Да зместу

Жана Некрашэвіч

СІМВОЛІКА АБНАЎЛЕННЯ Ў “СЛОВЕ О ПОНОВЛЕНИИ ВЪСКРЕСЕНИЯ” КІРЫЛЫ ТУРАЎСКАГА

(спроба структурна-экзэгетычнага аналізу)

Калі ў навуковай або навучальнай літаратуры згадваецца “Слово о поновлении Въскресения, и о артусе, и о Фомине испытании ребр Господень”, часцей за ўсё размова ідзе пра славуты сімвалічны пасаж з гэтай пропаведзі: апісанне абуджэння веснавой прыроды. Разглядаючы азначаны эпізод у адасабленні ад поўнага тэкста твора, даследчыкі ўказвалі на яго неарыгінальнасць, цесную сувязь з візантыйскай эпідэўктыкай або гамілетыкай[1]. Між тым наўрад ці справядліва было б лічыць гэты ўрывак звычайным літаратурным перапевам са стандартным наборам тапічных вобразаў і асацыяцый. Сімвалічная карціна вясны ў Кірылы Тураўскага ўключана ў кантэкст цэласнай творчай задумы прапаведніка, звязанай з семантыкай свята Фаміной нядзелі – матывам абнаўлення.

А. Мельнікаў справядліва адзначаў, што “сімвал па сваёй сутнасці з‘яўляецца спалучэннем катэгорый абстрактнага і канкрэтнага, што ўвогуле ўласціва для (асабліва!) старажытнай літаратуры, у тым ліку творчасці Кірыла[2] Тураўскага”[3]. Цэнтральны сімвал разглядаемай пропаведзі – “НОВАЕ” у самых розных значэннях гэтага слова. Актуалізацыя гэтых значэнняў адбываецца паступова, у працэсе стварэння рытарычна-экзэгетычнай пабудовы на розных яе этапах.

У загалоўку і ва ўступе Тураўлянін акцэнтуе ўвагу на сакральнай сутнасці свята Фаміной нядзелі: “поновление въскресениа Господня”. Дзеля высвятлення сутнасці “панаўлення” аўтар падзяляе апавядальную частку пропаведзі на тры падраздзелы:

1)                     тлумачэнне сувязі свята Фаміной нядзелі з іншымі святамі Велікоднага цыклу, а таксама яго этымалогія;

2)                     вобразна-сімвалічная мастацкая выява Вясны-Уваскрашэння;

3)                     сюжэт пра Фаму бязвернага і яго інтэрпрэтацыя.

Абнаўленне звязана з пазнаннем новага, набыццём мудрасці. У гэтым – логіка аўтарскага зачына: “Велика учителя и мудра сказателя требует Церкви на украшение праздника”[4], бо мудрасць, на думку Кірылы, – дар Святога Духа.

Абнаўленне ўсяго жывога пачалося на мінулым тыдні, на свята Вялікадня, – даводзіць аўтар, ставячы, такім чынам, у адзін семантычны шэраг тэрміны “абнаўленне” і “ўваскрашэнне”. Працягваючы развіваць асацыяцыю “абнаўленне – пазнанне”, прапаведнік вылучае “здзіўленне” як першы і неабходны этап абнаўлення: “В минувшюю неделю святыа Пасхы удивление бе небеси…” (С. 333). Другая частка разгорнутай тырады дапасуецца да першай пры дапамозе анафарычнага паўтору і паказвае наступны этап абнаўлення – “пременение”, якое канкрэтызуецца пры дапамозе адпаведных топасаў: адмаўленне крывавай ахвяры, заняпад Старога Запавету, адмена святкавання суботы і г. д. Нарэшце, само свята, якому прысвячаецца пропаведзь, ёсць вобраз абнаўлення. “Похвалим красно новую неделю сию, в нюже поновление въскресениа празднуем. Не бо есть та же Пасха днесь, но Антипасха речеться” (С. 334). Кірыла Тураўскі тлумачыць адрозненне паміж “Антыпасхай” юдзейскай і “Пасхай” хрысціянскай. Першае свята было ўсталявана ў памяць вызвалення яўрэйскага народа з-пад улады егіпецкага фараона (“они же убо избывше телесныа работы”) і звязана з раздачай асвячонага хлеба (“празднующе день опреснок”). Другое сімвалізуе выратаванне “от работы мысленаго фараона диавола”, а падзел артуса – успрыняцце “хлеба небеснаго и аггельскаго брашна” (С. 334).

