Да зместу

Таццяна Нетбаева

ФАЛЬКЛОРНЫЯ І ЛІТАРАТУРНЫЯ РЫСЫ БЕЛАРУСКАЙ ПЕСЕННА-ІНТЫМНАЙ ЛІРЫКІ XVII–XVIII стст.

Цікавай старонкай гісторыі беларускае літаратуры з’яўляецца песенна-інтымная лірыка XVII–XVIII стст. І цікавасць яе абумоўленая ўжо тым, што з аднолькавым поспехам яе можна назваць і з’явай прыгожага пісьменства, і з’явай фальклорнай. І, разам з тым, нельга адназначна сказаць, якія рысы – фальклорныя або літаратурныя – пераважаюць у гэтых песенных творах.

Для таго, каб вылучыць фальклорныя адметнасці песенна-інтымнай лірыкі, трэба спачатку разгледзець такую з’яву, як народная лірыка кахання. Народныя песні пра каханне вылучаюцца з пазаабрадавай лірычнай паэзіі выключным багаццем і разнастайнасцю зместу. Галоўныя героі любоўнай лірыкі – хлопец і дзяўчына. Вобраз дзяўчыны надзяляецца лепшымі чалавечымі якасцямі – мудрасцю, працавітасцю, шчырасцю, праўдзівасцю, адданасцю. Вобраз хлопца ва ўсёй прывабнасці “паўстае ў сцэнах, у якіх паказаны яго заляцанні, настойлівае імкненне пабачыцца са сваёй каханай” [Беларуская вусна-паэтычная творчасць 2000, 437]. Часцей за ўсё замест хлопца і дзяўчыны ў песнях паўстаюць вобразы голуба і галубкі.

Матыў сустрэчы з’яўляецца асабліва эмацыянальнай старонкай у любоўнай лірыцы. Часцей за ўсё закаханыя сустракаюцца ў садзе або ля імклівай і бурлівай ракі. Прычым карціны прыроды малююцца рэалістычнымі фарбамі, і гэта надае твору большую праўдзівасць.

Праз усе творы праходзіць матыў дзявочай няволі. Часта гераіню выдаюць замуж за нялюбага. Часам яна пасіўна прымае гэты выбар бацькоў, часам адчайна змагаецца супраць яго.

Замуж дзяўчына і хлопец імкнуцца выйсці за роўных ім па ўзросце, па сацыяльным стане. Наогул, доля няроўнай пары – адна з важнейшых у беларускай народнай лірыцы [Беларуская вусна-паэтычная творчасць 2000, 436.]. А каханне, якім бы яно і не было цяжкім, заснаванае на бескарыслівасці, на шчырым і ўзаемным пачуцці, прыносіць чалавеку заўсёды радасць і шчасце. І ўсё ж радаснае і высокае пачуццё рыхтуе маладым людзям нямала пакут і выпрабаванняў. Бывае ўсё – і рэўнасць без прычыны, і здрада... І наўрад ці можна будзе дараваць здраду...

А.І. Гурскі вылучае наступныя адметнасці народнай любоўнай лірыкі [Гурскі 2002, 150–151]:

1.     Любоўная лірыка – гэта паэтычны расказ пра выключна моцную страсць чалавека – каханне, а значыць, пра самыя глыбокія, інтымныя пачуцці;

2.     Моцная эмацыянальная афарбоўка апавядання часцей ствараецца глыбокім роздумам героя, яго самотным настроем, ціхім смуткам, меланхоліяй, часам філасофскімі разважаннямі;

3.     Прырода адыгрывае выключную ролю ў лірычнай песні, асабліва ў любоўнай лірыцы.

Такім чынам, мы ў агульных рысах разгледзелі характэрныя моманты народнай лірыкі кахання. Цяпер можна паспрабаваць суаднесці адметнасці фальклорнай лірыкі з асаблівасцямі песенна-інтымных вершаў. Пачнём з вобразна-выяўленчых сродкаў лірыкі, а больш дакладна – з эпітэтаў.

У тэкстах песенна-інтымнай лірыкі неаднаразова сустракаюцца такія спалучэнні словаў, як "ліхая доля мая", "горкі слёзы". Напрыклад: “Хто ж са мною будзе горкі слёзы ліці (Цыт. тут і далей паводле: [Беларуская літаратура 2000]).

Часам з’яўляюцца сталыя і інверсіраваныя эпітэты (“...Голуб сівы, голуб сівы, галубка сівейша...”).

