Да зместу

Наталля Бахановіч

МАРАЛЬНА-ЭТЫЧНЫ ІДЭАЛ У ПАЭТЫЧНАЙ СПАДЧЫНЕ Ф. БАГУШЭВІЧА

Усеагульныя нормы і правілы маралі па-рознаму, аднак, афармляюцца ў норавах розных нацый. Нацыянальныя сістэмы маралі своеасабліва афармляюць агульначалавечыя этычныя ўяўленні. У нацыянальнай этыцы можна з упэўненасцю вылучыць народную этыку. Народная мараль ідзе з глыбіні гісторыі, ад самых каранёў роду. Але маральныя ўяўленні складваюцца не адразу. Паступова і нават марудна пэўныя табу і звычаі трансфармуюцца ў нейкія механізмы маральнага рэгулявання, характар якіх абумоўлены грамадскай пабудовай жыцця. Такія першапачатковыя формы і закладваюць моцны падмурак народнай мудрасці, народнай маралі. Маральны ідэал інтэгруе ўсе складнікі маральнай свядомасці з адзінай накіраванасцю і перавагай пэўных маральных каштоўнасцей. Крыніцай ведаў па тэме могуць быць гісторыя, фальклор, мастацтва і, ў прыватнасці, літаратура. Кожны пісьменнік, ствараючы літаратурны твор, канструіруе мадэль грамадства, яго сацыяльнае ўладкаванне, духоўна-эстэтычныя, маральныя ўстаноўкі. Маральныя ідэалы – форма апераджальнага адлюстравання рэчаіснасці, сканцэнтраваны адбітак тэндэнцый этычнага развіцця грамадства, своеасаблівае прадбачанне. Маральны ідэал фарміруе ўяўленне пра маральна дасканалую асобу, носьбіта каштоўнасцяў, якія адпавядаюць патрабаванням агульначалавечай этыкі. Францішак Багушэвіч у аснову сваіх этычных ідэалаў паклаў народную мараль. У сваёй паэтычнай творчасці ён вывеў беларуса другой паловы ХІХ ст. з характэрнымі для яго этычнымі ўcтаноўкамі.

Па вызначэнню такой глыбіннай з’явы як мараль існуе многа канцэпцый. На працягу стагоддзяў філосафы лічылі сваім абавязкам даць азначэнне маралі, прычым дастасаванае да нормаў сваёй эпохі. Імкнучыся даць дэфініцыю, трэба памятаць, што этыка ўтрымлівае бінарныя катэгорыі: дабро і зло, належнае і іcтотнае, дабрачыннасць і загана. Дабро ў пэўным сэнсе даволі няўлоўны феномен: у кожнага ёсць сваё асабістае штодзённае разуменне дабра. Універсальны закон этыкі гучыць наступным чынам: дзейнічай у адносінах да іншых так, як ты хацеў бы, каб яны дзейнічалі ў адносінах да цябе; нікому не шкодзь і, нават, наколькі магчыма, дапамагай. У творчасці Ф. Багушэвіча пазначана наступная тэндэнцыя ў этычнай ацэнцы рэчаіснасці: з аднаго боку – адмаўленне ўсталяванага сацыяльнага ладу, з другога – паказ чалавека працы і станоўчых асноў жыцця.

На маральны воблік народа ўплывае, безумоўна, яго гістарычны лёс. Для аседлых народаў характэрна атаясамліванне сябе з зямлёй. Зямля – не толькі маці-карміцелька, але нешта большае. Для беларуса спрадвечная сувязь з зямлёй складае аксіёму народнай маральнай свядомасці. Менавіта таму да ліку самых важных маральных уяўленняў Ф Багушэвіч адносіць патрыятызм, выяўлены ў любові да сваёй маленькай радзімы. Варта нагадаць, што паэт гаворыць менавіта аб сялянскім быце:

Кепска ж мая хатка, падваліна згніла,

І дымна, і зімна, а мне Яна міла…

<…>

Я не кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,

Не пайду да вас я, хіба у арэшце.

(“Мая хата”).

Ад непарыўнай сувязі беларуса з зямлёй сыходзіць ідэя працавітасці. Штодзённы жыццёвы вопыт селяніна сведчыць пра зародкавую мараль у жывёл (мурашы, пчолы). Лірычны герой Ф. Багушэвіча катэгарычна адмаўляецца ад спосабу жыцця пануючага класа (“Kалыханка”, “Афяра”). Крытэрыем маральнасці выступае праца. Адносіны да яе – тая пазіцыя, з якой этыка народа папракала паноў у іх галоўнай загане,  – гультайстве. Не працай набытае дабро расцэньваецца як крадзеж. І справа не ў адмаўленні ўласна багацця, а ў адмаўленні багацця незаслужанага:

На кашулю глядзіш крывым вокам,

Што у хаце мне бабы пашылі,

Прапацела яна маім сокам

Цэлы тыдзень яе не памылі…

А твая ж? як той снег, як папер,

І пацеў хто, і ткаў, і бяліў,

І хто шыў, і хто праў… а цяпер

Ты той пот на сябе узваліў.

І кашулі той мне было б стыдна,

Што не сам на яе гараваў…

(“Не цурайся”).

У прадмове да “Смыка беларускага” паэт перасцерагае аб магчымай маральнай катастрофе: “Надта за хлебам народ гоніцца, а хлеба дастане, дык і за крамнай вопраткай, і за ляксаванымі ботамі…” Матэрыяльнае ніколі не павінна браць перавагу над духоўным.

