Да зместу

Мікола Хаўстовіч

Творчасць Яна Баршчэўскага ў ацэнках крытыкі

Творчасць пісьменніка ці паэта толькі тады становіцца мастацкаю з’яваю, эстэтычнай каштоўнасцю, калі належным чынам асэнсавана літаратуразнаўствам. Але асэнсаванне мусіць насіць навуковы характар, асэнсаванне не павінна падмяняцца інтэрпрэтацыяй, субектыўнымі эстэтычнымі ўражаннямі “даследчыка” альбо рэцэнзента.

На жаль, нягледзячы на тое, што пра творчасць Я. Баршчэўскага гаворка вядзецца больш за сто пяцьдзесят гадоў, належнае ацэнкі яна яшчэ не атрымала. Таму ўзнікла патрэба перагляду ўсяго корпуса даследаванняў творчае спадчыны пачынальніка новае беларускае літаратуры, каб выявіць у ім тыя вузлавыя моманты, якія спрыялі стварэнню пэўных стэрэатыпаў у падыходзе да аналізу “Шляхціца Завальні”, а таксама іншых твораў пісьменніка. Бо толькі пераадолеўшы стэрэатыпы, можна выйсці на шлях сапраўднага навуковага асэнсавання, г. зн. аб’ектыўнага даследавання заканамернасцяў стварэння і функцыянавання мастацкага тэксту.

 

Першая згадка пра Я. Баршчэўскага ў друку – 15 лістапада 1839 г. Гэта абвестка, што ў Пецярбурзе пачынае выходзіць альманах “Niezabudka”, а ягоны выдавец Я. Баршчэўскі, хоць вядомы дасюль толькі ў коле знаёмых ды прыяцеляў, “цешыць сябе думкаю, што чытацкая публіка не будзе падведзена густам, з якім зроблены падбор твораў”. Сам выдавец збірае падпіску ў сябе на кватэры па вуліцы Кананерскай, 14 у доме купчыхі Касаткінай[1].

Праз колькі месяцаў “Niezabudka” выйшла з друку і Тамаш Буцельскі з Масквы, рэцэнзуючы альманах, адным сказам згадаў пра адзін з пяці твораў Я. Баршчэўскага: “Napomnienie matki” (...) ma także swoje zalety”[2].

Ю.І. Крашэўскі, адгукнуўшыся на просьбу выдаўца адрэцэнзаваць альманах, зусім аніводнага слова не сказаў пра творы Я. Баршчэўскага. Адно што падахвоціў складальніка-рэдактара да далейшае працы[3].

Нехта N. N., рэцэнзуючы “Niezabudkę” на 1841 г., зноў жа ўхваляў рэдактарска-выдавецкую працу Я. Баршчэўскага, а ягоную паэзію ацэньваў больш стрымана: “П. Баршчэўскі ў мінулым годзе пазнаёміў нас з больш прыгожымі творамі”. І гэта нягледзячы на тое, што ў томіку былі дзве ці не лепшыя балады Я. Баршчэўскага – “Русалка-спакусніца” і “Дзявочая крыніца”. Ю. Працлаўскі, выдавец “Tygodnika Petersburskiego”, у прыпісе да гэтае публікацыі паведаміў, што ў рэдакцыйным партфелі мае “іншую, амаль цалкам супрацьлеглую рэцэнзію”[4]. Відавочна, маецца на ўвазе дасланы з Масквы крытычны артыкул Р. Падбярэскага, што, здаецца, так і не быў надрукаваны.

Напрыканцы 1841 г. Я. Баршчэўскі просіць змясціць у “Tygodniku Petersburskim” абвестку пра выданне трэцяга томшку “Niezabudki”. Зноў можна падпісацца на кватэры Я. Баршчэўскага (вул. Кананерская, 14, дом Касаткінай).

І толькі ў 1842 г. крытыка звярнула ўвагу на творы Я. Баршчэўскага. У рэцэнзіі на трэці томік “Niezabudki” М. Грабоўскі пісаў: “ідэальнае каханне і мройлівы, што працінае шляхетныя пачуцці, сум па айчыне – гэта асноўная тэма песняў паэтаў і паэтак. Мы заўважылі колькі баладаў п. Баршчэўскага; бачна, што яны заснаваныя на беларускіх простанародных традыцыях. Шкада, што былі змайстраваныя па ўзору ўсіх баладаў, які жахліва стаў банальным, але і напачатку быў не без заганаў. Традыцыя, як ужо простанародная паэзія, мае сваю ўласную сукенку, калі б якую не здымалі, дык болей было б прывабнасці ды разнастайнасці ў форме. Мы хацелі б бачыць гэтыя паданні ў першаснай чысціні”[5]. Цікава, што М. Грабоўскі яшчэ не лічыў Я. Баршчэўскага літаратарам. Бо ў ягоным артыкуле “Пра некалькіх польскіх літаратараў у Пецярбурзе” гаворка ідзе пра Э. Штырмер, Р. Падбярэскага, С.А. Ляховіча, а Я. Баршчэўскі нават не згадваецца[6].

У 1843 г. Ю.І. Крашэўскі паўторыць думку М. Грабоўскага: “У апрацоўцы беларускіх паданняў, здаецца нам, што аўтар не знайшоў адпаведнай формы, і таму, відаць, трацяць яны свежасць, бо форма іх зношаная і непрыдатная”[7].

А сам М. Грабоўскі, ужо атрымаўшы звесткі ад кс. І. Галавінскага пра Я. Баршчэўскага і ягоную творчасць, паведамляе, рэцэнзуючы “Rocznik Literacki” Р. Падбярэскага, пра працу пісьменніка над “Шляхціцам Завальняю”: “У "Нарысе паўночнае Белай Русі", дзе, прынамсi, малюнак краю, здалося нам, выкананы выключна таленавiта i з пачуццём, бачым мы ўступ да тых фантастычных апавяданняў, заснаваных на паданнях цi, хутчэй, на забабонах беларускага люду, якiя, паводле прыватных паведамленняў, могуць абудзiць цiкавасць. Яшчэ ў мiнулым годзе, кажучы пра “Niezabudkę“, я раiў п. Баршчэўскаму, каб даў нам адно змест сваiх баладаў, i цяпер паўтараю, каб паданнi, нават апрацаваныя вершам, перадаў прозаю. Спадзяюся, што ў творы, пра якi нам паведамлена i якi, здаецца, будзе называцца “Апавяданнi беларуса Янкi”, убачым у дзеяннi тыя малюнкi народнае беларускае фантазii, якiя гэтым разам у агульны толькi абраз звёў аўтар “Нарыса...”[8]. Адно месца “Нарыса...” даткліва кранула крытыка: “Пан Баршчэўскі кажа, што ў ягонай маладосці самотнасць і натура вучылі яго сапраўднай паэзіі лепей, чым цяперашнія гаваркія крытыкі. Самотнасць і натура нарадзілі ў яго душы агеньчык паэзіі, але памылковыя літаратурныя паняцці намаўлялі яго пісаць кепскія балады. Дык мусіць дзякаваць святым парададаўцам, якія паказалі яму шлях, па якім не толькі сабе славу здабудзе, але яшчэ і нечуваныя паэтычныя скарбы свайго роднага краю выявіць”. Праўда, гэтыя, напісаныя 30 мая, радкі М. Грабоўскага нарадзіліся ўжо пад уплывам прыватнага ліста кс. І. Галавінскага пра творчасць Я. Баршчэўскага. Ліст гэты крытык уключыў у свой, закончаны 8 красавіка, артыкул, прызначаны ў варшаўскі часопіс “Pielgrzym”[9]. Напачатку М. Грабоўскі яшчэ раз звяртае ўвагу на “пасрэднасць” баладаў паэта, паведамляе, што Я. Баршчэўскага “ўжо намовілі перадаваць прозаю тыя самыя традыцыі, з якіх ён браў змест баладаў”, а пасля цытуе ліст кс. І. Галавінскага, выдатнага знаўцы творчасці Я. Баршчэўскага. У лісце, па-першае, даецца характарыстыка асобы пісьменніка, па-другое, характарыстыка ягонае творчасці. Так, мы даведваемся, што Я. Баршчэўскі “не просты збіральнік апавяданняў”, што ён “шчыры беларус, не цяпер, а з самага дзяцінства”, што ён правёў усё жыццё з людам, і хоць выхоўваўся ў езуітаў, але гэта не пазбавіла яго пачуцця і прастаты; што Я. Баршчэўскі выдатна ведае ўсю Беларусь, бо 30 разоў абышоў яе пешкі, што і зараз штогод адведвае з Пецярбурга свой край, дзе яго, як барда, міла прымаюць. Апрача таго, І. Галавінскі дастаткова арыгінальна характарызуе творчую манеру пісьменніка, якога ён лічыць найлепшым “прадстаўніком простанароднае фантастычнасці і звычаяў беларускага люду”. Цікава, што крытык заўважыў падабенства апавядальніцкага майстэрства Я. Баршчэўскі на гавэндны стыль Г. Равускага (“не саступіць Сапліцы”), які, як вядома, адзначаецца пэўным прымітывізмам (“усё там па-майстэрску выканана пад выглядам найвялікшае прастаты”). Лірызм прозы Я. Баршчэўскага, ягоная захопленасць прадметам свайго даследавання нараджае ў крытыка не зусім адэкватнае ўспрыняцце твора: “поўны сапраўднае веры <…> бо з вераю кожнае апісанне без параўнання больш жывейшае і праўдзівейшае”, што пазнейшымі літаратуразнаўцамі будзе трактавацца просталінейна і паслужыць дзеля абгрунтавання кансерватыўнасці і рэакцыйнасці пісьменніка. Адзначае І. Галавінскі і ўменне Я. Баршчэўскага падаць матэрыял, якім ён валодае. Крытык зусім справядліва засяроджвае ўвагу на тым, што творчасць Я. Баршчэўскага – гэта не пераклад і нават не апрацоўка беларускага фальклору: “дзіўны мае інстынкт у апрацоўцы паданняў, амаль нічога свайго не дадае, а ўсё – яго ўласнае; голая казка не мела б аніякае вартасці, але ён аздабляе яе іншымі паданнямі, дасканала драматызуе, і раптам вырастае нешта суладнае, поўнае простанароднае праўды і самага сапраўднага жыцця”. Відаць, зачараваны беларускасцю прозы Я. Баршчэўскага, крытык смела кажа пра мову твора, што яна не польская, “а беларуская. У кожным слове быццам чуеш беларуса”. Невядома, наколькі І. Галавінскі ведаў жывую беларускую мову – мову народа, але, відавочна, гаворка ў яго не пра яе – ён кажа пра мову літаратурную, мову паэтаў і пісьменнікаў, якія паходзілі з Беларусі. Характэрна, што мова гэтая – “не польская”. І варта верыць чалавеку, які польскую мову ведаў выдатна.

У 1844 г. у пятым томіку “Niezabudki” Я. Баршчэўскі змясціў аповесць “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”. Твор быў зусім незвычайным для 40-х гг. ХІХ стагоддзя., калі і ў расійскім, і польскім літаратурным працэсе ўзмоцніліся рэалістычныя тэндэнцыі, калі рамантычная эстэтыка ледзь не цалкам адмаўлялася. Таму Z. L. (Зянон Фіш?) перш за ўсё ў гэтай аповесці Я. Баршчэўскага бачыў толькі рэальны пласт: апісанні мясцовасці, малюнкі вясковага жыцця і г. д. Крытык заахвочвае аўтара, які “дасканала ведае сваю Беларусь”: “няхай нам кажа пра яе мясцовасці, пра яе паданні і пра свае прыгоды[10]”. Рэцэнзент супраць элементу цудоўнасці. На яго думку, фантастычнае не можа іграць галоўную ролю ў творы. Нават калі гэты фантастычны вобраз узяты з падання, дык “стокроць лепей, каб ён сядзеў сабе на Белай Русі, а ў “Niezabudkę” яму нельга”. Непраўдападобным здаўся крытыку факт, што апавядае пра “кабету Інсекту пан Ротмістар, чалавек, які меў і трохі навукі, і жыў у свеце, і ўдзельнічаў у бітвах, дык не мог верыць у інсекту ды казаць усур’ёз падобныя рэчы”. Відавочна, Z. L. не здолеў зразумець сутнасць фантастыкі Я. Баршчэўскага, не здолеў зразумець яе алегарычны і сімвалічны характар. І гэта нягледзячы на тое, што крытык, жывучы ў Пецярбурзе, меў мажлівасць сустракацца з Я. Баршчэўскім, належаць да аднаго кола. А вось выдавец “Tygodnika Petersburskiego” Ю. Працлаўскі сваімі заўвагамі ды пярэчаннямі рэцэнзенту засведчыў сваю дасведчанасць у дадзеным пытанні, сваю здольнасць бачыць сутнасць твора.

