Да зместу

Любоў Тарасюк

ВЯРТАННЕ ПАЭМЫ ЮЛЬЯНА ЛЯСКОЎСКАГА

Сярод рэдкіх, малавядомых літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. звяртаюць на сябе ўвагу беларускія вершы Юльяна Ляскоўскага, змешчаныя ім ва ўласным артыкуле “Слоўца пра песню” ў польскай газеце “Навіны” (“Nowiny”) ў 1882 г. пад псеўданімам Ю. Карабіч[1]. Сёння яны даступныя беларускаму чытачу галоўным чынам паводле перадрукоўкі ў хрэстаматыі “Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя”[2]. Генадзем Кісялёвым устаноўлена, што гэта творы беларускага паэта Юльяна Ляскоўскага, які выдаў у 1861 г. у Вільні польскамоўны паэтычны зборнік “Беларускі бандурыста”[3]. Два вершы (“На вясну” і “Да панны А. Д.”) з гэтага зборніка вядомыя сучаснаму чытачу ў перакладзе з польскае мовы Уладзіміра Мархеля[4]. Што датычыць галоўнага твора Ю. Ляскоўскага – паэмы “На чужой старане” (“W cudzej stronie”) – яна па-ранейшаму застаецца даступнай толькі даследчыкам беларускай літаратуры ХІХ ст.

Паэма “На чужой старане” напісана Юльянам Ляскоўскім у эміграцыі. Пад яе віленскай публікацыяй 1861 г. пазначана: Лондан, 1855. Гэтая памета тлумачыць не толькі акалічнасці стварэння паэмы, але таксама пафас і матывы твора, прасякнутага настальгіяй па родным краі. Паэма – досыць вялікі лірычны твор, які складаецца з сямі раздзелаў, аб’яднаных вобразам лірычнага героя, што воляй лёсу апынуўся далёка ад радзімы і зараз, на чужыне, асэнсоўвае сваё няўдалае мінулае. Паводле рамантычнай традыцыі, увесь свет падзелены на два антаганістычныя лагеры: сваё і чужое. Сваё – гэта тое роднае, што дало аснову жыццю; хоць яно засталося далёка і хаваецца за смугой часу, тым не менш толькі яно ўяўляе сапраўдную каштоўнасць і прыцягвае лірычнага героя. Гэты патрыятычны матыў, якім пачынецца паэма (“Краю мой!.. як ты далёка…”), пранізвае сабою ўвесь мастацкі свет паэтычнага твора, вызначае яго пафас і матывы.

На другім, супрацьлеглым полюсе каштоўнасцей – чужы і халодны свет разлікаў, якім жыве меркантыльны і зручна прыстасаваны да жыцця Захад.

Тут так пуста!.. а наўкола,

Як ні глянь, – перада мною –

Гарады, чужыя сёлы,

Цэлы край, спавіты мглою,

Што ажно ля сэрца ўецца, –

Хоць ён пышны і багаты

І прыбраны ў дзівы-шаты,

І шчаслівым ён завецца, –

Ён чужы!.. тут жыць мне трудна![5]

Лірычны герой паэмы, які ўвабраў у сябе духоўны досвед самога аўтара (як вынікае з твора, чалавека патрыятычнага і высокамаральнага), вымушаны жыць у свеце антыномій і ўвесь час звяраць рэальнасць свайго быцця з тымі каштоўнасцямі, што абумовілі лад жыцця ў родным краі. Тут і там – скразны матыў паэмы.

Тут цябе сустрэнуць смехам,

Абарвуць памкненняў крылы

І пагарды цяжкім векам,

Вечным сорамам накрыюць.

У рэчышчы патрыятычных матываў, якія вызначаюць змест і пафас беларускай паэзіі ХІХ – пачатку ХХ стст., матыў услаўлення роднага, айчыннага свету ў процівагу чужому, няхай сабе лепш уладкаванаму для жыцця, – гэты матыў успрымаецца як плённы працяг міцкевічаўскай рамантычнай традыцыі і як звяно ў адзінай, скразной лініі паэтычнага развіцця, пазначанай імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Гаруна. Зрэшты, сам Юльян Ляскоўскі ў беларускамоўным вершы “Зямелька мая…”, паводле свайго пафасу блізкім да паэмы “На чужой старане”, сцвердзіў гэты матыў па-мастацку глыбока і перспектыўна.

Зямелька мая,

Мая родная,

Запала ж ты, залягла ў душы![6]

Сёння, пасля публікацыі беларускамоўнай спадчыны Юльяна Ляскоўскага і вяртання самога імя паэта ў кантэкст гісторыі айчыннай літаратуры, актуалізуецца праблема ўключэння ўсёй творчасці Ляскоўскага ў беларускую літаратуру. Паўстае неабходнасць перастварэння польскамоўнай паэмы па-беларуску – тым болей, што сам паэт засведчыў высокую паэтычную культуру сваёй творчасцю на беларускай мове.

