Да зместу

Мікола Хаўстовіч

“ЭНЕІДА НАВЫВАРАТ”: СПРОБА РЭКАНСТРУКЦЫІ

Беларускамоўная паэзія ў XVIII ст. развівалася на народнай аснове і была моцна звязана з літаратурай беларуска-ўкраінскага памежжа. Сімптаматычна, што паэтычная культура суседніх славянскіх народаў, якія шмат гадоў жылі поруч у адной дзяржаве – Рэчы Паспалітай – на пэўным этапе складала адзінае цэлае. Напрыклад, песенна-інтымная лірыка першае паловы XVIII ст. – гэта агульны набытак суседніх народаў.

У другой палове XVIII ст. таксама назіраецца моцная повязь літаратур беларусаў і ўкраінцаў. Часта адна і тая ж тэма знаходзіла сваё адлюстраванне ў творчасці паэтаў суседніх народаў, бо аднолькавыя ўмовы існавання спрыялі засваенню і выяўленню ў аднолькавых формах падобных пачуццяў. Праблемы, што паўставалі перад тагачасным чалавекам – ці то ў Беларусі, ці то на Украіне – мала чым адрозніваліся. А таму літаратурныя творы, якія закраналі такія праблемы, дастаткова хутка станавіліся “сваімі”: мясцовы аўтар перайначваў тэкст, занесены з суседняга краю. Такая традыцыя існавала ўжо ў XVI–XVII стст. Але асабліва выразна дадзеная тэндэнцыя выявілася ў Новай літаратуры. Надзвычай яркі прыклад – верш “Уваскрэсенне Хрыстова”.

Літаратуразнаўцы так канчаткова і не высветлілі: які – беларускі ці ўкраінскі – варыянт твора ўзнік першы. Вядома, што беларускае “Уваскрэсенне” было запісана фалькларыстамі раней – І. Насовіч ў 1873 г. апублікаваў яго ўпершыню. У 1882 г. О. (?)Альхімовіч уключыў гэты верш у свой рукапісны “Сборник белорусских народных легенд, былин и песен с описанием некоторых обрядов, обычаев, праздников и игрищ крестьян Себежского уезда Витебской губернии”. Твор упершыню быў апублікаваны ў хрэстаматыі “Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя” (1940) пад рэдакцыяй Янкі Купалы. Напачатку ХХ ст. (1913) былі адшуканы і два ўкраінскія варыянты гэтага верша (“Вірша на Великдень”, “Пасхальная вірша”). М. Драгаманаў сцвярджаў, што беларускі тэкст “пайшоў ад украінскага”, а Я. Карскі выказаўся менш катэгарычна: “можа быць у іх (украінцаў – М. Х.) запазычаны”. П. Ахрыменка ў сваёй працы “Фальклорна-літаратурныя сувязі ўкраінскага і беларускага народаў”, імкнучыся вывесці ледзь не ўсю даўнюю беларускую літаратуру ад украінскае, ужо адназначна заяўляе, што “Уваскрэсенне Хрыстова” з’яўляецца перакладам-перапрацоўкаю ўкраінскай “Вірші на Великдень”, бо  – на яго думку – у беларускім тэксце маюцца ўкраінізмы. Перадусім, адзін – “лідаўшчыца” – літаратуразнаўца называе. Праўда, І. Бас катэгарычна запярэчыў: гэтае слова “здаўна існуе ў беларускай мове” [Бас 1969, 81]. Аніякіх іншых украінізмаў у тэксце “Уваскрэсення Хрыстова” не знойдзена, а таму яго залежнасць ад украінскага “Вірши на Великдень” сумнеўная. Тыя матэрыялы, якія сёння маюцца, не даюць падстаў да катэгарычных высноў аб прызнанні першаснасці беларускага ці ўкраінскага варыянта: беларускі тэкст, запісаны ў другой палове ХІХ ст., не ўступае ўкраінскаму, а часам і пераўзыходзіць яго. Парадзіраванне Святога Пісьма ў беларускім варыянце больш моцнае.

Блізкая па ідэйна-мастацкаму гучанню і форме і г. зв. калядная паэзія. Напрыклад, наступная песня:Я, маленькі хлопчык, // Узлез на стоўпчык, // У дудачку йграю, // Хрыста забаўляюва ўкраінскім варыянце мае толькі адно адрозненне: дудачка заменена на “сопілочку”.

Для нас істотным уяўляецца тое, што і ў XVIII ст. на Украіне і ў Беларусі была практыка дастасоўваць іншамоўны тэкст да ўласнае моўнае стыхіі. Мы можам нават казаць пра дастаткова добры пераклад: вось толькі ў нас няма дастаткова падстаў сцвярджаць, што, напрыклад, “Уваскрэсенне Хрыстова” перакладзена-перапрацавана з украінскае мовы. І няма аргументаў на карысць гіпотэзы, што “Вірша на Великдень” – гэта пераклад-перапрацоўка з беларускае мовы.

 

Дадзеная праблема – беларуска-ўкраінскія пераклады-перапрацоўкі XVIII ст. – не замыкаецца на адным-другім творы. Узаемадачыненні беларускай “Энеіды навыварат” і “Энеіды” І. Катлярэўскага – гэта, на нашу думку, – своеасаблівы працяг і развіццё гэтае праблемы. Калі мы не згаджаемся, што “Уваскрэсенне Хрыстова” перакладзена-перапрацавана з украінскае мовы, то ёсць падставы засумнявацца ў даўно прынятай гіпотэзе пра залежнасць беларускай “Энеіды навыварат” ад “Энеіды” І. Катлярэўскага.

Нагадаем, што яшчэ ў 20-я гг. ХХ ст. украінскі даследчык М. Маркоўскі спрабаваў давесці, што беларуская “Энеіда навыварат” узнікла раней, чым гэта лічылася ў літаратуразнаўстве, і што не толькі “Энеіда” І. Катлярэўскага ўплывала на яе, але існаваў і адваротны ўплыў. Перадусім, у першым выданні ўкраінскага твора (1798) маецца радок “Як хочеш, так собе смякай”. Аднак слова “смякай” не ўкраінскае, а беларускае! Ці не трапіла яно ў неаўтарскі рукапіс выдаўца Парпуры з беларускага твора, у якім ёсць радок “Як хочашь, ты сабе смякай?” А магчыма, і І. Катлярэўскі быў знаёмы з “Энеідай нававарат”. Зрэшты, у іншых спісах украінскага твора замест “смякай” выкарыстоўваецца “размишляй”, “помишляй”. [Гл.: Киселев 1988, 142–143].

