Да зместу

Генрык Равускі

ПАН АГІНСКІ

(раздзел з “Успамінаў Сапліцы”)

У даўнія часы, дзякуючы цярплівасці і ўраўнаважанасці, заўсёды можна было запэўніць сабе кавалак хлеба. Служба па магнацкіх дварах не чыніла крыўды шляхціцу: пан быў панам, але адначасна і апекуном слугі, а калі па-бацькоўску караў, то па-бацькоўску і накіроўваў ды пра лёс памятаў. Аднак не кожны мог трапіць на панскі двор! Трэба было мець заслугі бацькі альбо крэўных сваіх ці якіхсьці дабрадзеяў, што ўзяліся б паручыцца. Што да мяне, то на ўсё была Воля Божая, бо прасіць за мяне не было каму: бацька мой памёр, як мне ішоў пяты год, а калі б і жывы быў, то што дапамог бы ён, шляхціц з засценку, што свайго кавалку раллі пільнаваўся. Дзе там засцянкоўцу даступіцца да магната! Маці мая другі раз выйшла замуж, айчым не вельмі быў рады трымаць мяне дома, бо быў бедны ды й уласных дзетак дачакаўся; але Пан Бог сірат не пакідае. Калі мне сем гадкоў мінула, мой дзядзька (ён быў возным у Наваградку, дзе меў двор з кавалкам зямлі), злітаваўся нада мною і, хоць было сваіх двое дзяцей, забраў да сябе. А ўжо потым я, калі выбраўся ў людзі, дзецям ягоным, хоць і часткова, але, прынамсі, сплаціў з таго, што быў вінен іхняму бацьку, і маю невялікую дапамогу Пан Бог так паблаславіў, што ўнукі майго дзядзькі кланяюцца людзям ад ветлівасці і сардэчнасці, а не з патрэбы. Дзядзька жыў з працы вознага і штодзень яму які тынф перападаў, а часам і чырвоны злоты ў доме з’яўляўся. Жонка дзядзькава, будучы добраю гаспадыняю, студэнтаў на кватэру брала. Я ж, то боты дарэктару чысцячы, то ў касцёле з брацтвам спяваючы, то гарод полючы, з малых гадоў з працай звыкся, што мне потым вельмі прыдалося. Дарэктар у дзядзькі разам са студэнтамі кватараваў, а сам быў студэнтам чацвёртага класа. Ён так навучыў мяне чытаць і пісаць, што ксяндзы-езуіты прынялі мяне проста ў інфіму, не праходзячы праформу[1]. Вучыўся я спачатку па кніжках пана дарэктара, але потым дзядзькава жонка купіла мне альвар[2], і ўжо са свайго я вучыўся свабодна і старанна, бо штодня дзядзька мне казаў: “Севярынку, вучыся, бо ты не маеш за кім марнаваць час! Пакуль ты малы – я кармлю і апранаю цябе, але як вырасцеш, то што не заробіш, тое выжаброўваць трэба будзе, бо голы, як палец”. І я, бывала, баючыся, каб дзедам касцельным не стаць, з плачам так вучыў і вучыў альвар на памяць, што перад вакацыямі атрымаў перавод у клас граматыкі. Пазней наш дарэктар уступіў у закон, а я на ягоным месцы стаў дарэктарам і меў па трыццаць тынфаў у квартал. З уласнага заробку набыў грэдытуравы[3] кунтуш і дымавы[4] жупан з пасам напаўядвабным, дзядзька аддаў мне бацькавы палаш, – так што ў нядзелю ці ў свята можна было з годнасцю выйсці на людзі. І дзядзькавага хлеба я ўжо дарма не еў, бо перапісваў яму позвы і так спакваля прызвычаіўся да права, а што з рыторыкі[5] да палестры[6] не пайшоў, то на тое было наступнае здарэнне.