Выкарыстаныя прыметнікі і назоўнікі ў ласкальна-памяншальнай форме: "дзеванька", "сэрданька", "дзяўчынанька", "горанька", "гадзінанька", "слованькі" і іншыя. Для прыкладу прывядзем наступныя радкі: “Няволенька ж мая з вамі, / З харошанькімі вочанькамі...”

Што тычыцца фальклорнай сімволікі, то яна таксама часта сустракаецца ў тэкстах песенна-інтымнай лірыкі. Напрыклад, такія вобразы, як голуб і галубанька (прычым, у адным выпадку са сталымі эпітэтамі): “Да цяпер во я пры беднасці, пры вялікім смутку, / Астаўляю сваю міленькую, як голуб галубку. / Голуб сівы, голуб сівы, галубка сівейша, / Ой, міла ж мне родная матка, дзяўчына мілейша...”

Па дадзеных радках, дарэчы, таксама відаць і тое, што ў адпаведнасці з народным поглядам на каханне лірычныя героі могуць пайсці насуперак бацькам дзеля кахання.

Вобраз-сімвал каліны: “Да цяпер во я пры беднасці, пры вялікай тузе, / Астаўляю сваю міленькую, як каліну ў лузе...”

Шырокае выкарыстанне атрымаў у народнай любоўнай лірыцы і вобраз-сімвал вярбы. Н.С. Гілевіч адзначае, што вярба (звычайна – нахіленая) сімвалізуе або маладую дзяўчыну на выданні, або – часцей – няшчасную, гаротную жанчыну, разлучаную з бацькоўскім домам [Гілевіч 1975, 82]: “Ой, у полі вербанька дай не пахілая, / Не бойся, Анусю, не пакіну я...”

Сімвалам дзявоцкасці з’яўляецца руцяны вянок – хлопец просіць яго ў дзяўчыны: “Да знайду, знайду / Сваю міленькую, / З іншым размаўляючы. / Я за ней хожу, / Чэрэвічкі ношу, / Руцяны вянок прошу...”

Часта сустракаецца высокамастацкі вобраз-сімвал ракі, пачэрпнуты з прыроды, і кладкі цераз яе. У песеннай любоўнай лірыцы рака – сімвалічнае месца любоўных спатканняў, акрамя таго, гэта яшчэ і сімвалічная перашкода ў каханні. Падаць ручаньку цераз быструю рэчаньку – гэта, па словах А.І. Гурскага, згодна з любоўнай сімволікай, атрымаць вельмі недасягальнае і вельмі жаданае ўзаемнае пачуццё [Гурскі 2002, 29.]:  “Палажу лаўку / Чэраз мураўку / Да ней;/ Лаўка шырока, / Рэка глубока / Да ней...”. Або яшчэ: “Быстранькія рэчанькі, халодныя воданькі, / Дальбо, кто яго там дзержыт, что да мяне міл не бяжыць...”

Вішанька ў садзе, таксама як і рута, сімвалізуе дзявоцкасць. Акрамя таго, гэта можа яшчэ азначаць і падрыхтоўку да вяселля. Вось у якім кантэксце ўжываецца гэты вобраз-сімвал у песенна-інтымнай лірыцы: “Не гуляй, галубка, твой галубочак, / Паляцеў жа ён у вішнёвы садочак. / Сеў над ракою ўвесь беляненькі, / Пагуквае свае галубанькі...”

Відавочна, тут іншасказальна дзяўчыне прапануецца замужжа.

І ўжо падрыхтоўку да замужжа выяўляе "падушка" або "пухавая пасцель", якую сцеле дзяўчына: “Там пярына пухова ўбрана пра мілова...”. Ці яшчэ: “Я посцеленьку свому голубеньку мяхко пераслала...”.

Таксама трэба адзначыць і такую рысу песенна-інтымнай лірыкі, як выкарыстанне беларускіх традыцыйных імёнаў – Кася, Мацей, Марыля, Гануля і іншыя.

На ўзроўні інтанацыйна-сінтаксічнай сістэмы народнапесеннай мовы трэба адзначыць ужыванне такіх сродкаў мастацкай выразнасці, як паўторы, зваротак, інверсія і іншыя.

Да паўтораў адносяцца такія радкі: “Да пайду я, пайду / Да па падсенейку, / Сціханька ступаючы; / Да знайду, знайду / Сваю міленькую, / З іншым размаўляючы”.

