Да зместу

Сяргей Кавалёў

ПАЭМА СТАНІСЛАВА ЛАЎРЭНЦІЯ “ЛЯМАНТ НЯШЧАСНАГА РЫГОРА ОСЦІКА” (1580)

Летам 1580 г. у Вялікім Княстве Літоўскім і за яго межамі гучны розгалас набыла справа беларускага магната Рыгора Осціка, абвінавачанага ў дзяржаўнай здрадзе на карысць Масковіі і асуджанага каралеўскім судом на пакаранне смерцю. Справа Осціка знайшла сваё адлюстраванне ў “Хроніцы з часоў Стэфана Баторыя…” Л. Гурэцкага, “Нататках пра Маскоўскую вайну” Р. Гейдэнштэйна, у лістах папскага нунцыя Я.А. Калігары. Некалькі радкоў гэтаму здарэнню прысвяціў у сваёйХроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе РусіМСтрыйкоўскі: “Potym, gdy król z Warszawskiego sejmu do Wilna przyjachał roku 1580, a około kończenia wojny przeciw Moskiewskiemu z pany Litewskimi gruntownie postępował; wnet Moskiewski, gdy mu mocy jawnej nie stawało, udał się do chytrych praktyk, a naprzód po Świątkach przysłał w osobie gońcowej śpiegów swoich z Naszczekinem, który Naszczekin goniec znalazwszy po swej myśli, aczkolwiek z familiej zacnej, ale z przyrodzenia wyrodka Hrehora Ościka, często z nim tajemnie traktował w Wilnie, kując zdradę przewrotną przeciw Wielkiemu Xięstwu Litewskiemu i zdrowiu królewskiemu. <…> Ościkowa się też potym zdrada przeciw królowi i ojczyznie jawnie okazała, której gdy nie mógł więcej przeć ani wymawiać, a jawne lice fałszów i zdrad jego, tudziesz samy prawa, ojczyzna, sprawiedliwość i kaźń grzechu pomsty na niego wołały, wziął godną uczynków zapłatę 18 dnia Czerwca w Sobotę”[1].

МСтрыйкоўскі запісаў паведамленне пра здраду і пакаранне Рыгора Осціка прозай, не ўбачыўшы ў гэтай гісторыі тэму для паэтычнай творчасці. Іншай думкі быў невядомы сучаснік Стрыйкоўскага, які пад псеўданімам Станіслаў Лаўрэнці выдаў паэму “Lament nieszczęsnego Hrehora Ościka, za jego uczynek poczciwości odsądzonego i na gardło skazanego roku 1580, miesiąca czerwca 15 dnia w Wilnie” (у адрознене ад МСтрыйкоўскага, СЛаўрэнці падае дату прысуду, а не пакарання). На тытульнай старонцы кнігі не пазначаны месца і час выдання, але ёсць усе падставы меркаваць, што паэма была выдадзены ў Вільні ў 1580 г. польскім вучонымЛямант няшчаснага Рыгор Осціка…” быў вядомы даўно: у 1852 г. ВМацяёўскі ў сваёй кнізе працытаваў чатыры радкі з паэмы, ахарактарызаваўшы яе якнеахайную працу невядомага аўтара[2]. Відаць, ВМацяёўскі няўважліва чытаў паэму, інакш бы ён заўважыў, што першыя літары няцотных радкоў вершаванай прадмовы ўтвараюць імя аўтара: Станіслаў Лаўрэнці (Stanislaus Laurencii). На гэта звярнуў увагу АКраўсхар у артыкуле, дзе збольшага пераказваўся сюжэт паэмы СЛаўрэнція і цытаваліся 34 радкі з яе[3]. АКраўсхар таксама невысока ацаніў мастацкі ўзровеньЛяманту…”, але адзначыў інфармацыйную дасведчанасць аўтара: “З няўдалага біяграфічнага выкладу і рыфмаў, якія парушалі ўсе правілы паэтыкі, відаць, што гэта першая спроба пяра зусім невядомага ў гісторыі пісьменства аўтара; у той жа час багатыя фактычныя звесткі, апранутыя ў шату вершаванага ляманту, дазваляюць меркаваць, што аўтар быў дакладна паінфармаваны пра сямейныя стасункі асуджанага і што ўсе абставіны справы Осціка былі яму добра вядомыя[4].

