Да зместу

Ігар Запрудскі

ЯЛЕГІ ПРАНЦІШ ВУЛЬ І ПЫТАННЕ АТРЫБУЦЫІ
ПАЭМЫ
ТАРАС НА ПАРНАСЕ

Так! – весь я не умру, но часть меня большая,

От тлена убежав, по смерти станет жить,

И слава возрастёт моя, не увядая,

Доколь славянов род вселенна будет чтить

Г. Державин «Памятник»

У ХІХ стагоддзі на літаратурнай ніве працаваў таленавіты паэт, вядомы сёння як аўтар аднаго беларускага верша. Гэта Ялегі Пранціш Вуль (сапраўднае прозвішча Карафа-Корбут) – віцебскі службовец, паплечнік і аднадумец Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, удзельнік паўстання 1863–1864 гг., катаржанін… Намаганнямі слыннага даследчыка роднай літаратуры Генадзя Кісялёва выяўлены многія паасобныя факты з яго біяграфіі. У працах вучонага "Арцём Вярыга-Дарэўскі: З гісторыі літаратурнага Віцебска" (1966), "Пошукі імя" (1978), "Разыскивается классик…" (1989) і іншых, а таксама ў падрыхтаваным ім зборніку гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. "Пачынальнікі" (1977) нязменна звярталася ўвага на постаць гэтага неардынарнага пісьменніка [Гл.: Кiсялёў 1971, 144–212; Кісялёў 1978; Киселёв 1989; Кiсялёў 1993; Кісялёў 1994, 120–147]. Але тым не менш пакуль мы маем толькі агульнае ўяўленне пра яго жыццёвы і творчы лёс

Нарадзіўся Ялегі Пранціш у Віцебску 21 красавіка (новага стылю) 1835 года і быў старшым сынам у сям'і беднага тутэйшага чыноўніка Маўрыкія Фаміча Карафа-Корбута, які так і не здолеў даказаць сваё шляхецкае паходжанне і збудаваць удалую службовую кар'еру. З 1846 года хлопчык вучыўся ў Віцебскай гімназіі, выкладанне ў якой, як і ў іншых гімназіях на Беларусі, вялося на рускай мове. Ад платы за навучанне яго бацька быў вызвалены па прычыне надзвычайнай беднасці. Датаваныя пачаткам 50-х гг. запісы ў журнале наглядчыка за вучнямі сведчаць, што Франц Корбут часта хварэў: прастуджваўся, пакутаваў ад "моцнага ўдушша" і галаўнога болю. Думаецца, якраз слабое здароўе і неўладкаванае матэрыяльнае становішча сям’і – тыя прычыны, што не дазволілі юнаку закончыць VII выпускны клас. Пры натуральным ходзе навучальнага працэсу ён мусіў развітацца з гімназіяй у 1853 годзе, але з’яўляўся гімназістам і ў наступным (1854) годзе.

Ужо падчас вучобы малады чалавек выявіў свае непаспалітыя літаратурныя здольнасці, прызнанне якіх неаднойчы было дакументальна засведчана як кіраўніцтвам гімназіі, так і апекуном Пецярбургскай навучальнай акругі, да якой гімназія адносілася. Сачыненні на вольныя тэмы Францішка Карафа-Корбута, прайшоўшы, як сёння сказалі б, два этапы адборачнага конкурсу, і ў родным Віцебску і ў сталіцы, нязменна заслугоўвалі ўхвалу і адносіліся на разраду выдатных. Самі назвы яго вучнёўскіх прац – "Воспоминания детства и юности" (верасень 1851), "Витебск" (верасень 1852), "Крестины у белорусских крестьян" (май 1853), "О Державине вообще и об оде "Бог" в особенности" (студзень 1854) – пераконваюць, што ўжо ў ранні перыяд творчасці індывідуальная манера будучага пісьменніка фарміравалася пад вызначальным уплывам сінтэзу беларускай народнай культуры і традыцый рускай прафесійнай паэзіі, спалучала краязнаўчую тэматыку, якая не ўяўляецца па-за патрыятычным кантэкстам, з шырокімі магчымасцямі мемуарнай формы выкладання. А гэта якраз тыя знешне разнародныя плыні, якія так бліскуча скантамінуюцца ў геніяльных творах – паэме "Тарас на Парнасе" і гутарцы "Два д’яблы". Фармальна наша знакамітая паэма – гэта ўспаміны аўтара, які знаёміць чытачоў з запісанымі ім успамінамі героя пра неверагоднае здарэнне ў яго жыцці. Віцебскія рэаліі рэльефна адлюстраваліся ў названай гутарцы. І ў абодвух творах у сінкрэтычным выглядзе дэманструецца арганічны сплаў сялянскага (беларускага) этнаграфічнага матэрыялу з элементамі высокай дваранскай (рускай) кніжнай культуры.

