Да зместу

Францішка Уршуля Радзівіл

ПАЭТЫЧНЫЯ  ЛІСТЫ  І  ВЕРШЫ

Ліст  І

Ясна Вяльможны мой княжа каханы,

З кім назаўжды я любоўю звязана!

Часта ў далёкі ты край ад’язджаеш,

Сэрцайка ў смутку маё пакідаеш.

Часу ў чаканні яно не марнуе,

Ліст да цябе акуратна рыфмуе,

І якім-кольвек парадкам і кшталтам

Кажа руцэ натаваць, ледзь не гвалтам,

Шчырыя словы: ў любові прызнанні,

Думкі зычлівыя і пажаданні.

Толькі не выкажуць і параўнанні,

Як па табе я сумую ў расстанні.

Хай немалая нас дзеліць адлегласць,

Бачу твой твар – у вачах тваіх ветласць.

Днём адзіноту шчэ неяк трываю,

Розныя людзі мяне пацяшаюць.

Ноччу ж, як сонейка ў цемры згасае,

Смутак да сэрца майго падступае

І нараджаюцца мроі-лятункі:

Пешчы, абдымкі ды скрозь пацалункі,

Смак іх на вуснах і ўдзень не знікае,

Нават разлука нас не раз’яднае.

Сон адыходзіць – я зноўку ў трывозе,

Думаю: як ты ў далёкай дарозе?

Сэрца сціскаецца, б’ецца, баіцца,

Я за цябе пачынаю маліцца,

Каб ад нягоды цябе ўратаваці.

Вочы бяссоныя штоночы плачуць.

Каб жа лістоў я табе не пісала,

Як бы я ночы тады каратала?

Раніца прыйдзе, хоць з ложка я ўстану,

Сон за мной ходзіць, бы прывід з туману.

Што ні крану і за што ні вазьмуся,

Ўсё недарэчным здаецца мне ў скрусе.

Яснае неба, дзень светлы, пагода,

Музыка, танцы, спяванне і мода –

Што мне да іх! Лепей сяду з самотай,

Ёй пра тугу раскажу сваю ўпотай.

Хай прыгатуюць мне безліч прысмакаў,

Я не адчую прыемнага смаку.

Жоўцю на вуснах мне робіцца страва,

Што ні глыну я, што ні паспытаю.

Ежа і ў думках мне брыдкай здаецца,

Мой улюбёны напітак не п’ецца.

Хто мяне ведаў – цяпер не пазнае,

Слёз палатно мой пагляд засцілае.

Часта на Божы прысуд наракаю,

Што затрымацца табе дазваляе.

Ведаю: справаў ты маеш даволі,

Толькі жыву я, як птушка ў няволі.

Што ж ты мяне так надоўга пакінуў?

Хто табе думку ліхую падкінуў,

Што, калі верна хто й шчыра кахае,

То ў адзіноце заўжды прападае?

Ды прадчуванні мяне непакояць:

Сэрца тваё хоча нехта раздвоіць.

А не люблю я падзелу такога,

Думаць сабе не дазволю благога.

Ты не дзівіся, што так разважаю,

Сэрца прымусам твайго не ўтрымаю

І не прадоўжу хвіліны кахання,

Як мне фартуна спрыяць перастане.

Хопіць аднак скаргі ў верш укладаці.

Мушу цярпліва я долю трываці.

Толькі вяртайся, бо я, пажыццёва

Шлюбам звязаная, мару аб новай

Нашай сустрэчы, таму абнаўляю

Словы абетаў, аднойчы ўжо даных.

Покуль здаровай я буду і жвавай,

Жонкаю буду і служкай рахманай.

Імем Францішка, а прозвішча ў словах,

Што з Вішнявецкіх я, Радзівілова.

 

Ліст  ІІ

Найдаражэйшае ў свеце каханне,

Сэрца, душы і жыцця майго пане!

Вернасць я ў шлюбе табе прысягала.

Толькі б ад смерці мяне ратавала

Божая ласка, наш шлюб беззаганным

Я назаўжды захаваю старанна.

Хоць ад цябе я цяпер так далёка,

Літары гэтыя стануць прад вокам.

Хай жа засведчаць яны, што ніколі

Роўнай маёй ты не знойдзеш любові.

Сэрца аднойчы маё падказала:

Лепшага мне не знайсці за Міхала.

Гонар у гэтым вялікі і сіла,

Што я маршалка люблю, Радзівіла.

Ці ты, мой пане, хоць трохі кахаеш,

Тую, што часта адну пакідаеш?

Сёння нас вёрсты далёкія дзеляць,

Ліст твой чакаю другую нядзелю.

Кожны дзень мне да самога змяркання

Вобраз твой светлы малюе каханне.

Здольнасцяў я хоць мастацкіх не маю,

Пэндзлем тваю прыгажосць выяўляю.