Фактаграфічную дакладнасцьЛяманту…” падцвердзіла пазней МЛаўмяньска: “СюжэтуЛяманту...” можна ўвогуле верыць – звесткі, якія дазваляюць супаставіць сябе з адпаведнымі паведамленнямі хронік, вытрымліваюць выпрабаванне крытыкі, што нараджае давер і да іншых, нідзе болей не занатаваных[5]. Мастацкія ўласцівасці паэмы СЛаўрэнція гісторык МЛаўмяньска не аналізавала, выкарыстаўшыЛямант…” як пісьмовую крыніцу для рэканструкцыі біяграфіі РОсціка і высвятлення абставінаў ягонай здрады.

Упершыню бясспрэчныя мастацкія вартасціЛяманту няшчаснага Рыгор Осціка…” адзначыў вядомы польскі даследчык палітычнай паэзіі даўніх часоў ЮНовак-Длужэўскі: “Гэта ўдалы, як бачна, літаратурны твор, першай, а, магчыма, і выключнай мэтай якога зяўляецца не палітычная прапаганда, а мастацкае выяўленне духоўнага стану чалавека ў цяжкай бядзе[6]. Высокая ацэнка паэмы СЛаўрэнція, дадзеная аўтарытэтным польскім вучоным, вынікала з ведання гістарычнага і літаратурнага кантэксту, але, на жаль, не з ведання самога тэксту: ЮНовак-Длужэўскі не меў мажлівасці прачытацьЛямант…” і аналізаваў паэму на падставе цытат з артыкула АКраўсхара.

Апублікаваў паэму СЛаўрэнція паводле экземпляра з Гданьскай бібліятэкі ПАН ў 1972 г. ЗНовак[7]. Гэты даследчык пагадзіўся з высокай ацэнкай паэмы, дадзенай ЮНовак-Длужэўскім, але на першае месца вылучыў не эстэтычныя, а палітычныя функцыі твора: “Гэты твор, выкарыстоўваючы важнае і аўтэнтычнае здарэнне, быў спробай стрымаць уплывы антыкаралеўскай апазіцыі праз кампраметацыю яе метадаў дзейнасці і адначасова імкнуўся апраўдаць і абгрунтаваць аўтарытарныя, нязгодныя з законам дзеянні Баторыя[8].

Такім чынам, польскія вучоныя ад ВМацяёўскага да ЗНовака па рознаму ацэньвалі мастацкую вартасцьЛяманту…”, не мелі згоды ў вызначэнні дамінуючай функцыі твора, аднак ніхто з іх не выказваў сумневу ў яго фактаграфічнай дакладнасці.

У кантэксце паэтычных твораў, прысвечаных падзеям Лівонскай вайны, “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка…” разглядаўся намі ў манаграфііГероіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.”[9]. Была зроблена выснова пра адметнае месца паэмы С. Лаўрэнція ў шматмоўнай паэзіі Беларусі XVI ст.: “У той час, калі у паэзіі панавала эпічная традыцыя, аўтар “Ляманту...” звярнуўся да ліра-эпічнай формы выяўлення. У той час, кaлi паэты апявалі высакародных герояў, якія сваей дзяржаўнай i ваеннай дзейнасцю праслaвiлі Айчыну, С. Лаўрэнці паказаў у caмiм творы “антыгероя”, “вырадка”, які Айчыне здрадзіў”[10].

Даследаванне паэмы С. Лаўрэнція ў кантэксце польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу дае магчымасць выявіць шэраг жанравых уласцівасцяў твора і больш дакладна вызначыць фенатып “Ляманту…”, асаблівасці яго індывідуальнай паэтыкі.

Як і “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”[11] Ц. Базыліка, “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка…” адносіцца да фунеральнай паэзіі. Сама назва твора сведчыць пра прыналежнасць паэмы С. Лаўрэнція да жанру літаратурных плачаў (плачы, ляманты, трэны), вядомага са старажытных часоў і надзвычай папулярнага ў паэзіі XVI–XVIІ стст. Тыпалагічна да плачаў блізкае і “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, а ўзорным творам гэтага жанру ў беларускай літаратуры з’яўляецца ананімны “Лямант на смерць Лявона Карповіча” (Вільня, 1620)[12].

Безумоўна, героі трох вышэйзгаданых паэм – набожная кальвіністка Альжбета Радзівіл, махляр і здраднік Рыгор Осцік, праваслаўны архімандрыт Лявон Карповіч – вельмі адрозніваюцца паміж сабой, акрамя таго “Лямант на смерць Лявона Карповіча” адносіцца да іншай эпохі і напісаны барочным стылем. Але параўнальны аналіз гэтых трох твораў дазваляе выявіць у іх шэраг генатыпавых элементаў: 1) псіхалагічны партрэт героя; 2) звароты героя да Бога, неба, зямлі і блізкіх асобаў; 3) аўтарскія рэфлексіі і ацэнкі; 4) літаратурныя сентэнцыі і афарызмы; 5) рытарычныя пытанні і паўторы; 6) экспрэсіўна-эмацыянальная форма выяўлення. Усе вылучаныя элементы характэрныя для жанру паэтычных плачаў.