Езуіты ў Наваградку ўжо даўно стварылі Кангрэгацыю садалісаў[7] Марыі; быў і я ейным сябрам, і да сённяшняга дня з palltium Mariae адбываю officia[8]. Дык вось пасля смерці князя Радзівіла, ардыната клецкага і троцкага кашталяна, прэфэктам кангрэгацыі стаў Яснавяльможны Агінскі[9], ваявода віцебскі, а мяне ксёндз-рэктар ва ўзнагароду за тое, што я шмат працаваў і адзначаўся прафесарамі, прызначыў маршалкам Кангрэгацыі; бо адзін маршалак быў з канвіктораў[10], а другі – са станцыйных[11]. У нашыя абавязкі ўваходзіла насіць ляскі перад прэфэктам. Калі Яснавяльможны ваявода ў дзень Ушэсця Найсвяцейшай Панны прыехаў у Наваградак, айцы-езуіты з вялікай урачыстасцю аддалі яму прэфэктуру Кангрэгацыі. Я, як маршалак, звярнуўся да яго з прывітаннем на лаціне, якое сам склаў і толькі крыху падправіў яго ксёндз Нарвойш, прафесар рыторыкі; я, вывучыўшы яго на памяць, гаварыў перад ім смела і, як людзі казалі, з добрай дэкламацыяй, так, што адразу быў заўважаны Яснавяльможным ваяводам. Ён распытаў пра мяне ў часе набажэнства ксяндза-рэктара, а пасля загадаў мне зайсці да яго, даведваўся, што я ўмею; загадаў мне напісаць што-кольвечы, каб пабачыць, ці добры маю почырк. Я напісаў яму па-польску колькі радкоў з Каханоўскага, а знізу на лаціне, з тае прычыны, што Яснавяльможны ваявода меў імя Багуслаў, ад сябе дадаў: Ingentem Boguslao defero cultum, a me minimo excelsus tibi honor[12], што яму вельмі спадабалася. І ён паслаў па майго дзядзьку ды сказаў яму, што хоча ўзяць мяне ў свой двор. Пасля гэтых словаў і дзядзька, і я ўпалі яму ў ногі і зараз жа з дазволу Яснавяльможнага пана пайшлі збіраць маё драбноцце і развітацца з дзядзькаваю жонкаю. Не абышлося гэта без слёз, асабліва з майго боку, бо ажно два разы я расплакаўся: раз – расчуліўшыся, развітваючыся са сваякамі, а другі раз – з болю. Дзядзька, бласлаўляючы мяне, падарыў чатыры чырвоныя злотыя і сказаў:

– Севярынку, дбай пра тры ласкі. Па-першае, пра ласку Божую, па-другое, пра ласку панскую і, па-трэцяе, пра ласку людскую. Усе свае апякунскія правы я складаю на Яснавяльможнага ваяводу, пана твайго, і апошні раз выкарыстаю маю апякунскую ўладу, каб заўсёды, служачы яму, ты не забываўся, што такое правы апякунскія.

Ён загадаў мне легчы і дваццаць пяць бізуноў мне сваёю рукою адлічыў, якіх я ніколі не забудуся, бо так шчыра яны былі дадзеныя. Добра заплаканы, вярнуўся я з дзядзькам і клуначкам ў кляштар, дзе спыніўся Яснавяльможны ваявода, і які, бачачы мае слёзы, уважыў іх за доказ чуллівасці, хоць яны і не былі адзіна з таго.

Ваявода загадаў падарожнаму канюшаму, каб даў мне каня, на якім я мусіў суправаджаць ягоную карэту. Апроч двух дзядзькавых канякаў, якіх я часам, бывала, купаў у рэчцы, ніколі не здаралася мне сядзець на прыстойным кані, але дзякуючы крыві польскай, у мяне й гэта атрымалася. Бо калі, выехаўшы ўжо з чвэрць мілі за места, Яснавяльможны ваявода заўважыў, што забыўся ў кляштары акуляры, то я завярнуў каня назад, як пярун, даскакаў да кляшторнага дзядзінца, адшукаў страту, затрымаўся нават на палову малітва каля ратушы, каб купіць паўкапы абаранкаў, і, трымаючы ў руцэ акуляры, вярнуўся да пана; яму гэта так спадабалася, што падараваў мне таго самага каня, на якім я меў шчасце зрабіць яму першую паслугу. Прыехаўшы ў Слонім, дзе Яснавяльможны ваявода як стараста слонімскі часта знаходзіўся, ён загадаў паклікаць пана Шукевіча, маршалка ягонага двара (які тымчасова меў тытул падстолія вендэнскага[13], а памёр падстарастам слонімскім), і аддаў мяне пад ягоны нагляд як свайго пакаёвага, а таксама паведаміў, што я буду працаваць у ягонай асабістай канцылярыі. Пан падстолі Шукевіч паходзіў са старога шляхецкага роду і меў спадчынны фальварак; ён, як муж разумны і сумленны, часта быў пасярэднікам пана ў ягоных публічных інтарэсах, а шматлікі двор ў вялікім паслушэнстве ўмеў трымаць. Мне была прызначана плата ў трыста тынфаў у год, аброк на аднаго каня, кватараванне з двума іншымі пакаёвымі, сынамі землеўладальнікаў, і месца ля маршалкавага стала. Паводле дваровага звычаю, шляхціца, прынятага на пакаёвага, маршалак прыбіраў у мундзір дому Агінскіх: у перламутравы кунтуш з саеты, зялёны атласны жупан, гэткі ж ядвабны пас з залатымі кветачкамі і фрэндзлямі, зялёную шапку з рудой аўчынкай і чырвоныя боты. У гэтым строі трэба было заўсёды знаходзіцца на службе, а надалей абнаўляць яго за свой кошт. Але напачатку трэба было абмыць гэты мундзір – і на пачостку дваровых і пакаёвых з чатырох чырвоных злотых, якія даў мне дзядзька, я мусіў адразу выдаткаваць тры.

