Да зместу

Любоў Тарасюк

ПРАБЛЕМА ФАЛЬКЛАРЫЗМУ Ў БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ
(Ф. Багушэвіч, Я. Купала, М. Багдановіч)
*

Праблема фалькларызму мастацкай літаратуры на працягу многіх дзесяцігоддзяў належала да прыярытэтаў філалагічнай навукі – як фалькларыстыкі, так і літаратуразнаўства. У яе даследаванні выпрацаваліся пэўныя стэрэатыпы, і галоўны з іх – безумоўнае прызнанне фалькларызму ў любых яго праявах як мастацкай дамінанты творчасці. Асэнсаванню гэтай праблемы прысвечаны многія навуковыя і навукова-папулярныя працы. Але відавочна адно: пры ўсёй змястоўнасці папярэдніх даследаванняў гэтая праблема не можа быць вырашана раз і назаўсёды і адкрывае новыя аспекты ў сувязі з пэўнымі літаратуразнаўчымі ідэямі.

Францішак Багушэвіч

Мастацкі талент Ф. Багушэвіча глыбока народны. Па ўмовах свайго выхавання, прыналежнасці да радыкальнага крыла шляхецкага вызваленчага руху і ўсвядомленым дэмакратызме грамадскай дзейнасці і мастацкай творчасці Ф. Багушэвіч паўстае як значная асоба, якая прадвызначыла цэлы этап нацыянальнага адраджэння, а ў літаратуры – змест і пафас і ўвогуле эстэтыку творчасці сваіх сучаснікаў і наступнікаў. Ён даў пэўны ўзор мастацкага фалькларызму, які стаў надзейным арыенцірам для цэлых пакаленняў беларускіх літаратараў. Абсягі гэтага фалькларызму настолькі маштабныя, што дасягаюць розных літаратурных эпох і фарміруюць мастацкі эталон для літаратуры ўвогуле.

Самае істотнае ў мастацкім фалькларызме Ф. Багушэвіча – яго арганічнасць, натуральнасць усіх праяў і сінтэтычнасць розных узроўняў гэтай мастацкай з’явы. Ф. Багушэвіч імкнуўся гаварыць са сваім чытачом блізкай яго мастацкаму вопыту мовай паэтычных сімвалаў і алегорый, набліжаў уласны паэтычны сінтаксіс да пэўных узораў рытмічна арганізаванай мовы фальклорных жанраў, пераважна песенных.

Ужо пачатковыя вершы абодвух паэтычных зборнікаў “Мая дудка” і “Смык” усім сваім вобразным ладам арыентаваны на фальклорныя традыцыі розных узроўняў. Увасабленне паэзіі ў вобразах народнага песенна-музычнага мастацтва належыць да сталай традыцыі беларускага фальклору. Таму Ф. Багушэвіч, імкнучыся быць зразуметым у народным асяроддзі, свядома надае сваёй паэтычнай творчасці вобраз традыцыйнага ў народным мастацтве музычнага інструмента – дудкі. Яе выяўленчыя магчымасці могуць перадаць настрой, эмацыянальную дамінанту душы – весялосць або смутак. Эмацыянальная аднамернасць музыкі кампенсуецца сілай выказанага пачуцця, маштабнасцю ўвасаблення пэўнага настрою: або весялосць, “Каб усе у кола, // Узяўшыся ў бокі, // Ды пайшлі у скокі”, – або смутак “да астатка”: “Галасі, як матка, // Хаваючы дзеці, // Дзень, другі і трэці // Іграй слёзным тонам // Над народу сконам!” У абодвух выпадках градацыя пачуцця дасягае эмацыянальнага апагею, калі вычарпанасць лірычнай тэмы раўназначная смерці: “Сілы надарвуцца // На радаснай дудца”, “Як крыві не стане, // Тагды кончу гранне!” Уся паэзія Ф. Багушэвіча адпавядае гэтай эмацыянальнай амплітудзе народнага мастацтва.

Спалучаючы традыцыі розных фальклорных жанраў, Ф. Багушэвіч стварыў уласныя эстэтычныя ўзоры лірыкі і ліра-эпікі. У цыкле “Песні” з кнігі “Смык беларускі” інтэрпрэтуюцца матывы і вобразы народных песень, прычым жанравая адметнасць твораў, прысутнасць фальклорных традыцый падкрэсліваецца ўжо самімі назвамі вершаў: “Удава”, “Гора”, “Песня” /“Аж смяялася сарока...”/, “Сватаны”, “Сватаная”, “Песня” /“Чаго бяжыш, мужычок?”/, “Песня” /“Гарцуй, танцуй, пане...”/, “Калыханка”, “Песня” /“Весяліся, рві з капыта..,”/. Пераважаюць гумарыстычныя і сатырычныя матывы, вядомыя народнай паэзіі, іранічнае асэнсаванне героем-бедалагам свайго лёсу, гратэскавасць вобразаў нягеглых гаспадароў. Іронія і сарказм, якія маюць аснову ў “народнай смехавой культуры” (М. Бахцін), уласцівы таксама вершам апавядальна-гутарковага стылю (“Падарожныя жыды”, “Скацінная апека”).