Шмат увагі паэтычным плачам прысвяціў у сваім даследаванні старажытнай паэзіі Беларусі XVI – першай паловы XVIІ ст. І. Саверчанка[13]. Абапіраючыся на працы П. Шэйна, В. Адрыянавай-Ператц, К. Чыстова, К. Кабашнікава і на ўласныя вынікі аналізу “Ляманту на смерць Лявона Карповіча”, беларускі даследчык зрабіў шэраг важных высноў пра генетычную сувязь літаратурных плачаў з народнымі галашэннямі, пра падабенства вобразных сістэмаў паэтычных плачаў і празаічных казанняў “на смерць”, пра пераважна барочны характар паэтыкі літаратурных плачаў XVI–XVIІ стст.

Згадваецца ў кнізе І. Саверчанкі і “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка…” як унікальны ў літаратурных адносінах твор, выдадзены для беларускага чытача ў 1580 г. у Вільні[14]. Унікальнасць “Ляманту няшчаснага Рыгора Осціка…” у кантэксце пералічаных І. Саверчанкам беларускіх і украінскіх плачаў заключаецца ўжо ў тым, што гэта адзіны літаратурны плач XVI ст. (фактычна, у працы беларускага вучонага разглядаюцца толькі плачы XVIІ ст., адсюль заканамерная выснова пра барочны характар іх паэтыкі).

“Лямант няшчаснага Рыгора Осціка…” – адзін з першых у шматмоўнай літаратуры Беларусі паэтычных плачаў і першы вядомы нам твор, у назве якога ёсць слова “лямант”. Менавіта ў 70–80-я гг. XVI ст. жанр плачу пачынае набываць папулярнасць і ў польскай літаратуры, заняўшы пачэснае месца побач з такімі фунеральнымі жанрамі як эпітафія і эпіцэдзіум. Славутыя “Treny” Я. Каханоўскага выдадзены ў 1580 г. – у тым самым годзе, што і “Ляманту няшчаснага Рыгора Осціка…”.

Такім чынам, паэма С. Лаўрэнція з’яўляецца адным з першых паэтычных плачаў у беларускай і ў польскай літаратурах, але плачам нетыповым, унікальным. Унікальнасць гэтая заўважная нават у параўнанні з “Апісаннем смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, а яшчэ больш выразная на фоне паэтычных плачаў XVIІ ст.: “Лямант на смерць Лявона Карповіча”, “Echo żalu… po nieopłakaney śmierci Jozefa Bobrykowicza”, “Głosy synow żałosne prze pogrzebie… Anny Kopciowny Druckiey Horskiey”. Адметнасць “Ляманту няшчаснага Рыгора Осціка…” звязана: па-першае, з асобай героя – злачынцы і зрадніка; па-другое, з формай выкладу матэрыялу – ад імя героя; па-трэцяе, з вострым палітычным падтэкстам твора.

Тры вышэйадзначаныя асаблівасці “Ляманту няшчаснага Рыгора Осціка…”, якія вылучалі  паэму С. Лаўрэнція сярод іншых паэтычных плачаў XVI–XVIІ стст., былі, як гэта ні парадаксальна, цесна звязаны са спецыфікай жанру.

Безумоўна, героямі большасці паэтычных плачаў – і фунеральнай паэзіі ўвогуле – былі вартыя павагі асобы, смерць якіх выклікала смутак і жалобу, а жыццё магло служыць узорам для пераймання: рэлігійныя дзеячы, дзяржаўныя мужы і палкаводцы, цнатлівыя нявесты і высакародныя маці.

“Той факт, што ў літаратурных плачах XVI – першай паловы XVIІ ст. першараднае значэнне надавалася менавіта ідэальным героям, абумоўлены не столькі імкненнем паэтаў стварыць традыцыйныя вобразы, колькі жаданнем даць сучаснікам жывы ўзор паводзінаў”[15].

