Да зместу

Наталля Русецкая

ПАЭЗІЯ Ф.У. РАДЗІВІЛ У ПОЛЬСКІХ І
БЕЛАРУСКІХ ДАСЛЕДАВАННЯХ

Пра паэтычную творчасць Францішкі Уршулі Радзівіл да сённяшняга дня вядома мала, хоць упершыню пра нясвіжскую паэтку згадаў Я.А. Ябланоўскі ў 1751 г., яшчэ пры жыцці княгіні, пералічыўшы ў сваім “Апісанні альбо першым даследаванні пра вершы і вершапісцаў польскіх” некаторыя з яе твораў: трагедыі, камедыі, павучальныя вершы дачцэ, надмагільны надпіс сыну, загадкі і інш. Бібліяфіл і руплівец выдавецкай справы Юзаф Анджэй Залускі ў 1754 г. адзначыў выхад у свет тому “Камедыі і трагедыі”. Адной з найважнейшых крыніц ведаў пра княгіню Радзівіл для ўсіх наступных пакаленняў паслужыла прадмова да “Камедый і трагедый”, напісаная выдаўцом кнігі Якубам Побугам Фрычынскім. Дзякуючы гэтаму выданню не загінула на працягу стагоддзяў слава Францішкі Радзівіл – драматурга, не пашанцавала аднак яе вершам, якія ніколі не дачакаліся асобнай кніжкі. Не перашкодзіла гэта Г. Юшыньскаму ў сваім “Слоўніку польскіх паэтаў” (Кракаў, 1820) сцвердзіць, што “калі ўсе гэтыя п’есы напісала Радзівілава, то яна прадэманстравала паэтычны талент, бо ў многіх месцах верш годны і сённяшніх чытачоў” [Juszyński 1820, 102–103]. Е. Мыцельскі, калі ў 1882 г. упершыню апублікаваў вершаваныя лісты Ф.У. Радзівіл, адзначыў, што паэтычныя здольнасці іх аўтаркі не ніжэй (і нават вышэй!) за версіфікатарскае майстэрства “педанткі” Эльжбеты Дружбацкай [Mycielski 1882, 368]. Блізкім да гэтай ацэнкі быў таксама А. Брукнер, які, перш чым скіраваць сваю ўвагу на п’есы Ф.У. Радзівіл, коратка паінфармаваў, што “маладзенькая жонка пісала да адсутнага мужа сумныя элегіі і паэтычныя лісты” [Brückner 1903, 397]. Найчасцей тэксты Францішкі Радзівіл атрымлівалі характарыстыку “прoстых”, “наіўных” і “шчырых”. С. Васілеўскі, згадваючы пра вершаваныя лісты ў сваёй кнізе “У пані княгіні”, акрэсліў іх “вельмі мілымі і ў сваёй прастаце адзінымі” [Wasylewski 1922, 4]. На “наіўнасць” твораў звяртаў увагу таксама К. Барташэвіч у сваёй працы “Радзівілы”, але пры гэтым адзначаў, што невысокая, а нават “непрыхільная ацэнка” вынікае з таго, што “мала хто іх чытаў” [Bartaszewicz 1927, 202].

“Наіўным рыфмаваннем” называе паэтычныя лісты Францішкі Радзівіл Б. Крулікоўскі [Królikowski 2000, 190], і сам сабе пярэчыць, бо старонкай раней шкадуе, што з-за адсутнасці месца не можа працытаваць першы вядомы вершаваны ліст Францішкі з 1725 г. цалкам. Апошняе якраз не здзіўляе, таму што кніга прысвечана Радзівілам і мемуарыстам, Францішка ж згадваецца выключна ў якасці жонкі Міхала Радзівіла, аўтара “Дыярыуша”, а падобная ацэнка паэтычнага таленту княгіні зроблена пад уплывам традыцыйных поглядаў.