У шэрагу вершаў (“Як праўды шукаюць”, “У судзе”) сюжэтная сітуацыя вызначаецца анекдатычнасцю. Менавіта так, праз паэтыку анекдота, можна зразумець мастацкую арыгінальнасць гісторыі пра судовыя здзекі над нявінным выпадковым сведкам у творы “Як праўды шукаюць”. У баладах “Хцівец і скарб на святога Яна”, “Быў у чысцы!”, “Балада”, “Не ўсім адна смерць” Ф. Багушэвіч выкарыстоўвае папулярныя фальклорныя сюжэты аб продажы чалавечай душы д’яблу. У творы “Хцівец і скарб на святога Яна” Ф. Багушэвіч развівае гэты сюжэт адпаведна традыцыям народных казак, захоўваючы не толькі агульны сэнс, але і каларытныя дэталі створаных народнай фантазіяй адметных “партрэтаў” чорта і ведзьмы або сюжэтных сітуацый, звязаных з метамарфозамі нячыстай сілы. Зусім новую інтэрпрэтацыю традыцыйнай фальклорнай калізіі дае Ф. Багушэвіч у творы “Балада”, кіруючыся найперш хрысціянскімі этычнымі ідэямі. Увогуле ж аўтарская пазіцыя ў гэтым творы амбівалентная: герой яго селянін Ануфры па ўласнай ініцыятыве прадае душу д’яблу, каб толькі разлічыцца з падаткамі падчас сваёй фінансавай катастрофы, але ў выніку падманвае нячыстую сілу і не выконвае свой зарок. Такім чынам, перавага хрысціянскіх дабрачыннасцей сцвярджаецца любымі сродкамі, як і перамога фізічна слабейшага над дужым у казачным эпасе. У адносінах да народна-паэтычных крыніц Ф. Багушэвіч кіруецца мастацкай мэтазгоднасцю, ствараючы ў асобных выпадках нетрадыцыйную версію пэўнай калізіі, як у баладзе “Не ўсім адна смерць”, дзе драматычны матыў развітання душы з целам завяршаецца ў камічным ключы: чорт за тое, што не ўпільнаваў душу, калі яна пакідала памёршае цела, “сасланы у рыштанскія роты”, а смерць “у халоднай сядзела запёрта”.

Здольнасць убачыць незвычайны план традыцыйнай падзеі вызначае многія творы Ф. Багушэвіча, якія традыцыйна разглядаліся ў навуковай літаратуры занадта адналінейна, аднапланава, выключна ў рэчышчы крытычнага рэалізму. Між тым яна вяртае да рамантызму і ў той жа час мае пэўныя адносіны да навейшых мастацкіх кірункаў. Іншая справа, што народна-фальклорная аснова гэтай творчасці прысутнічае пастаянна, выяўляючы яе характэрны эмацыянальна-вобразны каларыт. Гэта ўласціва і прозе пісьменніка. Апублікаваныя неўзабаве пасля смерці Ф. Багушэвіча творы “Сведка”, “Палясоўшчык”, “Дзядзіна” ўяўляюць сабой літаратурныя апрацоўкі фальклорнай прозы – народных жартаў, каламбураў. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Ф. Багушэвіч мог цэлымі днямі слухаць таленавітых апавядальнікаў, высока ацэньваючы іх дар імправізацыі. Названыя творы Ф. Багушэвіча – вынік таленавітай інтэрпрэтацыі некаторых фальклорных матываў, дзе адметную ролю адыгрывае неардынарны герой, здольны ствараць камедыйную сітуацыю (выступлення сведкам у судзе, не ведаючы самой сутнасці справы; пярэпалаху ад уяўных страхаў, створаных уласнай фантазіяй; прыгодаў незвычайнай казы, якая ведала імя сваёй гаспадыні).

Творы самога Ф. Багушэвіча, у тым ліку тыя, што былі падрыхтаваны да выдання ў кнігах паэзіі і прозы, але так і не былі выдадзены, фалькларызаваліся і распаўсюджваліся дзякуючы вуснай мастацкай традыцыі. Нам ужо даводзілася пісаць (“Літаратура і мастацтва”. 1990. 23 сак.) пра нетрадыцыйныя вынікі фальклорнай практыкі студэнтаў БДУ на радзіме Ф. Багушэвіча, у Смаргонскім раёне, калі ад мясцовага жыхара былі запісаны разам з двума вершамі паэта яшчэ пяць невядомых вершаваных твораў, якія паводле праблематыкі і паэтыкі могуць быць ідэнтыфікаваны як вершы Ф. Багушэвіча. А гэта сведчанне папулярнасці твораў паэта ў народным асяроддзі. Такая папулярнасць абумоўлена глыбокай, арганічнай народнасцю таленту Ф. Багушэвіча, знітаванасцю яго паэзіі з беларускім фальклорам.

