Да зместу

Мікола Хаўстовіч

РАМУАЛЬД ПАДБЯРЭСКІ Ў БЕЛАРУСКІМ ЛІТАРАТУРНЫМ РУХУ 40-х гг. XIX СТАГОДДЗЯ

Беларускі літаратурна-грамадскі рух 40-х гг. XIX ст. немагчыма ўявіць без Рамуальда Падбярэскага, літаратурнага крытыка, публіцыста, выдаўца. Вызнаючы сябе ліцвінам, ён імкнуўся пакінуць сваё імя ў аналах польскае літаратуры. Думка ўнесці хоць нейкі ўклад у яе развіццё праходзіць праз усё, поўнае супярэчнасцяў, ягонае творчае жыццё. Шчырая захопленасць беларускаю тэматыкаю, беларускамоўнымі творамі часам адсоўвалася на другі план, саступаючы месца агульным сацыяльна-грамадскім ды літаратурным пытанням. Здольнасці і спрыт, з якімі ён браўся за новую справу, часта прыносілі добры плён, але выклікалі зайздрасць, нянавісць і асуджэнне больш абазнаных людзей. А вось Суд Гісторыі больш памяркоўны да яго: зробленае Р. Падбярэскім спрычынілася дзеля развіцця беларускага нацыянальнага руху і нацыянальнае культуры беларускага народа.

Доўгі час год нараджэння Рамуальда Падбярэскага быў невядомы. I толькі ў 80-я гг. Г. Каханоўскі паводле матэрыялаў Дзяржархіва Архангельскае вобласці здолеў назваць правільную дату: ”Рамуальд Андрэевіч Друцкі-Падбярэскі нарадзіўся 7 лютага 1812 г. у сям‘і збяднелага беларускага шляхціца[1] ў Вільні. Род яго паходзіў з Троцкага павета Віленскае губерні. Вучыўся ён спачатку ў Ковенскай гімназіі, а ў 1830 г. скончыў Віленскую”[2]. У гэтым жа годзе Р. Падбярэскі запісваецца ў Віленскі універсітэт, ды вучыцца там доўга не давялося: пасля Лістападаўскага паўстання расійскія ўлады зачынілі гэтую ўстанову. Жыў у Вільні і, відаць, выпадковымі заробкамі імкнуўся задаволіць патрэбы сям‘і. (Пазней літаратурныя праціўнікі здзекаваліся з яго: “шыў боты і прадаваў сукно”). У 1835 г. Р. Падбярэскі пакідае Бацькаўшчыну і едзе ў Арол гувернёрам у сям‘ю палкоўніка Целешава[3], а ў наступным – запісваецца ў Маскоўскі універсітэт. На якім факультэце ён вучыцца, дакладна невядома: даследчыкі называлі і юрыдычны і філалагічны[4]. На нашу думку, знаёмствы з Восіпам Бадзянскім ды іншымі літаратарамі даводзяць, што бліжэй Р. Падбярэскаму была філалогія[5]. Пра гэта сведчыць і напісаны ў Маскве 8 красавіка 1838 г. артыкул “Зориян Доленго-Ходаковский”[6]. Відаць, стасункі з братамі Кірэеўскімі[7], якія асабіста ведалі З. Хадакоўскага, і “обстоятельства жизни, которые мне удалось узнать от одного из его родственников во время моей поездки прошедшего года в Слуцкий уезд Минской губернии, дополняя нить проишествий некоторыми известиями, почерпнутыми из его переписки, которую мне видеть случилось”[8], падштурхнулі Р. Падбярэскага да напісання гэтае працы. Невядома, куды ён прызначаў свой артыкул, але цікавым для нас з‘яўляецца факт, што, спецыяльна з‘ездзіўшы на радзіму З. Хадакоўскага, Р. Падбярэскі мае намер працягваць працу над біяграфіяй свайго земляка (“единоземца”):

“Не имея рукописей, я не мог изучить Ходаковского в его сочинениях; критический обзор статей его, помещенных в польских и русских журналах, я оставляю до позднейшего времени. Чтобы написать полную биографию писателя, надо исследовать его вполне, как автора и как человека. О важнейших трудах Ходаковского я знаю только понаслышке”[9].

Апрача навукі, Р. Падбярэскі меў ў Маскве працу: быў кіраўніком літоўскае гандлёвае суполкі. Магчыма, па справах гэтае суполкі ён тройчы наведаў Макар‘еўскія кірмашы ў Ніжнім Ноўгарадзе, пра што змясціў вялікі артыкул у трох нумарах “Tygodnika Petersburskiego”[10]. Але “Кароткая гісторыя Ніжняга Ноўгарада і нарыс Макар‘еўскага кірмашу” не была першаю друкаванаю працаю Р. Падбярэскага: яшчэ ў сакавіку т. г. ён змясціў у “Tygodniku” нататку “Караль Ліпінскі ў Маскве”, дзе выказаў сваё захапленне майстэрствам слыннага скрыпача[11].

У 1840 г. Р. Падбярэскі не надрукаваў, здаецца, аніводнага радка: вучоба, праца, іншыя заняткі цалкам займаюць ягоны час. Але хутка прага прызнання, прага літаратурнае дзейнасці перамагае. У маі 1841 г., не здолеўшы прабіцца праз шматлікія перашкоды ў Маскве, ён накіроўваецца ў Пецярбург, каб там заняцца выдавецкаю дзейнасцю[12]: хоча служыць краю і літаратуры. Ды цяжка пачынаць на голым месцы: у свае 29 гадоў Р. Падбярэскі не мае ніякіх заслугаў перад літаратураю, ягонае імя невядомае чытачу. Адзінае выйсце – заручыцца падтрымкаю лепшых літаратараў краю. Зручней за ўсё звярнуцца да Ю.І. Крашэўскага: колісь яны нават былі знаёмыя. I вось перад ад‘ездам у Пецярбург Р. Падбярэскі піша свой першы з даволі вялікае, цягам у восем гадоў перапіскі, ліст да славутага ўжо Ю.І. Крашэўскага:

“Масква, І84І, 3 мая. Шаноўны рэдактар![13] У імя грамадскае справы, якая павінна закранаць усе пачцівыя розумы, пішу да Пана. Не звяртаюся ні да даўніх успамінаў, калі яшчэ будучы Панскім калегаю па лаўцы Віленскага універсітэта пазнаёміўся з Панам праз пасрэдніцтва Ізідора Махвітца, ні да пазнейшае эпохі, калі спаткаўся з Панам у (неразб.) пад св. Міхалам, будучы ў той час ва ўбогай апранасе бакалара, – не звяртаюся да іх, бо ўсе тыя ўспаміны мусілі даўно сцерціся ў Панскай памяці пасля столькіх бітваў, лаўраў, атрыманых ім на полі нашае літаратуры. З гэтым усім адважваюся паказацца перад Панам, нясучы сваю ношу да алтару грамадзянскае справы, адважваючыся паказацца перад Панам, як перад абліччам прадстаўніка сённяшняе перыядычнае літаратуры ў Польшчы.

Хоць я і не названы ў агульным звароце да літаратараў, але, што мне час ад звычайных заняткаў дазволіў зрабіць, пасылаю ў Панскі часопіс з пэўнасцю, што гэтыя першыя працы земляка, так аддаленага ад грамадскае справы, паблажліва будуць прынятыя. На гэты раз даю тое, што знайшлося падрыхтаванае пад рукою. Калі, Пан, пажадаеш свой часопіс зрабіць больш самастойным, польскім, дык я б мог даслаць выняткі з маіх падарожжаў па Волзе і з трохразовага падарожжа на Макар‘еўскі кірмаш да Ніжняга Ноўгараду, якія яшчэ патрабуюць пэўнае сістэматызацыі.

Што да мае спробы пахазаць у польскай шаце Рускую Сказку, дык прасіў бы, каб Ты быў ласкавы ў асобным прыпісе растлумачыць сам сваім чытачам літаратурную і паэтычную важнасць гэтых твораў самароднае славянскае паэзіі, абы нашыя паважаныя чытачы не лічылі, што ў часопісе змешчана проста казка дзеля забавы іхніх дзяцей. Дык пакідаю на шаноўнага Пана паказ іхняга значэння з вышэйшага стану нацыянальнае паэзіі.

Калі мой намер атрымае станоўчы водгук людзей, што гэтую справу разумеюць, дык тады дам неадкладна Пану наступныя казкі, што ўжо маю прыгатаваныя і, больш за тое, поўныя звесткі як пра казкі ўвогуле, так і пра народныя песні, укладаннем якіх толькі і займаюся. Такім чынам праца мая можа прычыніцца да заключэння саюза ў польскім часопісе двух братніх літаратураў, а перадусім, да далучэння найістотнейшае часткі расійскае літаратуры да нашае. Калі Пану мой намер спадабаецца, дык маю надзею, што пры дапамозе двух маіх знаёмых літаратараў п. Пётры Кірэеўскага[14] і Сахарава, якія дасюль найбольш дзеля нацыянальнае літаратуры зрабілі, хоць не славутыя і шуму не робяць, запоўню сваёю працаю гэты раздзел Панскага часопіса.

Перакладзеную на польскую мову аповесць (неразб.) дасылаю ў скарачэнні (неразб.). Можаш, Пан, рабіць з ёю, што хочаш. Дыярыюш перапісаў такім правапісам, які быў у арыгінале[15]. Калі што не можа быць надрукавана ў Панскім часопісе, дык прасіў бы рукапісы захаваць, можа б, дзе так прыдаліся. Прашу прыняць словы глыбокае павагі і шанавання, з якімі і застаюся. Рамуальд Падбярэскі.

Р. S. Заўтра, г. зн., 4 мая выязджаю я ў Пецярбург, дык калі Пан пажадае ўзнагародзіць мяне сваім лістом, няхай мае ласку пісаць на адрас: Его Благородию Ромуальду Андреевичу Подберезскому в С. Петербурге. Оставить или у швейцара университета, или poste restonde[16]”.