Часам бывае, што я ў задуменні

Бачу твой цень прад сабой на імгненне.

Я да яго дакрануцца спрабую,

Ды абдымаю прастору пустую.

Дзённыя справы свае адкладаю,

Думаю: што ж Пан да нас не спяшае?

І калі сум прыціскае без меры,

Словамі жаль мой цячэ па паперы.

Бог каго любіць,таго і карае,

Кару тваю я рахмана прымаю,

Як жа цярпліва стрываю расстанне,

Узнагародзь мяне, Пане, каханнем.

Смутак хоць сэрца самотнае сушыць,

Любасці ён ува мне не заглушыць.

Жар пачуцця майму сэрцу так мілы.

Я захаваю яго да магілы.

Мушу прызнацца я: хто пакалечыць,

Той пашкадуе мяне і палечыць,

Як без расы кветка вяне й марнее,

Так без пасланняў тваіх я слабею.

Сонейка сёння мяне ажывіла,

Ліст атрымала я ад Радзівіла,

Дзе прачытала з прыемнасцю словы:

„Франку кахаю” і „Будзь жа здарова”.

Ах, ты мой пане, любоў знітавала,

Наша з табою здароўе трывала,

Так да тае пары толькі жыву я,

Покуль любоў тваю бачу і чую.

Далей сустрэнеш ты дзёрзкае слова,

Смутак мяне спакусіў адмыслова,

Думку благую ўва мне абудзіўшы,

Што ты ў разлуцы ізноў прагнеш іншай.

Ды спадзяюся, што стаўшы суддзёю,

Будзеш ты прыкладам над грамадою.

Раз абяцаўшы, ты слова не зменіш,

Тое, што злучана, ты не раздзеліш.

Што ж ува мне, Пане, злога ты ўгледзеў?

З іншым не баўлюся я на бяседзе.

Людзі ж паўсюль непачцівыя ходзяць

І нагаворы ды чуткі разводзяць.

Ты мне сягодня зусім аслабелай

Столькі даў радасці так неспадзеўнай,

Што пра вяртанне дадому сур’ёзна

Думаеш ты сярод спраў самых розных.

Мне навіна тая сэрца салодзіць,

Хутка жаданне й любоў нас пагодзяць.

І паплылі прад вачыма ўжо з’явы:

Бачу свавольныя нашы забавы.

Толькі цяпер я не выкажу словам,

Рэчы, што мець пакрысе будзем дома.

Ведаю добра, што ў думцы схаванай

Зернейка жарсці расце палымянай.

Я не спраціўлюся панскае волі,

Ты гаспадар майго сэрца і долі.

Кожны загад твой я выканаць рада,

Покуль жывая і даць магу рады.

Хоць безупынна і точацца слёзы,

Твар стаўся бледны, як ствол у бярозы,

Кожнае жылка трапеча, прад Панам

З гэтым трымценнем у сэрцы прадстану.

Ці ж бы інакш на судзе выглядалі,

Тыя, па справе каго выклікалі?

Што ж, калі муж мой Галоўны Маршалак,

Буду баяцца суду я ці палак?

Шчыра з пасадай цябе я віншую,

Хай паважаюць цябе і шануюць,

Неба дадасць хай трываласці, сілы,

Праца здароўю каб шкод не чыніла.

Розум ты маеш, не страціш сумлення,

Як прыгадаеш, што Бог ёсць збаўленнем.

Ён справядлівасць тваю тым адзначыць,

Што дасць і славу, і гонар, і шчасце.

Хай жа сяброўства цябе не падводзіць,

Можа яно падмануць і нашкодзіць.

Бога прасі быць тваім апякунам,

Даў каб за сябра табе Ён Фартуну.

Любы, даруй, што цябе павучаю,

Моцна сумую і перажываю,

Ды толькі тое паціху пішу я,

Што неспакойнае сэрца дыктуе.

Зараз пад ногі твае я сцялюся,

Шчыраю ў кожным радку застаюся.

Сэрца й жыццё я табе ахвярую,

Ўласнай крыві табе не пашкадую,

Пыл я ўцалую на любых мне стопах,

Кожны твой след на сцяжынах і тропах.

Верш свой закончу я словамі тымі,

Што аж да смерці цябе не пакіну.

Жонкаю вернай і служкай адданай,

Целам з табой і душою звязанай

Быць абяцаю, пакуль безупынна

Точыцца век наш такі хуткаплынны.

Імем Францішка – княжна і княгіня,

І Вішнявецкая і Радзівіл я.

Першае мела, была як паненкай,

Маю другое па мужу навек я.

 

Ліст ІІІ

Тытул дае табе жонка кахана:

Ты на зямлі мне Богам і Панам.

Неспрацаванай рукой і душою,

Сэрцам і вокам, засланым слязою,

Я без прымусу табе прысягаю,

Што і ў разлуцы цябе я кахаю.