Напрыканцы 1844 г. Ян Эйнерлінг выдаў першы томік “Шляхціца Завальні”, у якасці прадмовы да якога выкарыстаны артыкул Р. Падбярэскага “Беларусь і Я. Баршчэўскі”[11]. Фактычна, гэта першы нарыс Новае беларускае літаратуры, у якім крытык вызначыў пэўныя крытэрыі гэтае літаратуры: па-першае, “чыста народнаю” ён называе літаратуру на беларускай мове, па-другое, нацыянальнай ён лічыць літаратуру, якая закранае нацыянальныя праблемы, нацыянальнае жыццё, а не на замежны лад апявае чужыя пачуцці. Нарыс Р. Падбярэскага – гэта і першая біяграфія Я. Баршчэўскага. Больш за тое, усе наступныя біёграфы пісьменніка карысталіся звесткамі ці не толькі з яе.

Р. Падбярэскі, відавочна, быў ў коле “пасвечаных” у алегарычны змест “Шляхціца Завальні”. Гэта выяўляецца ў падцэнзурным артыкуле крытыка. Ужо на самым пачатку гаворкі пра твор Я. Баршчэўскага ён шматзначна кажа, што “значэнне (паданняў. – М. Х.), не заўважанае ўяўнымі прыхільнікамі, выразней выявіцца пасля выдання ўсіх беларускіх апавяданняў. З’яўляюцца яны нібыта ўступам да таго паэтычнага вобраза Беларусі, які аўтар наважыўся развіць у большым сумеры”. Ён яшчэ няраз будзе падкрэсліваць, што твор Я. Баршчэўскага мае сувязь з вельмі важнай рэччу, а менавіта, з нацыянальным духам краю, што “толькі адно ядро належыць простаму народу, увесь малюнак – фантазія аўтара, сатканая на аснове нацыянальных колераў”, што пісьменнік “адкрывае новы край”. Звяртае на сябе ўвагу і наступная думка Р.Падбярэскага: “У народа няма вымыслу без далейшае акрэсленае думкі, толькі часта цяжка яе адчуць, асабліва не ведаючы яго звычаяў”. Такім чынам, крытык паказаў сваё веданне ідэйнае сутнасці твора Я. Баршчэўскага і ў падцэнзурным артыкуле паспрабаваў патлумачыць гэтую сутнасць чытачу.

Элеанора Зяменцкая, пісьменніца і крытык рэлігійна-кансерватыўнага накірунку, у сваёй рэцэнзіі на першы томік “Шляхціца Завальні”, звярнула ўвагу толькі на асобныя аспекты твора. Яе цешыла, што “развіццё беларускага інтэлектуалізму адбываецца на аснове каталіцызму, на чыстым рэлігійным перакананні”[12]. Яна адзначае самабытнасць ды арыгінальнасць таленту Я. Баршчэўскага, ягоную народнасць, маральнасць, духоўнасць, любоў да роднага краю, а таксама параўноўвае “Шляхціца Завальню” з арбскімі казкамі цыклу “1000 і адна ноч”. У адрозненні ад Р. Падбярэскага ў Э. Зяменцкай няма нават і жадання бачыць алегарычна-сімвалічны змест твора Я. Баршчэўскага.

Ананімны рэцэнзент “Biblioteki Warszawskiej”, адзначаючы паэтычную прывабнасць і рэалізм (?!) “Шляхціца Завальні”, казаў пра неабходнасць “большае разнастайнасці”[13].

Для Вінцэнта Пракаповіча “Шляхціц Завальня” заслугоўваў на ўвагу з тае прычыны, што гэта “беларускія апавяданні з паданняў люду”[14] і што пададзеныя гэтыя паданні дастаткова арыгінальна. Зусім правільна лічыць рэцэнзент, што Я. Баршчэўскі “мае намер паказаць з паданняў беларускіх пэўную цэласнасць”, хоць і не тлумачыць, што ён мае на ўвазе. Праўда, далей становіцца зразумела, што “цэласнасць” пісьменнік павінен будаваць з адных толькі народных паданняў. В. Пракаповіч не згаджаецца з ідэйнаю канцэпцыяй кнігі: беларускасць, на яго думку, можа мець у польскай кнізе адно толькі этнаграфічны каларыт, беларускасць можа насіць толькі паданневы (г. зн. не “аўтарскі”) характар. Калі ж беларускасць стварае аўтар, дык гэта ўжо “святатацтва”. Стыль Я. Баршчэўскага рэцэнзент называе “поўным прастаты і лёгкасці”, але польская мова пісьменніка яго не задавальняе. Беларускія правінцыялізмы ён лічыць “русізмамі” і заклікае пазбаўляцца ад іх.

Ананімны аўтар “Rozmaitości Lwowskich” бачыць у “Шляхціцы Завальні” малюнак “найменш вядомага <…> краю Польшчы”[15] і чакае, калі з’явяцца падобныя малюнкі Падолля, Падляшша і Пакуцця.

Пасля выхаду ў свет усіх чатырох томікаў “Шляхціца Завальні” крытыка не звяртала ўвагу на творчасць Я. Баршчэўскага. Хіба што згадвалі пра пісьменніка Р. Падбярэскі[16] ды М. Грабоўскі, які па-ранейшаму лічыў, што Я. Баршчэўскі “пазбіраў паэтычныя простанародныя паданні”[17].

І толькі смерць Я. Баршчэўскага ў 1851 г. прыцягнула ўвагу літаратурнае грамадскасці да ягонае асобы і творчасці. У пяці польскамоўных выданнях з’явіліся некралогі[18]. Найбольш каштоўны – артыкул Юльяна Барташэвіча, супрацоўніка “Niezabudki”, чалавека, які добра ведаў Я. Баршчэўскага. Нягледзячы на гэта, біяграфічныя звесткі літаратуразнаўца запазычвае з нарыса Р. Падбярэскага “Беларусь і Ян Баршчэўскі”. І нават характарыстыка творчасці пісьменніка, зробленая Ю. Барташэвічам, запазычаная з першага нарыса Новае беларускае літаратуры. Хіба што больш пераканаўча прагучала сцверджанне: “класік пад уплывам новых уяўленняў пакрысе ператвараўся ў рамантыка”[19]. Ю. Барташэвіч падкрэслівае, што Я. Баршчэўскі “кінуў рыфмаванне, узяўся за апрацоўку народных паданняў Беларусі”, бо на такі выбар паўплываў “выдавец “Rocznika Literackiego”, які, па словах Ю. Барташэвіча, яшчэ і выданнем “Шляхціца Завальні” займаўся. Самому твору крытык прысвячае толькі некалькі агульных словаў: “Шляхціц Завальня” – гэта арыгінальны твор, адзіны па сваёй форме ў нашай літаратуры”, хоць, відаць, гэтая ацэнка грунтуецца адно толькі на ацэнцы вартасці формы. Перадусім, аніякіх алюзій пра вартасці зместу (тым больш – ідэйнага зместу) мы не знаходзім.

Аўтар некралогу ў часопісе “Przegląd Poznański” называе Я. Баршчэўскага “вядомым беларускім пісьменнікам”[20], які, нягледзячы на схільнасць пецярбурскіх літаратараў да наследавання набыткаў замежных школаў, “апранае фантастыку ў беларускія шаты”. “Шляхціца Завальню” крытык называе чатырохтомным зборнікам “беларускіх нарысаў”.

Некралог з’явіўся і ў “Tygodniku Petersburskim”[21]. У сталіцы расійскае імперыі памяталі пісьменніка.

Напачатку 50-х гг. Аляксандар Гроза, захоплены творчасцю Я. Баршчэўскага, а таксама ўражаннямі ад асабістай сустрэчы, у аповесці “Нечаканы госць” імкнецца выкарыстаць стыль прозы пісьменніка, ягоныя асобныя вобразы і, урэшце, перыпетыі жыццёвага лёсу. А. Гроза здолеў у прозе Я. Баршчэўскага заўважыць за вонкаваю абалонкаю алегарычны змест і пэўным чынам трансфармаваў яго ў сваёй аповесці[22].

Расійскага чытача з творчасцю Я. Баршчэўскага “знаёміў” Павел Шпілеўскі. Спачатку ў сваім “Даследаванні пра ваўкалакаў” ён пераказаў (можна казаць нават пра пераклад) апавяданне са “Шляхціца Завальні” “Ваўкалак”, змяніўшы імёны герояў ды пазначыўшы, што запісаў дадзенае паданне “ў Аршанскім павеце Магілёўскае губерні”[23]. У тым жа 1853 г. П. Шпілеўскі дае сваю версію “фантастычнае Беларусі”: “Есть у нас на Руси большой край, между Днепром и Западной Двиной: его зовут Белоруссиею... Живут там люди белорусские, потомки древних кривичей и дреговичей, родные братья людей великорусских... Жили-были долго они вместе племенами и родами, но разделились потом: кто на север пошел, кто на юг забрел, а кто и с востоком сдружился; все разрознились и разделились... Остались одни дреговичи и кривичи – люди белорусские – на своих местах... Худо ль, хорошо ли – не выходят из своих хат: их гнетут поляки, полонит Литва, гонят турки и татары, – они терпят да молчат, и все-таки остались на своих местах до сегодня... <…> Они отстали во всем от своих великарусских братьев: не расстались с своими суевериями, не учились ничему”[24]. Ягоны артыкул узнік, бясспрэчна, пад уплывам “Шляхціца Завальні”, пра што сведчыць і назва, і спасылкі на асобныя вобразы твора Я. Баршчэўскага (перадусім, князя Боя і ягоных сабак Стаўры і Гаўры).

У 60–80-я гг. ХІХ стагоддзя асоба і творчасць Я. Баршчэўскага прыцягвала ўвагу толькі бібліёграфаў ды гісторыкаў польскае літаратуры. Казімір Уладзіслаў Вуйціцкі ў ІІ томе “Encyklopedji Powszechnej” даў паводле артыкулаў Р. Падбярэскага і Ю. Барташэвіча кароткую характарыстыку зробленаму Я. Баршчэўскім. Ён няраз падкрэслівае, што пісьменнік сабраў “пад саламянаю страхою беларускіх сялянаў” паданні ды аповесці і “надзвычай таленавіта”[25] падаў іх у “Шляхціцы Завальні”. У “Historyi polskiej literatury” Ю. Барташэвіча падкрэсліваецца вялікая роля “Niezabudki”, якая абудзіла літаратурнае жыццё на Беларусі, а таксама тое, што Я. Баршчэўскі “збіраў і запісваў паданні і казкі люду свае роднае зямлі”[26]. Аляксандар Здановіч у сваім “Rysie dziejów literatury polskiej” таксама кажа пра Я. Баршчэўскага як “збіральніка народных паданняў і песняў”, а “Шляхціца Завальню” называе “багатым і надзвычай цікавым зборнікам аповесцяў беларускага люду”[27], гэтым самым адводзячы Я. Баршчэўскаму адно толькі ролю фалькларыста. Наадварот, творы з зборніка “Proza i wierszy” літаратуразнаўца называе арыгінальнымі.

