Да зместу

Аксана Кузьмянок

ПАЭМА “ДВА Д’ЯБЛЫ” І АГІТАЦЫЙНА-АСВЕТНІЦКІЯ ТЭНДЭНЦЫІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ XIX СТ.

Беларуская літаратура XIX ст., асабліва першай паловы, у значнай ступені знаходзілася пад уплывам ідэй Асветніцтва. Асноўную сваю задачу беларускія асветнікі бачылі ў тым, каб садзейнічаць маральнаму і духоўнаму развіццю народа, у першую чаргу праз яго асвету, спрыяць абуджэнню пачуцця самапавагі і пашаны да роднай зямлі. Найвялікшым сацыяльным злом, параджэннем прыгонніцкай сістэмы, асветнікі лічылі п’янства. Напрыклад, Ян Чачот ва ўступе да трэцяга тома “Сялянскіх песень” піша: “Баліць сэрца, бачачы нешматлікі і самы працавіты клас грамадства, даведзены да такой вялікай бяды, да якой больш за ўсё прычынілася п’янства” [Цыт. па: Баршчэўскі 1998, 412]. Адным з галоўных асветніцкіх тэзісаў, звернутых у першую чаргу да сялянскага асяроддзя, з’яўляецца агітацыя супраць п’янства. Асуджэнне гэтай заганнай з’явы гучыць у творчасці такіх беларускіх пісьменнікаў XIX ст. як Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Я. Аношка і інш.

Адным з найбольш яскравых твораў, прысвечаных праблеме п’янства і барацьбе з ім, з’яўляецца паэма К. Вераніцына “Два д’яблы”, зусім нядаўна знойдзеная В. Скалабанам у рукапісах А. Рыпінскага. Твор пабудаваны як дыялог, ці дакладней абмен вопытам двух служкаў Сатаны, якія адпраўлены сваім гаспадаром у Віцебск і Гродна, каб “душы п’яніц самушчаць” – спойваць народ. Ва ўяўленнях народа ў постаці д’ябала заўсёды ўвасаблялася найвялікшае ліха, вераломнасць, грэшны пачатак. У паэме пры дапамозе вобразаў д’яблаў аўтар імкнецца ўзмацніць ступень заганнасці, небяспечнасці п’янства, паказвае гэтую з’яву не толькі як сацыяльнае зло, але наогул як вялікі грэх. Паводле народнай маралі, той, хто аддаў сваю душу гарэлцы – аддаў душу д’яблу. Нягледзячы на тое, што звычайна асноўнай ідэяй вобраза д’ябла ў літаратуры з’яўляецца запалохванне і сцвярджэнне зла і небяспекі, аўтар “Двух д’яблаў” імкнецца надаць апісанням вобразаў нячысцікаў сатырычнае гучанне, паказвае іх убоства, малюе служкаў сатаны са знішчальнай іроніяй:

Сам мізэрны, рожкі круты,

Быц хранцузік-небарак.

Козлі ножкі не абуты,

Капялюш на ім і храк…

Змардаваўшысь, пад ялінкі

Троха спыхацца прысеў,

Пусціў з морды гужам слінкі,

І, як цюцька, засапеў.

[Вераніцын 2000, 355].

Аўтар “Двух д’яблаў” праўдзіва паказвае гаротнае жыццё народа, пераканаўча выяўляе прычыны п’янства. Голад, нястача і танная гарэлка вядуць мужыка ў шынок, дзе ён можа заліць сваё гора, забыць у алкагольным ачмурэнні пра свае штодзённыя праблемы, прыніжэнне, бяспраўнае становішча. Такім чынам, зусім не д’яблы спойваюць і губяць народ, а ўрад і з яго дапамогай спрытныя гандляры:

Гол народ наш, як свірэлка,

Падвяло яму жывот,

Зато дзёшава гарэлка

І выходзіць іншы шчот

[Вераніцын 2000, 359].