Паэма "Тарас на Парнасе" нібы ў фокусе сабрала і з'яднала вельмі многае: "сціплыя" дасягненні беларускага мастацкага слова (гэта выразны працяг традыцыі, запачаткаванай у "Энеідзе навыварат"), антычную культурную спадчыну, з якою аўтар быў знаёмы непавярхоўна, здабыткі рускай паэзіі і прозы, а таксама, пра што часта забываюць, пласт польскага ці, дакладней, польска-беларускага тэатральнага мастацтва. Гэты апошні чыннік найменш вывучаны, але, характарызуючы рэпертуар Забельскага школьнага тэатра, што актыўна дзейнічаў на Віцебшчыне ў канцы ХVІІІ ст. і, бадай, у пачатку ХІХ ст., А.Мальдзіс пісаў: "Да «несур’ёзнай» часткі забельскага рэпертуару адносіцца таксама "Апалон-заканадаўца, або рэфармаваны Парнас – аперэтка, складзеная з размоў і спеваў". Мяркуючы па прадмове, выконвалася яна ў сувязі з заканчэннем навучальнага года. Празаічныя дыялогі ў аперэце пісаны рукой Цяцерскага, вершаваныя ж арыі – іншай, менш спрактыкаванай рукой. Аўтарам музыкі з’яўляецца выкладчык Забельскай калегіі Рафаіл Вардоцкі. <…> Дзеянне ў аперэце адбываецца на Парнасе, населеным антычнымі багамі, героямі і пісьменнікамі. Паўнапраўным жыхаром Парнаса становіцца беларускі селянін (тут напрошваецца аналогія з паэмай "Тарас на Парнасе")" [Мальдзіс 1980, 327]. Менавіта Забельскую гімназію ў свой час скончыў А. Вярыга-Дарэўскі. А яго найбліжэйшы паплечнік па паўстанню 1863–1864 гг. Маўрыкій Карафа-Корбут, які скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію, таксама павінен быў ведаць пра традыцыі школьнай польска-беларускай сцэны на Віцебшчыне. Ва ўсякім разе, бацька паэта быў аматарам тэатра і не без поспеху імкнуўся прывіць сваю любоў і дзецям. Паэма "Тарас на Парнасе" нібы сапраўды ўзнікла "на скрыжаванні славянскіх традыцый", таму, відаць, меў рацыю А. Рыпінскі, калі звязваў яе з’яўленне з гучным рэзанансам, які выклікала ў расійскім грамадстве творчасць Тараса Шаўчэнкі.

Пры характарыстыцы атмасферы ў Віцебскай гімназіі варта асобна падкрэсліць такі істотны фактар, як наватарскі падыход і высокі ўзровень выкладання дысцыплін філалагічнага профілю. Думаецца, што і аб’ект даследавання ў апошнім з вядомых нам сачыненняў Ф. Корбута (творчасць найбуйнейшага прадстаўніка позняга расійскага класіцызму Гаўрылы Дзяржавіна) быў абраны невыпадкова. Як непасрэдны прадвеснік Пушкіна, гэты паэт у асобных творах, свядома парушаючы нарматыўную паэтыку, змешваў "высокае" і "нізкае", побач з адцягненасцю і ўмоўнасцю, антычнымі міфалагічнымі вобразамі досыць шырока ўжываў прастамоўе і фальклорныя матывы. Скажам, у аўтабіяграфічным вершы "Видение Мурзы", дзе ўздымалася класічная тэма паэта і паэзіі, тым не менш ёсць радкі: "И словом: тот хотел арбуза, / А тот солёных огурцов" [Западов 1985, 207]. Падобныя падыходы пазней будуць "прадэманстраваны" ў "Тарасе на Парнасе", паэме, якая фармальна таксама заснавана, як заўважыў яшчэ М. Лазарук [Лазарук 1968, 179], на "видении", "мроіве". Для нагляднасці прывядзём і такі прыклад (пачатковыя і заключныя радкі з верша Г. Дзяржавіна "Русские девушки" (1799):

Зрел ли ты, певец Тиисский!

Как в лугу весной бычка

Пляшут девушки российски

Под свирелью пастушка?

Как, склонясь главами, ходят,

Башмаками в лад стучат,

Тихо руки, взор поводят

И плечами говорят?

<…>

Коль бы видел дев сих красных,

Ты б гречанок позабыл

И на крыльях сладострастных

Твой Эрот прикован был

[Западов 1985, 225].

