Да зместу

Рышард Радзік (Люблін)

НАЦЫЯНАЛЬНАЕ Ў ЛІТАРАТУРНАЙ БЕЛАРУШЧЫНЕ
Ў МІЖПАЎСТАНЧЫ ПЕРЫЯД

Прадметам прапанаваных тут разважанняў з’яўляецца нацыянальны змест беларускамоўнай літаратуры перыяду паміж паўстаннямі ХІХ ст. Гэтая літаратура паўстала ў прынцыпова іншай сістэме нацыянальных дачыненняў, чым тая, што існавала ў Беларусі напрыканцы ХХ ст. Катэгорыі нацыянальнага мыслення ейных стваральнікаў адышлі разам са светам шляхецкіх маёнткаў, саслоўным падзелам грамадства, знікненнем традыцый і ўсведамлення прыналежнасці да палітычнае супольнасці колішняга Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Рэчы Паспалітае. Фармаванне сучаснай беларускасці ў перыяд, які разглядаецца, мела характар выключна культурніцка-літаратурны. Ейнаю стваральніцаю была мясцовая шляхта, за невялікім выключэннем каталіцкая, у грамадстве пасля 1839 г. у сваёй пераважнай большасці праваслаўным, якое пасля студзенскага паўстання штораз мацней лучылася з царквою.

Зацікаўленасць людам літоўска-беларускіх земляў, ягонай культурай: этнаграфіяй, фальклорам, моваю спалучалася ў першым дзесяцігоддзі ХІХ ст. перш за усё з дзейнасцю Віленскага універсітэта, у трэцім дзесяцігоддзі – з ідэалогіяй рамантызму, інтэлектуальным цэнтрам якога стала віленская alma mater. У 1816–1817 гг. з’явіліся у “Dzienniku Wileńskim” інструкцыі, у якіх тагачасныя асветніцкія ўлады раілі настаўнікам правінцыйных школ рабіць этнаграфічныя запісы, за апрацаванне якіх возьмуцца супрацоўнікі універсітэта. Рамантычная зацікаўленасць народам схіліла досыць вялікую групу шляхецкай інтелігенцыі Беларусі, пераважна моладзі, да збірання і вывучэння паэзіі мясцовага люду, ягоных песняў, звычаяў, абрадаў, г. зн. фальклору і этнаграфіі, а таксама да археалагічных даследаванняў. Рамантычныя інспірацыі ўзмацнялі сярод мясцовых літаратараў іх прывязанасць да роднае зямлі і народа, што жыў тут.

“У свядомасці польскіх пісьменнікаў, – заўважае Марыя Яніон, – што паходзілі з паўночных крэсаў, згодна з уяўленнямі, што панавалі ў даўняй Рэчы Паспалітай, не было варожых падзелаў паміж тым, што беларускае, а што польскае. “Род” і “нацыя”, як вядома гарманічна спалучаюцца: “род” беларускі і “нацыя” польская”[1]. Літаратурная беларускасць, што з’явілася ў першай палове ХІХ ст. і мела культурніцкі характар, не валодала, аднак, рысамі нацыянальна-сепаратыстычнымі адносна польскасці. Для літаратараў, што пісалі і размаўлялі па-польску, іх беларускамоўная творчасць – найчасцей маргінальная адносна польскасці – была часам забаваю, але нярэдка, аднак, мела больш глыбокія матывы: пазнавальныя, навуковыя, сацыяльныя, але, напэўна, не свядома сепаратыстычныя. Істотным было тое, што гэтак разуметая – замацаваная на пісьме – беларушчына, у часе яе ўзнікнення была атаясамленая з народным (нягледзячы на тое, што значная частка дробнай шляхты размаўляла заўсёды на беларускіх дыялектах з меншым ці большым дамешкам пальшчызны). Гэтая тэндэнцыя дамінавала не толькі ў ХІХ ст., але і ў ХХ, уплываючы ў значнай ступені на на змест сучаснае нацыянальнае беларускае супольнасці і ейнае культуры.

