Да зместу

Таццяна Казакова

ЭЎФАНІЯ “СЛОВА НА УЗНЯСЕННЕ ІСУСА ХРЫСТА” ГРЫГОРЫЯ ЦАМБЛАКА

На працягу двух стагоддзяў даследчыкі славянскага сярэднявечча імкнуліся спасцігнуць “вечную прыгажосць паэтычнага слова”[1] і ўзвышана-царкоўныя вобразы ў пропаведзях мітрапаліта Вялікага Княства Літоўскага Грыгорыя Цамблака, у XV–XVIII ст. яго “Словы” на царкоўныя святы перапісвалі ў манастырах беларускія, рускія, украінскія, сербскія, румынскія і малдаўскія кніжнікі, мітрапаліт Макарый уключыў іх у свае Вялікія Чэцці Мінеі. І гэта нягледзячы на тое, што мітрапаліт Фоцій аддаў яго імя праклёну за тое, што Г. Цамблак заняў кафедру мітрапаліта “Кіева і ўсей Літоўскай дзяржавы”, садзейнічаў Вітаўту ў яго барацьбе з маскоўскім князем Васілём. Першыя даследчыкі творчасці Г. Цамблака адзначалі, што яго пропаведзі створаны ў рэчышчы традыцый знакамітых прапаведнікаў IV–VI cт., “ён любіў тлумачэнні пераважна ў алегарычным, таямнічым сэнсе”[2]. “Словы” на царкоўныя святы Грыгорыя Цамблака напісаны ў экспрэсіўна-эмацыянальным стылі, “усе прыёмы якога разлічаны на стварэнне ў тэксце звышсэнсу”[3]. Прапаведнік сінтэзаваў свае думкі і пачуцці з асновамі Святога Пісання, ісіхасцкае ўяўленне адносна таго, што “слова” можа “ўвасабляцца”, валодае жыватворнай сілай, спрыяла таму, што ён пісаў “не хытре некако и гроубе, а по лепоте”. У гэтай сувязі Я. Амфітэатраў слушна заўважаў: “Таленавітае выкарыстанне вобразнай мовы надае думцы бачнасць, г. зн. думка прадстаўляецца такою акрэсленаю, што мы, слухаючы яе, не толькі чуем, але і амаль бачым – праз троп, бо троп, таленавіта выкарастаны, сваёй мастацкасцю можа замяніць працяглыя апісанні, сказаць пачуццю больш, чым шматслоўныя тлумачэнні”[4].

Сярод пропаведзяў Г. Цамблака, якія ён напісаў у Вялікім Княстве Літоўскім, глыбінёй багаслоўскай думкі і прыгажосцю стылю асабліва вылучаецца “Слова на Узнясенне Ісуса Хрыста”, якое захавалася ў шматлікіх рукапісных зборніках[5]. Вясной, на саракавы дзень пасля Вялікадня, царква адзначае адно з двунадзесятых святаў – Узнясенне Ісуса Хрыста. У абгрунтаванні гэтай урачыстасці святары спасылаюцца на адпаведныя біблейскія сюжэты (ев. Марка, XVI–19; ев. Лукі XXIV, 42–53, Дзеянні апосталаў, I, 4–12). “Генетычна ўзыходзячая непасрэдна да старазапаветных прароцтваў, пропаведзяў Хрыста і апосталаў, – трапна сцвярджае Л.В. Ляўшун, – пропаведзь уяўляе сабой квінтэсэнцыю хрысціянскай славеснасці, яе архетып”[6]. Ва ўступе “Слова на Узнясенне Ісуса Хрыста” Г. Цамблак акцэнтуе ўвагу на сусветным значэнні гэтай падзеі: “Настоящий праздник исполнение есть смотрения, еше о роде человеческом соверши единородный сын божий, не рабски посланый, но божески отеческую волю совершивый, не приведением явлься мирови, но истиною. В нашу немощь оболокся и овлачився,  сообразен быв телу смирения нашего”[7].

Пры гэтым асаблівую ўвагу ён звяртае на выратавальную функцыю Слова: “Бывает слово плоть и одебелевает, яко да бессловесное собою исцелит, умна же человека и одушевлена приемлет, яко да поврежденный ум уврачует, и прельщеную душу обратить и во всем всего цела и совершена собою обновит человека” (304). Ярка, маляўніча, “в лепоту” паказвае Г. Цамблак узнясенне Ісуса Хрыста. Шматлікія рытарычныя сентэнцыі яшчэ больш узмацняюць эмацыянальную напружанасць: “Да заградятся еретикам нечестивые уста, платоносцев! Бо восходит Бог!.. Что стоите зряще на небо?! Яко же бы глаголали? Почто скорбите по отцу идущу, яко оставляем” (304 зв.).

