Да зместу

Таццяна Галісаева

ТВОРЧАСЦЬ ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА І МІКАЛАЯ ГОГАЛЯ:
СПРОБА КАМПАРАТЫВІСЦКАГА АНАЛІЗУ

30–40-я гг. ХІХ ст. у Беларусі з’яўляюцца перыядам росквіту рамантызму, які найбольш ярка адлюстраваўся ў творчасці Яна Баршчэўскага. У Расіі на акрэслены час прыпадае станаўленне рэалізму, пачынальнікам якога стаў Мікалай Гогаль. Такога пункту погляду на вызначэнне мастацкага метаду беларускага і рускага пісьменнікаў традыцыйна прытрымліваецца большасць вучоных. Аднак варта ўлічваць і іншыя меркаванні. Напрыклад, Ю. Маханькоў даводзіць, што Я. Баршчэўскі працаваў у галіне «фантастычнага рэалізму» [Маханькоў 1997, 329]. І. Карташова прапануе разглядаць творчасць ранняга М. Гогаля ў рэчышчы рамантызму, побач з Гофманам. Некаторыя даследчыкі нават заўважаюць у творчасці «першага рускага рэаліста» рысы нізкага і высокага барока (лубачны стыль і спецыфіка вобразаў). Як бачым, вучоныя адзначаюць дыфузнасць метадаў рамантызму і рэалізму, характэрную для творчасці абодвух пісьменнікаў. Такая блізкасць абумоўлена наяўнасцю моцнай фальклорнай базы, што спрыяе збліжэнню мастацкіх сістэм аўтараў і дазваляе праводзіць адпаведныя паралелі.

Аспекты судакранання можна вылучыць на структурным узроўні. «Драўляны Дзядок» Яна Баршчэўскага і «Вій» Мікалая Гогаля – творы рамкавай канструкцыі (як і зборнік «Тысяча і адна ноч»). Ян Баршчэўскі ў асобных раздзелах твора змясціў гісторыю пана З. («Што здарылася з Драўляным Дзядком»), апавяданні пана Ротмістра («Кабета Інсекта», «Горды Філосаф» і інш.). У «Віі» адпаведныя часткі выдзяляюцца толькі на семантычным узроўні – апавяданні пра Мікіту, пра Шапчыху, тры ночы Хамы Брута. Гэтыя паданні-казкі з’яўляюцца месцам канцэнтрацыі цудоўнага, якое найчасцей мае народна-паэтычную аснову.

Генетычная блізкасць украінскага, рускага, беларускага і польскага фальклору дала падставу для з’яўлення ў творах Я. Баршчэўскага і М. Гогаля роднасных вобразаў нячыстай сілы (крывасмокаў, пярэваратняў і г. д.). У абодвух творах ёсць жаночыя персанажы – Панначка (у аповесці «Вій») і Кабета Інсекта (у аповесці «Драўляны Дзядок»). Іх функцыі шмат у чым тоесныя: Панначка прыгнятае людзей, п’е кроў, Кабета Інсекта паводзіць сябе падобным чынам. Гэтыя вобразы не з’яўляюцца статычнымі. Дынаміка развіцця заключаецца ў тых метамарфозах, што адбываюцца з імі на працягу твора: спачатку Кабета Інсекта злосная пані, потым Інсекта, а затым – Плачка. У «Віі» старая вядзьмарка ператвараецца ў Панначку-прыгажуню, а тая становіцца мерцвяком-зомбі.

Аднак у М. Гогаля ёсць персанажы, якіх няма ў Я. Баршчэўскага, і наадварот. Да ліку такіх стварэнняў можна аднесці Драўлянага Дзядка і Вія. Гэтыя вобразы не з’яўляюцца цалкам індывідуальна-аўтарскімі. Так, вобраз Драўлянага Дзядка мае шэраг літаратурных і міфалагічных адпаведнікаў: Галава ў паэме А. Пушкіна «Руслан і Людміла», лацінаамерыканскі чанчон і іншыя. Сярод персанажаў гогалеўскай аповесці вылучаецца Вій. Па меркаванню некаторых даследчыкаў, гэты персанаж не мае фальклорнага адпаведніка і быў створаны фантазіяй М. Гогаля [http://solsand.by.ru]. Тым не менш, у манаграфіі А. Афанасьева «Поэтические воззрения славян на природу» апісваеца падобная істота, што мае такую ж назву. Ю. Ман заўважае, што, хутчэй за ўсё, крыніцай узнікнення гэтага вобраза стаў гогалеўсукі Вій [http://magazines.russ.ru]. А. Назарэўскі слушна сцвярджае, што вобраз Вія падобны да Касьяна ва ўкраінскіх народных паданнях, а імя Вій утворана ад украінскага «вія» (‘вейка’ або ‘павекі разам з вейкамі’) [http://solsand.by.ru]. Таксама нельга выключыць магчымасці ўплыву на творчасць М. Гогаля вераванняў і паданняў іншых народаў, напрыклад, В. Абаеў у даследаванні «Образ Вия в повести Н.В. Гоголя» праводзіць паралель паміж Віем і інда-іранскім Vayu, богам смерці [magazines.russ.ru].

