Да зместу

Вольга Савянок

ПРАДМОВА ДА “ХРОНІКІ...” МАЦЕЯ СТРЫЙКОЎСКАГА
ЯК ЛІТАРАТУРНАЯ АЎТАБІЯГРАФІЯ

...ćwiczenie moje

Sławić cnotę i wskrzeszać dzielnych mężów boje.

M. Stryjkowski

Мацей Стрыйкоўскі (1547 – каля 1590) быў адным з першых беларускіх гістарыёграфаў, паляк з паходжання, сэрцам – ліцвін. Дзякуючы вялізнай працаздольнасці ён сістэматызаваў тагачасныя веды па гісторыі Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Усходняй Еўропы. “МСтрыйкоўскі ўпершыню напісаў і выдаў гісторыю ВКЛ і суседніх з ім краінаў, тым самым паставіўшы беларуска-літоўскую дзяржаву ў шэраг цывілізаваных краінаў Еўропы” [Семянчук 2000, 3]. Яму давялося не толькі напісаць рэальную гісторыю, але і стварыць уяўную, міфічную карціну жыцця нашых продкаў. Многае з напісанага ім, нягледзячы на легендарнасць, паўсюдна выкарыстоўваецца ў навуковай літаратуры і ў наш час. (Напрыклад, менавіта МСтрыйкоўскіўпершыню назваў імя першай жонкі Казіміра Ягелончыка – Альдона” [Wojtkowiak 1990, 6]).

МСтрыйкоўскі напісаў дзве, а калі ўлічваць “Sarmatiae Europeae descriptio”, выдадзеную ў 1576 г. італьянцам АГвагнінам, то нават тры кнігі, прысвечаныя гісторыі Вялікага княства Літоўскага: “O początkach, wywodach, dzialnościach… sławniego narodu litewskiego…” – рукапіс 1578 года выдадзены ЮРадзішэўскай ў 1978 г.; “Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi” – першае выданне 1582 г. “Кроніка...” была перавыдадзена ў XVIII (падрыхтавана да друку ФБагамольцам у 1766 г.) і ХІХ стст. (укладальнікам быў ММаліноўскі, які зрабіў таксама першы крытычны агляд навуковай літаратуры пра МСтрыйкоўскага ў артыкуле “Wiadomość o życiu і piśmach M. Stryjkowskiego”, далучыўшы яго да першага томуХронікі...”, 1846 г. [Stryjkowski I]). Праблемы, закранутыя храністам, выклікалі вялікае зацікаўленне ў гісторыкаў і літаратуразнаўцаў. Жыццю і творчасці храніста прысвечаны чатыры манаграфічныя даследаванні [Рогов 1966, Karpłuk 1977, Radziszewska 1978, Wojtkowiak 1990] і больш за 160 артыкулаў, дзе разглядаюцца асобныя аспекты ягонай творчай дзейнасці.

Сучасныя даследчыкі падаюць жыццёвы шлях паэта згодна з вершаванай аўтабіяграфіяй “Maciej Stryjkowski, Osostevius, sam o sobie i przygodach swoich w zwiedzeniu rozmaitych krain świata” [Stryjkowski 1846, 1, XIII–XXII] і прадмовай “Do łaskawego czytelnika” [Stryjkowski 1978, 588–591], а таксама абапіраючыся на аўтабіяграфічныя ўстаўкі ў гістарычных творах пісьменніка.

Мацей Стрыйкоўскі, Асастэвіч, сам пра сябе і свае прыгоды пры вывучэнні разнастайных краін свету” – гэта вершаваны твор з глосамі. Глосы служаць для ўдакладнення падзей жыцця аўтара, туды вынесены ўсе даты, звязаныя з літаратурнай дзейнасцю МСтрыйкоўскага, пазначаны літаратурныя крыніцы, якія ён цытуе. Твор прызначаны для першага знаёмства з аўтарам, як падрыхтоўчы артыкул, што патрэбны для лепшага ўспрыняцця ягонайХронікі...”, таму ўнутраны свет паэта, як і падзеі ягонага жыцця, паказаны павярхоўна. А тое, што прадэманстравана: Мацей Стрыйкоўскі ў ролі нэнзніка ды гаротніка, які ўжо рыхтуецца да смерці, бо эпітафію сабе ўжо склаў і жыццё сваё апісаў, не зусім адпавядае рэчаіснасці, гэта поза, маска, тое, што павінен убачыць чытач [гл. Билинкис 1995, 13].