Значнымі постацямі, што забяспечылі развіццё літаратурнай беларускасці ў перыяд паміж паўстаннямі, былі Ян Чачот і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Пра іх творчасць я пісаў у іншым месцы[2]. Не згадваю таксама дзве ананімныя паэмы – “Энеіду навыварат” і “Тараса на Парнасе”. Сучасныя даследчыкі беларускай літаратуры таго трыццацігоддзя, пра якое ідзе гаворка, прысвячаюць шмат увагі творчасці Яна Баршчэўскага і Аляксандра Рыпінскага[3]. Першы, сын беднага засцянковага шляхціца з Віцебшчыны, аўтар шматлікіх твораў напісаных па-польску, перадусім, зборніка фантастычных апавяданняў, заснаваных на матэрыяле беларускага (народнага) свету легенд, чараў і забабонаў “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, выдавец альманаху “Niezabudka”, увайшоў у беларускую літаратуру як творца трох вершаў: “Дзеванька”, “Гарэліца” і “Рабункі мужыкоў”.

Аляксандр Рыпінскі, удзельнік лістападаўскага паўстання, а потым эмігрант, выдаў у Парыжы у 1840 г. польскую кніжку пад тытулам “Беларусь. Некалькі слоў аб паэзіі простага люду нашай польскай правінцыі, пра ягоную музыку, спевы, танцы і г. д.” Напісаная яна была на матэрыяле цыклу прачытаных у Парыжы ў 1839 г. лекцый для польскай эміграцыі, што там знаходзілася, і часткова прысвечаная этнаграфіі і фальклору беларускага грамадства. Змешчаныя ў ёй беларускія творы былі пададзеныя па памяці. Рыпінскі выказвае ў ей погляд пра большае падабенства беларускае мовы да польскае, чым да расейскае[4]. Падкрэслівае рэлігійна (грэкакаталіцызм) абумоўленую дыстанцыю, якую трымае беларускі люд “да ўсяго, што толькі характарызуе Маскву”[5]. Вызначаючы яго найменнем “польскага племя”[6], разам з тым сваю кніжку прысвячае “Першаму з беларускіх мужыкоў, што спачатку чытаць, а потым размаўляць і думаць па-польску навучыцца”[7]. Пра Беларусь піша: “Русь тая – колькі ёсць і будзе польская – неад’емная частка нашае дарагое Айчыны”[8]. Ён заклікае да стварэння польскай літаратуры на матэрыяле “невычэрпных крыніцаў мовы”, культуры народаў Польшчы “на абшарах ад Балтыкі да Чорнага мора, ад Салі аж да брамаў Смаленска”[9]. Заўважае, што мясцовыя маці, як ён піша, – полькі, “маюць першым сваім абавязкам навучыць дзяцей вымаўляць святое імя “Польшча” яшчэ раней, чым яно скажа: мама! рука не падымецца даць яму есці, пакуль яно па-польску не папросіць”[10].

Не пагодзімся, што вышэй пададзеныя словы – як заўважае А. Баршчэўскі – сведчаць пра крайнасць палітычных і нацыянальных поглядаў[11] аўтара “Беларусі”, ці, як мяркуе Алег Лойка, пра ягоны шавінізм[12]. Рыпінскі дэманстраваў досыць тыповыя погляды для тагачаснае шляхецкае эліты беларускага грамадства, выходзячы за яго межы толькі жаданнем заснаваць літаратурную пальшчызну на аснове мовы лужыцкіх сербаў, што жылі некалі над Саляю. Прыпісванне яму хоць якой схільнасці да нацыянальнага, антыбеларускага экстрэмізму падаецца перанясеннем цяперашніх катэгорыяў мыслення ў тагачасныя грамадскія рэаліі. Рыпінскі быў аўтарам беларускага верша (балады) “Нячысцік” і беларускамоўных запісаў твораў народнай культуры. Да беларускасці ставіўся з прыхільнасцю як да складковай часткі традыцыйна разуметай польскасці – супольнасці, сфармаванай у межах былое Рэчы Паспалітае. Прыпісаны яму шавінізм, калі б існаваў, павінны быў быць вынікам ідэалагічнага трактавання беларускасці як нацыянальнага канкурэнта (супраціўніка). Таксама трактаванне народу ў катэгорыях этнічна-моўных, а не палітычных. Мысленне такога тыпу было чужым Рыпінскаму, падобна як і Чачоту, і наогул тагачасным шляхецкім элітам краю. Між тым, можна ўбачыць у фармулёўцы наказу дзіцяці вымаўлення слова Польшча перад словам маці выразнага элементу патрыятычный (у тагачасным разуменні патрыятызму) экзальтацыі, стыль выказвання і пісання дастаткова характэрны для эпохі, блізкі не толькі людзям пяра. Не трэба рабіць з гэтага далёка сягаючых высноваў, што тычацца нацыянальных, антыбеларускіх поглядаў Рыпінскага. Цяперашнія ацэнкі даўніх з’яваў, якія так адрозніваюцца паводле культуры, свядомасці дастаткова лёгка могуць набыць антыгістарычную інтэрпрэтацыю.