Адна з галоўных функцыяў фунеральных твораў была паранетычная: напісаныя з нагоды смерці, яны змяшчалі элементы жыція і давалі чытачам узор для наследавання. Але паранетычнай мэты можна было дасягнуць і адваротным шляхам: даць чытачу для перасцярогі антыжыціе, антыўзор паводзінаў, паказаць вытокі маральнай катастрофы героя, яго грэшнае жыццё, ганебны фінал і шчырае пакаянне перад смерцю.

А. Краўсхар сцвярджаў, што творы накшталт “Ляманту няшчаснага Рыгора Осціка…” былі вельмі папулярныя ў тагачаснай літаратуры: “Было гэта ў XVI ст. амаль літаратурнай модай паказваць знакамітых злачынцаў ужо пасля раскрыцця справы, у постаці пакаяўшыхся перад аблічччам справядлівасці грэшнікаў”[16]. Праўда, нам не вядомыя ў гісторыі беларускай і польскай літаратур творы, якія маглі б паслужыць узорам для наследавання С. Лаўрэнцію. “Песня Самуэля Збароўскага”, якую згадвае ў сваім артыкуле А. Краўсхар[17], была створана праз пяць гадоў пасля напісання “Ляманту няшчаснага Рыгора Осціка…” і, магчыма, узнікла пад уплывам паэмы С. Лаўрэнція. Можна адно гаварыць, што традыцыя напісання падобных твораў існавала ў шматмоўнай літаратуры Беларусі ажно да XVIІІ ст.: Ігнат Ходзька ў кнізе “Успаміны квестара” згадвае “Песню Валадковіча”, напісаную ад імя хаўрусніка Караля Радзівіла “Пане Каханку” – прайдзісвета і гулякі Міхала Валадковіча, пакаранага смерцю за знявагу святога распяцця[18].

Рыгор Осцік ідэальна надаваўся на “антыгероя” паранетычнага твора: названы Ю. Новак-Длужэўскім за арыстакратычнае паходжанне і антыдзяржаўную дзейнасць “польскім Катылінам”[19], ён больш заслугоўвае наймення “ліцвінскага Калігулы” за свой буйны тэмперамент і пагарду да маралі. Здрада Айчыне сталася ўсяго толькі фіналам аблуднага жыццёвага шляху гэтага распусніка, п’яніцы, фальшываманетчыка, аферыста, забойцы, адзінага прадстаўніка старадаўняга беларускага роду (ад Осцікаў паходзілі Радзівілы!), які не займаў ніякай дзяржаўнай пасады, бо быў чалавекам абсалютна асацыяльным.

Аўтар “Ляманту…” падрабязна прасочвае жыццёвы шлях свайго героя і прымушае прызнавацца ў шматлікіх грахах: зрадзе жонцы і занядбанні бацькоўскіх абавязкаў, наездах на суседзяў і вымаганні грошай ад сваякоў, падробцы грошай і дакументаў, забойстве саўдзельнікаў і кантактах з ворагам. Вось як выглядаў, напрыклад, наезд ватагі Осціка на Шавялянцы:

Płaczą dziś narzekając, ojcow biedne dziatki,

Płaczą mężow stradałych uczciwe mężatki.

Ktorych męże pobite, drugich powieszane,

Na własnych wrociech domow ich poczwiertowane.

A same biedne żony za me masztalerze

Powydawałem za mąż, mężow ich morderze. <…>

Mężobojstwo, fałsz, zdrada, wszytkie złe przymioty

Panowały, a we mnie nie było nic cnoty. [S. 105]

Асоба арыстакрата-авантурыста Рыгора Осціка ў значнай ступені зяўляецца спараджэннем эпохі Рэнесансу, як і асоба яго знакамітага папярэдніка – князя Міхаіла Глінскага (праўда, князь Глінскі быў не толькі авантурыстам, але і выдатным палкаводцам).

Адраджэнне праславілася сваімі бытавымі тыпамі каварства і нікчэмнасці, забойства з-за вугла, неверагоднай помслівасці і жорсткасці, авантурызму і ўсялякага разгулу страсцей. Тут ужо не было ніякай неаплатонскай эстэтыкі. Аднак тут, несумненна выявіўся стыхійны індывідуалізм эпохі, гэтая ўжо аголеная ад усялякіх тэорыяў чалавечая асоба, у аснове сваёй амаральная, але дайшоўшая ў сваім бясконцым самасцвярджэнні і ў сваёй нічым не стрыманай стыхійнасці любых страсцей, любых афектаў і любых капрызаў да нейкага самалюбавання і да нейкай дзікай і звярынай эстэтыкі[20].