Упершыню я пазнаёміўся зблізку з вялікім дваром, але хутка зразумеў сваю службу; спаміж прыдворных і пакаёвых быў я найбяднейшы, бо ўсе яны былі дзецьмі землеўладальнікаў альбо самі землеўладальнікамі, дагаджаючы кожнаму, быў я ва ўсіх у ласцы, пачынаючы ад пана падстолія вендэнскага, які часта сыпаў бізуны маім калегам на дыванку, а на мяне ён ані разу нават голасу не ўзвысіў. І хоць, як бацька дзецям, быў скупаваты, я атрымаў ад яго ў падарунак літы слуцкі пояс, якога і сенатар не пасаромеўся б насіць. А гэта ўсё таму, што аднаго разу, калі я быў з ім на кірмашы ў Сталовічах – мы куплялі сукно на лібэрыі прыдворным, – і таварыш[14] з харугвы Яснавяльможнага князя Сапегі, ваяводзіча троцкага, што быў там на кансыстэнцыі[15], прычапіўся да яго і пачаў ў маёй прысутнасці апрымоваць[16]; заступаючыся за свайго зверхніка, я пачаў яго ўгаворваць, але з тае прычыны, што ён, раз’юшаны з-за свае зухаватасці, не толькі не перастаў, але яшчэ больш напорыста лез яму ў вочы, я, хоць таварыш панцырнага знаку вышэй, чым пакаёвы, аднак ўважаючыся сябе за шляхціца, хоць і шарачковага, і ведаючы, што трымаючыся за вялікую клямку, маю плечы за сабою, выхапіў шаблю ды на голыя лбы[17]. Нашу на твары памятку па тым, але й ён дастаў добра па руцэ. Пан падстолі ніколі не забываўся, што я і ягоны гонар абараніў, і гузака сабе з-за яго атрымаў, дык як найвыгодней заўсёды выстаўляў мяне перад панам. Адшукаў я гэтым павагу і ў маіх калегаў, бо бачачы мяне рахманым і адно ў працы з пяром, доўга думалі, што палаш я маю толькі дзеля аздобы, і почасту цярпліва зносіў іхнія кпіны, бо вырашыў сам сабе, што ніколі ў двары ніякіях звягаў не чыніць не буду; але калі разышлася вестка, што даць рады панцырнаму не было для мяне тым самым, як кінуцца з матыкаю на сонца, пачалі паважаць мяне як чалавека спакойнага з перакананняў, а не з-за боязі.

Гэтак, не маючы незычліўцаў, працуючы пад апекай Яснавяльможнага ваяводы, змоладу маючы ў яго давер, мог бы і я выйсці ў яснавяльможныя паны, каб не ягоная смерць на пачатку Барскай канфэрэнцыі. Штодня малюся і пакуль жывы маліцца буду за душу майго першага пана, бо ведаю, што ён зрабіў бы для мяне, каб яму смерць не перашкодзіла; а, перадусім, яму павінны я за тое, што меў мажлівасць Айчыне служыць. Памяць пра першую паслугу ёй ніколі не перастане цешыць маю душу. І я не магу спыніцца, каб пра яе не распавесці. Няхай гэтая мая рэляцыя зацікавіць калі-кольвечы ўнукаў маіх, распаліць у іхніх сэрцах тую любоў да краю, якою да сёння палаць я ні на хвілю не перастаў.

