Да зместу

Мікола Хаўстовіч

ЗАГАДКА “ПІНСКАЕ ШЛЯХТЫ”?

Беларуская літаратура ХІХ ст., мусім прызнаць, даследавана намі даволі кепска. І гэта нягледзячы на тое, што наша літаратуразнаўства мае значныя здабыткі: актыўна пашыраецца кантэкст літаратуры ХІХ ст., вывучаюцца не толькі асобныя постаці, але і літаратурны працэс у цэлым. Часам з’яўляюцца і “сенсацыйныя” заявы. Так, напрыканцы 80-х гг. былы вайсковы журналіст, а пасля баранавіцкі краязнаўца М. Маліноўскі адмовіў у паэтычных здольнасцях П. Багрыму (гл. шэраг ягоных публікацый у друку). У сярэдзіне 90-х гг. супрацоўнікі нашае кафедры гісторыі беларускае літаратуры няраз выступалі па праблемах аўтарства тых ці іншых твораў ХІХ ст. (“Зайграй, зайграй, хлопча малы…”, “Тарас на Парнасе”). На лекцыях і семінарах мы звярталі ўвагу і на пэўныя праблемы атрыбуцыі тэксту “Пінскае шляхты”[1]. У першую чаргу імкнуліся даць адказ на пытанні:

а. Чаму твор В. Дуніна-Марцінкевіча (калі гэта ягоны твор!) напісаны на пінскім дыялекце?

б. Чым растлумачыць больш высокі – у пэўнай ступені – мастацкі ўзровень “Пінскае шляхты” ў параўнанні з іншымі беларускамоўнымі творамі пісьменніка?

Дадзеныя праблемы станавіліся няраз прадметам абмеркавання. І. Запрудскі[2] звяртаў увагу на пэўныя “цьмяныя” мясціны ў лісце В. Дуніна-Марцінкевіча да Я. Карловіча (Я. Янушкевіч датуе яго 1868 г.). Зрэшты, аргументаў “за” аўтарства В. Дуніна-Марцінкевіча было больш і ніхто з нашых выкладчыкаў не палічыў патрэбным уздымаць гэтае пытанне ў друку. Але, як кажуць, кінутая ў прастору думка, абавязкова колісь павінна матэрыялізавацца. Менавіта так трэба ўспрымаць працу Ніны Барысаўны Мячкоўскай “Винцент Дунин-Марцинкевич не был автором водевиля Пинская шляхта[3].

Перш за усё даследчыца звярнула ўвагу на першую згадку пра “Пінскую шляхту” у лісце В. Дуніна-Марцінкевіча Я. Карловічу (чамусьці 15-go 7bra ў яе ператвараюцца ў 15.07.1868 г., хоць, прыняўшы пад увагу змест другога ліста да Я. Карловіча, правільней трэба – 15 лістапада 1868 г. Відаць, недарэчнае 7bra трэба чытаць як Nbra (Novembra). Яе здзіўляе, што ва ўласным пераліку кніг пісьменніка няма “Пінскае шляхты”. Думаецца, што ў лісце В. Дуніна-Марцінкевіча ідзе гаворка пра выдадзеныя кнігі, а не пра рукапісы. Не выратоўвае сітуацыі і “Каранацыя” (г. зн. “Халімон на каранацыі”), згаданая аўтарам ліста як непрапушчаная цэнзураю ў польскамоўнай кнізе “Люцынка”. Тут дарэчы будзе заўважыць, што В. Дунін-Марцінкевіч не кажа і пра шэраг сваіх іншых ненарукаваных беларускамоўных твораў: “Травіца брат-сястрыца”, “Злая жонка”. І таму пісьменнік не лічыў патрэбным згадваць у дадзеным кантэксце “Пінскую шляхту”.

Успрымаць словы з ліста В. Дуніна-Марцінкевіча як “абмен кнігамі і рукапісамі”, думаецца, не зусім дакладна. Пісьменнік кажа пра “пачцівага шляхціца”, які прывязе ў Вільню абяцаныя Я. Карловічу ў дадзеным лісце дзве кнігі: “Дудара” (польска- і беларускамоўную) і “Люцынку” (польскамоўную), а Вішнеўскаму, відаць, таксама абяцаныя “Пінскую шляхту” і “Правінцыйныя нарысы”.