Ю.І. Крашэўскага зацікавілі прапановы даўняга знаёмца, які добра валодаў пяром. Ён адразу ж змяшчае прысланую “Казку пра Васілісу, залатую касу, непакрытую красу, ды Івана-Гароха”[17], а таксама дасылае прыязны ліст, запрашаючы да супрацоўніцтва. Спадабаўся стыль Р. Падбярэскага і Ю. Працлаўскаму, рэдактару-выдаўцу “Tygodnika Petersburskiego”, – шэсць артыкулаў маладога аўтара з‘явілася на старонках газеты з ліпеня па лістапад 1841 г.[18] Дэманструючы сваю абазнанасць у разнастайных галінах чалавечае дзейнасці, Р. Падбярэскі разлічвае, што на яго публікацыі звернуць увагу чытачы і гэтым самым ён паспрыяе сваёй будучай выдавецкай працы. Планаў сваіх Р. Падбярэскі не хавае: у другім лісце да Ю.І. Крашэўскага, напачатку перапрасіўшы яго за доўгае маўчанне (адразу пасля пераезду ў Пецярбург надарылася яму марское падарожжа да Фінляндыі), ён шчыра піша пра свае літаратурныя мары:

“Перш-наперш, хацеў бы выдаць “Noworocznik Moskiewski”, не выдадзены ў Маскве з прычыны, што аніводнаму са студэнтаў універсітэта граф Строганаў не дазволіў нічога друкаваць; давяду мой намер да выніку ў Пецярбурзе, захоўваючы першасную назву, бо мэтаю ягонаю будзе паказ нашай публічнасці, што не забыліся роднае мовы тыя, хто выхоўваецца па-за межамі Айчыны. Перадусім, хацеў бы, каб мэта была такою. Аднак вынік не адпавядаў майму чаканню: мала аказалася твораў, ды й тыя, пасля больш дэталёвага разбору – дзіцячыя, вартыя мінулагодняе “Niezabudki”. Я хацеў заступіцца за маіх землякоў у Маскве, але гэтае малалецтва думкі 300 асобаў моладзі, што там чэрпае навукі, чым можна апраўдаць?”[19]

Нічога карыслівага ў планах Р. Падбярэскага няма. Уся ягоная дзейнасць скіравана дзеля дабрабыту роднага краю і літаратуры. У тым жа лісце да Ю.І. Крашэўскага гэтая думка дамінуе: “Хацелася б мне яшчэ і дамаў на пляц вывесці. Бо чаму ж гэта толькі варшавянкі з сваёй паняю Зяменцкаю нос задзіраюць перад ліцвінкамі?”[20] Нават апавядаючы пра жаданне напісаць “Гісторыю прыгожага мастацтва ў Еўропе”, ён бачыць як частку еўрапейскага мастацтва творчасць сваіх землякоў, студэнтаў Пецярбурскае Акадэміі. Такімі ж шляхетнымі памкненнямі напоўнена сэрца Р. Падбярэскага і тады, калі апантана працуе над гістарычнымі матэрыяламі ў Імператарскай бібліятэцы.

У гэтым жа 1841 г. паліцыя, якая ўжо даўно сачыла за братамі Падбярэскімі, прыцягнула іх да следства. Аднак толькі Людвік быў пакараны (высланы з Вільні ў Маскву). Апраўданага Рамуальда адпускаюць, устанавіўшы за ім сакрэтны нагляд[21].

Незвычайны спрыт і здольнасці выяўляе ён у першыя месяцы свайго побыту ў сталіцы імперыі: абапіраючыся на ранейшыя сувязі, знаёміцца з шмат якімі літаратарамі ды навукоўцамі, уваходзіць у зямляцкі гурток беларусаў, што гуртаваліся вакол “Niezabudki” Яна Баршчэўскага. У полі ягонага зроку таксама ўся польскамоўная інтэлігенцыя, асобныя расійскія выдаўцы і літаратары. Ён хоча стаць “пасрэднікам” між польскамоўнымі і расійскімі літаратарамі: дзеля гэтага перакладае расійскія народныя казкі. Варта звярнуць увагу, што польскай мове перакладу Р. Падбярэскі свядома надае правінцыяльны характар:

“Найгалоўнейшая прыкмета апавядання ў казцы – найвялікшая прастата. Я пастараюся перадаць яе моваю, якую ўжываюць на Літве людзі без літаратурнае адукацыі, дакладней, клас сярэдні, шляхецкі. У расійскай казцы няраз здаралася мне сустракаць выразы, якія найлепш перакладаюцца зваротамі мовы дробнае шляхты акалічнае альбо што служыць па дварах. Няраз прыходзіла мне ў думкі, што аканом, які мне ў дзяцінстве ў маёнтку маіх бацькоў “pałki z kobiałki” апавядаў, больш бы мне прыдаўся, чым слоўнік Ліндэ”[22].

Ю.І. Крашэўскі ахвотна друкуе казкі, бачачы ў гэтым спосаб, якім можна зрабіць больш разнастайным часопіс. У першым томе 1842 г. з‘яўляецца “Казка пра сем Сіміёнаў”, у другім – “Казка пра Івана Кручыну, купецкага сына”, у шостым – “Пра асілка Голю Баянскага” і “Казка пра нешчаслівага лоўчага”. Спрабуе Р. Падбярэскі расказаць і пра крыніцы расійскіх казак ды сістэматызаваць іх[23]. Дапамагае яму І. Сахараў, выдавец “Сказаний русского народа”[24]. Кожны раз Р. Падбярэскі просіць Ю.І. Крашэўскага, каб друкаваў дасланае яму як можна хутчэй, бо “як прыкра пачаткоўцу-літаратару дачэквацца ўласнага твора, а, паўтару, змяшчэнне іх у польскім часопісе і прыязнае прыняцце падахвоціць саміх расійскіх літаратараў дапамагаць мне ў перакладзе”[25].

Сам Р. Падбярэскі не займаўся гістарычнымі даследаваннямі, але не мог ён не выкарыстаць знаёмствы з захавальнікамі ды працаўнікамі Імператарскае бібліятэкі і Румянцаўскага музею Базылём Анастасевічам, Ігнатам Анацэвічам, а таксама Францішкам Малеўскім. Перадусім, шэраг гістарычных дакументаў ХІV–ХVІ ст. на старабеларускай мове, змешчаныя ў другім томе “Athenaeum” за 1842 г., пазначаны, што рыхтаваў да друку ён, але лісты да Ю.І. Крашэўскага сведчаць, што адшукалі іх іншыя людзі: публікатар быў толькі перапісчыкам. Аднак нельга сказаць, што Р. Падбярэскі выпадкова захапіўся гэтаю справаю: яшчэ 20 сакавіка 1839 г. (так пазначана ў рукапісе) у Маскве ён перапісаў “Вынятку з дыярыюша пра аблогу Смаленска”, надрукаваную толькі ў чацвёртым томе “Athenaeum” за 1842 г.[26]

Лісты Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага – гэта своеасаблівая справаздача “маладога”[27] літаратара. Па ягоных просьбах, заўвагах, прапановах можна прасачыць, як змянялася поле дзейнасці выдаўца. Мець уласны часопіс ці альманах, які прыносіў бы, апрача іншага, і сродкі на жыццё, ягоная найвялікшая мара. А першачарговая задача – наладжванне стасункаў як з літаратарамі, так і з выдаўцамі. Апошнія нават больш прыцягваюць ягоную ўвагу: Р. Падбярэскі кватаруе напачатку ў Семяненкі-Крамарэўскага, а пасля ў Красоўскага. Даведаўшыся, што Т. Глюксберг плаціць нізкія ганарары Ю.І. Крашэўскаму Р. Падбярэскі настойліва прапануе перанесці выданне “Athenaeum” з Вільні ў Пецярбург, дзе б “я сам клапатліва заняўся выданнем, а кошт быў бы п. Красоўскага”[28]. Відавочна, дасылаючы шмат сваіх допісаў у “Athenaeum”, Р. Падбярэскі хоча кантраляваць іх выхад, дый куды больш прэстыжна выдаваць творы ўжо славутых літаратараў, чым пачаткоўцаў. А каб яшчэ больш зацікавіць Ю.І. Крашэўскага, ён наладжвае стасункі з пецярбурскімі перакладчыкамі і намаўляе іх перакладаць творы польскамоўнага паэта. Так, М. Палявы збіраецца перакласці ды надрукаваць у “Русском Вестнике” цэлы шэраг паэмаў і аповесцяў Ю.І. Крашэўскага; меў Р. Падбярэскі гаворку на гэтую тэму і з іншымі літаратарамі: “Усе мае думкі пра план, як зрабіць “Athenaeum” перыядычным выданнем; гэта дзень і ноч не дае мне спакою”[29], – пераконвае Р. Падбярэскі свайго карэспандэнта і сцвярджае, што, нягледзячы на забарону польскамоўным выданням выходзіць перыядычна, ён, маўляў, праз свае сувязі паклапоціцца пра часопіс. Але перш-наперш няхай Ю.І. Крашэўскі друкуе даслання яму гістарычныя дакументы: гэта будзе доказам для чыноўнікаў, што часопіс можа выходзіць перыядычна. Але Ю.І. Крашэўскі не спяшаецца цалкам пакласціся на Р. Падбярэскага і даверыць яму выданне “Athenaeum”. Ён, праўда, усяляк падтрымлівае чалавека, які можа быць карысны літаратуры[30]: дасылае дзеля “Rocznika Literackiego” аповесць “Крыж на растайных дарогах” і вынятку з паэмы “Міндоўг”, просіць, каб падтрымалі маладога выдаўца М. Грабоўскі ды І. Галавінскі, колькі разоў нагадвае чытачам “Tygodnika Petersburskiego” пра “Rocznik Literacki”.

Напачатку ўсё складваецца для Р. Падбярэскага ўдала: пакрысе ажыццяўляюцца ягоныя мары. I – самае галоўнае – пасля пераадолення шматлікіх цяжкасцяў атрыманы дазвол на выданне “Rocznika Literackiego”. Альманах абяцае быць шыкоўны. Ледзь не ўсе лепшыя літаратары краю даслалі свае творы. Тут і артыкул М. Грабоўскага, вершаваная легенда І. Галавінскага, “Нарыс Паўночнае Белае Русі” Я. Баршчэўскага, тры вершы Т. Лады-Заблоцкага, верш Т. Зана, музычныя варыянты вершаў “Дзеванька” і “Гарэліца” А. Абрамовіча, шэраг твораў Л. Штырмера[31]: аповесць “Фрэнафагіюш і Фрэналесты”, чатыры вершы, адзін з якіх – “Да маладога літаратара Р. П.” – кампазітар В. Кажынскі паклаў на музыку. Р. Падбярэскі вельмі стараецца. Ён хоча, каб ягонае выданне было самым лепшым сярод усіх польскамоўных выданняў таго часу, клапоціцца пра паперу, шрыфты, асабліва хвалююць яго ілюстрацыі, якія – паводле ягоных словаў – рыхтуюць яму ў парыжскіх майстэрнях. Апрача ўсяго іншага Р. Падбярэскі актыўна супрацоўнічае з “Tygodnikiem Petersburskim”: тут у 1842 г. надрукавана пяць вялікіх артыкулаў[32].