У расійскамоўным друку гэтага часу знаходзім згадку пра Я. Баршчэўскага ў 53 томе “Русского весника”: уніяцкі, а пазней праваслаўны святар Антон Зубка паведамляе: “Один мой дальний родственник, сын священника Муроговской церкви, Иван Барщевский, воспитанник иезуитский, сделавшись после польским литератором, и описывая свою жизнь и отношения свои к отцу, ни одним словом не намекнул, что отец его был священником унитским, а назвал его шляхтицем из околицы Мороговской”[28]. Адзначым, што А. Зубка ўбачыў у “ШляхціцыЗавальні” апісанне жыцця аўтара.

Нехта Г. Г. змясціў у 1866 годзе ў “Иллюстрированной газете” пераклад-пераказ нарыса Р. Падбярэскага “Беларусь і Ян Баршчэўскі”.

Як на фальклорны зборнік глядзеў на “Шляхціца Завальню” і Адам Кіркор. У сваёй “Живописной России” ён, кажучы пра паэтычную творчасць і багацце фантазіі беларусаў, называе шматлікія міфалагічныя вобразы, узятыя з кнігі Я. Баршчэўскага. “Белорусс, – сцвярджае ён, – любит слушать и рассказывать свои басни. В этих баснях главными действующими лицами являются чаровники и чаровницы, знахари, вовколаки (оборотни), лешие, русалки. Черный гость, живые волоса на голове, чудесная палка, белая сорока, Твардовский, Ставр и Гавр и т. д. Почти каждый рассказ связан с заклятыми девами, с сатаною, берегущим сокровище. Иван Барщевский напечатал на польском языке четыре тома фантастических рассказов из жизни белоруссов, нелишенных интереса. Во всех этих рассказах являются духи, творится сверхъестественное, а клады играют главнейшую роль”[29]. У іншым месцы ён называе Я. Баршчэўскага “поэтом-этнологом” і яшчэ раз падкрэслівае, што змест “Шляхціца Завальні” ўзяты “из народных преданий и поверий”[30].

На пачатку 90-х гг. з асобнымі дробнымі дэталямі жыццёвага лёсу Я. Баршчэўскага знаёмілі польскамоўнага чытача мемуарысты В. Давід[31] і А. Валіцкі[32]. З іх успамінаў больш яскрава вымалёўвалася дзейнасць Я. Баршчэўскага ў Пецярбурзе, ягоная роля ў рэдагаванні “Niezabudki”, а таксама сувязь з Людвікам Штырмерам.

Колькі словаў прысвячае Я. Баршчэўскаму “Wielka Encyklopedja Powszechna Ilustrowana” (T. V–VI), называючы яго вершапісцам і белетрыстам, а “Шляхціца Завальню” – шэрагам “szkiców etnograficzno-powieściowych”[33].

Усе гэтыя працы крытыкаў і літаратуразнаўцаў звычайна толькі павярхоўна закраналі творчасць Я. Баршчэўскага. Звычайна настойліва паўтаралася думка пра “фальклорнасць” “Шляхціца Завальні”, пра выкарыстанне пісьменнікам беларускіх паданняў і казак. Яшчэ не рабіліся спробы больш глыбока глянуць на літаратурны працэс на беларускіх землях, выявіць “тэндэнцыі” ў гэтым працэсе, паспрабаваць абгрунтаваць ідэйныя прыярытэты паэта і пісьменнікаў. Польскае літаратуразнаўства адно толькі канстатавала факты літаратурнага працэсу, бо “палітычна несвабоднае”, падцэнзурнае, яно не магло закранаць больш істотныя праблемы. І толькі ў 1892 г. з’яўляецца, падрыхтаванае 30-гадоваю барацьбою “западно-руссизма” М. Каяловіча з “польским влиянием” на Беларусь, навуковае даследаванне Аляксандра Пыпіна “История русской этнографии”, у якім выкладаюцца канцэптуальныя палажэнні адносна літаратурнага працэсу ў нашым краі ў ХІХ стагоддзі. Прычым, пададзены яны былі пэўным чынам аргументавана, нібыта пераканаўча, а таму змаглі шмат дзесяцігоддзяў уплываць на погляды гісторыкаў літаратуры. А. Пыпін зыходзіць з таго, што “в западном крае эти (народные.М. Х.) массы были в громадном большинстве чужды польской национальности”, але мясцовыя патрыёты лічылі гэты край польскім, яны любілі гэты край, любілі народныя звычаі, “народный (в данном случае белорусский) язык, к которому они привыкли от нянек, домашней прислуги и от сельских рабочих <…> Народно-романтическое направление литературы совпало с этой памятью белорусского и с привязанностью к нему в самой жизни, и в местном патриотизме произошло довольно странное соединение весьма разнородных элементов: этот патриотизм был “белорусский”, но сущность яго была польская. Он был белорусский – по любви к территориальной родине, ее пейзажной и бытовой обстановке, но вся жизнь самого белорусского народа понималась с чисто польской точки зрения: этот народ играл только служебную роль; его бытовое содержание, поэзия не могли ожидать какого-нибудь собственного самостоятельного развития и должны были только послужить к обагащению польской литературы и поэзии, как самый народ должен был питать польскую национальность, в которой он считался...”[34]. У выніку дадзеных разважанняў А. Пыпін прыходзіць да думкі, што хоць мясцовыя патрыёты і казалі пра беларускую літаратуру, але гэта не беларуская літаратура, гэта – польская правінцыйная літаратура, “изображавшая ее (белорусскую. – М. Х.) природу, нравы и обычаи, местные особенности”. Мажліва, асноўны крытэрый, паводле якога зроблена дадзеная класіфікацыя, – мова твораў, хоць нельга выключыць і дастаткова моцны антырасійскі пафас, уласцівы і паэзіі, і прозе польскамоўных аўтараў Беларусі ХІХ стагоддзя. Праўда, А. Пыпін не належаў да ваяўнічага “западно-руссизма”. Ён імкнуўся нават знайсці аб’ектыўныя прычыны “польскасці” беларускіх патрыётаў: “З XVI-го века, и даже ранее, культурная жизнь инородных областей Польши складывалась в польскую форму”. Таму, відаць, Я. Баршчэўскі для яго, хоць і “леў беларускае літаратуры”, аднак адно толькі адлюстроўваў беларускі край і яго жыццё. Расійскі этнограф не бачыць у “Шляхціцы Завальні” нават тых вартасцяў, пра якія гаварылі “польские критики сороковых годов”. Але ён папярэджвае, што глядзіць “с нынешней и русской точки зрения”. Г. зн., з пазіцый расійскага рэалізму канца ХІХ стагоддзя; таму ён мог сцвярджаць: “изображения быта не идут глубоко, отношение к народу остается покровительственное – но и неясное; нет того непосредственного интереса к народу, который был бы нужен и для целей искуства, и диктовался бы мыслью о социальном положении народа”. Заўважыўшы, што сказана недастаткова пераканаўча, А. Пыпін палічыў неабходным агаварыцца (на што, чамусьці, не звярталі ўвагу беларускія літаратуразнаўцы): “Но в тогдашних условиях, когда и в русской литературе только еще готовилось это простое, гуманно-реальное представление народа в понятиях общественных и художественных, а литература польская была еще более далека от подобного представления, рассказы Барщевского могли явиться любопытной новостью, приятною для местных патриотов изображениями быта их родины, а также приятною и для тех, кто уже думал, что должны установиться иные, более человечные отношения к хлопству”. Акадэмік А. Пыпін не здолеў заўважыць у творы Я. Баршчэўскага нешта большае, чым этнаграфічныя апісанні Беларусі ды выкарыстанне беларускага фальклора. Я. Баршчэўскі для яго – толькі правінцыйны пісьменнік.

А вось невядомы аўтар артыкула ў “Русском Биографическом Словаре”, нягледзячы на тое, што характарыстыку “Шляхціца Завальні” запазычыў у асноўным з “Истории русской этнографии”, аднак падкрэслена называе Я. Баршчэўскага “белорусским писателем”. Варта зазначыць, што ён усё ж не падтрымлівае распаўсюджаную думку пра “фальклорнасць” прозы пісьменніка: “Барщевский не гонялся за подлинными текстами народных преданий и свободно развивал свои произведения, кладя народный элемент только в основу”[35].

У пятым томе “Historyji literatury polskiej” П. Хмялёўскі адно толькі назваў Я. Баршчэўскага “lubionym powszechnie oryginałem”, што выдаваў альманах “Niezabudka” ў якім выявіліся беларускія элементы. І гэта нягледзячы на тое, што нават менш значным літаратарам ён адвёў куды больш месца. Прыкладна гэтак жа (“najoryginalnejszym produktem białoruskiej ziemi”) ці (“rownego mu oryginała nie było w innych stronach”) называе Я. Баршчэўскага Аляксандар Брукнер[36]. Праўда, сказаўшы, што ў “Шляхціцы Завальні” маюцца наследаванні народных легендаў і песняў, ён асноўную ўвагу звяртае на беларускамоўныя творы пісьменніка, чым выклікаў здзіўленне ў Я. Карскага: навошта ў гісторыі польскае літаратуры аналізуюцца беларускамоўныя вершы.

Шмат у чым выкарыстоўваючы метадалогію А. Пыпіна, аналізуе беларускую літаратуру ХІХ стагоддзя Яўхім Карскі ў сваёй першай кніжцы “Белоруссов”. Паняцце “беларуская літаратура” для яго штучнае, але ён лічыць усё ж нармальным аб’ядноўваць гэтым тэрмінам беларускамоўныя тэксты. Я. Баршчэўскі ўяўляецца яму папярэднікам “нашего Шпилевского и по объему сведений и по способу изображения белорусской жизни”[37]. Але беларускім літаратарам Я. Баршчэўскі можа лічыцца толькі таму, што ім створаны тры вершы на беларускай мове. Зыходзячы з такое ўстаноўкі, Я. Карскі не лічыць патрэбным звяртаць увагу на польскамоўныя тэксты пісьменніка.

Аўтарытэт расійскіх акадэмікаў аказаўся вырашальным у станаўленні поглядаў на дадзеную праблему украінскіх даследчыкаў беларускага нацыянальнага руху І. Свяціцкага[38] і Д. Дарашэнкі[39]. Яны лічаць усю інтэлігенцыю (і шляхту), якая жыла на Беларусі ў ХІХ стагоддзі – польскаю. Менавіта палякі, на іх думку, займаліся зборам матэрыялаў па народнай творчасці, палякі І. Манькоўскі, А. Рыпінскі, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч і г. д. аж да М. Бурачка і Я. Лучыны рэпрэзентуюць беларускі накірунак альбо “школу” ў польскай літаратуры.

І толькі Рамуальд Зямкевіч, вядомы калекцыянер і бібліяфіл, змог па-іншаму зірнуць на дадзеную праблему. Спачатку, на аснове невядомых сёння архіўных матэрыялаў, у “Нашай Ніве”[40] ён сцвердзіць думку пра пачатак беларускага літаратурнага адраджэння ў 40-я гг. ХІХ ст. ды звяжа гэта адраджэнне з дзейнасцю Я. Баршчэўскага і ягоных аднадумцаў у Пецярбурзе, а таксама будзе казаць пра ўплыў Т. Шаўчэнкі на станаўленне беларускага адраджэння. Існаванне беларускае польскамоўнае літаратуры ён абгрунтаваў тым, што не было “пазвалення” цэнзуры на друкаванне беларускамоўных твораў. У тым жа 1911 г. Р. Зямкевіч друкуе артыкул “Я. Баршчэўскі – першы беларускі пісьменнік ХІХ сталецьця” (у газеце “Наша Ніва”, а пасля – асобным выданнем), дзе гаворыць пра выключную ролю пісьменніка. І хоць асноўная ўвага Р. Зямкевіча на беларускамоўных тэкстах, але ён яшчэ раз нагадвае: “па-беларуску друкаваць не пазвалялі”, ды і польскамоўныя творы пісьменніка ў польскай літаратуры не маюць і не будуць мець аніякага значэння, бо “ўсё гэта ўзята жыўцом з беларускага жыцьця”. “Шляхціца Завальню” літаратуразнаўца называе найважнейшаю працаю Я. Баршчэўскага, якая складаецца “з самых народных беларускіх апавяданнёў і легенд, каторые сабіраў Баршчэўскі праз усё сваё жыцьцё”[41]. Як бачым, і Р. Зямкевіч, адчуваючы беларускасць “Шляхціца Завальні”, тым не менш лічыць яго адно толькі фальклорным зборнікам. Але і гэтымі публікацыямі беларускія адраджэнцы сцвердзілі сваё права на творчую спадчыну Я. Баршчэўскага.