А вось два катрэны з беларускай паэмы:

Кали-ж зайграу дудар плясуху,

Нияк Тарас наш ни сьцярпеу

И з лауки ен, што есьци духу,

Скакаць на хату паляцеу.

Як стау прыстукиваць атопкам,

Аж рты разинули баги…

То ен прытопниць, то прысьвисьне,

То шпарка ходзиць у круги

[Шляхам гадоў 1990, 243–244].

У праграмным вершы "Помнік" (1795) Г. Дзяржавін сцвярджаў, што першым наважыўся "в забавном русском слоге" гаварыць пра разнастайныя і важныя рэчы, бо ў часы паэта рускамоўная паэзія сапраўды ўспрымалася большасцю выключна як забаўка. Аўтар "Тараса на Парнасе" таксама адчуваў, што ў яго час беларускае вершаскладанне больш дарэчы для "забаўляльнасці", і гэтае з поспехам даказаў. Вершы Г. Дзяржавіна маглі імпанаваць хваравітаму віцебскаму гімназісту і перадачай адчування хуткаплыннасці чалавечага жыцця, і дэкларацыяй роўнасці ўсіх, уладароў і рабоў, перад немінучасцю смерці, і цеплынёю ўспамінаў дзяцінства, і любасцю да роднага кута і многім іншым. Увогуле, гэта тэма асобнай і вялікай гаворкі.

Неруціннасць выкладання славеснасці ў Віцебскай гімназіі акрамя іншага пацвярджаецца і цікавасцю да творчасці Мікалая Гогаля, твору якога было прысвечана, таксама адзначанае ў ліку лепшых, сачыненне "Тарас Бульба" аднакласніка і своеасаблівага "канкурэнта" Ф. Корбута, вучня Кажэўнікава. Мы звяртаем увагу на гэтую акалічнасць не толькі па прычыне тоеснасці імёнаў, якія фігуруюць у назвах гогалеўскага і беларускага твораў, але і таму, што выключная арыгінальнасць і неверагодная тагачасная папулярнасць, і не толькі ў Расіі, твораў аўтара "Вечароў на хутары каля Дзіканькі" (1831–1832), дзе намаляваны каларытныя нацыянальныя карціны сутыкнення сілаў ірэальнага свету з будзённым жыццём канкрэтных людзей, не маглі не паўплываць на развіццё новай беларускай літаратуры, не выклікаць жадання засвоіць гогалеўскія творчыя знаходкі і выкарыстаць іх на глебе ўласнага прыгожага пісьменства. І ў "Тарасе на Парнасе", і асабліва ў "Двух д’яблах" фантастычнае і рэальнае суіснуе побач і па-гогалеўску надзяляецца здольнасцю непасрэднага ўзаемаўплыву, бо персанажы двух светаў элементарна і лёгка ўмешваюцца ў справы адзін аднаго, супольна банкетуюць, скачуць, канфліктуюць, б’юцца і г. д. Цяжка сабе ўявіць, каб Ф. Корбут, здольнасці якога па свайму прадмету выкладчык-славеснік нязменна ацэньваў як выдатныя, не ведаў і не захапляўся рамантычнай па эстэтыцы творчасцю расійскага празаіка-ўкраінца. Дарэчы, з квартэта карыфеяў расійскай літаратуры (Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі, Гогаль), якія на вачах палясоўшчыка Тараса "прайшли, як павы, на Парнас" [Шляхам гадоў 1990, 239], у рэальным жыцці найбольш складаныя стасункі з Ф. Булгарыным былі менавіта ў М. Гогаля. Пры гэтым аднак варта нагадаць, што "прыбіты да слупа ганьбы" рэдактар "Северной пчелы" ўвогуле нямала паспрыяў росту папулярнасці "Героя нашага часу" М. Лермантава.

"Вообще показательно, – разважаў напрыканцы гісторыка-літаратурнай дылогіі "Расшукваецца класік…" Г. Кісялёў, – что исследование авторства "Тараса на Парнасе" уже не первый раз выводит нас на Вуля. Своим талантом Вуль настолько близок к таланту автора "Тараса на Парнасе", что невольно приходит в голову, не Вуль ли написал поэму. Однако против такого допущения встаёт многое: не чуждый русской культуре (хотя бы через гимназию), Вуль воспитывался в католической семье польской ориентации; он не бывал в Петербурге, не видел Булгарина и Греча, описанных в поэме очень живо, словно с натуры" [Киселёв 1989, 400]. Не будзем прыводзіць рэшту аргументаў "супраць", а звернем увагу на названыя. Першы з іх нам уяўляецца не зусім пераканаўчым, хаця б па той прычыне, што, скажам, выхаванне ў каталіцкай сям’і польскай культурнай арыентацыі ніяк не замінала нашым землякам, таму ж Ф. Булгарыну або В. Сянкоўскаму, надзеленых немалымі здольнасцямі, заняць далёка не апошняе месца на расійскім літаратурным Парнасе. А. Герцэн назваў апошняга "Мефістофелем мікалаеўскай эпохі", не лепшыя характарыстыкі меў і рэдактар "Северной пчелы". Нягледзячы на прысутнасць рамантычных парыванняў як у жыцці, так і ў творчасці, абодва яны вельмі спакойна, рацыянальна, а часам і проста цынічна ставіліся да сваіх літаратурных і выдавецкіх абавязкаў, глядзелі на іх прагматычна, як на рамесніцтва. Гэта была не справа сэрца, а справа “хлеба”, яны так і засталіся "чуждыми" людзьмі для рускай культуры, на ніве якой зараблялі на пражыццё, але якую так і не ўспрынялі як родную, бо проста не маглі шчыра палюбіць.

