Да зместу

Арцём Вярыга Дарэўскі

ГУТАРКА ПРА СВАЯКА

(фрагменты)

І

На ўскрайку Русі Чорнай,

Дзе ў цішы Дзвіна булькоча

Ды ў трывожных думках зморна

Уздыхае неаднойчы

Да сястры, да Русі Белай…

З глебаю з пяскоў сыпучых,

Дзе славы памяць ацалела,

У чыстым полі, не між пушчаў,

Стаіць места і ў абдымках

Рэк-сясцёр – Дзвіны з Дзісною –

Шэпт іх слухае няспынны,

Песні ўсякаю парою.

ІІ

Ёсць малы ў тым месце домік,

Быў вясёлы, сёння ў смутку;

Не зямляк жыве ў ім зараз,

Землякі цяпер ў закутку.

Ад сваіх ён адарваны,

Што кахаў – разрабавана.

Па радзіне поўна болю,

Па дзіцяці сохне матка,

Па былому тужыць хатка,

Час назад не йдзе ніколі.

На’т бярозка ля парога

Ліст збярэ ў пупышкі-слёзкі,

Каб хоць з сумам, дзякуй Богу,

Апрануцца вясной позняй.

Нам Бог шчасцейка звястуе[1],

Ляціць жораў, бусел – дома,

Ды бярозка не спяшае,

А чакае пакрыёму.

Дзівіцца: ніхто пупышак

Гадоў колькі не збірае[2]

І чакае, твар схіліўшы,

Скрушна ёй, ды не ўмірае.

Ці вачэй чакае нечых,

Каб красой іх поўніць яснай?

Будзеш жа адна ты вечна!

Тыя вочы – мая ўласнасць.

Не чакай дарма, бярозка!

За цябе я болей грэшны:

Ты распусціш свае коскі,

Я ж – змарнею несуцешны!

І бярозка плача ўпотай,

Згледзеўшы ў вачах самоту.

ІІІ

У халоднай цеснай хатцы

Калісь жылі бацька, матка.

А пры бацьку і пры матцы –

Іх дзяцей малых грамадка.

Ды жылі яны без бляску,

Не ў раскошы, а ў нядолі,

Ціха, сціпла, нібы краскі,

Падрасталі з Божай волі.

Саграваў іх матчын подых,

Хлеб з бацькоўскіх рук дзяліўся.

Непрыкметна, год да году,

Дзеці гожыя ўзняліся.

Дзевяць дзетак цудам Боскім

Выраслі ў той бядноце.

Цуд жа – у сэрцы маці польскай!

Цуд у польскіх матак поце!

ІV

Міласэрны Бог хаця,

Дзелячы дзятве той дар,

Выбраў ўсё ж адно дзіця

Для цярпення і ахвяр:

Старасць бацькі, маці слёзы

Ды братоў, сясцёр нястачы,

Працы бездань, бед пагрозы –

Вось такім быў шлях юначы.

Але ў срэбных снах младзенца

Ужо агмень свяціўся веры.

Ён зблудзіў на пошук сэрца

Ды на клопат непамерны.

Маці сына спавівае –

Спі спакойна, будзь жа шчасны…

Толькі сэрца ўжо хавае

Промень тых надзей нязгасны.

Чаму рве дзіця сувоі?

У слабых ручках чуе сілу?

Сэрца ўбачыла жывое

Нашай будучыні хвілю.

Розум адказаць не можа –

І для сэрца – таямніца:

Мы калі з крыніцы Божай

Зможам шчасця ўсе напіцца.

З ручая, што сонцам грае,

Дзесь у іншым, лепшым краі.

VI

Летнім днём, на строме спёкі,

Як праб’е гадзін дванаццаць,

Месца сцішвае гаворкі

Ды жаўрук ляціць хавацца,

Бацькі з дзецьмі у палудзень

Цесна ў кола ўсе садзяцца.

Рады ж той пад’есці будзе,

Хто з пчалой паспеў падняцца.

У час абеду ў нашым коле

Той жартуе, той смяецца,

Хто з сястрычкамі сваволіць, –

Чысцінёю ззяюць сэрцы.

 

І запояць яны смехам

Маці слёзы, бацькі слёзы.

Смех – ратунак іх і ўцеха

Той гадзінай лёсу чорнай.

Што ж, дзіця, пад весялосцю

Нейкі смутак ты хаваеш?

Ці шкада табе кагосьці?

Ці таемны клопат маеш?

“Я на бацькі родным твары

Бачу працы след бязмернай.

Маці ўжо не мае мараў

Ды ў сябе згубіла веру”, –

Думаў, гледзячы на блізкіх,

Гэты сын у гурце звычным.

