Да зместу

Эліза Ажэшка

ПРА РАМАНЫ Т.Т. ЕЖА І РАМАН НАОГУЛ

Што такое раман? У якой галіне чалавечай дзейнасці чалавека знайсці ўласцівае і належнае яму месца? Ці з’яўляецца ён паэмай без рытму і рыфмы, драмай або навуковым дыялогам на псіхалагічную, грамадскую ці філасофскую праблематыку? У першым і другім выпадку ён мог бы належаць непасрэдна да чыстага мастацтва, а менавіта да таго аддзелу гэтай галіны, у якім пануе паэзія; у другім – месца яму належала б адвесці ў галіне навукі, якая мае на мэце папулярызаваць веды, прадстаўляць і шырока тлумачыць іх самым даступным чынам. Істотна тое, што ў эстэтыцы, крытыцы і грамадскай думцы раман неаднаразова характарызаваўся з улікам абодвух вышэйназваных спосабаў. Аднак ніводная з гэтых характарыстык не з’яўляецца дакладнай і не характарызуе ўсебакова яго сутнасці. Раман – гэта сінтэтычны прадукт чалавечага розуму; з аднаго боку, ён, несумненна, належыць да галіны мастацтва і без выкарыстання прыгожых элементаў, не можа мець вытанчаных формаў; аднак з іншага – шырокай дарогай уваходзіць у сферу ведаў, адметных тым, што спалучаюць вынікі разнастайных навук і называюць сябе філасофіяй, і пры пазбаўленні ісцін трацяць усялякую вагу і важнасць зместу. Гэтая дваістасць непасрэдна звязана з прыродай рамана і складае яго слабасць і сілу. Яна робіцца яго слабасцю, калі нязмерна ўскладняе стварэнне ўсякіх сталых і фундаментальных тэарэтычных прац аб ім і прыводзіць яго творцаў да частых і згубных памылак, якія вынікаюць са збытковага вагання то ў адзін, то ў другі бок. Але ўсё ж такі слабасць становіцца яго сілай, бо праз уз’яднанне элементаў прыгожага з элементамі праўды можна задаволіць дзве найвялікшыя здольнасці чалавечага мозгу: уяўленне і розум; робіць магчымым існаванне ў чалавеку вечнай і часовай прагі да ўражанняў і жаданне ведаў. У гэтай дваістасці прыроды рамана схаваны галоўныя прычыны празмерна частай і рознабаковай крытыкі і ўсеагульнай вялікай папулярнасці, якая з’яўляецца яго прадвызначэннем.

Але адкуль паходзіць сама дваістасць і абавязковая яе непазбежнасць?

Адказ знойдзем у вывучэнні заканамернасцяў, якія кіравалі ўзнікненнем рамана і ўсім працэсам яго стварэння.

Часта раман вобразна называюць люстэркам грамадства. Гэтае параўнанне, нягледзячы ні на што, не з’яўляецца дасканалым і выяўляе вельмі малую частку ісціны. Люстэрка адбівае знешні воблік рэчаў і то ў тым парадку ці непарадку, у якім яны знаходзяцца ў рэчаіснасці. Што існуе ўнутры прадметаў, як яны выглядалі б, калі былі б звязаныя разнастайнымі сувязямі, што ў іх укладзе і выглядзе ёсць справай прыроды, а што – выпадку? – аб усім гэтым люстэрка не гаворыць нам нічога. Яно толькі адбівае формы, фарбы, рысы з рабскай дакладнасцю ў непарыўнай сувязі з адным момантам. Калі пажадаем пабачыць іншы вобраз і іншую хвіліну, мусім ставіць люстэрка ў іншы час і месца.

Гэта не з’яўляецца і не можа з’яўляцца задачай рамана. Раман можам параўнаць, зноў такі гаворачы вобразна, хіба з магічнымі шкельцамі, якія не толькі адлюстроўвалі б знешнюю сутнасць рэчаў і відавочны іх парадак, але і паказвалі б найглыбейшы іх змест, размяшчэнне іх і разнастайнае асвятленне, канфлікты або роднаснасць, якія ўзнікаюць паміж імі, больш за тое, прычыны іх узнікнення, вынік існавання, паўнату і рэльефнасць, якія маглі б узнікнуць з адарваных і скажоных іх частак, калі б не ўплывалі на іх сілы атачэння. Адным словам, раман не толькі ўзнаўляе, але і стварае. Узнаўляе ён з’явы, якія бачаць ўсе, але імкнучыся да адлюстравання прыгажосці і праўды, якіх людзі не могуць заўважыць, стварае паміж з’явамі суладнасць і сувязь да таго часу, пакуль не давядзе іх да эстэтычнай і філасофскай гармоніі таноў і формаў, падабенства і кантрастаў, прычын і вынікаў. Якім чынам усё гэта ўзнікае і становіцца, мы можам ўбачыць у задуме і ў працэсе стварэння рамана.

