Да зместу

Алеся Рак

ТВОРЧАСЦЬ ГАЛЬЯША ПЕЛЬГРЫМОЎСКАГА
Ў НАВУКОВЫХ ДАСЛЕДАВАННЯХ

Творчасць Гальяша Пельгрымоўскага, палітычнага і культурнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, пачала выклікаць цікавасць у гісторыкаў і літаратуразнаўцаў яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст.

Найперш звернемся да прац польскіх даследчыкаў, таму што яны былі напісаныя першымі па часе, акрамя таго, некаторыя з іх і зараз з’яўляюцца самымі грунтоўнымі даследаваннямі асобных твораў Г. Пельгрымоўскага.

Пачнём з публікацыі У. Трэмбіцкага, які ў 1846 г. у Гродне надрукаваў частку празаічнага дзённіка Г. Пельгрымоўскага са сваім уступным словам. У святле таго факту, што да нашых дзён гэты дыярыуш не захаваўся, названая публікацыя ўяўляецца тым больш каштоўнай. Праца мае назву “Пасольства Льва Сапегі ў годзе 1600 у Маскву, паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага Уладзіславам Трэмбіцкім, апісанае”. У рукі У. Трэмбіцкага дакумент трапіў, як адзначае сам даследчык, “дзякуючы добразычлівасці пана Вандаліна Пуслоўскага, бібліятэка якога ў Мерачоўшчыне, багатая гістарычнымі крыніцамі, для вучоных і спецыялістаў заўсёды даступная. Дыярыуш той, хаця і няпоўны, куплены ім на аўкцыёне кніг аднаго вучонага ў Варшаве, захоўваўся пад адной вокладкай са зборнікам панегірыкаў і не асабліва значных запісаў” [Трэмбіцкі 1999, 266]. Навуковец са шкадаваннем зазначае, што найбольш важных частак дзённіка не захавалася: адсутнічае пачатак, у якім, на думку даследчыка, пералічаныя мэты пасольства, інструкцыі паслам, звесткі пра падарожжа да Смаленска і спрэчкі са смаленскім ваяводам.

Матэрыялы публікацыі У. Трэмбіцкага выкарыстаў у сваёй манаграфіі польскі гісторык К. Тышкоўскі, яго праца мае назву “Poselstwo Lwa Sapiehy w Moskwie 1600 r.” (1927 г).

Наступным польскім даследчыкам, да працы якога неабходна звярнуцца, з’яўляецца А. Брукнер. Яго артыкул „Zródła do dzejów literatury i oświaty polskiej”, надрукаваны ў 1896 г., на сённяшні дзень з’яўляецца самым грунтоўным апублікаваным даследаваннем творчай спадчыны Г. Пельгрымоўскага, а дакладней, яго паэмы “Пасольства да вялікага князя маскоўскага”. Трэба адзначыць, што ўрыўкі паэмы, змешчаныя ў гэтым артыкуле, падаюцца не заўсёды ў тым парадку, у якім яны змешчаныя ў самой паэме. Так, да прыкладу, напачатку А. Брукнер дае агульны агляд паэмы, характарызуе яе мастацкія вартасці, акцэнтуючы ўвагу на найбольш каштоўных у мастацкім плане момантах, прыводзіць адпаведныя цытаты. Выкарыстаны польскім філолагам метад дыферэнцаванага падыходу хоць і ўскладняе падчас аднаўленне першапачатковага парадку размяшчэння раздзелаў, але дапамагае цэласнаму ўспрыманню твора. Менш паказальныя і гістарычна важныя ўрыўкі А. Брукнер прыводзіць у канцы свайго артыкула ці проста апускае. Нельга не сказаць, што да нядаўняга часу гэты артыкул лічыўся адзіным існуючым варыянтам паэмы, менавіта ім карысталіся ўсе даследчыкі XX ст.