Крамольная думка М. Маркоўскага і тады, і сёння выглядае фантастычнаю. І сапраўды, твор І. Катлярэўскага ўжо ў другой палове 90-х гг. XVIII ст. быў папулярны ў шмат якіх рэгіёнах Украіны. Першая ж згадка пра беларускую “Энеіду” датуецца 1837 г.: студэнт-першакурснік Маскоўскага універсітэта І. Мыслоўскі перадаў філолагу В. Бадзянскаму фрагмент паэмы – усяго 104 радкі (І. Бас памылкова сцвярджаў, што ў спісе І. Мыслоўскага было 227 радкоў). Гэты спіс, які мае тытул: “Отривокъ изъ 1-ой песни Енеиды, вывороченной на изнанку на белорусскій языкъ, по образцу малороссійской Котляревскаго, г-мъ Мысловскимъ (въ губ. Витебске)”, доўгі час захоўваўся ў адной з Маскоўскіх бібліятэк сярод папераў В. Бадзянскага. Сам спіс (апрача тытулу) выкананы лацінкаю. Пачынаецца паэма радком “Janiej dziaciuk wić byû ciukawy”, а заканчваецца – “I sroga k wietram zakryczaû”.

З гэтага спіса В. Бадзянскі зрабіў копію для П. Шафарыка: лацінку І. Мыслоўскага ён перавёў на кірыліцу, што прывяло да шэрагу скажэнняў тэксту. Напрыклад, byû – бывъ, ciukawy – цюкавый, I pan – И пакъ, dulku – дулку, źmiatu – змялу, siadzieû – сядзевъ, ździełaûszy – здзелавши, ûczora – вчора, dzieûkami – дзевками, zahulaûsia – загулявся. Спіс налічвае 81 радок, ён пачынаецца словамі “Яней дзяцюкъ виць бывъ цюкавый”, а заканчваецца – “Бурлиць имъ моря приказавъ”. Асноўнае значэнне гэтага спіса ў тым, што яго выкарыстаў П. Шафарык дзеля свае працы.

У 1844 г. Р. Падбярэскі ўпершыню згадаў пра “Энеіду навыварат” у айчынным друку [Podbereski 1844, ХІ–ХІІІ], заклікаў знайсці арыгінал паэмы, што, на яго думку, знаходзіўся ў пані Дышлеўскай, і надрукаваць яго. Пецярбургскі выдавец, апрача таго, даводзіў, што твор належыць пяру віцебскага віцэ-губернатара Ігната Манькоўскага і напісаны 50 гадоў таму (г. зн., у сярэдзіне 90-х гг. XVIII ст.).

У наступным 1845 г. голас Р. Падбярэскага “пачуў” Л. Кавелін: атрымаўшы дастаткова вялікі (241 радок) фрагмент паэмы ад “аматара і знаўцы роднай мовы” К. Мыслоўскага, брата І. Мыслоўскага, надрукаваў яго ў часопісе “Маяк” (1845. Т. ХХІІІ. С. 30–39) са сваім кароткім уступам “Памятники белорусской письменности”. Тэкст пачынаецца радком “Яней дзяцюкъ вишь бывъ хупавый”, а заканчваецца – “Адзёжу нада намъ папрудзиць”.

У паперах В. Бадзянскага захоўваўся і спіс “Энеіды навыварат”, дасланы ў 1851 г. вучонаму Б. Залескім. Гэты спіс мае тытул “Энеида съ малоросiйскаго на смоленскiй крестьянскiй языкъ, переложенная Викентiемъ Ровинским (помещикомъ Духовщинскаго уезда)”. Тэкст напісаны кірыліцай пераважна дзесяцірадковымі строфамі, усяго 303 радкі.

У 1853 г. у “Смоленских губернских ведомостях” з’явіўся артыкул П. Шастакова “Духовщинское подречье” (№ 50), у аснове якога – беларуская “Энеіда”. Ён прыводзіць два невялікія ўрыўкі з твора і называе рукапіс, якім карыстаўся: “Энеида, на смоленское крестьянское наречие переложенная В.П. Р–ским”. Г. зн.,. што напачатку 50-х гг. ХІХ ст. у сям’і Равінскіх былі перакананы, што Вікенцій Паўлавіч – перакладчык “Энеіды” І. Катлярэўскага “на смоленскiй крестьянскiй языкъ”. Відавочна, што інфармацыя атрымана ад самога паэта. Апрача таго, у доме Равінскіх меўся і рукапіс твора. (А ці не палічылі сыны В.П. Равінскага, не звярнуўшыся да яго, перапісанае ім за напісанае бацькам?) Менавіта паводле гэтага рукапісу ўнук В.П. Равінскага Канстанцін зрабіў публікацыю “Энеіды навыварат” ў 10–11 нумарах “Смоленского вестника” (1890). Усё гэта сталася вырашальным для Я. Карскага, які на падставе даступных на той час звестак аргументавана давёў аўтарства Вікенція Равінскага.

Апошнюю палову ХХ стагоддзя таямніцу аўтарства “Энеіды навыварат” настойліва, мэтанакіравана, на навуковай аснове актыўна спрабаваў разгадаць Г. Кісялёў. Даследчык перакананы, што паэма нарадзілася на беларускай Смаленшчыне, а з тае прычыны, што найбольш “исправный” (Я. Карскі) спіс твора паходзіць з дому Равінскіх, што Б. Залескі і П. Шастакоў карысталіся інфармацыяй, мажліва, самога Вікенція Равінскага, што Канстанцін Равінскі, паводле сямейнай легенды, яшчэ раз пацвердзіў аўтарства свайго дзеда, – лічыць “загадку беларускай «Энеіды»” разгаданай. Аргументацыя Г. Кісялёва прынятая большасцю сучасных беларускіх літаратуразнаўцаў. Перадусім, амаль усе найноўшыя хрэстаматыі, падручнікі для школ і ВНУ друкуюць “Энеіду навыварат” ужо не ў раздзеле “Ананімныя творы”, а пад прозвішчам В. Равінскага.

І ўсё ж, на нашу думку, у пытанні аўтарства беларускай “Энеіды” кропку ставіць яшчэ рана.

І. Ралько, які вывучаў верш паэмы, прыйшоў да высновы, што яна напісана г. зв. дзяржавінскім ямбам і раней, чым у 20-я гг. ХІХ ст. (час, калі “Энеіду навыварат” мог напісаць В. Равінскі) [гл.: Кісялёў 1989, 143–145]. Дзяржавінскі ямб, дзяржавінская страфа вядома яшчэ і пад назваю адычнае страфы (ці дэцымы)[1]. У Новай беларускай літаратуры даследчыкам быў вядомы толькі адзін твор, напісаны гэтаю страфою, – “Чалом, чалом, оцец, татулька” (“Імяніннае віншаванне”), пададзены ў друк Іосіфам Цытовічам у 1843 г. (часопіс “Маяк”). В.П. Рагойша лічыць, што дадзены верш узнік пад уздзеяннем “Энеіды” І. Катлярэўскага [Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя 1988, 477]. Але ж гэты твор у стылёвых адносінах надзвычай блізкі і беларускай “Энеідзе навыварат”!