Янка Купала

Паводле мастацкай прыроды таленту Я. Купала належыць да паэтаў рамантычнага светабачання і паэтычнай традыцыі. Такі характар творчасці прадугледжваў зварот да народнай паэзіі ва ўсіх яе аспектах – ад філасофіі народнага светаразумення да ўласна паэтычных асаблівасцей пэўных жанраў. Прытым засваенне і далейшая мастацкая інтэрпрэтацыя фальклорных здабыткаў паўставала як важнейшая і канструктыўная задача творчасці на розных яе этапах.

Беларуская вусная паэзія была адной з крыніц уласнай мастацкай творчасці Я. Купалы, стымулявала зварот паэта, які пачынаў пісаць у рэчышчы польскіх паэтычных традыцый, да беларускага мастацкага слова. У творчай біяграфіі Я. Купалы вядомы шматлікія факты звароту да фальклорных матываў і вобразаў, прычым гэта мела ў сваёй аснове не столькі кніжнае вывучэнне пэўных фальклорных крыніц (па зборніках П. Шэйна, Е. Раманава, М. Федароўскага, А. Грыневіча), колькі жывое, арганічнае засваенне аўтэнтычнай народнай культуры. У біяграфіі Я. Купалы вядомы факты супрацоўніцтва з А. Грыневічам менавіта ў справе збірання фальклору. У 1911 годзе ад сястры Я. Купалы Леакадзіі Раманоўскай у Акопах на Лагойшчыне запісаны народныя песні “Былі ў бацькі тры сыны”, “А хто ў бары паціхусеньку гукае” і інш. У далейшым Я. Купала прымаў удзел у фальклорных экспедыцыях па лініі Інбелкульта, уваходзіў у фальклорную камісію АН БССР. Але самым значным фактам звароту Я. Купалы да здабыткаў фальклору было выкарыстанне фальклорных вобразаў і матываў ва ўласнай мастацкай творчасці.

Я. Купала распрацоўваў матывы і вобразы песеннага фальклору, а таксама эпічных жанраў – легенды, падання, вуснага апавядання. У самой сюжэтнай арганізацыі купалаўскіх твораў, у першую чаргу паэм, фальклорныя матывы адыгралі істотную ролю. У ранніх паэмах “Нікому”, “Адплата кахання”, “Зімою” трагічныя калізіі ў значнай ступені падказаны матывамі і вобразамі народных песень, пераважна балад. Так, трагічная смерць герояў-каханых (“Нікому”, “Адплата кахання”) паўстае ў арэоле баладных матываў безабароннасці кахання перад гвалтам грубай сілы лёсу або сацыяльна няроўнай (неаднароднай) пары: шляхцянка і мужык. Больш апасродкавана ў адносінах да пэўных фальклорных крыніц вырашаецца тэма сацыяльна акрэсленай бяздольнасці лёсу чалавека ў варожых яму абставінах у паэме “Нікому”, але і ў гэтым творы менавіта эмацыянальная настраёвасць тэмы зададзена народнай баладай.

Наогул трагічныя калізіі купалаўскіх твораў у значнай ступені абумоўлены матывамі народнай паэзіі. Такая сітуацыя стымулявалася  эстэтыкай рамантызму, блізкасць да якой Я. Купала выявіў ужо на пачатку творчасці. У далейшым трагічныя калізіі твораў распрацоўваліся пераважна ў ліра-эпасе, а таксама ў драматычных паэмах. У паэме “Адвечная песня” трагічная наканаванасць чалавечай долі набывае сэнс мастацкай падзеі, у якой сфакусіраваны рэальнасць і ўява, мінулае і будучае, а сучаснае жыццё фатальна падпарадкавана злой волі. Агульны сэнс кожнай праявы, з якіх складаецца паэма, сцвярджае ідэю фатальнай наканаванасці лёсу, неадольнасці зла. Але гэтая мастацкая ідэя канкрэтызуецца кожны раз у вобразных малюнках долі Мужыка – ад нараджэння да смерці. Менавіта розныя праявы чалавечай долі ў паэме маюць найбольш выразны фальклорны каларыт (“Вяселле”, “Вясна”, “Восень”, “Хаўтуры”). У маналогах жыцця, Долі, Бяды персаніфікуюцца ўяўленні аб лёсе чалавека, і ў іх прысутнічае мастацкае абагульненне, уласцівае фальклору.