Раптам нейкі промень бліснуў

На жывым яго абліччы.

Кропля жалю з вока збегла,

Йскра надзеі ў сэрца пала.

А ў душу трывога легла,

Беллю сумны твар заслала.

VII

Хто ж там у вечаровым змроку,

Задуменны ды маўклівы,

Паглядзіць няраз здалёку

На арла, што ўзняўшы крылы,

На будынку прымасціўся?

Надпіс над арлом тым гучны:

“Казначэйства павятова”.

Хто ўздыхае: “Тут змясціўся

Думак вір, даўно не новых”.

Мне ж знаёма, брат мой родны,

Што душа твая шукае,

Што вятроў там, мар нязводных,

Ды трывога ж не знікае:

Дзе дарога, – сніць ты будзеш, –

Што вядзе да святой волі…

Сам жа па калена ў брудзе,

Колькі болю!.. Колькі болю!..

VIII

Дзянёк за дзяньком мінае,

У нябыт сыходзяць вёсны.

Над зямлёй жаўрук лунае,

Тчэ з чароўных песень кросны.

Куды ўвечары ды ўранні

Хлопец вуліцай адною

З тварам бледным, усхваляваным,

Ты спяшаешся парою?

Для цябе ці свет там цэлы?

Юны птах, раскінь жа крылы

Ды ляці да неба смела

За сваёю думкай мілай.

Не хачу мысліць глыбока,

Не хачу глядзець высока:

Бацька, маці – мне глыбіні,

Сёстры, брацця – мне вышыні.

Вулкай гэтаю адною

Ды да бора, ды з пакояў,

Да касцёла над ракою,

У гай і поле – свет спакою.

Дзе Дзвіна з Дзісною хвалі,

Там, у салаўіных далях,

Па-над ярам над глыбокім

Цуда кветка лашчыць вока…

Да суседа і суседкі,

Бо яшчэ мілей іх кветкі.

Па той вулцы апусціцца,

Дзе пясок на сонцы йскрыцца

Ды к Дзвіне мне шлях пасцеле.

Там зірнуць на крыж касцельны,

На сцяну з высокім спіцам,

Што ў раку заўжды глядзіцца.

Потым да свайго парога

З таго берага святога.

А малітвы, а чытанне –

Маё свету сузіранне.

Толькі сэрца – не каліна,

А душа вам – не маліна.

Бляск душы штораз яснейшы,

Росквіт сэрца – прыгажэйшы.

Душы й сэрцу дома цесна,

Бо юнак у веку веснім

І на ўсё глядзіць у суме,

Знудзіўшыся ў цішым тлуме.

І не хоча – ды ўсё рвецца

Куды яго кліча сэрца.

Хай бы важкасць знікла ў целе,

Душы крылы моц займелі,

Неслі б да нябёс парога,

Каб зірнуць у вочы Бога

І аддаць яму ў падзяку

Сэрца, што кахае палка.

Каб на грудзі ў Яговы

Галаву схіліць з прамовай:

“Бацькі мне шкада і маці,

За братоў, сясцёр так горка.

Я бы птах, што волю страціў

Ды праз краты бачыць зоркі”.

Дык давай жа, смелы сыне!

Там, да гор… і да вяршыняў!

Маці выправіць у дарогу:

“Заўжды з намі! Заўжды з імі!...

На зямлі, як і на небе!

Айцец з сынам дапамогуць!”

XII

Па шырокім па шляху

Вецер пыл падымае.

Не саромся, мой птаху,

Што цябе хтось мінае.

Ад бярозак ля дарогі

Цень кладзецца, бы краты,

Ды пад конскія ногі,

Што нясуць нас ад брата.

Цень, сказаў бы ты птахам:

“Вы ж яго не кідайце,

Крылам месца для ўзмаху

Птаху новаму дайце,

Што Айчыну кахае,

Сам жа мкнецца ўсё далей…”

А званочак спявае

Песню смутку ды жалю.

А бярозкі ўжо ўпотай

Пыл збіраюць дарожны

Сваёй дробнай лістотай

Клопат памяццю множыць,

Бо бярозка, няйначай,

Іх сястра, паклялася,

Што сям’я яго ў плачы

Несуцешным засталася.

Пыл, бярозкі, узняты

Вы нясіце няспынна

Да самотнай той хаты,

Боль суцешыць радзінны,

Да бацькоў, што шчэ ўчора

Засталіся без сына.

Лепш, чым скарбы з-за мора, –

Пыл для беднай радзіны.

Слуп няхай прыдарожны

З вас паздзеквацца рады.

Ссыпце пыл асцярожна

На бацькоўскія грады,

Яшчэ ў сэрцы радзіны,

Што пра лёс таго сына

Ад вятроў на Падзвінні

Так чакае навінаў.