Дык вось пасля смерці Аўгуста ІІІ мой пан, як і ўсё сумленнае панства і мы, шляхта, уважалі за лепшае для сябе, каб каралём быў абраны ягоны сын. Паўсюль цяпер пішуць, што Аўгусты былі апатычныя, што спаілі Польшчу, што нават нашае мовы не ведалі і што ўсё-такі нам лепей мець Пяста, чымсьці чужога. Зараз і я з гэтым згодны; але тады шляхта прывыкла да роду, які больш за шэсцьдзесят гадоў над ёй панаваў. За каралямі Сасамі было бязладдзе, але была і свабода; было кепска, але было й добра, ды галоўнае, што за іх быў народ; а пры Пясце былі чужыя форсы[18]. Больш прыстойна было шляхце і панам блудзіць са сваімі, чымсьці мець слушнасць з дапамогаю замежнага жаўнера. Дык вось, калі масква прыехала ў Варшаву, каб пана падстолія літоўскага[19] на трон пасадзіць, амаль усё панства, незадаволенае гэтым, вырашыла ва ўсім краі распачаць канфэдэрацыю і дасягнуць таго, каб ніхто чужы ўжо ў нас не гаспадарыў. З’язджаліся паны, высылалі адзін да аднаго патаемных ганцоў, і ўсё йшло да выбуху. Але няпроста было распачаць гэта, бо масква наводніла край войскам так, што нельга было прашчаміцца з аднаго ваяводства ў другое, не спаткаўшыся з маскоўскімі камандамі, якія праезджых затрымлівалі і шукалі лістоў. Патрэбна была асцярожнасць, а тут князь ваявода віленскі Радзівіл і Яснавяльможны Пац падганялі й падганялі майго пана, каб пачынаў як мага хутчэй, бо мелі яго за першага міністра і не без прычыны. Але ён усё марудзіў, каб дачакацца вестак ад крымскага хана, Іслам Гірэя, якія спадзяваўся атрымаць кожнае хвілі. А пан Богуш[20], які потым быў генеральным сакратаром Барскай канфэдэрацыі, усё заседжваўся ў Яснавяльможнага ваяводы, дзе міжсобку яны радзіліся. Пра што? Я хоць і быў за пісара – ледзьве пятае праз дзесятае разумеў, пра што яны раяцца, –нават з намі былі гэткія асцярожныя. Аж тут аднойчы зрана, а пятай на досвітку ў перадпакой спальні пана, дзе я быў на службе, прыходзіць казак з Мурафы і просіць у мяне неадкладнай сустрэчы з Яснавяльможным ваяводам.

– А што ў цябе за справа да яго?

– Ото везу ему гостынец од пана моёго, підчашаго літоўскаго Потоцкого: он му прысылае дві фуры слывок-венгерек. На сылу ту прывэз, бо москалі по дорозі, а всякій задэржуе, а пытаеся: “Маеш пысьмо?” – “Ото ест лыст од мого пана”. То одбырают ліст, да старшызны нэсут, а післе оддают. Того было зо двадцят разы; а шчо мыні слывок покралы? то і половыны нэ ма.

– Ну то пачакай жа, мой каханы, хай пан прачнецца.

Панычу, сэрцэ, пустытэ мэні до Яснэосвецоного пана, бо я нэ могу чэкаты.

– Ты што, мой каханы, ашалеў ці што, каб я з-за нейкіх сліў будзіў пана? Пачакай пару гадзін, і можаш выпіць гарэлкі ды паснедаць, а не нападай на мяне.

– Спасі Біг за вашу мылость, алэ ны пыты, ны істы нэ буду, покі нэ подывлюся на воеводу. Бійтэся Бога, а пустітэ! Мэні трэба зара іхаты до Боцёк. Пустытэ, панычу, бо прысяй Богу, жэ пан на вас будэ журытыся, колы узнае, шчо зара мэнэ нэ пустылы; а колы я брэхаю, то післе бійтэ мэнэ в смэрт, сам положуся.

Тады я адважыўся ўвайсці ў спальню пана і разбудзіць яго.