Цікавым прыкладам адносінаў да тагачаснае беларускіе эліты, а карацей кажучы, тае часткі, якая сваю беларускасць – у колішнім разуменні таго паняцця – асабліва ярка выяўляла, з’яўляецца уступ Рамуальда Падбярэскага да “Шляхціца Завальні” Яна Баршчэўскага. Падбярэскі разглядае ў ім літаратуру беларускіх земляў. Ягоныя разважанні тычацца пісьменства на абшарах двух губерняў, магілёўскай і віцебскай, якія, паводле ягонага меркавання, “уласна складаюць Беларусь”[13]. Ён разглядае творчасць “нацыянальных” беларускіх пісьменнікаў, хоць і не вызначае дакладна, што на ягоную думку павінна было б характэрызаваць нацыянальную беларускасць. З яго разважанняў вынікае, што прыметнік “нацыянальны” ўжываецца ў крыху іншым значэнні, чым надаюць яму сёння. Падбярэскі піша, што “з усіх пісьменнікаў толькі два, здаецца, могуць заслугоўваць назвы беларускіх нацыянальных[14]: Францішак Рысінскі, аўтар польскамоўных, часта гумарыстычных і вельмі папулярных твораў, “дасціпнасцю якіх трапіў ў жылку нацыянальнае схільнасці і так зліўся з думкамі сабратоў, што яго асобныя выразы сталі шмат у якіх мясцінах прыказкамі як узоры правінцыйнай мудрасці”[15], а таксама Ігнат Манькоўскі, што яшчэ ў большай ступені заслугоўвае імя нацыянальнага пісьменніка; ён – паводле меркавання Падбярэскага – аўтар беларускамоўнай “Энеіды навыварат”, пародыі на твор Вергілія, дзеянне якое адбываецца сярод беларускага люду. “Рабункі мужыкоў” Падбярэскі таксама залічыў да “нацыянальных паэмаў”, аўтара якое, Я. Баршчэўскага, паставіў поруч з Манькоўскім “на чале сапраўды нацыянальных беларускіх пісьменнікаў”[16].

Падаецца, што галоўным крытэрыем літаратурна трактаванае Падбярэскім беларускае нацыянальнасці з’яўляецца сувязь твораў і іх творцаў з людам, які складае пераважную большасць жыхарства гэтых земляў. У Падбярэскага таксама можна знайсці як асветніцкую схільнасць да пашырэння паняцця нацыі на масы людзей (у сваёй крайняй форме гэты погляд меў агучыць думку, што люд уласна і складае нацыю), так і рамантычную народнасць, якая надавала сялянскай культуры значна большае значэнне, чым яна мела раней, у нацыянальным вымярэнні таксама. Падбярэзкі закідае аднаму з пісьменнікаў, што ягоныя працы, “будучы вучоныя і з маральнымі мэтамі напісаныя на манер французскіх раманаў, хоць і маюць сувязь з палітычнай гісторыяй Беларусі, але не з’яўляюцца нацыянальнымі, бо назаўсёды застануцца чужымі грамадскасці”[17]. З разважанняў Падбярэскага вынікае, што нацыянальна-беларускім для яго з’яўляецца, перадусім, народнае, агульнае на вызначаным ім самім абшары Беларусі, спецыфічнае для яго – асабліва напісанае па-беларуску. Адначасова пра польскую мову ён піша, што яна з’яўляецца “нашай мовай”[18]. З гэтага вынікае, што беларускую мову ён не лічыць крытэрыем нацыянальных размежаванняў, а толькі, перадусім, правадніком народнай культуры, на якой грунтуецца нацыянальная культура, што мае на вызначаным Падбярэскім абшары сваю мясцовую, беларускую спецыфіку (хоць таксама трактаванай як адзін з элементаў гэтае культуры). Дух нацыі перадае народная паэзія, а яна найчасцей на гэтым абшары стваралася па-беларуску. Функцыі “нацыянальнага” выконвала не столькі мова, колькі змест таго, што яна перадае. “Тое, што піша пан Баршчэўскі прозаю, не датычыць, – заўважае Падбярэскі, – непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але мае сувязь з рэччу больш важнай, а менавіта з духам і паэзіяй народа, адкуль выйшлі і гісторыя, і літаратура, і мова”[19].