Не ўсім падабаецца літаратурна-выдавецкая дзейнасць Р. Падбярэскага, у аснову якое пакладзены камерцыйны разлік. Ягоныя поспехі выклікаюць зайздрослівыя нападкі напачатку ўпотай, а пасля нават і ў друку. Самым вялікім непрыяцелем Р. Падбярэскага быў Станіслаў Аўгуст Ляховіч. Верагодна, іхнія шляхі перакрыжаваліся яшчэ ў Вільні, а вось у Пецярбурзе ўзаемная непрыязнасць узмацняецца. Р. Падбярэскі ў лісце да Ю.І. Крашэўскага кажа пра свайго земляка як пра нягодніка, што, працуючы ў “Tygodniku Petersburskim”, свядома ўносіць памылкі ў артыкулы: “прозвішча прафесар Дан. выпраўляе на прафесар Гымн., за што вучоны і добры мой знаёмец Ігнат Даніловіч мае права пакрыўдзіцца”[33]. У сваю чаргу С.А. Ляховіч таксама піша Ю.І. Крашэўскаму ліст, маючы на мэце пазбавіць свайго непрыяцеля такое магутнае падтрымкі. У таленавіта напісаны паклёп няцяжка і паверыць:

“Перапрашаю, ледзь не выпусціў з віду вялікага, найвялікшага сёння ў Еўропе чалавека. Глядзі, Пан, ён вунь там, вунь, у куце. Чалавек з кітайскім тварам, з высокім чубам, з касымі паднятымі ўгору вачыма, у паліто з кішэнямі наперадзе. Магу пайсці ў заклад, калі скажу Пану: у адной кішэні знойдзеш нумар “Tygodnika” з артыкулам гэтага пана, у другой – лісты да аўтараў “Witoldaraudy”[34] і “Літаратуры і крытыкі”[35], у трэцяй, што збоку, падпісныя білеты[36] ды візітныя карткі з княскім гербам. На што заклад? Ведаеш, Пан, хто гэта такі? О! Гэта вялікі літаратар! Гэты пан пра ўсё пісаў з аднолькавым поспехам: пра Ніжненаўгародскі кірмаш, пра канцэрт Ліпінскага, пра конскія падковы і пра кампазітараў, фартэп‘яна; пра новыя спосабы палення ў печы і пра паню (неразб.); пісаў пра імправізацыі Джавані Джусціяні і перакладаў нібыта з італьянскае, не ведаючы ані паўслова. Паставіў нейкага мэтра М... вышэй за Ліста, а ў Шапэна вынайшаў распачлівасць!!! Павесіў свой партрэт на мастацкай выставе, дзеля таго толькі, каб пазней напісаць у “Tygodniku” “Мастак (неразб.) паказаў князя Друцкага са стомленым тварам і нават у той час, калі ён змардаваны працаю ды пакутамі”! А ў 1842 годзе ад нараджэння Хрыстовага паведаміў чытачам (“Athenaeum”. Т. І. S. 168): “Можа быць, прызначэнне нашае літаратуры – даць пазнаць расійскія народныя казкі Заходняй Еўропе”! (Барані нас, Божа, ад такога прызначэння). I гэты пан нападае на (неразб.), цытуе Грыма і Дзітрыха, Рабрэра, а па-нямецку і двух словаў не ведае; гэты пан дзякуе ў друку (не ў лістах) усім расійскім аўтарам, якіх ведае і якіх не ведае; гэты пан з‘яўляецца гувернёрам геаграфіі у прыватным доме і нападае на дробную шляхту, што служыць па маёнтках, мову якое мае намер ужыць пры перакладзе казак. Гэты пан выдае альманах коштам і накладам п. маршалка Беліковіча, а дзякуе ў “Tygodniku” абывацелям за дапамогу; робіць малюнкі ў Пецярбурзе, аднак апавядае, што прывёз іх параходам з Парыжа!!! Пра гэтага пана напісаў аўтар “Станіцы”[37], што гэта чалавек вялікае надзеі! (…) Так, Пане, я зласлівы, я вельмі зласлівы, Пане! Падай яму руку, ён будзе такі шчаслівы, ён так даўно імкнуўся да гэтага. Ці казаць мне ягонае прозвішча? Не скажу – адгадай!”[38]

С.А. Ляховіч у нейкай ступені дасягнуў мэты: з гэтага часу адносіны між Ю.І. Крашэўскім і Р. Падбярэскім пачынаюць пагаршацца. Апошні, праўда, абараняецца і даволі ўдала:

“Ніколі не было мне так цяжка пачынаць ліст да Пана! Доўгае маё маўчаннеў Бог ведае, як Ён сабе вытлумачыў. Але ж, што я маю рабіць, абвінавачаны зласліўцамі перад Панам, як чалавек без гонару і веры? Бо што могуць значыць распушчаныя весткі, быццам я не збіраюся выдаваць “Rocznik”? Паверыць гэтаму маглі тыя людзі, якія не ведаюць мяне асабіста. Гэтыя сейбіты плётак мяркуюць, пэўна, пра іншых па сабе, і не ведаюць, што я хутчэй бы жывым у зямлю лёг, чым не датрымаў слова майго перад публікаю”[39].

На нейкі час зноў наладжваецца між імі ліставанне. Аднак ранейшае шчырасці няма. Ю.І. Крашэўскі яшчэ толькі аднойчы надрукуе пераклад Р. Падбярэскага “Апавяданняў маларасіяніна” П. Кулешы[40] і артыкул “Пра крыніцы расійскіх казак”[41], хоць лісты свайму карэспандэнту дасылаў досыць рэгулярна.

Паводле Р. Падбярэскага, “Rocznik Literackі” каштаваў яму 3 тыс. руб. асігнацыямі, а падпісчыкаў было крыху больш за пяцьсот. Дык вызначыўшы кошт асобніка ў 3 руб срэбрам (на лепшай паперы – 5 руб. ср.), выдавец пэўна ж атрымаў прыбытак. Як, дарэчы, прынесла яму грошы і выдадзеная ў якасці сюрпрыза аўтару аповесць Л. Штырмера “Фрэнафагіюш і Фрэналесты”[42].

3 друку “Rocznik Literackі” выйшаў у красавіку 1843 г. Шчаслівы выдавец захоплена апавядае Ю.І. Крашэўскаму пра гэтую падзею і просіць ацаніць вартасць не твораў, а знешняга выгляду альманаха. Ю.І. Крашэўскі выконвае просьбу, паўтараючы (ці не здзекуючыся?) ледзь не слова ў слова напісанае яму пра сваё выданне Р. Падбярэскім: “Rocznik” не мае роўнага ў нас. Малюнкі, папера, друк, віньеткі – чыняць яго адной з прыгажэйшых польскіх кніжак”[43].

Больш грунтоўную характарыстыку альманаху даў М. Грабоўскі: прааналізаваны ўсе ягоныя творы[44], не прапушчана аніводная ілюстрацыя, аніводная дробязь, якая вылучала кніжку з шэрагу іншых. На нашу думку, менавіта Міхала Грабоўскага[45] трэба лічыць тым чалавекам, які скіраваў Р. Падбярэскага на “беларускі шлях”. Бясспрэчна, М. Грабоўскаму гэта трэба было дзеля развіцця польскасці, польскае літаратуры. Аднак ягоныя заклікі выкарыстоўваць у літаратуры фальклор (беларускі, літоўскі, украінскі) спрычыніліся дзеля з‘яўлення шэрагу літаратараў, якіх мы лічым пачынальнікамі беларускае літаратуры.

Пад уплывам творчасці вядомага крытыка і пасля прачытання ў рукапісе “Погляду на паэзію беларускага люду” І. Храпавіцкага пісаўся артыкул Р. Падбярэскага “Пра народную песню”, у якім даводзіцца, што “нашым” народным песням не ўласціва гістарычная тэматыка:

“Люд наш (…) гаворыць і спявае пра свае стасункі да паноў (як большая частка беларускіх песняў), бо народу нашаму змена грамадскіх узаемадачыненняў была значна бліжэй, чым усе змены дзяржаўныя ці палітычныя ў іншых нацый. Аднак паэзія нашага люду мае іншую вартасць: яна тлумачыць ягоныя звычаі і звычкі”[46].

Гэты артыкул застаўся ненадрукаваны, хоць і прызначаўся дзеля свайго “Rocznika Literackіego”[47] і, мажліва, планаваўся як каментар ці ўступ да “Некалькіх песняў беларускіх” – вершаў Я. Баршчэўскага.

Ліставанне Р. Падбярэскага з М. Грабоўскім яшчэ не адшукана, але, думаецца, яно было не менш важным для пецярбурскага выдаўца, чым перапіска з Ю.І. Крашэўскім. Зрэшты, у 1843 г., пасля рэцэнзіі Ю.І. Крашэўскага на “Rocznik” і, асабліва, пасля ягонае адмовы ад паслугаў Р. Падбярэскага ў выданні ды ілюстраванні “Міндоўгаса” і “Вітольдараўды”, іншых твораў, яна амаль перапыняецца[48]. Яшчэ будзе ў другім томіку “Rocznika” вынятка з “Акадэмічных успамінаў” Ю.І. Крашэўскага, яшчэ Р. Падбярэскі паспрабуе наладзіць адносіны са сваім карэспандэнтам:

“Пан Юзаф! Ці ж гэтае маўчанне між намі будзе вечным? Сам не ведаю, як так сталася, што мы перасталі ліставацца. (…) Мне здаецца, што гэта пайшло з прычыны нашых падарожжаў: ты быў ў Адэсе, я – чатыры месяцы на Белай Русі і ў Інфлянтах, а пасля Новага году тры месяцы на Украіне – у Кіеве, у Аляксандраўцы[49], Умані і Сафіеўцы”[50]. Аднак Ю.І. Крашэўскі з кожннм днём усё больш і больш траціць давер да Р. Падбярэскага, што, урэшце, напрыканцы 40-х гг. прывядзе да сур‘ёзнага кантлікту між імі[51].

Працягам “беларускіх сімпатый” Р. Падбярэскага трэба лічыць і працу над “Шляхціцам Завальняю”. Атрымаўшы 25 мая 1844 г. цэнзурны дазвол на другую кніжку свайго альманаха, ён разам з Р. Жукоўскім заняўся падрыхтоўкаю першага томіка «Шляхціца Завальні» да друку. Апрача ўсяго іншага яны маюць намер літаграфаваць малюнкі Р. Жукоўскага да выдання, якія “падаюць галоўныя сцэны апавяданняў”. Аднак у ліпені 1844 г. Р. Падбярэскі вымушаны адмовіцца ад свае задумы: “Я хацеў ілюстраваць апавяданні Баршчэўскага, але капіталу не стала. Дык п. Эйнерлінг узяў іх і гэтымі днямі аддаў у друк”[52].

Адмовіўшыся выдаваць кнігу Я. Баршчэўскага, тым не менш, ён піша ўступны артыкул да яе: літаратурна-гістарычны нарыс “Беларусь і Ян Баршчэўскі”[53] завершаны 8 верасня 1844 г. Фактычна, гэта “першы агляд гісторыі нашае літаратуры” (М. Гарэцкі), смелая спроба расказаць пра беларускую літаратуру, (дарэчы, да Р. Падбярэскага такога паняцця як беларуская літаратура ўвогуле не існавала)[54]. Нарыс, у якім аўтар вызначыў пэўныя крытэрыі гэтае літаратуры: па-першае, “чыста народнаю” ён называе літаратуру на беларускай мове, па-другое, нацыянальнай ён лічыць літаратуру, якая закранае нацыянальныя праблемы, нацыянальнае жыццё, а не на замежны лад апявае чужыя пачуцці. Нарыс Р. Падбярэскага – гэта і першая біяграфія Я. Баршчэўскага. Больш за тое, усе наступныя біёграфы пісьменніка карысталіся звесткамі ці не толькі з яе.