– Што такое? – запытаўся ён.

– Нейкі казак са сліўкамі прыехаў з Украіны да Яснавяльможнага пана і мае ліст ад Яснавяльможнага Патоцкага, падчашага літоўскага.

На што пан:

– Зараз жа вядзі яго сюды.

А сам усхапіўся, халат на плечы накінуў, але гэтак хутка, што нават перажагнацца, устаючы з ложка, забыўся. Я паклікаў казака, той, увайшоўшы, упаў у ногі ваяводзе і падаў яму ліст у шапцы.

– Сапліца, вазьмі ліст і чытай уголас.

Я чытаў, але там нічога такога не было, а толькі просьба Яснавяльможнага падчашага, каб Яснавяльможны ваявода абавязкова аддаў у пасэсію[21] староства бабруйскае, якое належала падчашаму, бо яму раптоўна спатрэбіліся грошы; а ніжэй подпісу былі гэткія словы: “Адпаведна з Тваім жаданнем пасылаю Табе дзве фуры сліў-венгерак з Мурафы”. Яснавяльможны ваявода загадаў мне:

– Ідзі па Богуша і вяртайся назад, – а сам застаўся з казаком.

Пан Богуш быў ужо апрануты і пісаў нешта пры канторцы. Неадкладна мы вырушылі разам і засталі нашага пана, калі ён наліваў келіх гарэлкі казаку. Яснавяльможны ваявода і пан Богуш адышлі да вакна і пачалі пра штосьці міжсобку шаптацца, а праз некалькі хвілінаў размовы пан сказаў мне:

– Сапліца, ідзі ў мой пакойчык: там ужо вада грэецца, знойдзеш мыла, тазік, пэндзаль і брытву. Нясі ўсё гэта сюды і падрыхтуйся галіць.

Я быў здзіўлены, але загад панскі хутка выканаў і, чакаючы, калі пан сядзе на крэсла, пачаў падпраўляць на дзязе брытву; было мне страшнавата, бо ні разу ў жыцці я яшчэ нікога не галіў.

Але тут пан сказаў:

– Пакладзі брытву на стол і прысягніся на святым Евангеллі, што нікому не скажаш пра тое, што зараз убачыш і пачуеш. Тое, што тут будзе чыніцца, – дзеля дабра Айчыны.

Я прысягнуў, пасля чаго пан даў знак казаку, і той укленчыў пасярод пакою, дзверы ў які пан Богуш пазамыкаў знутры, а пан загадаў мне:

– Сапліца, пагалі галаву гэтаму казаку.

З яшчэ большым здзіўленнем я пачаў галіць, аж як паказалася скура, я ўбачыў напісаныя сэрвасэрам[22] літары. Яснавяльможны ваявода і пан Богуш наблізіліся і прачыталі наступнае: “Не трацце часу, мы тут пачынаем у верасні, і вы пачынайце. Іслам Гірэй мяне запэўніў, што як Карона з Літвою паўстануць, дык Порта[23] паспяшаецца на дапамогу”.