Укладальнік анталогіі “Любоўныя лісты даўніх палякаў” М. Місёрны назваў эпісталы княгіні “незвычайна цікавым дакументам эпохі і пэўнага “высокага стылю”, звязанага з ладам жыцця, пазіцыяй, а таксама з адукаванасцю” [Misiorny 1971, 103]. Падобнага меркавання прытрымліваўся А. Сайкоўскі, які ў сваіх працах “Ад Сіроткі да Рыбанькі” і “Старапольскае каханне” рабіў спробы рэканструяваць гісторыю кахання Міхала і Францішкі на падставе мемуарных і эпісталярных тэкстаў не толькі сямейнай пары Радзівілаў, але таксама іх сучаснікаў, хоць не заўсёды непасрэдных сведкаў падзей. Багата выкарыстоўваліся аўтарам урыўкі з твораў княгіні: паэтычных, драматычных, маральна-дыдактычных. “На прыкладзе Радзівілавай выразна відаць, што адносна полек часоў стражытнасці эстэтычныя крытэрыі аказваюцца недастатковымі. Істотнымі з’яўляюцца матывы звароту да мастацкай працы, суаднясенне жыццё-творчасць” [Phillips 2000, 24], – так, яшчэ больш дакладна акрэсліла Урсула Філіпс у даведніку “Польскія пісьменніцы ад Сярэднявечча да сучаснасці” кірунак вывучэння літаратурнай спадчыны Францішкі Уршулі.

Асобна хацелася б звярнуць увагу на тую нязручную сітуацыю, у якой апынулася літаратурная спадчына нясвіжскай музы, створаная на мяжы дзвюх эпох і прыналежная розным народам. Адны даследчыкі залічваюць яе да Барока, іншыя – да Асветніцтва, польскія навукоўцы часам абмінаюць і не заўважаюць, а беларускія – не прызнаюць, таму часта здараецца, што яна проста “выпадае” з гісторыі літаратуры. Не апошнюю ролю ў ацэнцы літаратурнай творчасці княгіні адыгрывае і яе пол, як бы літаратура, створаная жанчынай, не была часткай літаратурнага працэсу і развіцця пісьменства. Эпоха Барока ў акадэмічным выданні Ч. Гэрнаса “Барока” ахоплівае значны прамежак часу ў гісторыі польскай літаратуры: ад 80-х гадоў XVI – да 30-х гг. XVIII ст. Аўтар, аднак, яшчэ ва ўступе папярэджвае, што ў працы разгледжана будзе выключна літаратура, “часам лепшая, а часам горшая, але не графаманства, хаця падручнікі XIX ст. прызвычаілі чытача да таго, што ў агульным апісанні барока шырока былі прадстаўлены таксама “панны неразумныя”, бездапаможныя і няздарныя. Але ж гэтыя бездапаможныя музы нараджаюцца ў кожнай эпосе, таксама і сёння, але ніхто не ўводзіць іх у склад прадстаўнікоў нацыянальнай літаратуры” [Hernas 2002, 19]. Ролю графаманаў, а хутчэй графаманак, паводле аўтара, выконвалі першыя пісьменніцы Рэчы Паспалітай. Такім чынам, творчасці Э. Дружбацкай прысвечаны ў працы Ч. Гэрнаса адзін сказ, К. Беніслаўская згадваецца ў дужках, А. Станіслаўскай адведзена тры(!) абзацы, пры гэтым творы жанчын-паэтак засталіся без канкрэтных заўваг і ацэнак, бо даследчык папросту не меў намеру залічваць іх да сапраўднай літаратуры.

На працягу ўсяго ХХ ст. імя Францішкі Радзівіл у працах па гісторыі польскай літаратуры згадвалася часцей за ўсё ў сувязі з развіццём драматургіі і тэатральнага мастацтва на тэрыторыі тагачаснай Рэчы Паспалітай. Найбольш значныя працы ў гэтым кірунку зроблены дацкім славістам А. Штэндэр-Петэрсанам, а таксама польскімі даследчыкамі Ю. Кжыжаноўскім і К. Вяжбіцкай, якія падрыхтавалі і выдалі ў 1961 г. навуковае выданне “Тэатр Уршулі Радзівіл”, дзе было змешчана чатыры п’есы нясвіжскай аўтаркі. А. Штэндэр-Петэрсан, аднак, у адрозненне ад сваіх польскіх калег дастаткова высока ацэньваў таксама паэтычнае майстэрства Ф. Радзівіл, што не мела, на жаль, ніякага ўплыву на традыцыйныя перакананні польскіх вучоных, якія адзначалі піянерскі характар як арыгінальнай, так і перакладчыцкай творчасці княгіні, і адначасова падкрэслівалі нізкі мастацкі ўзровень тэкстаў. Нават у найноўшай, дзесяцітомнай “Гісторыі польскай літаратуры”, выдадзенай ужо на пачатку ХХІ ст., творчасць Ф. Радзівіл разглядаецца ў томе чацвёртым (“Асветніцтва”), у раздзеле “Тэатр”, дзе адзначаецца, што “яе творы маюць своеасаблівае хараство мастацкага прымітыву” і што “княгіня працягвала барочную і антычную літаратурную, а таксама песенна-народную традыцыі, якія перастварала ў адпаведнасці з тэндэнцыямі французскага асветніцтва” [Okoń 2003, 167].