Пецярбурскі выдавец, нягледзячы на тое, што не меў аніякіх даследаванняў, бібліяграфій, дапаможнікаў, здолеў правільна вызначыць асноўныя заканамернасці развіцця беларускага літаратурнага руху і новае беларускае літаратуры. Дапамаглі яму падарожжы па Беларусі, дзякуючы якім ён зразумеў прычыны існавання прорвы паміж высокамастацкаю народнаю культураю і ўбогаю літаратурнаю прадукцыяй мясцовых пісьменнікаў. Ягоная адназначна негатыўная ацэнка творчасці беларускіх класіцыстаў заснаваная на іхнім адмаўленні ад усяго мясцовага. У “хлапечых практыкаваннях, пасшываных з лахманоў францускага класіцызму”, бясспрэчна, немагчыма было знайсці ні духу краю, ні народнага духу. А менавіта гэтых якасцяў патрабаваў Р. Падбярэскі ад беларускіх літаратараў у іхніх творах. Невыпадкова ён высока ацэньвае сентыменталіста Я. Аношку, у вершах якога выразна выяўляецца сувязь з Бацькаўшчынай, ейнымі традыцыямі, і сатырыка Ф. Рысінскага, бо ён “сваім гумарам трапіў у жылку нацыянальнае схільнасці”. Але толькі аўтара беларускамоўнае “Энеіды” Р. Падбярэскі называе “чыста народным пісьменнікам”. У той жа час аўтар нарыса не патрабаваў (і не мог патрабаваць!) ад беларускіх пісьменнікаў беларускамоўнае творчасці. Ён толькі засяроджвае ўвагу на праблеме народнасці і разумее яе як адлюстраванне духу народа, “адкуль выйшлі і гісторыя, і літаратура, і мова”. Яго цешыць той факт, што са з‘яўленнем альманаха “Rubon”, адкрываецца шырокая перспектыва дзеля развіцця беларускага літаратурнага руху, што ёсць на Беларусі таленты, ад якіх можна “чакаць дакладных уяўленняў” пра гэты край. Ён вітае і падахвочвае тых, хто робіць першыя крокі ў напрамку асэнсавання здабыткаў свайго народа. Агульны настрой нарыса Р. Падбярэскага фармаваўся пад уплывам ад прачытання першых апавяданняў “Шляхціца Завальні”. Тыя прэтэнзіі, якія меў крытык ба да беларускіх літаратараў, узніклі яшчэ і таму, што на іх фоне больш яскрава можна было вылучыць постаць Я. Баршчэўскага, творчасць якога адпавядала крытэрыям Р. Падбярэскага пра народнасць (пісаў і па-беларуску) і была вытрымана ў нацыянальным духу.

Р. Падбярэскі, відавочна, быў ў коле “пасвечаных” у алегарычны змест “Шляхціца Завальні”. Ужо на самым пачатку гаворкі пра твор Я. Баршчэўскага ён шматзначна заўважае, што “значэнне (паданняў. – М. Х.), не заўважанае ўяўнымі прыхільнікамі, выразней выявіцца пасля выдання ўсіх беларускіх апавяданняў. З‘яўляюцца яны нібыта ўступам да таго паэтычнага вобраза Беларусі, які аўтар наважыўся развіць у большым сумеры”. Ён падкрэсліць, што твор Я. Баршчэўскага мае сувязь з вельмі важнай рэччу, а менавіта, з нацыянальным духам краю, што “толькі адно ядро належыць простаму народу, увесь малюнак – фантазія аўтара, сатканая на аснове нацыянальных колераў”, што пісьменнік “адкрывае новы край”. Звяртае на сябе ўвагу і наступная думка Р. Падбярэскага: “У народа няма вымыслу без далейшае акрэсленае думкі, толькі часта цяжка яе адчуць, асабліва не ведаючы яго звычаяў”. Крытык паказвае сваё веданне ідэйнае сутнасці твора Я. Баршчэўскага і ў падцэнзурным артыкуле спрабуе патлумачыць гэтую сутнасць чытачу.

У верасні 1844 г. Р. Падбярэскі адказвае часопісу “Москвитянин” і ягонаму рэдактару М. Пагодзіну “Лістамі пра Беларусь”:

“Поўны цікавасці да краю, у якім (хоць і быў настроены хлуслівымі чуткамі) неспадзявана знайшоў нямала зародкаў добрага, абурыўся нахабствам артыкула, дзе побач з поўным няведаннем справы я ўбачыў несправядлівае знеслаўленне беларускіх жыхароў. І хоць родам я ліцвін, аднак заўсёды, як сусед-зямляк, маючы больш спрыту за аўтара таго артыкула лепей пазнаць унутранае жыццё адукаванага грамадства, сярод якога я быў немалы час, палічыў за абавязак ветлівага госця, спагадліва прынятага, абвергнуць хлуслівую думку, якою бездапаможныя радкі цэлы край спрабавалі зняважыць перад чужымі”[55].

Выступленне супраць расійскага часопіса як нельга лепш характарызуе грамадзянскую пазіцыю Р. Падбярэскага. Крытыкуючы артыкул “Гецыкі”, ён абараняе сябе, бо і “Гарэліца” і “Рабункі мужыкоў” (а менавіта з гэтых вершаў здзекуецца П. Кушын) пададзены ў друк ім, абараняе беларуса-інтэлігента і беларуса-селяніна. Поўныя гневу радкі сведчаць самі за сябе:

“Я і не думаю ламаць тут дзіды за напаўдзікіх панкоў, што ў адсталых паветах распаўсюджваюць у гнюснай адміністрацыі сярэднявечнае васальства, абсалютнае злоўжыванне правам валодання, ні таксама за асобных шамбелянаў і маршалкаў, якія прагульваюць жончыныя маёнткі; не маю прадўзятасці і ў лепшы бок, – але чаму пан Кушын, спакусіўшыся намаляваць карціну беларускага жыцця, чапляецца да беднага селяніна і злою насмешкаю сцёбае невіноўную ў сваёй знявазе істоту; лезе ў бедную хатку, высмейвае ягоныя недахопы і простыя звычаі, дамешваючы паўсюль ганебную адукаванаму сэрцу іронію?”[56]

Р. Падбярэскі даў належны адказ cлавянафілам-шавіністам. Ён дастаткова аргументавана адкінуў паклёпніцкія выдумкі і расказаў пра красу беларускае зямлі ды шляхетнасць ейных жыхароў.

I яшчэ адзін артыкул Р. Падбярэскага з‘явіўся ў “Tygodniku Petersburskim” за І844 г. Па ім можна меркаваць пра ўзаемадачыненні[57] выдаўца з Т. Шаўчэнкам. Рэкламуючы серыю малюнкаў мастака, якую той збіраецца выдаць асобнаю кнігаю, ён запрашае чытачоў рабіць заказы ў кнігарні на Неўскім праспекце ці накіроўваць аўтару артыкула, які ў сваю чаргу перадасць іх мастаку[58].

У 1844 г. выходзіць з друку другі томік “Rocznika Literackiego”. Шмат тут “беларускага матэрыялу”. Гэта і раздзелы з працы М. Борха пра Ефрасінню Полацкую, і вершаваная “беларуская” аповесць” “Жонка” В. Газдава-Рэвута, і “Успаміны пра наведванне роднага краю” Я. Баршчэўскага, вершы Т. Лады-Заблоцкага.

Апрача “Лістоў пра Беларусь” “суседзям-землякам” Р. Падбярэскі прысвяціў яшчэ адну сваю працу – “Панараму места Полацка”, якая выйшла ў студзені 1845 г. А крышку пазней з‘явіліся і “Вершаваныя творы” Т. Лады-Заблоцкага.

Зборнік “каўказскага” паэта прынёс шмат непрыемнасцяў ягонаму выдаўцу. Рэзка пагаршаюцца адносіны з Ю.І. Крашэўскім; будуць абвінавачванні ў фінансавых махінацыях. Але наўрад ці хацеў ён такім шляхам напоўніць сваю кішэню: новыя выданні патрабавалі значных выдаткаў, а грошай у яго не было: “Ці можна прыслаць грошы за першы томік? (…) Весткі пра недахоп сродкаў у выдаўца губіць выданне. Трэба захоўваць сакрэт ад друкароў. Няхай лічаць, што багаты!”[59]

Толькі захоўваць “сакрэт ад друкароў” удавалася не заўсёды: атрымаўшы 15 чэрвеня 1845 г. дазвол цэнзуры на трэці томік “Rocznika”, яшчэ больш за год Р. Падбярэскі будзе шукаць магчымасць выдаць яго[60].

Ні зместам, ні формаю трэці томік альманаха не адрозніваўся ад папярэдніх. Як і раней, бачны клопат выдаўца і пра знешні, і пра ўнутраны воблік томіка. Свае ліцвінскія патрыятычныя пачуцці ён цешыць, змясціўшы на самым пачатку кніжкі партрэт Жэготы–Ігната Анацэвіча, ягоны артыкул “Погляд на першапачатковую гісторыю Літвы” і нават факсіміле ліста гісторыка да свае персоны[61]. Унутраную вартасць павінны былі надаць гадавіку творы і артыкулы Г. Равускага, М. Грабоўскага, Т. Лады-Заблоцкага (верш “Перад абразам Найсвяцейшае Панны Вастрабрамскае”), А. Грыфа, Ю. Каранёўскага. Толькі вось славутыя літаратары, саступаючы назойлівым просьбам Р. Падбярэскага, даслалі яму не лепшыя творы. Дык, фактычна, эпіцэнтрам (у прамым і пераносным сэнсе) трэцяга томіка стаў артыкул самога выдаўца “П. Антон Абрамовіч. Музыкант”і музычная паэма для фартэп‘яна “Беларускае вяселле”. Невядома чаму, але Р. Падбярэскі ўключыў свой артыкул і паэму А. Абрамовіча ў альманах у самы апошні момант: усё гэта ўклейвалася пасля 112 старонкі. Магчыма, такім чынам выдавец захацеў абмануць цэнзуру (пасля друкавання ён мог аднесці ў цэнзурны камітэт кніжкі без уклеенае часткі); магчыма, гэта адбылося па тэхнічных прычынах. Найбольш прывабнай была б думка, што цэнзура першапачаткова забараніла “Беларускае вяселле”, перадусім, з лістоў Р. Падбярэскага вядома, як “рэзалі” ягоны зборнік, але адсутнасць фактаў не дазваляе катэгарычна сцвярджаць гэта. Твор А. Абрамовіча мог быць забаронены хіба з нейкіх палітычных меркаванняў цэнзара. Можа, таму і не павінна дзівіць нас адсутнасць у зборніку іншых беларускіх матэрыялаў. Бо ж цяжка ўявіць, што такі палымяны прыхільнік Беларусі і беларусаў як Р. Падбярэскі дабраахвотна перастане цікавіцца гэтаю тэматыкаю. Вось і ў артыкуле “П. Антон Абрамовіч. Музыкант” ён шчыра раіць кампазітару скіраваць свае намаганні на беларускія народныя песні, бо гэта ягоны шлях, на якім знойдзе сябе і сваё месца ў музыцы. Р. Падбярэскі таксама тлумачыць змест частак твора: “Уступ” (голас дуды і стук капытоў), “Сватаўство”, “Княгіня галосіць”, “Дзявочы вечар”, “Прыезд у царкву”, “Хор у царкве” (на матыў “О, Спасіцелю наш, Пане”), “Блаславенне” (на матыў “Баслаў Бог, да вяселле іграць”), “Кругавая”. Відавочна, знаёмства з Я. Баршчэўскім не было марным для Р. Падбярэскага: тлумачэнне грунтуецца на “Шляхціцы Завальні”.