Крызіс неабмежаванай ніякімі нормамі і аўтарытэтамі чалавечай асобы ў эпоху яе найвялікшага росквіту А.ФЛосеў назваўадваротным бокам агульнапрызнанага адраджэнскага тытанізму[21]. Польскамоўная паэзія Беларусі эпохі Рэнесансу адлюстравала гэтую негатыўную зяву ў вобразе Рыгора Осціка з паэмы СЛаўрэнція, паказаўшы да чаго прыводзіць неабмежаваная свабода і ўседазволенасць, пагарда да грамадскіх абавязкаў і занядбанне традыцыяў продкаў.

АўтарЛяманту…” акцэнтуе ўвагу на праблеме сваволі, якая ўзнікае з-за адсутнасці ў чалавеку багабойнасці. Шмат духоўных і матэрыяльных каштоўнасцяў было дадзена Рыгору Осціку Богам пры нараджэнні:

Chcąc mię Bog tak jak przodki me i w takąż sławę

Wynieść w zacność i w godność, na uczciwą sprawę,

Dał mi z łaski swej rozum, bym sie nim sprawował

I sumienie, bym sie nim od złego hamował,

Majętności rodzica zeszłego nabawił

Do rąk mych, bym tu one uczciwie rozprawił.

Ktorej bym bogobojnie, przystojnie używał,

A za nią z dobrych spraw mych godności nabywał. [S. 103–104]

Аблуднае жыццё і ганебную смерць герой СЛаўрэнці вытлумачвае не боскім прадвызначэннем, не сляпой гульнёй Фартуны, а свядомым, хаця і згубным маральным выбарам Рыгора Осціка, які забыўся пра Бога і поўнасцю аддаўся ва ўладу ўласных жаданняў і прыхамацяў:

Niewdzięcznym tedy będąc łaski danej jego,

Wygardziłem tym to, com miał od niego danego.

Lekcem to ważył, Bogam gniewał krom przestania,

W swej woli sie kochając, nic napominania.

Bujałem sobie z młodu, nic na przyszłe lata

Namniejem nie rozważał, jakom miał zyść z świata.

Bom Boga w sercu nie miał, lecz jako sie chciało,

Żyłem tak jako mi sie podobało. [S. 104]

Маральная разбэшчанасць, геданістычны лад жыцця прыводзяць урэшце Рыгора Осціка да здрады Айчыне; такім чынам, праблема сваволі – гэта не толькі маральна-этычная, але і грамадска-палітычная праблема. У гэтым паэма СЛаўрэнція сугучна вершу АВалянаДа Палякаў і да Літвыі паэмеПратэй, або Пярэварацень”: АВалян у сваім вершы засцерагае ад сваволі і распусты, якія не адно каралеўства згубілі[22], а геройПратэя…” – дарэчы, тыпалагічна блізкі героюЛяманту…” – ад імя ўсёй шляхты з горыччу прызнаецца: “Na kształt dzikich żubrów bez miary bujamy”[23].

Адзначыўшы блізкасць ідэйных матываўЛяманту няшчаснага Рыгора Осціка…” і тагачаснай палітычнай паэзіі Беларусі, вернемся ў кантэкст паэзіі фунеральнай і разгледзім адметнасць формы выкладу матэрыялу ў паэме СЛаўрэнція.

Як і кожны фунеральны твор, паэтычны плач пісаўся, звычайна, ад імя блізкіх нябожчыка (“Галасы сыноў…”), ягоных вучняў (“Лямант на смерць Лявона Карповіча”) альбо проста ад імя аўтара (“Апісанне смерці…”). Акрамя таго, амаль заўсёды давалася слова самому нябожчыку, які выступаў з уяўнай прамовай да сваіх блізкіх, вучняў, нашчадкаў, Бога, Айчыны і гд. УАпісанні смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівілсярод аўтарскага тэксту змешчаны невялікія маналогі гераіні, уЛяманце на смерць Лявона Карповічапрамове героя адведзены адзін з трох раздзелаў паэмы (“Голос отца до сынов”). УЛяманце няшчаснага Рыгора Осціка…” традыцыйны для жанру прыём даведзены да абсалюту, дадатковая форма выкладу матэрыялу ператварыляся ў галоўную: асноўная частка паэмы (“Lament”) і заключная (“Piosnka”) напісаны ад імя героя і толькі ўступная (“Przedmowa autora tego lamentu ku każdemu marnotratnemu”) – ад імя аўтара.