З рускіх даследчыкаў першым увагу на творчасць Г. Пельгрымоўскага звярнуў Восіп Бадзянскі. Ён змясціў у сваім дакладзе “О поисках моих в публичной Познанской библиотеке” пачатак вершаванага дыялогу “Гутарка аднаго паляка з маскалём...” (1846 г.).

Праз колькі год П. Шпілеўскі апублікаваў пераклад на рускую мову кнігі У. Трэмбіцкага ў перыядычным выданні “Журнал Народного Просвещения” (1850 г.). Галоўнымі недахопамі публікацыі з’яўляюцца некаторыя памылкі (у прыватнасці, у назвах месяцаў) і адсутнасць імені аўтара арыгінала.

Наступнай цікавай для нас манаграфіяй з’яўляецца праца гісторыка Б. Флоры “Русско-польские отношения и балтийский вопрос в конце XVII – начале XVII вв.”, што выйшла з друку ў 1973 г. У гэтай манаграфіі даследчык у падрабязнасцях аднаўляе падзеі 1600–1601 гг. і іх палітычныя матывы, карыстаючыся, у асноўным, творамі Г. Пельгрымоўскага.

Апісанне ўкладу беларускіх літаратуразнаўцаў у вывучэнне творчасці Г. Пельгрымоўскага можна пачаць з публікацый У. Казберука. На гэта ёсць пэўныя прычыны: У. Казбярук быў першым беларускім навукоўцам, які звярнуў сваю ўвагу на творчасць Г. Пельгрымоўскага, яго брашура “Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства”, у якой некалькі старонак прысвечана апісанню творчасці Г. Пельгрымоўскага, выйшла ў 1982 г. Акрамя таго, менавіта У. Казбярук апублікаваў пераклад артыкула У. Трэмбіцкага са сваім уступным словам у часопісе “Полымя” і арыгінальны тэкст “Гутаркі аднаго паляка з маскалём” у “Спадчыне”. Гэты ж навуковец паспрыяў таму, каб М. Танк пераклаў “Гутарку...” на беларускую мову. Добра ўсведамляючы, што такі твор як “Гутарка...” патрабуе шырокага кантэксту і тлумачэнняў, У. Казбярук змясціў разам з тэкстам свае каментарыі, дзе падрабязна распавядаецца пра ўмовы і час стварэння верша, апісваюцца пошукі гэтага твора і нават пераказваюцца некаторыя ўрыўкі празаічнага дыярыуша Г. Пельгрымоўскага, з якім верш цесна звязаны. Адзначаецца важнасць “Гутаркі...” для гісторыі беларускай літаратуры, якая выяўляецца ў тым, што “твор ахапіў істотныя праблемы свядомасці чалавека: ягоныя адносіны да рэлігіі, уяўленні аб палітычнай сітуацыі ў тагачасным свеце, аб узаемаадносінах дзвюх магутных дзяржаў таго часу – Рэчы Паспалітай і Маскоўскай Русі, іх ролі ў свеце і нават пра тое, што мы сёння называем правамі чалавека” [Казбярук 1992, 47]. Каштоўнасць жа празаічнага дзённіка, паводле меркавання У. Казберука, у тым, што толькі дзякуючы гэтаму твору мы так шмат ведаем пра значную палітычную падзею – пасольства ў Маскву да Барыса Гадунова ў 1601 г.