В. Баровы ў кнізе “Пра польскую паэзію ў ХVIII стагоддзі” падкрэсліваў, што ў сваім даследаванні разглядае выключна “мастацкія вартасці” таго, што “ў літаратуры XVIII стагоддзя было паэзіяй альбо блізкім да паэзіі” [Borowy 1978, 9]. Дзякуючы такому разуменню паэзіі ў працы польскага літаратуразнаўца два асобныя раздзелы былі прысвечаны Э. Дружбацкай і К. Беніслаўскай, аднак пра вершаваныя п’есы Ф.У Радзівіл аўтар катэгарычна сцвердзіў, што ў іх “няма і следу паэзіі” [Borowy 1978, 26]. Можна, аднак, меркаваць, што недраматычная творчасць Францішкі Радзівіл была мала знаёмая польскаму даследчыку.

Далёка не ўсе творы Ф.У. Радзівіл на сённяшні дзень апрацаваны і выдадзены. Ніколі не друкаваліся ў польскіх выданнях трактаты і эпісталярная спадчына княгіні, хоць польскі даследчык А. Сайкоўскі шмат цытаваў гэтыя тэксты ў сваіх кнігах “Ад Сіроткі да Рыбанькі” і “Старапольскае каханне”. Найбольш пашанцавала з друкам, як і з высокімі ацэнкамі крытыкаў, яе паэтычным лістам да мужа, датаваным 1728 г., асабліва першаму з чатырох, які пасля Е. Мыцельскага перадрукоўвалі яшчэ тройчы: Б. Мэрвін у кнізе “Любоўныя лісты славутых людзей” (Львоў-Познань, 1922), М. Місёрны ў “Любоўных лістах даўніх палякаў” (Кракаў, 1971) і З. Лібера ў анталогіі “Польская паэзія ХVIII ст.” На старонкі іншай анталогіі – “Паэты польскага Барока” (Варшава, 1965), трапіла некалькі загадак (І, ІІІ, XVII, ХІХ) і “Przestrogi zbawienne”, якія ўпершыню былі выдадзены асобнай улёткай ў 1753 г. у друкарні нясвіжскіх езуітаў, тыя ж “Перасцярогі...”, як і згаданы вышэй паэтычны ліст (І) да мужа былі надрукаваныя ў зборніку “Польская паэзія XVIIІ ст.” (Варшава, 1976 і 1983), у анталогіі польскай паэзіі эпохі Асветніцтва “Свет папраўляць дзёрзкае рамяство” (Варшава, 1981) былі змешчаны загадкі (ІV, VI, ХХІІ) і шэраг вершаў на тэму кахання, сярод якіх некалькі тэкстаў, “спяваных у тэатры”.

