Да зместу

Таццяна Казакова

ПАЭТЫКА ПАХВАЛЬНЫХ СЛОЎ гРЫГОРЫЯ ЦАМБЛАКА
І ЕПІФАНІЯ ПРАМУДРАГА

Літаратурная дзейнасць мітрапаліта Вялікага княства Літоўскага Грыгорыя Цамблака і манаха Тройца-Сергіева манастыра Епіфанія адбывалася ў канцы XIV – пач. XV ст., калі надзённай праблемай славянскага свету была барацьба з іншаземнымі захопнікамі – туркамі і мангола-татарамі, таму “развязванне грамадскіх калізій патрабавала не толькі адмаўлення ад асабістага дзеля агульнай справы, але і надзвычай плённага развіцця чалавечых здольнасцей”[1]. Мастацкі свет Грыгорыя Цамблака сфармаваўся ў асяроддзі Яўфімія Тырнаўскага, у манастырах Сербіі, Малдова-Валахіі, Афона, Вільні і Навагародка. Епіфаній першапачатковую адукацыю атрымаў у Растоўскім манастыры Грыгорыя Багаслова, пэўны час жыў на Афоне і ў Ерусаліме. Пісьменнікі арганічна ўспрынялі вучэнне ісіхастаў, у аснове якога была тэорыя пра ўнутраную, разумовую малітву як спосабе паглыбленай містычнай камунікацыі з Богам, стварылі выдатныя творы ў рэчышчы рытарычна-панегірычнага стылю (“пляценне славес”), які “патрабаваў асабістага, аўтарскага вынаходніцтва значна больш, чым папярэднія стылі літаратурнага выкладання”[2].

Грыгорый Цамблак у Вільні напісаў “Слова пахвальнае Яўфімію”, а Епіфаній у Маскве стварыў “Жыціе Сергія Раданежскага”, у якое ўключыў і пахвалу свайму духоўнаму настаўніку[3]. Тыпалагічнае супастаўленне твораў вялікіх пісьменнікаў сярэднявечча дазволіць рэльефна акрэсліць іх мастацкі свет, паказаць агульнае і адметнае ў жанры пахвальнага слова XV ст., бо, як слушна падкрэсліваў Дз.С. Ліхачоў, неабходна “адрозніваць з’явы ўзаемаўплыву славянскіх культур ад з’яў, якія выкліканы адзінствам іх паходжання і магчымай сінхроннасцю развіцця”[4]. У працах С.С. Аверынцава, Кр. Станчава, Ю.К. Бегунова падкрэсліваецца, што сярэднявечныя рытары добра ведалі топіку візантыйскай літаратуры, трактаты Цыцэрона, Георгія Хіравоска, Дзіянісія Арэапагіта і творча выкарыстоўвалі сродкі мастацкай выразнасці ў кананізаваных жанрах[5].

Грыгорый Цамблак і Епіфаній прысвяцілі пахвальныя словы гістарычным асобам, дзейнасць якіх мела вялікае значэнне ў славянскім свеце. Патрыярх Яўфімій у тырнаўскім манастыры Святой Тройцы стварыў сапраўднае культурнае асяроддзе, ажыццявіў рэформу пісьменнасці ў Балгарыі, заклікаў да адраджэння моўных прынцыпаў Кірылы і Мяфодзія, выступаў супраць турэцкіх агрэсараў, быў “пастырам по апостольским и отеческим правилам”. Сергій Раданежскі быў “тружеником и радетелем о Русской земле”, ён стварыў буйны рускі манастыр – Троіцкую лаўру, выступаў супраць асабістай уласнасці манахаў, яго палітычная дзейнасць спрыяла ўмацаванню цэнтралізатарскай палітыкі маскоўскіх князёў, ён блаславіў на бітву з Мамаем маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча.

