Да зместу

Ганна Карповіч

ДА ПЫТАННЯ ПРА АНТЫЧНУЮ ТОПІКУ ПАЭМЫ ГПЕЛЬГРЫМОЎСКАГА «FILOPATRIS AD SENATUM POPULUMQUE LITUANUM»

З пачаткам актыўнага даследавання даўняй літаратуры нашае краіны ўзнікла і праблема ролі грэка-рымскай антычнасці ў стылістычным і жанрава-тэматычным станаўленні прыгожага пісьменства ВКЛ. Пісьменнікі Вялікага княства натхнёна чэрпалі з крыніцаў антычных традыцый, якія зачароўвалі іх сваёй «даўніной», маральным аўтарытэтам, вабілі мажлівасцямі будавання паралеляў, сімвалаў, параўнанняў, адмысловай метафорыкай. Яшчэ адну прычыну прыхільнага стаўлення нашых продкаў да антычнай літаратуры можна патлумачыць зяўленнем у канцы XV ст. новай дынастычнай канцэпцыі паходжання князёў ВКЛ. Кіруючыся ідэямі Адраджэння і арыентуючыся на захаванне незалежнасці ад Масковіі, якая пад эгідай дынастычнага братэрства прэтэндавала на землі Вялікіх князёў, была створана версія паходжання князёў краіны не ад Рурыка, а ад рымскага патрыцыя Палямона: «Где ж одно княжа рымское именем Палемон, который же ц(эс)ару Нерону был кревный, забрался з жоною и детми своими, и с подданнымихотечи собе знайти на земли местцэ слушное... Над которыми ж реками, над Дубосою и над Немном, и над Юрою, там ся поселили» [Хроніка 2003, 374–375].Такая сітуацыя вымушала ставіцца да лаціны, як да мовы продкаў, паважаць і шанаваць яе.

Варта заўважыць, што лацінамоўная літаратура, а паэзія ў асаблівасці, была прывязана да антычнасці і на ўзроўні мовы. Антычная літаратурная спадчына для сярэднявечнага творцы была невычэрпнай скарбніцай вобразна-выяўленчых сродкаў і ўзораў сюжэтабудавання, лацінамоўныя вершы ствараліся з выкарыстаннем распрацаваных стагоддзямі мастацкіх форм антычнай паэзіі.

Выкарыстанне антычных традыцый праяўлялася і ў выглядзе канкрэтнага пераймання топікі. Праілюструем гэта на прыкладзе паэмы Гальяша Пельгрымоўскага «Патрыёт Айчыны – Сенату і народу літоўскаму».

Паэма «Philopatris ad Senatum populumque Lituanum»/«Milośnik Ojczyzny do Senatu i Rzeczypospolitej Litewskiej» – адзін з надзвычай цікавых літаратурных помнікаў Вялікага княства Літоўскага канца XVI ст. Асабліва прываблівае даследчыкаў факт дзвюхмоўя твора. «На першых адзінаццаці старонках выдання чытаецца лацінскі тэкст, а з 13 па 24 старонкі, з той жа паслядоўнасцю раздзелаў, – польскі» [Некрашэвіч-Кароткая 2003, 8]. Паміж тэкстамі няма стопрацэнтнай адпаведнасці, аднак ёсць агульныя месцы, якія дазваляюць прасачыць, як аформлены ў найлепшых антычных традыцыях тэкст паўплываў на польскі, і зрабіць вывад, як ліцвінская свядомасць аўтара перастварыла гэтыя традыцыі на роднай глебе.