Не хочацца ўдавацца ў нюансы, але… Нягледзячы на "выдатны" кантэкст, прыгадванне памерлых класікаў у "зніжанай" гумарыстычнай паэме побач з літаратурным "збродам", параўнанне іх з "птушкамі" ці яшчэ "лепш" з "павамі", самкамі паўліна (нагадаю пра неадназначнасць семантыкі гэтага слова), называнне іх "добрымі маладцамі", думаю, мог сабе "дазволіць" толькі "культурны іншародзец". Зрэшты, гэта маё меркаванне можна бясконца аспрэчваць. Таму застаецца толькі нагадаць пра пункт гледжання сучасніка, а, можа, нават і знаёмага аўтара паэмы, уладальніка самага ранняга з вядомых сёння і, бадай, найбольш блізкага да аўтарскага спісу "Тараса на Парнасе", гісторыка літаратуры Беларусі і даследчыка, які ўвогуле першым закрануў пытанне атрыбуцыі твора. Зразумела, ён павінен быў лепш за нас ведаць тагачасную культурную ментальнасць, адчуваць дух свайго часу, яго "псіхаідэалогію" (М. Піятуховіч). Дык вось, Аляксандр Рыпінскі адзначыў: "Здаецца, <…> што гэта наш брат, польскі шляхціц, напісаў" [Цыт. па: Кiсялёў 1993, 371]. І гэта факт, з якім нельга не лічыцца.

Што датычыць меркавання пра тое, што аўтар паэмы павінен быў бачыць Ф. Булгарына і М. Грэча. Гэта ўвогуле са сферы літаратуразнаўчай міфалогіі. Міф пра апісанне ў паэме знешнасці Ф. Булгарына нібы з натуры быў народжаны такой кароткай памфлетнай характарыстыкай:

Глядзиць Тарас, аж гэта сивый,

Кароткий, тоустый, быць чурбан,

Плюгавый дужа, некрасивый

Крычыць, як ашалелый, пан

[Шляхам гадоў 1990, 239].

Людзі, якія сапраўды добра ведалі Ф. Булгарына, бо сябравалі з ім, пакінулі іншыя "партрэты". "Волосы, уже седеющие, коротко острижены, черты лица необычайно выразительны, глаза большие, нос и губы выпячены. Рост высокий, телосложение среднее" [Булгарын 2003, 502], – так апісаў пецярбургскага рэдактара Адам Кіркор у 1846 г. "Тучный, широкоплечий, толстоносый губан" [Булгарын 2003, 461] – вось характарыстыка, дадзеная "таварышам" М. Грэчам. Ва ўсякім разе, ні "кароткім", ні "плюгавым", г. зн. мізэрным, худым, нікчэмным з выгляду, Ф. Булгарын не быў. Хутчэй за ўсё апісанне гэтага "персанажа" ў паэме грунтуецца на шматлікіх карыкатурах, і найперш на іх, а таксама эпіграмах, якія шырылі папулярнасць рэдактара "Северной пчелы" не менш за яго бойкае і з’едлівае пяро. А знешнасць М. Грэча аўтар "Тараса…" ўвогуле ніяк не адлюстраваў:

Таварыш поплич з им идзець

И нясьци книжки пасабляиць,

А сам граматыку нясець,

Што у сминарнях абучаюць

[Шляхам гадоў 1990, 239].