На змену экзэгетычнай выяве прыходзіць мастацка-сімвалічная, якая ўяўляе сабою каларытную звыштыраду і рэалізуе далей тэматыку абнаўлення. Часткі звыштырады скрапляюцца пяцікратнай анафарай “днесь”, прычым асаблівую цікавасць уяўляюць тры першыя пасажы, пранізаныя разгорнутай ампліфікацыяй з дзевяцікратнай анафарай “ныне”. Прыгадаем гэты вядомы ўрывак у яго структурна-схематычнай перадачы:

Днесь ветхаа конец приаша и се быша вся нова видимаа же и невидимаа.

  Ныне небеса просветишася…темных облак… сволкъшася

  Ныне солнце, красуяся, к высоте въсходит

  Ныне луна… болшему светилу честь подавает

  Ныне зима греховнаа покаянием престала есть

Днесь  весна  красуется,  оживляющи  земное  естьство,  и  бурнии  ветри  тихо 

          повевающе плод гобзуют, и земля семена питающи зеленую траву ражает.

           Весна убо краснаа – вера Христова…;

           бурнии же ветри – грехотворнии помысли…;

           земля естьства нашего, …дух спасения ражает.

  Ныне новоражаемии агньци и унци быстро путь перуще скачют…

Агньца глаголю кроткыа от язык люди, а унца – кумирослужителя неверных стран…

  Ныня древа леторасли испущают и цвети благоуханиа процвитают…

           Бехом бо преже акы древа дубравнаа не имуще плода…

  Ныне ратаи слова словесныя уньца к духовному ярму приводяще…

Днесь ветхаа конець приаша, и се быша вся нова въскресениа ради.

  Ныне рекы апостолскыя наводняются и язычныа рыбы плод пущают…     

  Ныне мнишьскаго образа трудолюбиваа пчела … вся удивляет…

  Ныне вся доброгласныа птиця церковных ликов гнездящеся веселятся

Днесь поновишася всех святых чинове, нову жизнь о Христе приимше…

Днесь новым людем въскресениа Христова поновлениа праздник, и

              вся новаа Богови приносятся…           (гл.: С. 334–336).

Першая частка звыштырады ўводзіцца рытарычным пасылам: “Днесь ветхаа конец приаша и се быша вся нова видимаа же и невидимаа” (С. 334). Рэалізацыя тэмы абнаўлення пайшла па шляху супрацьпастаўлення СТАРОГА і НОВАГА: “небеса просветишася, темных облак… сволкъшася”, “солнце, красуяся, к высоте въсходит”, “луна… болшему светилу честь подавает”, “зима греховнаа покаянием престала есть и лед невериа богоразумием растаяся” (С. 334–335)[5]. У плане рэалістычным гэта, напэўна, сакавік, калі вясна паступова адваёўвае ў зімы свае пазіцыі. У плане экзэгетычным гэта пачатак духоўнага адраджэння і, так бы мовіць, падрыхтоўка да Уваскрашэння, – перыяд ачышчэння, пост.

Наступны пасаж паказвае канчатковую перамогу вясны над зімою: “Днесь весна красуется, оживляющи земное естьство, и бурнии ветри тихо повевающе плод гобзуют, и земля семена питающи зеленую траву ражает” (С. 335). Прыроднае апісанне адпавядае красавіцкім выявам, у экзэгезе – увядзенне “агнцаў” і “унцаў” у Хрыстовы статак, навучанне ў веры, далучэнне да тінстваў, духоўнае ўваскрашэнне.