Актыўна аўтары інтымнай лірыкі выкарыстоўвалі і зваротак. Характэрнай асаблівацю яго ўжывання з’яўляецца тое, што ён сустракаецца ў форме клічнага склону. Напрыклад: Гой, казачэйку, пане ж мой, на чым жэ будет поязд мой?

Часта лірычныя героі звяртаюцца да неадушаўлёных прадметаў, такім чынам, трэба адзначыць яшчэ і такую рысу песенна-інтымнай лірыкі, як увасабленні: “Успамажы, Божа, маё сардэнька, / Няхай не тужыць вельмі цяжэнька... / Чаго ты, сэрца, з мысляю блудзіш, / Як бысь не знала, каго ты любіш...”

Наогул, трэба сказаць, што зачын “успамажы, Божа, маё сардэнька” досыць папулярны для беларускай песенна-інтымнай лірыкі. Некалькі песень пачынаюцца з гэтых словаў, а яшчэ ў некаторых яны сустракаюцца крыху змененыя.

Сустракаем ужыванне сінтаксічнага паралелізму: “Шчаслівая дарожанька, куды мілы прыязджае, / Нешчасліва гадзінанька, калі мяне пакідае...” Або яшчэ: “Ой, ішоў я міма твой двор, тай дзяўчынанька мая, / Ой зачуў я твой галасок, тай галубанька мая...”

Акрамя гэтага, у творах песенна-інтымнай лірыкі адлюстраваны народны погляд на каханне. Ён заключаецца ў тым, што каханне без узаемнасці прыносіць толькі пакуты, і шлюб без любові калечыць лёс таго, хто кахае іншага. Каханне ва ўяўленні народа – далёкае ад рэлігійнага пурызму.

Акрамя таго, народны погляд на каханне – гэта яшчэ і абыякавасць да таго, што скажуць іншыя людзі, калі "даведаюцца": “горача пакахаўшы, дзяўчына не зважае ні на суседзяў, ні на абмовы “варажэнькаў”, ні на пагрозу пекла” [Гісторыя беларускай літаратуры 1998, 325]: (“Няхай гавораць, як сабе знаюць, / Калі інное журбы не маюць...”).

Цікава, што ў песенна-інтымнай лірыцы з’яўляецца матыў забойства "трэцяга лішняга": “– Адсунь жа ся, мая міла, ад нялюба, / Заб’ю яго з таго лука, як галуба. / - Як ты маеш ой нялюба забіваці, / З кім я буду дзеткі свае гадаваці? / – З богам, мая міла, і са мною, / Не журыся, сэрца мое, Бог з табою”.

Але гэта ў выпадку, калі ён (трэці лішні) – нялюбы нікому. У іншым выпадку адзначаецца павага да пачуццяў каханага: “Жый здаравенька, як сабе знаеш, / Нех здароў будзе, каго кахаеш”.

Матыў пакарання за здраду выліваецца ў забойства. У адпаведнасці са светапоглядам герояў, нельга дараваць здраду : “Пашлі, Божа, градавую тучу, / Убі ж борзда маю разлучніцу. / Няхай ён знае, за што Бог забіў, / За маю праўду, што мяне здрадзіў... ”

Трэба адзначыць яшчэ і матыў "злой маткі" (Цябе матанька лае, тай і мяне праклінае, / Цябе матанька лае, мяне зле ўспамінае...), матыў скаргі на "ліхую долю"; матыў хаджэння па садзе (Сам я паеду, мілую найду, па садуньку ходзячы – / Аж мая міленькая слёзкі раняе, думанькі спяваючы...).

Усе гэтыя матывы сведчаць пра выкарыстанне фальклорнай канструкцыі сітуацыі (калі тыповыя дзеянні адбываюцца ў тыповых умовах, у пэўных месцах). Яны (матывы) сталі своеасаблівымі этнакультурнымі архетыпамі беларускай традыцыйнай свядомасці.

Варта таксама сказаць і пра такую акалічнасць, як ужыванне своеасаблівых трыяд (вядома, што “3” – сакральная лічба ў хрысціянскай культуры): “Ой, у каго ся ўдалося, ой, кога спадабала: / Ці ў папа, ці ў дзяка, ці ў добрага юнака?”

Таксама часта заўважаюцца бінарныя апазіцыі, супрацьпастаўленні.