Нарэшце, у першым томе выдання “Пісьменнікі польскага Асветніцтва” (Варшава, 1992) з’явілася найбольш разнастайная і багатая ў жанравых адносінах падборка паэтычных твораў Ф.У. Радзівіл: рэлігійныя, сатырычныя, любоўныя, аказіянальныя вершы і загадкі. Польская даследчыца Б. Юдковяк, якая падрыхтавала для гэтай кнігі біяграфічна-крытычны артыкул пра Ф.У. Радзівіл і зрабіла выбар вершаў паэткі, разгляду недраматычнай паэтычнай творчасці княгіні прысвяціла манаграфію “Інсцэніраванае слова ” (Познань, 1992). Да сённяшняга дня гэта адзіная праца, цалкам прысвечаная Францішцы Радзівіл – паэтцы. У шасці раздзелах кнігі разгледжаны жанравыя і мастацкія асаблівасці, спецыфіка твораў пісьменніцы, скіраваных, як падкрэслівае аўтарка даследавання, у першую чаргу на вуснае (часта тэатральнае) выкананне. Найбольш увагі, таксама як іншыя навукоўцы, Б. Юдковяк прысвяціла карэспандэнцыі княгіні, прасачыўшы шлях эвалюцыі яе эпісталярных тэкстаў ад звычайнага ліста да паэтычнага. Даследчыца падкрэсліла таксама генетычную і генеалагічную сувязь лістоў з маральна-дыдактычнымі творамі Ф. Радзівіл: перасцярогамі і пунктамі. У асобным раздзеле кнігі праведзены аналіз вершаў, напісаных з нагоды заўчаснай смерці сыноў княгіні Радзівіл: першынца Міхала і старэйшага з блізнят – Януша. Наступны раздзел прысвечаны такім аказіянальным творам Францішкі, як “Верш на вяселле Патоцкага”, загадкі і нізка эмблематычных вершаў “Апісанне дам”, “якія ўзніклі ў непасрэднай сувязі з таварыскім жыццём на старапольскім двары” [Judkowiak 1992, 90]. У невялічкім перадапошнім раздзеле акрэслены ўзаемадачыненні паэткі з Богам і са складаным светам чалавечых пачуццяў і ўзаемаадносін, звяртаецца ўвага таксама на “вершы, у якіх дрэмле музыка”, і ў завяршэнні кнігі – разважанні пра лёс ніколі не выдадзенай асобным выданнем паэтычнай спадчыны Ф.У. Радзівіл, якая безумоўна таго заслугоўвае. Да працы дададзены найбольш поўны пералік недраматычных твораў Ф.У. Радзівіл, у якім дакладна акрэслена месцазнаходжанне ў польскіх бібліятэках аўтографаў княгіні, а таксама зробленых з іх копій, там, дзе гэта было магчыма дакладна выявіць, пададзены даты ўзнікнення тэкстаў, асобна пазначаны творы, надрукаваныя ў анталогіі “Свет папраўляць...”.

Адваёўваючы сабе паступова месца ў гісторыі польскай літаратуры, паэзія Ф. Радзівіл у кантэксце польскай культуры працягвае, аднак, выглядаць своеасаблівым “аўтсайдэрам”. Нясвіжская паэтка, хоць і пісала свае творы па-польску, застаецца ў ценю класікаў польскай літаратуры ў першую чаргу з-за сваёй “ліцвінскаці” і не ў апошнюю – з-за “жаночасці”. Нават сёння, на пачатку ХХІ стагоддзя, калі пра самых вядомых аўтараў напісана значная колькасць навуковых прац і польскія даследчыкі пачынаюць шукаць “забытых” творцаў, калі ў адным з кракаўскіх выдавецтваў з’явілася серыя паэтычных кніг пад назвай “Менш вядомая класіка”, у якой выйшлі творы Э. Дружбацкай, К. Беніслаўскай і А. Станіслаўскай, творчасць Ф.У. Радзівіл па-ранейшаму застаецца незаўважанай.

У гісторыі беларускай літаратуры, да якой творчасць Ф.У. Радзівіл належыць паводле “геаграфічнага” фактару, ёй даводзіцца пераадольваць іншы бар’ер – моўны. Аднак за апошні час у гэтым кірунку адбыліся значныя зрухі. Імя Ф.У. Радзівіл у працах беларускіх даследчыкаў пачало згадвацца параўнаўча нядаўна: першым на пачатку 80-х гадоў ХХ ст. звярнуў увагу на яе творчасць А. Мальдзіс, адзначыўшы, што ў сярэдзіне XVIII ст. на сцэне нясвіжскага прыдворнага тэатра князёў Радзівілаў “ставіліся пераважна драмы і камедыі Францішкі Уршулі Радзівіл”, што “апрача п’ес яна пісала польскія вершаваныя “Пісьмы да мужа”, “Збавенныя перасцярогі для дачкі” і што наогул “валодала досыць добрым вершапісам” [Мальдзіс 1980, 304–306]. З гэтых сціплых заўваг пачынаецца знаёмства з літаратурнай спадчынай Ф.У. Радзівіл і паступовае яе засваенне беларускімі навукоўцамі, хоць іх таксама, як і польскіх, у першую чаргу зацікавіла яе драматургічна-тэатральная дзейнасць. Звесткі пра княгіню Радзівіл пачынаюць трапляць у навукова-папулярныя кнігі “Музы Несвижа” (1986) і “Скарбы Нясвіжа” (1993), К. Шышыгінай-Патоцкай, “Слава і няслаўе” (1995) І. Масляніцынай і М. Багадзяжа, дастаткова ўвагі прысвячаецца ёй у мастацтвазнаўчых працах “Театральная культура Белоруссии XVIII века” (1992) Г. Барышава і “Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период” (1990).

