Тадэвуш Лада-Заблоцкі
ВЕРШЫ
Азымунд
Пустыня на ўсе расцягнулася бокі,
Пакрыўшыся неба цудоўнага ззяннем.
Нікога навокал і толькі дарогай
Вандровец брыдзе, утамлёны бадзяннем.
А д’ябал пустыні апальвае вусны
Спякотаю, потым азёрамі вабіць;
І хвалі змяняюцца ценем спакусным,
Ды возера цень той імглою туманіць.
І раптам з камення сцясаныя ногі
Прад здзіўленым вокам вандроўцы паўсталі,
А побач, ледзь зверху прыкрыты зямлёю,
Якіясьці плечы і голаў ляжалі.
Вандроўца ўглядаецца ў голаву тую,
Што дыхае гонару моцай таемнай,
І бачыць на вуснах усмешку ліхую
І думкі пагардлўвай знак непрыемны.
І золатам надпіс быў выбіты збоку:
“Кароль з каралёў я, Азымунд вялікі,
А слава мая паляцела далёка,
Яна перажыць зможа нават граніты.
Што здзейсніў я – тое спытай у тутэйшых”.
Тады азірнуўся вандровец навокал,
І позірк сустрэўся з пустыняй ранейшай,
А звон цішыні яго слых напалохаў.
І толькі між рэштак, нязнаных ад веку,
Які-небудзь гад прапаўзае плюгавы.
Вандровец уздыхнуў над дурным чалавекам
І над недарэчнаю моцаю славы.
Тыфліс, 4 жніўня 1846 г.
Do I. H…
At tu, Natalis, multos celebrande per annos
candidior semper, candidiorque veni.
Tibullus. Lib. 1 eleg. 7
У змрочнай старонцы, у краі выгнаня
Між чорных гораў, гадзін засмучання,
Нарэшце прыйшоў, наш любы зямляча,
Святочны дзень твайго нараджэння.
Чым жа адзначыць? – у нас на радзіме
З духмянага квецця, што меў пад рукою,
Я сплёў бы вяночак, прыгожы і мілы,
І песні мае паліліся б ракою.
А тут, мой Ты Божа! Стэпы навокал,
І робіцца страшна ад змроку ляснога,
І смутак атуліць выгнанца глыбокі,
І сэрца зашчэміць прысутнасць былога.
А што ж падарыць? – о, чакай, мой зямляча!
Чакай, покуль страшная бура праміне,
І покуль на рэштках лодкі тулячай
Я зноў не з’яўлюся ў роднай краіне.
Тады наймілейшыя кветачкі стануць
Табе падарункам з Літоўскага краю
І хоры анёльскія песняй уславяць
Твой дзень народзін, а я падтрымаю.
Пераклад з польскае
Зоі Гаціла