Пісьменнікі творча скарысталі вобразы гарадскога і студэнцкага фальклору. А таму сярод дзеючых асоб аповесці Я. Баршчэўскага – Горды Філосаф, шкаляры Люцыфуга і Севярын, якія з’яўляліся ў свой час навучэнцамі езуіцкай акадэміі і не слухалі добрых парад Дзядка. Асобна вылучаецца постаць аўтара-апавядальніка (чалавека, які васемнаццаць гадоў не быў на Радзіме). Ён адначасова і актыўны ўдзельнік, і пасіўны сведка падзей. Аўтар «Вія», у адрозненне ад апавядальніка аповесці «Драўляны Дзядок», не кантактуе з персанажамі, аднак «часам выглядае з-за спіны» якога-небудзь з герояў. Дзеючымі асобамі гогалеўскай аповесці сталі багаслоў Халява і шкаляр Ціберый Гарбец. Аднак асноўная сюжэтна-кампазіцыйная нагрузка прыпадае на вобраз Хамы Брута. Характарыстыка гэтага персанажа даецца цалкам у адпаведнасці з устаноўкамі студэнцкага фальклору: «Хома Брут был нрава веселого. Любил очень лежать и курить люльку. Если же пил, то непременно нанимал музыкантов и отплясывал трепака. Он часто пробовал крупного гороху, но совершенно с философическим равнодушием, – говоря, что чему быть, того не миновать» [Гоголь 1984, 246]. Некаторыя даследчыкі разглядаюць вобраз Хамы Брута адначасова ў двух вымярэннях – у фантастычным і рэальным, адпаведна і герой выступае ў дзвюх іпастасях – «паэтычнай» і «празаічнай». Напрошваецца паралель з вобразам Драўлянага Дзядка, які адначасова знаходзіцца ў сінхранічным, дыяхранічным і фантастычных пластах аповесці Яна Баршчэўскага. Як бачым, структура галоўных персанажаў абумоўлена наяўнасцю шматузроўневага хранатопу. Найчасцей рэальнае адбываецца удзень, а фантастычнаму адведзены час пасля захаду сонца і да першага спеву пеўня. Менавіта ноч з’яўляецца тым мастком, які дазваляе незвычайнаму ўмешвацца ў рэальны свет. Можна заўважыць, што завязка дзеяння ў аповесцях пачынаецца ноччу. У Я. Баршчэўскага чытаем: «Сонца ўжо схавалася на захадзе…» [Баршчэўскі 1998, 283]. Параўнайце з тэкстам М. Гогаля: «Был уже вечер, когда они своротили с большой дороги» [Гоголь 1984, 246]. Развязка адбываецца раніцай: «Узышло сонца, пагодны ранак, час у падарожжа» [Баршчэўскі 1998, 316]. У «Віі»: «Раздался петушиный крик. Это был уже второй крик; первый прослышали гномы» [Гоголь 1984, 269]. Такая будова дазваляе пры завяршэнні цыклу стварыць уражанне, што нічога не адбылося, што гэта толькі сон. Дарэчы сон з’яўляецца адной з форм «завуаляванай» (Ю. Ман) фантастыкі. Іншая форма – чуткі. У аповесці Яна Баршчэўскага «Драўляны Дзядок і Кабета Інсекта» можна сустрэць наступныя маўленчыя формулы перадачы ірэальнага: «Раскажу, што ад іншых чуў, а ці гэта праўда, не мой клопат» [Баршчэўскі 1998, 292].  Адпаведна ў аповесці М. Гогаля «Вій» чытаем: «Люди, знающие науку, говорят…» [Гоголь 1984, 259].