Прыкладна ў 1846 г. наладзілася ліставанне Р. Падбярэскага з У. Сыракомлем: хоць трэці томік альманаха застаўся без вершаў “вясковага лірніка”, але змест ягонага ліста ад 16 мая 1847 г. пераконвае, што стасункі між імі завязаліся крыху раней. У. Сыракомля паверыў ў шчырую захопленасць пецярбурскага выдаўца літаратураю, дык ахвотна дасылае яму свае творы і распаўсюджвае падпіску на альманах у родных ваколіцах:

“У тлуме шматлікіх празаічных клопатаў рэдка калі мне ўдаеца ўзяцца за пяро, але як толькі штосьці напішу, дык успамінаецца “Rocznik” і ягоны дарагі выдавец. Вось і зараз перапісаў “Маёвае ўздыханне”, якое каханаму пану пасылаю ў “Rocznik”[62].

Але дробная недарэчнасць у адносінах паэта з Людвікам Падбярэскім, братам Рамуальда, больш чым на год перапыніла іхняе супрацоўніцтва. Дык У. Сыракомля нічога не ведаў пра намер Р. Падбярэскага рэфармаваць альманах, а гэта сталася адной з прычынаў разладу між літаратарамі.

Перш чым узяцца за рэформу, выдавец мусіў заручыцца падтрымкаю як аўтараў, так і чытачоў. У чэрвені–ліпені 1847 г. ён піша шэраг лістоў сваім карэспандэнтам. Сярод іх – Яўстах Іваноўскі (Гэленіюш), Антаніна Вярыга-Дароўская, Аляксандар Вярыга-Дароўскі.

“Нягледзячы на не вельмі спрыяльныя акалічнасці з матэрыяльнага боку, я маю намер і надалей выдаваць ды паляпшаць “Rocznik Literacki”. Ужо 3-ці том, што змяшчае больш помнікаў нацыянальнае культуры, паказаў, (наколькі дазволіла цэнзура), якога кірунку трымаецца выдавец, аднак пераканаўшыся ў недастатковасці аднае белетрыстыкі ва ўздзеянні на масы (…) вырашыў зрэфармаваць мой “Rocznik” і з белетрыстычнага зрабіць яго больш навукова-папулярным, што будзе болей адпавядаць грамадскаму духу і карысці землякоў. Дык падрыхтаваў да ІV тома артыкулы пра сацыяльныя навукі, якія хутка будуць адыгрываць галоўную ролю, як адыгрываюць сёння ў агульным прагрэсе еўрапейскае цывілізацыі. (…) Можа быць, нават, што ў наступных тамах змяню тытул “Rocznik” на “Pamiętnik Naukowy”, як больш адпаведны зместу”[63].

Такім чынам, ужо ў сярэдзіне 1847 г. Р. Падбярэскі падрыхтаваў чацвёрты томік альманаха і збіраўся ў хуткім часе выдаць яго. Аднак цэнзурныя і фінансавыя цяжкасці адсунулі гэты план больш чым на два гады. Каб неяк паправіць становішча, Р. Падбярэскі выдае партрэт Тамаша Зана, ацаніўшы яго вартасць у адзін рубель срэбрам, і, прываблены ганарарамі, наладжвае стасункі з расійскімі часопісамі:

“З нядаўняга часу ананімна супрацоўнічаю з расійскімі часопісамі настолькі, наколькі іхняе ўяўленне пра нашую літаратуру, а таксама пра нашую гістарычную мінуўшчыну можна паправіць; дык усе гістарычныя помнікі я б друкаваў і ў расійскіх часопісах, пасля змяшчэння іх у “Roczniku”[64].

Што менавіта Р. Падбярэскі друкаваў “ананімна”, нам невядома. Але, верагодна, ён не абмежаваўся трыма артыкуламі ў газеце “Иллюстрация”: “Погляд на Інфлянты і беларускія старажытнасці”[65], “Беларускае вяселле”[66] і “Горад Барысаў. Гістарычны погляд”[67].

Позняй восенню 1847 г. Р. Падбярэскі прыязджае ў Вільню. Тут жыве ягоны брат Людвік, які, спрабуючы свае сілы ў літаратуры, мае патрэбу ў падтрымцы. Падбярэскія разам пішуць ліст да Ю.І. Крашэўскага. Дзеля Рамуальда гэта яшчэ і нагода паспрабаваць наладзіць амаль канчаткова сапсаваныя стасункі са славутым пісьменнікам. Ён нават знаёміць Ю.І. Крашэўскага са сваімі планамі: “Я буду бавіцца яшчэ колькі тыдняў ў Вільні, пасля ў Варшаве, а пад Новы год вярнуся ў Пецярбург”[68].

Цікава, што У. Сыракомля; які па справах штогод прыязджаў у Вільню, прагне сустрэцца з Р. Падбярэскім. Вось як напіша ён пазней:

“Я даведаўся, каханы пане Рамуальдзе, што ты ад зімы жывеш у Вільні, і, будучы там, гарэў жаданнем пазнаёміцца. Было гэта ў першня дні снежня. Далі мне твой адрас у доме францішканскім (Троцкая вуліца). Бягу туды і даведваюся, што ты, уласна, напярэдадні гэтага дня выехаў (...) Дык прыемнасць асабістага знаёмства ўцякла ад мяне надоўга, бо, уласна, планаванае маё падарожжа ў Вільню адцягваецца, здаецца, да снежня”[69].

Гэты ліст У. Сыракомлі ад 18 чэрвеня 1848 г. сведчыць, што Р. Падбярэскі свой ліст да паэта пісаў, прыехаўшы ўжо на сталае жыхарства ў Вільню. Яшчэ адзін ліст У. Сыракомлі (ужо да Адама Плуга) удакладняе дату прыезду выдаўца: “Р. Падбярэскі з 24 (відаць, мая, – М. Х.) у Вільні. (...) Ён піша, як страшэнна рэжа цэнзура, маючы выйсці неўзабаве ІV том “Rocznika”[70].

Такім чынам, не знайшоўшы магчымасці працаваць у Пецярбурзе, аўтар першага нарыса беларускае літаратуры вяртаецца на Бацькаўшчыну, каб выкарыстоўваючы набытыя выдавецкія і рэдактарскія здольнасці, узначаліць літаратурна-грамадскі рух у краі. Ён, не адкладваючы, спрабуе правесці праз цэнзурныя рагаткі альманах і адначасова клапоціцца пра “Pamiętnik Naukowo-literacki”. Але толькі ў кастрычніку 1848 г. атрымлівае дазвол на выданне: 17 – “Rocznika”, а 30 – “Pamiętnikа”.

За лічаныя тыдні Р. Падбярэскі наладжвае кантакты амаль з усімі мясцовымі літаратарамі. Ён заклікае іх да супрацоўніцтва. Як успрынялі ягоную працу землякі, найлепш сведчаць прозвішчы аўтараў чацвёртага тому альманаха і першых нумароў часопіса, а таксама лісты да яго:

“Ты адзін мяне зразумеў, ставячы побач (як цень каля святла) з Адынцом. Так! Быць Адынцом у нязмушанай лёгкасці паэзіі, быць табою ў прастаце, у валоданні, панаванні над моваю – гэта мэта маёй гордасці. Ягоныя пераклады, а твае казкі – гэта жывы довад усемагутнасці нашае мовы, гэта ўзор, якога, маю надзею, хоць перад смерцю дасягну ці то ва ўласных творах, ці то ў перакладах, бо, зрэшты, так тлумачыць як мы, мы з табою перакладаем, – гэта арыгінальная праца. Дзякую табе за бацькоўскія клопаты ў ратаванні маіх вершыкаў ад зубоў цэнзуры”[71].

У сваёй захопленасці Р. Падбярэскім У. Сыракомля, трэба думаць, не быў адзінокі. I вылівалася гэта не толькі ў духоўную, але і ў матэрыяльную падтрымку. Так, Соф‘я Кліманская ахвяравала на “Pamiętnik” 8 тыс. злотых, дык Р. Падбярэскі мог выдаваць напачатку часопіс, цалкам незалежачы ад друкара А. Завадскага.

Пэўнае месца ў дзейнасці Р. Падбярэскага віленскага перыяду займае і спроба напісання мастацкага твора, у якім ён збіраўся алюстраваць сваё разуменне адносінаў неардынарнае асобы і натоўпу. Праўда, і ў гэтым выпадку ён палічыў за лепшае выкарыстаць чужое, але блізкае яму, адпаведнае ягонаму тагачаснаму становішчу ў грамадстве. Дзеля гэтага Р. Падбярэскі пераклаў славутую аповесць Адэльберта Шаміса “Неверагодная гісторыя Петэра Шлеміля” (1812), назваўшы яе “Прыгоды чалавека, які прадаў свой цень. Фантастычна-каліфарнійская аповесць. Задума з нямецкае”[72].

У снежні 1848 г. У .Сыракомля знаёміцца з Р. Падбярэскім. Вярнуўшыся дахаты, ён занатаваў уражанні ад гэтае сустрэчы ў лісце да Адама Плуга. Зробім невялічкую вынятку з гэтага ліста: з прычыны адсутнасці партрэтаў Р. Падбярэскага гэтага часу цікавымі могуць падацца наступныя радкі:

“Я хачу ведаць, дзе жыве Рамуальд Падбярэскі?

 – У рэдакцыі “Rocznika Literackiego”.

 – А д‘ябал яго ведае, дзе тая рэдакцыя.

 – Гм... насупраць Каралеўскага Млына ў доме Чарноўскага.

(…) Яшчэ ў сенцах пачуў гоман і смех у шаноўнага Рамуальда. Экс-пецярбуржац жыве элегантна, па-сталічнаму. Лёкай хацеў прадставіць мяне, я не супраціўляўся гэтаму, толькі не назваў свайго прозвішча. Падбярэскага ў вочы дасюль яшчэ не бачыў. Выбег шчуплы, нізкі мужчына з доўгімі валасамі і барадою, з высокім лбом, у акулярах, словам, літаратар ва ўніформе”[73].