Дадзенае сцверджанне не засталося па-за ўвагаю польскіх літаратуразнаўцаў і гісторыкаў. Так, Леан Васілеўскі ў сваёй працы “Litwa i Białoruś” (1912) палічыў патрэбным дацьадказ”: “Na Białej Rusi wytwarza się w drugiej ćwierci XIX-go st. literatura lokalna, wprawdzie rozwijąjąca się w języku polskim, niemniej jednak przesiąknięta żywiołem miejscowym, sympatjami do kraju, jego przyrody, bytu, zwyczajów, osobliwości i t. d. Występuje ona pod nazwą “białoruska”, ale nazwa ta posiada znaczenie nie narodowościowe, lecz prowincjonalne. Element językowy czysto białoruski jest używany w niej najczęściej – że tak powiem – “w cudzysłowie” – jako okrasa lokalna lub pierwiastek komoczny”[42]. А самым выдатным прадстаўніком гэтае правінцыйнае літаратуры і адначасна першым беларускім вершапісам ЛВасілеўскі лічыць ЯБаршчэўскага, які выдаў “zbiór legiend i klechd białoruskich w opracowaniu polskim”. Характэрна, што свае разважанні пра творчасць ЯБаршчэўскага гісторык завяршае наступным чынам: “Bądź-co-bądź, jednak Barszczewski był polskim pisarzem o mocno dźwięczących sympatjach lokalnie białoruskich”.

Wit. F. не ставіў пытання пра прыналежнасць Я. Баршчэўскага беларускай альбо польскай літаратуры. Для яго больш істотным было падкрэсліць мясцовы віцебска-полацкі каларыт творчасці пісьменніка, яго гуманістычныя ідэалы. А дзеля гэтага Wit. F. мог выкарыстаць апрача друкаваных твораў Я. Баршчэўскага яшчэ і ягоную эпісталярную спадчыну: у зборах Вацлава Федаровіча захоўваліся лісты пісьменніка да Юлі Корсак. Слушнаю думкаю Wit. F. трэба лічыць і сцвярджэнне, што ў “Шляхціцы Завальні” Я. Баршчэўскі “ośmiesza i karci liczne ujemne struny obywatelstwa, jego stasunek do włościan”. І гэта нягледзячы на тое, што аўтар артыкула пярэчыць сам сабе, цытуючы вядомыя словы А. Пыпіна пра Я. Баршчэўскага. Унутраны змест “Шляхціца Завальні” даваў Wit. F. падставы на ўласную думку, а салідарызацыя з А. Пыпіным грунтавалася на аналізе вонкавае, знешняе формы твора.

Услед за Р. Зямкевічам называючы Я. Баршчэўскага адным з першых беларускіх паэтаў, Лявон Гмырак у альманаху “Вялікодная пісанка на 1914 год” сцвярджаў, што той у сваёй творчасці “праводзіў” шляхецкія і польскія думкі ды “нават выхваляў старашляхецкі разгул і, відаць, жадаў павароту “светлых дзён”[43].

Толькі беларускамоўныя творы Я. Баршчэўскага закрануў у сваіх артыкулах “Белорусское возрождение” і “Забыты шлях” Максім Багдановіч, згадваючы “Шляхціца Завальню” на той падставе, што ў ім “было так или иначе помещено несколько белорусских стихотворений”[44]. Зрэшты, ён называе Я. Баршчэўскага “видным краёвым” пісьменнікам таго часу, маючы на ўвазе толькі тое, што “предметом “краёвой” литературы явилось описание Белоруссии, белорусской природы, белорусского крестьянства и мелкой шляхты, их повседневной жизни и обычаев”.

Іншую, відаць, думку пра творчасць Я. Баршчэўскага меў Янка Станкевіч, які вырашыў пазнаёміць беларускага чытача з “Шляхціцам Завальняю”, змяшчаючы пераклады асобных апавяданняў спачатку ў газеце “Гоман”[45], а пасля выдаючы іх асобнымі брашуркамі[46].

Як развіццё ідэй Р. Зямкевіча трэба разглядаць спробу М. Янчука стварыць канцэпцыю беларускае літаратуры. Ён паслядоўна рабіў акцэнт на канкрэтна-гістарычным падыходзе, каб браць пад увагу ўмовы гістарычнага развіцця народа. Першыя спробы стварыць нацыянальную літаратуру ён бачыў у дзейнасці Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Вярыгі-Дарэўскага[47]. Відавочна, крыніца такога бачання гісторыі беларускае літаратуры – літаратуразнаўчая метадалогія культурна-гістарычнае школы, прыхільнікам якое быў М. Янчук. Ён слушна кажа “пра пераемнасць вопыту мінулага, аб традыцыях папярэднікаў і іх ролі ў развіцці сучаснае літаратуры”[48].

Аднак дадзеную канцэпцыю маладое беларускае літаратуразнаўства і гістарычная навука не прынялі. У. Ігнатоўскі лічыў, што можна казаць толькі пра “беларускую школу ў польскай літаратуры”. Гэтая “школа”: “паставіла сваёй мэтай падысці да простага люду, да мужыка Беларусі, жадаючы ўцягнуць яго ў жыццё Польшчы і ў яе палітычныя справы <…> З беларускага мужыка жадалі зрабіць чалавека, які стаў бы грамадзянінам, патрыётам Польшчы й пайшоў бы за паўстанцамі. Прадстаўнікі гэтай школы, напр., Рыпінскі, Я. Чэчат, Баршчэўскі й інш. пісалі ў польскай мове, падрабляючыся пад тон і кірунак народнай паэзіі й толькі зрэдка складаючы сякія-такія вершы па-беларуску. На Беларусь яны глядзелі вачыма польскіх патрыётаў і бачылі ў ёй часціну Польшчы”[49].

У Максіма Гарэцкага “беларуская школа” перайначана ў “мала-сьвядомае беларускае адраджджэньне”, а ўсіх літаратараў Беларусі першае паловы ХІХ стагоддзя ён адносіць да г. зв. “стара-шляхоцкіх рамантыкаў”. Фантастычныя апавяданні Я. Баршчэўскага М. Гарэцкі называе “надта ж беларускімі” і падкрэслівае, што “ім шкодзіць чужая форма”. Наогул жа, Я. Баршчэўскі, на думку М. Гарэцкага, “надта нацыянален, у перакладзе на абы-якую мову ён застанецца беларусам”[50]. Праўда, крышку ніжэй літаратуразнаўца ўжо пярэчыў сам сабе (відаць, пад уплывам А. Пыпіна і Л. Гмырака): “Беларускае жыцьцё, сялянскі побыт паказваў ён няглыбока; да сялян адносіўся неяк безыдэйна, не так, як таго вымагалі ад яго запраўдныя заданьні мастацтва”[51].

Я. Карскі, нягледзячы на тое, што не пацвердзіліся ягоныя прагнозы наконт узнікнення літаратуры на беларускай мове, у сваім новым томе “Белоруссов” застаўся пры сваёй ранейшай канцэпцыі: беларуская літаратура – гэта толькі літаратура на беларускай мове[52] і фактычна паўтарыў сваю ранейшую ацэнку літаратурнага працэсу на Беларусі ў ХІХ стагоддзі.

М. Гарэцкі ў трэцім выданні свае “Гісторыі” (1924) прыйшоў да думкі, што Новая беларуская літаратура “была звязана з этнаграфіяй, мела этнаграфічны характар і рэдка падымалася шмат вышэй над узроўнем этнаграфічна-белетрыстычных нарысаў”[53]. Сярод гэтых “пісьменнікаў-этнографаў” ён вылучае Я. Баршчэўскага. У “Шляхціцы Завальні” “найлепей адбіўся рамантызм Баршчэўскага, яго любоў да старыны, народнае паэзіі, беларускіх забабонаў, усякай чартаўшчыны і містычнасці”. Гісторык літаратуры падкрэслівае, што ў гэтым творы Я. Баршчэўскі “паказвае беларускае жыццё, беларускі дух, беларускую душу”. А пасля следам за папярэднікамі ён сцвярджае, што Я. Баршчэўскі пераняўся “містычным настроем забабоннага беларуса, каторы меў тады вялікую веру ў сілу чараўнікоў, нячысцікаў і паэтычна бачыў у жывой і нежывой прыродзе рознае страхаццё”. Аднак М. Гарэцкі не змог паставіць і адказаць на пытанне: дзеля чаго Я. Баршчэўскі “пераняўся містычным настроем забабоннага беларуса”, з якою мэтаю пісьменнік “бачыць <…> у жывой і нежывой прыродзе рознае страхаццё”? Здавалася б, разнастайныя літаратурныя напрамкі (напр., сімвалісты) павінны былі даць літаратуразнаўцам ключ да разумення творчасці Я. Баршчэўскага, але падобнага не здарылася. “Шляхціца Завальню” ўсё яшчэ працягвалі разглядаць з пазіцый і метадалогій рэалістычнага мастацтва.

Але былі сярод беларускіх навукоўцаў і такія, хто лічыў Я. Баршчэўскага прадстаўніком беларускае шляхты. Толькі неспрыяльныя палітычныя і нацыянальныя ўмовы, лічылі яны, змусілі яго пісаць на чужой мове. Краязнаўца Даніла Васілеўскі, пазнаёміўшыся з лістамі Я. Баршчэўскага да Юлі Корсак (яе ён называе Юляю Шапялевіч з Корсакаў, хоць яна – Юля Корсак з Шапялевічаў) з архіву В. Федаровіча ў сваіх публікацыях сцвярджаў: “У яго лістах, пісаных па-польску, няма Польшчы, а цэльнае замілаваньне беларусам і Беларусьсю” і тут жа дадаваў: “Мова лістоў Я. Баршчэўскага мешаная беларуска-польская і больш беларуская, чым польская”[54]. Д. Васілеўскі выдатна зразумеў трагізм беларуса ХІХ ст.: “Беларусы па пародзе і выхаваньню, палякі – па адукацыі, расійцы па падданству і службе, яны былі ахвярамі бязладзьдзя свайго часу”, але асобныя з іх – сярод іх і Я. Баршчэўскі – знайшлі “праўдзівы шлях у вывучэнні народнае літаратуры, у апрацаваньні беларускага фальклёру <…> Яны адчувалі, што ў працы на народную культуру – іх мэта жыцьця. Тут яны знаходзілі душэўны пакой, абуджалася вера і надзея на лепшую будучыню краю”. Першым беларускім пісьменнікам ХІХ ст. лічыў Я. Баршчэўскага і Аўген Хлябцэвіч, які ў сваім артыкуле пераказвае працу Р. Зямкевіча[55].

А вось асобныя акадэмічныя вучоныя рэкамендавалі іншы падыход да польскамоўнае літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя. Так, напрыклад, Міхайла Піятуховіч выступаў супраць залічэння “Шляхціца Завальні” ў кантэкст беларускае літаратуры. “Мова, – сцвярджаў ён, – ёсьць адзіны крытэры, на падставе якога можна залічаць творчасьць да тэй ці іншай нацыянальнай групы. Ні пахаджэньне аўтара, ні, тым болей, самы зьмест яго твораў такім крэтырыем быць ня можа. У процлеглым выпадку да беларускай літаратуры прыходзілася б аднесьці шмат якія творы, напр., Адама Міцкевіча, Кондратовіча (Сыракомлі), Элізы Ожэшка ды інш. аўтараў, якія малююць нам беларускае жыцьцё і бяруць тыпы і вобразы з гэтага жыцьця”[56]. На яго думку, і Р.Зямкевіч, і М. Гарэцкі перабольшваюць беларускі элемент у “Шляхціцы Завальні”. Ён лічыць (і справядліва), што ў Я. Баршчэўскага “народная творчасьць і побыт служаць толькі адпраўным пунктам, выходзячы зь якога, ён дае шырокі прастор сваёй мастацка-рамантычнай фантазіі”. Беларускамоўныя ж вершы Я. Баршчэўскага – гэта ўласнасьць беларускае літаратуры, хоць у іх М. Піятуховіч і выяўляе “скептычна-гіронічныя <…> чыста шляхецкія адносіны да сялянства”.