У пахвальных словах Яўфімію Тырнаўскаму і Сергію Раданежскаму асноўным прыёмам для распрацоўкі тэмы з’яўляецца сінкрысіс. На фоне падзей біблейскай гісторыі, спалучаючы прыёмы абстрагавання і псіхалагічнай пранікнёнасці, пісьменнікі ўслаўляюць “унутраны” свет сваіх герояў, іх хрысціянскія дабрачыннасці і значнасць грамадска-палітычнай і асветніцкай дзейнасці для ўсяго славянскага свету.

У пачатку пахвальнага слова Грыгорый Цамблак згадвае Арона[6], цытуе псалмы[7], а потым дае трапную характарыстыку Яўфімію: “Не много ли паче Евфимия похвалам достоинь, таиникь недоуменых таинстьв и съпричастникь силы апостольскыя, великыя оно жрътвы священник и учитель истины он, в нюже желает аггели принимаи, юже убо чисто съблюде и непорочно пребысть, и последи сам себе бо не хранити царевы тайны пагубно, святитель, ради многообразных страданий священную принесе жрътву благооугодне господеви?”[8]

Епіфаній у пачатку пахвалы Сергію Раданежскаму разгортвае біблейскую цытату: “Тайну цареву добро есть хранити, а дела божиа проповедати преславно есть[9]; еже не хранити царевы тайны пагубно есть и блазнено, а еже млъчати дела божиа преславнаа – беду души наносити. Тем же и азь боюся млъчати дела божиа, въспоминаа муку раба оного, приимшаго господень талант, и в земли съкрывшаго, и прикупа имь не сътворивъша”[10]. Градацыя думкі пісьменніка назіраецца ў паступовым пераходзе ад Бібліі да ўласных пачуццяў. З пункту гледжання пісьменнікаў кожную з’яву можна зразумець праз Святое Пісанне, бо ў эпоху сярэднявечча аўтарытэты кіравалі духоўным жыццём[11].

Сцвярджаючы выключнасць патрыярха Яўфімія і ігумена Сергія, пісьменнікі ствараюць пляцёнку з рытарычных пытанняў, воклічаў і зваротаў.

 

Грыгорый Цамблак

 

Епіфаній

Дръзнем ли убо к похвалам? Дръзнем въсяко, усръдиу влекущу. Ниже бо безбедно нам млъчати такова отца нарекшиим ся чадом… (118)

И что сътворю? Дръзну ли недостойне к начинанию? Что убо, реку ли или запрещаю в себе? Окаю ли свое окааньство? Внимаю ли въсходящим на сердце мое блаженьствомь о преподобнемь? (406).

Каб падкрэсліць вялікасць герояў, Грыгорый Цамблак параўноўвае Яўфімія Тырнаўскага з апосталамі, а Епіфаній – Сергія Раданежскага са звычайным чалавекам.

Хрысціянскія дабрачыннасці ігумена Сергія падкрэсліваюцца шляхам ампліфікацыі тропаў – эпітэтаў, сінонімаў, параўнанняў: “старець чюдный, добродетелми всякыми украшен, тихый кроткый нрав имея, и смиреный, добронравный, приветливый и благоуветливый, утешительный, сладкогласный и благоподатливый, милостивый и добросердый, смиреномудрый и целомудреный, благоговейный и нищелюбивый, страннолюбный и миролюбный, и боголюбный; иже есть отцамь отець и учителям учитель, наказатель вождем, пастырем пастырь, игуменом наставник… грешником кающимся верный поручитель и вечнь притекающимь к нему, акы к источнику благотребну” (410). Выключнасць тырнаўскага патрыярха ствараецца рознымі стылістычнымі фігурамі: “Кто стоание въсенощное, яко не плътеноу естьству, но некоемоу каменну стлъпу имети ся? Кто пение всегдашнее, яко не седмь крат въ дьне хвалити господа, якоже въ псалме, но и то самое, еже дыхати, пение тому из глубины души възсилаемо? Кто низлегание, яко и еже въскланети ся поне на голеи земли отрекся?” (132).