Занатуем ў памяці назвы двух найважнейшых момантаў тварэння. Гэта задума і кампазіцыя.

Калі б сярод розных пладоў людскога розуму мы вызначалі месца для рамана толькі з пункту погляду на прыроду самага першага яго з’яўлення ў задуме аўтара, мы мусілі б, безумоўна, змясціць яго ў сферы паэзіі, а асабліва ў тым аддзеле паэтычных твораў, які называецца драмай. Напэўна, не памылюся, сцвярджаючы, што кожны раман, які мае ў сабе перадумовы добрага развіцця, пачынаецца заўсёды (і толькі) пошукамі пэўнай сітуацыі або такога становішча асобы ці групы асоб, у якім маецца драматычны момант. Гэтая сітуацыя можа паказваць толькі аднаго чалавека або тысячы, мільёны людзей, маленечкую асобу або вялікія грамадствы, але заўсёды неабходна, каб у меншай ці большай ступені ў ёй існавалі жарсці, якія складаюць драму: калізія супраціўных сіл, пластычнасць формаў, змаганне і пакута. Калізія можа быць моцнай або слабай, формы велічныя або дробныя, змаганне і пакута могуць заканчвацца катастрофай або смехам, ці яшчэ нярэдка пераходзіць у празаічную паўсядзённасць; бо пачаткі ўсіх драматычных жарсцяў павінны прысутнічаць у сітуацыі, якае стане першым пунктам узнікнення рамана – калі гэты раман мае быць добрым. У гэтую хвіліну тыя магічныя шкельцы, недзе знойдзеныя ў душы пісьменніка, схопліваюць, адлюстроўваюць або ствараюць з’яву, убачаную ў прыродзе. Але – тая хвіліна кароткая, бо хутка пасля яе пачынаецца тварэнне. У магічных шкельцах адбіваецца не толькі тое, што знаходзіцца непасрэдна перад імі, але аднекуль – з розных бакоў, прыбываюць бляскі, плыні, уяўленні, дасягаюць убачанага пункта, асвятляюць яго наскрозь, пашыраюць яго межы, распальваюць віхуру формаў, таноў і рухаў, з якога потым ствараецца гармонія.

Да гэтага часу момант тварэння, які называецца задумай, цалкам належыць да мастацтва. Хутка, аднак, да яго далучаецца іншы элемент – развагі.

