Да зместу

Любоў Тарасюк

МАСТАЦКІЯ КІРУНКІ І ПЛЫНІ Ў ПАЭЗІІ ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА

У розных абагульняючых працах па гісторыі беларускай літаратуры месца Францішка Багушэвіча ў нацыянальнай паэзіі сфармулявана адназначна і нібыта непарушна: заснавальнік крытычнага рэалізму.

У той канцэпцыі гісторыі беларускай літаратуры, якая сцвярджалася з канца 50-х гадоў і да канца ХХ стагоддзя і дзе Ф. Багушэвічу адводзілася роля паслядоўнага рэаліста, заставалася, аднак, нямала праблем, вызначэнне якіх запатрабавала адмаўлення ад т. зв. панрэалістычнай канцэпцыі творчасці пісьменніка.

У працах гісторыкаў беларускай літаратуры, а перадусім В. Барысенкі, месца Ф. Багушэвіча ў беларускай літаратуры было акрэслена вельмі пэўна і непарушна; сама назва асноўнага даследавання В. Барысенкі ўтрымлівала ў сабе адказ: “Францішак Багушэвіч і праблемы развіцця рэалізма ў беларускай літаратуры другой паловы ХІХ стагоддзя” (1957). Нягледзячы на магчымасць “схавацца” за мяккасць і няпэўнасць вызначэння (“праблема рэалізму”), аўтар вядомай працы настойліва прапагандаваў менавіта ідэю рэалізму ў творчасці пісьменніка не толькі як вядучую і магістральную, але як адзіна магчымую (гэтая ідэя нязменна засведчана ў падручніках для школ: 19 выданняў з 1959 па 1978 год).

У рэчышчы гэтай абавязковай ідэі аналізавалася творчасць Багушэвіча ў акадэмічных даследаваннях па гісторыі беларускай літаратуры і адпаведных навучальных дапаможніках для вышэйшай школы. Аднак абагульняючыя гісторыка-літаратурныя працы сцвярджалі больш шырокі падыход да асэнсавання мастацкай прыроды творчасці Ф. Багушэвіча. Аддаючы даніну дамінуючым літаратуразнаўчым канцэпцыям, яны спалучалі прынятыя трактоўкі з аб‘ектыўным, а г. зн. больш аб‘ёмным і шматаспектным аналізам творчасці паэта. Яшчэ ў акадэмічнай “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” (1969) абавязковыя ў пэўнай гістарычна-культурнай сітуацыі спасылкі на рэалізм творчасці паэта былі своеасаблівым “агульным месцам”, ідэямі, якія не патрабавалі навукова дакладнай аргументацыі: “Наогул жа ў Багушэвіча выразна рэалістычнае бачанне свету. У рэалістычным плане ён піша ўсе свае асноўныя творы”[1] (У. Казбярук).

У наступным па часе акадэмічным даследаванні “История белорусской дооктябрьской литературы” (1977) ацэнка творчасці Ф. Багушэвіча з пункту гледжання мастацкага метаду (кірунку) больш выразная, але неадназначная. Па сутнасці, сцвярджэнне рэалістычнай прыроды творчасці паэта застаецца дэкларатыўным. “Аснову рэалістычнага метада Багушэвіча складае сацыяльны аналіз жыццёвых з‘яў, адлюстраванне ўнутранай структуры сучаснага яму эксплуататарскага ладу”[2]. (М. Грынчык). Пры гэтым канкрэтны літаратуразнаўчы аналіз твораў, перадусім баладаў “Быў у чысцы”, “Хцівец і скарб на святога Яна”, “Гдзе чорт не можа, там бабу пашле”, “Балада” выводзіць эстэтычную думку за межы рэалізму, а сувязь паэта з рэалізмам толькі дэкларуецца.