Варта пазбягаць інтэрпрэтацыі прыметніка “нацыянальны”, які ўжывае Падбярэскі, у тых катэгорыях, што надаюцца яму ў сучаснай навуцы. Ён нікоі не супрацьпастаўляў “нацыянальнай беларускасці” “нацыянальную польскасць”. Трэба думаць, што, паводле яго, гэтыя паняцці не ўступаюць у дачыненні канкурэнцыі. Беларускасць – паняцце больш вузкае, чым шырэйшая адносна яго польскасць, што надае апошняй моцную лакальную спецыфіку. У нацыянальна-палітычным сэнсе (на ўзроўні эліты – свядомасным) усе з’яўляюцца палякамі; у культурным (моўным) сэнсе польскасць больш універсальная (хоць мае саслоўныя абмежаванні), часам падпадае пад іншыя ўплывы, напрыклад, французскі, ёсць “чужая грамадству”, г. зн. народу. Свайму моцна выяўленаму пачуццю правінцыялізму, гэтак частаму ў былой Рэчы Паспалітай, Падбярэскі надаў тэрміналагічнае значэнне “нацыянальнага”, што было дапушчальна ў часы значна большай шматзначнасці гэтае назвы, чым цяпер.

Як падаецца, мысленне Падбярэскага было досыць характэрным для тае катэгорыі людзей, якіх варта было б акрэсліць як “роду беларускага, нацыянальнасці польскай”. Культурную спецыфіку надаваў беларускім землям перш за ўсё народ. Выкліканая рамантызмам актыўнасць часткі тагачасных літаратурных эліт краю абавязкова выяўляла адметнасць культуры гэтых земляў. Рамантычныя “нацыянальныя” партыкулярызмы ўзмацнялі і так моцныя ў той частцы Еўропы правінцыялізмы.

Апроч постацяў, пра якія гаварылася вышэй, істотны ўплыў на працэс стварэння беларускай літаратуры аказала кола людзей, што пісалі па-польску, аднак цікавіліся беларускасцю і спарадычна звярталіся ў сваёй творчасці да беларушчыны, згуртаваных непасрэдна вакол газеты “Kurier Wileński”, ці звязаных з гэтым асяродкам апасродкавана. Найвыбітнейшая постаць сярод іх – Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862). Таксама да яго належаў Адам Ганоры Кіркор (1818–1886) – выдавец, публіціст, этнограф, Вінцэнт Каратынскі (1831–1891) – сялянскі сын з Наваградчыны, пасля якога захаваліся толькі тры беларускія вершы, а таксама Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816–1884) – уладальнік слыннага рукапіснага “Альбому”, у якім пакінулі свае запісы шматлікія тагачасныя літаратары, у тым ліку і па-беларуску.

З’яўленне расейскамоўных пісьменнікаў, якія паходзілі з Беларусі і звярталіся ў сваёй творчасці да культуры беларускага народа, найчасцей звязваецца з постаццю Паўла Шпілеўскага (1823–1861), этнографа, пісьменніка і журналіста, які нарадзіўся на Бабруйшчыне ў сям’і вясковага святара, выпусніка Мінскай духоўнай праваслаўнай семінарыі і Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Шпілеўскі пісаў па-расейску, белетрызуючы этнаграфічныя запісы. Найбольш вядома ягонае “Падарожжа па Палессю і беларускім краю”, напісанае па-расейску з беларускімі ўстаўкамі. Шпілеўскі досыць глыбока ўвайшоў у расейскую культуру. Максім Гарэцкі заўважае, што яму характэрна крытычнае стаўленне да паноў у Беларусі, “чаго не было ў нашых польска-беларускіх шляхецкіх пісьменнікаў”[20]. Можна меркаваць, што прычынаю гэтаму было, перадусім, тое, што Шпілеўскі быў расейцам і глядзеў на польскіх паноў як на людзей нацыянальна яму чужых. Дапусціць можна, што таксама не абышлося тут без уплыву расейскай культуры, якая хутчэй успрымала лозунгі і класавую ідэалогію, чым польская. У будучым гэтыя ўплывы станавіліся штораз больш відавочнымі сярод беларусаў, якія русіфікаваліся, а нярэдка і сярод палякаў, якія заканчвалі ў глыбіні Расеі школы і універсітеты. Русіфікацыйныя працэсы хутчэй ішлі галоўным чынам сярод праваслаўных сялян, якія павысілі свой статус у грамадстве пасля скасавання прыгону, чым сярод праваслаўнай – наогул дробнай і беднай – шляхты, якая ў сваёй масе адыходзіла ад польскасці, якая пэўны час вагалася паміж польскасцю ды расейскасцю, але рэлігійна цягнулася да расейскае культуры, хоць традыцыйна была звязаная з польскасцю сваім саслоўным адрозненнем, якое аддзяляла беднага шляхціца ад селяніна і, дзякуючы гэтаму, рабіла яго спадкаемцам традыцыяў былой Рэчы Паспалітай. Катэгорыі мыслення, што трывалі стагоддзямі, цяжка было хутка ліквідаваць сярод шляхты, якая вылучала сябе – у адрозненне ад сялянаў – у перспектыве гістарычных, а таксама ідэалагічных стасункаў, правоў і годнасці. Гэта бараніла яе ад амужычвання, а русіфікацыя – без падвышэння ў грамадстве – несла з сабою разрыў з вартасцямі, якія вызнаваліся традыцыйна, пагрозу растварэння беднае шляхты, што не адрознівалася часта ўзроўнем жыцця, у сялянскім моры.