Нарэшце, “днесь ветхаа конець приаша, и се быша вся нова въскресениа ради” (С. 335). Заключны, травеньскі этап вясны – абуджэнне жывёльнага свету: “рыбы плод пущают”, “трудолюбиваа пчела… медвены сты стваряют”, “вся доброгласныа птиця… гнездящеся веселятся” (С. 335–336). “Въскресения ради” – гэта тое, што адбываецца дзякуючы Уваскрашэнню, яго наступствы: “полна церковная мрежа ловитвы” – поўная царква вернікаў, “пчела… в пустынях самокормием живуще аггелы и человекы удивляют” – манаства, “птиця… обрете гнездо себе олтаря Твоя, – и свою каяждо поющи песнь, славят Бога гласы немолчными” – святарства.

Чацвёрты і пяты раздзелы звыштырады паказваюць як вынік Уваскрашэння Хрыстовага уваход у новае жыццё для абраных (“Днесь поновишася всех святых чинове, нову жизнь о Христе приимше”) і для ўсіх людзей, адроджаных і адноўленых вераю Хрыстовай (“Днесь новым людем въскресениа Христова поновлениа праздник, и вся новаа Богови приносятся”).

Пасля згадкі пра новых людзей лагічна гучыць традыцыйны зварот да слухачоў: “Възидем и мы, братие, мыслено в Сионьскую горницу, яко там апостоли събрашася и Сам Господь Исус Христос…” (С. 336). Пры падачы вядомага евангельскага сюжэта пра выпрабаванне Фамы апазізцыя “СТАРОЕ – НОВАЕ” рэалізуецца праз супрацьпастаўленне веры і бязвер‘я, верных і няверных. Працытуем згаданы ўрывак:

“Не бе бо Фома в первый приход с ученики видел Господа и слышав Его въскресша не яко лжю мня не вероваше, но и самовидець хотя быти Христу, тако глаголаше: Аще не вложю руки моея в ребра Его и в язву гвоздиньную перста моего, не иму веры! Тем и Господь не понося ему сице глаголаше: Принеси руку твою и вижь прободение ребр Моих и веруй, яко Аз Сам есмь. Мне бо и преже тебе патриарси и пророци разумевше, вероваша Моему въчеловечьнию. Испытай первое Исаино о Мне писание: Копьем бо, рече, в ребра прободен бысть, и изиде кровь и вода; в ребра прободен бых, да ребром падъша Адама въскресих. А тебе ли не верующу Ми презрю? Осязай Мя, яко Сам Аз есмь, Егоже преже осязав Семеон и верою прошаше отпущения с миром, и не буди неверен, якоже Ирод, яже слыша Мое рожество, глаголаше волъхвом: Кде Христос ражаеться, да и аз шед поклонюся Ему? – а в сердци о убийстве Моем мысляше, нъ еще и младеньци изби, но искомаго не обрете: Взищут бо Мене злии, нъ не обрящут. Веруй Ми, Фомо, и познай Мя, якоже и Аврам, к немуже под сень с двема ангелома придох, и тъ познав Мя, Господа Мя нарече, и о Содоме моляше Мя ся, да его не погублю аще и до десяти было бы в нем праведник. А не буди неверен, акы Валам, иже Духом Святым прорек Мое за мир умертвие и въскресение, и пакы мьзды ради прельстився погибе. Веруй Ми, Фомо: Сам Аз есмь, Егоже виде Иаков в нощи на лествице утвержающася, тъже и пакы позна Мя духом, егда боряхся с ним в Месопотамии: тогда бо обещахся му въчеловечитися в племени его. И не буди неверен, яко Навходоносор, иже видев Мя в пещи отрокы от огня спаса, истинною Сына Божиа нарече Мя и пакы к своим прелстем уклонився, погыбе. Веруй Ми, Фомо, яко Аз есмь, Егоже образ виде Исаиа на престоле высоце, объстоима множеством аггел. Аз есмь явивыйся Езекилю посреде животных образом человеческом, емуже и вас прообразих колесы, животными придержащихся, въздвизающихся со Мною: то бо животный бе дух тогда в колесах, егоже и ныне в вас дунух Дух Святый. Аз есмь, Егоже виде Даниил на облацех небесных подобием Сына человечя… (С. 336–337)”.