Аб гэтай супярэчлівасці творчасці паэта сказаў у сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” А. Лойка: “Фальклор у цэлым увогуле нібы раскоўваў строгі рэалізм малюнкаў жыцця ў Багушэвіча, уводзячы ў яго паэзію элементы ўмоўнасці, фантастыку, як у вершы “Быў у чысцы”, казачныя сітуацыі (“Хцівец і скарб на святога Яна”, “Балада” і інш.). Таксама пад уплывам фальклору, у прыватнасці вобразнасці беларускай народнай песні, Багушэвіч, хоць і зрэдку, звяртаўся да афектыўна-рамантычнага стылю пісьма, як, напрыклад, у вершах “Мая дудка”, “Смык”[3]. Або: “У вершах пра мастака і мастацтва лірычны герой Багушэвіча настолькі ўзбуйняўся, жыў настолькі падзесяцяронымі пачуццямі любові, болю, нянавісці, прагі волі, шчасця, што аб ім можна гаварыць як аб рамантычным героі, які ўзнікаў спадчыннікам рамантычных герояў Баршчэўскага, Дуніна-Марцінкевіча і папярэджваў сабою рамантызм паэзіі Цёткі, Я. Купалы, З. Бядулі і інш.”[4]  Пры гэтым папярэдне адзначаюцца ў паэзіі Ф. Багушэвіча “дакладнасць дэталей, паказ тыповых абставін, раскрыццё ў іх тыповых характараў з асяроддзя беларускага парэформеннага сялянства”.

На неадназначнасць эстэтычнай прыроды паэтычнай творчасці Багушэвіча звяртае ўвагу і В. Каваленка. Рамантычныя рысы ў творчасці паэта пазначаны вельмі выразна: “Яны праступаюць перш за ўсё ў рэзкім размежаванні дабра і зла, станоўчага і адмоўнага, цёмнай, трагічнай рэчаіснасці і светлага ідэалу. У многіх творах беларускага паэта жыццё не паказваецца як натуральная плынь, трагізм яго вылучаецца, выпукляецца, згушчаецца, што надзвычай характэрна для рамантычных твораў. Паміж добрым і дрэнным не існуе паўтонаў, пераходных з‘яў. У непрыняцці тагачасных грамадскіх парадкаў у паэта заўважаецца нешта ад рамантычнай непрымірымасці”[5].

Аднак гэтая цікавая заўвага суправаджаецца прынятым у той “школе” рэверансам перад рэалізмам: рамантычныя рысы ў паэзіі Багушэвіча называюцца “рудыментарнай з‘явай”, “супярэчлівым момантам”. І ўсё ж галоўнае сказана.

Ужо пазней, у артыкуле “Тварэнне легенды”, які ўвайшоў у аднайменную кнігу 1987 года, Уладзімір Калеснік будзе развіваць менавіта гэтую ідэю – прысутнасць рамантызму ў эстэтыцы творчасці Багушэвіча. Яму належыць, у прыватнасці, канцэптуальная пераацэнка верша “Мая дудка”, якім (пасля вядомай “Прадмовы”) пачынаўся зборнік “Дудка беларуская”. Супрацьпастаўленне вясёлай і сумнай дудкі традыцыйна на працягу дзесяцігоддзяў тлумачылася як супрацьпастаўленне рамантычнага і рэалістычнага мастацтва на карысць апошняга (вясёлае гранне нібыта сімвалізавала рамантычную паэзію, а сумнае, слёзнае – рэалістычную.)

“Не забывайце пра тое, – пісаў У. Калеснік, – што ж менавіта загадаў іграць смутнай жалейцы паэт:

Плач так да астатка,

Галасі, як матка,

Хаваючы дзеці, –

Дзень, другі і трэці.

Іграй слёзным тонам

Над народу сконам!

Залічыць форму пахавальнага галашэння да рэалістычнага тыпу паэзіі рызыкоўна, а тут, дзе нябожчыкам уявіўся паэту цэлы народ, – і зусім нельга”[6].

Далей аўтарам выказваюцца некаторыя аргументы на карысць прысутнасці рамантызму ў паэтычнай творчасці Багушэвіча.

Не гіпертрафіруючы ідэю рамантызму ў паэзіі Францішка Багушэвіча, можна тым не менш вылучыць у ёй рысы рамантычнай сістэмы. Паэзіі Багушэвіча ўласціва характэрная для рамантычнай эстэтыкі кантрастнасць вобразаў, палярызацыя дабра і зла, маральнасці і грубай сілы гвалту, святла і цемры. Наогул паэтычны свет Багушэвіча – гэта свет кантрастаў, гэта чорна-белы свет, без адценняў і пераходаў святла. І толькі спрадвечныя маральныя каштоўнасці, якія не спасцігаюцца халодным розумам і разлікам: любоў да сваёй зямлі, вернасць маральным запаветам бацькоў і адданасць спрадвечнай веры, імкненне да праўды і свабоды, – гэтыя каштоўнасці складаюць маральную аснову і сілу герояў Ф. Багушэвіча. Маральны максімалізм паэта цалкам упісваецца ў гэтую сістэму ўяўленняў.