Так, сапраўды, “в письме в целом, не сказано, что автор Пинской шляхты – это Дунин-Марцинкевич” [225]. Але справа ў тым, што ў лісце ідзе гаворка пра творы пісьменніка ўвогуле, пра творы г. зв. народнае літаратуры, пра прычыны творчасці па-беларуску. Характэрна, што В. Дунін-Марцінкевіч прапануе свайму адрасату пазнаёміцца з Аляксеем Вішнеўскім, сабрацца “хатнім колкам” і “супольна” прачытаць “Пінскую шляхту” ды “Нарысы”. Больш за тое, ён хоча пачуць слова пра іх: выкажыце пра яе [маю, маўляў, пісаніну (bazgraninę) – М. Х.] сваё меркаванне разам з вяртаннем тых твораў”[4]. Відавочна, гэта аўтарскае жаданне мець водгук на ненадрукаваны твор. В. Дунін-Марцінкевіч, добра ведаючы грамадска-палітычную сітуацыю ў краі (апрача ўсяго іншага – зняволенне ў Мінскім замку), патрабаванні цэнзуры, відаць, і не меў намеру аддаваць “Пінскую шляхту” ў друк. Аніяк не гаворыць супраць В. Дуніна-Марцінкевіча як аўтара “Пінскае шляхты” і таямнічыя сёння “Нарысы”. Якраз наадварот, да 1864 г. (часу паліцэйскага нагляду і забароны В. Дуніну-Марцінкевічу адлучацца з Люцынкі) ён дастаткова часта па справах ездзіў па Беларусі, г. зн. добра ведаў “правінцыю”. А творы падобнага жанру (з вострай крытыкай правінцыйных нораваў) пісалі і друкавалі дастаткова часта ў той час. Пісьменнік у сярэдзіне ХІХ ст. – гэта шматгранная асоба, гэта не адно толькі паэт ці драматург. Літаратар выступаў у многіх жанрах. Іншая справа, што шмат якія рукапісы В. Дуніна-Марцінкевіча не захаваліся. Прыгадаем, літаратуразнаўцы са слоў Ядвігіна Ш. ведаюць пра куфар пісьменніка, а таксама ягоную незвычайную працавітасць[5].

Н.Б. Мячкоўская правільна датуе другую вядомую сёння згадку пра “Пінскую шляхту” 1885 г. У газеце “Kraj” (№ 10) з’явіўся некралог памяці В. Дуніна-Марцінкевіча. Тут са спасылкай на А. Ельскага ідзе гаворка пра тое, што ў рукапісах захоўваюцца “Залёты”, вадэвіль на мяшанай беларуска-польскай мове, і “Пінская шляхта” па-беларуску” (А. Ельскі, відавочна, мог лічыць пінскі дыялект за беларускую мову). Здаецца няма падстаў не давяраць А. Ельскаму. Той факт, што нічога з “Пінскае шляхты” не згадваецца ў вершы-пасланні “Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу” (1872), дае падставы Н.Б. Мячкоўскай сцвердзіць, што бібліяфіл з Замосця “до кончины Дунина-Марцинкевича не знал о существовании Пинской шляхты” [226]. Тут, здаецца, ёсць падставы так гаварыць, бо А. Ельскі адразу пасля смерці В. Дуніна-Марцінкевіча ездзіў у Люцінку ды меў мажлівасць забраць рукапісы з куфра і для свае нататкі ў “Kraj” дадаць новыя звесткі пра два невядомыя нікому драматычныя творы Беларускага дудара. Але ж праз два гады (24.10.1887) Каміла Асіповіч (дачка В. Дуніна-Марцінкевіча) дасылае Я. Карловічу рукапіс “Пінскае шляхты”. Г. зн. А. Ельскі напачатку 1885 г. не забіраў гэты твор з куфра, а меў яго раней. І сапраўды, яшчэ з 1868 г. знаёмячы сяброў з “Пінскаю шляхтаю”, малаверагодным здаецца тое, што пісьменнік не даў скапіраваць яе свайму сябру-бібліяфілу. У нас ёсць падставы казаць пра тое, што А. Ельскі ад самога аўтара ведаў пра “Пінскую шляхту”.

Не бачым мы рацыянальнага зярняці і ў пытанні-адказе Н.Б. Мячкоўскай, чаму В. Дунін-Марцінкевіч у 1884 г. спрабуе найсці выдаўца і апублікаваць пераклад “Пана Тадэвуша” праз “Kraj”, а таксама надрукаваць у “Виленском вестнике” (1867) “Быліцы, расказы Навума” і ў той жа час і “не обмолвился о <…> водевиле Пинская шляхта?” “Скорее всего, он не был автором Пинской шляхты”. Думаецца, што правільны адказ на пытанне Н.Б. Мячкоўскай можна знайсці ў развагах віленскага генерал-губернатара І.С. Каханава адносна магчымасці друкавання “Пінскае шляхты”. Ён у 1889 г. так адказваў на запыт цэнзуры: “Подобное произведение, в коем в неприглядном свете выставляется личность должностного лица, станового пристава, который к этому везде называется наяснейшая корона, вряд ли удобно помещать в каком-либо издании, а в особенности в таком, как календарь, который предназначается для распространения в среде местного населения”[6].

