана і селяніна, ад якой многа залежыць”[3], – зазначаў ён у прадмове да “Сялянскіх песень з-над Нёмна”.

Часам Ян Чачот імкнуўся ўкласці ў вусны селяніна такія словы, якія яму наўрад ці былі ўласіцвыя, а толькі адлюстроўвалі рамантычныя настроі аўтара:

Паночкі, нашы кветачкі,

Вучыце нас, свае дзетачкі,

Як мы маем лепей жыці,

На вас, на сябе рабіці.

Цёмны мы, цёмны мужычкі,

Ненавучаны прастачкі,

Вы нам ад Бога даныя,

Штоб вучылі падданыя[4].

Больш дакладна выяўляў Чачот погляды селяніна на жыццё, разуменне ім сваёй еднасці з прыродай, са светам:

Поле, поле шырокае,

Неба, неба глыбокае,

Божа, ты наш вечны пане!

Прымі ад нас павітанне![5]

Безумоўна, паэт, сцвярджаючы ідэю ўзаемапаразумення паміж панам і селянінам, не мог зусім абысці праблемы сацыяльных адносін у грамадстве, дзе існавала прыгоннае права. Да прыкладу ў вершах “Працуйма, дзеткі, шчыра”, “Покуль сонца ўзыйдзе” гучыць матыў пра злога аканома, які мучае сялян, а пан пра гэта не ведае.

У вершах аўтар таксама звяртаў увагу на маральнае ўдасканаленне сялянаў, імкнуўся навучыць іх быць сумленнымі і гаспадарлівымі, не гультайнічаць. Асабліва непакоіла Чачота праблема п’янства сярод беларускага сялянства. Ужо ў ХІХ ст. гэтае пытанне стаяла так востра, што паэт неаднойчы занатоўваў:

Як то добра, калі мужык

Трэзвы, гаспадарны!

Для такога ў цэлым року

Жадын час не марны!..

<…>

Маладыя маладзіцы,

Ой не піце гараліцы;

Нішто гідчэй колам света

Як піяна кабета...

<…>

Ай ей, які ён добры гаспадар!

Восень ужо прыйшла, не ворат папар;

А ён у карчме сядзіць,

Упіўся, на лаўцы спіць...[6]

Ян Чачот даў узор беларускага верша, арыентуючы яго развіццё ў напрамку да скарыстання набыткаў сусветнай літаратуры, а “выдатную ролю ва ўзбагачэнні версіфікацыйнага майстэрства Чачота адыграла непасрэдная апрацоўка “першатворных” народных беларускіх песень,.. менавіта ў творчасці Чачота вырысоўваюцца тыя стылітычныя тэндэнцыі, якія свайго завяршэння дасягнулі толькі ў класічнай беларускай паэзіі пачатку ХХ ст. (Купала, Колас, Багдановіч). У гэтых адносінах Чачот апярэджваў сваіх сучаснікаў, але і многіх пазнейшых паэтаў ХІХ ст.”[7]

Гэтую выснову пацвярджае і той прыклад, што сярод рамансаў і песняў знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі значнае месца займаюць творы на тэксты паэта. “Манюшка вярнуўся ў Беларусь з думкаю стварыць песні ў народным духу і з надзеяй, што адпаведных тэкстаў, ці, так бы мовіць, песенных вершаў на радзіме бракаваць не будзе. Таму Чачотавы “Сялянскія песенькі...” з’явілся вельмі дарэчы. Паэт і кампазітар быццам ішлі насустрач адзін аднаму...”[8]

З сучаснага пункту гледжання лёгка рабіць закіды Яну Чачоту ў непаслядоўнасці. Але, складаючы вершы на ўзор беларускіх народных песень па-польску і перакладючы фальклорныя творы, ён усё ж імкнуўся прэзентаваць свету новую беларускую літаратуру. Слушную выснову робіць Алесь Яскевіч, што “ўзоры папярэдняй сусветнай культуры, а аднолькава і дастаткова ўжо развітая ў новы час літаратурная тэорыя, на якія абапіраюцца кожная наступная літаратура пры сваім фармаванні, – гэта не матэрыял для станаўлення літаратурнай сістэмы, але тэхніка, вопыт, творчая культура, яны могуць выканаць ролю формы, нарэшце, ролю паскаральнікаў станаўлення, аднак не асновы”[9]. І ў сітуацыі з Янам Чачотам ролю такой формы выконвала польская мова і літаратура, але аснова была беларуская. Бо дзеля таго, каб літаратура займела высокі эстэтычны ўзровень неабходна менавіта добрая папярэдняя літаратурная аснова. Менавіта яе і закладваў сваёй фальклорнай і літаратурнай працай Ян Чачот.

 



[1] Чачот Я. Выбраныя творы. Мн., 1996. С. 71.

[2] Каваленка В. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць. Мн., 1975. С. 102.

[3] Ян Чачот. Выбраныя творы. Мн., 1996. С. 209.

[4] Тамсама. С. 187.

[5] Ян Чачот. Выбраныя творы. Мн., 1996. С. 194.

[6] Тамсама. С. 178, 183, 190

[7] Грынчык. М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 84.

[8] Скорабагатаў В. Зайгралі спадчыны куранты. Мн., 1998. С. 73.

[9] Яскевич А. Становление белорусской художественной традиции. Мн., 1987. С. 120.

Hosted by uCoz

Да зместу