Паэт імкнецца вытрымаць твор у адзіным кампазіцыйным рэчышчы: чытач можа прасачыць увесь жыццёвы шлях аўтара. Пры гэтым у аўтабіяграфіі М. Стрыйкоўскага амаль не падаюцца даты. Нават абавязковыя для тагачаснай мемуарнай літаратуры звесткі пра год нараджэння ў творы зашыфраваныя дзеля таго, каб яшчэ раз падкрэсліць эрудыцыю аўтара: “Venus z Marsem rządziła rok kiedym się rodził, / A Phebus w znaku Rybnym zaś w Skopowym chodził” [Stryjkowski 1846, 1, XIII]. Па падліках З. Вайткавяка храніст нарадзіўся з 20 на 21 сакавіка 1547 года [Wojtkowiak, 1990, 21].

Аўтар паўстае перад чытачом гэткім “рабачком кніжным”: “Iż skarb, kleinoty, / Zlodziej kradnie, krom nauk świętych, rzemiosł, cnoty” [Stryjkowski 1846, 1, XVII]. Часам можа падацца, што ён сур’ёзна лічыць, нібыта гэта вельмі натуральна параўноўваць сябе з антычнымі “выхаванцамі музаў” і героямі Бібліі. Уражаны эпічнымі творамі Гамера ды Вергілія, Стрыйкоўскі быццам “жыве” ва ўяўным свеце гісторыі, адчувае напаўсапраўднаць, легендарнасць жыцця, таму і складае легенду не толькі пра старажытных літоўскіх князёў , але і пра самога сябе. Напрыклад, ён прыўлашчвае сабе нялюбыя яму “kleinoty”, а дакладней, герб “Leliwa”, які не належаў ніводнаму з вядомых у наш час Стрыйкоўскіх [гл. Wojtkowiak 1990, 22–34].

Мацей Стрыйкоўскі – чалавек, выхаваны ў літаратурных традыцыях свайго часу. Ён дэманструе такія ж самыя падыходы да тэмы, што і Еўлашоўскі, які спрабуе пісаць уласнае жыціе. А калі гэта жыціе, то павінен быць і цуд. І цуды дэманструюцца. Вось пяцігадовае дзіця, ужо нежывое, бо ссінелае, ляжыць на “marach” у касцёле, “Jak on w Naim młodzienec, albo Jairowa / córka, i czwartodzienna już śmierć Łazarowa” [Stryjkowski 1846, 1, XIII]. Але, як і з тымі, з ім адбываецца сапраўдны цуд: як толькі зазванілі да імшы – ён ачуняў: “A w głosne uderzono dzwony, / Alic (i ktoby werzył) jam na marach zasie [Stryjkowski 1846, 1, XIII]. Яшчэ адна “dziwna przygoda” сталася прычынай таго, што храніст меў цяжкую мову – “Dzwonem na śmierć byłem zabity w głowę” [Stryjkowski 1846, 1, XIV].

Міфалагізацыя – характэрная рыса ўсяго твора. Гэткім кшталтам зроблена апісанне шляху М. Стрыйкоўскага з глухога засценка на Парнас. Шлях быў няпросты, бо пасля няшчаснага выпадку са звонам, “jak Mojżesz kwapliwą mieł i trudną mowę” [Stryjkowski, 1, XIV]. Аднак сам Апалон і Мінерва, а таксама муза эпічнай паэзіі Каліопа сталі апекунамі здольнага, але хваравітага юнака: “Apollo zaś w opiekę wziąwszy młodość moję, / Omył mię w Heliconie i dał lutnię swoję. / Calliopea mię też za sługę przyznała, / A mozgorodna dar swój Minerwa przydala…” [Stryjkowski 1846, 1 XIV]. Так што, маючы такіх “абаронцаў”, наш храніст проста не мог не дасягнуць “potym Parnaza dwuwierzchnego” [Stryjkowski1846, 1, XIV].

Дастаткова высокую па сваім часе адукацыю Стрыйкоўскі атрымаў не ў знакамітых універсітэтах, а ў Бжэзінскай вучэльні (“Brzeziny fundament ćwiczenia”, “Brzeziny mnie Padwą i Bolonją były” [Stryjkowski, 1, XIV]). Скончыўшы курс навучання, М. Стрыйкоўскі трапляе на Беларусь. Паводле “Кронікі”, гэта адбылося ў 1563 г., калі будучаму храністу споўнілася 16 год [Stryjkowski, 1, 339; 1, XXXVII; 2, XXXVIII]. Ён займаўся вайсковай службай, у час Лівонскай вайны быў шпегам, напэўна таму звестак пра Беларусь ў паэтычнай аўтабіяграфіі М. Стрыйкоўскага няма. А пра сваю дзейнасць у той перыяд паэт успамінае вельмі скупа: “Gdym w rycerskim rzemieśle zwiedził kraj północny, / Moskwy część, Ruś, Liflanty, Memelski port mocny, / Gdzie Kurskie, gdzie Finlandskie i Szwiedskie rubieże, / I gdzie Orzelskie morzem otoczone wieże… / Gdzie bursztyn bierzą świetny, gdzie Baltyckie morze” [Stryjkowski, 1, XVI].