Мае рацыю Н.Б. Мячкоўская, калі сцвярджае, “что наличие списка пьесы, выполненого Дуниным-Марцинкевичам, не означает, что он был автором произведения” [228]. Тым больш, што і паэма “Тарас на Парнасе” таксама была перапісана рукою В. Дуніна-Марцінкевіча. Але, думаецца, гэта не прычына, каб усё, што напісана пяром Дудара, прызнаць як неналежнае яму.

Аналіз звестак пра “Пінскую шляхту” ў ХХ ст. не дае падстаў сумнявацца ў тым, што твор напісаны не ім. Тым не менш, Н.Б. Мячкоўская лічыць: няма наўпроставых дакументальных доказаў, што вадэвіль “Пінская шляхта” напісаны В. Дуніным-Марцінкевічам. Аднак можна гэткімі ж словамі і запярэчыць: няма наўпроставых дакументальных довадаў, што вадэвіль “Пінская шляхта” напісаў не В. Дунін-Марцінкевіч.

Не вытрымлівае крытыкі і сцверджанне сучаснага вучонага-славіста, што “Дунин-Марцинкевич не владел пинским диалектом” [231]. Адразу хочацца задаць пытанне: адкуль гэта вядома, што не валодаў? Стаўшы на шлях адмаўлення, можна было б засумневацца і ў ягоным веданні беларускае мовы. Як жа! У школе яе не вывучалі, кніг не было і г. д. Але ж ёсць творы, напісаныя па-беларуску і падпісаныя псеўданімам В. Дуніна-Марцінкевіча. Зварот пісьменніка да пінскага дыялекта тлумачыцца самім матэрыялам, з якім ён працаваў. Не маглі ягоныя героі, не магла пінская шляхта гаварыць нейкім іншым дыялектам, апрача свайго. Гэткай традыцыі ў моўнай характарыстыцы сваіх персанажаў прытрымліваўся В. Дунін-Марцінкевіч з часоў “Ідыліі”. Пазнаць і зразумець блізкі дыялект, думаецца, не склала цяжкасці пісьменніку.

Тут мы мусім звярнуць увагу на шэраг надзвычай важных акалічнасцяў. Па-першае, дзеянне ў вадэвілі адбываецца, як мы памятаем, у ваколіцы О… Па-другое, адзін з герояў твора носіць прозвішча Альпенскі. Па-трэцяе, у Альпені (Ольпені) 12 мая 1849 г. В. Дунін-Марцінкевіч напісаў верш “Вясна”. Па-чацвёртае, сёння ў Столінскім раёне маецца паселішча Альпень (Ольпень) і жывуць там Цюхай-Ліпскія. Па-пятае, да 1839 г. будучы літаратар служыў у Мінскай кансісторыі пад кіраўніцтвам біскупа Мацвея Ліпскага, стаўленіка, а можа і сваяка С. Богуш-Сенстранцэвіча.

Дадзеныя факты атрымліваюць яшчэ большую вагу, калі дапусціць мажлівасць знаёмства В. Дуніна-Марцінкевіча з гэтак званай справаю № 39, заведзенаю Мінскай духоўнай кансісторыяй па загаду Мінскага губернскага праўлення “Об учинении распоряжения к присоединению семейства шляхтича Иосифа Липского, совратившегося из православия в римско-католический обряд” (1837–1870)[7].

Бясспрэчна, прывезеныя ў 1839 г. пад канвоем у Мінск Цюхай-Ліпскія шукалі заступніцтва ў біскупа Ліпскага. Але што можа ён супраць уладаў? Упартасць “злачынцаў” (а яны, заўважым, былі непісьменнымі, а г. зн. валодалі адно “пінскім дыялектам”) павялічвае намаганні дзяржаўных органаў. Обер-пракурор Сінода М. Пратасаў і слухаць не хоча, што нейкія там шляхціцы не жадаюць быць праваслаўнымі і загадвае жорстка пакараць іх.