Адычная страфа верша “Чалом, чалом, оцец, татулька” падштурхоўвае да наступнае думкі: а можа, і беларуская “Энеіда навыварат” пісалася адычнаю страфою? Ці можам мы знайсці аргументы на карысць гэтага? Ці можам мы знайсці ў беларускім тэксце структуру адычнае страфы? Здаецца, адказ на гэта пытанне станоўчы. Па-першае, у творы лёгка можна вылучыць тры дасканалыя адычныя страфы (“А Зеўс тады сядзеў у клеці”, “Эней пачухаўся, паскробся” і “Ўзашлі ў святліцу, пераксьцілісь”). Здавалася б, – на 303 радкі паэмы гэтага занадта мала. Але, па-другое, у тэксце беларускай “Энеіды навыварат” сустракаюцца фрагменты адычнай страфы. Так, першае яе чатырохрадкоўе (рыфмоўка abab) выяўляецца ў паэме 28 разоў (112 радкоў), апошняе (рыфмоўка deed) – 6 разоў (24 радкі). Наяўнасць якраз апошняга чатырохрадкоўя адычнае страфы – важкі аргумент на карысць таго, што твор пісаўся менавіта гэтаю страфою. І гэта нягледзячы на тое, што такіх чатырохрадкоўяў захавалася няшмат. Гэта сведчанне “сапсаванасці” аўтарскага тэксту. Вуснае бытаванне твора трансфармавала строфіку паэмы – замест складанае кальцавое рыфмоўкі deed узнікла больш простая – сумежная aabbcc. На трыццаць строфаў паэмы, напісанай адычнымі строфамі, павінна прыпадаць толькі 60 радкоў з рыфмоўкай cc. Але ж у “Энеідзе навыварат” такіх радкоў 160. Праўда, лагічна было б выключыць з гэтай колькасці яшчэ 60 радкоў, памятаючы, што апошняе чатырохрадкоўе адычнае страфы (deed) мае два радкі з сумежнай рыфмай (ee).

У дадзенай працы, не закранаючы праблему аўтарства беларускай “Энеіды навыварат”, мы паспрабуем рэканструяваць тэкст славутага твора, паспрабуем “пашукаць” у ёй адычную страфу, якая шырока выкарыстоўвалася літаратарамі XVIII – пачатку ХІХ стст.

I страфа

Жыў-быў Эней, дзяцюк хупавы,

Парнюк няўвошта украсіў;

Хоць пан, а ўдаўся нялукавы,

Даступен, весял, неспясіў.

Но грэкі вуйму нарабілі:

Як ляда, Трою ўсю спалілі.

Кашэль ён згробшы – науцёк,

І швыдко зробіўшы чаўнок,

Траянцамі яго набіў

І ў мора з імі ён паплыў.

У І страфе, на нашу думку, першыя шэсць радкоў захаваліся ў аўтарскім варыянце. Апошняе чатырохрадкоўе трансфармавалася ў выніку вуснага бытавання твора. Магчыма, сёмы радок першапачаткова быў апошнім у страфе:

Ён швыдко зробіўшы чаўнок,

Траянцамі яго набіў

І ў мора сіняе пусціў,

Кашэль ён згробшы – науцёк.

ІI страфа

Якась Юнона была злая,

Адроддзя панскага, ліхая,

Шукала ўсё яго згубіць,

Ў кацёл у пекла пасадзіць.

За то от віш ты не ўзлюбіла,

Яго Венера што радзіла,

А дзядзька зробіў указею:

Юнона хвасталась сваею,

А ён Венерыну хваліў,

Венеры й дульку падарыў.

У ІІ страфе беларускае “Энеіды” другі радок хутчэй за ўсё прыўнесены пераказчыкамі паэмы (у віцебскай рэдакцыі занатаваны больш мяккі варыянт: “Як пані наша так ліхая”). А г. зн. адсутнічае трэці радок, які ў аўтарскім тэксце рыфмаваўся з першым. Апошняе чатырохрадкоўе значна перайначана, бо вельмі ж невыразна апавядаецца пра суд Парыса. Вуснае бытаванне дазваляла нават устаўляць непрыстойныя выразы. Гэта выдатна заўважыў Я. Карскі: радок “Юнона хвасталась сваею” вучоны пракаментаваў наступным чынам: “Имея в виду белорусскую простоту и откровенность, легко добавить существительное” [Карский 1908, 20].

ІІI страфа

Юнона воблак адпіхнула,

Ды з неба на мара ўзглянула:

Плыве на чаўнаку Эней.

“Ах ты някруціна, зладзей!

Вось я цябе змялю ў табаку,

Ражном у мора, як сабаку!”

Панёву швыдка нахапіла,

Кашэль сашнямі налажыла,

В калёсы села, пакацілась,

Як раз в Эола ачуцілась.

IІІ страфа па зместу супадае з ІV страфой І. Катлярэўскага. Але будова гэтае страфы (уся рыфмоўка – сумежная) паказвае, што аўтарскі варыянт перайначаны. Пра гэта сведчаць і радкі, што захаваліся ў “віцебскай рэдакцыі” (публікацыя “Маяка”) замест апошніх чатырох радкоў “смаленскай рэдакцыі”:

Скарэй насоўку дай мне, Геба,

Да ў торбу ты палож мне хлеба.

Ўпрагі паўліна ў тарадзейку,

Спячы яешню да індзейку”.

Яна, усеўшы, пакацілась,

Як раз в Явола ачуцілась.

Яны нагадваюць адпаведнае месца “Энеіды” І. Катлярэўскага:

А то шепнула сука Геба...

Юнону взяв великий жах!

Впрягла в гринджолята павичку,

Сховала під кибалку мичку,

Щоб не світилася коса;

Взяла спідницю і шнурівку,

І хліба з сіллю на тарілку,

К Еолу мчалась, як оса.

ІV страфа

Ўзашла ў святліцу да й на кут.

“Здарова ўсе! Эол ці тут?”

Эол сядзеў тагды на печкі

Мязгу скабліў на перапечкі

І лапці собе падплятаў.

І вось аборы падабраў,

Заткнуў за пояс кацатыг,

Скаціўся з печкі ў адзін міг.

