Да зместу

Святлана Шалашэнь

ПРАДМОЎНА-ПАСЛЯСЛОЎНЫ КОМПЛЕКС ДА КАНАНІЧНЫХ ВЫДАННЯЎ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

XVI стагоддзе – перыяд беларускага Адраджэння – лічыцца асноватворным часам у гісторыі і культуры Беларусі. У гэтую эпоху працягвалі складвацца асноўныя каштоўнасці і ідэалы, якія і на сённяшні дзень ствараюць падмурак духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Чым жа адметная беларуская культура XVI ст.? Перыяд Рэнесансу ў краінах Еўропы прыпадаў на розныя гады і меў сваю спецыфіку, у сувязі з чым можна адрозніваць дзве плыні: класічнае італьянскае Адраджэнне і Паўночнае Адраджэнне. Да апошняга адносяць Рэнесанс у Англіі, Германіі, скандынаўскіх краінах, а таксама ў Беларусі.

Калі больш падрабязна спыніцца на асаблівасцях згаданай эпохі на тэрыторыі Беларусі, то іх можна ахарактарызаваць наступнымі рысамі:

¨       сутыкненне “ўсходніх” і “заходніх” культурна-ідэалагічных і рэлігійна-царкоўных тэндэнцый;

¨       адносна меншая вага свецкага пачатку ў культуры;

¨       цесная сувязь з рэлігійнымі і нацыянальна-культурнымі рухамі;

¨       еднасць з рэфармацыйнымі працэсамі;

¨       ідэя генетычнай і духоўна-культурнай роднасці славянскіх народаў;

¨       асветніцкая накіраванасць;

¨       своеасаблівы кампраміс з традыцыямі Сярэднявечча;

¨       зварот да традыцый Сярэднявечча і трансфармацыя іх у гуманістычным рэчышчы.

Менавіта ў перыяд Адраджэння адбывалася інтэнсіўнае станаўленне культуры нашага народа, што і абумовіла з’яўленне Скарынінскага перакладу Бібліі, а таксама кананічных і богаслужбовых выданняў яго паслядоўнікаў. Айчынны гуманізм выпрацаваў ідэю суб’ектыўнай свабоды чалавека, у значнай ступені абмежаванай інтарэсамі агульначалавечага дабра. Гэтым тлумачацца моцныя сувязі беларускага Адраджэння з рэлігіяй і царквой, што праяўлялася ў выглядзе хрысціянскага гуманізму, які не пакідаў прынцыпаў, сфармуляваных Сярэднявеччам, але часткова трансфармаваў яго.

Суаднесці хрысціянскую мараль з гуманістычнымі ідэямі немагчыма без асэнсавання ролі Бібліі ў жыцці чалавецтва, у сувязі з чым на тэрыторыі Беларусі з’явіліся выданні гэтай кнігі. Пераклад Бібліі на старабеларускую – гэта справа вялікая і высакародная, аднак патрабавалася большае: гуманістычная і рацыяналістычная інтэрпрэтацыя гэтай кнігі. Такія спробы рабіліся ў Еўропе Эразмам Ратэрдамскім, Марцінам Лютэрам і іншымі, таму можна сказаць, што Францыск Скарына і яго паслядоўнікі ажыццяўлялі сваю дзейнасць у рэчышчы агульнаеўрапейскай тэндэнцыі.

Беларускі першадрукар не быў першым з тых, хто змяшчаў у кнігах Бібліі прадмовы і пасляслоўі. Вядома, што ў старажытнай Русі кнігі Святога Пісьма для хатняга чытання былі распаўсюджаны з тлумачэннямі. У старадруках Бібліі, выдадзенай на лацінскай мове, у выглядзе тлумачэнняў да тэксту, змяшчаюцца прадмовы святога Іераніма. Тое самае сустракаецца і ў старадруках нямецкіх выданняў Бібліі да Лютэра. Такія ж прадмовы Іераніма і арыгінальныя прадмовы да некаторых кніг змешчаны ў першых выданнях чэшскамоўнай Бібліі 1488 і 1506 гадоў выдання. Пытанне аб літаратурных крыніцах прадмоў Ф. Скарыны вывучалася асобнымі навукоўцамі, такімі як П.В. Уладзіміраў, Я.Л. Неміроўскі. В.А. Чамярыцкі і іншымі. П.В. Уладзіміраў і Я.Л. Неміроўскі лічаць, што беларускі асветнік быў добра знаёмы з творамі прадстаўнікоў раннехрысціянскай патрыстыкі. Сярод іх Васілій Вялікі – епіскап Кесарыйскі, аўтар вядомага “Шасціднева”, у якім тлумачыўся сэнс кнігі “Быццё”. Менавіта яго працы з’явіліся асноўнай крыніцай для Ф. Скарыны пры стварэнні прадмовы да Псалтыра.

