Да зместу

Ігар Запрудскі

ІНТЫМНЫ “ДЗЁННІК” ВІНЦЭНТА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА

Калі Васіль Быкаў стала ідэнтыфікуецца са “Знакам Бяды”, Іван Мележ з “Людзьмі на балоце”, Якуб Колас з “Новай зямлёй”, то для Янкі Лучыны, Фелікса Тапчэўскага, Яна Чачота і многіх іншых літаратараў ХІХ ст. такія літаратурныя аб’екты для суаднесенасці адсутнічаюць. Сапраўдныя мастацкія шэдэўры, якія маглі б задавальняць густы і сённяшніх чытачоў, тады па аб’ектыўных прычынах не былі створаны. Корпус тэкстаў – гэта розныя па “гладкасці” пісання, але пераважна прымітыўныя або “спрошчаныя” творы для сялянства і пра сялян. У разліваным моры эпічнасці сустракаюцца надзвычай рэдкія “залацінкі” праўдзівага адлюстравання лірычнага пачуцця. Катастрафічна мала вядома і пра саміх тагачасных творцаў, біяграфіі буйнейшых з якіх акрэслены толькі ў вельмі агульных рысах. З жыццяпісу многіх літаратараў “другога эшалона” вядомы толькі эпізадычныя факты, а, здараецца, што і зусім нічога (акрамя прозвішча ці псеўданіма). Пры такім стане рэчаў навучэнцам сапраўды неверагодна цяжка “індывідуалізаваць” іх паводле творчых здабыткаў, а ў падручніках за “голым” пералікам фактаў амаль не акцэнтуецца ўвага на іх асабовай непаўторнасці. У выніку, тагачасныя літаратары ва ўяўленні абсалютнай большасці людзей – гэта нешта віртуальнае, амаль нерэальнае.

Ва ўмовах, калі ў многім няма падстаў гаварыць пра акрэсленыя творчыя індывідуальнасці беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст., наша літаратуразнаўчая навука, а разам з ёю школа і ВНУ даўно трапілі ў парадаксальную сітуацыю. Працяглы па часе перадкласічны перыяд роднай літаратуры у масавай свядомасці нашых суайчыннікаў гранічна “звузіўся”, дастасаваўся да засваення стэрэатыпнай схемы-вобраза ўсіх пачынальнікаў прыгожага пісьменства: усе яны дзеці незаможнай шляхты, усе аднолькава любяць беларускі фальклор, усе спачуваюць селяніну і бяруць удзел у вызваленчым руху, усе яны з-за неспрыяльных умоў не могуць выдаць свае творы, якія масава гінуць у рукапісах. Вось такая рэальная практыка своеасаблівай “адзінай плыні”. Зрэшты, для яе існавання ёсць важкія аб’ектыўныя прычыны, у чым пераконвае нядаўні цікавы артыкул Г. Кісялёва “Беларускі пісьменнік ХІХ стагоддзя: калектыўны партрэт на фоне эпохі”, у якім вырашаецца наступная задача “намаляваць нейкі зборны вобраз-партрэт нашага беларускага літаратара часоў Чачота – Дуніна-Марцінкевіча – Лучыны – Багушэвіча, даць спробу своеасаблівай калектыўнай біяграфіі”[1].

Няма падстаў спадзявацца, што названая праблема, вастрыня якой найбольш адчуваецца пры выкладанні літаратуры, можа хутка ліквідавацца шляхам кардынальнага ўзбагачэння фактычнага матэрыялу, звязанага з жыццём і творчасцю пачынальнікаў. Таму ў метадычным плане ад фіксацыі фактаў трэба пераходзіць да канцэптуальнага асэнсавання ці нават пераасэнсавання сукупнасці ўжо вядомых фактаў. Магчыма, для кожнага пісьменніка ХІХ ст. варта знайсці нейкі адметны момант ці аспект, стрыжнявы і цікавы, які б вылучаў асобу творцы з шэрай, безаблічнай, стэрэатыпнай “адзінай плыні”. Асабліва ў адносінах да пачынальнікаў, і перадусім сёння, мы ўжо не павінны надалей дазваляць сабе “раскошу” не заглыбляцца ў псіхалогію іх творчасці. Толькі сацыяльная матывацыя іх творчай актыўнасці ўжо не задавальняе нікога без выключэння. Не сакрэт, што школьнікі і студэнты нават творы В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча чытаюць і будуць чытаць толькі па абавязку. А мы, на жаль, часцей за ўсё не можам паказаць неардынарнасць і гэтых прызнаных піянераў беларускага мастацкага слова і тым самым звярнуць увагу хаця б на іх асабовыя якасці.