Зараз разгледзім манаграфію І. Саверчанкі “Старажытная паэзія Беларусі: XVII – першая палова XVII ст.” У раздзелах, прысвечаных Г. Пельгрымоўскаму, аўтар даследуе вершаваны дыялог “Размова аднаго паляка з маскалём” і паэму “Пасольства да вялікага князя маскоўскага”. Следам за А. Брукнерам навуковец спачатку звяртае ўвагу на моўныя асаблівасці паэмы, адзначаючы наяўнасць формаў, уласцівых беларускай мове. Потым паслядоўна пераказваюцца асноўныя этапы падарожжа ў Маскву: выезд, сустрэча з маскавітамі на мяжы, прыезд у сталіцу, пачатак дыпламатычных перамоў. Коратка, але змястоўна апісаны агульны ход спрэчак: “на пасяджэннях сесіяў асабліва часта можна было назіраць, як дыпламаты звярталіся да неаднаразовых катэгарычных пратэстаў, прапановаў кампрамісных рашэнняў, гістарычных аргументаў, прэтэнцыёзных павучанняў, нечаканых хітрасцяў, рэзкіх адказаў, нарэшце, падману і здрады. Не апошняе месца ў дыпламатычнай барацьбе займалі таксама адкрытыя пагрозы і абразы” [Саверчанка 1992, 108]. Сваё даследаванне І. Саверчанка завяршае арыгінальным параўнаннем паэмы Г. Пельгрымоўскага з паэмай А. Рымшы “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў”. На думку аўтара, гэтыя творы тыпалагічнае блізкія і маюць шэраг падабенстваў у манеры апісання герояў і ў цэлым па сваіх мастацкіх якасцях.

Звернемся да манаграфій С. Кавалёва. У першай з іх, “Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст”, увага надаецца вышэйзгаданаму твору “Пасольства да вялікага князя маскоўскага”, даследуецца пытанне яго жанравай прыналежнасці: “Пасольства да вялікага князя маскоўскага” можна разглядаць і як дыярыуш у вершаванай форме, і як эпічную паэму ў форме дыярыуша, памятаючы, што высокая канцэнтрацыя фактаграфічнага матэрыялу, дакладнасць і дэталізаванасць апісанняў, строгая адпаведнасць кампазіцыі твора храналогіі рэальных падзеяў вынікалі менавіта з дыярыушавай асновы паэмы Г. Пельгрымоўскага” [Кавалёў 1993, 88]. С. Кавалёў акцэнтуе ўвагу на палітычным аспекце дыпламатычных перамоваў, падрабязна апісвае гістарычныя перадумовы ўзнікнення асноўных праблем, якія абмяркоўваліся на пасяджэннях. Найбольшае значэнне надаецца не складанасцям лёсу паслоў, а іх высакароднай мэце – заключэнні мірнага пагаднення. На гэтай падставе праводзіцца параўнанне паэм Г. Пельгрымоўскага і М. Гусоўскага: “паэма Г. Пельгрымоўскага, як і паэма М. Гусоўскага, – гэта гімн міру, з той хіба розніцай, што ў “Песні пра зубра” гучыць заклік да агульнага міру паміж усімі хрысціянскімі народамі Еўропы, а ў “Пасольстве да вялікага князя маскоўскага” – заклік да канкрэтнага міру паміж братнімі народамі Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Маскоўскага” [Кавалёў 1993, 98]. У другой манаграфіі “Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу”, акрамя гэтай паэмы разглядаюцца яшчэ некалькі польскамоўных і лацінамоўных твораў Г. Пельгрымоўскага: “Дыялог літоўскага шляхціца...”, ”Гутарка аднаго паляка з маскалём...”, зборнік вершаў “Патрыёт Айчыны да сената і дзяржавы Літоўскай”, трактат “Пра герояў царквы Божай” і інш. Асаблівая заслуга С. Кавалёва ў даследаванні творчасці Г. Пельгрымоўскага ў тым, што менавіта ён знайшоў арыгінал паэмы “Пасольства да вялікага князя маскоўскага” ў Львоўскай бібліятэцы і перадаў мікрафільм з гэтым творам у нашу Нацыянальную бібліятэку, зрабіўшы яго даступным для айчынных даследчыкаў.

Варта адзначыць таксама, што  артыкул пра Г. Пельгрымоўскага з’явіўся ў бібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі”. Напісаў яго вядомы медыявіст А. Мельнікаў.