Акрамя таго, для песенна-інтымнай лірыкі характэрныя вобразы традыцыйных беларускіх раслін – мак, канапелька, птушак – вераб’і, гусі, напояў – піва.

Лірычны герой песенна-інтымнай лірыкі, як і ў народнай песні, “надзелены самымі агульнымі рысамі: калі гэта хлопец, то ён “ні мал, ні вялік, сярэдні чалавек”, “румян, харашэнька ўбран”, калі гэта дзяўчына, то яна “з беленькім лічыкам і з харошымі вочанькамі”, бялявая або чарнявая, “харошая малада [Гісторыя беларускай літаратуры 1998, 325]”.

У некаторых песнях з’яўляецца вобраз "лета" як увасабленне пэўнай пары чалавечага жыцця, прычым, пары маладосці. Досыць цікавы момант, таму што звычайна маладосць атаясамліваецца з вясной. Відавочна, тут на ўяўленні людзей уплывае памяць пра сонца, летнюю цеплыню, што і выклікае такія вобразы.

Трэба адзначыць, што кампазіцыйна творы песенна-інтымнай лірыкі з’яўляюцца як маналагічнымі, так і дыялагічнымі.

Такім чынам, становіцца відавочным, што беларуская песенна-інтымная лірыка стваралася шмат у чым па прынцыпах стварэння народнай лірыкі, што ў ёй выкарыстаныя тыповыя для фальклору тропы, вобразы, сімвалы і матывы.

У той жа час трэба адзначыць і такія адметнасці тэкстаў інтымнай лірыкі, якія паказваць на “нефальклорны”, кніжны характар запазычанняў у вершах:

1.         Рэдкае выкарыстанне сталых эпітэтаў. Намі знойдзены толькі два разы ўжывання сталага эпітэту са словам “конь”, два разы са словамі “дзеўка”, “дзяўчынанька” і толькі ў адным выпадку з вобразамі голуба і галубкі. Прычым, гэта не таму, што самі вобразы "дзеўка" і "конь" рэдка ўжываюцца ў вершах, – наадварот, проста яны ўжываюцца там наогул без эпітэтаў.

2.         Няма зваротаў да сонца, зорак, месяца – славянскіх паганскіх бостваў. Хаця з улікам таго, што беларусы захоўвалі двухвер’е, з улікам таго, што кім бы яны ні былі – праваслаўнымі, каталікамі, уніятамі або пратэстантамі – увесь час заставаліся і паганцамі. Для прыкладу, у фальклорных тэкстах, у сучасных песнях, стылізаваных пад фальклор, гэтыя звароты прысутнічаюць. Да сонца, месяца, зор лірычныя героі часта звяртаюцца па дапамогу. У нашым жа выпадку заўважаны толькі адзін зварот да славянскага паганскага боства – Перуна: “Ой, бадай цябе дай цяжкі пярун забіў, / Ой, што ты мяне маладзеньку здрадзіў”.

Відавочна, гэта тлумачыцца тым, што ў нейкім сэнсе песенна-інтымная лірыка была спадкаеміцай вершаў Сімяона Полацкага, Андрэя Белабоцкага – твораў “высокага” барока, якім быў уласцівы духоўна-рэлігійны змест, у якіх, безумоўна, не маглі сустракацца вобразы славянскіх язычніцкіх багоў, бо гэта быў усё ж такі перыяд контррэфармацыі, калі адбывалася поўная клерыкалізацыя жыцця. І афіцыйная, “высокая” культура (да якой належаў Сімяон Полацкі, Андрэй Белабоцкі) не мусіла ўтрымліваць ў сабе, так бы мовіць, “нехрысціянскі элемент”.

3.         Вельмі рэдка сустракаюцца тыповыя для фальклору таўталагічныя спалучэнні словаў тыпу “гора гараваці” (гэта адзіны прыклад, хіба што ў гэтай жа песні чытаем яшчэ “горанька гаруе”).

4.         Значна розніцца вобразнасць, танальнасць песенна-інтымнай і народнай паэзіі: у параўнанні з фальклорнымі творамі інтымная лірыка выглядае больш “прыземленай”, менш паэтычнай.