Наша літаратуразнаўства дагэтуль празмерна і недаравальна “цнатлівае”. Вось адзін з паказальных і апошніх прыкладаў. П. Васючэнка, пішучы пра Максіма-кніжніка, нібы між іншым заўважыў: “Вялікая спакуса параўнаць "Эдыпавы комплекс" у паэзіі Багдановіча з "комплексам Электры", які, магчыма, прыхавана жыве ў паэзіі Верлена, але пакіну гэтае практыкаванне для неафрэйдыстаў”[2]. Калі ў нас і існуе такая катэгорыя “даследчыкаў”, у чым можна сумнявацца, то яны наўрад ці сур’ёзна чыталі працы хаця б Фрэйда ці таго ж Юнга. Апошні, дарэчы, падкрэсліваў: “Творчы чалавек – загадка, разгадаць якую рознымі шляхамі людзі будуць спрабаваць заўсёды, і заўсёды беспаспяхова”[3]. Але ў нас сапраўды сустракаюцца арыгінальныя “аналітычныя псіхолагі” і інаватары сваёй гадоўлі. Так, С. Паўлоўскі, у змешчаным у “Нашай Ніве” юбілейным артыкуле “Паэт-сымулянт: Янка Лучына. 1851—2001” прапануе неверагодна “рэвалюцыйную” гіпотэзу: “Янка Лучына – самы менскі паэт у гісторыі беларускай літаратуры, гарадзкі культурны герой, вядомы кожнаму тагачаснаму менчуку і на вуліцах места і ў менскім тэатры, дзе ад імя ўдзячнай публікі па-беларуску вітаў заежджыя трупы. Акурат на ганку тэатру яго разьбіў паралюш. Хочацца дадаць: паводле паданьня. Бо гэты паралюш выглядае зручным спосабам “закасіць” ад разьмеркаваньня на Каўказ. Мяркуйце самі: пасьля Пецярбурскага інстытуту маладога чалавека адпраўляюць у далёкі Тыфліс, які сытуацыйна нічым не адрозьніваўся ад сёньняшняга Гудэрмесу, – працаваць на чыгункавых складах. Праз два гады Лучына завітвае ў Менск, і тут яго разьбівае паралюш. Пра тое, што гэта магло быць сымуляцыяй, сьведчыць і такі факт: спаралюшаваны Лучына ня кідае сваіх улюбёных заняткаў і рэгулярна езьдзіць у Мархачоўшчыну лавіць рыбу ды паляваць на ласёў зь медзьвядзямі. У Менску чалавек цёгаецца на мыліцах на нялюбую працу. А як выпадаюць вольныя дні – выпраўляецца на вёску. Тут мыліцы адкідаюцца ўбок, Лучына распраўляе плечы, купаецца ў Нёмане, выходзіць на доўгія паляваньні ў навакольныя лясы, добра харчуецца. Навокал зычлівыя паспалітыя людзі, а можа быць, і тая прыгожая сялянка... Пасьля чалавек ізноў вяртаецца ў свой футарал – устае на мыліцы, пачапляе акуляры і едзе ў Менск”. Проста “бліскучая” праява плюралізму ў дзеянні, у маральны аспект якой залішне будзе і заглыбляцца. “Няма чаго казаць, пане аляндару! Рынуў слаўцом, як пярцом; а што напішаш пярцом, то не вырубіш тапарцом”[4], – справядліва і трапна заўважыў вядомы войт Навум з “Ідыліі” В. Дуніна-Марцінкевіча. Аднак ці ёсць патрэба гэтак жа проста “падкідаць” ідэі падобным “неафрэйдыстам”?

На мяжы 80–90-х гг. ХХ ст. у беларускім літаратуразнаўстве назіраўся пік цікавасці да аўтара “Ідыліі”. На працягу некалькіх гадоў у рэспубліцы былі выдадзены тры каштоўныя манаграфіі, прысвечаныя розным аспектам яго жыцця і творчасці[5]. Зроблена сапраўды нямала. Але тым не менш дагэтуль застаецца безліч белых плямаў і цэлы клубок загадак, звязаных з першым нашым прафесіянальным пісьменнікам. Пацвярджэнне таму можна знайсці і ў артыкуле Н. Мячкоўскай “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч не быў аўтарам вадэвіля "Пінская шляхта"[6], дзе, як відаць ужо з назвы, само пытанне пра творцу выдатнай камедыі пастаўлена рубам. Пацягнем жа за адну з нітачак заблытанага загадкавага клубка, што пакінуў нам “найбольш сумленны і чулы чалавек свайго часу”[7], як назваў Беларускага Дудара М. Гарэцкі.