Углядаючыся ў драматычную сітуацыю, убачаную ў свеце і дапоўненую, пашыраную ў першым акце уяўлення, сузіральнік-творца пачынае пытацца: адкуль? чаму? дзе крыніца гэтых калізій, гэтага змагання, гэтае пакуты? Якія прычыны нарадзілі іх і якія будуць наступствы? Роздум над гэтымі пытаннямі адкрывае схаваную ў сітуацыі этычную праўду – уласцівую гэтай натуры, паходжанню і наступствам філасофскі сэнс, або г. зв. ідэю рамана. У кантэксце разважання над складанымі і тонкімі псіхічнымі з’явамі, грамадскімі праявамі і маральнымі ісцінамі момант пісьменніцкай задумы пераходзіць мяжу чыстай эстэтыкі і ўступае ў галіну філасофіі. Менавіта тут знаходзіцца перашкода, аб якую разбіваецца мноства твораў раманістаў. Задума раманіста толькі тады стане несумненна добрай, калі бачанне сітуацыі будзе папярэднічаць вынаходніцтву ідэі альбо, па меншай меры, калі сітуацыя і ідэя будуць ўбачаныя адначасова, альбо ідэя будзе замкнутая ў сітуацыі і поўнасцю ёй адпавядаць. Уласна, гэта і ёсць тая неабходнасць, якую эстэтыкі выражаюць у выказванні: у свядомасці творцы змест павінен узнікаць адначасова з формай, калі у момант задумы форма адшукваецца, падбіраецца да зместу, задуму трэба лічыць заганнай ад самага пачатку. Такія недахопы сустракаюцца часта. У залежнасці ад схільнасцяў асобных розумаў задума вар’іруецца. Адны за кропку адліку бяруць ідэю і выключна для яе шукаюць у свеце ўвасабленняў сітуацыі, постаці, калізіі; калі тыя не адгукаюцца на покліч, іх чэрпаюць з уласнага ўяўлення, ствараюць без аднаўлення. Адсюль паходзяць тыя віды рамана, якія сурова кляймуюцца крытыкай, а менавіта: дыдактычныя і сентыментальныя; а таксама тыя віды раманаў у выглядзе навуковых дыялогаў, пазбаўленыя ўсялякіх мастацкіх адметнасцяў; іншыя паказваюць туманныя плады, слёзныя, разбаўленыя фарбы і постаці, якія паходзяць з чыстай фантазіі і супярэчаць жывой, заўсёды цэласнай і каляровай прыродзе. Але таксама і наадварот, нярэдка сустракаюцца і такія розумы, якія ўражваюцца ад сузірання сітуацыі, але не ўмеюць убачыць ні іх філасофскага сэнсу, ні ўласцівай ім эстэтычнай ідэі. Такім чынам, з-за адсутнасці ў задуме разумовай дзейнасці, нястачы філасофскага аналізу і сінтэзу, ўзнікаюць творы, якія ўражваюць уяўленне, але мысленню і пачуццям не гавораць нічога, часам моцна, а часам лагодна ўздзейнічаюць на нервы, але не закранаюць высакародных глыбінь духу. Гэтыя рэпрадукцыі маюць выдатную паверхню, але неглыбокі змест – яны нагадваюць прыгожа размаляваную цацку, прыемную на выгляд, але ні эстэтыка, ні мараль не знаходзіць у ёй ніводнай чалавечай рысы.

Другі момант тварэння, кампазіцыя, заснавана на парадкавым размяшчэнні частак задумы, пазбаўленні ад тых, якія маглі б парушыць гармонію твора, і захаванні астатніх. Да задач гэтага моманту належыць адбор уражанняў, абмалёўка вобразаў, афармленне постацяў, камбінаванне ўсіх жарсцяў рамана такім чынам, каб яны былі прадстаўлены ў найвышэйшай ступені праўдзіва і аб’ёмна.

Агульнавядомым з’яўляецца правіла, якое гаворыць, што прыгажосць і значнасць рамана залежаць ад яго задумы і выканання, а таксама ад суладдзя паміж зместам і формай. Такім чынам, гэтае суладдзе заключаецца ў адначасовым вынаходжанні сітуацыі і ідэі без шукання і дапасавання адной да другой. Ідэя павінна знаходзіцца ў самой драматычнай сітуацыі, прычым абавязкова, інакш раман будзе нудным творам дыдактыкі альбо нікчэмнасцю. Але што да задумы і выканання, то для іх самай драматычнай і моцнай з’яўляецца тая калізія, якая знаходзіцца ў сітуацыі, яна тады становіцца больш шырокай, жывой і агульначалавечай, для кампазіцыі самай важнай з’яўляецца гармонія частак, выдатная пластычнасць постацяў і шматфарбнасць вобразаў, калі ідэя вынікае з драмы, а драма самастойна ўяўляе сабой ідэю – тым больш прыгожым, значным, добрым стане раман.

Так выглядае глыбінная прырода рамана, такімі з’яўляюцца законы, якія кіруюць яго ўзнікненнем і развіццём. Прааналізаваўшы першае і другое, ужо няцяжка знайсці і назваць тыя сродкі, якія павінен здабыць і мець раманіст, калі ён жадае і можа заняць належнае месца сярод сапраўды карысных працаўнікоў чалавецтва.

Мець і здабыць. Гэтыя словы неабходна падкрэсліць. Мець – адносіцца да прыроднага таленту, здабыць – да ўсяго, што чалавек сам учыніць дзеля ўзбагачэння свайго таленту.