5.         Народная лірыка кахання характарызуецца тым, што “страсці кахання ніколі не пераходзяць мяжы, за якою траціцца годнасць чалавека. У любоўнай лірыцы ніколі не знойдзецца твора фрывольнага ці эратычнага зместу” [Беларуская вусна-паэтычная творчасць 2000, 431]. І гэта сапраўды так, хіба што асобнай гаворкі патрабуюць народныя песні радзіннага абраду або некаторыя вясельныя. У песенна-інтымнай лірыцы сустракаем вершы яўна эратычнага зместу. (Гэты эратызм, дарэчы, і стаў прычынай ананімнасці твораў песенна-інтымнай лірыкі: рэлігійныя пераследаванні не абмінулі б чалавека, які складаў такія песні). Напрыклад, песня “Ой, перастань, мой наймільшы да мяне хадзіці” і інш.

6.         Узбагачаецца ў параўнанні з фальклорнымі творамі лексіка вершаў – з’явіліся шматлікія запазычанні з польскай, украінскай, рускай моў.

7.         У адным выпадку ў вершах сустракаецца слова “смерць”. Як адзначае А.М. Новікава, абстрактныя паняцці такога кшталту мала характэрныя для фальклору [Новикова 1982, 9].

8.         Відавочна, не ўласцівае фальклорным творам слова “спадар” – у народнай лірыцы найчасцей ужываецца гаспадар і пан (і то галоўным чынам у велічальных песнях).

9.         Ад сярэдневяковых традыцый ішлі частыя апеляцыі да звышнатуральных сіл, ад Рэнесансу – праслаўленне радасці жыцця, неадольнай сілы кахання. Уласна ад барока ў вершах інтымнай лірыкі з’явілася “дэкаратыўнасць, канкрэтнасць, парадаксальнасць, ускладнёнасць рытмікі і строфікі, вытанчанасць рытарычных фігур” [Гісторыя беларускай літаратуры 1998, 326].

З вышэйпрыведзеных аргументаў можна зрабіць выснову, што песенна-інтымная лірыка адчула на сабе ўплыў пэўных літаратурных традыцый.

Такім чынам, пасля аналізу вершаў інтымнай лірыкі, а дакладней – яе паэтыкі: вобразна-выяўленчых сродкаў, інтанацыйна-сінтаксічнай сістэмы мовы можна сказаць, што беларуская песенна-інтымная лірыка XVII–XVIII стст. – з’ява сінтэтычнага характару. З аднаго боку, яна з’яўляецца носьбітам фальклорных традыцый, у ёй сустракаюцца вобразна-выяўленчыя сродкі народнай лірыкі, інтанацыйна-сінтаксічная сістэма народнапесеннай мовы, выкарыстоўваюцца традыцыйныя фальклорныя вобразы і матывы. А з другога боку, яна з’яўляецца носьбітам літаратурных традыцый. Хутчэй за ўсё, уплыў літаратурнасці адбываўся па той прычыне, што аўтары (хоць і ананімныя) вершаў беларускай песенна-інтымнай лірыкі былі шкалярамі, а значыцца, людзьмі, не пазбаўленымі нейкай адукацыі. Відаць, наяўнасць ведаў, іншымі словамі, адукаванасць, начытанасць складальнікаў песень і паспрыяла літаратурным запазычанням у творах інтымнай лірыкі.

Значэнне песенна-інтымнай лірыкі ў тым, што дзякуючы ёй “прыкметны крок наперад зрабіла беларускае вершаскладанне” [Гісторыя беларускай літаратуры 1998, 327]. Гэтаму паспрыяла тое, што вершы інтымнай лірыкі пісаліся як у форме лірычнага маналога, так і ў форме разгорнутага дыялога; удасканальваліся строфіка і рытміка, сілабічнае вершаскладанне змянялася сілаба-танічным.

Літаратура

Беларуская вусна-паэтычная творчасць: Падруч. для студэнтаў філал. спец. ВНУ / К.П. Кабашнікаў і інш. Мн., 2000.

Беларуская літаратура XVII–XVIII стагоддзяў: Зборнік тэкстаў / Склад. М.В. Хаўстовіч. Мн., 2000.

Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі: Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма. Мн., 1975.

Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд: Вучэб. дапам. / Пад рэд. М. Лазарука і А. Семяновіча. Мн., 1998.

Гурскі А.І. Пазаабрадавая паэзія. Мн., 2002.

Мальдзіс А.І. На скрыжаваннях славянскіх традыцый. Мн., 1980.

Новикова А.М. Русская поэзия XVIII – первой половины XIX в. и народная песня: Учеб. пособие. М., 1982.

 

Да зместу

Hosted by uCoz