Вельмі цікавай для характарыстыкі асобы аўтара “Гапона” з’яўляецца легенда пра акалічнасці яго першага шлюбу. Гэта надзвычай рамантычная гісторыя. У канцы 20-х гг. у Вільні В. Дунін-Марцінкевіч служыў у прыватным бюро Бараноўскага. Тут ён закахаўся ў дачку свайго працадаўцы Юзэфу. Бацькі дзяўчыны былі катэгарычна супраць шлюбу з нявідным знешне, “гарбаценькім”, і, галоўнае, бедным маладым чалавекам. Тады будучы пісьменнік нібыта “выкраў” каханую і патаемна абвянчаўся з ёю ў 1831 г. Такі ўчынак, напэўна, адпавядаў не толькі духу часу, але і тэмпераменту пачынальніка новай беларускай літаратуры. Ён характарызуе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча як чалавека здольнага змагацца за ўласнае шчасце, смелага і рашучага, жыццярадаснага і прадпрымальнага. Як згадваў Ядвігін Ш, камунікабельным пісьменнік застаўся і напрыканцы жыцця – “старэнькі ўжо тады быў, але добры, вясёлы, жартаблівы”[8]. Аднак у 40-я гг. і асабліва ў перыяд так званага “змрочнага сямігоддзя” (1848–1854), калі ў Расіі пасля “вясны народаў” лютавала цэнзура, В. Дунін-Марцінкевіч пераважна аддаваў час аматарскай сцэне і пісаў адносна мала. Верагодна, літаратурная творчасць і захопленасць тэатрам былі для пісьменніка спосабам вырвацца з бессэнсоўнага гібення і маральнай дэградацыі, на якія хварэла значная частка шляхты і амаль усё краёвае панства пасля паўстання 1830–1831 гг., пасля закрыцця Віленскага універсітэта, скасавання уніі, выдалення з ужытку Статута і інш. Ён не хацеў бязвольна марнець і духоўна выраджацца разам са сваім сацыяльным асяроддзем, на якое, востра яго крытыкуючы, усё яшчэ ўскладаў вялікія надзеі. Неабходнасць адмены прыгоннай залежнасці, як неабходнасць згоды на складаную хірургічную аперацыю, – нежадалася вельмі многімі. Гэта вяло да прагрэсіравання сацыяльных і маральных хваробаў, што набывалі хранічны характар.

Не 1855 г., як прынята лічыць, а год 1854 – пераломны для В. Дуніна-Марцінкевіча ва ўсіх адносінах. У маі памерла яго першая жонка Юзэфа Бараноўская, асіраціўшы чацвёра дачок і сына Міраслава. У гэты перыяд пачынаецца магутны творчы ўздым аўтара “Ідыліі”. Сімвалічна, што якраз тады ён “нараджаецца” і як уласна беларускі паэт. За кароткі часавы прамежак ім была напісана пераважная большасць твораў, што ўвойдуць у першыя зборнікі “Гапон” і “Вечарніцы і Апантаны”, цэнзурны дазвол на выданне якіх адпаведна датуецца 20 лютага і 12 красавіка 1855 г.

Асаблівае месца ў творчай спадчыне паэта займае лірыка кахання, вершы, якія ўзніклі ў другой палове 1854 г. Адразу падкрэслім, што яны атрымалі ў многім несправядліва суровую ацэнку ўжо ў першай манаграфіі “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, польска-беларускі паэт” (1932), прысвечанай творчасці Беларускага Дудара. Яе аўтар Ю. Галомбак, у прыватнасці, адзначаў: “Невялікія творы, напісаныя з нагоды і ў пачатковы перыяд творчасці, пераконваюць у тым, што Марцінкевіч не быў лірычным паэтам, а спробы, зробленыя ў гэтым кірунку, за малым выключэннем, расчароўваюць. Пераважна яны маюць апавядальніцкі характар з пэўным павучальным адценнем, а іх літаратурная вартасць такая мізэрная, што яны заслугоўваюць згадкі толькі з пункту гледжання нашага намеру зрабіць вычарпальны агляд усёй творчасці гэтага паэта. <…> Ёсць некалькі вершыкаў, для якіх уласцівы характар любоўны, а, хутчэй за ўсё, рэфлексійна-любоўны; трэба думаць, што яны не былі адлюстраваннем асабістых перажыванняў паэта, але, хутчэй за ўсё, толькі паэтычнымі спробамі”[9]. Мяркуем, што такі творчы “прысуд” доўгія гады замінаў аб’ектывізацыі ацэнак паэтычнага патэнцыялу нашага Пачынальніка.