Што такое талент? Шмат хто спрабаваў гэта спазнаць і акрэсліць, але ніхто не спазнаў і не акрэсліў. Гэтыя шматлікія спробы, якія рабіліся выдатнымі розумамі, аказаліся дарэмнымі таму, што гэтая праблема належыць да шэрагу тых праблем, якія непадуладныя чалавечаму разуменню на сучасным этапе. Псіхалогія разам з філасофіяй не могуць перамагчы той цемры, з якой дарэмна змагаюцца іншыя навукі. У гэтай цемры крыюцца першапрычыны ўсяго, уключаючы і той абсалют, які воку чалавечаму ўбачыць(!) не дадзена. Мы бачым толькі праявы тых вялікіх і таямнічых прычын, мы спазнаём гэтыя дзеянні і сувязі, але чым з’яўляюцца гэтыя прычыны самі па сабе – не ведаем.

Фізіка гаворыць, што сіла гравітацыі ўтрымлівае ў раўнавазе прастору мільёнаў светаў. Але чым з’яўляецца сіла гравітацыі сама па сабе? Хімія добра ведае пра роднаснасць і неспалучальнасць паміж элементамі прыроды, пра тое, што адны з іх прыцягваюцца, а іншыя адштурхоўваюцца і пазбягаюць усялякіх злучэнняў; але чым з’яўляецца сама па сабе тая сіла, якая прыцягвае або наадварот адштурхоўвае адзін ад аднаго хімічныя целы?

І яшчэ прыклад аднаго значнага пытання. Паміж арганічным і неарганічным светам існуе значная мяжа. Яна стварае нешта такое, чаго не мае першы свет, але мае другі, а гэтым нечым з’яўляецца жыццё. Батаніка, заалогія, біялогія бачаць і тлумачаць вялікае мноства праяў жыцця – але чым само па сабе з’яўляецца жыццё?

Да шэрагу падобных пытанняў адносіцца і такое: што ёсць талент? Асаблівая чуйнасць і ўражлівасць розумаў, хуткасць разумення, інтуіцыя – тая бліскавіца яснабачання, якая невядома як выцякае з розуму і без яе незаўважна ззяюць глыбіні свету; раптоўнасць думкі і ўяўленняў, якія цесняцца ў галаве і прад вачыма так, што, паводле выразу вялікага нашага паэта: “здаецца, нібы нехта на вуха нашаптаў” – усялякія чыннікі і недаступныя іншым мажлівасці ў меншай або большай ступені з’яўляюцца ўсяго толькі праявамі меншага або большага таленту, але не самой яго сутнасцю. Што вызывае іх існаванне і вымярае іх сілу? Чаму яны існуюць у гэтай арганізацыі, а не існуюць у іншай, якая ўсё ж такі ёсць чалавечая, і самае галоўнае – па-іншаму можа быць больш дасканалай. Адзін з выдатных мысляроў сучаснасці, пішучы з вялікім смуткам пра ўсе гэтыя таямніцы, якія горача імкнецца спасцігнуць чалавечы розум, але ніяк не можа, робіць апошнюю вырашальную заўвагу: “аналіз твораў чалавечага розуму падводзіць нас да адчуванняў, як да першасных вядомых нам жарсцяў, якія нараджаюць усялякую думку, але гэта ніяк не прасоўвае яе на крок далей, бо ўрэшце не толькі не разумеем, што такое адчуванне, але нават не можам зразумець таго, чаму яно магчыма”*.

Разважаць, а потым тлумачыць і ацэньваць любы талент мы можам паводле яго праяў, а іменна: хуткасці спасціжэння, сілы інтуіцыі, выразнасці думкі, моцы слова, якое магло б выконваць, акрамя ўласцівай яму функцыі, функцыю пэндзля, алоўка і разца. Паўната або нястача, багацце або беднасць таленту адносяцца да сумы, ступені і раўнавагі гэтых праяў у пэўнай разумовай арганізацыі. Да нашых дзён ўсё гэта з’яўляецца справай, якая адбываецца ў таямніцы, недасяжнай для чалавечага вока. Золата – гэта руда, якую ніякая чалавечая сіла не можа вырабіць ні ў воднай, нават самай багатай чалавечай арганізацыі, якая калі і існуе, то існуе толькі па волі ўсёмагутнай Мудрасці, вечна таемнай у першасных спосабах свайго утварэння. Аднак усёмагутная і таямнічая Мудрасць, як усюды, паказвае у адносінах да чалавека вырашальную суровасць. Тут і дзесьці яшчэ яна дае яму матэрыялы для будаўніцтва, нацягвае пражу на кроснах. А што здолее ён зрабіць з матэрыялаў, узятых у яе, якія ў выніку яго дзеянняў будуць тканіны з нацягнутай пражы залежыць ад правілаў, ясных людскому розуму, якія кіруюць прыродай і развіццём чалавецтва і асобы.

