Да зместу

БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЕ ЛІТАРАТУРНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕЯННЕ Ў XIV–XIX  стст.

У Беларусі ў функцыі літаратурнае мовы ў ХІ–ХІХ стст. часцей за ўсё выкарыстоўвалася небеларуская: царкоўнаславянская, латынь, польская, расійская. Бо не існавала беларускае дзяржавы, мова карэннай нацыі не была ўведзена ў навуковы ўжытак (напачатку нават не існавала дакладна акрэсленага наймення гэтае мовы). З гэтае прычыны мы павінны разглядаць тыя нешматлікія беларускамоўныя тэксты як з’яву выключную і ў кожным выпадку знаходзіць ёй тлумачэнне: чаму той ці іншы літаратар звярнуўся да мовы неадукаванага насельніцтва краю. Бясспрэчна, што беларус, абраўшы за сваю літаратурную мову нейкую іншую, а не родную, у аніякім разе не пераставаў быць беларусам: ён пісаў пра сваіх землякоў і для сваіх землякоў. Як бясспрэчна і тое, што нацыянальны менталітэт можна адлюстраваць і на няроднай мове. На жаль, асобныя нашыя навукоўцы і сёння сцвярджаюць, што паэт ці пісьменнік, абраўшы, напрыклад, польскую мову за сваю асноўную літаратурную, выкарыстоўвае не проста лексічны запас дадзенае мовы дзеля выяўлення беларускага менталітэту, але і польскія нацыянальныя архетыпы, а г. зн., што тэксты гэтага літаратара належаць выключна польскай літаратуры. На нашу думку, гаварыць гэтак без уліку канкрэтна-гістарычных акалічнасцяў няслушна. Дадзеная канцэпцыя ў беларускім літаратуразнаўстве склалася напрыканцы ХІХ ст., калі яшчэ не існавала такога паняцця як “беларуская літаратура”, калі нашы суседзі актыўна стваралі канцэпцыі сваіх літаратуразнаўстваў. Старыя стэрэатыпы, старыя канцэпцыі – літаратуразнаўчыя ды ідэалагічныя – суседзяў да сённяшняга дня фармуюць беларускую літаратуразнаўчую навуку, канцэпцыю гісторыі беларускае літаратуры. Больш за тое, маюцца спробы тэарэтычна абгрунтаваць старыя падыходы. Літаратуру прапануюць разглядаць як “феномен мовы”, не заўважаючы ў дадзеным тэзісе шэрагу супярэчнасцяў. Мова літаратараў Беларусі ХІ–ХІХ ст. не можа быць крытэрыем вызначэння нацыянальнае прыналежнасці, а г. зн. нельга прылічаць іх да літаратуры іншага народа. Іхні зварот, напрыклад, да польскае мовы нельга лічыць свядомым. Тагачасны літаратар быў амаль пазбаўлены выбару. У першай палове ХІХ ст. толькі польская мова магла стаць ягонаю літаратурнаю: гэтая мова з’яўлялася моваю школы, справаводства і (разам з латынню) моваю касцёла. Беларуская моўная стыхія, уплываючы на літаратурную польскую (альбо лепш – ліцьвінска-беларускі варыянт польскае) мову, заставалася моваю ніжэйшых слаёў насельніцтва. Узвесці гэтую мову ў ранг літаратурных мог толькі прарок, вяшчун, геній (як Т. Шаўчэнка ва украінцаў). Такіх ў нашым краі ў ХІ – першай палове ХІХ ст. не знайшлося.