Да рамантычнай сістэмы каштоўнасцяў належыць таксама матыў усведамлення незвычайнай сілы ўздзеяння мастацтва на чалавека, разуменне паэзіі як свяшчэннадзейства (“Мая дудка”).

Гэтай жа эстэтычнай традыцыі адпавядае стварэнне ірэальнага, фантастычнага вобразнага свету ў асобных творах (“Хцівец і скарб на святога Яна”, “Быў у чысцы”).

Наогул балада Багушэвіча “Хцівец і скарб на святога Яна” суадносіцца з паэзіяй рамантызму не толькі ў агульным эстэтычным плане, але і пэўнымі матывамі – шырока распаўсюджаным у літаратуры аб продажу душы д‘яблу (балада Я. Чачота “Свіцязь”, балада ў прозе Я. Баршчэўскага “Пра чарнакніжніка і цмока...” з яго кнігі “Шляхціц Завальня...”, балада А. Рыпінскага “Нячысцік”). Цікава, што ў баладзе Багушэвіча даецца жыццёва верагодная, псіхалагічна змястоўная матывацыя продажу чалавечай душы нячыстай сіле, чаго не магло быць у баладах эпохі рамантызму, дзе ў аснове сюжэтнай сувязі чалавека з чортам была нейкая інфернальная з‘ява; цяпер жа, са з‘яўленнем грашовых адносін, гэтая матывацыя набывае адметнае “эканамічнае” абгрунтаванне:

– Ці б то мне не можна прадацца вашэці,

Каб я быў багатшы ад усіх на свеце?[7]

Далей у баладзе Багушэвіча можна ўбачыць цікавую кантамінацыю тыпова казачных матываў: сустрэча з ведзьмай, якая паказвае герою дарогу да скарба; ператварэнні героя і яго скарбу ў іншыя з‘явы (калоду з лісічкамі, дуб і вулей з пчоламі, човен на вадзе, у якой поўна карасёў). І нарэшце – як вяртанне да рэальнасці – страта не толькі багацця, але і розуму: д‘ябал тут мацнейшы за чалавека.

Па кантрасце з баладай “Хцівец і скарб на святога Яна” ў вершы Багушэвіча “Балада” даецца нетрадыцыйнае вырашэнне маральнага канфлікту. У адрозненне ад уласцівых класічнай рамантычнай баладзе матываў тут герой перамагае нячыстую сілу; вымушаны часова саступіць чорту, каб атрымаць неабходную грашовую дапамогу, ён паводзіць сябе як сапраўдны хрысціянін, шчыра молячыся і дапамагаючы бліжнім і ў рэшце рэшт пакідаючы чорта ні з чым, не аддаўшы яму сваю душу. Відавочна, у гэтым творы выкарыстаны апакрыфічныя матывы. Але сам зварот да хрысціянскай міфалогіі ў навейшы час (у літаратуры ХІХ ст.) уласцівы менавіта эстэтыцы рамантызму.

На апакрыфічныя матывы арыентаваны верш Багушэвіча “Быў у чысцы”; гэта матывы блукання чалавечай душы ў чаканні выраку: рай або пекла. Пры ўсёй сацыяльна-псіхалагічнай дэтэрмінаванасці пэўных сюжэтных сітуацый (кара за зямныя грахі аканомам, ксяндзам і іншым прадстаўнікам грамадскай іерархіі) агульны мастацкі малюнак у вершы створаны сродкамі нерэалістычнага абагульнення; тут пераважае фантастычна-гратэскны прынцып.

Гратэск наогул вельмі актыўна выкарыстоўваецца Багушэвічам і служыць стварэнню адметнага мастацкага вобраза рэальнасці, дзе “зрушаны” ўсе з‘явы і адчуванні, дзе жыццё паўстае як фантастычнае відовішча, у якім уладарыць варожая чалавеку сіла.

У вершы “У астрозе” захоўваюцца дакладныя, канкрэтна-рэалістычныя дэталі сялянскага жыцця і бяспраўя перад сілай улады, але сама сітуацыя, апісаная ў вершы, калі чалавека пазбаўляюць волі за тое, што знішчыў на полі напаўструхлелы калок – межавы знак як сімвал улады, – успрымаецца як гратэскная, гіпербалізавана-фантастычная.