Як навакольную прыроду чалавек мусіць даследаваць, заваёўваць ці здабываць цяжкаю працаю, каб зрабіць яе карыснай і прыязнай да сябе, але гэта з’яўляецца – хто ведае – магчыма, адзіным сэнсам яго існавання на зямлі –так і з раллі сваёй ён не можа атрымаць ніводнага здаровага зярняці, калі пакіне яе ў пагардлівым ці лянівым занядбанні. Але чым і як апрацоўваць гэтую раллю?

Уражлівасць і чуласць да ўсялякіх дотыкаў навакольнага свету з’яўляецца першапачаткам узнаўляльнай і творчай дзейнасці. Зусім ясна, што гэтыя чыннікі, аддадзеныя самім сабе, робяцца нікчэмнасцю або ператвараюцца ў хваравітасць. Істэрыя не мае ў сабе ні кропелькі чуласці і ўражлівасці, як геній; менавіта яны вызываюць з чалавечых грудзей вялікія словы і ўзнёслыя памкненні, таксама як і спазмы. Лёгкасць адчування усялякіх сувязяў з навакольным светам, каб стаць істотнай падставай для творчасці, патрабуе кірунку і аброці ў выглядзе выхаванай волі. Хуткасць спасціжэння ні да чаго не прыгодная, калі не суправаджае яе разуменне ўспрынятых з’яў, ўменне рабіць паміж імі выбар і камбінаваць іх. Тое ж і з інтуіцыяй, якая таксама з’яўляецца спасціжэннем, што адбываецца толькі з дапамогай розуму невядомай нам прыроды. Што да аналізу з’яў, адпаведнага іх прыродзе групавання, адкрыцця іх прычын і вынікаў, вылучэнне з іх законаў і паняццяў – ідэі – усе гэтыя разумовыя дзеянні вымагаюць стараннай выпрацоўкі думкі на падставе добрага знаёмства з прыродай філасофскага і маральнага свету.

Тут мы сустрэлі выразы: воля, любоў, умельства і разуменне.

У гэтых словах ясна бачым паняцце эстэтычнай, навуковай, маральнай адукацыі. Вартасць прац пісьменніка цесна звязана не толькі з веліччу і багаццем яго першасных здольнасцяў, але і з веліччу і сінтэзам гэтай траістай адукацыі.

Што да эстэтычнай адукацыі, то яна знаходзіцца ў такой простай і відавочнай сувязі з усялякаю узнаўляльнаю і творчаю працаю, што не можа быць пастаўлена пад сумненне. Раман, які па сваім паходжанні адносіцца да галіны паэзіі, з’яўляецца цесна пародненым з жывапісам і скульптурай з той прычыны, што для дасканаласці формы патрабуецца шматфарбнасць вобразаў і значнасць постацяў. Гэта з’яўляецца праўдай настолькі, наколькі словы, якія выкарыстоўваюцца ў эстэтыцы жывапісу і скульптуры, стасуюцца таксама і да яго. Каларыт і пластыка з’яўляюцца адпаведнымі характарыстыкамі мастацкіх вартасцяў у эстэтычнай ацэнцы карцін і скульптур, таксама як і раманаў. У ацэнках крытыкі звычайным, і больш за тое, трапным стала выказванне пра добры або дрэнны малюнак раманных постацяў. Замест пэндзля, разца і долата раманіст карыстаецца словам і толькі словам, проста і непасрэдна прыбягае да дапамогі ўяўлення гледача, абуджае яго і падрыхтоўвае такім чынам, каб выглядала як мага выразней тое, што з’явілася ў яго ўласным уяўленні. Сродкі і працэс іншыя, – але вынікі мусяць быць такімі ж, бо тут неабходная тое ж самае адукацыя мастацкага пачуцця, якое з’яўляецца часткай інтуіцыі, праз выпрацаваны мастацкі густ, які ёсць ні што іншае, як умельства ацэнкі, выбару і групавання элементаў прыгожага.