Радкі, пазначаныя намі як IV страфа паэмы, перададзены сумежнаю рыфмоўкаю: перапісчыкі хутчэй за ўсё захавалі змест аўтарскага тэксту, парушыўшы будову страфы. Цікава, што ў “віцебскай рэдакцыі” няма першых двух радкоў. А г. зн., што радкі “Заткнуў за пояс кацатыг, // Скаціўся з печкі ў адзін міг”, якія ведаў Р. Падбярэскі і якія, зусім магчыма, аўтарскія, становяцца пятым і шостым у страфе, што з’яўляецца найбольш для іх адпаведным. Зрэшты, два першыя радкі страфы – дастаткова важныя: на прывітанне Юноны ў наступнай страфе маецца адказ Эола.

V страфа

“Здароў хвігурная Юнона,

Цябе даўно я не відаў”.

І тры ёй зробіўшы паклоны,

Мякотнага на стол падаў.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Яна мякотнаго паела,

Хусткой уцёршысь, ўстала,

“Дзякую!” яму сказала,

Села і так яму запела:

V страфа не мае 5 і 6 радка (з сумежнай рыфмоўкай). Істотна, што ўпершыню ў паэме захавалася апошняе чатырохрадкоўе адычнай страфы. Праўда, толькі ў публікацыі “Маяка” і дастаткова сапсаванае – “испорченное” (Я. Карскі) – прымітыўна-простае ў мастацкіх адносінах.

VІ страфа

“Ці ведаешь маё ты гора?

Эней з траянцамі плыве:

Спіхні яго ты, сват, у мора, –

Няхай нячысцік воду п’е.

Мяркую, чуў: Эней – ён зводнік,

Варуга, злодзей, канаводнік;

Траянцы такжа ўсе латрыгі,

Ўся курвічы і ўсе ярыгі,

Праяву зробіць на святу:

І іх ўсіх нада з свету знесць.

Калі, сват, зробішь тую чэсць,

Зато дзявухну украсіву,

Салодкую, як з мёдам сліву,

Табе я заўтра прывяду”.

Першыя шэсць радкоў VІІ страфы адпавядаюць пачатку адычнае страфы, а вось апошняе чатырохрадкоўе дэцымы вылучыць з васьмі радкоў, якія засталіся, дастаткова складана. Магчыма, яно пачыналася радком “Праяву зробіць на святу” і ўключала ў сябе апошнія тры радкі. Слова “зробіць”, а не “зробяць”, якое было ва ўсіх, апрача “Смоленского вестника”, тэкстах, пераконвае ў гэтым, бо гаворка ідзе тут пра Энея, і ў аўтарскім тэксце характарыстыкі траянцаў не было.

Праяву зробіць на святу:

Зато дзявухну украсіву,

Салодкую, як з мёдам сліву,

Табе я заўтра прывяду”.

Дадзеная перакамбінацыя дазволіла выявіць яшчэ адно правільнае апошняе чатырохрадкоўе адычнай страфы. Як, дарэчы, і было ў публікацыі “Маяка”. Радкі, апушчаныя намі дзеля гэтае перакамбінацыі, адсутнічалі ў “віцебскай рэдакцыі”.

VІІ страфа

Эол расшупіў тое дзела –

З яго аж слінка пацякла –

Любіў ён цешыць грэшна цела,

Дзявухна па нутру была.

Заскробся, барадой затрос,

Вусы разгладзіў, падцёр нос,

Хапіў напойку табаку,

Лупіўшы зубы, барматаў

І рэч Юноне ён таку

З паклонам, віш ты, адказаў...

У VІІ страфе зноў у апошнім чатырохрадкоўі захаванага тэксту маецца невялікі збой: радкі з кальцавой рыфмоўкай пераіначаны ў тэкст з перакрыжаванай. Але ўсё ж 9 і 10 радкі могуць быць пераменены месцамі:

Хапіў напойку табаку,

Лупіўшы зубы, барматаў.

З паклонам, віш ты, адказаў

Там рэч Юноне ён таку:

VІІІ страфа

“Авохці мне, моя Юнона!

Ніводнага ж нет ветру дома!

Што буду робіць я цяпер?

Барэй з пахмелля, як вапер,

Ляжыць ў святліцы на казёнцы,

А Нот учора з’ехаў к жонцы,

Зефір з дзявухнамі зайграўся,

А Еўр у батракі наняўся:

Як хочаш, ты сабе смякай,

Ды мне дзявухну даставай!

Усе дзесяць радкоў VIIІ страфы маюць сумежную рыфмоўку. Але першае чатырохрадкоўе адычнае страфы ўзнаўляецца зусім лёгка:

“Авохці мне, моя Юнона!

Што буду робіць я цяпер?

Ніводнага ж нет ветру дома!

Барэй з пахмелля, як вапер”.

Пяты і шосты адпавядаюць адычным, а вось узнавіць апошняе – больш складана. Пэўна, не ўсе аўтарскія радкі захаваліся. Перадусім, апошні радок страфы ў “смаленскай рэдакцыі” захаваўся з непрыстойным словам: “Да е…ь дзявухну даставай!”, што сведчыць пра яго пазнейшую ўстаўку. Паказальна, што гэтая страфа беларускага твора надзвычай блізкая сёмай страфе паэмы І. Катлярэўскага. Тлумачэнне прычын адсутнасці “дома” Барэя, Нота, Зефіра і Еўра ідэнтычнае. Аўтар, які выкарыстоўваў твор суседняй літаратуры, тут не абцяжарваў сябе пошукам пэўных нацыянальных адметнасцяў пры характарыстыцы антычных персанажаў. Прывядзём украінскую страфу цалкам, бо менавіта тут убачыў М. Маркоўскі залежнасць твора І. Катлярэўскага ад беларускага тэксту:

"Гай, гай! Ой, дей же його кату! –

Еол насупившись сказав. –

Я все б зробив за сюю плату,

Та вітри всі порозпускав:

Борей недуж лежить з похмілля,

А Нот поїхав на весілля,

Зефір же, давній негодяй,

З дівчатами заженихався,

А Евр в поденщики найнявся, –

Як хочеш, так і помишляй!”

ІX страфа

А я ўсё зроблю грамадзею,

Са ўсіх глуздоў іх сцебану,

З траянцаў выдаўлю алею,

На дно у мора заганю!

Твайго ж найбольша ліхадзея,

Някрута, выблядка Энея,

От так папру я з дзяцюкамі

Аж булькаць будзе пузырамі,

Як ў вір усіх торчмя галавой

Намеснік сцягне за сабой!”

Шэсць пачатковых радкоў ІХ страфы адпавядаюць структуры дэцымы, а вось апошняе чатырохрадкоўе, што мае сумежную рыфмоўку, “сапсавана” з-за вуснага бытавання. Мы пераставім месцамі восьмы і дзесяты радкі і заменім незразумелае слова “намеснік” на прапанаванае Я. Карскім “нячысцік”:

От так папру я з дзяцюкамі,

Як ў вір усіх торчмя галавой

Нячысцік сцягне за сабой,

Аж булькаць будзе пузырамі.