Хай майго допісу словы засведчаць,

Як без цябе я сумую, як чэзну.

Горшай не ведаю ў свеце хваробы,

Як укаханай не бачыць асобы.

Раз абяцаўшы любоў і адданасць,

Я не парушыла слова ні маласць,

Нават каб мужам цябе не назвала,

Толькі цябе б усім сэрцам кахала.

Бо так глыбока ў душу мне запалі

Вочы твае, валасы, нібы хвалі,

Позірк твой дзіва які прыцягальны,

Вусны прыгожыя, твар абаяльны.

Мусіла б зверам на свет нарадзіцца

Каб прыгажосці тваёй не здзівіцца.

Шчасця й жыцця я не вартай бы стала,

Каб я з замужжа свайго бедавала.

Ды не бывае людзей без заганы,

Доўгім расстаннем нансіш ты раны

Сэрцу майму, так яно разважае:

Пэўна, да іншае ён забягае.

Ты не здзіўляйся, што смела пішу я,

Здрады тваёй прычакаць не хачу я.

Думка аднак жа мне сэрца вярэдзіць:

Трэба нясталасць тваю папярэдзіць.

Гэта закладзена ў сутнасць жанчыны:

Хочам адзінай мы быць у мужчыны.

Я ў гэтай лічбе цябе маю Панам,

Іншага мне не патрэбна кампана.

Сны пачалі мяне больш непакоіць,

Хочацца добрае нешта прымроіць,

А не благое. Адкіну дэталі

І раскажу пра свае хваляванні.

Стомленым думкам пад вечар заўсёды

Я дазваляю хвілінку свабоды.

Перад падушкаю панаракаю,

Потым куды спакайней засынаю.

Ноччу жахлівыя родзяцца з’явы,

Сон яшчэ горшы бывае ад явы:

Сэрца тваё я ў далонях трымаю,

Пешчу, цалую яго, прытуляю,

Раптам зайздросная баба ўзнікае,

“Сэрца чыё ў цябе?” – грозна пытае.

Рукі мацней вакол сэрца сціскаю,

Ды незнаёмка мой скарб выдзірае.

Асірацелая ў страху прачнуся,

Усхваляваная больш не кладуся.

Цені драпежніц да рання вандруюць,

Што на мужчынскія сэрцы палююць.

Любы мой Пане, пільнуй свайго скарбу:

Лепей жыць вольным, чым быць падуладным.

Шлюбнае шчасце – не гвалт, не няволя,

Тут на дваіх адно цела і воля.

Вечным вузлом хай прысяга нас вяжа,

Ты абаронца, і пан мой, і княжа.

Тытул успадчу, якім ганаруся:

Я найніжэйшай са служак лічуся.

Тых жа, хто нас раз’яднаць пажадае,

Марная смерць хай адразу спаткае.

Я засталася, ты з’ехаў далёка,

Іншых не бачу мужчынаў навокал.

Нас не разлучыць ні час, ні прастора,

Смерць разальецца між намі, як мора.

Памяці ветразь на ім застанецца

Кшталтам жаночага вернага сэрца.

Іншае мне не патрэбна заплаты,

Грошай не прагну, хоць ты і багаты

Хлеб пагаджуся я есці жабрачы

Толькі цябе каб, каханы мой, бачыць.

Ты маё шчасце, фартуна, багацце,

Ты апякун мой, пан мой і браце.

Дар маёй долі ёсць слухацца Пана,

Што загадаеш, зраблю паслухмяна.

Ты адплаці мне той самай манетай

Паабяцай, пакуль свет стаіць светам,

Нашае ты пачуццё не абразіш,

Ты не пакінеш мяне і не здрадзіш.

А калі смерць забярэ ад Міхала

Жонку, якая так шчыра кахала,

То ўзнагародаю будзе мне шчырай

Гэткі надгробак над сціплай магілай:

“Тут спачывае ўзор Праўды і Цноты,

Камень навекі прыціснуў кляйноты.

Тут ляжыць жонка, яна ва ўсім свеце

Самаю вернаю будзе й па смерці.”

І для мяне дастаткова той славы,

Што калі смерць перапыніць забавы

Дзён маіх, кожны пабачыць тут словы:

“Верная жонка” і “Радзівілова”.

Зараз, мой пане, душа мая ў целе,

Жыць мусіць, быццам анёл у касцеле,

І прымірыцца з той праўдай суровай,

Што буду вернай я белагаловай.

Больш не жадаю стамляць твайго вока,

Словы ў душы я схаваю глыбока.

Толькў дадам акалічнасць такую,

Што ўладару свайму стопы ўцалую.

Ведаць захочаш імя маё, Пане,

Хай Ваша Мосць тады ў сэрца загляне –

І прыгадае. Як зваць мяне, княжа,

Гэты надгробак заўсёды падкажа.