Яшчэ больш выразна гратэскнасць падзейнай сітуацыі выяўляецца ў вершы Багушэвіча “Скацінная апека”, дзе ўжо сама назва стварае пэўны іранічны кантэкст, які мяжуе з сарказмам.

Герой верша – селянін, што прывёз у горад прадаць невялікі свой набытак, – стаў ахвярай нечуванага здзеку таварыства па ахове жывёл. За тое, што лупцаваў паганяючы свайго каня, які выбіваўся з сіл цягнуць цяжкі воз з дрывамі, яго, чалавека, арыштавалі, адабралі ўсе пажыткі і каня. Паводле сюжэтнай логікі верша, герой пацярпеў за здзек над жывёлай, уласным конікам. Але мастацкі сэнс падзеі не вызначаецца апісанай жыццёвай сітуацыяй, – ён узвышаецца да сімвала знявагі, несправядлівасці, што церпіць чалавек у нелюдскім грамадстве. У святле апісанай падзеі назва твора “Скацінная апека” ўспрымаецца як гратэскны вобраз, як сімвал дэфармаванай рэчаіснасці, дзе чалавек пачувае сябе горш за скаціну.

Праз апісанне ў вершы Багушэвіча выяўляецца толькі знешні, вонкавы план падзеі. А яе ўнутраны сэнс раскрываецца ў ёй складанай мастацкай логікай вобразаў.

У той жа час можна адзначыць натуралістычнасць асобных вобразных малюнкаў або цэлых вершаў-апісанняў.

Яшчэ Антон Навіна ў кнізе “Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі”, салідарызуючыся ў гэтым з Максімам Гарэцкім (даецца спасылка на “Гісторыю беларускае літаратуры” М. Гарэцкага), адзначаў: “Багушэвіч (Мацей Бурачок) рашуча ўводзіць беларускую паэзію на шлях натуралізму”[8]. Далей аўтар дае вельмі істотнае для разумення мастацкай спецыфікі творчасці паэта ўдакладненне: “Але гэта не значыць, што натуралізм замяніў у нас старыя рамантычныя навыкі, стары рамантычны стыль. Не: натуралізм і рамантычны ідэалізм ідуць у нас поплеч, перамежаючыся, і мы ўсцяж можам сустрэць у нашай навейшай паэзіі сінонімы гэтых двух асноўных літаратурных кірункаў, як рацыяналізм і містыцызм”[9].

У аснове эстэтыкі натуралізму – праўдападабенства, дакладнае ўзнаўленне рэалій жыцця без іх усебаковага раскрыцця і мастацкага аналізу, устаноўка на бесстаронні аб‘ектывізм адлюстравання. Стыхія натуралізму – бытапісанне, этнаграфізм.

У рэальнай літаратурнай практыцы цяжка правесці мяжу паміж натуралізмам і рэалізмам, які вымагае высокай ступені мастацкага абагульнення. Вершы Багушэвіча апавядальнага тыпу (“Як праўды шукаюць”, “У судзе”, “У астрозе”) вызначаюцца падрабязнасцю, дакладнасцю апісанняў, дэталізацыяй падзей – г. зн. тымі рысамі, якія ўласцівыя натуралізму.

Разам з тым праз апісанне выяўляецца толькі знешні, вонкавы план падзеі. А яе ўнутраны сэнс раскрываецца з дапамогай гратэску. У тым жа вершы “У астрозе” эпізод са знішчаным межавым знакам (і без таго струхлелым), пры ўсёй дакладнасці, натуралістычнасці апісанняў вырастае да сімвалічнага значэння бяспраўнасці чалавека, здзеку з чалавека ў імя фальшывай ідэі непарушнасці межавых знакаў паміж суседзямі на полі.

Натуралістычнасць некаторых мастацкіх апісанняў у паэзіі Ф. Багушэвіча набывае іншы, глыбока ўнутраны сэнс, і тады можна гаварыць пра сінтэтычную мастацкую прыроду творчасці паэта – як, зрэшты, і любога сапраўды значнага пісьменніка навейшага часу.

 



[1] Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2-х т. Мн., 1969. Т. 2. С. 142.

[2] История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 417.

[3] Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. І. Мн., 1989. С. 277.

[4] Тамсама. С. 277-278.

[5] Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць. Мн., 1975. С. 194.

[6] Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987. С. 284.

[7] Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991. С. 41.

[8] Навіна А. Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі. Вільня, 1933. С. 7.

[9] Тамсама.

Hosted by uCoz

Да зместу