«Мастацкая сітуацыя ў дэкламацыі Г. Пельгрымоўскага нагадвае пасяджэнне сената, у якім бяруць удзел Патрыёт Айчыны, Маці Літва і яе шматлікія дзеці» [Кавалёў 2002, 162]: розныя землі Вялікага княства Літоўскага (прычым не толькі тыя ваяводствы, якія ўваходзілі ў склад дзяржавы напрыканцы XVI ст., але і колішнія ўладанні літоўскіх князёў, і нават сумежныя тэрыторыі). «Тэма выступлення Патрыёта і ўсяго «паседжання сената» – заняпад некалі магутнай дзяржавы, абыякавасць грамадзян да лёсу Бацькаўшчыны – традыцыйная не толькі для лацінамоўнай і польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, але і для літаратуры ўсіх часоў і народаў увогуле» [Кавалёў 2002, 162]. Тут мы і знаходзім першае «агульнае месца» альбо topos, як сказаў бы старажытны рытар. Матыў «у свеце нешта не тое робіцца», які так выразна чытаецца ў выступленні Патрыёта Айчыны і звароце Маці Літвы да злачынных сыноў, каранямі сыходзіць да старажытнага топасу «свет перавернуты наадварот» [Curtius 1997, 103]. Вось што кажа Патрыёт Айчыны пра ранейшы стан роднай дзяржавы: «Шматуладны народ літоўскі праз гады славіўся багаццем дабрачыннасцяў і золатам. <...> Шырока дзяржавы сваёй распасцёр межы... Не абцяжарваў свае вочы лянівым сном... Любіў добрую зброю, а чужаземныя строі ды звычаі адкідаў, бо свае былі добрыя...». А вось што дзеецца ў яго краіне зараз: «Зараз усё іначай: Божая помста імкне за намі мізэрнымі... Па тое, што дома мелі, зараз у чужы край едзем... Няма каму думаць пра дабрабыт Рэчы Паспалітай, усе імкнуцца да ўласнай карысці і кожны сабе болей, чым Айчыне аддаў...».

Кантраст паміж «раней» і «зараз» складае аснову гэтага топасу. А яго першапачатковая аснова – нагрувашчванне непраўдападобных рэчаў – антычная па паходжанні. Гэткае нагрувашчванне найперш з’явілася ў Архілоха. Але ў еўрапейскае сярэднявечча яно трапіла праз Вергілія, якога паважалі ўсе прыхільнікі антычнасці і лічылі першым хрысціянінам (успомнім эклогу пра нараджэнне дзіцяняткі-збавіцеля і надыход на зямлі новай эры). У яго пастух, якога выраклася каханая, гатовы за гэтую паразу абвінаваціць цэлы свет: «Зараз ужо няхай воўк бяжыць ад авечкі, дуб уродзіць залатыя яблыкі, совы няхай аспрэчваюць прыгажосць лебедзяў, а пастух Цірыт хай будзе Арфеем» [Curtius 1997, 103]. Але тут антытэза грунтуецца на казачна-міфалагічнай, а не на грамадска-палітычнай аснове, у ёй няма такой роспачы і адчаю, што пануюць у паэме Пельгрымоўскага.

Топас «свет наадварот» мае шмат адгалінаванняў: камічнае (так званая «травестацыя топасу» – там звычайна звяры мяняюцца ролямі ці выконваюць разнастайныя камічныя дзеянні: асёл грае на лютні, вол танчыць, заяц палохае льва, як у Арыстафана, ці ў «Carmina burana»), трагічнае (узнікла ў XII стагоддзі, калі следам за Вергіліем у вядучых універсітэтах Еўропы пачалі вывучаць рымскіх сатырыкаў і аўтары рашыліся на крытыку сучаснасці па іншай шкале: яны крытыкуюць усё – ад выраджэння Царквы да ўмоў жыцця сялян, як у Героніма, Аўгусціна), жахлівае («перавернуты свет» выяўляе тады пагрозу, прадчуванне Апакаліпсісу, як у Тэафіля дэ Віе: «Скала сцякае жывою крывёю, полымя бушуе ў халодным лёдзе, чарнее боскі твар сонца» [Curtius 1997, 106]).

З трагічнай інтэрпрэтацыі топасу вынікае матыў змагання паміж пакаленнямі і матыў змагання паміж «прыхільнікамі старога» і «прыхільнікамі новага» (яны не абавязкова прадстаўнікі розных пакаленняў і розных сацыяльных груп, проста нехта з іх змагаецца на баку святла, а нехта паддаўся цемры). Апошні матыў, перапрацаваны і не так напоўнены аксюмаранам і антытэзай, відавочна адчуваецца ў выступленні Патрыёта Айчыны, які ганіць ліцвінаў-пярэваратняў, што забыліся на славу роднага краю і звяртаецца да «цнатлівага Ліцвіна», якому належыць «сцерці сон з вачэй», успомніць пра ранейшую славу і абараніць дабро.