Атрымалася яшчэ адно правільнае апошняе чатырохрадкоўе дэцымы, хоць, відавочна, пачатак восьмага радка ў аўтарскім варыянце быў іншы.

X страфа

І вось Эол, галень схапіўшы,

На паншчыну гукаць пачаў.

І вось ён, ветры распусціўшы,

Бурліць ім мора наказаў.

Калі хто відзеў, як Бахціха

Нямецка піва задаець,

Яке яно падыме ліха,

Запеніцца і розна прэць, ‑

От так і мора заравела,

Бубліла, пенілась, шыпела.

Эней упудзіўся, ўсхадзіўся,

Матуз аж у штаноў зваліўся,

Са страху й нюні распусціў

І, слоўна ў цётцы, ён завыў.

У Х страфу мы ўключылі 14 радкоў. Прычым і першае і другое чатырохрадкоўі маюць перакрыжаваную рыфмоўку. Дык ці не ўзнікла адно з іх у часе шматгадовага вуснага бытавання твора? Беларускі чытач прызвычаены да “геаграфічнае” падказкі на смаленскую Бахціху: гэтыя радкі нібыта і неад’емная частка паэмы. Але ці так гэта? Ці была Бахціха ў аўтарскім варыянце твора? На нашу думку, пачатковае чатырохрадкоўе больш “неабходнае” ў тэксце, а параўнанне мора з півам Бахціхі ўзнікла пазней, мажліва, на Смаленшчыне. А вось у “віцебскай рэдакцыі” меліся яшчэ і наступныя радкі (публікацыя “Маяка”):

Аж так і мора закіпела,

Як у пасекі мядзведзь равеў,

Чуць лодка на мялі не села,

Яол Янея вот так паддзеў.

Радкі ж апошняга чатырохрадкоўя мяняюцца месцамі, а г. зн. набываюць выгляд адычнага:

Эней упудзіўся, ўсхадзіўся,

Са страху й нюні распусціў

І, слоўна ў цётцы, ён завыў.

Матуз аж у штаноў зваліўся,

XІ страфа

Траянцы ўсе казлы задралі,

Са ўсіх чаўноў яны гукалі,

Ў балоце будта лісавей.

Ачнуўся, закрычаў Эней:

“О цар-царэвіч, тат Нептун!

Не буду прад табой брахун.

Змілуйся, мора усміры!

Картузнай я прышлю цяртухі,

Сударскай моцнае сівухі,

А грошы сам з машны бяры”.

У Х страфе “сапсаваным” з-за вуснага бытавання з’яўляецца першае чатырохрадкоўе. Здавалася б, калі папярэдняя страфа завяршалася апісаннем сполаху Энея, то і далей гаворка павінна ісці пра яго. Але згадваюцца траянцы, якія “казлы задралі” і “гукаюць” з нейкіх “ўсіх чарёў” (можа, гаворка пра чары, а не пра чаўны?) “быццам ў балоце лісавей”. І толькі пасля “з’яўляецца” Эней, які звяртаецца да Нептуна з просьбаю. Пачатак можна трансфармаваць наступным чынам:

Траянцы ўсе казлы задралі.

Ў балоце будта лісавей,

Са ўсіх чаўноў яны гукалі.

Ачнуўся, закрычаў Эней:

Апошнія шэсць радкоў страфы адпавядаюць радкам ccdeed дэцымы.

XІІ страфа

Нептун да грошы меў ахвоту,

Гарэлку добра ён сцябаў,

Пачуў, што будзе за работу,

Як раз на ветраў загукаў:

“А вон, нячысты някруціны,

З якой фантазіі вы тут,

Глядзі, скаштуеце дубіны,

І ноздры вам ражном утруць”.

ХІІ страфа пачынаецца “правільным” чатырохрадкоўем дэцымы, а наступная яе частка “сапсаваная”: адсутнічаюць пяты і шосты радкі, а сёмы і восьмы перастаўлены месцамі:

“З якой фантазіі вы тут?,

А вон, нячысты някруціны,

Глядзі, скаштуеце дубіны

І ноздры вам ражном утруць”.

XІІІ страфа

Вось досыць ветрам тут здзікацца:

З Нептунам зналі, які жарт, –

Дамоўкі сталі убірацца,

Як ад Кургузава Ліпарт.

А вось і соўнышка ўзглянула,

Траянцам як цяпло ўпыхнула.

Эней, уцёкшы так ад бед,

Састрапаць заказаў абед.

“Правільным” чатырохрадкоўем пачынаецца і ХIІІ страфа. Цікава, што ва ўсіх захаваных спісах гаворка ідзе пра Кургузава (Кургузага) і Ліпарта, а згадка пра Кутузава і Банапарта з’явілася ўпершыню ў каментары Б. Залескага. Пяты і шосты радок у “смаленскай рэдакцыі” маюць крыху іншы выгляд: “І вось і неба залупілась, // Ўскачыла соўнышка, з’яснілась”. Апошняе чатырохрадкоўе няпоўнае – прапушчаны два сярэднія радкі (ее):

Эней, уцёкшы так ад бед,

 . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Састрапаць заказаў абед.

XІV страфа

Траянцы ўзялісь за ядзенне,

Як з поля панскія харты.

Была ў іх з затаўкай крупеня,

Кулагу пхалі ў жываты;

Была ў іх гушча і драчона

І парасяціна смажона;

Пілі гарэлку не каўшом,

Цягнулі ў волю ўсе нагбом.

Усячыны панасцябалісь

І на палацях спаць паклалісь.

XIV страфа таксама мае “сапсаванае” апошняе чатырохрадкоўе. Але яго магчыма рэканструяваць: радок “Усячыны панасцібалісь” больш лагічна “падняць”, пачаць ім заключнае чатырохрадкоўе: “панасцябаўшыся” “ўсячыны”, траянцы пачалі піць гарэлку “нагбом”. У публікацыі “Маяка” замест гарэлкі траянцы: “А ў заедку ж далі пад канец // З алеем смачны селядзец. // Талакою насцябалісь...”, што яшчэ раз паказвае мажлівасць рэканструкцыі адычнае страфы:

Усячыны панасцябалісь:

Пілі гарэлку не каўшом,

Цягнулі ў волю ўсе нагбом.

І на палацях спаць паклалісь.

XV страфа

Венера з кірмашу вярнулась

(На Ўшэсці, відзішь ты, была)

І аб Энеюшку дачулась,

Юнона як яго спрагла.

