Да зместу

Элегі Францішак Карафа-Корбут

КАРЭСПАНДЭНЦЫЯ "GAZETY CODZIENNEJ"

Віцебск, 21 чэрвеня 1860 г. н. с.

Якім жа вам падасца голас з Віцебска сярод аркестра шматлікіх галасоў, якія злятаюцца да вас з усіх куткоў Еўропы? Але чаму б вам не ведаць, як і мы тут жывём? Сталага тэатра, дзе б мы маглі бачыць уласныя дэгератыпы ў камедыі і вартыя прыклады ў драме, у нас няма.

Заблудзіць калі-нікалі кампанія вандроўных актораў, якая гучна назавецца трупай драматычных артыстаў, пакажа, што ўмее і чаго не ўмее, не задаволіць ні нас, ні сябе, запазычыцца па вушы і па чупрыну, перасварыцца паміж сабой і з публікай ды распаўзецца ў розныя бакі, наракаючы на горад, які не цэніць талентаў і пераважна наведвае Броза і Залмана[1] з-за баваркі[2] (і ў нас баварка, што за прагрэс!) і катлет, а не тэатр, дзе можна нечаму навучыцца ды, прынамсі, прыстойна прабавіць час. Зрэшты, гэта шчырая праўда, што більярд, напоі, катлеты і карты больш прывабныя для нас за дрэнную п’есу, якую іграюць у правінцыйным тэатрыку часцей вельмі пасрэдна і рэдка калі ніштавата. Таму не дзіва, што акторы, пакінутыя ўсімі, без гроша, жывуць і п’юць з гора ў крэдыт, пакуль не збанкрутуюць дарэшты і не ўцякуць з горада, старанна атросшы ад пылу свой абутак і адзенне, якія свецяць дзірамі.

А сапраўды, маглі б і мы адважыцца на нешта добрае, калі б толькі шчыра захацелі, мелі б і сталы тэатр і публічныя бібліятэкі, лепшыя чым у кнігапрадаўца, які, гандлюючы старымі раманамі (новых вельмі няшмат), здзірае за чытанне штомесяц па 1 ¼ р. ср., хоць, зрэшты, яму не вельмі многа з таго перападае, бо ў summa summarum[3], кажуць, мае нібы 1 ½ чытача.

Ды і жывы прыклад маем перад вачамі. Беларуская Дуда (Арцём Дарэўскі-Вярыга), які знаходзіцца ў нашым горадзе, без адпаведных сродкаў і дапамогі каго з больш заможных, сам, адзін адкрыў для публікі сваю бібліятэку, якую доўгія гады збіраў (каля 700 тамоў) ды час ад часу, па магчымасці, дапаўняў навінкамі і, не зважаючы на тое, што не адзін і дарагі твор стаўся ахвярай нядбальства і легкадумнасці не аднаго чытача, прыцягвае да сваіх шафаў моладзь, якую яму найбольш пастаўляе так званы сярэдні клас нашага насельніцтва. Большасць чытачоў у падзяку за гэтае духоўнае дабрадзейства як можа падтрымлівае кнігазбор, даючы, напрыклад, на кнігі штомесяц па 40 кап. Але дзе ж нам таго дабіцца, калі не маем настойлівасці, калі не маем волі, калі папросту гультаі: пераважная частка нашай моладзі мае і шчырыя сэрцы, і добрыя прынцыпы, але нічога не робіць, ужо і тое вельмі добра, калі ў вольны ад службы час на хвілінку адарвецца ад картаў і кілішка ды прачытае што-небудзь з названага кнігазбору, выцягнуўшыся на матрацы ці пярыне.

Клуб, які нядаўна займелі, з жалем трэба прызнаць, ні да чаго нас настолькі не праявіў як да картачнай гульні ды бахусавых уцехаў. Так зараз, у лепшым выпадку, спім, калі старэйшая наша брація[4] вучыцца і прагрэсіруе. Абуджаемся, праўда, да працы, але гэта доўжыцца літаральна адну хвілінку; пасля чаго зноў засынаем, даводзячы ясна, як на далоні, што маем агонь, маем шчырыя сэрцы, але не хапае нам сталасці, але ахвоты да працы як на лякарства.

Што да прыгожага полу, пра яго скажам асцярожна і далікатна, як сама прыстойнасць ды павага да квяцістай – з руж і церняў – кароны роду людскага патрабуе. Пекныя нашы Пані (нельга сказаць інакш) таксама наведваюць клубныя балі, дзе танчаць з вялікай самаахвярнасцю, смела выдаткуючы цяжка і лёгка зароблены грош сваіх мужоў, бацькоў і братоў на крыналіны, кветкі, забаўкі, шалі, карункі ды іншыя неабходныя прадметы; дома, у коле сябровак, яны бавяць час прыстойна, спакойна і ціха – за плёткамі, з мэтай падрыхтоўкі грамадскай думкі пра рэчы і асобаў, а часам зымправізуюць аматарскі тэатр ці канцэрт на карысць бедных або на парафіяльны пабернардынскі касцёл св. Антонія.

Чаго ж больш чакаць? Зласлівыя Катоны[5] гавораць, што нашы дамы жаданне пазабаўляцца і пафранціць прыаздабляюць у выгляд дабрачыннасці, а за межамі тэатраў і канцэртаў іх любоў да бліжняга спачывае на лаўрах. Для агульнай радасці мушу прызнаць, што пекныя (да канца буду галантным) нашы пані любяць чытаць кніжкі і штораз большай масай адмаўляюцца ад кепскіх французскіх раманаў. Яны размаўляюць на роднай мове, можа, часцей, болей ды нават і лепей чым па французску, і так, нягледзячы на сваю эфірную лёгкасць, хоць чарапашым крокам, але рухаюцца наперад, цягнучы за сабой разаспаных вусатых і барадатых прадстаўнікоў сілы, мужнасці і волі нашай малалікай грамады.

Дзякуй вам і за тое, што ёсць, з часам, можа, будзе лепш[6].

Пераклад з польскай і каментар
Ігара Запрудскага

 



[1] Утрымальнікі віцебскіх шынкоў.

[2] Засалоджаная гатаваная вада з малаком.

[3] Канчатковы вынік (лац.).

[4] Жыхары Царства Польскага.

[5] Маецца на ўвазе аўтар крытычных заўваг у адной з рускіх газет адносна віцебскіх дабрачынных вечароў.

[6] Артыкул падпісаны: E. F. Ul.

Да зместу

Hosted by uCoz