І далей па тым шляху

Вецер пыл падымае.

Не саромся, мой птаху,

Што цябе хтось мінае!

Цень бярозак ля дарогі

Лавіць хлопца, коней мкнецца –

Ды не зловіць ён нікога

Пыл яму ледзь застанецца.

ХІІІ

Паміж пушчаў, лугоў і разлогаў

Свіслач віецца. І дзесь, за абсягам,

Люстра крыштальнае сцеле пад ногі

Цэркваў спічастых ды велічных гмахаў.

Воды струменяць, бы грэшніца слёзы,

Што скрушна чакае збавення святога,

Убачыўшы бездань грахоў сваіх розных,

З надзеяй адчайнаю просіць да Бога.

І ён, нібы ўчуўшы, нарэшце даруе,

І хваля з палёгкай далей пакіруе,

Кінуўшы між берагоў строй вясельны ў пакоры.

“Здароў будзь, Менску літоўскі!” – гаворыць.

Вада паструменіць з бліскотлівым смехам,

Але ўжо званочка даносіцца рэха.

XIV

У хаце маленькай, у зацішку вулак,

Дзе нават гамонка не чуецца свету,

У цеснай каморцы знайшоўшы прытулак,

Юнак, толькі свечкі трымценнем сагрэты,

Ляжыць у знямозе на бедным пасланні.

Збавіцель з крыжа пазірае на ложак.

І хворых грудзей ледзь жывому дыханню

Хіба медальён толькі матчын паможа.

Юнак-сірата не ўбачыць тут ветлага твару!

Далонь нічыя не кране яго скроней,

Каб зменшыць пакуты ад болю і жару.

Слязу нічые не падхопяць далоні.

Ці маці паведаць аб цяжкай хваробе?

Каб зраніць душу ёй?.. Такога не будзе.

Сястры або брату? О, так ён не зробіць

І боль свой нясцерпны маўчаннем астудзіць.

Яму ці да твару іх жальбіць тым плачам?

Хай морак падыйдзе, каб сплюшчыць павекі,

Ён скажа: “Жывецца мне добра, – няйначай, –

Здаровы…” Шчаслівыя ж будуць давеку

Той бацька стары, тая маці сівая,

Што сына такога ўзнялі на крылы!

Жыццё яго змучыць – усё ён стрывае

І скажа да ўсіх: “Як мне свет гэты мілы!”

І добра табе, бо анёлаў чароды

Да ложка, дзе ты знемагаеш, імчацца!

А неба дыханнем нясе прахалоду

І збудзіць распалены твар засмяяцца!

У мроях гарачных – дзіця на травіцы

Да хворых грудзей тваіх тварык прытуліць!

Празрыстыя росы табе па крупінцы

У вусны засыпле. Цябе так расчуліць

Удзячнасць да Бога і свету, нібыта

Цябе ратаваць ужо людзі сышліся!

Хвароба слязьмі шкадавання абмыта.

І далеччу шлях твой адлейшы адкрыўся.

У мроях гарачых убачыш ты рукі,

Што свет неабсяжны з любоўю стваралі!

Ды ножкі святыя, што беглі на мукі,

Каб беднаму люду грахі даравлі!

У снах тых пачуеш ты спеў Херувіма,

Душа твая з ім расквітнее шчасліва,

Бо збудзіцца светлымі словамі тымі:

“Дабраславёны ціхі і цярплівы”.

Скрый жа свой боль, яго вераю зменшы,

Забудзься на змей, што бязлітасна жаляць,

Бо ўдвоіш яго, калі сябар твой лепшы

Застыне над ложкам, счарнелы ад жалю!

Бо ўдвоіш свой боль, калі голас цярпення

Стрэнецца з ўсмешкай пагардлівай нечай

І ўбачыўшы мукі, душы высіленні,

Спытаюць: “Дзівак, ну чаго ты там енчыш?”

Маўчы да маліся. І з светлае далі

Твой твар распагодзяць гаючыя промні.

Не станеш нагодай для смеху ці жалю,

Затое сам Бог пра цябе будзе помніць.

Калі ж у душы так агмень распаліўся,

Што нельга трываць, але жыць яшчэ трэба,

Тады да жанчыны грудзьмі прытуліся,

Бо сіла ў ёй ёсць як зямлі, так і неба.

Пераклад з польскае
Ігара Сіроткіна

 



[1] На свята Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі прылятаюць буслы.

[2] Існуе звычай збіраць нераспушчаныя бярозавыя пупышкі. Настоеныя на гарэлцы, яны з’яўляюцца важным сродкам у хатнім вясковым лячэнні.



Hosted by uCoz

Да зместу