Логікай выкладання вызначаецца і мастацкая структура прамовы новазапаветнага апостала Паўла: “И не токмо крестом и гвоздиями, и ножиным прободением в ребра, юже о себе истину оверившаго, но и смертию, и гробом, и воскресением, и осязанием от ученика. И концом ныне божественым своим всех известившаго вознесением…” (304).

Арганічна ўваходзяць у пропаведзь і прамова Іллі, Ісіі і Давыда. У Г. Цамблака цытаты з біблейскіх кніг з’яўляюцца важным стылёвым фактарам, выконваюць ролю “стылістычнага ключа”. Каб паказаць значнасць свята, Г. Цамблак выкарыстоўвае вядомыя ў гамілетыцы прыёмы – анафару і эпіфару:

…достояше бо престаревшемуся от новага обстановитися,

и недужному от врача исьцелитися,

и падшему от крепкого восставитися, и умершему от живого воскреситися,

и осужденному под грехом, от безгрешного свободитеся,

и тленному от нетленного обезтленитися,

и земному от небесного вознесетися. (304 зв.).

Канструкцыю “тленный-нетленный” (Параўн.: “И славу нетленного Бога изменишися в образ, подобный тленному человеку, и птицам, и четвероногим, и пресмыкающимся”[8]) аўтар абнаўляе і пашырае, стварае паліптотан (“тленному от нетленного обестленитися”), які надае пропаведзі павышаную экспрэсіўнасць і маляўнічасць.

Выказванні біблейскіх герояў, псалмы выклікаюць шматлікія асацыяцыі і аналогіі. Напрыклад, псалом “Восшел Бог при восклицаниях, господь при звуке трубном” (Пс. 46, 6) у інтэрпрэтацыі Г. Цамблака абагульняецца і пашыраецца ў адносінах да свята:

Взыде Бог в воскликновении,

господь во главе трубне, и паче в лепоту,

достояше бо цареви с въскликновением

всход имети, воскликновение бо воспроведание и возношение народное есть, на царех бываемо и победителех (306 зв.).

Ключавое слова перыяду (“воскликновение”) ў інтэрпрэтацыі Г. Цамблака “аказваецца ва ўладзе кантэксту”[9], з’яўляецца сродкам вар’іравання сэнсавага комплексу: псаломнае прароцтва – зямное прызнанне Хрыста. Усяленскі характар гэтай падзеі паказаны шляхам нагнятання дзеясловаў: “Что убо восклицающе? – глаголааху,мыслены силы славляху, воспеваху, хваляху трисотую песнь, принашаху даронашение, дивляхуся толикому восхождению” (306 зв.). Пасля гэтага прыводзіцца дыялог анёлаў з нябеснымі вартаўнікамі, у аснову якога пакладзены вядомы евангельскі сюжэт (ев. Мацвея, 27, 27–30):

– Кто сей?

– И они начааху: яно крепкий есть и сильныи в брани, царь славе есть и господь силам: сей есть воистину поправый смертию смерть, соединивый растоящаяся.

– И почто ему, – рече, – червлены ризы?

– От восора приходит,  – глаголааху,  – плоть носить,  – рече, –.же за человеколюбие восприятъ (306 зв.–307).

Такая інтэрпрэтацыя Бібліі надае пропаведзі мастакоўскую экспрэсію, маляўнічасць, акцэнтуецца ўвага на пакутах Хрыста, якія ён прыняў дзеля людзей. На думку А. Вадкоўскага, драматызм з’яўляецца неабходным элементам пропаведзі, бо ён “заўжды, за нямногімі выключэннямі, быў у аснове евангельскіх чытанняў”[10].

Асацыятыўна-сэнсавая сувязь (“червлены рызы – окровавлены и пронзены уды”) была ў той час даволі трывалай[11]. Лагічным працягам папярэдняй думкі з’яўляецца і прамова Хрыста: “Точило сие истоптаах моея крове, но посьреди винограда возлюбленаго, посреди июдея, вне града Иерусалимского. Его же ждах, да сотворить гроздие, сотвори же терние и сего ради, о червлены ризы!” (307)[12]. У дадзеным кантэксце традыцыйныя сімвалы ўзмацнялі драматызм і экспрэсію пропаведзі.

Урачыстая атмасфера свята ствараецца шляхам ампліфікацыі новазапаветных казанняў, выказванняў старазапаветных прарокаў (Давіда і Авакума), дапаўненняў і пашырэнняў біблейскіх сюжэтаў. Такім чынам Г. Цамблак вырашае галоўны прынцып “пляцення славес”: “знаходзіць агульнае, абсалютнае і вечнае ў канкрэтным і часовым”[13]. Пры гэтым прапаведнік імкнецца выказаць і асабістыя адносіны да падзей: “Чюдно бяше зримое. Человек на облацех носим, и воздух преходям, небесные круги достижа, и небеса под собою оставляя, и над серафимы со отцем на престоле седяи” (308 зв.).