Топас жахлівага «перавернутага свету» можна знайсці ў вершы «Litvania fui» (Была Літвою) ці ў яго аналагу ў польскім тэксце «Litwa lamentuje» (Літва лямантуе): «Сёння ж гонар у майго каралеўства аднялі, сёння скарбы мае і славу маю адабралі... Упокат трупы ляжаць сыноў, без літасці забітых, а ўся зямля бялее ад костак». Безумоўна, тут хаваецца алегорыя Лівонскай вайны, але дамінантай мы лічым пагрозлівы стан прасторы ў вершы, а гэта значыць – наяўнасць элементаў «перавернутага свету».

Побач з адчуваннем ненатуральнасці падзей прыцягвае ўвагу спасылка на «залаты век»: пастаяннае згадванне наўсцяж усяго твора ранейшых ідэальных варыянтаў існавання ліцвінскага краю. Топас «залаты век» выводзіцца з паэтычнай топікі «прыгажосць прыроды» (маецца на ўвазе кананічны вобраз ідэальнага пейзажу з усімі яго неабходнымі дэталямі). З ідэальнага пейзажу выводзіцца «краіна мараў» і «ідэальныя эпохі»: Элізій (уладанне вечнай вясны), Зямны Рай, Залаты век [Curtius 1997, 89]. Сярэднявечнаму аўтару дастаткова было толькі згадаць пра залаты век, як у чытача ўзнікаў выпрацаваны са школы набор асацыяцый – вечная вясна, кветкі, птушкі, адсутнасць хвароб і нягод. Гэта і ёсць locus amoenus (альбо «раскашовае месца»), якое ўслаўлялі Вергілій, Стацый, Тэакрыт, Тыберый, і якое філасофская эпіка хрысціянізавала, развіўшы ў розныя постаці зямнога раю. У Пельгрымоўскага гэты топас набывае спрадвечнабеларускую афарбоўку. Яго «залаты век» – гэта locus patrius («родны кут») у часы найбольшага квітнення. Напрыклад, верш «Dukatus Vitebensis» / «Księstwo Witepskie, Orsza» (Княства Віцебскае, Орша): «Моцны Бог змілуецца, яшчэ не канец света, Яшчэ можам вярнуць залатыя тыя гады...» і верш «Braslavia et Vinnica» / «Brasław i Winnica» (Браслаў і Вінніца): «Сапраўды, залаты быў век, калі мы вялікаму Падпарадкоўваліся княству Літоўскаму...».

Канечне, топас «ідэальная эпоха» (або «краіна мараў») узнік не ў творчасці Вергілія і Тэакрыта, а нашмат раней: залаты век згадваецца ў міфах старажытных грэкаў, шумераў, індзейцаў майя. Гэта адзін з самых архаічных топасаў, паходжанне якога патрабуе асобнага даследавання. Але ў еўрапейскую свецкую літаратуру ён прыйшоў менавіта праз лацінскую паэзію, зведаўшы адпаведныя эпосе свайго бытавання трансфармацыі.

Звяртае на сябе ўвагу і наяўнасць у тэксце элементаў топасу «ідэальны пейзаж». Канонам для лацінскіх паэтаў у стварэнні пейзажу стаў Гамер, які першым з вядомых нам паэтаў адкінуў хтанічныя жахі прыроды і звярнуўся да яе «мілых уласцівасцяў». Ад «вялікага сляпога» наступныя пакаленні перанялі: цудоўнае месца вечнай вясны, прывабны мініяцюрны ландшафт, дзе ёсць дрэва, крыніца і трава, лес з рознымі пародамі дрэў, дываны кветак на лузе, абавязковую плоднасць / урадлівасць наваколля. Пазнейшыя паэты дадалі да гэтага і духмяныя павевы ветрыку. Асабліва важнай для паўднёвых і спякотных краёў Грэцыі і Рыма была наяўнасць крыніцы ці ручая з празрыстай вадою, дзе б паэт мог асвяжыцца падчас складання верша. У багатых вадою паўночных краінах гэты складнік пейзажу страціў сваю надзённасць, але па традыцыі паэты лічылі за абавязак згадваць усе водныя артэрыі свайго краю ці хаця б прыпамінаць некаторыя з іх. Напрыклад, верш Palatinatus Brestensis / Woiewodztwo Brzeskie, Pińsk, Kobryn (Ваяводства Брэсцкае, Пінск, Кобрын): «...празрыстыя воды Буга...»; верш «Palatinatus Minscensis» (Княства Менскае) / «Woiewodztwo Pińskie, Rzecżyca, Mozyr» (Ваяводства Пінскае, Рэчыца, Мазыр): «...над берагам глыбокага Дняпра (Borysthenis)...»; верш «Horda Praecopensis» / «Orda Przekopska» (Перакопская арда): «...І там месца сабе ўжо навечна абралі, дзе Вака поўным берагам цэдзіць свае струмяні...».