З аднаго боку, з дапамогай «завуаляванай» фантастыкі аўтар нівеліруе сваю ролю ў стварэнні незвычайнага, такім чынам здымаючы з сябе адказнасць за непраўдзівыя сведчанні. З другога – такі прыём дазваляе стылізаваць твор мастацкай літаратуры пад фальклорны.

Нягледзячы на значную ролю фантастычнага, асноўнае дзеянне мае даволі трывалую лакалізацыю ў часе і ў прасторы. Так, дзеянне аповесці «Драўляны Дзядок і Кабета Інсекта» адбываецца ў мінулым за сорак вёрст ад Полацка або ў самім Полацку, згадваюцца ваколіцы Віцебска. Дзеянне гогалеўскага «Вія» прывязана да Кіева і яго ўскраін (за пяцьдзесят вёрст ад Кіева), таксама ў мінулым. Сярод тыповых локусаў можна адзначыць наступныя: шляхецкі дамок, якому адпавядае хутар у М. Гогаля, поле, каплічка, Полацкая езуіцкая акадэмія – Кіеўская семінарыя і, нарэшце, карчма.

Можна вывесці яшчэ адзін узровень судакранання творчасці Яна Баршчэўскага і Мікалая Гогаля – падабенства матываў, сярод якіх можна вылучыць наступныя:

1.  Сон-ява («Час той прамінуў як найпрыемнейшы сон» [Баршчэўскі 1998, 316];  «Наяву ли это или снится?» [Гоголь 1984, 285]).

2.  Пярэваратніцтва («Нарэшце перамянілася ў нейкую дзіўную Інсекту» [Баршчэўскі 1998, 293]; «Точно ли это старуха?.. Перед ним лежала красавица» [Гоголь 1984, 286]).

3.  Падарожжа («Калі пан верхам аб’язджаў свае палеткі, яна, лётаючы побач, пранізлівым крыкам спудзіла каня, які наўскапыт паляцеў праз равы і пагоркі і скінуў гаспадара» [Баршчэўскі 1998, 294]; «Он, подпрыгивая, как верховой конь понёс ее на плечах» [Гоголь 1984, 285]).

4.  Крыўда-помста («Пан А. загадаў адчыніць усе вокны, акурыць дымам пакоі, і дарэмна тая, з жахлівым піскам і крыкам кідаючыся ў вочы, страшыла людзей. Пераможаная дымам, яна мусіла ляцець у сад і схавацца між дрэваў» [Баршчэўскі 1998, 293], «Пры кожным зручным выпадку Інсекта помсціла яму» [Гоголь 1984, 294]; «Он схватил лежавшее на дороге полено и начал им со всех сил колотить старуху» [Гоголь 1984, 286], «...дочь одного из богатейших сотников... изъявила желание, чтобы отходную по ней и молитвы в продолжение трех дней после смерти читал один из киевских семинаристов: Хома Брут» [Гоголь 1984, 287]).

5.  Маленне («Ксёндз паклаў кабету Інсекту на філосафаву галаву і перад шматлікімі гледачамі чытаў ёй малітвы і гаварыў на духоўныя тэмы» [Баршчэўскі 1998, 295]; «Она заботилась, голубонька моя, о душе своей и хотела молитвами изгнать всякое дурное помышление» [Гоголь 1984, 303]).

Такім чынам, нягледзячы на адрознасць мастацкіх метадаў, прааналізаваныя творы Я. Баршчэўскага і М. Гогаля маюць генетычна і тыпалагічна роднасную аснову – славянскі фальклор. Больш таго, не выключана магчымасць непасрэднага ўплыву гогалеўскага «Вія» на творчасць Я. Баршчэўскага.

ЛІТАРАТУРА

Баршчэўскі Я. Выбраныя творы. Мн., 1998.

Гоголь Н. В. Миргород. М., 1984.

Маханькоў Ю. Рэальнае і фантастычнае ў прозе Я. Баршчэўскага і М. Гогаля // Матэрыялы ІV канферэнцыі. Беларуска-руска-польскае супастаўляльнае мовазнаўства і літаратуразнаўства. Віцебск, 1997. С. 328–331.

Інтэрнэт-адрас:  http://solsand.by.ru/gogol1-viy.html

Інтэрнэт-адрас: magazines.russ.ru/voplit/2002/4/mann.html.

 

Да зместу

Hosted by uCoz