Адзначым таксама, што ўЛяманце на смерць Лявона Карповічада вучняў звяртаецца нябожчык, а ўЛяманце няшчаснага Рыгора Осціка…” герой распавядае пра сваё жыццё напярэдадні пакарання. Прамова-запавет Лявона Карповіча – цалкам уяўная, літаратурна-містыфікацыйная, прамова-споведзь Рыгора Осціка гіпатэтычна магла мець месца у жыцці, яна ўпісана ў рэальную сітуацыю.

УНататках пра Маскоўскую вайнукаралеўскага сакратара Рэйнхальда Гейдэнштэйна змешчана надзвычай цікавая інфармацыя пра суд над Рыгорам Осцікам, на якую не звярнулі ўвагу польскія даследчыкі: “Kazano mu więc odpowiadać, a ten dobywa skrypt poprzednio w tym celu przez siebie napisany, prosząc o przeczytanie wobec sądu. Przyznawał się w tem piśmie, że się z nieprzyjacielem porozumiewał, ze mu obiecywał nawet przy sposobności króla zabić; zasłaniał się jednak wybiegiem, że przyczyniony długami miał tylko to na celu, ażeby w ten sposób od nieprzyjaciela wyłudzić nieco pieniędzy; wkońcu pokornie błagał o łaskę”[24].

Аказваецца, сапраўды існаваў нейкі тэкст (“skrypt”, “pismo”), напісаны Рыгорам Осцікам у сваё апраўданне і публічна прачытаны на судзе!

Ёсць усе падставы меркаваць, што гэты пісьмовы тэкст і прамова Осціка аказалі ўплыў на зяўленнеЛяманту…” і на ягоны змест. Па-першае, сам факт напісання здраднікам пакаяльна-тлумачальнага ліста мог нарадзіць у СЛаўрэнція ідэю стварэння ўяўнага плачу Рыгора Осціка. Па-другое, нататкі Осціка маглі паслужыць аўтару паэмы крыніцай каштоўнай інфармацыі пра жыццё героя, пра дакладныя абставіны і сапраўдныя прычыны ягонай здрады. Адзначым, што геройЛяманту…” называе тыя самыя прычыны здрады, што і Рыгор Осцік на судзе – прычыны выключна матэрыяльныя, а не ідэйна-палітычныя:

Dla bezecnych pieniędzy udałem siе k złemu,

Na zdradę Księstwa tego, k Kniaziu Moskiewskiemu. [S. 107]

Па-трэцяе, аргументы Осціка маглі выклікаць пярэчанні ў СЛаўрэнція і спарадзіць дыскусію, якая адлюстравалася на старонкахЛяманту…” Напрыклад, сам Осцік, ягоны адвакат і некаторыя з паноў-рады пратэставалі супраць паспешлівага, ваенна-палявога, а не соймавага суда, учыненага Стэфанам Баторыем: “Oświadczył obrońca, że nie powinien odpowiadać na mocy pospolitego prawa, które nie pozwala szlachcica pierwiej badać, dopóki prawnie pozwany przed sąd nie zostanie. Różne się dały słyszeć zdania; jedni z senatorów radzili, żeby tym precedensem swobód ślacheckich nie ścieśniać; u większości jednak przeważył wzgląd na czas wojenny…”[25] А СЛаўрэнці ў паэме прымушае свайго героя прызнаць каралеўскі суд справядлівым:

Nie narzekam, o Krolu Panie moj, na ciebie,

Ni na twą mądrą radę, co masz wedle siebie.

Nie narzekam, o Krolu, na twoj sąd skwapliwy,

Bowiemeś go uczynił dosyć sprawiedliwy. [S. 114]

Лямант…” адрозніваецца ад выступлення Рыгора Осціка на судзе, як прамова пракурора адрозніваецца ад прамовы адваката, прычым строгім пракурорам аўтар паэмы ўчыніў самога злачынцу, які пакаяўся і сумленна прызнаўся ва ўсіх грахах. Такі прыём трэба прызнаць удалым як з  літаратурнага, так і з палітычна-прапагандысцкага пункту гледжання.

Лямант няшчаснага Рыгора Осціка…” ствараўся па гарачых слядах здарэння – летам 1580 г., напярэдадні выправы Стэфана Баторыя на Вялікія Лукі. Строгі суд над здраднікам павінен быў спрыяць умацаванню дысцыпліны ў войску і духоўнай мабілізацавацыі ўсяго грамадства на барацьбу з ворагам. Апраўданыя са стратэгічнага пункту гледжання, неабходныя для пераможнага завяршэння Лівонскай вайны, паходы Баторыя не цешыліся падтрымкай беларуска-літоўскай шляхты, якая стамілася ўжо ад выканання жаўнерскіх абавязкаў і не жадала ваяваць па-за межамі Рэчы Паспалітай.

