Да зместу

Зоя Гаціла

ЭВАЛЮЦЫЯ ПОГЛЯДАЎ ЭЛІЗЫ АЖЭШКІ НА РАМАН

Паўстанне 1863 г. не спраўдзіла надзей шляхты і не задаволіла грамадскіх патрэб, але паспрыяла пачатку новага этапа ў развіцці культуры. Адукаваныя людзі той эпохі спрабавалі знайсці дзейсныя спосабы ўплыву на масы, перадусім сродкамі мастацтва. Самай папулярнай у асяродку літаратараў была праграма варшаўскіх пазітывістаў, якія, па словах даследчыцы літаратуры А. Цыбенка, “прыладзілі да польскіх умоў развітую ў Заходняй Еўропе філасофію пазітывізму” [Цыбенко 1971, 135]. Яны прапанавалі сваю грамадска-палітычную праграму, якая мусіла рэалізавацца натуральна і са згоды ўсіх грамадскіх слаёў. Меркавалася, што лозунгі “арганічнай працы” і “працы ля асноў”, якія абазначалі ўмацаванне эканомікі краіны і дапамогу з боку буржуазіі сялянству, будуць прынятыя грамадствам і пачнуць дзейнічаць. Польскія літаратары актыўна адгукнуліся на праграму варшаўскіх пазітывістаў і асабліва падтрымалі прапаганду навукі, адукацыі, дасягненняў натуральных навук, сацыялогіі і тэхнічны прагрэс.

Gazeta Polska” за 1866 г. у нумарах 285, 286 і 288 змясціла артыкул дваццаціпяцігадовай Элізы Ажэшкі, які меў назву “Некалькі заўваг аб рамане”. Важна адзначыць, што пісьменніца лічыла менавіта раман прыярытэтнай мастацка-літаратурнай формай, якая найлепш адлюструе пазітывісцкія ідэі. Раман такога кшталту ў польскім літаратуразнаўстве атрымаў назву тэндэнцыйнага. Адметна, што ў польскай крытыцы тэрмін “тэндэнцыйнасць” выступаў нароўні з такімі ўласна польскімі тэрмінамі, як “імкненне” (dąznosć), “мэта” (cel), а таксама “карыснасць” (użyteczność) і “утылітарызм” (utylitaryzm). Э. Ажэшка актыўна выступала ў абарону тэндэнцыйнага рамана і лічыла, што “для таго, каб твор мастацтва высока цаніўся і быў карысным, ён павінен мець глыбокую думку і мэту, якая ахоплівае ўсіх, іначай ён ператворыцца ў баўбатню, пусты гук, добрую цацку для дзяцей” [Orzeszkowa 1959, 28]. Такім чынам, асноўнымі рысамі тэндэнцыйнага рамана пісьменніца лічыла: 1) уплыў на розум, а не на пачуцці; 2) адмаўленне ад паказу звышнатуральных з’яў; 3) выяўленне патрэб грамадства; 4) спалучэнне прыгажосці формы з прыгажосцю думкі і мэты (на ўзор раманаў Ж. Санд і В. Гюго).

Такія патрабаванні да рамана выказваліся раней і ўжо былі рэалізаваныя ў творах французскіх аўтараў [Slownik literatury polskiej 2002, 940]. Аднак наватарства Э. Ажэшкі заключаеца ў тым, што яна патрабавала наяўнасці ўсіх гэтых рысаў у адным рамане адначасова.

Погляды Э. Ажэшкі падтрымлівалі вядомыя польскія літаратары, сярод якіх П. Хмялеўскі, Вісліцкі, Свентахоўскі, Г. Сянкевіч і інш. Г. Сянкевіч у прыватнасці, выказваў меркаванне, што “раман карысны, бо нішто, як ён, не ўплывае на масы і грамадскую думку” [Цыт. па: Цыбенко 1971, 139]. Вядомы крытык пазітывісцкага лагера П. Хмялеўскі ў 1870 г. пісаў, што “раман – гэта заўсёды самая зручная форма для перадачы масам усяго, што ўзвышае чалавецтва. Раман – гэта свабодная шырокая карціна стану духу чалавека” [Цыт. па: Цыбенко 1971, 138].

Як бачым, тэндэнцыйны раман ва ўспрыманні пісьменнікаў быў інструментам, з дапамогай якога можна было ўплываць, навязваць маральна-этычныя ідэі, пэўным чынам фармаваць грамадскую думку. Разам з тым раман не разглядаўся як твор мастацтва, а таму пазітывісты- пісьменнікі зазналі крытыку, якая была адным з фактараў, што змянілі погляды Э. Ажэшкі на раман.

Існавала г. зв. “унутраная” крытыка, якую на старонках “старой” прэсы прадстаўлялі праціўнікі тэндэнцыйнасці, а таксама “знешняя” крытыка, якая прапагандавалася маладымі літаратарамі, што патрабавалі ўдасканалення тэндэнцыйных твораў.