З вышэйсказанага можна зрабіць выснову, што апублікаваныя даследаванні жыцця і творчасці Гальяша Пельгрымоўскага ў сучасным беларускім літаратуразнаўстве нельга назваць вычарпальнымі. Прычыны недастатковай распрацаванасці творчасці гэтага адметнага і досыць цікавага аўтара ў беларускім літаратуразнаўстве могуць быць наступныя: па-першае, Гальяш Пельгрымоўскі не валодаў такім яскравым паэтычным талентам, як некаторыя яго сучаснікі, і таму не выклікаў асаблівай цікавасці літаратуразнаўцаў. Да таго ж, Г. Пельгрымоўскага як творцу нельга адназначна залічыць да нейкай адной літаратурнай плыні: на розных этапах свайго жыцця ён пісаў вельмі разнастайныя па жанрах і змесце творы; як аўтар своеасаблівага літаратурнага памежжа ён не прыцягваў увагі вузкіх спецыялістаў. Па-другое, у якасці палітычнай фігуры ён таксама значна саступае некаторым сваім паплечнікам: тут яго выцясняе на другі план таленавіты палітык і дыпламат Леў Сапега. Найвялікшае значэнне творчасці Г. Пельгрымоўскага для гісторыі, відаць, у тым, што менавіта ён у сваёй паэме найбольш дакладна і падрабязна апісаў пасольства 1601–1602 гг., што і было адзначана беларускім філолагам У. Казберуком і рускім гісторыкам Б. Флорам.

Пра творы Гальяша Пельгрымоўскага неабходна сказаць, што адзіным цалкам апублікаваным у сучасных выданнях тэкстам з’яўляецца вершаваны дыялог “Размова аднаго паляка з маскалём у годзе 1601”, што быў надрукаваны ў чацвёртым нумары часопіса “Спадчына” за 1992 год. Той жа твор, але ў перакладзе Максіма Танка, увайшоў у зборнік вершаў “Згукі Бацькаўшчыны” (2000 г.), укладальнікамі якога з’яўляюцца У. Казбярук і Я. Янушкевіч. Акрамя таго, у чацвёртым нумары часопіса “Полымя” за 1999 г. У. Казберуком была надрукаваная частка празаічнага дыярыуша Г. Пельгрымоўскага паводле публікацыі У. Трэмбіцкага. А ў 2003 г. у “Анталогіі даўняй беларускай літаратуры” ў перакладзе А. Дзітрыха з’явіліся ўрыўкі з вершаванага дыярыуша “Пасольства да вялікага князя маскоўскага”.

Такім чынам, дзякуючы даследчыкам і перакладчыкам, Г. Пельгрымоўскі атрымлівае сталую “прапіску” ў беларускай літаратуры.

Літаратурa

Кавалёў С.В.Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI стагоддзя. Мн., 1993.

Кавалёў С.В. Пісьменнік і палітык эпохі Рэнесансу // Спадчына. 1992. № 4.

Кавалёў С.В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Мн., 2002.

Казбярук У.М. Славянскія літаратуры і праблемы параўнальнага беларускага літаратуразнаўства. Мн., 1982. С. 14–20.

Казбярук У. Мастацкі дакумент сярэднявечча // Спадчына 1992. № 4.

Мельнікаў А. Пельгрымоўскі Гальяш // Беларускія пісьменнікі. Бібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Мн., 1994. Т. 4. С. 518–519.

Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі. XVII – першая палова XVII ст. Мн., 1992.

Трэмбіцкі У. “Пасольства Льва Сапегі ў годзе 1600 у Маскву, паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага Уладзіславам Трэмбіцкім, апісанае” // Полымя. 1999. № 4 (публікацыя У. Казберука).

Шпилевский П.М. Описание посольства Льва Сапеги в Москву // Журн. Мин-ва народ. просвещения. 1850. № 12. С. 91–122.

Флоря Б.Н. Русско-польские отношения и балтийский вопрос в конце XVII – начале XVII вв. Мн., 1972.

Brurknier A. Zródła do dzejów literatury i oświaty polskiej / Wiersze historyczne // Biblioteka Warszawska. 1896. T. 1. S. 78–96, 254–275, 412–442.

 

Да зместу

Hosted by uCoz