Да зместу

Мікола Хаўстовіч

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Вялікую ролю ў літаратурна-грамадскім руху ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст. адыгрываў Ян Ходзька (1777–1851), пісьменнік і драматург. Не атрымаўшы універсітэцкае адукацыі, ён самастойна ўсё жыццё набываў веды. Апрача таго актыўна займаўся грамадскімі абавязкамі: быў асэсарам суда ў Паставах (1795), падсудкам, а пасля падкаморым Вілейскага павета. У 1811 г. яго абралі старшынёю Галоўнага суда цывільнае палаты ў Мінску. У ягоным доме збіраліся прадстаўнікі творчае інтэлігенцыі, ладзіліся пастаноўкі спектакляў. Асабліва значнай у жыцці Мінска была роля гэтага дома ў часе вайны 1812 г. Я. Ходзька, прыхільнік адраджэння Вялікага Княства Літоўскага, і справай, і словам падтрымліваў гэтую ідэю, што нарадзілася ў галовах ліцвінаў-патрыётаў. Пэўны грамадскі рэзананс мелі ягоныя артыкулы ў “Tymczаsowej Gazecie Mińskiej” (1812), а камедыя “Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман”, напісаная і пастаўленая ў гэты час, карысталіся вялікім поспехам. Віхуры вайны занеслі Я. Ходзьку ў Варшаву, але хутка ён зноў у Мінску, дзе актыўна ўдзельнічае ў масонскім руху, засноўвае ложу “Паўночная Паходня” (1816).

Жаданне даць сынам адукацыю ва універсітэце прывяло Я. Ходзьку ў Вільню. Тут ён зноў ледзь не цалкам аддаецца грамадскай працы. Напачатку ўдзельнічае ў дзейнасці таварыства шубраўцаў, пазней – Патрыятычным таварыстве. Ведаў ён, вядома, і спрыяў працы віленскіх таварыстваў моладзі – філаматаў, прамяністых, філарэтаў. Грамадскімі праблемамі кіраваўся Я. Ходзькам і тады, калі пісаў сваю аповесць “Пан Ян са Свіслачы” (1821), галоўны герой якое – вандроўны гандляр – крытыкуе лад жыцця ліцвінскае шляхты і панства.

Пасля разгрому моладзевых таварыстваў царскія ўлады пачынаюць пераслед любых праяваў патрыятычнага руху. У 1826 г. Я. Ходзьку арыштавалі, доўгі час ішло следства, а калі ў 1830 г. яму дазволілі вярнуцца ў Вільню, дык літаральна праз некалькі месяцаў за ўдзел ў Лістападаўскім паўстанні выслалі на Урал.

Вярнуўшыся ў сярэдзіне 30-х гг. на Бацькаўшчыну, Я. Ходзька спрабаваў заняцца гаспадаркаю, але ў новых умовах нічога ў яго не атрымалася, дык прадаўшы спадчынны маёнтак у Крывічах, перабраўся да дачкі ў маёнтак Раговічы пад Мінскам. Тут займаўся літаратурнаю творчасцю: пісаў вершы, аповесці, мемуары. І адначасова падрыхтаваў ды выдаў “Pisma rozmaite autora “Pana Jana ze Świsłoczy” (1837–1842) у 12-ці тамах. Як піша У. Мархель, “з забытых старонак гэтых тамоў аўтар паўстае адданым сынам віленска-мінскай зямлі, у якога сваё бачанне тутэйшых традыцый, звычаяў, праблем і які распавядае пра свой край як быццам на польскай мове, але вельмі набліжанай да беларускай манеры выкладу і густа ўсыпанай перламі беларускай лексікі (абрыс, байбак, барыш, цудатворны, дарэмна, дзірван, глей, каравай, лахмана, абмешкі, адказанка, адшпіліць, асець, паджылы, разора, верашчака, запоіны і інш.)”[1]. На беларускую стыхію ў мове Я. Ходзькі звярнулі ўвагу і польскія мовазнаўцы. Г. Турская яшчэ ў 1930 г. прысвяціла гэтай праблеме адмысловую працу “Język Jana Chodźki”.

Памёр Я. Ходзька ў Мінску ў 1851 г. і пахаваны ў Заслаўі ля замка.

Камедыя “Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман” узнікла на хвалі патрыятычнага ўздыму, выкліканага вызваленнем Напалеонам Літвы ад Расійскага панавання. Гэтым агульнадзяржаўным, рэчыпаспалітаўскім патрыятызмам (Я. Ходзька нязменна называе яго польскім) можна растлумачыць і пэўнае занядбанне ліцвінскіх пачуццяў аўтара. Для драматурга больш істотным уяўляецца падтрыманне салідарысцкіх настрояў, повязі з Варшаваю, бо менавіна адтуль разам з французамі прыйшла доўгачаканая воля. Каноны класіцызму моцна абмяжоўвалі аўтара: толькі дух часу перадаў ён у сваім творы, толькі вонкавыя рысы тагачаснай грамадска-палітычнай барацьбы ўвасобіў ён у асноўным канфлікце п’есы – канфліктце паміж прыстасаванцам-здраднікам і грамадзянінам-патрыётам. А намаляваны чорнаю фарбаю вобраз царскага афіцэра хоць і надаваў твору камічнае адценне, але ўсё ж не мог пераўвасобіць яго ў камедыю ў поўным сэнсе гэтага слова. П’еса “Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман” цікавая як пярэдадзень “Пана Тадэвуша”, як твор, у якім Я. Ходзька імкнуўся расказаць пра лёсавызначальную падзею ў жыцці краю.

 

 



[1] Мархель У. Прысутнасць былога. Мн., 1997. С. 57.



Hosted by uCoz

Да зместу