Уладзіслаў Дзяржынскі меў крыху іншую думку наконт “Шляхціца Завальні”. Твор гэты, лічыў ён, мае вялікае значэнне для беларускае літаратуры, бо “апавяданьні зьяўляюцца высока-мастацкім апрацаваньнем некаторых сюжэтаў беларускае народнае творчасьці. У сакаўных і незвычайна маляўнічых фарбах адбілася тут псыхіка беларуса, прасякнутая нейкім самабытным забабонным містыцызмам. Гэтыя апавяданьні маюць глыбока нацыянальны беларускі характар, нягледзячы на тое, што напісаны па-польску”[57].

У гэты час польскія літаратуразнаўцы амаль не трымалі ў полі свайго зроку творчасць Я. Баршчэўскага. Хоць Габрыэль Корбут і змясціў звесткі пра яго ў сваёй бібліяграфіі[58], але артыкул дзеля “Polskiego Słownika Biograficznego” не быў напісаны. Поўную бездапаможнасць у інтэрпрэтацыі Я. Баршчэўскага засведчыў штотыднёвік “Wiadomości Literackie” нататкаю Станіслава Васілеўскага “Miciewicz a rapsod Bialejrusi”, у якой адно толькі заклікі знайсці і выдаць рукапісы Я. Баршчэўскага (а таксама даследаваць праблему “Міцкевіч і Баршчэўскі”) ды разуменне сэнсу “Шляхціца Завальні” наступным чынам: “Люблю падобныя аповесці, шмат у гэтых народных мроях шчырае праўды”[59].

А вось у сямі нумарах “Kuryera Literacka-Naukowego” Базыль Кавалевіч з Вільні друкуе сваю працу “Беларуская рамантычная літаратура”, трэці раздзел якое прысвечаны Я. Баршчэўскаму і ягонай творчасці. Па-першае, вучоны называе Я. Баршчэўскага першым беларускім пісьменнікам-рамантыкам ХІХ ст. і звяртае ўвагу, што рамантызм Я. Баршчэўскага зусім не мае эгацэнтрызму, у адрозненне ад польскіх рамантыкаў С. Гашчынскага і Б. Залескага. Па-другое, “Шляхціца Завальню” ён ставіць у шэраг твораў, “спісаных з жыцця”, як “Успаміны Сапліцы”, “Домік майго дзядулі”, г. зн., “зборнік легендаў, апавяданняў, баладаў і апісанняў з беларускага жыцця”. Па-трэцяе, Б. Кавалевіч спрабуе аспрэчыць несправядлівую ацэнку (маўляў, твор “бязыдэйны”) “Шляхціца Завальні” А. Пыпіным і ягонымі наступнікамі – Я. Карскім, Л. Гмыракам, М. Гарэцкім: “ідэйнасць яго знаходзіцца у самой аснове і характары: гаворка пра адлюстраванне духоўнага жыцця Беларусі”, а таксама “ўхваляе” Я. Баршчэўскага за тое, што пісьменнік не стаў “аздабляць” свой твор “сваімі поглядамі”, бо гэта прывяло б да дыдактызму”[60].

А ў беларускім савецкім літаратуразнаўстве, дзе ўзмацняліся вульгарна-сацыялагічныя тэндэнцыі, метадалогію вывучэння літаратурнага працэсу на Беларусі ў ХІХ ст. вызначыла партыйная ідэалогія, слоўнае ўвасабленне якое зрабіў Лукаш Бэндэ. Па-першае, да беларускае літаратуры належыць толькі “частка твораў Баршчэўскага”, а, па-другое, гэтыя вершы “ясна паказваюць, што творчасць Баршчэўскага накіравана на тое, каб зганьбіць сялянскія паўстанні, спробы беларускага сялянства рэволюцыйным шляхам вызваліцца з-пад прыгонніцкага прыгнёту”[61].

Нягледзячы на такую ацэнку творчасці Я. Баршчэўскага, адразу пасля вайны ў 1946 г. Навум Перкін зрабіў спробу ўвесці ў кантэкст беларускае літаратуры спадчыну пісьменніка. Аднак падрыхтаваная кандыдацкая дысертацыя не была ўхвалена, не была надрукаваная, што на доўгія гады аддаліла ад беларусаў Я. Баршчэўскага. Праца Н. Перкіна – першае навуковае даследаванне ідэйна-мастацкага зместу паэзіі і прозы пачынальніка беларускае літаратуры. Праўда, метадологія ды інструментарый аналізу, што моцна залежалі ад канцэпцый вульгарна-сацыялагічнае школы, – не маглі даць аб’ектыўную ацэнку творчасці Я. Баршчэўскага. Імкненне вучонага параўноўваць мастацкі свет пісьменніка з умоўным мастацкім светам, створаным камуністычнаю ідэалогіяй, давала мажлівасць выяўляць такія асаблівасці творчае манеры Я. Баршчэўскага, як кансерватыўнасць, патрыярхальнасць, рэлігійнасць і нават сцвярджаць, што ён “не здолеў узняцца да ўзроўню рэвалюцыйных ідэй”[62]. Амаль поўнае ігнараванне канкрэтна-гістарычных умоваў творчасці пісьменніка прыводзіла да разгляду толькі знешняе слоўна-вобразнае абалонкі твора. Савецкае літаратуразнаўства зусім не прымала пад увагу, што ў мастацкім тэксце не ўсё знаходзіцца на паверхні, што сапраўдны твор абавязкова шматпланавы, шматузроўневы. Усё гэта выяўлялася ў такіх характарыстыках, як “правінцыйная абмежаванасць”, “адсутнасць сістэматызаваных творчых прынцыпаў”, “пісьменнік-этнограф”. “Шляхціца Завальню” Н. Перкін лічыць “чыста беларускім літаратурным творам”. У якасці асноўных ён вылучае сацыяльныя матывы. Першаснае значэнне мае рэальны план, фантастыка, на думку вучонага, – гэта ўплыў рэакцыйнага рамантызму. Відаць, толькі з-за пэўных, зусім не літаратуразнаўчых метадалогій даследчык не змог падысці да аб’ектыўнае трактоўкі творчасці Я. Баршчэўскага. Бо асобныя палажэнні працы сведчаць, што Н. Перкін разумеў сутнасць фантастыкі пісьменніка. Напрыклад, “народная фантастыка прыкметна трансфармуецца, набывае шэраг адзнак рамантычнае сімволікі. Вобразы чарцей, лесуноў, русалак, чараўнікоў, якія ў народным уяўленні рэдка выходзяць за межы рэалістычнай канкрэтнасці ў сваіх характэрных рысах, дамалёўваюцца паэтычным уяўленнем пісьменніка для акцэнтацыі іх містычнай “сутнасці”, якая праяўляецца ў знешнім выглядзе, рухах і таемных дзеяннях”[63].

Зусім іншую трактоўку творчасці Я. Баршчэўскага мела афіцыйнае беларускае літаратуразнаўства (якое і адпрэчыла працу Н. Перкіна). Сцяпан Майхровіч у “Нарысах беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя”[64] безапеляцыйна выявіў дадзеную трактоўку. Адсутнасць элементарнага літаратурна-эстэтычнага пачуцця даследчык замяняе траскатліваю рэвалюцыйнай рыторыкай: “Я. Баршчэўскі не выходзіў з закалдаванага кола рэакцыйна-містычных ідэй і вобразаў” альбо “яго галоўны герой, шляхціц Завальня, услаўленне прыгоннікаў узвёў у ступень жыццёвай неабходнасці” ці “міфалагічныя сюжэты і вобразы, асабліва містычныя, былі для Баршчэўскага сапраўднай знаходкай. Яны дапамагалі яму “давесці”, што прыгонніцтва не з’яўляецца прычынай сялянскага гора, бо вінаватыя ва ўсім розныя чэрці, злыя духі і чарнакніжнікі, волю якіх выконваюць дрэнныя паны і іх слугі. Паны не вінаватыя ў тым, што здзекуюцца з сялян і цягнуць з іх жылы. Ім, сцвярджае пісьменнік, “дапамагаюць” злыя духі і дрэнныя слугі”[65]. Падобную характарыстыку знаходзім і ў “Истории Белорусской ССР”[66].

Для пасляваеннага польскага літаратуразнаўства постаць Я. Баршчэўскага не ўяўляла вялікае каштоўнасці. Хіба што часам у анталогіях перадрукоўваліся асобныя вершы і фрагменты прозы пісьменніка[67]. Але ўжо напачатку 60-х гг. польскія гісторыкі літаратуры заняліся грунтоўным даследаваннем не толькі значных мастацкіх з’яваў ХІХ ст., але і ўсяго літаратурнага працэсу, у тым ліку і на “крэсах”. Спачатку Тадэвуш Станіслаў Грабоўскі паспрабаваў сабраць і прааналізаваць фрагменты літаратурна-грамадскай дзейнасці Я. Баршчэўскага і ягонага атачэння. Вучоны характарызуе Я. Баршчэўскага як прагрэсіўнага пісьменніка[68]. Пасля Мечыслаў Інглёт, даследуючы праблему выдання часопісаў і альманахаў на тэрыторыі “ліцьвінска-рускіх земляў”, узбагаціў навуку шэрагам невядомых дэталяў з літаратурнае дзейнасці Я. Баршчэўскага[69].

Беларускі даследчык Ісідар Бас сваімі архіўнымі знаходкамі здолеў унесці пэўныя карэктывы ў сфармаваную афіцыйнай ідэалогіяй постаць Я. Баршчэўскага: верш “Рабункі мужыкоў” ведаў Паўлюк Багрым, перапісваў яго і быў пакараны за яго[70]. Відавочна, гэтая дэталь творчае біяграфіі Я. Баршчэўскага і стала вырашальнаю для Н. Перкіна і А. Лойкі, якія на V з’ездзе славістаў заклікалі перагледзець адносіны да спадчыны пісьменніка: “распаўсюджаны сёння ў беларускім літаратуразнаўстве погляд на творчасць Я. Баршчэўскага патрабуе істотных удакладненняў. Гаворка ідзе перш за ўсё аб пераацэнцы многіх, падчас дэмакратычных элементаў светапогляду і творчасці пісьменніка. Несумненна, Я. Баршчэўскі стаяў на пазіцыях шляхецкай, часткова сялянскай патрыярхальнасці. Аднак, шкадуючы загубленай патрыярхальнай старасветчыны, Я. Баршчэўскі ўлоўліваў у капіталістычных адносінах, якія тады складваліся, страшэнную нечалавечнасць і якраз з пазіцый непрыняцця яе маляваў сялянскую нядолю, абараняў самабытную культуру беларускага народа. У апавяданнях са “Шляхціца Завальні” сапраўды нямала штрыхоў і замалёвак, што перадаюць рэзкія сацыяльныя кантрасты ў грамадстве”[71]. З гэтага часу нязменна згадваюць Я. Баршчэўскага ў сваіх працах фалькларысты[72], даследчыкі фалькларызму ў літаратуры[73], а таксама тэарэтыкі літаратуры[74].

У сярэдзіне 60-х гг. Адам Мальдзіс настойліва сцвярджае думку, што спадчына Я. Баршчэўскага заслугоўвае станоўчае ацэнкі; што яна мае “самае непасрэднае дачыненне да гісторыі беларускай літаратуры <…>. У “Шляхціцы Завальні” знайшлі сваё выражэнне думкі і спадзяванні беларускага селяніна, яго эмацыяльна-псіхічны склад, яго духоўны свет”[75].