Андрак з насоўкай апранула,

З падплётам ўздзела кавярзні,

Анучкі рабыя абула,

Як слоўна ў войта селязні;

А храпу з шчолакам абмыла,

Кужэльны ўздзела балахон,

Папранік ў хустачку ўлажыла,

Пайшла к Зявесу на паклон.

У XV страфу мы ўключылі тры чатырохрадкоўі з сумежнаю рыфмоўкаю. Першае адпавядае першаму чатырохрадкоўю дэцымы. Другое мажліва трансфармаваць у пяты і шосты радкі адычнае страфы, бо ў публікацыі “Смоленского вестніка” адсутнічае наступная яе частка: “Анучкі рабыя абула // Як слоўна ў войта сілязні”:

Андрак з насоўкай апранула,

Анучкі рабыя абула.

Апошняе чатырохрадкоўе з сумежнаю рыфмоўкаю мы можам рэканструяваць у чатырохрадкоўе з кальцавою:

Кужэльны ўздзела балахон,

А морду з шчолакам абмыла,

Папранік ў хустачку ўлажыла,

Пайшла к Зявесу на паклон.

XVІ страфа

Зявес тагды сядзеў у клеці,

Гарэлку з мёдам там сцябаў,

Без сораму, як малы дзеці,

З паддоння пальцам калупаў.

Прыйшла Венера і завыла,

Саплямі змазала ўсё рыла

І так зазюкала яна:

“А чым перад табою, бацька,

Мой абмішуліўся дзіцяцька?

Зюкні, яка яго віна.

XVІ страфа цалкам адпавядае дэцыме. Прычым ва ўсіх захаваных версіях.

XVІІ страфа

Не ўзвідзяць Рыму яго вокі,

Калі Юноны не уймешь!

З’ядуць на ростанях сарокі,

Сатрэць яна яго ў кулеш”.

Ад XVІІ страфы засталося адно першае чатырохрадкоўе. Сцвярджаем гэта на падставе XVІ страфы паэмы І. Катлярэўскага:

Куди йому уже до Риму?

Хіба як здохне чорт в рові!

Як вернеться пан хан до Криму,

Як женитсья сич на сові.

Хіба б уже та не Юнона,

Щоб не вказала макогона,

Що й досі слухає чмелів!

Коли б вона та не бісилась,

Замовкла і не комизилась,

Щоб ти се сам їй ізвелів.

Зварот Юноны да бацькі Зеўса і ў беларускім творы павінен быць больш эмацыянальны і пераканаўчы.

XVІІІ страфа

Зявес, гарэлачку дапіўшы,

Ражком ў халяву пастучаў,

Цяртухі моцнае зажыўшы,

Таку гаворку атказаў:

“О дочухна мая радзіма!

Дапрэць Янеюшка да Рыму

І будзе тама ён царом;

Палепшы Чыжэўскіх харом

Паставіць каменны палаты.

Паны ж не будуць там багаты;

Свае чапы ён завядзе

І ўсё на воткуп пабярэ.

У ХVIIІ страфе першыя шэсць радкоў адпавядаюць дэцыме, а вось апошняя структурная частка “сапсавана”: замест чатырох падаецца шэсць радкоў. Вызначыць, якія з іх “лішнія” – не ўяўляецца магчымым. Адсутнасць радка “Палепшы Чыжэўскіх харом...” дазваляла б “аслабіць” сувязь твора са Смаленшчынай, але ж гэты радок ёсць і ў “віцебскай рэдакцыі” (у публікацыі “Маяка”). Зрэшты, можна дапусціць, што аўтарская рэдакцыя была перайначана на Смаленшчыне і толькі тады “Энеіда навыварат” трапіла на Віцебшчыну. Можна прапанаваць апошняе чатырохрадкоўе страфы ў наступным выглядзе:

Паставіць каменны палаты.

Свае чапы ён завядзе

І ўсё на воткуп пабярэ.

Паны ж не будуць там багаты.

XІX страфа

Цяпер заверне к Карпагені,

(Ў Дзідоны, відзішь, талака)

Папрэ у волю ён смажэні,

Ад’есцца з добрага быка.

Папарыцца ён там у бані,

Падпусціць хвігля самой пані,

Закруціць моцна галаву,

На любжу прывядзе ўдаву.

Ідзі, дачухна, не турбуйся,

Ды скорамам, глядзі, не псуйся,

Ні з кім саромна не бранісь

І ў Сташкоў Ніле пакланісь!”

Падобнае і ў ХІХ страфе: зноў “правільныя” першыя шэсць радкоў, зноў замест апошняга чатырохрадкоўя – шэсць, зноў маецца “геаграфічная” прывязка да Смаленшчыны: “І ў Сташкаў Ніле пакланісь!” Але тут гэтая прывязка цалкам адпавядае логіцы паэтычнага выказвання. Магчыма наступная структура гэтага чатырохрадкоўя:

Ідзі, дачухна, не турбуйся,

Ні з кім саромна не бранісь

І ў Сташкоў Ніле пакланісь!

Ды скорамам, глядзі, не псуйся.

XX страфа

Венера тут яму прысела,

Француз як барышню вучыў,

Пайшла, свадзёбную запела:

Зявес ёй дужа дагадзіў.

Ад ХХ страфы, на нашу думку, захавалася толькі першае чатырохрадкоўе. Дапускаем, што адсутны аўтарскі тэкст апавядаў пра Венерыну радасць.

XXІ страфа

Эней ачухаўся, паскробся,

На ногі лапці падвязаў,

З палацей да кута дагробся

І плыць япрейтару казаў.

Плыў, плыў, аж в воках ззелянелась,

І мора горшэ талакна прыелась:

Ён ведзьмай на яго глядзеў.

А там начаў ужо здзікацца,

І так ні к чому стаў ругацца,

Што я й пісаць тут не пасмеў.

ХХІ страфа цалкам адпавядае адычнай страфе. Апрача таго, у гэтай страфе выяўляецца прысутнасць аўтара: “Што я й пісаць тут не пасмеў!” Характэрна, што страфа захавалася і ў “віцебскай”, і ў “смаленскай” рэдакцыях”. У “віцебскай” адно крышку іншы варыянт восьмага і дзевятага радкоў:

А там ужо стаў сварыцца

Да й так саромна стаў браніцца.

XXІІ страфа

Казаў, што б “лепшы на пагосце

Схаўтурылі б мае там косці,

Дарма чым з Троі пакруціўся

І валачобнічаць пусціўся.

Ён з гора піпку запаліў,

Ў балону галаву спусціў…

Аж глядзь у мора – і сказіўся,

Запеў “Ізбранную”, заксціўся:

“Глядзіце, братцы, вунь сяло!”

Тут ўсіх за жываты ўзяло.