У студзені–лютым 1849 г. выйшаў з друку даўно абяцаны чацвёрты томік альманаха[74]. Рэформа амаль не закранула ягоны змест – усё такія ж, як і раней, вершы і проза. Пра рэформу сведчыла хіба што “Прадмова”, дзе Р. Падбярэскі заявіў, што свядома ідзе на разрыў з “аўтарытэтамі”, закідаючы ім, што яны не па-братэрску адносіліся да яго: дасылалі з твораў урыўкі, па якіх цяжка меркаваць пра цэлае. Таксама рэдактар аб‘яўляў рашучую вайну “празмерным і запляснелым замілаванням роднага”[75]. “Rocznik” меўся cтаць органам новага пакалення пісьменнікаў, якое рвала з “мёртваю мінуўшчынаю” і думала згодна з духам эпохі. Дасталося ад яго і друкарам: на думку Р. Падбярэскага, яны думаюць пра прыбытак, а не пра агульнанароднае дабро. Дык цяпер павышаецца значэнне рэдактара-выдаўца, “бо мецанатаў на Літве няма”[76].

Падобная заява не магла застацца без адказу пакрыўджаных “аўтарытэтаў”, тым больш, што гэта ўжо другое (першае – кіеўская “Gwiazda”) выданнне адважылася выступіць супраць іх. 3‘едлівую рэцэнзію на старонках “Tygodnika Petersburskiego” апублікаваў Ю.І. Крашэўскі[77]. Крытычны пафас ягонага артыкула не зусім карэктны: ухапіўшыся за бездапаможныя вершыкі Камілы Нарбут, ён спрабуе зганьбіць цалкам усё выданне. Якраз на гзта і звярнула ўвагу ў адказе Ю.І. Крашэўскаму Соф‘я Кліманская[78].

Узаемаадносіны былых прыяцеляў яшчэ болей пагоршыліся; і тая трагедыя, што здарылася з Р. Падбярэскім у 1850–1851 гг., у пэўнай ступені справакавана Ю.І. Крашэўскім. Гэта адназначна можна сцвердзіць, пазнаёміўшыся з ліставаннем паэта з А. Завадскім, віленскім друкаром, у якога і Ю.І. Крашэўскі, і Р. Падбярэскі выдавалі свае часопісы. Ю.І. Крашэўскі, убачыўшы, што “Pamiętnik Naukowo-literacki” выйграе ў спаборніцтве за падпісчыкаў з ягоным “Athenaeum”, выкарыстоўвае ўсе дазволеныя і недазволеныя метады, каб “зваліць” праціўніка. Перш-наперш ён пераконвае Адама Завадскага ў недобрасумленнасці Р. Падбярэскага:

“Том VІ Падбярэскага[79] забавіў мяне; артыкул пра мяне досыць дурны і добра злы. Ён дасць яму больш непрыяцеляў, чым апладысментаў. Проста блазан (...) Я шчыра здзівіўся, што ты звязаўся з Падбярэскім, які з Масквы, дзе быў камісіянерам у суконнай лаўцы, з‘ехаў, выпрасіўшы сабе разлік і аддзячыўшы за яго найагіднешым чынам. З Пецярбурга ўцёк, пакінуўшы Эйнерлінгам сваю пісаніну і забіўшы Заблоцкага, у якога ўкраў грошы, а той з жалю памёр, бо не меў за што вярнуцца ў край. Маю на гэта лісты Заблоцкага, які праклінаў яго, бядак. Довады гэтага бруду ў маіх руках. Таксама развітаецца і з вамі ў Вільні”[80].

Наколькі дзейcным быў гэты ліст, сведчаць падзеі, што разыграліся ў Вільні напрыканцы 1850 г. “Паўтара года назад Падбярэскі звярнуўся да Завадскага, даў 100 руб. ср. і заявіў, што будзе выдаваць уласным коштам “Pamiętnik”. Спачатку плаціў, пасля перастаў, урэшце Завадскі арыштаваў наклад і прадаў яго, каб атрымаць яму належнае. Загневаны Падбярэскі выехаў у Варшаву (...) На выпадак публічнага канфлікту з Падбярэскім Завадскі просіць Крашэўскага дапамогі пяром. Сам жа мае намер прыватна паінфармаваць Варшаву пра Падбярэскага”[81].

Паспрабаваў Ю.І. Крашэўскі[82] паўплываць і на тых віленскіх паэтаў, хто друкаваўся ў ягоным “Athenaeum”. Асабліва добра атрымалася з У. Сыракомлем, які напачатку надзвычай паважаў Р. Падбярэскага, а пасля з намовы Ю.І. Крашэўскага рэзка перамяніў сваю думку пра яго. Напрыклад, у лісце да А. Плуга ён пісаў:

“Гэты п. рэдактар (...) чалавек прагрэсіўных поглядаў, чалавек, што любіць чалавецтва, хоча на карысць чалавецтву выцягнуць усе нашыя маладыя пісьменніцкія экстраты. Дапамагай яму, і будзе карысць і дзеля нас, і дзеля літаратуры, і дзеля чалавецтва, і дзеля рэдактарскае касы”[83].

Але пасля паездкі У. Сыракомлі ў Губін да Ю.І. Крашэўскага летам 1850 г. вясковы лірнік піша зусім іншае:

“З Падбярэскім парваў канчаткова; парваў бы значна раней (бо ацаніць такога чалавека лёгка), калі б паны не папракалі яго, што шыў боты і прадаваў сукно, бо гэта ўсё ж не загана і не перашкода, каб працаваць у літаратуры. Згадванне такога мінулага не крыўдзіць Падбярэскага, а крыўдзіць шаўцоў і гандляроў, у якіх болей сумлення, чым яго мае рэдактар “Pamiętnika Naukowo-Literackiego[84].

Тое ж і ў лісце да Адама Плуга:

“Я чуў пра Падбярэскага, што ён быў арыштаваны за нейкія любоўныя інтрыгі ў Варшаве; што да нашых асабістых стасункаў, дык іх не існуе. Нядобры, нетактоўны, няварты даверу – ён без мяне, і я без яго выдатна абыдземся. (...) Крашэўскі – гэта чалавек прыстойных прынцыпаў. (…) Падбярэскі псуе яму імя і славу не пяром, бо гэтая зброя не страшная ў руках п. Рамуальда і ягоных бліжэйшых сяброў, а ўшчыплівымі словамі, якія шчодра раскідае ў дамах Вільні ды Варшавы”[85].

“Дапамог” У. Сыракомлю змяніць думку пра Р. Падбярэскага змест “Pamiętnika”. Не зрэфармаваўшы чацвёрты томік “Rocznika”, Р. Падбярэскі падаў чытачу “Pamiętnik” у зусім іншым выглядзе. Замест слабых (у большасці) вершаў і невыразных празаічных твораў альманаха ў новым выданні цэнтральнае месца заняла публіцыстыка. Гэта стала магчыма пасля таго, як у Кіеве перастала выходзіць “Gwiazda” і ейным публіцыстам прыдаўся новы віленскі часопіс. Асабліва вострымі і палемічнымі сталі артыкулы “Pamiętnika”, як Р. Падбярэскі надрукаваў у трэцім сшытку першага тома “Ліст выдаўца “Pamiętnika” да Альберта Грыфа”[86]. Гэту працу крытыка нельга назваць арыгінальнаю: усе асноўныя палажэнні яе запазычаны з “Агляду расійскае літаратуры за 1847 год” В. Бялінскага. Развіваючы традыцыі “Gwiazdy”, дзе яшчэ раней пачалася дыскусія пра рамантычную літаратуру з выкарыстаннем артыкулаў расійскага крытыка, Р. Падбярэскі паспрабаваў перанесці ідэі “натуральнае школы” на польскмоўную літаратуру. Аднак ні “гвяздаўцам”, ні рэдактару “Pamiętnika” не ўдалося знайсці ў сваёй літаратуры прыкладаў, як знайшоў В. Бялінскі ў расійскай, каб паказаць пісьменнікам узор, годны наследавання[87]. Для польскамоўных пісьменнікаў кансерватнунага накірунку думка В. Бялінскага, што мастацтва павінна служыць грамадскім справам, была надзвычай крамольнаю. У. Сыракомля, хоць і не належаў да іх ліку, у гэтым моманце салідарызаваўся з імі. Ён, спрабуючы паўплываць на Р. Падбярэскага (каб той змяніў накірунак “Pamiętnika”), піша да яго запіску з просьбаю надрукаваць артыкул “Думкі пра напісанне гісторыі вайсковага майстэрства ў палякаў”, а таксама больш звяртаць увагу на гісторыю народу[88]. Апрача таго, ён не можа прыняць крыклівы тон “гвяздаўцаў”.

“Я хачу паспавядацца перад табою, чаму не належу да кола, што фігуруе ў “Gwiazdzie”, “Wiązce”, чаму парваў з “Pamiętnikiem”. Не лічы мяне педантам, я паднімуся на ўсе братэрскія заклікі. Можа сам калі-небудзь паклічу да часопіса, толькі хачу менш шуму, а больш развагі. Калі б ты ведаў, колькі вэрхалу, колькіх ганенняў быў прычынаю той экстрат ідэі – “Цудоўны капялюш”. Мой Божа! Ці ж гэта настолькі добрая справа, каб дзеля яе станавіцца пакутнікам?”[89]

Р. Падбярэскі, як вядома, не прыняў прапанову У. Сыракомлі, што прыспешыла пагаршэнне адносінаў між імі. Падобнае адбылося і ва ўзаемадачныеннях рэдактара-выдаўца з некаторымі іншымі віленскімі аўтарамі. Напрыклад, у апошніх сшытках другога тому няма вершаў Антона Эдварда Адынца (друкаваўся пад псеўданімам Інакенці Старушкевіч): Ігнат Галавінскі ў лісце з Пецярбурга заклікаў яго і І. Ходзьку адмовіцца ад супрацоўніцтва з Р. Падбярэскім.

Усё гэта падштурхнула Р. Падбярэскага (вядома, галоўнаю прычынаю была адмова А. 3авадскага, хоць у Вільні існавала некалькі друкарняў) на пераезд у Варшаву, дзе напачатку 1851 г. Унгер пачаў друкаваць сёмы сшытак часопіса[90]. I, відаць, Р. Падбярэскі працягваў бы сваю літаратурна-выдавецкую дзейнасць у сталіцы Цэсарства, калі б не паліцэйскія рэпрэсіі ў снежні 1850 г.

Арьштаваны яшчэ ў 1847 г. эмісар Польскага Дэмакратычнага Таварыства Вялічка паведаміў, што ў часе свайго побыту ў Парыжы ён чуў пра існаванне на Літве нейкае таемнае літаратурнае суполкі ды пра ейныя сувязі з эміграцыяю. Улады ўзмоцнілі нагляд за віленскімі літаратарамі[91]. Выезд Р. Падбярэскага ў Варшаву быў ўспрыняты як пацвярджэнне словаў арыштаванага эмісара. Узнікла мажлівасць адным ходам расправіцца з нелаяльным да рэжыму літаратурным рухам, што і было выканана ў студзені–маі 1851 г. Р. Падбярэскі і ягоныя супрацоўнікі С. Кліманская, Э. Жалігоўскі і У. Палюбінскі па загаду самога Мікалая I высланы ў аддаленыя губерні Расійскае імперыі[92]. Р. Падбярэскі неаднаразова будзе спрабаваць вярнуцца да ранейшых заняткаў[93], аднак мясцовыя ўлады не мелі права адмяняць царскую пастанову. Ссыльны памёр 10 кастрычніка І856 г. ў псіхіятрычным шпіталі[94].