У драматычнай паэме “Сон на кургане” фальклорна-міфалагічны каларыт вобразаў стварае адметную нацыянальную карціну свету, дзе побач з чалавекам жывуць умоўна-міфалагічныя істоты: русалкі, відмы, Чорны. У цэлым фальклорна-міфалагічны кантэкст твора досыць складаны і шматмерны, што выклікае аб’ектыўныя цяжкасці ў яго літаратуразнаўчых інтэрпрэтацыях. Але відавочна галоўнае: купалаўская сімволіка мае аснову ў нацыянальнай паэтычнай культуры, дзе выпрацавалася пэўная сістэма мастацкіх сімвалаў. Узбагачаючы сэнс народнай сімволікі, Я. Купала надае фальклорна-міфалагічным вобразам большую мастацкую аб’ёмнасць і шматзначнасць. Вобразы русалак, якія падаюцца ў рэчышчы нацыянальных мастацкіх традыцый, у кантэксце твора набываюць шматзначнасць як персаніфікацыя няспраўджаных надзей на шчасце. Змрочны эмацыянальны каларыт надаецца вобразам міфалагічных істот – відмам і Чорнаму. Усе гэтыя міфалагічныя сілы зла накіраваны супраць чалавека, перашкаджаюць яго імкненню да шчасця. Міфалагічны сэнс маюць таксама малюнкі пажарышча ў вёсцы і балявання няшчасных людзей у карчме, дзе можна знайсці хоць кароткачасовы ратунак ад страшнага сіверу жыцця. У беларускім літаратуразнаўстве (М. Арочка, Р. Бярозкін, В. Каваленка, А. Лойка, І. Навуменка, М. Ярош) даецца цікавая інтэрпрэтацыя вобразаў і малюнкаў “Сну на кургане”, але мастацкая шматмернасць паэмы пакідае прастор для новых ідэй і даследаванняў.

Сувязь з фальклорна-міфалагічнай сімволікай відавочная ў паэмах “На Куццю” і “На Дзяды”, дзе Я. Купала асэнсоўвае драматычныя калізіі лёсу свайго народа ў сучасным жыцці і ў гісторыі. Міфалагічны каларыт старога замчышча і абрадавага дзеяння ўшанавання духаў мінулых часоў дапамагае сцвердзіць адвечнасць і неўміручасць жыцця. Спаконвечнасць народнага быцця падкрэсліваецца сімволікай святла: “На беласнежны на пасад”, “краса б’е з князеўных зраніц”. Урачыстасць абраду ўшанавання продкаў абумоўлівае сцвярджальны пафас твора. На кантрасце з ім вырашаецца тэма народнай памяці і ўдзячнасці ў паэме “На Дзяды”, дзе галоўная ўвага звернута не на сам абрад ушанавання продкаў – “дзядоў”, – а на драматычныя калізіі нешанавання бацькоўскіх запаветаў, няславы Маці-айчыны ад няўдзячных, звыраднелых дзяцей.

Падтрымку для слабога духу Я. Купала знаходзіць у мужных, гераічных асобах, што ўвасабляюць талент і волю народа: у Гусляры, Бандароўне. Эмацыянальна-вобразны каларыт паэмы “Курган” падказаны фальклорнай эпічнай традыцыяй. Найбольш відавочная тут сувязь з баладай: у цэнтры твора лёс незвычайнай, таленавітай і мужнай асобы – Гусляра, які ўвасабляе сабой сумленне і годнасць народа. Непадкупнасцю народнага песняра сцвярджаецца веліч народнага мастацтва. Застаючыся верным гэтаму мастацтву, Гусляр свядома выбірае смерць, але не скараецца перад сілай гвалту. Мастацкая думка Я. Купалы ў гэтым творы развіваецца ў духу рамантычнай антытэзы: або – або. Або свабоднае, годнае мастацтва, вартае лёсу народа, – або смерць, калі немагчыма сцвердзіць народны ідэал свабоды. У традыцыйнай народнай баладзе вырашаюцца ў асноўным любоўныя калізіі, але нязменна сцвярджаецца годнасць ідэалаў свабоды. Я. Купала ўзмацніў менавіта гэты матыў, надаўшы фальклорнай традыцыі гераічнае гучанне. Адпаведна героіцы тэмы вырашана і стылістыка паэмы, дзе пераважаюць патэтыка, эмацыянальная кантрастнасць. Паэма застаецца найбольш дасканалым узорам купалаўскага рамантызму, у якім арганічна спалучаны фальклорныя традыцыі і рамантычны пафас нацыянальнага адраджэння. У “Бандароўне” Я. Купала больш залежны ад фальклорнай першакрыніцы – народнай песні-балады пра гордую дзяўчыну, што не скарылася волі свайго пана. Але традыцыйны для фальклорнай балады любоўны канфлікт вырашаецца ў духу рамантычнай антытэзы: свабода – і смерць. Я. Купала ўзмацніў менавіта гераічныя ідэі, якіх фальклорная песня-балада не ведала, развіў матывы, звязаныя з гераічнай барацьбой украінскага народа за незалежнасць, распрацаваў стылёвыя традыцыі народнай песні-балады.