Усе дзесяць радкоў, аб’яднаных намі ў ХХІІІ страфу, маюць сумежную рыфмоўку. Аўтарская адычная страфа трансфармаваная ў час вуснага бытавання твора.

XXІІІ страфа

Як раз на бераг прывалілі,

За плот чаўнок свой прыкруцілі;

Па шклянцы выпілі сівухі,

Паелі нашча саладухі,

Камоў паелі і глазухі;

Пайшлі у горад пагуляць.

Бягуць, як батракі з прыгона,

А ім ў варотах тык – Дзідона,

І стала так на іх брахаць:

XXІІI страфа складаецца з дзевяці радкоў: ад першага чатырохрадкоўя засталіся толькі два (магчыма, адсутнічае апісанне прышвартоўвання траянцаў да Карфагену), а з трох наступных – адзін лішні (“паелі нашча саладухі” ці “камоў паелі і глазухі” – апошняга няма ў “віцебскай” рэдакцыі). Затое апошняе чатырохрадкоўе з належнай рыфмоўкай (deed) захавалася цалкам (у “віцебскай рэдакцыі” адсутнічае апошні радок).

XXІV страфа

“Глядзі, які ж то абадраны.

Ці смоль вы з Шчучча везіцё?

Ай духанскія вы цыганы,

Курэй з падклецця крадзіцё.

Чаго сюды вас прыкруціла?

Я й так дзесяцкага прыбіла,

Што ён распраўшчыны не знае

І без рашпорту ўсіх пускае”.

Як валасні закапашылісь,

Пластом траянцы павалілісь,

Сачэнь Дзідоне падняслі,

Таку гаворку зацяглі:

У ХХІV страфу намі ўключана дванаццаць радкоў. Паводле рыфмоўкі, прынятай у адычнай страфе, не павінна было б выклікаць сумненняў першае чатырохрадкоўе. Але насцярожваюць ажно дзве “смаленскія” дэталі: “Шчутча” і “Духанскія-духаўшчынскія цыганы”. Тым больш, што другі, трэці і чацвёрты радкі не зусім стасуюцца з першым “Глядзі, які ж то абадранцы”. Магчыма, у аўтарскім тэксце ў першым чатырохрадкоўі былі наступныя радкі:

Чаго сюды вас прыкруціла,

<…>

Я й так дзесяцкага прыбіла.

У сваёй “прамове” Дыдона адразу мусіла ставіць пытанне перад траянцамі, а не даваць ім характарыстыку. Магчыма, “геаграфічныя падказкі” ў беларускім тэксце з’явіліся пад уплывам “Энеіды” І. Катлярэўскага:

Відкіль такі се гольтіпаки?

Чи рибу з Дону везете?

Чи, може, виходці-бурлаки?

Куди, прочане, ви йдете?

Апошнія шэсць радкоў, мажліва, мелі наступны выгляд:

Што ён распраўшчыны не знае

І без рашпорту ўсіх пускае”.

Як валасні закапашылісь,

Сачэнь Дзідоне падняслі,

Пластом траянцы павалілісь,

Таку гаворку зацяглі:

Траянцы спачатку “закапашылісь”, пасля “сачэнь <…> падняслі” і, нарэшце, “павалілісь”, каб адказаць Дыдоне.

XXV страфа

“Мы ўсе з Траянскага прыходу,

Сударскі перад тым былі;

Но ў восень прошлага мы году

Ад грэкаў ў мора уцяклі.

Эней канторшчыкам у нас,

Рашпорты дзержыць Апанас,

 . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Глазеты ж, барыня, ты маеш,

Спраглі як Трою, пра то знаеш,

То нечага табе казаць.

У ХХV страфе, зусім магчыма, адсутнічае сёмы радок. Прызнаўшы гэта, мы маем падставы казаць пра яшчэ адну, амаль цалкам захаваную адычную страфу ў беларускай “Энеідзе”.

XXVІ страфа

О вартыкульная Дзідона!

Ты нас у крэпасць запішы,

Ў нядзелю роб сабе два згоны –

Мы робіць будзем дадушы!

І ўсяку паншчыну смякаем:

У бровара сядзець як, знаем,

Загнеткі, суднікі рабіць,

На бочкі абручы набіць;

Піліп наш лепіць гарлачы,

Пракоп жа ступы, таўкачы.

У ХХVІ страфу – скарга траянцаў на сваю долю Дыдоне – мы аб’ядналі 10 радкоў. Першыя шэсць адпавядаюць рыфмоўцы адычнае страфы, а вось апошняе чатырохрадкоўе “сапсаванае”. Праўда, яно паддаецца рэканструкцыі: у захаваным тэксце радкі “Піліп наш лепіць гарлачы, // Пракоп жа ступы, таўкачы” выклікае здзіўленне: як можна ляпіць ступы і таўкачы? Відавочна, радкі можна пераставіць:

І ўсяку паншчыну смякаем:

У бровара сядзець як, знаем;

Пракоп жа ступы, таўкачы,

Загнеткі, суднікі рабіць,

На бочкі абручы набіць;

Піліп наш лепіць гарлачы.

Такім чынам, атрымліваецца яшчэ адна адычная страфа.

XXVІІ страфа

А Саўка зелле ўсяка знае,

Дзяцём ён вогнік адклікае,

Хупаў бабамі варажыць

І шкурапею адхадзіць.

Глядзі, як мы парасшарпалісь,

Аж сорам свеціцца наскрозь,

Ўсе лапці розна растапталісь,

Рубахі чорныя, як вось.

Калі ўжо ласка твая будзець, –

Вялі нам баньку пратапіць!

Адзёжу трэба нам папрудзіць,

От так кішаць, няможна жыць”.

ХХVІІ страфу (у нас – дванаццаць радкоў) рэканструяваць дастаткова складана. Але, думаецца, што першыя чатыры радкі маглі ўзнікнуць пазней пад уплывам украінскае “Энеіды”. Так, у ІІ частцы твора І. Катлярэўскага адзін з траянцаў быў

... знахур ворожіть.

Умів і трасцю одшептаты,

І кров хрыстьяньску замовляты.

Апрача таго, ведзьма Сівіла сцвярджае, што яна: “На світі всячіну я знаю”. А ў пекле ведзьмам не дазваляецца, каб “Не ворожылы б на бобах”. Сумнеўна, каб чарадзейскія (знахарскія) заняткі таксама ўваходзілі ў “паншчыну”. Зрэшты, гэтае чатырохрадкоўе магло быць часткаю яшчэ аднае страфы. Наступныя два чатырохрадкоўі захаваліся з перакрыжаванаю рыфмоўкаю. Магчыма, што першае з іх – пачатак адычнае страфы, а другое можна рэканструяваць як яе апошняе чатырохрадкоўе:

Адзёжу трэба нам папрудзіць,

От так кішаць, няможна жыць, –

Вялі нам баньку пратапіць,

Калі ўжо ласка твая будзець.