Асабліва каштоўна, што акадэмічная “Гісторыя беларускай літаратуры” (1969) ў асноўным станоўча характарызуе творчасць Я. Баршчэўскага[76], якая з гэтага часу становіцца паўнавартасным аб’ектам даследавання ў нашым літаратуразнаўстве. Упершыню ў беларускай савецкай навуцы было сцверджана, што творы пісьменніка на польскай мове маюць самае непасрэднае дачыненне да гісторыі беларускае літаратуры, бо ў іх праявіўся спецыфічны беларускі погляд на рэчы.

Укладальнікі хрэстаматыі для філалагічных факультэтаў ВНУ рэспублікі “Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя”, змяшчаючы два апавяданні з “Шляхціца Завальні” ў перакладзе з польскае мовы, далі мажлівасць чытачу самому пераканацца ў гэтым[77].

У 1974 г. Міхась Ларчанка, кажучы пра “Шляхціца Завальню”, адзначыў, што пісьменнік бярэ з фальклору “тэмы і сюжэты, вобразы і славесна-мастацкія сродкі для сваіх арыгінальных апавяданняў і аповесцяў, напісаных у рамантычным духу”[78].

А этаптым у вывучэнні спадчыны Я. Баршчэўскага сталася даследаванне Віктара Каваленкі “Вытокі. Уплывы. Паскоранасць”. Упершыню ў літаратуразнаўстве тэарэтычна абгрунтоўвалася права польскамоўных твораў лічыцца беларускімі. Упершыню звернута ўвага на алегарычны план “Шляхціца Завальні”, робіцца спроба дэшыфраваць ягоную сімволіку. В. Каваленка даводзіць, што творчасць Я. Баршчэўскага нельга разглядаць як наследаванне ўзораў польскае літаратуры, бо пісьменнік “пазбягаў канкрэтнага наследавання, застаючыся арыгінальным мастаком з выразным індывідуальным абліччам. Яго творчасць тэматычна больш “павернута” да беларускага краю, чым творчасць іншых пісьменнікаў таго часу, якія пісалі пра Беларусь. Яна ўжо ў нейкай меры нацыянальна свядомая. Гэтым і тлумачыцца істотная адрознасць творчасці Я. Баршчэўскага ад тагачаснай польскай літаратуры. Яе адасобленасць выклікалася, як правіла, мясцовымі, беларускімі задачамі творчасці”[79]. З-за пэўных прычынаў вучоны не мог закрануць праблему ідэйнага гучання “Шляхціца Завальні”, не мог адкрыта адказаць на пытанне: дзеля чаго Я. Баршчэўскі выкарыстоўвае фантастыку, але здолеў эзопаваю моваю сказаць пра гэта: “Баршчэўскі па сутнасці “ўзрывае” форму казкі і адвольна развівае яе сюжэт, адкрыта набліжаючы змест казкі да падзей сучаснасці. У народнай казцы час “замкнуты”, ён не мае таксама гістарычнае пэўнасці. Баршчэўскі імкнецца пераадолець гэтыя рысы фальклорных твораў, пераўтварае іх, замяняе літаратурнымі. Ён піша літаратурную казку, нешта накшталт апавядання з умоўна-фантастычным сюжэтам і выразна надзённым гучаннем ідэі. Характар казачнасці, алегарычнасці ў творчасці Баршчэўскага якраз паказвае, што яны не чыста фальклорныя”[80]. Пісьменнік у падцэнзурным выданні выяўляе антырасійскія ідэі, даследчык знаходзіць мажлівасць сказаць пра пафас “Шляхціца Завальні”. Ідэі “з выразна надзённым гучаннем” – гэта якраз і ёсць ідэі незалежніцкія, ідэі беларускія.

Зборнік Генадзя Кісялёва “Пачынальнікі”, які з’явіўся праз два гады пасля працы В. Каваленкі, узбагаціў даследчыкаў надзвычай каштоўнымі матэрыяламі, звязанымі з жыццём і творчасцю Я. Баршчэўскага ў Пецярбурзе, а таксама з выданнем “Шляхціца Завальні”[81]. З’явілася мажлівасць далейшага асэнсавання спадчыны пісьменніка, яе вывучэнне. Праўда, аўтары падручнікаў для студэнтаў філфакаў ВНУ не ўлічылі прапанаваных В. Каваленкам падыходаў да аналізу “Шляхціца Завальні”, дык іхняя характарыстыка творчасці Я. Баршчэўскага зводзіцца да пошуку рэалістычнага, а таксама сацыяльных матываў у апавяданнях пісьменніка, да імкнення падкрэсліць іхнюю “фальклорнасць”, г. зн. падаць твор як “буйнешае ў той час выданне беларускіх народных апавяданняў і казак фантастычнага зместу ў літаратурнай апрацоўцы аўтара”[82].

Але ў шэрагу даследаванняў прысутнічаў і іншы падыход да дадзенае праблемы. Аўтар надзвычай каштоўнае манаграфіі “Становление белорусской художественной традиции” А.С. Яскевіч сцвярджае ў сваёй працы, што пачынальнікі новае беларускае літаратуры – у тым ліку і Я. Баршчэўскі – бачылі сваю задачу ў адраджэнні цікавасці да нацыянальнага. Ён называе “Шляхціца Завальню” эпічным зводам, спробаю сінтазу нацыянальнага фальклору ў героіка-эпічны звод. Аграмадная роля Я. Баршчэўскага, на думку даследчыка, у збліжэнні кніжнае і фальклорнае творчасці і тым самым у “закладванні пачаткаў нацыянальнае мастацкае традыцыі”[83]. М.А. Тычына ў сваёй працы “Карані і крона”, разважаючы пра вытокі новае беларускае літаратуры, пра ролю фальклору ў яе станаўленні, справядліва адзначае, што “фантастычныя аповесці ” Я. Баршчэўскага “зусім не ўспрымаюцца як просты запіс фальклорных твораў, што бытуюць у народзе. Гэта хутчэй за ўсё стылізацыя пад фальклор, творчасць літаратара, што паставіў перад сабою вельмі пэўныя задачы”[84]. Праўда, што гэта за задачы, вучоны не тлумачыць, але ягонае сцверджанне, што вобразы-сімвалы (Плачка, Сын Буры ды інш.) з’яўляюцца не стылявымі ўпрыгожаннямі, а нярэдка становяцца ключавымі ў тэксце, надзвычай каштоўнае.

Выданне ў 1990 г. “Мастацкай літаратурай” зборніка твораў Я. Баршчэўскага[85] стала больш актыўна стымуляваць літаратуразнаўчую навуку на даследаванне жыцця і творчасці пачынальніка новае беларускае літаратуры. Бо яшчэ раней стаў вядомы грамадскасці шэраг архіўных дакументаў[86]. Усё гэта дазволіла падрахаваць набыткі ў вывучэнні спадчыны пісьменніка[87].

Польскае літаратуразнаўства, якое ў 70–80-я гг. закранала толькі асобныя праблемы творчасці Я. Баршчэўскага[88], нарэшце ўшанавала беларускага літаратара ХІХ ст. манаграфічным артыкулам Марыі Яніон у 3 томе “Obrazu literatury polskiej”. Даследчыца аналізуе твор у кантэксце літаратуры таго часу, выкарыстоўвае шматлікія працы папярэднікаў (беларускія – за выняткам Р. Зямкевіча, М. Гарэцкага – адсутнічаюць). Яна лічыць “Шляхціца Завальню” адно толькі “асаблівым апрацаваннем сюжэтаў беларускага фальклору”[89]. Папракаючы А. Пыпіна за спробу ацэньваць “Шляхціца Завальню” ў крытэрыях паэтыкі рэалістычнае аповесці, М. Яніон ацэньвае яго крытэрыямі паэтыкі рамантычнае фантастыкі. Аднак аналіз, адарваны ад беларускіх гістарычных і палітычных рэалій, ператвараецца ў разважанні пра агульначалавечыя катэгорыі дабра і зла ды г. д. Аўтарка гаворыць пра адлюстраванне Я. Баршчэўскім забабоннасці, прымхлівасці беларусаў, іхняга светапогляду. Яна не разумее, чаму такія незвычайныя, несустраканыя ў іншых славянаў адносіны беларусаў з д’яблам. Відаць, даследчыцы неставала ведання беларускае дэманалогіі. Інакш бы яна зрабіла выснову пра не зусім народны характар нячыстае сілы, чарнакніжнікаў, чараўніцаў і г. д. у творчасці Я. Баршчэўскага. А гэта б дазволіла паставіць пытанне, чаму пісьменнік ідзе на пэўную трансфармацыю фальклорных вобразаў? Даволі слушна ахарактарызаваўшы апавядальніцкае майстэрства Я. Баршчэўскага, а таксама закрануўшы асобныя пытанні паэтыкі твора, М. Яніон залішне акцэнтуе ўвагу на “эстэтычных недахопах”, “злоўжываннях маралістыкай”, і тым не менш сцвярджае, што “fantastyczno-ludowo pisarstwo Barszczewskiego dodało nowej barwy polskiemu romantyzmu”[90].

Апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст. адзначана небывалым ростам цікавасці літаратуразнаўцаў да творчасці Я. Баршчэўскага, якая да таго ж была ўведзена ў школьную праграму. Невыпадкова часопіс “Роднае слова” змясціў артыкул вядомага вучонага, даследчыка літаратуры ХІХ стагоддзя У.І. Мархеля “Праца духу – дзеля любові: Ян Баршчэўскі. Вяртанне спадчыны”, у якім рабілася спроба новага асэнсавання постаці пісьменніка ў гісторыі беларускае літаратуры[91]. Рускамоўнага чытача знаёміў з творчасцю нашага літаратара мінулага стагоддзя Г. Каханоўскі[92].

Актыўна занялося вывучэннем тэкстаў Я. Баршчэўскага новае пакаленне беларускіх літаратуразнаўцаў, якія зацікавіліся асаблівасцямі паэтыкі пісьменніка. З’явіліся працы, у якіх аналізуцца сакральнае[93], а таксама метамарфоза[94] ў Я. Баршчэўскага. Так С. Даніленка даводзіць, што творчасць Я. Баршчэўскага – гэта не зусім індывідуальная творчасць, гэтая яшчэ і падсвядомае наследаванне сістэмаў міфалагічнага мыслення. Малады вучоны асэнсоўвае творы пісьменніка ў кантэксце рытуальнай практыкі і “міфалагічнага дыскурса індаеўрапейскай архаікі і хрысціянскае кніжнасці”[95].

Вялікае значэнне дзеля даследавання ўсяго таго, што звязана з Я. Баршчэўскім, мае дзейнасць факультэта беларускае філалогіі і гісторыі Віцебскага Дзяржаўнага Педагагічнага Універсітэта. Праведзеныя ім на радзіме пісьменніка ў 1996, 1998 і 2000 гадах Міжнародныя чытанні, прысвечаныя творчасці Я. Баршчэўскага, паказалі вялікую зацікаўленасць, што існуе ў нашым грамадстве да аднаго з пачынальнікаў новае беларускае літаратуры. На чытаннях асвятляліся фальклорныя і міфа-паэтычныя матывы ў “Шляхціцы Завальні” (В. Бароўка, В. Канопліч, У. Лобач, Г. Харошка, С. Якаўлеў, Н. Панасюк), рамантычны аспект твора (А. Баршчэўскі, Г. Праневіч), пытанні жанру і стылю (А. Макарэвіч, У. Мархель, Ю. Маханькоў)[96] ды інш. Праўда, няведанне асобнымі навукоўцамі літаратурна-гістарычнага кантэксту “Шляхціца Завальні”, прыводзіць часам за простага дастасавання не зусім адпаведных літаратуразнаўчых схемаў, літаразнаўчых метадалогій да аналізу твора. Усё яшчэ дзейнічаюць стэрэатыпы, якія склаліся ў мінулым стагоддзі.

У той жа час усё часцей і часцей з’яўляюцца і спробы аб’ектыўнага асэнсавання ідэйна-мастацкага зместу “Шляхціца Завальні”[97], адлюсроўваецца пошук пісьменнікам духоўных нацыянальных ідэалаў. Так, вядомы беларускі літаратуразнаўца В.П. Жураўлёў сцвярджае, што Я. Баршчэўскі шмат у чым дапаўняе і паглыбляе ідэі і думкі сваіх сучаснікаў аб шляхах развіцця беларускага духоўнага менталітэту. Вучоны дакладна фармулюе сэнс твора Я. Баршчэўскага: “Яго фантастычна-казачная і сімволіка-алегарычная вобразнасць глыбока і паслядоўна арыентуецца на выяўленне, абарону і сцвярджэнне нейкага вельмі важнага практычнага – індывідуальнага або агульнага інтарэсу”[98].