Больш складаная сувязь існуе з фальклорным першаўзорам у паэме “Магіла льва”. Твор, сюжэтна заснаваны на фальклорнай крыніцы – народным паданні пра горад Магілёў, – дае адметную, індывідуальна-аўтарскую інтэрпрэтацыю падання. Галоўны герой твора Машэка выяўляе дваістасць, супярэчлівасць натуры; на розных этапах свайго жыцця ён паўстае то ў арэоле народнага заступніка, героя, то як увасабленне разбуральнай сілы, накіраванай на ўвесь навакольны свет і на яго ж самога. Паводле стылістыкі гэтая паэма найменш залежная ад фальклорных першаўзораў. Эмацыянальна кантрастуе з “Магілай льва” паэма “Яна і я”, дзе ўвесь навакольны свет гаворыць з яе героямі на мове шчасця. Героі паэмы Яна і Я нібыта адмежаваліся ад людзей сваімі ўнутрана-асабістымі клопатамі і пачуццямі, але ж на самай справе яны арганічна ўключаны ў нацыянальнае быццё кожнай праявай свайго зямнога існавання (“Праталіны”, “За кроснамі”, “Агляд поля”, “Радаўніца” і інш.). Як адзначае А. Лойка, паэма “Яна і я” з’явілася новым варыянтам фальклорна-рамантычнай паэмы ў беларускай літаратуры” [Лойка 1986, 699]. У параўнанні з ліра-эпасам 1918 года наступныя па часе напісання паэмы Я. Купалы (“Безназоўнае”, “З угодкавых настрояў”, “Над ракой Арэсай”, “Барысаў”, “Тарасова доля”) пазбаўлены арыгінальнай мастацкай ідэі, таму іх фалькларызм мае больш прыкладное значэнне.

Увесь абсяг паэтычнага слова Я. Купалы падключаны да мастацкага вопыту народа. Значная частка вершаў, пераважна на этапе зборніка “Жалейка”, увасабляе тыя ж паэтычныя ідэі, што і раннія паэмы, а таксама “Курган”, “На Дзяды”, “Яна і я”. Іх фалькларызм выяўляе арганічнасць паэтычнага таленту Я. Купалы, злітнасць яго мастацкіх ідэй з народна-паэтычным, пераважна песенным словам. Сама жанравая прырода многіх вершаў Я. Купалы адпавядае народна-песеннай эстэтыцы, што падкрэслена нават назвамі твораў: “З песень нядолі” (двойчы), “З маіх песень”, “Плачуць мае песні”, “З песень аб вясне” – і ў наступных кнігах: “З песень аб мужыцкай долі”, “З песень жыцця” (двойчы), “Песня” (8 разоў), “Песня-байка”, “Песня званара”, “Песня і сіла”, “Песня сонцу”, “Грайце, песні”, “Наша песня” і інш. Я. Купала захоўвае паэтычную структуру народнай песні, характар вобразнасці і паэтычны сінтаксіс. У яго вершах-песнях вызначальнай застаецца фальклорная паэтыка, але ў розных выпадках яна служыць зусім самастойным аўтарскім задачам. Так, традыцыйная песня-калыханка (у падзагалоўку да верша “Над калыскай” пазначана: “наследаванне”) пераасэнсоўваецца ў рэчышчы палітычнай сатыры дзякуючы магутнай энергіі іроніі і сарказму: “Будзеш катам ты над братам, // Без жалю ані! // Спі, пакуль яшчэ не катам, // Люлі, люлі, Спі!” Захоўваючы адпаведнасць народна-песеннай стылістыцы, Я. Купала паглыбляецца ў філасофскі сэнс фальклорнай сімволікі. Адметны, арыгінальна-аўтарскі характар маюць традыцыйныя ў беларускім фальклоры міфалагічныя вобразы дрэў і кветак (“Явар і каліна”, “На Я. Купалле”, “Заклятая кветка”, “У купальскую ноч”). Шматзначнасцю мастацкай сімволікі вызначаюцца вершы “Ваўкалак”, “Хохлік”, “Ў вечным боры...”, дзе міфалагічны малюнак свету мае аснову ў фальклорна-міфалагічных вобразах. Наогул купалаўская паэтычная сімволіка, якая вызначаецца мастацкай шматмернасцю, грунтуецца на традыцыях народнай культуры. I ў цэлым мастацкі вобраз свету, створаны Я. Купалам, мае выразную народна-паэтычную аснову.