З-за рашэння прадстаўнікоў царскай адміністрацыі, што забаранялі з канца 50-х гг. друкаванне беларускамоўных тэкстаў лацінкаю, а з 60-х гг. з-за практычнае немагчымасці публікавання па-беларуску таксама і кірыліцаю (за пэўным выключэннем выданняў рэлігійных і фальклорных), беларуская літаратура заняпала на некалькі дзесяцігоддзяў. Гэта стварыла цяжкасці для эвалюцыі літаратурнай беларушчыны ў кірунку адназначна нацыянальна-беларускім, а таксама для фармавання беларускае нацыянальнае эліты, а потым і мажлівасці распаўсюджання беларускай нацыянальнай свядомасці сярод народу. Гэтыя недапрацоўкі аказалася немажліва выправіць за кароткі перыяд нашаніўскае экспансіі беларускасці.

 



[1] Janion M. „Szkoła białoruska” w poezji polskiej // Przegląd Wschodni. 1991. Nr 1. S. 40.

[2] Radzik R. Literackie źródła nowożytnej białoruskości // Przegląd Powszechny. 1994. Nr 3; tenże. Wincenty Dunin-Marcinkiewicz – postać polsko-białoruskiego pogranicza // Biaіoruskie Zeszyty Historyczne. 1996. T. 1 (5).

[3] “Да групы польска-беларускіх творцаў, – піша Аляксандар Баршчэўскі, – належаць перш за ўсё Ян Баршчэўскі, Аляксандар Рыпінскі, Ян Чачот і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Ці былі яны беларусамі? Паходжанне некаторых з іх было беларускае, выхаванне і свядомасць усіх – польская, дзяржаўная прыналежнасць – расейская” // Wstęp do: Antologia poezji białoruskiej. Wybrał i oprac. J. Huszcza. Wrocław, 1978. S. VII.

[4] Rypiński A. Białoruś. Kilka słów o poezji prostego ludu tej naszej polskiej prowincji, o jego muzyce, śpiewie, tańcach, etc. Paryż, 1840. S. 21–25.

[5] Tamże. S. 20.

[6] Tamże. S. 65.

[7] Tamże. S. 5.

[8] Tamże. S. 13.

[9] Tamże. S. 11–12.

[10] Tamże. S. 11.

[11] “Скрайнасць палітычных і нацыянальных поглядаў аўтара “Białorusi” трэба, аднак, спалучаць з сітуацыяй чалавека, пазбаўленага Айчыны, што туляецца на эміграцыі і марыць пра аднаўленне мінулага” // Barszczewski A. Wstęp... S. X.

[12] Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. Мн., 1989. С. 49 (прыпіс 22).

[13] Podbereski R. Białoruś i Jan Barszczewski // Barszczewski J. Szlachcic Zawalnia czyli Białoruś w fantastycznych opowiadaniach. T. 1. Petersburg, 1845. S. XIII.

[14] Tamże. S. VI.

[15] Tamże. S. VII.

[16] Tamże. S. XXVII.

[17] Tamże. S. XVII.

[18] Tamże. S. XXI.

[19] Tamże. S. XXXVI.

[20] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1924. С. 75.

Hosted by uCoz

Да зместу