Агульнавядома, што ў лірыцы кахання, як правіла, адлюстроўваецца ўнутраны свет паэта, які фарміруецца пад уплывам канкрэтных жыццёвых фактараў. Але існуе такая ўмоўная катэгорыя як лірычны герой, “функцыі” якой часта даюць падставы для своеасаблівага літаратуразнаўчага валюнтарызму. На практыцы гэта выглядае так. Калі хочацца даследчыкам, можна абвясціць лірычнага героя тоесным аўтару. Калі ж такая ідэнтычнасць нейкім чынам можа “запляміць” творцу, іх можна не атаясамліваць, бо аўтар не павінен несці адказнасці за розныя “выбрыкі” свайго лірычнага героя. Аднак дзе тыя аб’ектыўныя крытэрыі, якія дапамаглі б правесці непадманную дыферэнцыяцыю? На жаль, яны адсутнічаюць. Таму не трэба забываць, што лірычны герой – усяго толькі прадукт актыўнай творчай свядомасці аўтара.

Цяпер паспрабуем непрадузята прасачыць “дынаміку” пачуццяў, зафіксаваную ў інтымных творах В. Дуніна-Марцінкевіча. Страта жонкі была цяжкім ударам для паэта, які 6 чэрвеня ў Мазыры піша верш “Вандроўнік”. Ён пачынаецца ідылічнай пейзажнай замалёўкай, якая кантрастуе з журботным настроем героя, што ў вячэрні час смуткуе па каханай ля яе магілы:

Усюды радасць – адно маркотны

Вандроўнік, згледзеўшы крыж самотны,

Ўзняў вочы ў неба, зрасіў слязою:

“Дай, божа, любай маёй спакою…”

І слаў уздыхі ў яе хаціну.

Ён песціў згадкі аб ёй, адзінай (С. 418).

(пераклад С. Сакалова)

Псіхолагі сцвярджаюць, што адным з найбольш эфектыўных спосабаў эмацыянальнай разгрузкі, “адпрацоўкі” адмоўных эмоцый з’яўляецца іх вербалізацыя. Адпрацаваныя эмоцыі акумулююцца ў звышсвядомасці, а іх энергіяй сілкуецца творчасць і каханне. В. Дунін-Марцінкевіч у вершы нібы “выгаворваў” свой боль. Ці не па гэтай прычыне паэт даволі хутка справіўся з напаткаўшым яго горам?

Па характару ён не быў тужлівым чалавекам і заўсёды імкнуўся да напоўненага жыццця. Ужо ў вершы “Трэба кахаць!” (Мінск, 1 верасня 1854 г.) засведчана прага духоўнага абнаўлення, бадзёрага аптымізму і веры ў магчымасць лепшай будучыні. Паэт перакананы, што каханне, і толькі яно, дазволіць наладзіць нябачную сувязь з нейкай вышэйшай субстанцыяй. Гэта і пацвярджае верш-дэвіз “Трэба кахаць!”:

Што нашае жыццё ў апатычным стане?

Адвечная нуда, смяротнае кананне;

Адно каханне чалавека ажыўляе,

І ўцякае сум, і неба нас вітае.

Значыць, нам каханне трэба,

Каб знайсці дарогу ў неба (С. 418).

(пераклад С. Сакалова)

В. Дунін-Марцінкевіч быў ідэалістам у жыцці, але надзіва рацыянальным. Творы яго інтымнай лірыкі гранічна эмацыянальна насычаныя, і ў той жа час яны вызначаюцца лаканізмам і ашчадным выкарыстаннем выяўленчых сродкаў. На танальнасць гэтых твораў не магла не паўплываць сітуацыя своеасаблівай жыццёвай разгубленасці, у якой нечакана апынуўся паэт пасля смерці жонкі.

Праз 10 дзён з адпаведнай пазнакай (Мінск, верасня 10 д. 1854 г.) з-пад пяра паэта выходзіць верш “Яна!”, у якім выказана захапленне лірычнага героя жаночай прыгажосцю і яе ўздзеяннем на акружаючых:

Захапленне дых займае,

Як яна павабна гляне!

З чым зраўняць замілаванне,

У якім душа лунае

Да найпекнага анёла,

Што чаруе ўсё наўкола! (С. 418)

(пераклад С. Сакалова)

Заўважым, што ў гэтым вершы няма ніякіх партрэтных падрабязнасцяў. У ім толькі канстатуецца факт ледзь не гіпнатычнага ўздзеяння Яе, аб’екта непасрэднага захаплення, на лірычнага героя, які ўвогуле ніяк не канкрэтызуецца. Ён здольны заварожвацца – і не больш. Яго псіхічны стан інакш і не раскрываецца як толькі праз адчуванні. Нешта падобнае будзе адлюстравана В. Дуніным-Марцінкевічам і ў “Заварожаным” ці “Апантаным”. Яшчэ будзе магчымасць пераканацца, што і сам паэт шчыра спакушаўся чароўнасцю знешнасці ці знешняй чароўнасцю.