Максім Багдановіч

Фальклор адыграў значную ролю ў фарміраванні творчай індывідуальнасці М. Багдановіча. Адарваны ад радзімы сямейнымі абставінамі, М. Багдановіч сфарміраваўся як беларускі паэт у рэчышчы беларускага нацыянальнага адраджэння, усведамляючы значэнне нацыянальна-фальклорных асноў мастацкай творчасці. Істотную ролю ў гэтым адыграла вывучэнне беларускага фальклору, з якім М. Багдановіч пазнаёміўся ў дзяцінстве па кніжных крыніцах (выданнях А. Афанасьева, П. Шэйна, Е. Раманава), а таксама па ўласных запісах свайго бацькі Адама Ягоравіча. Кніга А.Я. Багдановіча “Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў” (Гродна, 1895) істотна паўплывала на характар творчага развіцця М. Багдановіча. Ва ўмовах рускага асяроддзя ўдалечыні ад радзімы М. Багдановіч змог засвоіць асновы нацыянальнай культуры, што давала падставы для гістарычнага аптымізму.

У кнізе паэзіі “Вянок” (1913) фальклор сцверджаны як адна з крыніц творчасці, аснова матываў і вобразаў, адметнага стылю, а ў цэлым – нацыянальнай самабытнасці мастацтва слова. Адначасова выяўлены розныя ўзроўні фалькларызму – ад наследавання пэўных мастацкіх узораў да спасціжэння філасофска-эстэтычнай глыбіні творчасці. Ужо ў першым паэтычным цыкле “Вянка” – “У зачарованым царстве” – М. Багдановіч увасабляе розныя ўзроўні фалькларызму, пачынаючы з выяўлення першасна-міфалагічнага характару мастацкай свядомасці (“Чуеш гул? – Гэта сумны, маркотны лясун...”, “Возера”, “Над возерам”, “Вадзянік”, “Змяіны цар”; такі ж характар маюць вершы, што не ўвайшлі ў “Вянок”, – “Русалка”, “Хрэсьбіны лесуна”, “Падвей”, “Змяіны цар” і інш.). У іх паэт увасабляе міфалагізаваную свядомасць народа і сучаснай паэтычнай мовай перадае адметную мастацкую сітуацыю, у якой удзельнічае “герой” – лясун, вадзянік, русалка і інш. У наступных вершах цыкла, якія выяўляюць новы, больш складаны ўзровень узаемаадносін прыроды і чалавека, фальклорна-міфалагізаваныя рэаліі навакольнага свету адыходзяць на далёкі план, адкрываючы эмацыянальна-асабовы аспект перажывання пэўнай падзеі, найперш любоўнай калізіі. Першапачатковы фальклорны імпульс, які ідзе ад традыцыйнага ў народна-песеннай творчасці вобраза вячэрняй зары, як бы здымаецца, узнікае іншая мастацкая сітуацыя, абумоўленая эстэтыкай новай традыцыі, як у “Рамансе” (“Зорка Венера ўзышла над зямлёю...”).

У большасці вершаў М. Багдановіча, у якіх можна вылучыць пэўны аспект фальклорнай творчасці (мастацкі вобраз, інтанацыю, элементы паэтыкі), пераважае індывідуальна-аўтарскі пачатак. Іншая мастацкая сітуацыя ўласціва вершам, створаным у адпаведнасці з пэўным фальклорным узорам, гэтак званым стылізацыям, якія складаюць цыкл “Згукі бацькаўшчыны”. Тут захоўваецца вобразны лад і стылістыка фальклорнай асновы. Пры гэтым, аднак, не здымаецца першапачатковы мастацкі імпульс, які ідзе ад асабістага жыццёвага вопыту: “Не кувай ты, шэрая зязюля, // Сумным гукам у бары; // Мо і скажаш, што я жыці буду, // Але лепш не гавары...” /“Не кувай ты, шэрая зязюля...”/. У цыкле невыпадкова пераважаюць мінорныя інтанацыі: драма жыцця самога аўтара нібы праецыруецца на створаны ім мастацкі свет. У вершы “Ян і маці” асабіста-аўтарскае “я” наогул персаніфікуецца ў аб’ектывізаваным вобразе маладога хлопца Яна, жыццё якога згасае, як васковая свечка ў руках спакутаванай маці. У вершы захаваны эмацыянальна-вобразны каларыт і стылістыка народнай песні, але сама паэтычная сітуацыя падказана жыццёвай рэальнасцю. Нясцерпнасцю жалю і шкадавання поўна апісанне блізкага расстання маці і сына. Драматызм адчуванняў узмацняецца градацыяй знешняга дзеяння, якое сімвалічна суаднесена са станам чалавека: “Свечка свеціць, свечка ззяе, свечка дагарае...”. Народна-песенная эмоцыя суцяшэння, апошняга заспакаення /“Ой, не век жа свечцы тонкай зіхацець, гарэці, – // Дагарыць яна і знікне, як і ўсё на свеце...”/, як бы прыглушаючы трагедыйнасць чалавечага лёсу, у той жа час падкрэслівае ўсюдыіснасць, агульназначнасць гэтай драмы жыцця.