Як прызнаваўся ў мемуарах Фёдар Еўлашоўскі: “А потом аж до уприкреня были ми частые язды на тые войны, а яко юж тераз упатруе, мало потребные, бовем же и Речи Посполитой пожитку не веле тэ войны приносили. А мне паметнэ зостали для утерпеня велких пригод, трудности, шкод и невыповеданых невчасов”[26].

Як сведчыць змест “Ляманту…”, С. Лаўрэнці быў прыхільнікам моцнай каралеўскай улады ў краіне і выступаў за правядзенне актыўных ваенных дзеянняў супраць Масковіі. Звяртаючыся да свайго сына Яна, якога калісьці маленькім бессардэчна пакінуў, Рыгор Осцік заклікае яго крывёй ворага змыць бацькаву ганьбу са слаўнага роду Осцікаў:

Popraw sławy przodkow twych i stryja zmarłego,

Uczciwemi postępki żywota twojego.

Już ci idzie opłatną, uderzże już śmiele,

W terazniejszej potrzebie w ty nieprzyjaciele.

Dla ktorych ja dziś ginę od nich zawiedziony,

Posułami pana ich będąc omamiony. [S. 115–116]

Агітацыйна-патрыятычны фіналЛяманту…” робіць палітычны падтэкст твора асабліва выразным, чытэльным, набліжае маральна-дыдактычную паэму СЛаўрэнція да палітычнай паэзіі непасрэдных заклікаў і адрасаваных зваротаў. Яшчэ больш рашуча і ў той жа час больш канкрэтна гучыць патрыятычны заклік Рыгора Осціка да Літвы, да ўсёй беларуска-літоўскай шляхты:

Jużeś sie tedy ocuć, zbroje zardziewiałe

Włoż na się, a przy niem miej serce swe spaniałe.

Ustąpi-ć nieprzyjaciel za Białe Jeziora,

Widzi, iż mu nie wygrać, nie postawi czoła. [S. 116]

Відаць, менавіта фіналЛяманту…” падштурхнуў ЗНовака да высновы, штопалітычна-прапагандысцкія функцыі як элемент дамінуючы і першапланавы абумовілі кампазіцыю і паэтыку твора[27]. З гэтага пункту гледжання ўся папярэдняя, маральна-дыдактычная частка паэмы – з апісаннем аблуднага жыццёвага шляху і выяўленнем шчырага пакаяння героя перад смерцю, з рэлігійна-метафізічнымі разважаннямі і экзістэнцыянальнымі рэфлексіямі – выглядае толькі прэамбулай, падставай для ўслаўлення Стэфана Баторыя і мабілізацыйнымі заклікамі да шляхты на вайну з Масковіяй у фінале твора.

На нашу думку, такі пункт гледжання нельга прызнаць слушным: ён збядняе і схематызуе змест паэмы СЛаўрэнція, не ўлічвае арыгінальную мастацкую прыроды твора.

Патрыятычныя заклікі да сучаснікаў і нашчадкаў узняцца на барацьбу з ворагам мы сустракаем і ў іншых фунеральных творах: уНадпісу на магіле зацнага шляхціца Паўла СецыгнёўскагаЦБазыліка, уНадпісу на магілеРыгора ХадкевічаМСтрыйкоўскага.

Прапагандысцкую функцыю побач з асноўнай паранетычнай выконвалі ў той ці іншай ступені многія паэтычныя плачы XVI – XVII стст.: “Станаўленне плачаў як асобнага жанру суправаджалася ўзрастаннем іх ролі ў ідэйна-палітычнай барацьбе[28]. “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівілне толькі вучыла праведнаму жыццю і добрай смерці, але і спрыяла пашырэнню кальвінізму, “Лямант на смерць Лявона Карповічауслаўляў не проста добрасумленнага хрысціяніна, а актыўнага змагара супраць уніі.