Паэма “Два д’яблы” з’яўляецца водгукам на рэальныя грамадскія падзеі на Беларусі ў другой палове XIX ст. Напярэдадні адмены прыгону для дзяржавы вельмі важна было зменшыць магчымасць сялянскіх выступленняў супраць урада, патрэбна была пасіўная, бяздзейная народная маса, якая згадзілася б на ўсе ўмовы ўрада і памешчыкаў. Часткова гэтага можна было дасягнуць шляхам спойвання народа, а ў выніку – яго поўнага разарэння.

Паэма “Два д’яблы” носіць ярка выражаны асветніцка-павучальны характар. Аўтар сцвярджае аб заганнасці і згубнасці п’янства. А гарадзенскія мужыкі, якія назаўсёды адракліся піць гарэлку, з’яўляюцца станоўчым прыкладам і ўзорам для астатніх. Дарэчы, матыў адмаўлення ад гарэлкі з’яўляецца адлюстраваннем сапраўдных падзей, што адбываліся на Беларусі ў 60-я гг. XIX ст. У гэты час у некаторых беларускіх губернях назіралася вострае процідзеянне п’янству. Сяляне выступалі супраць сістэмы вінных водкупаў, якая заключалася ў тым, што гандляры за вялікія грошы атрымлівалі ад дзяржавы права манапольнага продажу гарэлкі, спойвалі насельніцтва і атрымлівалі вялікія барышы. Як сцвярджае гісторык Хаім Бейлькін, “сяляне на сельскіх сходах прымалі рашэнні аб адмаўленні набываць гарэлку, замацоўваючы іх клятвамі, якія прадугледжвалі жорсткія пакаранні для адступнікаў. У некаторых месцах адкупшчыкі пайшлі на зніжэнне кошту і нават танную раздачу гарэлкі. Але сяляне трымаліся дружна і сталі ствараць “таварыствы цвярозасці” [Бейлькин 1995, 2]. Найбольш распаўсюджаным, як сведчаць гісторыкі, рух цвярозасці быў у Гродненскай губерні.

У адносінах да мужыка аўтар паэмы займае даволі прыхільную пазіцыю. Ён лічыць, што першапачаткова мужык зусім нядрэнны – працавіты, богабаязны. Да згубы яго прыводзіць спажыванне гарэлкі, тады мужык пачынае слухацца нячыстай сілы:

Мужык чысты – богу верыць,

Яго лепей не чапай.

Во як стане чаркі мераць,

Тады смела падступай

[Вераніцын 2000, 359].

Брыдкім і нікчэмным чалавека робіць гарэлка. Вельмі пераканаўча аб гэтым сведчыць аўтарскае апісанне працэсу п’янства, у якім гучыць адценне пагарды, гідлівасці. П’яных мужыкоў аўтар малюе пры дапамозе такіх выразаў як сцябаў гарэлку; насцёбаўшысь; па паўгарца іншы жраў; п’яных, быццам бы як дроў і г. д.

Паэма К. Вераніцына “Два д’яблы” з’яўляецца адным з самых яскравых твораў, прысвечаных выкрыццю надзвычай вострай і небяспечнай сацыяльнай хваробы – п’янства. У ёй пісьменнік выяўляе сапраўдны асветніцкі клопат пра лёс народа. У паказе п’яных мужыкоў і д’яблаў-недарэкаў К. Вераніцын праяўляе бясспрэчны сатырычны талент. Акрамя таго, паэма з’яўляецца злабадзённым водгукам на тагачасныя грамадскія падзеі і скіравана супраць ганебнай імперскай палітыкі спойвання народа. На нашу думку, паэма “Два д’яблы” вельмі арганічна ўпісваецца ў кантэкст беларускай літаратуры XIX стагоддзя.

Літаратура

Баршчэўскі А. Беларускі край і беларускі характар у публікацыях Яна Чачота // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. (Мінск, 7–11 верасня 1998 г.). Мн.: Беларускі кнігазбор”, 1998.

Бейлькин Х. Ю. Реформа 1861 г. в Беларуси и её особенности. Гомель, 1995.

Вераніцын К. Два Д’яблы // Літаратура Беларусі: Першая палова XIX стагоддзя: Хрэстаматыя / Уклад., аўт. прадм., біягр. даведак і камент. К.А. Цвірка. Мн.: Беларуская навука, 2000.

 

Да зместу

Hosted by uCoz