Ф. Скарына імкнуўся максімальна выкарыстоўваць вопыт сваіх папярэднікаў. Яго прадмовы насычаны фрагментамі з розных твораў хрысціянскай літаратуры. У гэтым заключаецца характэрная традыцыя Сярэднявечча і асабісты навуковы падыход першадрукара да выдання кніг – імкненне данесці да народа найбольш каштоўныя здабыткі чалавечай думкі, духоўны вопыт, высокае разуменне задач асветніцтва. Даступнасць, прастата і яснасць выкладання прадмоў спалучаюцца з глыбокім зместам і абгрунтаванасцю, усебаковым выкарыстоўваннем дасягненняў тагачаснай даследчай думкі і старажытных першакрыніц. У методыцы выкарыстання ў сваёй творчасці фрагментаў Бібліі і твораў айцоў царквы Ф. Скарына прытрымліваўся традыцый Сярэднявечча. Ён дае асноўныя палажэнні і думкі не ў сваёй фармуліроўцы, а абапіраецца на біблейскія тэксты і тлумачэнні ў найбольш аўтарытэтных аўтараў мінуўшчыны. Яго ідэі тлумачэння кніг Бібліі, разлічаных на хатняе чытанне, маюць свае карані ў усходнеславянскай кніжнай культуры. А.С. Дзёмін выдзяляе наступныя віды старажытных прадмоў:

¨       пасланне,

¨       асабліва вялікія пралогі, у якіх аўтар звяртаецца да чытачоў,

¨       першае павучанне ў зборніку (пераважна аб чытанні кніг),

¨       невялікая ўступная частка [Тематика и стилистика предисловий 1981, 12].

Гэта можна лічыць доказам таго, што скарынінскія прадмовы маюць глыбокія карані і даўнюю традыцыю, таму што ў іх прасочваюцца элементы амаль усіх згаданых відаў.

Ф. Скарына здолеў спалучыць вопыт славутых папярэднікаў і хрысціянскую культуру з наватарскімі ідэямі Адраджэння. У сваіх прадмовах асветнік сцвердзіў права кожнага чалавека на пазнанне і творчасць, права на самастойнае тлумачэнне Бібліі і магчымасць актыўнага ўздзеяння на навакольную рэчаіснасць. Гэта можна лічыць ускосным абвяшчэннем прынцыпаў рэлігійнай свабоды, што характарызуе Ф. Скарыну як прадстаўніка эпохі Рэнесансу.

Прадмоўна-пасляслоўны комплекс да біблейскіх кніг можа уключаць у сябе ўсе традыцыйныя кампаненты, такія як эпікграма, прысвячэнне, прадмова да кнігі, пасляслоўе-малітва і пасляслоўе. Зразумела, зусім не абавязкова, каб кожны аўтар выкарыстоўваў у сваёй кнізе ўсе згаданыя структурныя часткі прадмоўна-пасляслоўнага комплексу. Напрыклад, для Ф. Скарыны не характэрна выкарыстанне такіх элементаў, як эпікграма і прысвячэнне (за выключэннем верша да кнігі “Іоў”, які, аднак, не мае гербатлумачальнага значэння, што з’яўлялася асноўнай рысай эпікграм у XVI ст.). У той жа час прадмоўна-пасляслоўны комплекс да Псалтыра Лявона Мамоніча, выдадзенага ў 1593 г., змяшчае эпікграму, прысвячэнне, уласна прадмову і пасляслоўе, што поўнасцю адпавядае традыцыі.

Змест і форма прадмоў да царкоўна-багаслоўскіх кніг у значнай ступені абумоўлены самімі тэкстамі, гэта значыць, яны часцей за ўсё ўяўляюць сабой своеасаблівы літургічны трактат. У. Кароткі так характарызуе прадмовы згаданага тыпу: “Зыходзячы з сярэдневяковых уяўленняў пра этыкетнасць жанру, аўтар тут не імкнецца да адкрыцця новых ісцін, нечаканых для чытачоў паваротаў думкі, меркаванняў. Тэзісы аўтара падмацоўваюцца цытатамі з Святога пісання, твораў айцоў царквы або канструіруюцца пры дапамозе іх спалучэння” [Прадмовы і пасляслоўі 1991, 11].