Неадкладна пан паслаў пана падстолія вендэнскага з нязначным лістом, але з грунтоўнай інструкцыяй у Нясвіж. Пан Богуш раз за жыда, раз за цыгана, а то зноў у сваёй асобе аб’язджаў шляхту; не прайшло і трох тыдняў, а рух пачаўся амаль па ўсёй Літве. Ды што з таго? Дыван[24] быў падкуплены масквою, Порта дапамогі не дала, а мы за ўсё мусілі самі й расплачвацца. Ды цуды мужнасці не маглі супроцьстаяць сіле і абставінам. Напачатку, аднак, колькі разоў шанцавала і нам. У Свіслачы, дзе я першы раз трапіў пад кулі, мы напалі на полк маскоўскай пяхоты. Генерал Лідэрсан, які камандаваў ім, капітуляваў і заручыўся подпісам і гонарам, што ані ён сам, ані хто з ягонае каманды да канца вайны ў Польшчы ваяваць не будзе. Мы паверылі і дазволілі яму адысці, а ён праз колькі дзён зноў біўся з намі. Усё ягонае тлумачэнне было ў тым, што ён неабавязаны трымаць слова перад бунтаўнікамі. Быў я і пад Клецкам, дзе мы з радзівілаўскай міліцыяй і зборнай шляхецкай дружынай восем гадзін трымаліся супроць цэлага корпуса Падгарычаніна (там абедзьве сястры князя Радзівіла, Яснаасвечаная Равуская, харунжына вялікая літоўская, і Яснавяльможная Мараўская, генерал-лейтэнантша, з палашамі ў руках атакавалі на чале конніцы), але непрыяцельская артылерыя была такой моцнай, што ўсё сталася намарна. У гэтай бітве пад Аляксандрам Адынцом, мечніковічам ваўкавыскім, які пазней загінуў пад Сталовічамі, забіла каня, а карцеччу адарвала тры пальцы на правай руцэ. З гэтага часу перастала нам шанцаваць. Калі б Адынец не загінуў у маладосці, то з яго атрымаўся б вялікі военачальнік. За колькі дзён да таго пад Стоўпцамі на чале двух сотняў шляхты і дворні ён напаў на маскоўскую брыгаду і ў пух разбіў яе, захапіў абедзьве гарматы, якія закляпаў, бо не мог забраць. Пан Тадэвуш Рэйтан, той бессмяротны дэпутат, які быў з ім пад Стоўпцамі і там навучыўся яго цаніць, калі пад Клецкам убачыў, што ён ляжыць пад канём, то пад лютым агнём падаў яму свайго каня, каб ён не трапіў у няволю, а сам, у рукі свайго лёсу аддаючыся, сказаў:

– Ён вам больш патрэбны, чым я, бо ніхто вамі так не пакамандуе, а я, альбо пешкі выйду, альбо палоняць мяне, альбо заб’юць, – для Айчыны гэта не так істотна.

Калі б па тры пальцы страцілі ўсе рукі, што маскоўскія рублі бяруць, а ў гэтага пачцівага Адынца, каб яшчэ дзве рукі з’явілася, то лёс быў бы больш справядлівы.

Потым знянацку як сыпанулі па нас карцеччу, што мы, страціўшы палову нашых, бязладна сталі адыходзіць. І то яшчэ шчасце, што масква, апасаючыся менскага паўстання, перастала нас пераследаваць, і мы атрымалі пару дзён адпачынку, а князь ваявода віленскі[25] – час, каб нас сабраць і павесці на Украіну дзеля злучэння з падчашым літоўскім.

Пераклад з польскае

Міколы Хаўстовіча

 



[1] Праформа – гэта падрыхтоўчы клас, інфіма – першы, граматыка – другі.

[2] Падручнік, складзены ў XVI ст. партугальскім езуітам Эмануэлем Альварам.

[3] З цяжкага тоўстага ядвабу (шоўку).

[4] Мультанавы.

[5] Чацвёрты клас у езуітаў называўся паэтыка, а пяты – рыторыка.

[6] Гэтак называлі ў Рэчы Паспалітай юрыстаў, адвакатаў, праўнікаў і г. д.

[7] Брацтва.

[8] Тут ідзе гаворка пра малітву ў гонар Божае Маці.

[9] Гэта, хутчэй за ўсё, выдуманы персанаж. Віцебскім ваяводаю быў у 1733–1750 гг. Марцьян Агінскі, але ён не мог быць удзельнікам Барскае канфедэрацыі.

[10] З тых, хто жыў у канвікце (інтэрнаце).

[11]  З тых, хто жыў на кватэрах у гараджан.

[12] “Ушаноўваю Багуслава самаю высокаю павагаю, уганароўваю Цябе я, шарачковы шляхціц”.

[13] Вендэнскае ваяводства (у Інфлянтах) з сярэдзіны XVII ст. належала Швецыі. Герой мае адно ганаровы тытул.

[14] Таварышам называлі шляхціца, які служыў са сваім аддзелам у цяжкай конніцы. Меў такое ж значэнне, што і афіцэр-ротмістар.

[15] Знаходзіўся там з харугваю.

[16] Зневажаць.

[17] Без падрыхтоўкі ў наступ.

[18] Наезды.

[19] Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

[20] Ігнат Богуш (1720–1778)  адыгрываў значную ролю ў кіраўніцтве Барскае канфэдэрацыі.

[21] У арэнду.

[22] Азоцістаю кіслатою

[23] Турцыя.

[24] Рада султана альбо турэцкі ўрад.

[25] Князь Караль Радзівіл Пане Каханку.



Hosted by uCoz

Да зместу