Вобразы Сергія і Яўфімія набываюць абагулены, абстрагаваны характар. Майстэрства пісьменнікаў праяўляецца ў спалучэнні элементаў мастацкага абагульнення і канкрэтызацыі. Грыгорый Цамблак уключае ў пахвалу маляўнічае апісанне ваколіц Тырнава: “Место прилежить Трьнов’скому граду, рекою единою точию разделяемо, обьзорно купно и злака плъно и истекающими водами наполняемо обилно и прежде вькуса очи наслаждающу любочьстию водному превесы съчящею, всячьскых плодовь и цветовь различиемь плъно и горою надходимо чястою и пространною” (188). Мастацкае апісанне мясцовасці, дзе жыў Яўфімій, надавала вобразу зямныя рысы. Цамблак акцэнтаваў увагу на цеснай узаемасувязі чалавека з навакольным светам.

У адлюстраванні Сергія Раданежскага пераважае кананічнасць, абстрагаванасць, адчуваецца жаданне аўтара ўбачыць у сваім духоўным настаўніку “знакі вечнага, пазачасовага, духоўнага, боскага”[12].

Вызначальным момантам у характарыстыцы Яўфімія і Сергія з’яўляюцца адносіны да іх паствы. Дынамічна і эмацыянальна паказвае Грыгорый Цамблак духоўную блізкасць тырнаўскага патрыярха і жыхароў горада ў час нацыянальнай трагедыі: “О, кто без сльзь сие поменеть! Припадааху к ногамь, очесными сия омакая тучами, устны прилагающе и лица, руку целовающе, пастыре нарицааху и учителя, отца чадолюбива; и того разлучаниемь души разделеаху жены, овыя убо своа пред ним пометааху отрачата, овыя же и близь бывше, руце сподобляаху ся… другые же, угнетаеми от народа и не могуще приближити ся, веплем горкыих сльзь последнее издалече благословение призывааху и прощение прошааху, извещение в души имеюще, яко не к тому того в теле узрят” (219–220). Перажыванні Яўфімія паказаны ў рэчышчы “абстрактнага псіхалагізму”, яго грамадзянская пазіцыя яскрава праяўляецца ў асуджэнні злачынстваў турэцкага хана Баязета, ён выступае з прамовай, у якой гнеўна абвінавачвае “мучителей”, “варваров” і “усекателей”.

Духоўная блізкасць Сергія Раданежскага з “братией” праяўляецца ў час пахавання святога: “Во время же преставления его събрася множество народа от град и от стран многых, коиждо желание с многым тщанием приближитися и прикоснутися честнемъ телеси его или что взяти от риз его на благословение себе” (422). Безумоўна, адчуваецца рытуальнасць, стэрэатыпнасць апісанняў, пісьменнік падкрэслівае, што і пасля смерці Сергій Раданежскі – “источник благотребну” (410).

Таленавіта выкарыстоўваюць пісьменнікі і біблейскую сімволіку, бо кожны сімвал з’яўляецца штуршком для рытарычнага ўсхвалення:

 

Грыгорый Цамблак

 

Епіфаній

Тако праведникь, яко финикь процвете. Едино бо сие древо съвершену дебелеством връху от земля израстаеть и иже от длъготы прибываниа возрасту ниединь въ широту връмене прилог приемлет (126).

…Сьи убо преподобный отець наш провосиалъ в стране Рустей, и яко светило пресветлое възсиа посреди тмы и мрака, и яко цвет прекрасный среди тръниа и влъчець, и яко звезда незаходимаа, и яко луча, тайно сиающи блистающе, и яко крикъ, въ юдоли мирьскых… (418).

Грыгорый Цамблак пашырае біблейскі сімвал (фінік), а Епіфаній з традыцыйных сімвалаў (светило пресветлое – Ісус Хрыстос, цвет прекрасный – праведнік і інш.) стварае яркія параўнанні і рытмічна суадносіць іх у тэксце.