З верасня 1574 па сакавік 1575 года М. Стрыйкоўскі бярэ ўдзел у пасольстве Анджэя Тараноўскага ў Турцыю. Пад час падарожжа храніст трапляе ў Грэцыю – сапраўдную “калыску” еўрапейскай культуры. Там акрамя працы перакладчыка, апісання замкаў і стварэння мапаў – Стрыйкоўскі-гісторык меў магчымасць пабачыць рэшткі старажытных грэчаскіх гарадоў: быў у Спарце, Афінах, Мікенах, на месцы, дзе раней стаялі муры Троі “w Asijskim brzegu, nad Helespontem” [Stryjkowski, 1, XXVIII]. Пабачыў “Tracke miasta stare”, сярод якіх у першую чаргу называе Канстантынопаль (“Bisantium, Constantinopole, Czarigród, Stambolda, jedno miasto cztermi przezwiskami różno przezwane” [Stryjkowski, 1, XXVIII]), Галаты і Калхідон – мясціны, дзе адбываліся Саборы.

Прастора ў творы – гэта прастора кніжная, сам Стрыйкоўскі толькі саўдзельнік і сведка. Апісваючы сваё падарожжа па Грэцыі і ўзбярэжжы Малой Азіі, ён прыводзіць выказванні розных антычных аўтараў, каб зрабіць свой твор больш важкім, больш праўдзівым, сцвярджае, што апісанае ў творы бачыў на ўласныя вочы. Менавіта так, напрыклад, ён апісвае Трою: “Gdzie Griekowie I Trojanie toczyli bój srogi… / Gdzie Troja, która dziesięć lat wytrwała / Grekom bitnym, a mury marmurowe miala, / Których upadki oczy tu widzialy moje, / I nogi plac deptały, gdzie wiódł Hector boje, / I gdzie synów pobitych Hecubę płakała…” [Stryjkowski, 1, XXVIII]. Стрыйкоўскі цалкам уключыў верш “Do łaskawego czytelnika” ў аўтабіяграфію, бо апісанні падарожжа ў абодвух творах ідэнтычныя.

Увогуле, багатае на падзеі жыццё Стрыйкоўскага адлюстравана ў ягонай аўтабіяграфіі дастаткова павярхоўна, затое ў ім шмат агульных фразаў, алегорый, даволі дзіўных пералікаў: “Trzykrociem Oceanie widział twoje brzegi… / Raz się od rozboju strasznegom wybawion, / Dwa krociem z utonienia do brzegu przypławion, / Dwa krociem mało nie był od moskwy pojmany, / Raz mało na galery nie był zaprzedany. / Dwa krociem wytrwał chłopski gwałt, tak bardzo strogi, / Trej towaryszów pierzchło, jam sam dostał trwogi… / Siedm króć straszniejsze nad miecz powetrze morowe / Trzy króć tworżyło w różnych miescach naszę głowę…” [Stryjkowski, 1, XX]. Каментар да гэтых выказванняў досыць лаканічны: “Roku 1575 i 1576 przygody”.

Твор МСтрыйкоўскага прыцягвае ўвагу перш за ўсё не вершаванай формай (трынаццаціскладовік з парнай рыфмоўкай) з глосамі, і нават не зместам – дэманстрацыя творчага шляху, а так бы мовіць, утылітарнасцю прызначэння. Гэта своеасаблівая прадмова да “Kroniki Polskaj…”, самапрэзентацыя, зваротда ласкавага чытача”, адсюль шырокае ўжыванне гіпербал, параўнанняў, алегорый, алюзій, парафразаў, звароткаў да чытачоў, музы ізласліўца Заіла”. Паэтычныя здольнасці МСтрыйкоўскага па-рознаму ацэньваліся даследчыкамі, выклікалі як захапленне, так і зняважлівую іронію. “Трэба прызнаць, для большасці твораў пісьменніка ўласцівы шматслоўнасць і таўталогія, хаатычнасць кампазіцыі і стылістычная стракатасць” [Кавалёў 2002, 88]. Не пазбегнуў МСтрыйкоўскі гэтых хібаў і ў разглядаемым творы.