22 вераснем датуецца зноў жа напісаны ў Мінску верш “Успаміны!”, лірычны герой якога моліць каханую адказаць “Ці яго пачуццё ўзаемнае?” На што атрымлівае такі абнадзейваючы адказ:

І вырак я ўчуў зычлівы

З анёльскіх вуснаў: “На свеце

Шчасце табе йшчэ засвеціць,

Будзь толькі верны… цярплівы” (С. 416).

(пераклад С. Сакалова)

Калі В. Дунін-Марцінкевіч гаворыць пра жаночую прыгажосць, то абавязкова ўжывае словы “анёл”, “анёльскі”, колішнія стандартныя атрыбуты яшчэ сярэдневяковай заходнееўрапейскай куртуазнай літаратуры. Галантнасць, далікатнасць, “гжэчнасць” – характэрныя рысы яго інтымнай лірыкі.

Але спадзяванні паэта, напэўна, не спраўдзіліся, бо 11 кастрычніка ў вершы “Нясталасць” так характарызуецца “пекная шчыгліха”, калі прызнаецца закаханаму салаўю, які спявае “гімны чыстаму каханню”:

Ды нясталая ўлюбёнка,

Нібы пані-ветрагонка,

Як сябе пераканала

Ў тым, што зрэнкаю сваёю

І анельскай пекнатою

У сіле яго трымала,

Тым жа часам без прычыны

(Салавей у тым нявінны)

Позна, ах! яму сказала:

“Сэрцам я тваім гуляла” (С. 417).

(пераклад С. Сакалова)

Здаецца, у вершы “Нясталасць”, як у ніякім іншым, адлюстраваліся перажыванні самога аўтара.

Відавочна, што ў сувязі з такім цынічным прызнаннем “пані-ветрагонкі” назаўтра ўзнік верш “Партрэт Стэфы”, дзе гаворка ідзе ўжо не пра абстрактных каханых і не пра птушак, а пра жорсткую прыгажуню Стэфу, дакладней, Стэфачку, якая заварожвае і зачароўвае ўсіх наўкола, але сама застаецца халоднай і абыякавай:

А паспрабуй жа, ёй адданы,

Ўздзець з бялюткіх руж кайданы,

Дык ля ног яе ў прызнанні

Будзеш плакаць аб каханні.

А яна ж не ўчуе жалю –

Сэрца Стэфіна са сталі!!! (тры клічнікі) (С. 416–417)

(пераклад М. Хведаровіча)

Напачатку вобраз жанчыны ў лірыцы В. Дуніна-Марцінкевіча – сінтэз абаяльнасці і прыгажосці. Усе яго лірычныя творы прысвечаны паэтызацыі “анёлаў”. Паэт, гаворачы пра свае адчуванні і пачуцці, уздымае, услаўляе Яе. У яго лірыцы кахання, якую можна назваць лірыкай чакання і асалоды, пануе рамантычная ўзвышанасць. Стан паэтавай душы ў той перыяд можна вызначыць як перманентную закаханасць. Гэта не мог быць раптоўна “прыдуманы” і штучна-рацыянальна “рэалізаваны” выбух гіпертрафіраванай пачуццёвасці, адносна кароткі і, як і належыць выбуху, разбуральна-расчаравальны. Толькі ў “Партрэце Стэфы” – выразная антытэза (прыгажосць і жорсткасць). Хто быў прататыпам жорсткай Стэфачкі – невядома.