Польскамоўная літаратура Беларусі прыцягвала да сябе ўвагу беларускіх даследчыкаў 50–60-х гг. (артыкулы і кнігі М. Ларчанкі, А. Кляўчэні, Л. Мірачыцкага, С. Майхровіча, А. Лойкі, С. Александровіча, А. Мальдзіса), але ў адпаведнасці з духам часу спадчына пісьменнікаў, якія жылі ў Беларусі, а свае творы пісалі па-польску, вывучалася ў кампаратывісцкім альбо краязнаўчым рэчышчы. Пытанне аб непасрэднай прыналежнасці такіх аўтараў да беларускай літаратуры не ставілася (адсюль характэрныя назвы тагачасных прац: “Старонкі братняй дружбы”, “Творчае пабрацімства” і інш.). Новы этап ў вывучэнні польскамоўнай літаратуры Беларусі пачаўся напрыканцы 70-х гг. Але асабліва плённа працавалі даследчыкі літаратуры 80–90-х гг., пра што сведчаць кнігі і артыкулы Г. Кісялёва, У. Мархеля, К. Цвіркі, І. Саверчанкі, У. Кароткага, С. Кавалёва, Л. Ляўшун, С. Гараніна, І. Багдановіч, Л. Тарасюк, І. Запрудскага, Я. Янушкевіча, М. Хаўстовіча, выданне твораў А. Міцкевіча, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі і змястоўнай анталогіі “Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ ст.” (1998). Калі ў 60–70-я гг. айчынныя літаратуразнаўцы ва ўмовах савецкай цэнзуры аргументавалі сваю цікавасць да творчасці Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі, В. Каратынскага наяўнасцю асобных беларускіх вершаў у іхняй спадчыне, то ў 80–90-я гг. да беларускай літаратуры ХІХ ст. без сумневу залічваюцца ўжо Т. Зан, Ю. Корсак, А. Грот-Спасоўскі, Т. Лада-Заблоцкі, якія пісалі выключна па-польску. Замест ранейшых азначэнняў “польская літаратура Беларусі”, “польска-беларуская літаратура” сталі актыўна ўжывацца паняцці “польскамоўная плынь у беларускай літаратуры” і “беларуская польскамоўная літаратура”[1]. Не аспрэчваючы правамернасці ўжывання гэтых паняццяў, заўважым толькі, што паняцце “польскамоўная літаратура Беларусі” – больш аб’ектыўнае і прыдатнае ў міжнародным аспекце даследаванняў.

Адсутнасць спецыяльнай зацікаўленасці і грунтоўных даследаванняў польскіх літаратуразнаўцаў на дадзеную тэму тлумачыцца, на нашую думку, дзвюма прычынамі. Па-першае, сціпла адораныя талентам польскамоўныя паэты Беларусі траплялі ў цень сваіх знакамітых сучаснікаў, класікаў польскай літаратуры. Па-другое, творчасць шмат якіх польскамоўных паэтаў Беларусі не цалкам змяшчалася ў межах польскай літаратуры, для разумення і адэкватнай ацэнкі іхняе спадчыны важна было ўлічваць беларуска-літоўскі культурны кантэкст.

Вельмі цікавымі ўяўляюцца нам працы польскага вучонага Я. Чапляевіча[2], прысвечаныя літаратуры “крэсаў”, культуры пагранічча. Я. Чапляевіч не закранаў у сваіх даследаваннях польскамоўную паэзію Беларусі эпохі Рэнесансу, але ягоная канцэпцыя гетэрагенічнасці літаратуры Вялікага Княства Літоўскага (г. зн. яе шматскладовасці і непадзельнасці, калі, напрыклад, “Дзесяцігадовую аповесць...” А. Рымшы немагчыма “прыпісаць” да нейкай адной нацыянальнай літаратуры) з’яўляецца надзвычай канструктыўнай для польскіх, беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх даследчыкаў шматмоўнай літаратуры XVI–XVII стст. Такі падыход дазваляе пазбегнуць непатрэбных дыскусій пра нацыянальную прыналежнасць таго ці іншага пісьменніка (згадаем хаця б колішнія спрэчкі пра нацыянальную прыналежнасць Я. Вісліцкага і М. Гусоўскага), робіць мажлівым стварэнне ў перспектыве калектыўнай, шматнацыянальнай “Гісторыі літаратур Сярэдня-Ўсходняй Еўропы”, дзе б полілінгвістычнае пісьменства Вялікага Княства Літоўскага разглядалася як агульная спадчына цяперашніх літоўцаў, беларусаў, украінцаў і палякаў (так, як гісторыя гэтых народаў разглядаецца ў “Historii Europy Środkowo-Wschodniej” (Люблін, 2000), напісанай Е. Клачоўскім і ягонымі адзінадумцамі).

Адным з крокаў на шляху рэалізацыі гэтага праекта з’яўляюцца матэрыялы Міжнародных навуковых чытанняў кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта, якія адбыліся 6–7 ліпеня 2002 г. Гэта, думаецца, важкі крок да напісання комплекснай, абагульняючай працы “Гісторыя беларускае літаратуры XII–XIХ стст.”, дзе б улічваліся творы ўсіх жанраў і на ўсіх мовах, якімі карысталіся нашыя продкі.


 



[1] Мархель У. Прысутнасць былога: Нарысы, артыкулы, эсэ. Мн., 1997. C. 3–45.

[2] Czaplejewicz E. Literatura jako zjawisko heterogeniczne // Kresy. Syberia. Literatura. Doświadczenia dialogu i uniwersalizmu. Warszawa, 1995. S. 11–18; Czaplejewicz E. Współczesne przekłady poematu Hussowskiego w świetle heterogeniczności // Literatura i różnorodność. Kresy i pogranicza. Warszawa, 1996. S. 4353.

Hosted by uCoz

Да зместу