Ёсць усе падставы лічыць, што дадзеная гісторыя, зусім нядаўна здабытая пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім з архіваў, была вядома В. Дуніну-Марцінкевічу і менавіта яна натхніла драматурга на напісанне фарс-вадэвіля. На нашу думку, усё гэта надзвычай моцна “прывязвае” “Пінскую шляхту” да В. Дуніна-Марцінкевіча. Гісторыка-літаратурны кантэкст твора пераканаўча сведчыць пра абгрунтаванасць ранейшае атрыбуцыі фарс-вадэвіля.

Н.Б. Мячкоўская асноўны доказ свае гіпотэзы шукае ў тэксце п’есы, у яе паэтыцы. Маўляў, “Пінская шляхта” “вполне определенно отличается от всего написанного Дуниным-Марцинкевичем, в том числе и от пьесы, самой близкой к Пинской шляхте по времени создания (если принять дату 1866 г.), – комедии “Залёты” (1870)”.

Што ж, сапраўды, мастацкім узроўнем “Пінская шляхта”, як ужо даўно заўважана, вылучаецца з напісанага В. Дуніным-Марцінкевічам. Але ж ці настолькі, каб сцвярджаць, што вадэвіль не належыць пяру Дудара?! Тут, бясспрэчна, патрабуецца шырокі параўнаўчы аналіз усяго ягонага творчага набытку. Некалькіх фрагментаў, якія аналізуе Н.Б. Мячкоўская, яўна недастаткова.

Але напачатку заўважым, што раздзел «Текст водевиля «пінчуцкай гаворкай» и его вариант, «выпраўлены на беларускі лад», на першы погляд, анічога не дае дзеля вызначэння аўтарства твора. Даўно было вядома, што першасны тэкст твора “збеларушаны” Я. Купалам і Я. Лёсікам ў 1918 г. А пераклад, бясспрэчна, не можа перадаць усю, так скажам, каляровую гаму арыгіналу. У той жа час цікавымі падаюцца развагі даследчыцы пра тое, што аўтар “Пінскае шляхты” не быў знаёмы з практыкай запісу ўкраінскае мовы кірыліцаю (распаўсюджанай на Украіне ў ХІХ ст.). А гэта значыць, што ён не быў звязаны з украінаманамі, што ён паходзіў не з паўднёвых, а цэнтральных рэгіёнаў Беларусі.

А зараз колькі слоў пра паэтыку “Пінскае шляхты”. Вядома, усё што сцвярджае Н.Б. Мячкоўкая, параўноўваючы мастацкія асаблівасці “Пінскае шляхты” і “Залётаў”, можна прызнаць слушным. У іх розны характар інтрыгі, яны кампазіцыйна адрозныя і г. д. Але ж ці абавязкова, каб творы аднаго пісьменніка былі падобныя як блізняты? Гісторыя літаратуры якраз сведчыць пра адваротнае.

На нашу думку, адносна большая мастацкая вартасць тэксту “Пінскае шляхты” дасягаецца В. Дуніным-Марцінкевічам выкарыстаннем беларуска-украінскае песенна-інтымнае лірыкі XVIII ст. напрыклад, г. зв. куплеты, якія аналізуе Н.Б. Мячкоўская, у “Пінскай шляхце” з’явіліся не як прадукт уласнае творчасці паэта, а запазычаны з пэўнага рукапіса альбо вуснай традыцыі. Славуты раманс Куторгі “Рвецца маё сэрца да красненькай розы” ледзь не ў поўным аб’ёме сёння можна прачытаць у раптуляры Даманавічоўны як “Залёты пэўнага гайдука да прачкі”[8] (датуецца 70–80-мі гг. XVIII ст.). Яшчэ больш адпавядаюць гэтаму рамансу вершаваныя радкі, прыведзеныя А. Рыпінскім у раздзеле “Макаранізм” з кнігі “Беларусь”. (Парыж, 1840)[9]. Нават складваецца ўражанне, што В. Дунін-Марцінкевіч быў знаёмы з гэтаю кнігаю. Параўнаем усе тры тэксты:

Рвэтса мое сырце до краснэнкой розы,

Кажыса пры колах атоса из лозы.

По паннэ Марьяннэ душичка тоскуе,

Бытцем бы зюзюля жалосно кукуе.

Як нэ бачу панны, жыцціо мнэ – могыла,

Галоўцы тяжэнко, утэкае сыла!

Ой, высох я, высох, як лапэть на пэчи,

Гырка ж моя доля, хто ж мэнэ улечи.

Як цетрэў у лисочку жалостно болбоче,

Так и мое сырце до панны сокоче.