Гэта досыць шырока, хоць і не паўсюдна, вядома і прызнана.

З іншага боку маем справу з навуковай адукацыяй.

Мноства розумаў прызнаюць нонсэнсам сцверджанне, што знаёмства з сур’ёзнай навукай можа быць хоць крыху прыдатным для таго, хто мае паказаць, згодна з агульным разуменнем, саму галіну чалавечых пачуццяў. Бо фізіка, хімія, біялогія, правазнаўста і г. д. не ў стане выклікаць творчае натхненне ў чалавека, бо, як ужо было зазначана, яны не здольныя да ўтварэння ў чалавечым сэрцы пачуцця міласэрнасці.

Па сутнасці – нонсэнсам было б сцверджанне, што навуковыя веды, заснаваныя на знаёмстве з голымі і адасобленымі фактамі і лічбамі, могуць выклікаць натхненне або спачуванне. Ніводзін псіхічна здаровы чалавек не можа пагадзіцца з гэтым сцверджаннем. Але тыя факты і лічбы, якія паасобна не могуць аказаць ніякага уплыву ні на разумовую творчасць, ні на маральную скіраванасць чалавека, супольна адкрываюць спрадвечныя законы, што кіруюць светам, паказваюць нам вобраз свету і яго на першы погляд заблытаныя і неспалучальныя рысы, якія потым выпрастоўваюцца і злучаюцца. Без ведання гэтых законаў, гэтага вобраза неверагодным з’яўляецца спасціжэнне іх прычын і вынікаў, ажыццяўленне разбору і здзяйсненне сінтэзу – адным словам, неверагодная усялякая філасофская думка. Таксама ні навукі, узятыя паасобку, ні іх адзінкавыя адкрыцці, а паняцці, якія вынікаюць з іх сувязі, робяць на разумовыя здольнасці і пачуцці чалавечага сэрца вырашальныя ўплывы. Няўжо, калі гэта з’яўляецца агульнай думкай, раманіст павінен паказаць у сваіх творах выключна вобразы і рухі чалавечых пачуццяў? У апісанні прыроды, прызначэння і ўзнікнення рамана мы ўжо знайшлі адказ, які супярэчыць гэтаму. Папраўдзе, ён датычыць драмы, але ў прыродзе будучага твора захоўваецца неабходнасць бачання ідэі ў драме. Раману належыць раскрываць не толькі пачуцці, але і меркаванні, не толькі барацьбу жарсцяў, але і сутыкненні думак. Пачуцці і паняцці для яго выкрывальнай і творчай працы ўяўляюць цалкам раўназначныя матэрыялы, паяднаныя вузлом згоды.

У такім выпадку паўстае неабходнасць вывучэння і разумення крыніц этычных паняццяў, іх ўтварэння і развіцця на аснове пазнання філасофскіх поглядаў і перакананняў. Для таго, каб ідэя магла выйсці ў свет і з самой душы чалавецтва чэрпаць спажытак для сваіх ідэалаў, раманісту неабходна верыць у гэтыя ідэі і ідэалы, але каб верыць, трэба іх ведаць.

Але не толькі для рацыянальнага боку раманаў адукацыя мае вялікае значэнне: яна таксама садзейнічае яго мастацкасці. Усялякі мастацкі твор мае большую каштоўнасць і прыгажосць, калі шматгранныя з’явы свету ці чалавецтва прадстаўлены ў выглядзе тыпаў. Такім чынам, адна толькі адукацыя можа зрабіць пісьменніка здольным да вынаходніцтва тыпаў, да іх ўтварэння з дапамогай выпрамлення і аб’яднання выпадкова скрыўленых і заблытаных у прыродзе рысаў. Ніякая інтуіцыя, нават самы хуткі дар спасціжэння не пакажа яму тых тонкіх межаў, якія аддзяляюць з’явы мімалётныя, выпадковыя, частковыя ад трывалых з’яў, выкліканых прычынамі, што сягаюць у глыбіню прыроды свету і людзей, не прывядзе да тых рысаў і праяў, якія паказваюць не толькі адзінкавых асобаў, але і цэлыя групы і грамадскія пласты, народы, стагоддзі.