Значным укладам у распрацоўку тэарытычнага аспекту твораў Я. Баршчэўскага сталіся працы доктара філалагічных навук А. Макарэвіча, які разглядае жанравую структуру прозы пісьменніка. Характарызуючы “Шляхціца Завальню”, вучоны вылучае групу апавяданняў, у якіх адбываецца мастацкае ўзнаўленне падзей (“Рыбак Родзька”, “Сляпы Францішак” ды інш.), і групу апавяданняў, якія пададзены як чароўныя, таемныя, фантастычныя гісторыі, узноўленыя пэўным апавядальнікам. Усё гэта перапыняецца часткамі, у якіх маюцца лірычныя ўспаміны, роздумы аўтара. Апрача таго А. Макарэвічам даецца характарыстыка вобразаў апавядальнікаў, тыпаў гісторый зборніка і іх стылявых асаблівасцяў. Даследчык сцвярджае, што “Шляхціц Завальня” – гэта “апавядальная гісторыя навелістычнага складу”[99]. У аснове апавядальнае гісторыі, – на думку даследчыка, – ляжаць “народныя легенды і паданні аб таемным і неспазнаным з жыцця народа”[100]. Аднак дадзенае жанравае вызначэнне не зусім удалае, бо Я. Баршчэўскі ў сваіх творах гаворыць не пра таемнае і неспазнанае, а пра пэўныя гістарычныя падзеі на Беларусі, якія сталіся катастрафічнымі для краю і жыцця народа. А таму больш слушна казаць пра творы Я. Баршчэўскага як пра алегарычныя.

Маладая даследчыца М.С. Яскевіч упершыню пасля Р. Падбярэскага спрабуе аргументавана давесці значнасць уплыву гофманаўскіх твораў на паэтыку Я. Баршчэўскага. Свой пошук яна вядзе ў рэчышчы рамантычнага мастацкага хранатопа. Супастаўленне мастацкае прасторы Э.Т.А. Гофмана і Я. Баршчэўскага дазваляе М.С. Яскевіч зрабіць выснову пра пэўнае развіццё сістэмы нямецкага пісьменніка беларускім. Так двусвет гофманаўскае мадэлі (зямное і нябеснае) трансфармуецца ў Я. Баршчэўскага, відавочна, пад уплывам народнае філасофіі беларусаў у трохузроўневую структуру (неба – зямля – пекла)[101]. Даследчыца звяртае таксама ўвагу на спецыфіку фантастычнага ў творчасці Э.Т.А. Гофмана і Я. Баршчэўскага. Адзначаецца, што іх творы “прасякнуты атмасферай напружанага ўзаемадзеяння фантастыкі і рэальнасці”[102], што і ў аднаго і ў другога аўтара адсутнічае матывацыя фантастычных сцэнаў, а чытачу даецца мажлівасць растлумачыць для сябе сутнасць з’явы ці ў рэалістычным, ці ў фантастычным ключы. Праўда, калі творчысць Э.Т.А. Гофмана, дзякуючы шматлікім распрацоўкам, “пастаўлена” ў тагачасны нямецкі кантэкст, то “Шляхціц Завальня” апынуўся па-за беларускім гістарычным кантэкстам. У выніку пра матывацыі фантастыкі Я. Баршчэўскага не ўлічваюцца беларускія гістарычныя рэаліі. Так, напрыклад, Генрык з апавядання “Валасы, што крычаць на галаве”, паводле даследчыцы, пакутуе ад душэўнай хваробы ці з-за рому, які ён ужывае ў якасці лекаў, а не з-за таго, што ён “прадаў душу д’яблу”, г. зн. здрадзіў суайчыннікам.

Такім чынам, нягледзячы на значныя здабыткі беларускага літаратуразнаўства ў інтэрпрэтацыі творчасці Я. Баршчэўскага, застаецца нявырашанай праблема цэласнага аналізу тэкстаў пісьменніка, праблема даследавання іх у кантэксце культуры эпохі, усяе беларускае культуры, бо сэнсавыя скарбы, укладзеныя аўтарам у ягоныя творы, ствараліся і збіраліся стагоддзямі: яны прысутнічалі ў мове (літаратурнай і народнай), у разнастайных формах народнае культуры, міфалогіі, у сюжэтах, вытокі якіх у сівой мінуўшчыне, у народных формах мыслення. Вырашыць гэтую задачу – сённяшні абавязак літаратуразнаўства.

 


 

[1] Uwiadomienie literackie (Udielono) // Tygodnik Petersburski. 1839. Nr 84.

[2] Bucielski T. Niezabudka. Noworocznik, wyd. przez J. Barszczewskiego (Nadesłano) // Tygodnik Petersburski. 1840. Nr 21.

[3] Kraszewski J.I. Niezabudka. Noworocznik, wyd. przez J. Barszczewskiego (Nadesłano) // Tygodnik Petersburski. 1840. Nr 29.

[4] N. N. Niezabudka. Noworocznik (Artykuł udzielony) // Tygodnik Petersburski. 1841. Nr 19.

[5] Gr. M. Niezabudka. Rok 1842 // Tygodnik Petersburski. 1842. Nr 46.

[6] Gr. M. O kilku literatach polskich w Petersburgu // Tygodnik Petersburski. 1842. Nr 77.

[7] Kraszewski J.I. Nowe dzieła // Tygodnik Petersburski. 1843. Nr 51.

[8] Gr. M. Rocznik literacki, wyd. przez P. Rom. Podbereskiego // Tygodnik Petersburski. 1843. Nr 54.

[9] Grabowski M. Korespondencja // Pielgrzym. 1843. T. II. Czerwiec. S. 351-353.

[10] Z. L. Nowe dzieła. Niezabudka, noworocznik, wyd. przez J. Barszczewskiego // Tygodnik Petersburski. 1844. Nr 30.

[11] Podbereski R. Białoruś i Jan Barszczewski // Barszczewski J. Szlachcic Zawalnia, czyli Białoruś w fantastycznych opowiadaniach. T. I. Petersburg, 1844. S. I–VLI.

[12] Ziemięcka E. J. Szlachcic Zawalnia, czyli Białoruś w fantastycznych opowiadaniach, przez J. Barszczewskiego. Petersburg, 1844 // Pielgrzym. 1845. T. I. S. 198-207.

[13] Szlachcic Zawalnia, czyli Białoruś w fantastycznych obrazach, przez J. Barszczewskiego // Biblioteka Warszawska. 1845. T. I. S. 668 -671.

[14] Prokopowicz W. Publikacye Petersburskie // Tygodnik Petersburski. 1845. Nr 74-75.

[15] Rozmaitości Lwowskie. 1845. Nr 15. S. 123.

[16] Rocznik Literacki. 1846.

[17] Grabowski M. O nowych powieściach polskich // Tygodnik Petersburski. 1847. Nr 61.

[18] Тры з іхпяра Юльяна Барташэвіча. Czas. (1851. Nr 101) i Goniec polski (1851. Nr 127) перадрукавалі ягоны артыкул з “Dziennika Warszawskiego”.

[19] J. B. Jan Barszczewski // Dziennik Warszawski. 1851. Nr 22, 24 (z dodatkiem).

[20] Niekrologi // Przegląd Poznański. 1851. T. III. Poszyt 3. S. 362.

[21] Tygodnik Petersburski. 1851. Nr 20.

[22] Groza A. Gość nieoczekiwany. Powieść fantastyczna // Groza A. Obrazki ukraińskie. Wilno, 1855.

[23] Шпилевский П. Исследование о вовколаках // Москвитянин. 1853. Т. ІІ.

[24] Шпилевский П. Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических ее сказках // Пантеон. Т. VIII. 1853. Март. Кн. третья. С. 71.

[25] Wójcicki K. W. Jan Barszczewski // Encyklopedja Powszechna. 1860. T. II. S. 943.

[26] Bartoszewicz J. Historja literatury polskiej potocznym sposobom opowiadana. Wyd. drugie, powiększone. T. II. Kraków, 1877. S. 239-240.

[27] Rys dziejów literatury polskiej podług notat A. Zdanowicza oraz innych źrodeł opracował i do oststnich czasów doprawadził L. Sowiński. T. III. Wilno, 1876. S. 700.

[28] Зубко А.О греко-унитской церкви в западном крае // Русский весник. 1864. Т. 53. С. 287.

[29] Киркор А.К. Западная и южная Россия. Белорусское Полесье // Живописная Россия. Мн., 1993. С. 273.

[30] Там же. С. 327.

[31] Dawid W. Ze wspomnień uniwersyteckich // Przegląd Literacki. Dodatek do “Kraju”. 1890. Nr 39. S. 7.

[32] Walicki A. Wspomnienia o Sztyrmerach // Kraj. 1892. Nr 14.

[33] Chmielowski P. Jan Barszczewski // Wielka Encyklopedja Powszechna Ilustrowana. T. V-VI. S. 1012. У VIII томе АЕльскі ў артыкулеБеларуская літаратура і бібліяграфія” (С. 650-651) залічыцьШляхціца Завальнюда беларускае літаратуры.

[34] Пыпин А.Н. История русской этнографии. Птб., 1892. С. 59.

[35] Барщевский Ян // Русский биографический словарь. Т. ІІ. СПб., 1900. С. 524. Цэлы шэраг расійскіх энцыклапедый і слоўнікаў прысвячаюць Я. Баршчэўскаму невялічкія нататкі. Гл., напр.: Энциклопедический словарь под ред. И.Е. Андреевского. Т. ІІІ. Издатели Ф.А. Брокгауз, И.А. Эфрон. С.-Петербург, 1891. С. 122; Большая энциклопедия под ред. С.Н. Южакова. Второе изд. С.-Петербург, 1902. Т. ІІ. С. 636 (“Я. Барщевский <…> издал серию своих этнографических рассказов под названием “Шляхцич Завальня, или Белороссия в фантастических рассказах”); Русская энциклопедия под ред. С.ААдрианова. ТІІ. С.-Петербург, 1912. С. 289.

[36] Brückner A. Dzieje literatury polskiej w zarysie. T. II. W-wa, 1903. S. 223.

[37] Карский Е.Ф. Белоруссы. Введение к изучению языка и народной словесности. Вильна, 1904. Книга І. С. 436.

[38] Святицкий И. Возрождение белорусской литературы // Янчук Н.А. Очерки белорусской литературы. Вып. 1. Новейшая литература. М., 1920.

[39] Дорошэнко Д. Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне (пераклад Я. Журбы) // Наша Ніва. 1909. № 4.

[40] Зямкевіч Р. Тарас Шаўчэнка і беларусы // Наша Ніва. 1911. № 8.

[41] Зямкевіч Р. Я. Баршчэўскі – першы беларускі пісьменнік ХІХ сталецьця // Наша Ніва. 1911. № 51-52.

[42] Wasilewski L. Litwa i Białoruś. Kraków, 1912. S. 270.

[43] Гмырак Л. Беларускае нацыянальнае адраджэньне // Гмырак Л. Творы. Мн., 1992. С. 67.

[44] Багданович М. Белорусское возрождение // Багдановіч М. Збор твораў у двух тамах. Мн., 1968 Т. ІІ. С. 222.

[45] Беларускія легенды. І. Ваўкалак // Гоман. 1916. № 5-7; ІІ. Белая Сарока // Тамсама. № 8-9; ІІІ. Крычачые валасы на галаве // Тамсама. № 10-12; IV. Вужава карона // Тамсама. № 13-14.

[46] Баршчэўскі Я. Начэпнасць. Перакл. Я.Станкевіч (Беларускія легенды. Кн.І). Вільня, 1917; ён жа. Чарнакніжнік і змяя, што вылупілася з петушынага яйца. Пераклаў і выдаў Я. Станкевіч (Беларускія легенды. Кн. другая). Вільня, 1917.