Кірыла Тураўскі па-майстэрску выкарыстоўвае прыём рытарычнага тлумачэння евангельскай цытаты: зварот Езуса Хрыста да Фамы “не будзь няверным, але верным” прапаведнік разбівае на часткі і мацуе імі ампліфікацыйныя перыяды рытарычнай тырады, пералічаючы вядомых “верных” і “няверных” біблейскіх персанажаў: Ісаю, Сімяона, Аўраама, Іакава, Данііла – з ліку верных; Ірада, Валаама, Навухаданосара – з ліку няверных. Уся ж гэтая рытарычная канструкцыя адштурхоўваецца ад цытатнай выбаркі з Евангелля ад Іаана (гл.: Ія. 20. 24–27; у працытаваным урыўку пазначана курсівам) і Евангелля ад Лукі (гл.: Лк. 24. 39; у працытаваным урыўку пазначана тлустым курсівам). Такім чынам, евангельская цытата аказваецца растворанай у аўтарскім тэксце. Акрамя таго, аўтар ужывае свае ўласныя словы “Веруй ми, Фомо” у якасці дадатковага скрэпу. Завяршае ж ён складаны цытатна-рытарычны пасаж трохразовым паўторам “Аз есмь”, які канчаткова павінен быў замацаваць упэўненасць слухачоў у сапраўднасці і бясспрэчнасці ўваскрашэння Пана Езуса, якое стала вышэйшай формай абнаўлення.

Духоўнае абнаўленне ажыццяўляецца дараваннем грахоў праз пасрэдніцтва споведзі. Менавіта такі шлях да выратавання атрымалі людзі ў эпоху Новага закону. Аднак, як адзначае А. Мельнікаў, ёсць яшчэ адна мэта, – “благаславіць чалавецтва: не толькі ачысціць, але і надаць благадаць”[6]. Менавіта пра гэтую, вышэйшую мэту і вышэйшую форму абнаўлення “праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце” гаворыць апостал Фама ў сваім адказе Настаўніку: “Вижю руце Твои, имаже преже створи всю тварь, и рай насади, и человека създа, имаже благослови патриархи, имаже помаза царе, имаже освяти апостолы. Вижю нози Твои, еюже прикоснувшися блудница грехов отпуст прият… И аз, Господи, верую, яко Ты еси Бог. И рече к нему Исус яко: Видев Мя и верова; блажени невидевшеи и в Мя веровавше!”[7]

Так тураўскі Златавуст паказвае слухачам адзіны сапраўдны шлях абнаўлення – праз веру ў зверхнае і нябачнае. “Тем же, братие, веруим Христу Богу нашему”, – падагульняе прапаведнік, завяршаючы выдатную прамову-павучанне і дасканалае мастацкае палатно адначасова.

 



[1] Гл., напр.: Мельнікаў А. Кірыл, епіскап Тураўскі. Мн., 1997. С. 130.

[2] У беларускім літаратуразнаўстве з прычынаў зусім нефілалагічных сустракаецца напісанне імя Тураўскага ў родным склоне з канчаткам , што пярэчыць нормам нашае мовы. (Рэд.)

[3] Мельнікаў А. Кірыл, епіскап Тураўскі. С. 130.

[4] Слово Кирила мниха недостойнаго о поновлении Въскресениа, и о артусе, и о Фомине испытании ребр Господень // Мельнікаў А. Назв. твор. С. 333. У далейшым твор цытуецца па гэтым выданні з пазначэннем старонкі ў дужках.

[5] Экзэгетычная паралель апошняй фразы – “лед же Фомина невериа показанием Христов ребр растаяся” – можа расцэньвацца як своеасаблівы паэтычны скрэп паміж другім і трэцім раздзеламі апавядальнай часткі слова.

[6] Мельнікаў А. Назв. твор. С. 147.

[7] Апошні сказ – гл.: Ія. 20. 29.

Hosted by uCoz

Да зместу