Не верэщаки, коўбасы дэлянка –

Ништо нэ смакуе без тэбэ, коханка!

Дам тэби зэгарок велыки, як рэпа,

Нехай вюн при сырцы крипко твоим клепа

И напомынае, як богатько ною,

То ж и в дэнь, и в ночи нэ маю спокою.

                       (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта)

Jak cietrew siedząc w Jelniczku bałbocze

tak moie serce do ciebie sakocze.

Serce moie rwietca własnie jak atosa,

gdy zacznie targać praklęta kalosa.

Choć wieraszczaka, kiłbasy dzieląka

y ta niesmaczna bez ciebie, kochanka.

(…)

Ja wżoż nasochsia, jak łapać na pieczy,

horkaja dola chtoż mianie poleczy.

Rwutca maie żyły, jak huży w chamucie,

kiedy ż przybędziesz y siądziesz na kucie.

                       (Залёты аднаго гайдука да прачкі)

Яко ценцерук у лесе балбоча,

Так мое сэрца – да цябе сакоча!

Ні верашчака, кілбаса, сялянка –

Ніц мі не міло – без цябе, каханка!

Рве се мэ сэрцэ – як тая атоса,

Кеды торгаё пшэклентэ калёса!..

Рвесе мэ сэрцэ – як гуж у хамуце!..

Калі пшыядэ і сядэ на куце.

Ды ўжо ж насохся! – як лапаць на печы!

Горкая доля! А кту ж ме полечы?!

(…)

За пенкнай паненкай аж душа сумуе,

Як тая зязюля, жаласна кукуе.

Як не бачу панны, жыццё мне – магіла,

Бардзо болі глова – уцякае сіла.

Дам я тобе зэгар – а велькі, як рэпа,

Нех пшы твоім сэрцы завшэ моцна клепа,

Хай напамінае, цо я ці поведзял,

Што і ўдзень і ўночы – неспакойне седзял.

                       (З кнігі А. Рыпінскага “Беларусь”)

У той час дадзены літаратурны прыём не лічыўся плагіятам. У выніку цэлы шэраг выртасцяў “Пінскае шляхты” становяцца залежнымі не ад майстэрства В. Дуніна-Марцінкевіча, а паэтычных здольнасцяў літаратараў папярэдняе эпохі. Дарэчы, заўважым, любоўны трохкутнік “Пінскае шляхты” пабудаваны на сюжэтах песенна-інтымнае лірыкі. Талент драматурга выявіўся зусім у іншым: ва ўменні дастасаваць рэальную гісторыю да літаратурнага матэрыялу, каб у выніку атрымаўся дасканалы ў мастацкіх адносінах твор.

І яшчэ адно назіранне: у “Ідыліі” і “Залётах” “лірычныя часткі” (спевы і рамансы) пранумараваны адпаведным чынам. Думаецца, што ў “Пінскай шляхце” В. Дунін-Марцінкевіч гэтае ж зрабіў па аналогіі не як перапісчык, а як аўтар.

Такім чынам, няма дастатковых падставаў лічыць аўтарам “Пінскае шляхты” нейкага пэўнага юрыста, а не В. Дуніна-Марцінкевіча. Аўтару твора непатрэбны былі адмысловыя веды ў галіне права: В. Дунін-Марцінкевіч быў дастаткова знаёмы з судовай сістэмай Расійскае імперыі.

 



[1] Тарасюк Л.К., Хаўстовіч М.В. Новыя аспекты праграмы па гісторыі беларускай літаратуры XVIII–XIX стагоддзяў: Вучэбна-метадычны дапаможнік. Мн., 1994. С. 35.

[2] Запрудскі І. Скажыце, хто Вы?! // Першацвет. 1996. № 2. С. 113.

[3] Мечковская Н. Винцент Дунин-Марцинкевич не был автором водевиля Пинская шляхта // Wiener Slawistischer almanach. 2000. Band 46. S. 225–238. Далей спасылкі на гэта выданне даюцца ў тэксце.

[4] Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Прабл. славян. традыцый і ўплываў у творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991. С. 123.

[5] Ядвігін Ш. Выбраныя творы. Мн., 1976. С. 230.

[6] Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. /Уклад. Г.В. Кісялёў. Мн., 1977. С. 168.

[7] Гл.: Ліпскі У. Дунін-Марцінкевіч і пінская шляхта // ЛіМ. 1994. №№ 6–9.

[8] Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. /Уклад. У. Мархель. Мн., 1990. С. 204–205.

[9] Гл.: Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 69–70.



Hosted by uCoz

Да зместу