На жаль, у беларускіх працах пра творчасць Ф.У.  Радзівіл існуе яшчэ шмат блытаніны, бяздумна перапісваюцца з польскіх крыніц недакладныя факты і памылковыя сцверджанні. Так Г. Барышаў паўтарае ўслед за Ю. Кжыжаноўскім, што свае творы Францішка пісала “рыфмаванай прозай” [Барышев 1992, 106]. Па-рознаму пішацца як польскімі, так і беларускімі літаратуразнаўцамі само імя пісьменніцы, адны пішуць “Уршуля Францішка”, іншыя – “Францішка Уршуля”, на што неаднаразова звяртала ўвагу Ж. Некрашэвіч-Кароткая [Некрашэвіч-Кароткая 2002, 8–12]. Варта, аднак, прыслухацца да заўваг беларускай даследчыцы і пагадзіцца з яе пераканаўчым сцверджаннем, што ў шэрагу ўсясветна вядомых творцаў “і наша “беларуская Сафо” заслугоўвае таго, каб звацца правільна і дакладна: Францішка Уршуля Радзівіл” [Некрашэвіч-Кароткая 2002, 12].

Цікавы і арыгінальны погляд на творчасць Ф.У. Радзівіл прадставіў В. Арэшка. У сваім артыкуле “У пошуках новае прасторы пачуццяў. Некаторыя элементы абсцэну і эротыкі ў творчасці У.Ф. Радзівілавай” аўтар засяродзіўся пераважна на недраматычных тэкстах, а таксама адзначыў, што “месца яе (Ф.У. Радзівіл – Н. Р) у гісторыі былой Рэчы Паспалітай будзе напэўна й неаднаразова пераглядацца”, хаця б таму, што спадчына княгіні ахоплівае “практычна ўсю літаратурную прастору мясцовага барока” і “паступова выпрацоўвае новую – уласную “жаночую” парадыгму, з іншымі суб’ектна-аб’ектнымі адносінамі ў структуры твораў, з новым эмацыйным настроем, закранаючы тэмы да таго не ўласцівыя нашае тагачаснае літаратуры” [Арэшка 1998, 66–72].

На пачатку ХХІ ст. у беларускім літаратуразнаўстве з’явілася нарэшце першае спецыяльнае даследаванне драматычнай спадчыны Ф.У. Радзівіл: у 2002 г. выйшла ў свет кніга Ж. Некрашэвіч-Кароткай “Нясвіжская Мельпамена: драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл”, дзякуючы якой за княгіняй трывала замацавалася слава першай беларускай жанчыны-драматурга. На фоне шырока ахопленай панарамы развіцця тэатральнага мастацтва не толькі ў Рэчы Паспалітай, але і ва ўсёй Еўропе, даследчыца сістэматызавала сюжэтныя крыніцы драматычнах твораў Ф.У. Радзівіл, а таксама акрэсліла іх жанрава-мастацкія асаблівасці. Старанна аналізуючы тэксты пісьменніцы і прысвечаную ёй крытычную літаратуру, Ж. Некрашэвіч-Кароткая выявіла памылкі, зробленыя як польскімі, так і беларускімі даследчыкамі, на падставе ўніклівага прачытання п’ес аспрэчыла некаторыя памылковыя погляды і перакананні, сцвердзіла арыгінальнасць і самастойнасць творчай спадчыны Ф.У Радзівіл.

Шэраг публікацый пра паэзію Ф.У. Радзівіл падрыхтавала для беларускіх і польскіх выданняў аўтарка гэтага артыкула, а таксама распачала працу над манаграфіяй “Паэзія Ф.У. Радзівіл у кантэксце польскай і беларускай культур”, завяршыць якую мяркуецца ў 2005 г. – да трохсотгоддзя з дня нараджэння пісьменніцы. 