Таму "прысутнасць" паэта ў Пецярбургу ўяўляецца зусім неабавязковай. Жывучы ў Віцебску і сочачы за матэрыяламі перыёдыкі, можна было нядрэнна арыентавацца ў перыпетыях рускага літаратурна-грамадскага руху. Дарэчы, у згаданай граматыцы М. Грэча, па якой, як высветліў Г. Кісялёў, вучыліся ў семінарыях у 1840–59 гг., сцвярджалася, што беларуская "мова складаецца са словаў царкоўна-славянскіх, польскіх і лацінскіх" [Цыт. па: Шыбека 2003, 74]. Праўда, тут "лінгвіст" не быў арыгінальным, а ішоў услед за гісторыкам М. Устралавым, які ў “Рускай гiсторыi” (1837) пісаў: “Беларуская гаворка, якая панавала ў Лiтоўскiм княстве, уяўляла пачварную сумесь слоў i зваротаў рускiх, польскiх i лацiнскiх” [Устрялов 1837, 364]. I ў тагачасных расійскіх навуковых колах такая думка была прэвалюючай, што і магло выклікаць смелы намер аўтара "Тараса…" даказаць яе абсалютную памылковасць.

У сям’і Маўрыкія Кузьміча Карафа-Корбута, нягледзячы на матэрыяльныя нястачы, ніколі не забываліся пра хлеб духоўны. Старэйшы сын разам з бацькамі наведваў тэатр, што, відаць, не віталася адміністрацыяй гімназіі, выдатна іграў на фартэпіяна, захапляўся паляваннем… А гэта для нас асабліва істотнае хобі, бо герой-палясоўшчык у паэме "Тарас…" паказаны ў лесе, так сказаць, у час сваёй прафесійнай дзейнасці. Сумнеўна, каб так па-майстэрску апісаць, хай сабе і невялічкі "паляўнічы" эпізод, мог чалавек абсалютна незнаёмы з такім заняткам. І тое, што ў бацькі "здаўна" была аднаствольная стрэльба, толькі пацвярджае слушнасць прызнання Францішка (дарэчы, напісанага ўласнай рукой) у тым, што ён, як і "амаль кожны" з яго таварышаў, удзельнікаў збройнага выступу на Віцебшчыне, быў "даволі заўзятым паляўнічым" [Пачынальнiкi 1977, 372]. Немалаважны факт, бо "Тарас на Парнасе" – гэта, калі дазволіце, своеасаблівая "паляўнічая байка", адметны "жанр", нязменна папулярны ва ўсе часы і ва ўсіх народаў (барон Мюнхаўзен, у нас – Караль Радзівіл Пане Каханку).

Пераважная большасць даследчыкаў сёння сыходзіцца на тым, што паэма "Тарас на Парнасе" напісана ў 1855 г. Аднак ва ўмовах адсутнасці друкаванай трыбуны тагачасныя беларускія творы былі асуджаны на шматгадовую "вытрымку": вуснае бытаванне, пашырэнне ў рукапісах, фалькларызацыю. Так, паэма "Энеіда навыварат", напісаная В. Равінскім напярэдадні або неўзабаве пасля руска-французскай вайны 1812 г., была апублікавана толькі ў 40-я гг. ХІХ ст., ананімны верш "Віншаванне бондара Савасцея", узнікненне якога звязана з паразай паўстання 1830–1831 гг., упершыню надрукаваны ў 1848 г., першапублікацыя "Гутаркі Данілы са Сцяпанам", якая паўстала незадоўга перад 1861 г., адносіцца да 1886 г. Тое ж было наканавана і паэме "Тарас на Парнасе", тэкст якой упершыню быў надрукаваны толькі ў 1889 г.

Паэма ўзнікла якраз у той перыяд жыцця Францішка Корбута, пра які нам, на жаль, амаль нічога невядома. У пачатку 1854 г. ён вучыўся ў VІІ класе Віцебскай гімназіі, а затым "выбыў" з ліку навучэнцаў. Затое новы этап у яго жыцці, чыноўніцкі, зафіксаваны дакументальна: "По выбытии из седьмого класса Витебской губернской гимназии поступил на службу в Витебскую палату государственных имуществ писцом среднего разряда хозяйственного отделения тысяча восемсот пятьдесят шестого года апреля двадцатого. Помещён на вакансию писца высшего разряда в том же отделении 30 октября 1857 года. Согласно прошению уволен от службы для поступления в высшее учебное заведение по постановлению 30 июля 1862 года" [Пачынальнiкi 1977, 369]. Гаспадарчы аддзел палаты дзяржаўных маёмасцяў, дзе, заўважым, пасля "паўналецця" (21 год) пачаў служыць Ф. Корбут, займаўся якраз і акцызнымі пытаннямі, зборам і ўлікам падаткаў ад продажу гарэлкі. Такім чынам, спецыфіка працы магла даць "удзячны" матэрыял і паслужыць штуршком для напісання скіраванай супраць п’янства і спойвання жыхароў гутаркі "Два д’яблы", тэкст якой, відаць, сапраўды ўзнік у 1860 годзе. Ці не паказальнае супадзенне?