У адрозненне ад большасці паэтычных плачаўЛямант няшчаснага Рыгора Осціка…” мае не прыхаваны рэлігійна-палемічны, а выразны грамадска-палітычны падтэкст, вельмі важны для агульнага ідэйна-мастацкага гучання твора. У той жа час паэма СЛаўрэнція не страчвае сваю фунеральную прыроду: напісаная з нагоды смерці канкрэтнага чалавека, яна выконвае ў першую чаргу паранетычную функцыю і ўзнімае, у асноўным, рэлігійна-маральныя праблемы. У гэтым адрозненнеЛяманту няшчаснага Рыгора Осціка…” ад тых паэтычных і празаічных твораў, дзе ў форме плачу выяўлены пачуцці непакою за лёс Айчыны (“Lаment Matki Korony Polskiej…” ЯМянчыньскага, “Tren Rzeczypospolitej z nieszczęsne wojny domowe…” КМяскоўскага) або царквы (“… Lаment iedney ś. Powszechney Apostolskiey Wschodniey Cerkwie” МСматрыцкага). У падобных творах, што бяруць свой пачатак ад біблейскагаПлачу Іярэміі”, старадаўняя форма плачу выкарыстоўваецца для выказвання палітычных альбо рэлігійна-канфесійных ідэяў, гэтыя творы ўжо не зяўляюцца фунеральнымі.

Унікальнасць паэмы СЛаўрэнціяЛямант няшчаснага Рыгора Осціка…” ў кантэксце польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу заключаецца ў гарманічным спалучэнні фунеральных матываў і актуальнай грамадскай праблематыкі, рэлігійна-паранетычнай і агітацыйна-палітычнай функцыяў, лірычнай і эпічнай формаў выкладу матэрыялу.

 



[1] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Wyd. M. Malinowski. Warszawa, 1846. T. 2. S. 431–432.

[2] Maciejowski W. Piśmiennictwo polskie od czasów najdawniejszych aż do roku 1830. Warszawa, 1852. T. 3. S. 28.

[3] Kraushar A. Lament Hrehorego Ościka 1580 // Roczniki Towarzystwa Przyjaciól Nauk Poznańskiego. 1891. T. 18. Zesz. 2. S. 387–395.

[4] Ibidem. S. 390.

[5] Łowmiańska M. Hrehory Ościk i jego zdrada w roku 1580 // Alma Mater Vilensis Biblioteka. 1933. Zesz. 3. S. 37.

[6] Nowak-Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce. Pierwsi królowie elekcyjni. Warszawa, 1969. S. 130.

[7] Laurenci S. Lament nieszczęsnego Hrehora Ościka // Archiwum Literackie. Wrocław i inn., 1972. T. XVI. S. 97–117. Далей “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка...” цытуецца па гэтым выданні, у дужках пазначаецца старонка.

[8] Nowak Z. Zdrada Hrehora Ościka i jej literacki obraz z 1580 roku // Archiwum literackie. T. XVI. S. 92.

[9] Кавалёў С. В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мн., 1993. С. 72–85.

[10] Тамсама. С. 84.

[11] Krotkie wypisanie sprawy przy śmierci i pogrzebie Oświeconej Księżny Paniej Halżbiety z Szydłowca Radziwiłłowej… // Zeitschrift für Slavische Philologie. 1956. Bd. 25. H. 1. S. 127–145.

[12] Лямент у света убогих на жалосное преставленіе святоблівого… отца Леонтіа Карповича // Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі. XVI – першая палова XVII ст. Мн., 1992. С. 150–164.

[13] Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі. XVI – першая палова XVII ст. С. 7692.

[14] Тамсама. С. 77.

[15] Саверчанка І. В. Старажытная паэзія Беларусі. XVI – першая палова XVII ст. С. 84.

[16] Kraushar A. Lament Hrehorego Ościka 1580. S. 389.

[17] Ibidem. S. 390.

[18] Ходзька І. Успаміны квестара // ХІХ стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. Кн. другая /Уклад. М. Хаўстовіч. Мн., 2000. С. 76–77.

[19] Nowak-Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce. Pierwsi królowie elekcyjni. S. 129.

[20] Лосев А. Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978. С. 120.

[21] Тамсама. С. 121.

[22] Rozmowa Polaka z Litwinem. Wyd. J. Korzeniowski. Kraków, 1890. S. 54.

[23] Proteus abo Odmieniec. Wyd. W.Wisłocki. Kraków, 1890. S. 12.

[24] Geidenstein R. Pamiętniki wojny Moskiewskiej. Lwów, 1894. S. 103.

[25] Ibidem. S. 103.

[26] Еўлашоўскі Ф. Успаміны // Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі ХVІІ ст. /Уклад. А. Ф. Коршунаў. Мн., 1983. С. 32.

[27] Nowak Z. Zdrada Hrehora Ościka i jej literacki obraz z 1580 roku. S. 92.

[28] Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі. XVI – першая палова XVII ст. С. 78.

Hosted by uCoz

Да зместу