Да зместу

Аляксандр Гроза

МАРЫНА

Беларуская аповесць

1

Па-за борам, пры вадзе

Хто ў маёнтку там жыве?

Не маліна, не каліна,

А вясновы цвет – Марына.

Пустка ружы не народзіць.

І не нэндза ў хаце ходзіць,

І не пуста у каморы;

Самавіта у тым дворы.

Грукат капытоў чуваць,

Шаблі рыцараў звіняць.

Кожны шабляй мужна б’е,

Кожны келіх мёду п’е.

А Марына зараніцай

Слёзы лье ў сваёй святліцы:

Дзеўкі косы расплятаюць,

Расплятаюць ды спяваюць:

– Так, напраўду, двор багаты –

І з прыбору, і з расплаты,

Ды ў расплаце, ды ў прыборы

Няма ладу на тым дворы.

Салавейка хай ляціць

Тваю матку пабудзіць;

Хай ляціць у неба, долу,

Прывядзе яе дадому.

Салавейка шарапёры,

Абляцеўшы дол і горы,

Матку хутка адшукаў,

Песню сумную спяваў:

– Матка, спаць табе ўжо досыць:

Расплятаюць дочцы косы,

Ды няма ж як блаславіць,

Цяжка без матулі жыць.

– Я б з ахвотай пасадзіла,

Ды дзіцятка блаславіла,

Толькі мову смерць забрала,

Вусны мае моцна сцяла.

Як жа мне расплюшчыць вочы –

Сыпле жоўты ў іх пясочак;

Узняць голаў была б рада –

Ціснуць дошкі – няма рады.

Няхай дзіцечка маё

Блаславіць хвалёны Бог

І Прачыстая на небе,

Усе людзі і суседзі.

                                 

Ля зялёнай, ля дубровы

Велькі лес стаіць дубовы,

Ды сухі і спарахнелы:

Каб адзін быў дуб хоць цэлы.

Каб у шатах там схавацца,

Шумам лесу захапляцца.

На вяселейка тваё

Шмат бацькоў чужых прыйшло,

Ды ніводнага свайго,

Каб на посад пасадзіць,

На жыццё каб блаславіць.

                                           

Каля саду маладога,

Дзе няма аднак нікога,

Дзеўчына адна гуляе,

Лаўкі добра абмывае

І сябровак там страчае.

Руты пекныя саджае.

Самавіта ў час такі

Васіль едзе на кані:

Лаўкі пляжыць чыста ўсе,

Ружы пекныя ірве,

Ружы пекныя знішчае,

Сівых галубоў страляе.

Ўсіх сябровак гоніць прэч

І з Марынаю ён поплеч

Скора ў іншы край вяртае,

Дзе сонца шчыра так заззяе.

                                             

А у тым далёкім свеце

Лес шуміць ды сонца свеціць.

Дзе вясною ўсё квітнее,

Там узімку снег бялее.

Тут усё як мае быць

(як і дома, быццам, жыць),

Ды бракуе шчасця ім

Па вяселлі маладым.

Як ёй коскі распляталі,

Мусіць шчыра не спявалі.

Шмат людзей у двор прыйшло,

Толькі маткі не было.

Не зычліва блаславілі:

Шчасцейкам не надзялілі.

Васілёў двор мураваны

Ды за кратамі схаваны.

Толькі чутна на двары,

Як бразгочуць кайданы.

Салаўі спяваць не хочуць,

Толькі совы тут кугочуць.

Песні, танцы, карагоды

Васілю не даспадобы.

Толькі сонца заблішчыць,

Ён у цёмны лес імчыць.

Там дзічыну забівае,

Сам, як звер, там спачывае.

Дамоў вяртаецца ўначы

Грозны, страшны, як звер злы.

Гора, матка! Гора, матка!

Сірата – тваё дзіцятка!

З кім жа жаль свой падзяліць,

Чым цябе павесяліць?

Ёсць тут людзі, і даволі,

Ды якое з іх патолі?

Ёсць нябёсы, ды туды

Не сягаюць галасы.

Каб жа сэрцы былі чулы,

Каб жа галасы пачулі,

Ладам тут усё пайшло б,

Ды інакш усё было б.

Як вясною ўсё квітнее,

Сын Марыны прыгажэе.

Вочы светлыя – аблокі,

Што вады прастор шырокі.

Ясны тварык усміхнецца –

Быццам сонцам заліецца.

Як той шпаркі матылёк,

Расце хлопчык Васілёк.

І Марыне ўжо здаецца:

Сонца гожанька смяецца.

Птушкі весела спяваюць,

Дзень і ноч усю спяваюць.

Што ў зачараваным сне,

Пошчак іх усюль плыве.

Стала весялей у хаце…

Дзякуй Богу, міла маці, –

Блаславёнае дзіця,

Пажадалі ў свеце шчасця

І зычліва блаславілі,

Шчасцем, доляй надзялілі.

Пераклад з польскае
Алеся Гізуна

 

Да зместу

Hosted by uCoz