Верагодна, недзе да 1856 года можна адносіць знаёмства маладога чыноўніка Ф. Корбута з беларускім пісьменнікам А. Вярыгам-Дарэўскім, які ў другой палове 50-х гадоў супрацоўнічаў з многімі выданнямі, вёў перамовы пра публікацыю сваіх беларускіх твораў з рэдакцыямі віленскага альманаха "Teka Wileńska", пецярбургскай газеты "Słowo", варшаўскага часопіса "Ruch Muzyczny" і інш. А. Вярыга-Дарэўскі даражыў любой магчымасцю надрукаваць свае творы, але высакародна імкнуўся дапамагчы апублікавацца і маладзейшым таварышам, сярод якіх, напэўна, быў і Ф. Корбут. 22 студзеня 1857 г. Я. Грыгаровіч, супрацоўнік рэдакцыі (паводле іншых крыніц рэдактар) варшаўскай "Gazety Codziennej i Rolniczej" у лісце-адказе абнадзейваў А. Вярыгу-Дарэўскага: "Што да прац маладых пісьменнікаў, да іх мы адносімся з найвялікшай зычлівасцю, і лічым за гонар які-небудзь талент выпусціць у свет. Таму як сэрцы беларусаў для нас адкрыты, так старонкі нашай газеты для беларусаў. Тое, што ўжо гатова, просім прысылаць, і калі калегіяльна вызначым вартым друку, то напэўна будзе надрукавана. Але ёсць невялікае пытанне…" [ДГА Літвы. Ф. 1135. В. 4. С. 391. Л. 58]. Гэтае пытанне заключалася ў тым, што газета сябе не акупляла і таму не мела магчымасці плаціць ганарары. Думаецца, такая акалічнасць не была прынцыповаю як для А. Вярыгі-Дарэўскага, так і асабліва для яго маладзейшых таварышаў. Але чаму мы з такой упэўненасцю адносім Ф. Корбута да ліку "маладых пісьменнікаў", пра якіх згадвалася ў лісце? Бо пазней яго допіс апублікуюць на старонках гэтай газеты і ў ім з удзячнасцю будзе апавядацца пра чыннасць А. Вярыгі-Дарэўскага, "альтруістычны" клопат якога, відаць, выклікаўся разуменнем значнасці таленту прадстаўнікоў маладзейшай літаратурнай генерацыі.

Аднак часцей за ўсё абяцанні рэдактараў віленскіх, пецярбургскіх і варшаўскіх выданняў не спраўджваліся. Сёння рукапісы шматлікіх твораў А. Вярыгі-Дарэўскага не адшуканы. Пры жыцці ён апублікаваў, бадай, толькі два беларускія творы: "Гімн: Да абраза цудоўнай маткі боскай бялыніцкай над Дняпром" і "Думка: Салдатка (з камічнай оперы "Грэх 4-ы – гнеў")", змешчаныя ў часопісе "Ruch Muzyczny" ў 1859 г. Паэтычнае майстэрства пісьменніка, калі меркаваць паводле гэтых тэкстаў, было даволі пасрэдным, і ён, напэўна, сам разумеў, што не можа "спаборнічаць", напрыклад, з аўтарам "Тараса на Парнасе". Мы апрыёры сыходзім з таго, што паэма была вядома гэтаму літаратару ўжо ў хуткім часе пасля свайго ўзнікнення.