Варта згадаць яшчэ адну значную падзею на шляху асваення і ўвядзення літаратурнай спадчыны княгіні Радзівіл у культурную прастору сучаснай Беларусі. Напрыканцы 2003 г. у мінскім выдавецтве “Беларускі Кнігазбор” выйшаў том выбраных твораў Францішкі Уршулі Радзівіл у перакладзе на беларускую мову. У кнігу ўвайшла значная колькасць вершаў, сярод якіх паэтычныя лісты да мужа з 1728 г., загадкі, некалькі вершаў, напісаных па-французску. З драматычнай спадчыны на старонкі беларускага выдання трапіла 6 найбольш цікавых п’ес: “Безразважлівы суддзя”, “Золата ў агні”, “Гульня фартуны”, “Распуснікі ў пастцы”, “Суддзя пазбаўлены розуму”, “Каханне – дасканалы майстра”. Упершыню, бо няма яго ў польскіх друкаваных крыніцах, надрукаваны трактат “Пра шлюб”, перакладзены з французскай мовы, зроблены выбар шэрагу празаічных лістоў да розных асоб з багатай карэспандэнцыі княгіні. У “Дадатку” выдаўцы змясцілі ўрыўкі з “Дыярыуша” Міхала Казіміра Радзівіла, мужа Францішкі Уршулі, якія датычаць пераважна жыцця і творчасці княгіні.

Дзякуючы перакладам творчасць Ф.У. Радзівіл атрымала сталую прапіску ў беларускай літаратуры, трапіла да больш шырокага кола чытачоў: цяпер маюць магчымасць пазнаёміцца з тэкстамі пісьменніцы студэнты, школьнікі, аматары літаратуры, гісторыкі, мастацтвазнаўцы і культуролагі.

Літаратура

Арэшка В. У пошуках новае прасторы пачуццяў. Некаторыя элементы абсцэну і эротыкі ў творчасці У.Ф. Радзівілавай // Нясвіж – Гісторыя. Культура. Мастацтва. Варшава-Мінск, 1998. С. 66–72.

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII века. Мн., 1992.

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палова XVII–XVIII ст.). Мн., 1980.

Некрашэвіч-Кароткая Ж.В. Нясвіжская Мельпамена: Драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл. Мн., 2002.

Радзівіл Ф.У. Выбраныя творы. Мн., 2003.

Русецкая Н. Загадкі Францішкі Уршулі Радзівіл // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белджяржуніверсітэта. Вып. 4. Мн., 2003. С. 99–103.

Русецкая Н. Паэтычныя лісты Францішкі Уршулі Радзівіл // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Вып. 3. Мн., 2002. С. 91–101.

Русецкая Н. Перасцярогі збавенныя Францішкі Уршулі Радзівіл // Наша вера. 2003 № 2. С. 50–51.

Русецкая Н. Паэзія Ф.У. Радзівіл у літаратурнай культуры Барока на Беларусі // Roczniki Humanistyczne. Т. LI. Zesz. 7. S. 107–15.

Русецкая Н. Сямейная муза княгіні Францішкі // Полымя. 2003. № . С. 165–67.

Bartaszewicz K. Radziwiłłowie. Warszawa, 1927.

Borowy W. O poezji polskiej w wieku XVIII. Warszawa, 1978.  

Brückner A. Dzieje literatury polskiej w zarysie. T. 1. Warszawa-Kraków, 1903.

Hernas Cz. Barok. Warszawa, 2002.

Judkowiak B. Słowo inscenizowane. O Franciszce Urszuli Radziwiłłowej-poetce. Poznań, 1992.

Juszyński H. Dykcjonarz poetów polskich. Kraków, 1820. T. 2.

Królikowski B. Wśród Sarmatów. Radziwiłłowie i pamiętnikarze. Lublin, 2000.

Libera Z. Poezja polska XVIII w. Warszawa, 1976.

Misiorny M. Listy miłosne dawnych Polaków. Kraków, 1971.

Mycielski J. Matka księcia „Panie Kochanku” // „Przegląd Polski”. 1882. R. 16. Z. 9.

Okoń J. Teatr // Historia literatury polskiej w 10 t. T. IV. Сz. I. Bochnia-Kraków, 2003.

Poeci polskiego baroku. Oprac. J. Sokołowska, K. Żukowska, Warszawa, 1965. T.2.

Phillips U. Piszące białogłowy od średniowiecza do końca XVIII wieku / Pisarki polskie od średniowiecza do współczesności. Przewodnik. Gdańsk, 2000.

Pisarze polskiego Oświecenia. Warszawa, 1992. T. 2.

„Świat poprawiać zuchwałe rzemiosło”. Antologia poezji polskiego Oświecenia. Oprac. T. Kostkiewiczowa, Z. Goliński. Warszawa, 1981.

Wasylewski S. U księżnej pani. Lwów, 1922.

 

Да зместу

Hosted by uCoz