Тытул без прозвішча б свой напісала:

Маю за Пана і Мужа Міхала,

Я толькі служкай ніжэйшай завуся,

Гэтым хвалюся я і ганаруся.

 

Ліст ІV

Толькі ты з’ехаў, пісалася лёгка,

З часам цяжэйшым рабілася пёрка.

Сёння я ледзьве руку падымаю,

Ды не пісаць не магу, бо кахаю.

Час, як сапраўдны праціўнік кахання,

Вечнасцю робіць гадзіну расстання.

Скажуць хай слёзы на змучаным воку,

Як жыве служка ад Пана здалёку.

Хай бы вачэй дзве салёных крыніцы

Сталіся рэчкай пад вербаю ніцай.

Я б і сама па рацэ той паплыла,

Каб даказаць, што любоў не астыла.

Людзям нясе дзень і радасць, і сонца,

Мне – плач на лямант змяняе бясконцы.

Месцы, што ў памяці з Панам звязаны,

Ў сэрцы жывуць нібы свежыя раны.

І Ноч абуджае ўспаміны, і цені

Гасяць свядомасці дзённай прамені,

Хоць на падушку кладу галаву я,

Сон не суцішыць мяне, а ўсхвалюе:

Раз бачу твар твой вясёлы і светлы,

Вочы смяюцца і позірк прыветны,

Іншы раз зменіцца ўсё абсалютна:

Вочы панурыя, твар бледны, смутны,

Нехта спрабуе хай сны растлумачыць:

Добра каханага сумным пабачыць,

Дрэнна – вясёлым, а мне так ці гэтак,

Ноччу прачнуся і думаю, дзе ты?..

 

АПІСАННЕ  ПЕРСЯЎ  ЖАНОЧЫХ

Гэта цуд сэрца, што дзве цытадэлі

Высяцца поруч сярод чыстай белі,

Ззяюць рубінамі іх бастыёны,

Кшталтам зусім, як абрысы Бэлёны.

Што ж трэба ведаць пра крэпасці тыя?

Іх не здабудзеш аблогамі злымі,

Голаду й штурму яны не баяцца.

Націск мацнець будзе, будуць трымацца.

Маюць ваду дзве вялікіх гарматы,

За частаколам ёсць кулі, гранаты.

Ноччу і ўдзень Розум, Сорам і Цнота –

Тры каменданты – пільнуюць вароты.

Крэпасці маюць сваю таямніцу:

Не прасачыцца у іх праз байніцу,

Толькі калі арсенал запалае,

Хай прэтэндэнт на пажар паспяшае.

 

ВЕРШ  ПРА  КАХАННЕ

Хцівы Амур навастрыў свае стрэлы,

Цягне ў сяброўства Венеру ён смела.

Тая працівіцца, ўцягвае ў плечы

Шыю, бароніцца, цвёрда пярэчыць.

Тым Купідон, у каханні ласкавы,

Незадаволены і раззлаваны.

Ён з цецівы стрэлы ў гневе спускае

І ў недарэчныя месцы трапляе.

А як пацэліць у дрэва ці камень,

Болей узняць рукі ўгору не ў стане.

Гасне імпэт Купідонаў памалу

З кожнай разбітай стралой ці зламанай.

Потым Венера шкадуе між волі:

Як магла пешчаў яму не дазволіць?

І калі ён рэшткі сілы губляе,

З радасцю ў лоне яго пахавае,

Там абагрэе, абудзіць ахвоту,

Ён абарочвае смуткам пяшчоту.

Так у нязгодзе заўсёды бывае:

Ён шчыра просіць, яна адмаўляе,

І хоць трымае яго на прыкмеце,

Сэрцам няверным афекты засмеціць.

Лепей згадзіцца абодвум адразу

І закаханасцю цешыцца разам.

 

ВЕРШ НА ДАБРАНАЧ

Смачна спі, адпачывай, Пані, дарагая,

Хай дае здароўе сон, шчасця прыбаўляе.

Як на яве, так і ў сне прад табой хілюся ,

Вернай, шчырай назаўжды служкай застаюся.

Брату ў шлюбе я твайму Жонка-таварышка.

А табе нявестачка іменем Францішка.

 

ВЕРШ ДА ЯСНА ВЯЛЬМОЖНАГА КНЯЗЯ ЯГАМОСЦІ

Гнеў свой суціш перад жончынай просьбай,

Хай тваё цвёрдае сэрца растане,

Не дасягнеш ты жаданага грозьбай,

Будзь ласкавейшым, мой Пане.

Шляхціц глядзіцца прыстойна,

Бо рэагуе спакойна,

Як жонка просіць умольна.

 

Пераклад з польскае
Наталлі Русецкай

 


 

Hosted by uCoz

Да зместу