Пяты і шосты радкі ў страфе адсутнічаюць.

XXVІIІ страфа

Дзідона румзала і выла,

Цякло, як з лівара, з вачэй;

Маністы дзёргала, круціла,

А сэрца – тых-тых-тых у ей!

Яна ўжо чула пра Энея,

Што з гулька ў яго і шэя,

Што волас ў галаве скруціўся,

Што нос казюлькай раздваіўся,

То шупіла, які тут смак.

І вось кляўшыла яна як:

У ХХVIІI страфе толькі апошняе чатырохрадкоўе патрабуе пэўнае рэканструкцыі:

То шупіла, які тут смак:

Што волас ў галаве скруціўся,

Што нос казюлькай раздваіўся, –

І вось кляўшыла яна як.

XXІX страфа

“Калі б Эней ваш схамянуўся…

Да сам ка мне бы падвярнуўся,

Усячыны б тагды дастаў”.

Ён – шмык, як слоўна з неба спаў!

Ад ХХIХ страфы захавалася адно чатырохрадкоўе. Аднак, нават калі ўлічыць, што выказаныя ўслых мроі Дыдоны пра Энея, пра яе жаданне ўбачыць яго, дастаткова лаканічныя, выяўлены лапідарна, то пра сустрэчу герояў у беларускім тэксце аповед адсутнічае. У І. Катлярэўскага чытаем:

Потім, з Дідоною обнявшись,

Поцілувались гарно в смак;

За рученьки біленькі взявшись,

Балакали то сяк, то так.

Пішли к Дідоні до господи

Через великі переходи.

Нешта падобнае магло быць і ў беларускай “Энеідзе”.

XXX страфа

Ўзышлі ў святліцу, пераксцілісь,

Эней і “Вотча” прачытаў.

За стол ўсе радышкам садзілісь.

Малінок на стале стаяў.

Дзідона варыва ўлівала,

Шматкамі мяса ў міскі клала

І забяляла малаком;

Трупаціла яна крупеню,

Яешню, руднік, жур, смажэню,

Камы, пячэню з часнаком.

ХХХ страфа цалкам адпавядае дэцыме.

XXXІ–ХХХІІ строфы

Былі й салодкія пацешкі:

Папранік вяземскі, арэшкі.

 

Мязгі і мезюлі рашаты.

 

Дуда вярлюем тут равела,

Сапелка гусыняй шыпела,

 

Скрыпела скрыпка, як каткі.

 

Дзявухны галасу гукалі,

Вясну малодушкі склікалі,

І шуткі розныя рабілі:

Казу святочную вадзілі,

З загнеткі лося забівалі

Дугу у шубу прадзявалі, –

 

Зікання ў волюшку было.

 

Расхарапужыўся Эней,

Аж іскры сыплюць ад лапцей.

Дадзеныя 15 радкоў, магчыма, былі ў складзе ХХХІ і ХХХІІ строфаў. Тры радкі (трэці, шосты і трынаццаты), якія не маюць пары для рыфмоўкі, паказваюць на тое, што страчана частка, дзе апісваецца баль-гулянка траянцаў у Дыдоны. Апошнія два радкі, зусім магчыма, належалі нейкай асобнай страфе, у якой, як і ва ўкраінскай “Энеідзе”, апавядаецца пра танец Энея з сястрою Дыдоны (ці самою Дыдонаю).

Высновы. Па-першае, беларуская “Энеіда навыварат” была напісана адычнаю страфою. Праўда, цалкам захаваліся толькі тры “правільныя” страфы. Але 19 (!) строф магчыма трансфармаваць у адычныя, зрабіўшы перастаноўку радкоў або прызнаўшы, што ў страфе адсутнічае адзін ці два радкі. Астатнія 8 строф захаваліся кепска: ад 5 засталіся толькі фрагменты, а тры страфы, хоць і дастатковыя па аб’ёму, але іх “трывалая” сумежная рыфмоўка не дазваляе правесці перакамбінацыю радкоў. Выяўленне ў тэксце “Энеіды навыварат” значнае колькасці адычных строф дазваляе казаць пра аўтарскую задуму выкарыстоўваць менавіта гэты від верша. А г. зн., усе захаваныя спісы паэмы – адно толькі сапсаваныя з-за вуснага бытавання фрагменты твора.

Па-другое, напісана паэма напрыканцы XVIII – напачатку ХІХ стст. як непасрэдны водгук на з’яўленне “Энеід” М. Восіпава і І. Катлярэўскага (магчыма, толькі на выданне ў 1791 г. паэмы М. Восіпава, а травестацыя І. Катлярэўскага з’явілася пазней) у час шырокага выкарыстання ў расійскім вершаванні адычнай страфы.

Па трэцяе, сумнеўна, што яе аўтарам з’яўляецца В. Равінскі: спіс, які паходзіць з дому Равінскіх (г. зв. “смаленская рэдакцыя”), нягледзячы на яго лепшую захаванасць у параўнанні са спісамі братоў Мыслоўскіх (“віцебская рэдакцыя”) яўна не аўтарскі. Асабліва, улічваючы гіпотэзу пра адычную страфу “Энеіды навыварат”.

Па-чацвёртае, звесткі надзвычай дасведчанага Р. Падбярэскага (паэма напісана 50 гадоў таму І. Манькоўскім) патрабуюць далейшае праверкі і распрацоўкі.

Літаратура

Ахрыменка П.П. Фальклорна-літаратурныя сувязі ўкраінскага і беларускага народаў. Мн., 1959.

Бас І. Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні. Мн., 1969.

Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1988.

Деркач Б. Іван Котляревський //  Котляревський І. Енеïда: Поема. Киïв, 1987. С. 5–26.

Карский Е. Белорусская Энеида наизнанку. С приложением текста сохранившихся отрывков. Харьков, 1908.

Котляревський І. Енеïда: Поема. Киïв, 1987.

Кісялёў Г. Загадка беларускай “Энеіды”. Мн., 1971.

Кісялёў Г. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993.

Киселев Г.В. Разыскивается классик… Историко-литературная дилогия. Мн., 1988.

Podbereski R. Białoruś i Jan Barszczewski // Barszczewski J. Szlachcic Zawalnia, czyli Białoroś w fantastycznych opowiadaniach. Petersburg, 1844. [T. I]. S. I–XLI.

 



[1] Адычная страфа – страфа з дзесяці радкоў, якія рыфмуюцца па схеме ababccdeed. Шырока выкарыстоўвалася расійскімі літаратарамі ў жанры ўрачыстай оды.

Да зместу



Hosted by uCoz