Такім чынам, адметнай асаблівасцю “Слова на Узнясенне” Г. Цамблака з’яўляецца непаслядоўнасць развіцця сюжэта, думка часта вар’іруецца і паўтараецца шляхам перапляцення розных прыёмаў elocutio – фігур думкі (рытарычных пытанняў, зваротаў, воклічаў і інш.) і фігур слова (анафары, антытэзы і г. д.). Талент прапаведніка праяўляецца ў арыгінальнай трактоўцы кананічных сюжэтаў, яго пропаведзі “сагрэты цёплым пачуццём і пранікнуты моцнай думкай і адухоўленасцю”[14].

 



[1] Яцимирский А. И. Из истории славянской проповеди в Молдавии. CLXIII. 1906. С. XIIXIII.

[2] Макарий. О Григории Цамблаке, митрополите Киевском, как писателе // Известия Императорской Академии Наук. 1857. Т. VI. С. 101.

[3] Лихачев Д. С. “Преодоление слова” в стиле “плетения словес” и историко-литературное значение этого явления // Търновена книжовна школа. Т. 2. София. 1980. С. 9.

[4] Амфитеатров Я. Чтения о церковной словесности или гомилетика. Ч. 2. Киев, 1864. С. 179.

[5] БАН. Архангельскі збор № 24. Зборнік жыцій, казанняў, слоў і павучанняў. XVII ст., паўустаў. 10, 298 лл. 193 зв. – 200 зв.

БАН. Збор таварыства старавераў. № 37. Торжественник. XVII ст., паўустаў. 10, 284 лл., лл. 183–189.

Дз ПБ. Збор Салавецкага манастыра. № 161. Рукапіс, у якім тлумачэнне Апакаліпсіса Андрэя Кесарыйскага XVII ст., паўустаў. 10, 450 лл., лл. 244–253.

Дз ПБ. Збор Кірыла-Белазерскага манастыра. № 138. Зборнік XVI ст., паўустаў, 40, 549 лл., лл. 352–360.

Дз ПБ. Збор таварыства старавераў. № 2. Торжественник. XIX ст., паўустаў. 10, 275 лл., лл. 182зв.–188.

Дз ПБ. Збор А.А. Цітова, ф. 1323, № 120. Зборнік, паўустаў. 40, 48 лл., лл. 1–5зв.

Дз БЛ. Збор А.Н. Панова, ф. 236, № 160. Зборнік XVIII ст., паўустаў, 40, 533 лл., лл. 391–400.

Дз БЛ. Збор Тройца-Сергіевай Лаўры, ф. 304, № 146. Пяцідзесятніца, 10, паўустаў, 275 лл., лл. 228–237зв.

Дз ГМ. Румянцаўскі збор, № 437. 40, паўустаў XVIII ст., 739 лл., лл. 285–291зв.

НБ Беларусі. Аддзел старадрукаў і рэдкіх выданняў. № 214. Торжественник. XVIII ст., паўустаў. 10, 419 лл., лл. 304–309.

[6] Левшун Л.В. Очерки истории восточнославянской средневековой книжности. Эволюция творческих методов. Мн., 2000. С. 74.

[7] НБ Беларусі. Аддзел рукапісаў і старадрукаў. № 214. Торжественник. XVIII cт. С. 304. Далей цытаты з гэтага рукапісу даюцца ў тэксце ў дужках.

[8] Пасланне да рымлянаў святога апостала Паўла, 1, 23.

[9] Кожевникова Н. А. Из наблюдений над неоклассической (“орнаментальной”) прозой // Известия АН СССР, серия литературы и языка. 1976. № 1. С. 59.

[10] Вадковский А. Древнерусская проповедь и проповедники в период домонгольский // Православное обозрение. М., 1881. С. 86.

[11] Гл.: Адрианова-Перетц В.П. Очерки поэтического стиля Древней Руси. М.-Л., 1947. С. 69.

[12] Вінаград – царква хрысціянская, гроздіе – дабрачыннасці, церніі – пакуты.

[13] Лихачев Д.С. Некоторые задачи изучения второго южнославянского влияния в России // Исследования по древнерусской литературе. Л., 1986. С. 26.

[14] Макарий. О Григории Цамблаке, митрополите Киевском, как писателе // Известия Императорской Академии наук. 1857. Т. VI. С. 101.

Hosted by uCoz

Да зместу