Неабходна сказаць, што даследчыкі літаратуры лічаць праграму пазітывістаў рэалізаванай ў раманах Э. Ажэшкі 60–70 гг. А. Цыбенка адзначае патрыятычную скіраванасць пазітывісцкай праграмы пісьменніцы, якая намагалася лозунгам “арганічнай працы” і “працы ля асноў” надаць “патрыятычны характар служэння радзіме” [Цыбенко 1971, 278]. Дададзім яшчэ культ працы, адлюстраваны ў Ажэшкавых творах, задачы выхавання грамадства, пошукі новага героя, якім мог стаць “любы механік, урач, інжынер, вучоны, купец і г. д. Такія героі, па словах А. Цыбенкі “займалі ў першых раманах Э. Ажэшкі месца рыцараў, паэтаў, мастакоў” [Цыбенко 1971, 278]. Тым не менш, погляд Э. Ажэшкі на тэндэнцыйны раман усё ж такі змяняўся, але змены гэтыя тычыліся перадусім формы, мастацкага напаўнення, а не яго значэння і функцый у грамадстве.

Niwa” за 1879 г. апублікавала яшчэ адзін артыкул пісьменніцы “Пра раманы Т.Т. Ежа і раман наогул” (заўважым, што з часу з’яўлення першага артыкула падобнай тэматыкі прайшло 13 гадоў; Э. Ажэшкай за гэты перыяд было напісана каля дзесятка раманаў). Гэтая праца дае падставы меркаваць пра эвадюцыю эстэтычных поглядаў пісьменніцы, да якой спрычынілася перадусім усведамленне разыходжанняў паміж тэндэнцыяй і аб’ектыўнай рэальнасцю. Безумоўна, у гэтай працы Э. Ажэшка намагалася выкарыстоўваць свой уласны пісьменніцкі вопыт, а таксама адгукацца на крытыку яе тэндэнцыйных раманаў. Вызначаючы сутнасць рамана, Э. Ажэшка піша, што “раман – гэта сінтэтычны прадукт чалавечага розуму: з аднаго боку ён, несумненна, належыць да галіны мастацтва і без выкарыстання прыгожых элементаў не можа мець вытанчаных формаў; аднак з іншага – уваходзіць у сферу ведаў, адметных тым, што яны спалучаюць вынікі разнастайных навук і называюцца філасофіяй” [Orzeszkowa 1959, 136]. Гэта дазваляе пісьменніцы паспрачацца са стэрэатыпным поглядам, што склаўся, дзякуючы Вальтэру, які называў раман люстэркам грамадства. Улічваючы дваістую прыроду гэтага літаратурнага жанра, Э. Ажэшка параўноўвае яго “з магічнымі шкельцамі, якія не толькі адлюстроўваюць знешнюю сутнасць рэчаў, але і паказваюць іх найглыбейшы сэнс” [Orzeszkowa 1959, 137]. Імкнучыся абгрунтаваць гэта, Э. Ажэшка падрабязна разглядае два найважнейшыя моманты стварэння рамана: задуму і кампазіцыю і прыходзіць да вываду, што “для іх самай драматычнай і моцнай з’яўляецца тая калізія, якая знаходзіцца ў сітуацыі; для кампазіцыі самым важным з’яўляецца гармонія частак, выдатная пластычнасць постацяў і шматфарбнасць вобразаў, калі ідэя вынікае з драмы, а драма самастойна выяўляе ідэю” [Orzeszkowa 1959, 140]. Паказальным момантам, які даказвае адмаўленне Э. Ажэшкі ад некаторых ранейшых поглядаў, з’яўляецца тое, што яна робіць акцэнт не толькі на змест, але і на форму твора. Гаворачы пра дваістую прыроду рамана, пісьменніца заўважае, што “праз уз’яднанне элементаў прыгожага з элементамі праўды можна задаволіць дзве найвялікшыя здольнасці чалавечага мозга: уяўленне і розум” [Orzeszkowa 1959, 138]. Такім чынам, ранейшы пастулат пра моцнае ўздзеянне рамана, якое павінна было дасягацца праз уплыў тэксту выключна на розум, адмаўляўся.

Шмат увагі Э. Ажэшка надае асобе творцы, які, па яе словах, павінен уражліва і чула ўспрымаць усе дотыкі навакольнага свету, бо гэта з’яўляецца “першапачаткам узнаўляльнай і творчай дзейнасці” [Orzeszkowa 1959, 143]. Акрамя таго, раманіст павінен быць добра адукаваным, а менавіта валодаць эстэтычнай, навуковай і маральнай адукацыяй, паколькі “вартасць прац пісьменніка цесна звязана з сінтэзам гэтай траістай адукацыі” [Orzeszkowa 1959, 144]. Важнай рысай пісьменніка Э. Ажэшка, лічыць “энцыклапедызм, які можа быць вынікам толькі вялікай працы і з’яўляецца прычынай маральнага росту пісьменніка” [Orzeszkowa 1959, 146].

Такім чынам, Э. Ажэшка працавала над удасканаленнем формы і зместу тэндэнцыйнага рамана, яна прапанавала ўзбагаціць гэты жанр літаратуры навуковымі элементамі, адысці ад узмоцненага дыдактызму, а найперш, выхоўваць новы тып аўтара – чалавека энцыклапедычных ведаў, які добра адчувае сваю эпоху і патрэбы грамадства.

ЛІТАРАТУРА

Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40–70 гг. ХІХ вМ., 1971.

Orzeszkowa E. Pisma krytycznoliterackie. WrocławKraków, 1959.

Słownik literatury polskiej XIX w. W-wa, 2002.

Да зместу

Hosted by uCoz