Задаволіўшы адно з найважнейшых патрабаванняў мастацтва – вынаходніцтва і паказ тыпаў, – думка, падмацаваная ведамі, распаўсюджваецца і асаблівым чынам падрыхтоўвае глебу для фантазіі пісьменніка. З яе дапамогай можна лягчэй вылучыць і зразумець ідэю, якая палягае ў драмах чалавечых лёсаў, таксама лепш заўважыць і самі драмы. Драматычныя сітуацыі, тыя першыя зародкі рамана, якія множацца ў бясконцую колькасць і адкрываюць самыя таямнічыя закуткі чалавецтва, дазваляючы разумець тое, што ў іх бачна. Тысячы чалавечых становішчаў, якія незаўважна тоўпяцца перад хаця і вельмі хуткім, але неадукаваным вокам, прыкоўваюць да сябе ўяўленне і думку таго, хто можа зразумець і заўважыць іх сутнасць, значэнне, паходжанне і вынікі.

Гэта ўласна і ёсць тое, што найлепш тлумачыць нам дзівосную пладавітасць адных талентаў і хуткае знясіленне іншых. Неаднаразова заўважаліся ў напісанні раманаў такія з’явы, як пастаяннае знаходжанне пэўных раманістаў у замкнутым коле адных і тых жа сітуацый, вобразаў і паняццяў. Дзейнасць іх уяўляе сабою дакладна тыя ж самыя творы, толькі напісаныя іншымі словамі.

Для таго, каб пазбегнуць усялякіх непаразуменняў, яшчэ раз удумаемся ў змест прыгаданага выказвання і патлумачым яго. Задачай раманіста з пункту гледжання адукацыі не з’яўляецца зацікаўленасць выключна адной галіной ведаў. Зрэдку ён можа – амаль неверагодна, што можа – быць спецыялістам у галіне фізікі, астраноміі, правазнаўства і г.д., але для таго, каб мог сягаць да вышынь прыгажосці і праўды, павінен, мусіць быць – энцыклапедыстам. Магчыма, хто-небудзь скажа, што быць энцыклапедыстам значыць умець усё патроху. Але ёсць яшчэ іншы, больш прыдатны спосаб тлумачэння гэтай назвы. Гэты спосаб паказвае энцыклапедыста-раманіста, які ўмее рабіць столькі і так, каб нішто чалавечае не было для яго нецікавым і недасяжным, каб яго веды дазвалялі яму ахопліваць шырокую прастору з’яў, судакранацца са шматлікімі пластамі грамадства, псіхічнымі сітуацыямі і філасофскімі ідэямі і разумець іх, каб урэшце яны прыводзілі яго да няспыннага і сістэматычнага кантактавання з душою яго народа і часу. У гэтым разуменні энцыклапедызм можа быць вынікам толькі вялікай працы і ў сваю чаргу ён з’яўляецца самай дзейснай сярод іншых прычынай высокага пад’ёму па шкале маральнага росту пісьменніка.

Любоў, воля і адвага – гэта галоўныя і самыя неабходныя складнікі характару раманіста. Без любові, як без ведаў, пісьменнік можа стварыць толькі самыя нявартыя, дрэнныя рэчы. Большая, чым у іншых, здольнасць да ўражанняў і адчуванняў яшчэ не з‘яўляецца любоўю – але ўсяго толькі яе задаткам, матэрыялам. Згодна з кірункам і напружанасцю яго разумовай працы, а таксама рознымі маральнымі чыннікамі жыцця гэтыя іскры бляднеюць і знікаюць, але таксама яны могуць сабрацца ў адно полымя любові. Гэтае полымя ўзносіцца ці ападае ў залежнасці ад уздыму або падзення чалавечай індывідуальнасці, якая носіць яго ў сваім сэрцы. Яно капрызнае і смеццем харчавацца не любіць. Суровасць звычкі, чысціня намеру, працавітасць думкі і гэтая мудрая ўніклівасць ў глыбіні свету, з якой паўстае паблажлівасць, літасцівасць, выбачэнне – распальваюць яго хутка і надоўга. Прыгашваюць яго або цалкам гасяць хаос жыцця, ганебны разлік і тая жорсткасць, якая, паходзячы з няведання, нараджае нянавісць, злую насмешку і пагарду.

Пераклад з польскае
Зоі Гаціла

 



* Герберт Спенсер. Essai[s] sur le progres, tr[aduits de l’anglais p[ar] [M.A.] Burdean.

Да зместу

Hosted by uCoz