Эпіцэнтрам паэтычнага асэнсавання народнага лёсу стаў у “Вянку” верш “Слуцкія ткачыхі”, які ў далейшым фалькларызаваўся і выконваўся як народная песня. Папулярызацыі гэтага твора не замінала нават гістарычная недакладнасць, якая набыла значэнне маштабнага паэтычнага сімвала: славутыя слуцкія паясы ніколі не ткаліся прыгоннымі сялянкамі, а ствараліся адмысловымі майстрамі гэтай справы на слуцкай мануфактуры ў канцы ХVІІ – сярэдзіны ХVІІІ ст. М. Багдановіч, верагодна, не ведаў гэтай акалічнасці, а быў натхнёны самой мастацкай красой гэтых паясоў, убачаных у Вільні ў калекцыі І. Луцкевіча. Адметная паэтычная сітуацыя, створаная М. Багдановічам у вершы, адпавядала драматычнаму лёсу нацыянальнага мастацтва, якое сцвярджала сваю самабытнасць насуперак неспрыяльнаму лёсу. У народна-паэтычнай свядомасці славутыя слуцкія паясы сталі ўвасабленнем роднага мастацтва, якое сцвярджала сябе часта ў неспрыяльных для нацыянальнай культуры ўмовах, як бы насуперак злой гістарычнай долі.

У далейшым, пасля выхаду “Вянка”, М. Багдановіч актывізаваў працу ў кірунку засваення традыцый фальклору. Задумваючыся над перспектывамі нацыянальнай культуры, М. Багдановіч акцэнтаваў увагу на развіцці нацыянальных асноў творчасці. Гэтай праблеме прысвечаны яго артыкул “Забыты шлях”. Падкрэсліваючы важнасць нацыянальнай самабытнасці кожнай літаратуры, М. Багдановіч у якасці першаступеннага фактару ў гэтым кірунку вылучаў менавіта фалькларызм, не адмаўляючыся нават ад яго першасных ідэй – апрацоўкі пэўных сюжэтаў, выкарыстання фальклорных матываў і вобразаў. Палемічна завастраючы сітуацыю, ён падкрэслівае неабходнасць на першым часе “трымацца народнай песні, як сляпы трымаецца плота”, памятаючы аднак пра перспектыву – працу па развіцці нацыянальнай літаратуры. У сваёй творчай практыцы М. Багдановіч намагаўся ўвасобіць менавіта такі творчы прынцып – спалучэнне нацыянальных (народных) традыцый і вопыту сусветнага мастацтва. I ў кожнай галіне творчасці ён здолеў стварыць паэтычныя ўзоры, якія ўзбагацілі родную літаратуру. У рэчышчы эстэтычнай праграмы паэта, сфармуляванай у артыкуле “Забыты шлях”, напісаны шэраг паэтычных твораў: вершы “Ой, лясы-бары ды лугі-разлогі!..”, “Цёмнай ноччу лучына дагарала...”, “Сярод вуліцы ў нас карагод...”, “Як Базыль у паходзе канаў...”, “У мясцечку Церасцечку не званы гудзяць...”, цыкл “вершаў беларускага складу” “На ціхім Дунаі”, балада “Страцім-лебедзь”, паэмы “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”, “Максім і Магдалена”.

Драматычныя абставіны першай сусветнай вайны абвастрылі адчуванне каштоўнасці ўсіх здабыткаў чалавечай цывілізацыі і культуры, асабліва самога жыцця чалавека. Асэнсоўваючы адметнасць асобнага лёсу і цэлага народа, М. Багдановіч звяртаецца да неўміручых вобразаў народнай паэзіі, якія ўвасабляюць душэўную прыгажосць і духоўную стойкасць чалавека, народнае разуменне жыццёвых вартасцей. Сярод “вершаў беларускага складу” найбольш істотна рэалізаванай эстэтычнай устаноўкай паэта, творчым падыходам да фальклору вылучаецца верш “Лявоніха”. М. Багдановіч звяртаецца да вобразу папулярнай гераіні беларускіх народных песень, улічваючы іх жанрава-эстэтычную мнагазначнасць: ад сямейна-бытавой лірыкі да танцавальных прыпевак. Вядомая вобразная характарыстыка фальклорнай гераіні: “Лявоніха – душа ласкавая, чаравічкамі палясківала” – па-майстэрску трансфармавана ўсім вобразным ладам твора, пачынаючы ад запеўных радкоў: “Ах, Лявоніха, Лявоніха мая! Спамяну цябе ласкавым словам я...”. Лявоніха ў вершы М. Багдановіча раскрываецца як духоўна багаты народны характар, як цэльная, жыццярадасная натура. Жартаўліва-вясёлы настрой народных прыпевак саступае эмацыянальнаму захапленню гераіняй, эстэтычнаму ўзвышэнню яе да ідэалу. Пры гэтым выдатна захаваны і перададзены рытміка-інтанацыйны лад фальклорнай першаасновы, “тэмпераментныя скокавыя рытмы і перабоі, песенныя паўторы і падхваты” (М. Грынчык). Эмацыянальны каларыт верша вылучаецца на фоне драматычных калізій іншых твораў, напісаных у час вайны – там пераважаюць мінорныя інтанацыі, матывы смерці (“Цёмнай ноччу лучына дагарала...”, “Як Базыль у паходзе канаў...”, “У мясцечку Церасцечку не званы гудзяць...”).