Другая палова 1854 года… Як можна меркаваць з наяўных матэрыялаў, у пазнейшыя гады В. Дунін-Марцінкевіч пісаў вершы вельмі рэдка. Ю. Галомбак лічыў, што інтымная лірыка паэта – гэта літаратурная імітацыя пачуццяў. Але якія ёсць рэальныя аргументы, каб не лічыць тагачасныя вершы паэта адлюстраваннем фактаў яго духоўнай біяграфіі? І. Навуменка, напрыклад, у манаграфіі, прысвечанай Беларускаму Дудару, даволі пераканаўча даказаў, “што В. Дунін-Марцінкевіч быў пісьменнік вельмі біяграфічны”[10]. Не падобна, што гэтыя інтымныя вершы былі проста штампамі “дажываўшай” свой век рамантычнай лірыкі, за якімі не было шчырых пачуццяў аўтара. У такім выпадку, навошта трэба было друкаваць іх у першым зборніку, дакладна ўказваючы даты і месца напісання? Разлік на эпатаж? Выклік? Каму? Чаму? Маралі крывадушнікаў? Тварэнне нейкага рэнамэ? У душы паэта ўсё ж, бадай, панавала гармонія і яснае ўсведамленне высокай місіі свайго мастацтва. Можа, В. Дунін-Марцінкевіч “шукаў спосабы больш непасрэднага лірычнага самасцвярджэння, імкнуўся да эмацыянальнай раскаванасці”[11], як адзначыў У. Гніламёдаў, пішучы, праўда, пра паэзію Ф. Багушэвіча. Ва ўсякім разе, мы маем справу са свабодным і творчым самавыяўленнем паэта.

Лірыка кахання В. Дуніна-Марцінкевіча сведчыць, што ён шукаў не проста гаспадыню ў хату, не мачыху для сваіх дзетак, а любімага блізкага чалавека, з якім хацеў злучыць лёс, падзяліць сваю самоту. Калі лірычны герой вершаў тоесны аўтару, то, верагодна, перад намі раскрыты этапы няўдалых “залётаў” у родным Мінску 46-гадовага палкага ўдаўца. У снежні 1854 г. паэт, ці не ў пошуках сяброўкі жыцця, едзе ў Бабруйск, дзе ў вершы “Смутак на чужыне” раскрывае свае запаветныя мары-жаданні. Лірычны герой-самотнік нудзіцца на белым свеце, бо няма яму радасці ў жыцці. Ён марыць пра адно, пра тое, што магло б выкінуць нудоту з яго сэрца:

Яшчэ калі б зранку

Дзяўчыны-каханкі

Усмешку адчуць і пагляду праменні, –

Была б асалода,

А то, божа, шкода

Глядзець навакола, дзе нудныя цені (С. 419).

(пераклад М. Хведаровіча)

Ці варта асуджаць паэта? Зрэшты, В. Дунін-Марцінкевіч не патрабуе апраўдання. Ён не мог змяніць мінулага, таму і імкнуўся жыць сучасным для будучыні. Бадай, паэт “паталагічна” баяўся адзіноты, імкнуўся запоўніць сваё існаванне новым трапяткім пачуццём кахання, без якога не ўяўляў сабе паўнацэннага жыцця. Нарэшце, ён “паразумеўся” з Марыяй Грушэўскай, якая стала яго другой жонкай.

У любым выпадку, калі на любоўныя вершы і звярталі ўвагу сучаснікі, то нідзе не зафіксавалі гэта публічна. У адрозненне ад таго ж беларускага “Гапона”, яны доўгія дзесяцігоддзі былі нібы халастым стрэлам, хоць аўтар, выносячы іх на суд публікі, імкнуўся нешта даказаць, сцвердзіць. Але каго тады цікавілі “альбомныя” (па характару) вершыкі апрача, бадай, саміх творцаў і іх “адрасатаў”?

Прыватныя парыванні-памкненні паэта і жаданне адраджаць беларускую (мужыцкую) літаратуру не знаходзілі разумення, пра што сведчыць праграмны і палемічны верш той пары “Хіба я стары?”, напісаны ў Мінску 16 лютага 1856 г. У ім раскрыта сутнасць любімага, нават сакраментальнага для рамантыкаў, канфлікту паміж творчай асобай і варожым ёй натоўпам. Абавязковая для рамантыкаў антытэза напоўнена ў В. Дуніна-Марцінкевіча не толькі асабовым, але і сацыяльным зместам. Норавы ў панскіх салонах прыгняталі паэта. “Хіба я стары?” – гэта спроба дэклараваць уласныя жыццёвыя прынцыпы, увязаўшы іх з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Творца быў перакананы, што нішто ў краі не зменіцца да лепшага, пакуль паны і шляхта не перагледзяць сваіх адносінаў да сялянства. “Для ўсеагульнага дабра” дзве названыя сацыяльныя групы павінны “моцна аб’яднацца”, а шлях да гэтага бачыўся пісьменніку ў маральным удасканаленні “старэйшых братоў”. Менавіта пра сацыяльную “салідарызацыю” ідзе размова і ў вядомым лісце В. Дуніна-Марцінкевіча ў рэдакцыю “Gazety Polskiej” (1861). Аднак у рэчышчы нашай гаворкі самым важным з’яўляецца наступнае: паэт не хавае, што як дзівацтва ўспрымалі не толькі яго творчасць “на мове мужычай”, але і ў прыватным жыцці да яго адносіліся як да “старога” дзівака:

Я – кажуць – стары ўжо, мой адзіны Божа!

