І
Краю мой!.. як ты далёка…
Тут не ўбачыць ні палянаў,
Ні магілішчаў, курганаў,
Ні бароў, што над ракою
Шумць кронаю зялёнай…
Твой абшар, тугой замглёны,
Знік ў вачэй!.. няўжо ніколі
Мне не ўбачыць вобраз мілы?
А вандроўкі на прыволлі!:
Можа быць, маёй магілы
На айчыне там не будзе,
І ніхто сасновым векам
Не накрые мае грудзі.
Не кране маіх павекаў
Звон жалобны развітальна.
Не агучыць смутак братні
Жальбу песні пахавальнай
На спачынак на астатні.
Тут так пуста!.. а наўкола,
Як ні глянь, – перада мною –
Гарады, чужыя сёлы,
Цэлы край, спавіты мглою,
Што ажно ля сэрца ўецца, –
Хоць ён пышны і багаты
І прыбраны ў дзіва-шаты,
І шчаслівым ён завецца, –
Ён чужы!..тут жыць мне трудна!
Хоць навокал шумна, людна,
Столькі тут надзей на шчасце,
Што для ўсіх адбыцца мусіць.
Я ж на іх не адзавуся,
Не раскрыю сэрца насцеж!..
Бо ў людзей тут думкі, словы
І жыцця ўсяго аснова
Несуладныя, пустыя
І натхненыя не згодай,
А зламыснасцю заўсёднай,
Нібы ворагі якія.
Так, хаць тут народу густа,
Хоць навокал тлум, гармідар,
Ды ў вачах і сэрцы пуста,
І глядзець на ўсё агідна.
Да каго тут прыгарнуцца,
Да каго прамовіць слова?
Думкі ніткай тонкай рвуцца,
Хоць і моцная аснова,
І не злучыш іх нанова.
На чужыне ўсё іначай,
Тут інакшы лад жыццёвы,
Што сабой усё пазначыў.
Тут усе жывуць паспехам,
На цябе ж глядзяць са смехам.
А твой боль і твая горыч
Ім нічога не гавораць.
І ніколі не кране іх
Гэты смутак неразвейны, –
Ім зусім нязвыклым будзе
Той дзівак з душой юначай,
Людям тут незразумелы
Дарам незвычайным спеву, –
Той, што раптам, незнаёмы,
На здзіўленне добрым людзям,
Роднай песняй быў натхнёны,
Аж да самазабыцця, няйначай.
Хай не гэтак, як звычайна,
Лёс жыццё вяршыцца змусіць,
Але прагна і адчайна
Да святла заўжды імкнуўся б.
І чакаў бы, покуль змога,
А ці добрага, ці злога,
Каб расчуліць і разжаліць,
А разлікі ўзяць на шалі.
О! разлікі – догмы свету –
Спыняць рух усёй планеты!
Непатрэбны ні літанні,
Ані запаведзі Бога;
Тое ўсё – занадта танна,
Тое ўсё – для масы цёмнай
З рабскай доляю праклённай.
То – для чэрні, то – для ўбогіх.
Тут ва ўсім – адны разлікі
І ў пашане толькі лікі.
А дзе лічбы долю блудзяць,
Дзе на думцы – адны грошы,
О! скарыся, чорны людзе!
У сумлення смутак большы.
І душа у той краіне,
Гарадамі змураванай,
Пазалотаю прыбранай,
Ад карыслівасці гіне.
Тут цябе сустрэнуць смехам,
Абарвуць памкненняў крылы
І пагарды цяжкім векам,
Вечным сорамам накрыюць.
Будзеш ты ў часіну злую
Між людзей, ды адзінокі,
Сам адзін, для ўсіх далёкі,
І ніхто не пашкадуе,
Не падасць далоні братняй,
Не ўратуе ад самоты!
Тваіх думак мімалётных
Ясны бляск дачасна згасне,
Сыйдуць мары ў свет нямілы,
Сам жа ты рукою ўласнай
Выкапаеш ім магілу!
Не такі быў долі ранак!..
Жыў калісьці я іначай,
Шчыраваў душой юначай,
Аж пакуль за родны ганак
Не памкнуўся ад радзіны
Паглядзець на свету дзівы,
Быў са шчасцем непадзельны.
О! тады, у маладосці,
Я глядзеў у свет мілосна,
Смела будучыню бачыў, –
Спадзяваўся, што надзеяй
Цэлы свет магу зыначыць,
Што для шчасця жыць павінен…
А цяпер – адны ўспаміны
З той пары вясны далёкай,
Што сплыла дзесь за аблокі.
О, як радасна было мне!..
Як жыццё вакол бурліла
Сілай маладой, нязмернай!
І юнак, мужнеўшы сілай,
Шчыра ў будучае верыў;
Толькі сэрцам жыў і помніў,
Толькі з ім я марыў згодна
І святлеў святлом надзеі,
Што лучыла нас надзейна
Сваім полымем нязводным.
Родны край, душы айчыны,
Са святымі курганамі,
Паўстае зноў перад намі
Памяццю сівой курганаў,
Дзе мінулае схавана, –
Ён заўжды перад вачыма!
Там жыцця майго аснова
Ад калыскі да магілы,
Там душа трымцець гатова,
З тых святыняў браўшы сілы,
З родных ніваў, сэрцу мілых,
Што ўспамінам нам свяцілі.
І народ на нашых нівах
Поўны веры і надзеі,
Што дабром усіх надзеліць,
Верны Богу, справядлівы.
Хоць далей ад роднай хаты
Не бываў, ды розум мае,
Цэлы свет якім спазнае,
І навукай той багаты.
Не шукаў чужых выгодаў,
Але тут, на роднай глебе,
Забываў пра ўсе нягоды,
Помніў зоры, што на небе,
І святло, што нам свяціла,
Каб яснеў і цёмны розум
Не паганскай верай рознай,
Але праведнай, адзінай,
Што падкажа ўсім дарогу
Да святынь сваіх, да Бога,
І ўваскрэсне дух бязмерны.
Гэта святасць даўняй веры –
Той, што долю мне пазначыць,
Успамін пары юначай
На бацькоўскай, ой, на ніве,
На дзядоўскай на магіле.
Божа, як усё мінула
І сышло ў нябыт навекі,
Нібы сон, зляцела з векаў,
Толькі ў памяці мільгнула!..
Пераклад з польскае
Любові Тарасюк