Да зместу

Аляксандар Нінько[1]

ПАКУЛЬ НЕ АЧАХ АГМЕНЬ

 

 

Спаважна дрэмлюць хвоі векавыя,

І спіць ільдом скаваная Няшчарда,

І зоры ў небе міргаюць тужліва,

І знічкі, шэрых прыцемкаў нашчадкі,

Канаюць у бясконцасці панаднай.

І ціша спее навакол. Ды раптам

Шалёная завея збудзіць наваколле,

І злы паўночны вецер вырвецца на волю.

 

І нехта дзіка стогне і скрыгоча –

Мароз па скуры, рознае здаецца –

Нячысцікі там стогнуць і рагочуць,

І страх міжволі працінае сэрца.

 

І ў роспач прыйдзе позні падарожны,

Дарогу згубіць, зблытае напрамак.

Чакацьме ён выратавання Божага,

Калі нарэшце прыйдзе зімні ранак.

 

Ды раптам блісне нешта ў гэтай скрусе,

У снегу ліхаманкавым хаўрусе.

Зіхціць то светам ратавальным

Агеньчык свечкі на вакне.

Маёнтак там Завальні.

 

Трашчаць у грубцы заліхвацка дровы,

І госць сагрэты, крыху асмялеўшы,

Падыме чарку: – Гаспадар! Бывай здаровы!

Цяпер ты сябра мой напершы.

А потым – простыя, крыху хмяльныя сказы,

Што мы ўжо гінем, бо збяднелі духам.

Не помнім продкаў мудрыя наказы

І чужаземных цмокаў слухаем.

 

Што мы – нашчадкі злое той віхуры,

Што на кавалкі нам краіну разарвала.

Сарокі Белай служкі-трубадуры

Крычаць усім, што нас ужо не стала.

Што Плачка дзесь самотная блукае

З вачыма, набрынялымі слязьмі.

Сыноў сваіх аплаквае-гукае,

Што ў лютых сечах паляглі касцьмі.

 

Што стала цесна волатам ў магілах,

Што, пэўна, час ім выйсці ўжо на волю

І паляцець зноў на Пагоні крылах

Па беламу заснежанаму полю.

 

І кожны, хто пачуе тыя словы,

Той знойдзе Пачаноўскую крыніцу,

Ачысціцца ад вечнага праклёну,

Каб зноў самім сабою нарадзіцца.

 

 

…Напэўна, усе мы збіліся са шляху

І страцілі надзею на вяртанне.

І мы шукаем страчанага раю…

А свечка дагарае.

 



[1] Аляксандар Нінько ў 1998–2001 гг. вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, працаваў у спецсемінары Л. Тарасюк і І. Запрудскага.

Hosted by uCoz

Да зместу