Апроч згадвання Буга, Дняпра і Вакі, Г. Пельгрымоўскі лічыць за абавязак узгадаць і плоднасць свайго краю – «Eadem ad Filios Degeneres» / «Zaż do synow wyrodnych» (Да сыноў злачынных): «матка плодная». Гэта больш высокі ўзровень абстрагавання антычнага топасу ўрадлівасці (міфалагічная выспа Феакаў у Гамера, дзе дрэвы давалі ўраджай цэлы год, дзе панавала вечная вясна і веяў заходні вецер), бо ўдакладненне атрыбутаў плоднасці больш не патрэбнае – дастаткова толькі яе канстатацыі. 

На выспе Феакаў веяў заходні вецер. Ён заўсёды прыносіў з Атлантыкі дождж і таму лічыўся добрым. Хтанічны ж пейзаж поўніўся «вогненнымі» сухімі вятрамі, якія неслі засуху і спёку. Такі злы вецер і пануе ў «перавернутым свеце» твора: верш «Livonia Soror Litvanie» / «Inflantska zemia» (Інфлянцкая зямля ): «...вятры, якія прыносяць нягоды...». Але праз абяцанне, што веюць такія вятры не заўсёды, аўтар усе ж такі дае чытачу надзею на «залаты век», лагодны вецер і нармалізацыю свету.

Такім чынам, у паэме Г. Пельгрымоўскага  «Philopatris ad Senatum populumque Lituanum» / «Milośnik Ojcżyzny do Senatu i Rzecżypospolitej Litewskiej» мы выявілі наяўнасць элементаў антычных топасаў «ідэальнага пейзажу», «перавернутага свету» і топасу locus amoenus, які на нацыянальнай глебе трансфармаваўся ў  locus patrius (родны кут). На матэрыяле гэтай невялікай паэмы нам удалося паказаць, што сярэднявечная і рэнесансавая літаратура «выкарыстоўвала акрэслены і сталы канон тэмаў, матываў, сімвалаў, за межы якіх пісьменнікі выходзілі рэдка. Гэтае сталае і звыклае кола антычнай эрудыцыі было сумеснай уласнасцю пісьменнікаў і чытальнікаў і нікому не належала выходзіць з гэтага кола, каб не сутыкнуцца з папрокамі ў незразумеласці» [Biеńkowski 1972, 313]. Як мы бачым, з цягам часу адпала неабходнасць у дэталізаваным раскрыцці зместу пэўных матываў, дастаткова было толькі прыгадваць іх альбо некаторыя іх элементы, як і рабіў Г. Пельгрымоўскі. Даследаванне гэтых агульных матываў і тэмаў у далейшым дасць большыя магчымасці разумення вытокаў нацыянальнай літаратуры і дазволіць уводзіць старажытную літаратурную спадчыну нашых продкаў у сусветны літаратурны кантэкст.

Літаратура

Кавалёў С.В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Мн., 2002.

Некрашэвіч-Кароткая Ж. Слава і плач патрыёта і прарока: паэма «Philopatris» (1597) // Acta Albaruthenika. 2003. № 3.

Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага // Анталогія даўняй беларускай літаратуры: XI – першая палова XVIII стагоддзя. Мн., 2003.

Biеńkowski T. Antyk – Biblia – Literatura // Problemy literatury staropolskiej. Wrocław, 1972.

«Milośnik Ojcżyzny do Senatu i Rzecżypospolitej Litewskiej» / «Philopatris ad Senatum populumque Lituanum». 1597.

Curtius E.R. Literatura Europiejska i łacińskie średniowiecze. Kraków, 1997.

 

Да зместу

Hosted by uCoz