Біблейская сімволіка дазваляла пісьменнікам стварыць яркія вобразы, паказаць сувязь паміж з'явамі рэальнага жыцця і хрысціянскай гісторыяй. Грыгорый Цамблак шырока ўжывае і прыём кантрасту, аперыруе антытэтычнымі пабудовамі, у якіх прадстаўлены паняцці дабра і зла, дабрачыннасці і прагнасці.

Тыпалагічнае супастаўленне пахвальных слоў Грыгорыя Цамблака і Епіфанія паказала, што пісьменнікі, таленавіта валодаючы словам, з вялікім майстэрствам выкарыстоўваюць розныя прыёмы экспрэсіўна-эмацыянальнага стылю. Разам з тым, характэрнай асаблівасцю творчай манеры Грыгорыя Цамблака з’яўляецца сінтаксічная ўскладнёнасць сказа, паўторы і градацыі. "Пахвальнае слова Сергію" ўражвае яркімі метафарамі, эпітэтамі, гіпербаламі, параўнаннямі. Мастацкім вобразам Яўфімія Тырнаўскага і Сергія Раданежскага пры ўсёй іх непаўторнасці ўласціва агульная асаблівасць – хрысціянскі гуманізм, “іпастаснае адзінства чалавечай і боскай прыроды”.

Даследаванне паэтыкі пахвальных слоў вялікіх пісьменнікаў-ісіхастаў паказала, што ў беларускай і рускай літаратурах пачатку XV ст. манументальныя праблемы быцця арганічна спалучаюцца з раскрыццём “унутранага” свету асобы. Пісьменнікі, з вялікім майстэрствам выкарыстоўваючы тропы і фігуры, заснаваныя на біблейскай сімволіцы, паказалі духоўную актыўнасць Яўфімія Тырнаўскага і Сергія Раданежскага, бо іх асветніцкая, грамадзянская і творчая дзейнасць – працяг боскага тварэння свету.

 



[1] Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гістарычна-тэарэтычны нарыс развіцця беларускай паломніцкай літаратуры ХІІ–ХVІ стст. Мн., 1999. С. 12.

[2] Лихачёв Д.С.“Преодоление слова” в стиле “плетения словес” и историко-литературное значение этого явления // Търновска книжовна школа. Т. 2. София, 1980. С. 24.

[3] Грыгорый Цамблак. “Слова пахвальнае Яўфімію” напісаў прыкладна ў 1417 г., а Епіфаній пахвалу Сергію Раданежскаму – у 1418 г.

[4] Лихачёв Д.С. Некоторые задачи изучения второго южнославянского влияния в России // Исследования по древнерусской литературе. Л., 1986. С. 7.

[5] Гл.: Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1979; Бегунов Ю.К. Проблемы изучения торжественного красноречия южных и восточных славян IXXVI веков // Славянские литературы: VII Международный съезд славистов. М., 1973; Станчев Кр. Поетика на старобългарската литература. София, 1982.

[6] Арон – старшы брат Майсея, праславіўся сваім красамоўствам.

[7] Псалом 104: 26, 76: 21.

[8] Русев П., Гълъбов И., Давидов А., Данчев Т. Похвално слово за Евтимий от Григорий Цамблак. София, 1971. С. 114–116. Далей цытаты з гэтага выдання даюцца ў тэксце ў дужках.

[9] Псалом 65: 5; Першае пасланне да Карынфінянаў 15: 51.

[10] Памятники литературы Древней Руси. ХIV–середина XVвека. М., 1981. С. 406. Далей цытаты з гэтага выдання даюцца ў тэксце ў дужках.

[11] Гл.: Жак ле Гофф. Цивилизации средневекового Запада. М., 1992.

[12] Лихачёв Д.С. Поэтика древнерусской литературы. М., 1979. С. 102.

Hosted by uCoz

Да зместу