Матыў пакарання смерцю прысутнічае і ў значным эпічным творы М. Багдановіча – невялікай паэме “Максім і Магдалена”, дзе своеасабліва трансфармаваны матывы любоўнай песні-балады і гераічнага эпасу. Каханне да дачкі ваяводы ўспрымаецца як бунт вялікага пачуцця супраць сацыяльнай няроўнасці і выклікае спачуванне да героя. М. Багдановіч развівае матыў няроўнага кахання, вельмі папулярны ў народных песнях-баладах. Словы асуджэння і павучання, двойчы паўтораныя ў творы (“Гэй, было табе, Максіме, не кахацца, // На вяльможную дачку не заляцацца”), гучаць хутчэй як шкадаванне, а не дакор. Сам матыў пакарання смерцю за пачуццё і вобраз раскрыжаванага на мястовай браме Максіма набывае героіка-эпічны характар. Пры гэтым неяк забываецца тая акалічнасць, што закаханы ў вяльможную дзяўчыну Максім пакідае сіротамі ўласных дзяцей. Гэтая дэталь не ўспрымаецца самім асяроддзем героя, калі трэба вылучыць галоўнае – трагічную веліч пачуцця. Дваістасць маральнай ацэнкі адсутнічае, яна як бы здымаецца велічнасцю жыццёвай драмы.

Іншы характар – іроі-камічны – мае асэнсаванне фальклорных матываў у жартоўнай паэме “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”. Паэт сінтэзаваў папулярныя ў жартоўнай паэзіі матывы пра гультайку Мушку, няздатную ні да працы, ні да сямейнага жыцця /“Ані выткаць кросенкі, // Ані шыць, // Ані стравы хораша наварыць”/, а таксама матывы вясельных песень і галашэнняў. Гэтыя крыніцы запазычаны паэтам з фальклорных выданняў Чачота, Шэйна і іншых прац. Паэма напісана ў рэчышчы тых мастацкіх ідэй, якія сфармуляваў М. Багдановіч у артыкуле “Забыты шлях”. Называючы гэты твор, паэт адзначаў: “... гэта ўжо – пачатковы вынік з той працы над беларускім складам у вершы, якую я распачаў каля году назад”.

Найбольш значны вынік такой працы – балада “Страцім-лебедзь”, дзе арганічна спалучыліся матывы касмаганічнага міфа, вядомага па “Беларускім зборніку” Е. Раманава, і ўласна аўтарскі погляд на трагічныя з’явы жыцця. Ва ўспамінах З. Бядулі зафіксаваны гэты момант творчай гісторыі са слоў аўтара: “Я задумаў твор на тэму біблейскага міфа. Гэтую тэму навеяла мне вайна, гібель мільёнаў і мой уласны лёс”. Вобраз незвычайнай птушкі – магутнага Страцім-лебедзя, што асмеліўся кінуць выклік боскаму наканаванню і супрацьстаяць смяротнай сіле, але загінуў у змаганні са стыхіяй, – успрымаўся ў кантэксце асабістага лёсу паэта і таму набыў асаблівы трагедыйны сэнс. А заключныя радкі твора: “Ад усіх цяпер патомкі ёсць, // Ды няма адных – Страцімавых” – невыпадкова прамаўляліся аўтарам дастасоўна да сябе: “Ды няма адных – Максімавых”. Увесь маштаб творчых планаў М. Багдановіча застаўся няздзейсненым па прычыне ранняй смерці паэта. Але ўжо тое, што яму ўдалося ажыццявіць, назаўсёды ўвайшло ў гісторыю літаратуры як адна з самых яркіх з’яў.

Літаратура

Лойка А.А. “Яна і я” // Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1986.

 



* У аснову артыкула пакладзены матэрыялы для энцыклапедыі “Фальклор Беларусі”.

Да зместу

Hosted by uCoz