Рамуальд Падбярэскі быў адной з цэнтральных фігураў у літаратурна-грамадскім жьцці краю. Вызнаваў ён сябе, як і іншыя ўраджэнцы Віленшчыны, ліцвінам, выхаваным на польскай культуры. Р. Падбярэскі ўжо ў другой палове 30-х гг. абірае цяжкі шлях літаратара, прагнучы вядомасці, славы, дастатку. Свае намаганні ён скіроўвае на ніву польскамоўнае літаратуры краю, разлічваючы у хуткім часе заняць у ёй прыкметнае месца. Дзеля гэтага ён выкарыстоўвае сваю энергію, спрыт і здольнасці ў тых яе галінах, якія менш за ўсё былі апрацаваныя. Так, ён займаецца, перакладам на польскую мову расійскіх казак, але гэтае, па-сутнасці, славянафільскае пачынанне не знаходзіць водгуку ў землякоў. З прычыны адсутнасці прафесіянальных рэдактараў-выдаўцоў Р. Падбярэскі спрабуе свае сілы на гэтым полі дзейнасці. Павярхоўнае знаёмства з жыццём і звычаямі беларускага люду на нейкі час (1842–1847) прыводзіць яго ў асяроддзе беларускае інтэлігенцыі ў Пецярбурзе, якое ён абуджае да больш актыўных дзеянняў і сам дае прыклад, як працаваць на карысць свайго краю. Не лічачы сябе беларусам і не беручы на сябе адказнасці за развіццё беларускае літаратуры, Р. Падбярэскі, тым не менш, клапоціцца пра ейную будучыню. Гэта, перш за ўсё, беларускія матэрыялы ў трох томіках “Rocznika Literackiego” змешчаныя ім (часта схіліўшы аўтараў да іх напісання) як рэдактарам альманаха; гэта і “геаграфічна-статыстычныя” “Лісты пра Беларусь”; гэта і асобныя публікацыі (што грунтаваліся на матэрыялах літаратараў-беларусаў, надрукаваных ім раней) у расійскім часопісе “Иллюстрация”. Ну і, вядома, першы нарыс новае беларускае літаратуры “Беларусь і Ян Баршчэўскі”. Дадзеныя ім характарыстыкі асобным з‘явам грамадскага і літаратурнага жыцця вызначаюцца дакладнасцю і лаканічнасцю. Вылучэнне аўтара беларускамоўнае “Энеіды” (І. Манькоўскага) і Я. Баршчэўскага, што пісалі па-беларуску, на ролю сапраўдных народных пісьменнікаў – самае моцнае месца нарыса Р. Падбярэскага. Каб быць народным, каб служыць народу – трэба пісаць на мове гэтага народу. Гэтыя словы крытыка можна лічыць сапраўдным кутнім каменем новага беларускага літаратуразнаўства, новае беларускае паэзіі і прозы.



[1] Пра бацькоў Р. Падбярэскага знаходзім звесткі ў пазнейшым дапіску Камілы з Хэлхоўскіх Шэмешавае на лісце Адама Шэмеша (сябра Рамуальда) да Людвіка Падбярэскага: “Сям‘я Падбярэскіх вядомая на Літве з няшчасцяў. Бацьку іхняга саслалі пасля рэвалюцыі трыццатага году ў Сібір, і там ён памёр. Маці Людвіка ад весткі, што бацька схоплены і пасаджаны ў вязніцу, спаралізавала, а іхнюю маёмасць расійскі ўрад канфіскаваў. Старэйшы сын Рамуальд быў сасланы ў Сібір, і там памёр. Людвік ад пакутаў звар‘яцеў, а малодшы Казімір аслеп у вязніцы. Усю гэтую сям‘ю паважалі і шанавалі з прычыны вялікае справядлівасці характару і шляхетнасці пачуццяў” // Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 5199III. Т. 3. Арк. 67 адв.

[2] Каханоўскі Г. А., Малаш Л. А., Цвірка К. А. Беларуская фалькларыстыка. Мн., 1989. С. 68–69.

[3] Тамсама.

[4] Паводле “Успамінаў” З. Фялінскага Р. Падбярэскі вывучаў у Маскве права “без шчырага намеру аднак сур‘ёзна аддацца юрыдычнай навуцы, бо за галоўны свой занятак лічыў пісьменства” (Feliński Z. Sz. Pamiętniki. Warszawa, 1986. S. 150).

[5] “Бодянскому, интересовавшемуся польской библиографией, были полезны, в часности, связи Подберезского с виленскими издателями. Как видно из обнаруженного в вильнюском архиве письма Подберезского к издателю Ю. Завадскому от 20 декабря 1837 года, Подберезский был в курсе всех планов Бодянского, связанных с его поездкой в славянские страны и ждал от него весточки из Праги” // Киселев Г. Разыскивается классик. Мн., 1989. С. 48.

[6] Рукапісны аддзел б–кі Варшаўскага універсітэта. Рук. 459.

[7] Пра ўплыў маскоўскіх славянафілаў Пятра Кірэеўскага і Юрыя Самарына згадвае З. Фялінскі, падкрэсліваючы, што асабістымі кантактамі з імі Р. Падбярэскі ганарыўся: “стаў ва ўласных вачах такім знакамітым, што загадаў літаграфаваць свой партрэт у цэлай паставе з рукапісам ў руках, на якім можна разгледзець тытул ”Казкі”.

[8] Рукапісны аддзел б–кі Варшаўскага універсітэта. Рук. 459. Арк. 1.

[9] Тамсама. Арк. 6.

[10] Tygodnik Petersburski. 1839. № 72–74.

[11] Ibidem. № 21.

[12] У Пецярбурзе Р. Падбярэскі, між іншым, стараўся атрымаць з Геральдыі пацвярджэнне свае прыналежнасці да роду князёў Друцкіх-Падбярэскіх, а таксама права на шматмільённы маёнтак. Гэтаю ідэяю ён быў захоплены, здаецца, усё жыццё. Тут дарэчы будзе працытаваць ягоны ліст з Архангельска, які атрымала Паўліна Вільконская: “Развітваюся з Табою яшчэ раз і бласлаўляю, а гэта блаславенства выгнанца, смяротніка! Шкілету! Духу пакутнага! Паручаю Цябе Божай Волі! Божа! Божа!.. Ледзяны вецер нясе марскі пясок на гэтыя словы! Блаславенства Божа! Рамуальд” Пасля быў постскрыптум: “Далучаю маю візітоўку. Tout a vous”. На візітоўцы была княская шапка і мітра. (Wilkońska P. Moje wspomnienia o życiu towarzyskim w Warszawie. Warszawa, 1959. S. 307–308).

[13] Ю.ІКрашэўскі ў 1841 годзе пачаў выдаваць часопіс “Athenaeum”.

[14] Можна падаць яшчэ адно цікавае сведчанне адносінаў РПадбярэскага з славянафіламі. У лісце ад 11 лістапада 1842 г. ПКірэеўскі піша ВЕлагіну: “Я ўвесь гэты час сядзеў над песнямі, якія пайшлі было выдатна; алеЦяпер яны зноў на пэўны час спыніліся, бо ў мяне пасяліўся Падбярэскі, які паступова варяцее; ён мне перашкаджае, і я адно спадзяюся як-небудзь усё уладзіць. Пакуль яшчэ не ўладзіў” (Песни, собранные писателями. Новые материалы из архива П.В. Киреевского) // Литературное наследство. Т. 79. М., 1968. С. 56).

[15] Мажліва, “Дыярыюш” С. Бельскага, надрукаваны ў “Athenaeum” (1842. № 4).

[16] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6454IV. Арк. 221–222 адв.

[17] “Athenaeum”. 1841. T. VІ. S. 120–125. У прыпісе да перакладу, адзначыўшы, што на Літве пра збор казак ніхто і не думаў, Р. Падбярэскі гаворыць пра штучную мову выданняў К. Вуйціцкага. Зрэшты, “народжаны на Літве, дзе просты люд “mówić językiem zrusiałym”, я не здольны зразумець мову простага люду ў Кароне”.

[18] Пра што толькі не пісаў Р. Падбярэскі! “Музычны вечар, дадзены Скібінскаю ў Маскве” (№ 49), “Пра новы спосаб куцця коней без цвікоў з дапамогаю гэтак званых гіпасандаляў” (№ 52), “Колькі слоў пра драматычны спеў” (№ 53), “Імправізатар Джавані Джусціяні ў Маскве” (№ 59), “Пра новае прымяненне пары“ (№ 81), “Нязручнасці пры ацяпленні памяшканняў з дапамогаю агравальных скразнякоў” (№ 82).

[19] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6454IV. Арк. 223–223 адв. Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 30.08.1841 г.

[20] Тамсама.

[21] Дьяков В.А. Тарас Шевченко и его польские друзья. М.,1964. С. 22.

[22] Athenaeum. 1842. T. I. S. 166.

[23] Ibidem. T. VI. S. 189–193.

[24] Рукапісны аддзел Ягелонскае бкі ў Кракаве. Рук. 6457IV. Арк. 227 адв. Ліст РПадбярэскага да Ю.ІКрашэўскага ад 10.10.1841 г.

[25] Тамсама.

[26] Рукапісны аддзел Публічнае бкі імя М.ЯСалтыкова-Шчадрына. Ф. 1000. Воп. 2. Адззах. 1023.

[27] РПадбярэскі часта называе сябемаладым літаратарам”, маючы на ўвазе, відаць, не ўзрост (бо яны з Ю.ІКрашэўскім аднагодкі), а свой літаратурны стаж.

[28] Рукапісны аддзел Ягелонскае бкі ў Кракаве. Рук. 6457IV. Арк. 232 адв. Ліст РПадбярэскага да Ю.ІКрашэўскага ад 5.12.1842 г.

[29] Рукапісны аддзел Ягелонскае бкі ў Кракаве. Рук. 6457IV. Арк. 245. Ліст РПадбярэскага да Ю.ІКрашэўскага ад 2.02.1842 г.

[30] Не магу знайсці слоў, каб выказаць маю ўдзячнасць за ласкавыя твае клопаты пра лёс мае кніжачкі; дзякую Небу, што дало мне Цябе ў заступнікі; лёс мае літаратурнае кар‘еры ў Тваіх руках“ (Тамсама). I яшчэ: “Па-праўдзе, не ведаю, якія словы знайсці, каб падзякаваць Табе, шаноўны Пане, за столькі хвалебных словаў пра мае працы. Я ж дзесяць гадоў таму стаў бы пісьменнікам, каб якая паважаная ў літаратуры асоба нешта падобнае сказала” (Тамсама).

[31] Па сведчанню Р. Падбярэскага, Л. Штырмер замяніў яму Адама Шэмеша, сасланага ўладамі ў Херсон.