Напярэдадні паўстання 1863–1864 гг. А. Вярыга-Дарэўскі знаходзіўся ў цэнтры літаратурна-грамадскага руху на Віцебшчыне. Паэт здолеў выдаць асобным выданнем толькі вершаваную польскамоўную паэму "Гутарка пра сваяка (З папкі "Беларускія малюнкі" № 1)", падпісаную псеўданімам "Беларуская дуда" (Магілёў, 1858). Гэты твор толькі нядаўна ўведзены ў літаратурны ўжытак, дзякуючы перакладу на беларускую мову Ігара Сіроткіна. Паэма мае аўтабіяграфічны характар і сведчыць, што патрыятызм і дэмакратызм былі ключавымі аспектамі светапогляду аўтара. Лірычны герой паэмы, сын незаможных бацькоў, па волі лёсу накіроўваецца з родных берагоў Дзвіны ў Мінск. У "Гутарцы…" выразна прасочваецца ўплыў краёвых літаратурных традыцый, але важкі ў ёй і наватарскі элемент. Музычнасць, багацце інтанацый і рытму, разнастайнасць строфікі, насычанасць лірычнымі адступленнямі і пейзажнымі замалёўкамі, спалучэнне эпічнага і лірычнага, рэалістычны характар, скептычнае стаўленне да прадстаўнікоў арыстакратыі, паказ перыяду маладосці і станаўлення героя, форма гутаркі – вось што можна адзначыць, сцісла характарызуючы гэты твор. У "Гутарцы…" сюжэтны кампанент уяўляецца другарадным. Юнак, які ўзгадаваўся на Падзвінні, адчуваючы нейкія невыразныя парыванні, едзе ў Мінск. Там ён спазнае нэндзу, хваробу, праходзіць праз выпрабаванні, відаць, каб сустрэцца з каханай, простай добрай дзяўчынай, якой аддае перавагу, не паквапіўшыся на знешне зманлівы бляск пустой графіні. Вось такая гісторыя. Але ў тэксце праводзіцца выразная ідэя – ідэя сваяцкасці, генетычна звязаная з нацыянальна-вызваленчым рухам. Яе можна разглядаць як звяно ланцуга: да яе – міцкевічаўскі краёвы патрыятызм, пазней – багушэвічаўская і купалаўская "тутэйшасць". Сутнасць ідэі сваяцкасці заключана ў радку – "вучыцца быць сваякамі". "Сваякі" жывуць у Віцебску, Мінску, Магілёве, Вільні, іх братам называецца "валынскі вандроўнік", можа, гэта Ю. Крашэўскі ці Э. Жалігоўскі. "Гутарка пра сваяка" – гэта заклік памятаць пра крэўную роднасць, змагацца за яе захаванне і культываванне, нагадваць пра сваяцтва ўсіх жыхароў краю, не губляць у віры будзённых клопатаў і неспрыяльных акалічнасцяў уласную адметнасць.

У тагачасных адукаваных жыхароў Віцебшчыны і Магілёўшчыны існаваў своеасаблівы псіхалагічны комплекс: яны баяліся, што ім адмовяць у праве называцца палякамі. Паляк у ХІХ ст. – гэта палітонім, які не трэба блытаць з этнічным самавызначэннем. Гэта тое ж, як за мяжою рускімі называлі і называюць дасюль усіх жыхароў былога СССР. Цэнзурай абумоўлена тое, што каб выказаць свае ідэі, аўтар у "Гутарцы пра сваяка" прыбягаў часам да "наіўнага" (з пазіцый сённяшняга дня) проціпастаўлення: "свае" танцы – кракавяк, гапак, мазурполька ці мазурка ў апазіцыі да "чужой" кадрылі, як адзначаецца, "нудным бляскам блізкай да французскай мовы". Менавіта ў другой палове ХІХ ст. папулярная ў Еўропе кадрыля пашыраецца і ў Беларусі. Паказальна, што А. Вярыга-Дарэўскі не прамінуў прыгадаць і "братоў", чытай "сваякоў", "з-пад нізкіх стрэхаў", г. зн. сялянства. Ідэя сваяцтва ўсіх тутэйшых, незалежна ад сацыяльнага паходжання, – істотны аспект у паэме. "Гутарка пра сваяка" – твор свайго часу, твор шматпланавы, у нечым алегарычны, насычаны алюзіямі. Яго аналіз і значэнне яшчэ акрэсляцца.

А. Вярыга-Дарэўскі быў чалавекам камунікабельным і актыўным, пра што даюць уяўленне матэрыялы рукапіснага "Альбома", распачатага ў Вільні запісам У. Сыракомлі, датаваным 21 кастрычніка 1858 г. У 1858–1862 гг. жыхары Вільні, Мінска, Магілёва, Віцебска ды іх ваколіц, вядомыя літаратары і дзеячы культуры (У. Сыракомля, А.Э. Адынец, А. Кіркор, В. Каратынскі, В. Дунін-Марцінкевіч і інш.), прадстаўнікі інтэлігенцыі і паспалітыя грамадзяне пакінулі свае запісы пра дзейнасць А. Вярыгі-Дарэўскага, жадалі яму поспехаў на ніве беларускай паэзіі, пагаджаліся з неабходнасцю мацаваць "сваяцкія" сувязі жыхароў розных рэгіёнаў краю.