Традыцыйна фундаментам усялякай маралі лічыцца рэлігія. Традыцыйна агульнапрызнана, што вера фарміруе ў чалавеку дабрачыннасць. Лірычны герой Ф. Багушэвіча ў цяжкія хвіліны звяртаецца да Бога (Аліндарка ў астрозе). Але адначасова яго стаўленне да царквы, да прадстаўнікоў Бога на зямлі адмоўнае (“той куртаты зашчыт, як кадзіла, памог” – так характарызуе герой дапамогу адваката ў судзе). Супярэчнасць. Магчыма, тут укладзены глыбокі сацыяльны змест: прадстаўнікі духавенства і іх паводзіны не адпавядалі народным нормам маралі. Але верагодна і тое, што Ф. Багушэвіч, які жыў у эпоху “пазітыўнай філасофіі”, быў не надта рэлігійным чалавекам.

Нельга адмаўляць тое, што ў гістарычнай свядомасці моцны адбітак пакідае ўспамін аб веры і нацыянальнасці ворагаў, захопнікаў, якім даводзілася супрацьстаяць. Часта ў такіх выпадках народ даволі рэзка супрацьпастаўляе ўласныя маральныя каштоўнасці і этычныя арыенціры саперніка. А калі народ перажыў этап нацыянальнага вызвалення, то яно заўсёды расцэньваецца і як маральная перамога. Гістарычна беларуская нацыя вызначалася талерантнасцю. Але ў творчасці Ф. Багушэвіча знайшлі адбітак і іншыя адносіны да прадстаўнікоў другой веры і нацыянальнасці, што склаліся на працягу шматвяковых кантактаў. Адмоўнае стаўленне да татар, да туркаў адчуваецца ўжо ў апісанні знешнасці:

То цяпер былі татары: кудлатыя шапкі,

А твар, як дзве скулы, а вочы, як крапкі.

<…>

То гналіся туркі. Так як падчас бітвы:

Палашы крывыя, вострыя, як брытвы,

У зубах кінжалы, голавы абрыты,

Бровы так, як вусы, а твары сярдзіты!

(“Хцівец і скарб на святога Яна”).

Яўны негатывізм і ў адносінах да “жыда”, немца. Маральнае зло сканцэнтравана галоўным чынам у дзеяннях:

А што жыд да немец – дзеці аднэй маткі:

І моўва падобна, і адны ухваткі.

І абодва ласы на чужую працу,

І, мусіць, абодва ядуць з кроўю мацу!

Абодва абдураць, абдзяруць, як ліпку…

(“Немец”).

Тут адмаўляецца і крэда “мэта апраўдвае сродкі”. Высокамаральны чалавек не можа дасягаць уласнага шчасця за кошт няшчасця іншых і нават цешыцца ўласным шчасцем, пакуль іншыя пакутуюць. Інакш яно становіцца амаральным і эгаістычным.

Часта этыка інтэрпрэтуецца як нораў, звычай, характар, спосаб мыслення, што дае падставы разглядаць яе як адну з праяў менталітэту народа. Ф. Багушэвіч выявіў ментальнасць беларуса ў такіх якасцях, як добразычлівасць (“Скацінная апека”), гасціннасць (“Яснавяльможнай пані Арэшчысе”), працавітасць. Але галоўнае тое, што паэт адлюстраваў рост свядомасці і самасвядомасці беларуса, якія прыйшліся якраз на другую палову ХІХ – пачатак ХХ ст. (прадмовы).

Блізасць этычнага ідэалу Ф. Багушэвіча да фальклорных традыцый абумоўлена тым, што паэт абапіраўся на народную мараль. Для фальклору ўсходнеславянскіх народаў характэрны матыў пошуку. Праўды і барацьбы Праўды з Крыўдай (згадаем, напрыклад, “Кому на Руси жить хорошо” М. Някрасава). Гэты матыў у паэтычных творах Ф. Багушэвіча выступае як этычны ідэал у яго найбольш агульнай форме. Як сапраўдны эстэт, паэт умее заўважаць вакол сябе не толькі добрае і прыгожае, але і заганнае, пачварнае, каб высмейваць і адмаўляць яго.

Так, замыкаецца кола, што акрэслівае сінкрэтычны вобраз народнай маралі, адлюстраваны Ф. Багушэвічам у сваёй творчасці. Каноны народнай маралі склалі аснову маралі нацыянальнай. Але іх разважлівасцю не варта спакушацца: народная мудрасць супярэчлівая, як і само жыццё. Шматлікія запаветы прамаўляюцца, але выконваюцца далёка не ўсе з іх. І беларуская так званая талерантнасць – яскравы доказ таму. Маральны ідэал, які з’яўляецца адлюстраваннем аб’ектыўных патрабаванняў чалавечай свядомасці, які скіраваны ў перспектыву развіцця чалавецтва, дазваляе бачыць мэту і свядома іcці да яе. Ф. Багушэвіч ідэал чалавека бачыў у чыстым сумленні і служэнні народу. Калі паэт і перабольшваў рэальныя інтэлектуальныя магчымасці простага беларуса другой паловы ХІХ ст., то, пэўна, з мэтай таго, каб эталон быў пастаянным стымулам у імкненні да самаўдасканалення, рэгулятарам учынкаў і іх наступстваў. Беларуская нацыя, як і кожная нацыя, захоўвае культурную своеасаблівасць маралі, робячы тым самым уклад у этычную гісторыю чалавецтва. Нацыянальныя формы маралі засвойваюцца намі з нараджэння. Якой бы не была мараль, яе змест ва ўсіх народаў прыкладна аднолькавы. Мы ўсе імкнёмся да гуманізму і ўзвышэння асобы. І калі меркаванні наконт дабра ў розных народаў могуць быць рознымі, то думкі наконт зла, несумненна, супадаюць, бо этычнае заўсёды вышэй за нацыянальнае.

 

Да зместу

Hosted by uCoz