[32] “Сучасная музыка” (№ 2), “Пра Мінскую гандлёвую кампанію і колькі словаў пра патрэбу ў нас і важнасць прамысловасці з матэрыяльнага і маральнага пунктаў гледжання” (№ № 8, 9, 11), “Польскі метад п. А. Язьвінскага” (№ № 18, 19), “Рыгор Грачына” (№ 20), “Колькі словаў пра мастакоўскія працы ў Пецярбурскай Акадэміі Мастацтваў, а таксама пра польскіх мастакоў, якія там працуюць” (№ 36, 44, 51, 53. 59, 69, 71).

[33] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6457IV. Арк. 236 адв. Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 2.02.1842 г.

[34] Ю.І. Крашэўскага.

[35] М. Грабоўскага.

[36] Выдавец высылаў сваім знаёмым падпісныя білеты на выдаваны ім часопіс ці кніжку, каб яны збіралі яму падпісчыкаў.

[37] М. Грабоўскі.

[38] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6457IV. Арк. 35–35 адв. Ліст С.А. Ляховіча да Ю.І. Крашэўскага ад 5.12.1842 г.

[39] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6457IV. Арк. 256. Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 5.01.1843 г.

[40] Athenaeum. 1843. T. I. S. 132–149.

[41] Ibidem. S. 189.–193.

[42] Р. Падбярэскі дзеля гэтае невялічкае аповесці замовіў 30 ілюстрацый. Каб змясціць іх усе, ён мусіў, без ведама аўтара, рабіць устаўкі ў тэкст. Гэта стала прычынаю разладу між былымі сябрамі.

[43] Tygodnik Petersburski.. 1843. № 51.

[44] М. Грабоўскі звярнуў увагу на ўсе беларускія матэрыялы, вылучыўшы вершы “Дзеванька” і “Гарэліца”, пакладзеныя А. Абрамовічам на музыку: “…мы ўдзячны пану Антону Абрамовічу за спісанне колькіх мелодый беларускіх народных спеваў. Пакідаем кампетэнтным суддзям сказаць, ці мае беларуская музыка адрозны характар у шэрагу іншых славянскіх? (...) Мы лічым за найвялікшую заслугу спісванне такіх спеваў. Гэта, на маю думку, неабходны матэрыял дзеля авалодвання калі-небудзь сапраўды нацыянальнаю танічнаю паэзіяю; а такі блізкі прыклад карысці, здабыты гэтаю дарогаю расійскімі кампазітарамі п.п. Вярстоўскім і Глінкаю, павінен пераканаць п. Абрамовіча, якую ён добрую справу пачаў” // Tygodnik Petersburski. 1843. № 54.

[45] Грабоўскі Міхал (1804–1863), эстэтык, літаратурны крытык, пісьменнік. У 30–40-я гады быў адным з самых уплывовых публіцыстаў Беларусі, Украіны і Літвы. Няраз пісаў пра ролю фальклору ў развіцці тагачаснае літаратуры.

[46] Рукапісны аддзел б–кі Варшаўскага універсітэта. Рук. 459. Арк. 1 адв.

[47] Рукапіс падпісаны “Выдавец”.

[48] Ю.І. Крашэўскі не надрукаваў дасланыя яму выняткі з перакладаў Р. Падбярэскага. Між іншым, там былі творы М. Лермантава, раздзелы з “Мёртвых душаў” М. Гогаля.

[49] Маёнтак М. Грабоўскага.

[50] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6457IV. Арк. 270. Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 22.07.1844 г.

[51] Пра гэта гл. ніжэй.

[52] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6475IV. Арк. 272 . Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 22. 07. 1844 года.

[53] Podbereski R. Białoruś i Jan Barszczewski // Barszczewski J. Szlachcic Zawalnia, czyli Białoruś w fantastycznych opowiadaniach. T. I. Petersburg, 1844.

[54] На нашу думку, артыкул Г. Г. “Несколько слов о белорусской народной поэзии и о белорусских поэтах” (“Иллюстрированная газета”. 1866. № 20–21) – гэта рускамоўная версія нарыса “Беларусь і Ян Баршчэўскі”, што больш за дзесяць гадоў праляжала ў рэдакцыйным партфелі.

[55] Tygodnik Petersburski. 1844. № 82.

[56] Ibidem.

[57] Яшчэ ў 1842 годзе Р. Падбярэскі пісаў у “Tygodniku” (№ 36) пра працы Т.Р. Шаўчэнкі “Цыганка-гадалка” і “Гермафрадзіт”. Больш падрабязна пра гэта: Александровіч С. Слова – багацце. Мн., 1981. С. 311–313.

[58] Tygodnik Petersburski. 1844. № 95.

[59] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6475IV. Арк. І22 адв.-123. Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 8.12.1844 г.

[60] Tygodnik Petersburski. 1846. № 70.

[61] Rocznik Literacki. 1846. T. III. S. 1–8.

[62] Tomkiewicz S. Przyczynek do biografii Władysława Syrokomli na podstawie autografów // Tygodnik Illustrowany. 1882. T. 13. № 315. S. 11.

[63] Рукапісны аддзел Ягелонскае бкі ў Кракаве. Рук. 7815IV. Арк. 101–101 адв. Ліст Р. Падбярэскага да А. Вярыгі-Дароўскага ад 21.07.1847 г.

[64] Тамсама. Арк. 102.

[65] Иллюстрация. 1847. Т. 5. № 36.

[66] Иллюстрация. 1848. Т. 6. № 1.

[67] Илюстрация. 1848. Т. 6. № 22 і 154.

[68] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6475IV. Арк. І40 адв. Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 14.11.1847 г.

[69] Tomkiewicz S. Przyczynek do biografii Władysława Syrokomli na podstawie autografów // Tygodnik Illustrowany. 1882. T. 13. № 314. S. 28.

[70] Рукапісны аддзел Нацыянальнае бкі ў Варшаве. Рук. 2915. Арк. 257 адв. Ліст У. Сыракомлі да А. Плуга ад 15.06.1848 г.

[71] Tomkiewicz S. Przyczynek do biografii Władysława Syrokomli na podstawie autografów // Tygodnik Illustrowany. 1882. T. 13. № 316. S. 28. (Ліст У. Сыракомлі да Р. Падбярэскага ад 11.11.1848 г.).

[72] Больш падрабязна пра гэта гл.: Хаўстовіч М. Творчасць Рамуальда Падбярэскага віленскага перыяду // Славянскія літаратуры ў сусветным кантэксце. У дзвюх частках. Мн., 1999. Ч. 2. С. 173–177.

[73] Рукапісны аддзел Нацыянальнае б–кі ў Варшаве. Рук. 2915. Арк. 269 адв. Ліст У. Сыракомлі да А. Плуга ад 11.01.1849 г.

[74] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6475IV. Арк. І43. Ліст Р. Падбярэскага да Ю.І. Крашэўскага ад 10.02.1849 г.

[75] Rocznik Literacki. 1849. T. IV. S. XXII.

[76] Ibidem.

[77] Tygodnik Petersburski. 1849. № 24.

[78] Efekt hubinskaje krytyki. List do wydawcy // Gwiazda. 1849. (Гэты артыкул у 1850 годзе РПадбярэскі выдаў асобнаю брашураю: List Zofii z Brzozówki do Benedykta Dolęgi. Z powodu krytyki p. Kraszewskiego na ”Rocznik Literacki”.

[79] Гаворка пра “Pamiętnik Naukowo-literacki”.

[80] Turkowski T. Materjały do dziejów literatury i oświaty na Litwie i Rusi. T. III. Wilno, 1937. S. 164.

[81] Ibidem. S. 168.

[82] Ю.ІКрашэўскі нават стварыў карыкатуру на РПадбярэскага ў аповесціКамедыянты” (1851) – вобраз нікчэмнага літаратара Маўрыцыя Галабока, аднаго з эпізадычных персанажаў: “Ён спрабаваў рознага хлеба: прадаваў у краме, быў гувернёрам, аж нарэшце, з прычыны, што ўмеў чытаць ды невыразна пісаў, пачуў сябе здольным да літаратуры. Не ведаючы мовы, працаваў дзеля мовы; не будучы пісьменнікам, прысвяціў сябе літаратуры; не маючы грошай, быў выдаўцом; не маючы таленту, пазычаў яго ў іншых ды на свой перапрацоўваў”. У іншым месцы твора дадзена яшчэ больш катэгарычная ацэнка: “бясцэнны арыгінал, гультай, франт, круцель і дурань, якіх няшмат”.

[83] Рукапісны аддзел Нацыянальнае бкі ў Варшаве. Рук. 2915. Арк. 284–284 адв. Ліст У. Сыракомлі да А. Плуга.

[84] Рукапісны аддзел Ягелонскае б–кі ў Кракаве. Рук. 6480IV. Арк. 22 адв. Ліст У. Сыракомлі да Ю.І. Крашэўскага ад 10.01.1851 г.

[85] Рукапісны аддзел Нацыянальнае б–кі ў Варшаве. Рук. 2915. Арк. 294. Ліст У. Сыракомлі да А. Плуга ад 15.02.1851 г.

[86] Pamiętnik Naukowo-Literacki. 1849. № 3. S. 149–158.

[87] Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832–1851. Warszawa, 1966. S. 302.

[88] Tomkiewicz S. Przyczynek do biografii Władysława Syrokomli na podstawie autografów // Tygodnik Illustrowany. 1882. T. 13. № 319.

[89] Рукапісны аддзел Нацыянальнае б–кі ў Варшаве. Рук. 2915. Арк. 295. Ліст У. Сыракомлі да А. Плуга ад 15.02.1851 г.

[90] Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832–1851. S. 320.

[91] Больш падрабязна пра гэта гл.: Fajnhauz D. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi 1846–1848. Warszawa, 1965. S. 338–340; яго ж: Walka o postęp spoleczny w publicystyce Wileńskiej w połowie XIX w. // Rocznik Białostocki. T. IV. 1966. S. 36–39.

[92] Вось як сам РПадбярэскі апавядае пра гэта: “Выпадак са мною няхай будзе навукаю, што нават самае дакладнае выкананне загадаў цэнзуры яшчэ не абараняе выдаўца. VII сшытак майго “Pamiętnika”, выданы ў Варшаве пасля дазволу цэнзуры і віленскае і варшаўскае, быў канфіскаваны, а з ім і ўсё маё на гэтай зямлі. Бо як узялі мяне на вуліцы ў Варшаве ў цытадэль, дзе чатыры месяцы выседзеў у фраку і капелюшы, гэтак і выкінулі мяне на вуліцу ў Архангельску, у краі бураў, марозаў, сярод самаедаў, без аніякіх сродкаў да жыцця, бо мая асноваадно праца літарацкая” (Ліст да невядомага // Przegląd Polski. 1880–1881. T. 59. Z. IX. S. 438).

[93] Дьяков В.А. Тарас Шевченко и его польские друзья. М., 1964. С. 22; Wilkońska P. Moje wspomnienia o życiu towarzyskim w Warszawie. Warszawa, 1959. S. 238, 491.

[94] Пачынальнікі.З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ стагоддзя. Мн., 1977. С. 488.



Hosted by uCoz

Да зместу