Не, гэта няпраўда, гэта быць не можа!

Дарэмна састарыць мяне захацелі,

Шмат я маю сілы і ў душы і ў целе. <…>

Дальбог, не стары я, бяру неба сведкай –

Ніхто не палюбіць, як я, з сілай гэткай! <…>

Я – кажуць – стары ўжо, мой каханы Божа!

Чым пераканаць іх? Ці старасць не можа

Працаваць як трэба? Ці я не гадую

Дзяцей сваіх мілых, хіба не працую? <…>

Калі ж ахвяруюць жанчыны пустыя

Такой маладосці пачуцці святыя,

Дык я не злуюся тады з той прычыны,

Што клічуць старым мяне часта жанчыны.

Я – кажуць – здзяцінеў праз старасць і вершы

І стаў вершаплётам у воласці першым. <…>

“…Навошта нам трэба з мужыком яднацца?

Служыць абавязан ён нам сваёй працай. <…>

Cтары звар’яцеў, што пляце, сам не знае,

Халопскія вершы чытаць прымушае!” (С. 420–422).

(пераклад А. Зарыцкага)

Паэт рашуча і без ваганняў адказвае скептыкам: “Ваш суд мне не страшны… // Крычыце: "Здзяцінеў стары небарака!" Ніхто не ставіць аўтабіяграфізм гэтага твора пад сумненне, хоць у ім аўтар і паўстае не толькі як іранічны маральны і сацыяльны асветнік (прадмет іроніі – маладое пакаленне), але і як асоба, схільная да “амураў”. Таму, здаецца, няма фактычных падстаў думаць, што іншыя лірычныя вершы з’явіліся ў выніку паэтычнай “рэпетыцыі”, што яны не звязаны з біяграфіяй іх творцы, не мелі аўтабіяграфічны характар. В. Дунін-Марцінкевіч адрозніваўся ад прадстаўнікоў свайго асяроддзя не столькі сацыяльнай чуллівасцю, колькі чуйнасцю. Ён сапраўды адным з першых, ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя (вобразна называнага “жалезным”) адчуў, што за тутэйшым сялянствам, яго культурай і мовай, за тым, “што тут адраджаецца на родных глебах”, – будучыня. Пра гэта ён згадаў у праграмным вершы “Хіба я стары?”, дзе выкрываюцца як эмацыянальная нікчэмнасць і духоўная пустата, так і сацыяльны эгаізм вярхоў.

Большую частку творчай спадчыны В. Дуніна-Марцінкевіча складаюць творы, напісаныя на польскай мове. Аднак трэба прызнаць, што колькі-небудзь прыкметнага следу ў польскай літаратуры паэт не пакінуў. Нават прыжыццёвыя водгукі сучаснікаў датычыліся пераважна беларускіх рэчаў. Падводзячы вынікі, Ю. Галомбак у свой час канстатаваў: “Такім чынам, мы скончылі агляд нешматлікіх дробных твораў Марцінкевіча; яны нічога не гавораць нам пра яго творчы кірунак і яшчэ не даюць яму права называцца паэтам, бо ў іх цалкам бракуе паэтычнага духу”[12]. Калі ён і меў пэўную рацыю, “сціпла” ацэньваючы лірычны талент В. Дуніна-Марцінкевіча, то, бясспрэчна, памыляўся, калі не бачыў у інтымных творах паэта праўдзівага пачуцця. Цыкл вершаў В. Дуніна-Марцінкевіча, створаны у другой палове 1854 г., – гэта своеасаблівы інтымны дзённік творцы. Напэўна, гэта была прынцыповая дэманстрацыя эмацыянальнай моцы людзей даўнейшага гарту, якія ў вершы “Хіба я стары?” проціпастаўляліся флегматычна-апатычнай моладзі, што бяздумна “прапальвала” жыццё за картамі. Нават у вельмі сталым веку Навум Прыгаворка, аўтар і герой вершаванага апавядання “З-над Іслачы, або Лекі на сон” (1868), не супраць быў “заварожвацца” прыгажосцю дзяўчат і хваляваць сэрца палкімі прызнаннямі:

Пад гэту вось страху вядуць якіясь чары;

Не дзіва, бо з такіх, што навяваюць мары,

Малодшая з тых дочак, Флёрця цуд-дзяўчына!

Яна маіх уздыхаў і ўсіх дум прычына.