У сувязі з гэтай праблемай перастварэння паэмы “На чужой старане” ўзнікаюць цікавыя акалічнасці. Як выяўляецца, польскамоўны тэкст паэмы напісаны... па-беларуску. Гэта той выпадак, калі аўтар, карыстаючыся польскімі словамі, думае па-беларуску. Самае істотнае адрозненне ад ўласнапольскай традыцыі версіфікацыі, якой уласціва сілабічная сістэма вершаскладання, – гэта сілаба-танічны верш, выдатна распрацаваны затым у беларускай паэзіі канца ХІХ і ХХ стагоддзяў. Часткова паэма Ю. Ляскоўскага напісана менавіта сілаба-тонікай.

Ziemio moja!.. o! daleko!

Ztąd nie dojrzę twoich łanów,

Ni mogilisk ni kurhanów,

Ni tych borów, co nad rzeką

Szumią pieśnią w dziwne tony![7]

È | – È | – È | – È |

È | – È | – È | – È |

È | – È | – È | – È |

È | – È | – È | – È |

È | – È | – È | – È |

Адзначаная акалічнасць памагае зусім па-новаму паглядзець на ўсю польскамоўную творчасць беларускіх паводле паходжання аўтараў ХІХ стагоддзя.

Адчуванне прыроднай, натуральнай стыхіі паэтычнага слова, якое ўласціва аўтару паэмыНа чужой старане”, дазволіла яму выпрацаваць мастацкую форму, адпаведную зместу твора: ЮЛяскоўскі спалучыў у гэтай паэме веданне асноў мастацкай гармоніі паводле еўрапейскай паэзіі – сучаснай і мінулых эпох, а таксама натуральнасць формы, уласцівую фальклору роднага краю. З літаратурных узораў, якія маглі паўплываць на аўтара паэмыНа чужой старане”, варта вылучыць паэму АМіцкевічаДзяды”. Ліцвінскі патрыятычны змест ў пафас абодвух твораў, арыентаваных на адну чытацкую аўдыторыю, безумоўна, робіць гэтыя паэмы зявамі адной мастацкай традыцыі – іншая справа, што паэма ЮЛяскоўскага, якая ў часе ідзе ўслед за творам АМіцкевіча, паўстае ў пэўнай ступені другаснай, хоць і самастойнай паводле матываў і вобразаў.

Юльян Ляскоўскі менш залежны ад традыцый польскай прасодыі. Ён выпрацаваў у сваёй паэме вельмі своеасаблівую рытміка-інтанацыйную форму, якая не паўтарае ўласцівую польскай паэзіі схему, дзе дамінуе трынаццаціскладовік з цэзурай. У першай, трэцяй, часткова шостай частках паэмы (усяго іх сем) выкарыстоўваецца 8-складовік, у пятай і сёмай – 10-складовік, у другой, трэцяй, часткова шостай – 11-складовік. Пры гэтым захоўваецца, нягледзячы на пэўную мадыфікацыю, ямбічная аснова паэтычнага рытму, а гэта не мае сувязі з польскай сілабікай. Відавочна, што аўтар шукаў магчымасць сцвердзіць мастацкую адметнасць роднай яму культуры.

Досыць арыгінальная таксама строфіка паэмы. Побач з чатырохрадковымі строфамі, у якіх магчымы толькі пэўныя варыянты рыфмы: абаб, аабб, абба, – сустракаюцца складаныя страфічныя канструкцыі з вельмі адметнай схемай рыфмоўкў, дзе першы радок рыфмуецца з шостым, другі – з чацвёртым, трэці – з пятым, або: абаввб.

Вяртанне польскамоўнай паэмы Юльяна Ляскоўскага ў гісторыю беларускай літаратуры – надзённая патрэба культуры Беларусі. Патрыятычнымі матывамі, усім паэтычным ладам гэты твор мае падставы ўвайсці ў кантэкст беларускай літаратуры.

 



[1] Вершы былі знойдзены і апублікаваны ў беларускім друку прафесарам С. Александровічам (гл.: Александровіч С. Па слядах паэтычнай легенды. Мн., 1965. С. 172–173.).

[2] Ляскоўскі Ю. Пад дуду. Зямелька мая… // Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя /Склад. А.А. Лойка, В.П. Рагойша. Мн., 1988. С. 309–310.

[3] Гл.: Кісялёў Г. Дзве “палавінкі” аднаго жыцця. Ляскоўскі –Карабіч // Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994. С. 148–161.

[4] Гл.: Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ стагоддзя. Мн., 1998. С. 264–269.

[5] Тут і далей пераклад наш.

[6] Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя. С. 310.

[7] Laskowski J. Białoruski bandurzysta. Wilno, 1861. S. 17.

Hosted by uCoz

Да зместу