Аўтары XVI ст. не маглі абмежавацца традыцыйнымі тлумачэннямі і каментарамі да біблейскіх кніг, таму што эпоха і яе грамадска-культурная сітуацыя патрабавала ад іх вырашэння і іншых задач. Напрыклад, прадмова да Евангелля Васіля Цяпінскага з’яўляецца яркім публіцыстычным творам, што мае палемічны характар. Прадмовы Ф. Скарыны нясуць на сабе адзнаку свайго часу: яны грунтуюцца на традыцыях хрысціянскай біблеістыкі і разам з тым трактуюць Біблію ў рэчышчы рэнесанавай культуры – як сукупнасць твораў, якія належаць чалавецтву. Ул. Конан наступным чынам характарызуе значэнне скарынінскіх прадмоў: “З іх упершыню ва ўсходнеславянскім рэгіёне пачалося ўсведамленне духоўнага перавароту, які прынесла з сабою кнігадрукаванне, спасціжэнне агульначалавечай каштоўнасці лепшых здабыткаў нацыянальнай літаратурнай думкі і значэнне роднай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры. Сінкрэтычная структура прадмоў, наяўнасць у іх яшчэ не развітых элементаў літаратуры, тэалогіі, філасофскай публіцыстыкі, правазнаўства, лінгвістыкі, эстэтыкі і крытыкі абумовілі іх шматпланавую, хоць і адносна цэласную стылістыку” [Конан 1990, 32–33].

На самай справе, прадмовы да багаслоўскіх кніг у адпаведнасці з традыцыяй мелі на мэце каментар і тлумачэнне старажытных і складаных для ўспрымання тэкстаў (дастаткова згадаць творы святога Іераніма і Мікалая дэ Ліра). Асноўнай жа тэндэнцыяй у беларускім кнігадрукаванні было асветніцтва, а найбольш характэрнай рысай – думка аб неабходнасці сцвердзіць родную мову ў новай для Беларусі справе кнігадрукавання. Асветніцкія тэндэнцыі ў межах беларускай кнігадрукарскай справы XVI ст. Л. Іцігіна [Тематика и стилистика предисловий 1981, 28] азначае наступным чынам:

1.       Пашырэнне сферы канкрэтных ведаў чалавека, узбагачэнне яго мовы, развіццё мыслення;

2.       Спроба прымусіць задумацца пра сябе і навакольны свет, навучыцца супастаўляць і параўноўваць падзеі.

Такім чынам, можна сказаць, што светапогляд Ф. Скарыны і яго паслядоўнікаў, якія выдавалі кнігі багаслоўскага характару, характарызаваўся асветніцкай накіраванасцю і прагматычнымі адносінамі да Святога Пісьма. Свае творы Ф. Скарына насычаў самымі разнастайнымі гістарычнымі і сацыялагічнымі звесткамі, супастаўляючы Боскае і чалавечае. Вось што піша аб гэтым А. Замалееў: “Адзінае, што адрознівае Біблію ад любога іншага “пісма”, гэта – абсалютная паўната ведаў, таму што ў ёй, згодна Скарыне, заключана “Вся бо Соломонова и Аристотелева, божественная и житейская мудрость”. Тым самым Біблія больш не займала месца на п’едэстале абсалютнай богаадкрытасці і ператваралася ў аб’ект толькі чалавечага ўспрымання” [Замалеев 1998, 180].

Беларускія друкары-асветнікі не пасягаюць на веру, захоўваючы за ёй ролю галоўнага апірышча хрысціянскага светапогляду. Але яны крыху звужаюць яе межы, прызнаючы, што пазнанне мудрасці Боскай дасягаецца не толькі шляхам веры, але і шляхам розуму. Разумны шлях ёсць выяўленне сэнсу Святога Пісьма, разуменне яго маральна-выхаваўчай функцыі, для чаго і ствараліся прадмовы.

Літаратура

Замалеев А.Ф. Восточнославянские мыслители. Эпоха Средневековья. Санкт-Пецярбург, 1998.

Конан В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978.

Литературный энциклопедический словарь. М., 1987.

Немировский Я.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность белорусского просветителя. Мн., 1990.

Падокшын С.А. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. Мн., 2003.

Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны / Укл., уступ. артыкул і камент. У.Г. Кароткага. Мн., 1991.

Спадчына Скарыны: Зборнік матэрыялаў / Укл. А. Мальдзіс. Мн., 1989.

Тематика и стилистика предисловий и послесловий. М., 1981

Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. Спб., 1888.

Яскевіч А.А. Творы Ф. Скарыны. Жанравая структура. Філасофскія погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995.

 

Да зместу

Hosted by uCoz