Ды ты, чытач мой, ведай, што дазвол на гэта

Дала здаўна ахвотна мне мая кабета… <…>

Пад ганак пад’язджаю, сэрца мне варожыць,

Што ў сенцах ружа-кветка мне сустрэцца можа!

Не ашукаўся я, з усмешкаю анёла

І, вочак бліскавіцай стрэліўшы вясёла,

Вітае радасна мяне ўсмешкай чару,

Бо ведае, гарэзніца, што ёй да твару.

Так вочак грацыяй, смяшком, што сэрца кратаў,

Яна ўцягнула і мяне ў цэх вар’ятаў (С.401, 402).

(перакладП. Бітэля)

Эпічны па сутнасці сваёй творчасці паэт В. Дунін-Марцінкевіч, тым не менш, адмаўляў прыёмы празаізацыі жыцця. У яго творах цяжка знайсці будзённыя сцэны з побыту беднякоў. Пісьменнік свядома эстэтызаваў жыццё сялянства. Такая эстэтызацыя ў аснове беларускіх твораў паэтычнага эпасу. Прастата, натуральнасць і ідылічнасць карцін сялянскага побыту – даніна сентыменталізму, які ўсё ж пераважаў у творчым метадзе пісьменніка. Амаль ва ўсіх творах ключавым і цэнтральным момантам арганізацыі дзеяння з’яўляецца любоўная інтрыга, у іх абавязкова ставіцца і спецыфічным чынам вырашаецца праблема любоўнага трохкутніка. Гэта датычыць як драматургічнай спадчыны, так і шасці беларускіх твораў паэтычнага эпасу. Аднак нярэдка даследчыкі тлумачаць запал пачуццяў у творах В. Дуніна-Марцінкевіча толькі ўплывам эстэтыкі сентыменталізму. Але гэта толькі адна з прычынаў і, верагодна, не галоўная. Сам жыццёвы вопыт паэта, яго тэмперамент, погляды на каханне як на вышэйшую каштоўнасць у жыцці чалавека, незалежна ад яго ўзросту, таксама паўплывалі на яго творчасць, у тым ліку і беларускамоўную. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – паэт кахання і незвычайная, нават у нечым экстравагантная асоба.

 



[1] Кісялёў Г. Беларускі пісьменнік ХІХ стагоддзя: калектыўны партрэт на фоне эпохі // Янка Лучына ў кантэксце самаідэнтыфікацыі беларускай літаратуры: Матэрыялы рэсп. навук. канф. (Мінск, 25 мая 2001 г.). Мн., 2002. С. 113.

[2] Васючэнка П. Лесунова люстэрка // Полымя. 2001. № 12. С. 273.

[3] Цыт. па: Зарубежная эстетика и теория литературы ХІХ–ХХ вв.: Трактаты, статьи, эссе /Сост., общ. ред. Г.К. Косикова. М., 1987. С. 474.

[4] Дунiн-Марцiнкевiч В. Творы /Уклад., прадм. i камент. Я. Янушкевiча. Мн., 1984. С. 22. У далейшым творы В. Дуніна-Марцінкевіча цытуюцца паводле гэтага выдання з указаннем у дужках старонкі.

[5] Гл.: Кiсялёў Г. Спасцiгаючы Дунiна-Марцiнкевiча: Спроба навуковай сiстэматызацыi дакументаў i матэрыялаў. Мн., 1988; Янушкевiч Я. Беларускi Дудар: Праблемы славянскiх традыцый i ўплываў у творчасцi В. Дунiна-Марцiнкевiча. Мн., 1991; Навуменка І.Я. Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч. Мн., 1992.

[6] Гл.: Мечковская Н. Винцент Дунин-Марцинкевич не был автором водевиля Пинская шляхта // Wiener Slawistischer almanach. 2000. Band 46. S. 225–238.

[7] Гарэцкi М. Гiсторыя беларускае лiтаратуры /Уклад. i падрыхт. тэксту Т.С. Голуб. Мн., 1992. С. 219.

[8] Пачынальнiкi: З гiсторыка-лiтаратурных матэрыялаў ХІХ ст. /Уклад. ГКiсялёў. Мн., 1977. С. 171.

[9] Gołąbek J. Wincenty Dunin-Marcinkiewicz, poeta polsko-białoruski. Wilno, 1932. S. 42.

[10] Навуменка І.Я. Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч. Мн., 1992. С. 51.

[11] Гніламёдаў У. Ад даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларускую паэзію. Мн., 2001. С. 23.

[12] Gołąbek J. Wincenty Dunin-Marcinkiewicz, poeta polsko-białoruski. Wilno, 1932. S. 45.

Hosted by uCoz

Да зместу