У параўнанні з іншымі творамі мемуарнай літаратуры, якія характарызуюцца такімі агульнымі рысамі, як дакладнасць, адсутнасць сюжэтных прыёмаў, хранікальнасць, фактаграфічнасць, субектывізм у паказе падзей, жывасць аўтарскіх ацэнак [гл.: Дынник 1934, 131–149], аўтабіяграфія МСтрыйкоўскага – твор, у якім шмат агульных слоў, празмерная колькасць складаных сінтаксічных канструкцый, алюзій, цытатаў з іншых аўтараў, што абцяжарвае тэкст, робіць яго цяжкім для ўспрыняцця. Акрамя таго, вершаваная форма перашкаджае паўнаце і дакладнасці выкладу. Мемуарная літаратура мае на мэце паказаць перыпетыі жыцця канкрэтнага чалавека ў рэальных абставінах яго часу. Кіруючыся сваім светапоглядам і ідэаламі, аўтар бярэ пад увагу падзеі, блізкія яму па духу, пры гэтым ён пераасэнсоўвае здарэнні жыцця і стварае субектыўны сусвет, кропкай адліку ў якім зяўляецца ён сам, пачатак ягонага быцця. Менавіта аўтарская індывідуальнасць, сфера яго жыццёвых інтарэсаў і схільнасцей абумоўлівае кола падзей грамадскага і асабістага жыцця, на якія будзе звернута ўвага ў творы. Мемуарысты звяртаюцца да разнастайных тэм: апісваюць уласнае жыццё ці жыццё краіны, сваіх сямейнікаў ці гаспадароў, прыроду або норавы. Але пры гэтым яны абіраюць самыя незвычайныя (на іх погляд) эпізоды сваіх біяграфій, успамінаюць тое, што падасца цікавым і іх чытачам. Змест твораў мемуарнай літаратуры засноўваецца на непасрэдных уражаннях аўтара. Мяркуючы як па форме выкладу,так і па ягоным змесце, “Мацей Стрыйкоўскі, Асастэвіч, сам пра сябе і свае прыгоды пры вывучэнні разнастайных краін свету” – твор, які знаходзіцца на жанравай мяжы, бо гэта не прэфацыйны верш у чыстым выглядзе, але і не найлепшы ўзор мемуарнай літаратуры.

Літаратура

Билинкис М.Я. Русская проза XVIII веков: Документальные жанры. Повесть. Роман. С-Пб., 1995. С. 10–25.

Голенищев-Кутузов Н.Н. Итальянское возрождение и славянские литературы XV–XVI вв. М., 1963.

Каваёў С.В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Мн., 2002. С. 72–89.

Дынник М. Мемуарная литература // Литературная энциклопедия. Т. 7 М., 1934. С. 131–149.

Рогов А.И. Русско-польские культурные связи в эпоху Возрождения (Стрыйковский и его «Хроника»). М., 1966.

Семянчук А.А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. Гродна, 2000. С. 5–10.

Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV–XVII w.Warszawa.1970. S. 68–85.

Barycz H. Szlakami dziejopisarstwa staropolskiego. Studia nad historiografią wieku XVI–XVII. Wrocław, 1981.

Chrzanowski I. Historia literatury niepodległej Polski (965–1795). Warszawa, 1971. S. 239–241.

Karpłuk M. O języku Macieja Stryjkowskiego historyka i poety z drugiej połowy XVI wieku. 1977.

Malinowski M. Wiadomość o życiu i piśmach Macieja Stryjkowskiego // Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska i wszystkiej Rusi. T. 1. Warszawa, 1846. S.1–30.

Radziszewska J. Maciej Ssryjkowski historyk-poeta z epoki Odrodzenia. Katowice, 1978.

Stryjkowski M. Do łaskawego czytelnika // Stryjkowski M. O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskichi domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego…Warszawa, 1978. S. 588–591.

Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska i wszystkiej Rusi. T. 1, 2. Warszawa, 1846.

Stryjkowski M. Maciej Stryikowski Osostevicius, sam o sobie i przygodach swojich // Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska i wszystkiej Rusi. T. 1. Warszawa, 1846. S. XIII–XXII.

Wojtkowiak Z. Maciej Stryjkowski – dziejopis Wielkiego Kięstwa Litewskiego. Kalendarium życia i działalności. Poznań, 1990.

 

Да зместу

Hosted by uCoz