[47] Янчук Н.А. Очерки белорусской литературы. Вып. 1-ый. Новейшая литература. М., 1920. С. 56.

[48] Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20-30-я гады. Мн., 1975. С. 88.

[49] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі. Менск, 1921. С. 8.

[50] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літэратуры. Выд. другое (папраўленае). Вільня, 1921. С. 67.

[51] Супрацьлеглую думку пра адносіны Я. Баршчэўскага да сялян меў Генрык Масьціцкі. Гл.: “Sprawa włościanska na Litwie w pierwszej ćwierci XIX w. // Pod znakiem Orła i Pogoni. W-wa, 1923. S. 57.

[52] Карский Е.Ф. Белорусы. Т. ІІІ. Очерки словесности белорусского племени. Вып. 3. Художественная литература на народном языке. Петроград, 1922. С. 9.

[53] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 175.

[54] Васілеўскі Д. Паэта Я. Баршчэўскі аб Беларусі // Аршанскі маладняк. 1925. № 2. С. 20-22; гл. таксама: ён жа. Новыя матэрыялы творчасці Я. Баршчэўскага // Полымя. 1925. № 5; ён жа. Пад аховай роднай песні (з перапіскі Я. Баршчэўскага) // Маладняк. 1928. № 1 С. 86-97.

[55] Хлябцэвіч А. Ян Баршчэўскі – першы беларускі пісьменьнік ХІХ веку і ягонае апісаньне партызанскага руху беларускіх сялян // Узвышша. 1928. № 4. С. 141–146.

[56] Піотуховіч М.М. Нарысы гісторыі беларускай літаратуры. Ч. І. Мн., 1928. С. 46-47.

[57] Дзяржынскі Ул. Выпісы з беларускае літаратуры ХІХ і ХХ ст. Мн., 1926. С. 19.

[58] Korbutt G. Literatura polska od początków do powstania styczniowego. T. III. W-wa, 1921.

[59] Wasilewski St. Mickiewicz a rapsod Białejrusi” // Wiadomości Literackie. 1931. Nr 11.

[60] Kowalewicz B. Białoruska literatura romantyczna // Kuryer Literacko-Naukowy. (Dodatek do Nr 173 Ilustrowanego Kuryera Codzennego). 1935. Nr 27.

[61] Бэндэ Л. Аб літаратуры ХІХ века // Полымя рэвалюцыі. 1935. № 4. С. 161.

[62] Перкін Н. Літаратурная спадчына Яна Баршчэўскага і Яна Чачота // Ён жа. Абсягі думкі. Мн.,1980. С. 180.

[63] Тамсама. С. 249.

[64] Першы варыянт апублікаваны ў 1952 г. уПолымі” (№ 9), пазнейдва выданні ў 1957 і 1959 гг.

[65] Майхровіч С. Нарысы беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Выд. другое, папраўленае. Мн., 1959. С. 60.

[66] История Белорусской ССР. Т. І. Мн., 1961. С. 326.

[67] Gomulicki J. Jan Barszczewski // Księga wierszy polskich XIX wieku. 2 wyd. W-wa, 1956. T. I; Polska nowela fantastyczna. Zebrał J. Tuwim. Wyd. 2, uzupełnione. T. I. W-wa, 1952. S. 53-75 (Włosy, krzyczące na głowie).

[68] Grabowski T.S. Z pogranicza polsko-białoruskiego // Księga pamiątkowa ku czci Stanisława Pigonia. Kraków, 1961. S. 445-457.

[69] Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832-1851. W-wa, 1966. S. 83-90.

[70] Бас І. Каму належаць вершы? // Беларусь. 1963. № 11; ён жа. Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні. Мн., 1969. С. 134-147; ён жа. Невядомы варыянт верша Яна Баршчэўскага // Дзень паэзіі – 69. Мн., 1969.

[71] Лойка А.А., Перкін Н.С. Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў ХІХ стагоддзі. Мн., 1963. С. 30-31.

[72] Бандарчык В. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Мн., 1964. С. 53-55.

[73] Грынчык М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969. С. 42-46.

[74] Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968. С. 65-79.

[75] Мальдзіс А. Творчае пабрацімства. Мн., 1966. С. 32-33. А таксама: Мальдзіс А. Традыцыі польскага асветніцтва ў беларускай літаратуры ХІХ ст. Мн., 1972. С. 18-19; ён жа. Украінскі перыяд жыцця Яна Баршчэўскага // Матэрыялы першай навуковай канферэнцыі па вывучэнню беларуска-украінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969; ён жа. Ян Баршчэўскі // Мальдзіс А. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. Мн., 1969.

[76] Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2 т. Мн., 1969. Т. 2. С. 37-40.

[77] Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя. Хрэстаматыя. Скл. С.Х. Александровіч, А.А. Лойка, В.П. Рагойша. Мн., 1971. С. 80-100.

[78] Ларчанка М. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974. С. 179.

[79] Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць. Мн., 1975. С. 88.

[80] Тамсама. С. 89–90.

[81] Пачынальнікі. З гіст.-літ. матэрыялаў ХІХ ст. Укл. Г.В. Кісялёў. Мн., 1977. С. 39-84.

[82] Гісторыя беларускай літаратуры. ХІХ - пачатак ХХ стагоддзя. Пад агульнай рэд. чл.-кар. АПН СССР М.А. Лазарука і праф.А.А. Семяновіча. Мн., 1981. С. 41. Гл. таксама: Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Ч. І. Мн., 1977. С. 94-101.

[83] Яскевич А.С. Становление белорусской художественной традиции. Мн., 1987. С. 187.

[84] Тычына М.А. Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры. Мн., 1991. С. 35.

[85] Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990. Пазней з‘явілася другое выданне (Мн.: Юнацтва, 1996), а таксама “Выбраныя творы” (Мн.: Беларускі кнігазбор, 1998) пісьменніка.

[86] Табачнік Б. Ян Баршчэўскі // ЛіМ. 1981. 10 крас.; Каханоўскі Г. Вандраванні // Маладосць. 1984. № 10; ён жа. На Расоншчыну і Валынь да Яна Баршчэўскага // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984; ён жа. Пуцявінамі Баршчэўскага // ЛіМ. 1981. 25 верасня; Каханоўскі Г., Малаш Л., Цвірка К. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн.: Навука і тэхніка, 1989.

[87] Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча: Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры ХІХ ст. Мн., 1993.

[88] Barszczewski A. Polskie zainteresowania językiem i kulturą białoruską // Natatki Płockie. 1969. Nr 2; Barszewski A. // Wstęp do: Huszcza J. Antologia poezji białoruskiej. Wrocław, 1978. S. VIII; Dzieje folklorystyki polskiej. 1800-1863. Wrocław etc., 1970. S. 224; Olechnowicz M. Polscy badacze folkloru i języka białoruskiego w XIX wieku. Łodź, 1986. S. 165-168 i passim; Olechnowicz M. Elementy białoruskie w pieśni polskiej // Zeszyty Nauk. Uniw. Łódźkiego. S. I. Nauki Hum.-Społ. Z. 43. Filologia. Łódź, 1966; Rewolucyjna konspiracyja w Królewstwie Polskim w latach w latach 1840-1845. Edward Dembowskij. Wrocław, 1981. S. 292-307; Wasza P. Jan Barszczewski: poeta, folklorysta // Głos z nad Niemna. 1994. Nr 20; Ankudowicz-Bieńkowska M. Obraz kultury duchowej ludu białoruskiego w wypowiedziach Jana Barszczewskiego (na podstawie polskich czasopism literackich ziem litewsko-ruskich lat trzydziestych-pięćdziesiątych XIX wieku) // W kręgu kultury białoruskiej /Wyższa szkoła Ped. w Olsztynie. Red. nauk. W. Piłat. Olsztyn, 1994.

[89] Janion M. Jan Barszczewski // Obraz literatury polskiej XIX i XX wieku: Literatura krajowa w okresie romantyzmu 1831-1863. T. III. Warszawa, 1992. S. 99.

[90] Janion M. Jan Barszczewski // Obraz literatury polskiej XIX i XX wieku. S. 114.

[91] Мархель У. Праца духу – дзеля любові: Ян Баршчэўскі. Вяртанне спадчыны // Роднае слова. 1994. № 9. С. 20–24.

[92] Кохановский Г. Отзвуки далекого колокольчика // Нёман. 1994. № 1. С. 167–170.

[93] Даніленка С. Сакралізацыя вобраза радзімы ў беларускай літаратуры першай паловы ХІХ ст. (у творах Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча). Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонае ступені кандыдата філалагічных навук. Мн., 1997; ён жа. Адлюстраванне сакральнае этнічнае гісторыі ў творах Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча // Материалы международного научного семинара, посвященного памяти О.В. Озаровского. Могилев, 1996. С. 86-88; ён жа. Беларускі этнічны космас у творчасці Я. Чачота, Я. Баршчэўскага і В. Дуніна-Марцінкевіча // Весці АН Беларусі. Сер. гуманітарных навук. 1997. № 1. С. 69-80; ён жа. Інверсія прасторавых семантычных апазіцый у літаратуры беларуска-польскага рамантызму // Шляхі і сродкі ўдасканалення падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Матэрыялы юбілейнай канферэнцыі. Магілёў, 1993. С. 85-87; ён жа. Сакралізацыя дзяржавы-Радзімы ў творчасці Я. Баршчэўскага // Славянские литературы в контексте мировой. Материалы и тезисы докладов международной научной конференции. Мн., 1994. С. 9–13.

[94] Леська Л. Метамарфоза як сродак выяўлення барацьбы дабра са злом у Я. Баршчэўскага // Весці БДПУ. 1995. № 4; яна ж. Метамарфозы аблічча дэманічнага трыкстэра ў апавяданнях Я. Баршчэўскага // Весці БДПУ. 1996 № 4. С. 47-51; яна ж. Бінарныя апазіцыі – рухаючы механізм метамарфозы ў апавяданнях Я. Баршчэўскага // Весці БДПУ. 1997 № 2. С. 55-60; яна ж. Гульня – форма выражэння метамарфозы ў творах Яна Баршчэўскага // Роднае слова. 1998. № 11.

[95] Даніленка С. Міф і Радзіма: Сакралізацыя дзяржавы-Радзімы ў літаратуры польска-беларускага рамантызму. Мн.: Палібіг, 1999. С. 81.

[96] Першыя літаратурна-краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя творчасці Яна Баршчэўскага. Віцебск, 1997. Гл. таксама: Беларуска-руска-польскае супастаўляльнае мовазнаўства і літаратуразнаўства: Матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Ч. 1-3. Віцебск, 1997; Ян Баршчэўскі і яго час: Матэрыялы ІІ міжнародных чытанняў. 11–12 лістапада 1998 г. г. Полацк. Віцебск, 1999.

[97] Балахонаў С. Кліч ў вечнасць, альбо Колькі разваг над “беларускім Улісам” // Наша слова. 1999. № 4.

[98] Жураўлёў В.П. У пошуку духоўных ідэалаў. На матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст. Мн.: Беларуская навука, 2000. С. 78.

[99] Макарэвіч А. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе ХІХ – пачатку ХХ ст.: Манаграфія. Магілёў, 1999. С. 33.

[100] Тамсама. С. 13.

[101] Яскевіч С.С. Э.Т.А. Гофман і Я. Баршчэўскі: тыпалогія рамантычнае мастацкае прасторы // V Республиканская научная конференция студентов, магістрантов и аспирантов Республики Беларусь: Мат. конф. В. 5 ч. Ч. 3. Гродно: ГрГУ, 2000. С. 144–146.

[102] Яскевіч М.С. Спецыфіка фантастычнага ў творчасці Э.Т.А. Гофмана і Я. Баршчэўскага // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: Матэрыялы V Міжнар. навук. канф., прысвеч. 80-годдзю Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 3 ч. Ч. 1. Беларуская літаратура ў кантэксце сусветнай. Мн.: БДУ, 2001. С. 207.



Hosted by uCoz

Да зместу