Прыезд А. Вярыгі-Дарэўскага ў Вільню менавіта ўвосень 1858 г. не быў выпадковым. Апантаны збіральнік рукапісаў, які ведаў многія унікальныя факты з гісторыі літаратурнага жыцця на Беларусі ў ХІХ ст., Р. Зямкевіч, думаецца, небеспадстаўна пісаў: "Год гэты (1858. – І. З.) для нас важны тым, што ў Вільні адбыўся першы беларускі сход пісьменнікоў, каторые апрацавалі план выдаўніцтва кніжэк для беларускаго народу, што меўся быць вызволеным з цяжкаго прыгону. Змяніліся часы і з гэтаго нічога не выйшло. З беларускіх пісьменнікоў былі тады ў Вільні, апроч Сырокомлі, Монюшкі, Вінцука Коротынскаго, Ромуальда Подбэрэскаго і Кіркора, Вінцук Дунін-Марцінкевіч, Арцём Вэрыга-Дарэўскі і колькі маладых" [Зямкевiч 1911, 7]. Вядома, у гэтай інфармацыі ёсць відавочныя недакладнасці, але звернем найперш увагу на прысутнасць на сходзе "маладых" літаратараў.

У запісах "Альбома" двойчы згадваецца нейкі таямнічы малады спадарожнік А. Вярыгі-Дарэўскага, пра яго не забыўся У. Сыракомля, а гісторык літаратуры і педагог А. Здановіч пакінуў такі запіс: "Чым для мусульманіна з’яўляецца Мека і Медына, тым для жыхароў даўняга княства Літоўскага павінен быць стары горад Гедыміна. Дык вось тваё падарожжа з маладым таварышам, высакародны беларусе, у нашу Вільню, як, з аднаго боку, прыносіць табе пашану, так хай будзе прыкладам і заахвочваннем для тваіх суайчыннікаў, каб і яны таксама для падтрымання вузаў маральнага сваяцтва з намі хоць бы раз у жыцці зрабілі падобнае паломніцтва да нас. Развітваюся з вамі, шаноўныя вандроўнікі, і аддаюся вашай прыязнай памяці" [Пачынальнікі 1977, 254]. У гэтым запісе, па сутнасці, выкладзена матывацыя "ваяжу" і адначасова ключавая ідэя "Гутаркі пра сваяка" А. Вярыгі-Дарэўскага, малады спадарожнік якога названы "таварышам" пісьменніка. Трэба думаць, што ён таксама павінен быў мець дачыненне да краснага пісьменства. Г. Кісялёў выказаў меркаванне, што разам з аўтарам "Гутаркі…" Вільню мог наведаць яго швагер, магілёвец Апалон Кавалеўскі [Пачынальнікі 1977, 245]. Але дакладна зафіксавана, што падарожнічаў з пісьменнікам з Магілёва ў Вільню Юлій Рэніер, які пакінуў адпаведны запіс у тым жа "Альбоме" [Пачынальнікі 1977, 250]. Таму мы змушаны адкінуць версію, што гэтым "шаноўным вандроўнікам" мог быць Ф. Корбут, які на нейкі тыдзень мог вызваліцца ад сваіх службовых абавязкаў і без афіцыйнага дазволу начальства. Цікава, што ў пазнейшых мінскіх і магілёўскіх запісах пра спадарожніка А. Вярыгі-Дарэўскага згадак больш няма. У пачатку лістапада пісьменнік гасцяваў у Дудара Беларускага ці В. Дуніна-Марцінкевіча, які разам з дачкой Камілай пакінуў запіс у "Альбоме" і ўжо тады ж мог перапісаць для сябе, крыху падрэдагаваўшы па свайму густу, тэкст паэмы "Тарас на Парнасе".

А. Вярыга-Дарэўскі вярнуўся ў родны Віцебск у пачатку 1859 г. Напярэдадні скасавання прыгону беларускай мовай карысталася даволі значная частка інтэлігенцыі краю, бо ў "Альбоме" ўжо было зроблена шэсць беларускамоўных запісаў: вершы "Далібог-то, Арцім…" В. Каратынскага, "Арцёмка дарагенкі…" М. Рэніера, "Бялорускі Дудару…" М. Караткевіча, "Словна з неба Божый дар…" Якуба Т…..кага, невялікі празаічны запіс Эдварда Г….. і ўрыўкі з перакладу "Пана Тадэвуша" В. Дуніна-Марцінкевіча. З пункту гледжання гісторыка-літаратурнага, кожны з гэтых запісаў па-свойму цікавы і каштоўны, але трэба прызнаць, што ў мастацкіх адносінах паэтычныя тэксты, асабліва калі падыходзіць да іх з эстэтычнымі крытэрыямі высокага парадку, не вызначаюцца ні добрай тэхнікай верша, ні багаццем рыфмоўкі, ні арыгінальнасцю вобразнасці, ні яркімі тропамі. Адным словам, гэта "прыстойныя" для свайго часу тэксты, на якіх, аднак, няма пячаткі бясспрэчнага таленту.

19 сакавіка 1859 г. у Віцебску быў наладжаны дабрачынны канцэрт на карысць бедных. Праз месяц, 19 красавіка, сродкі ад падобнай імпрэзы збіралі на парафіяльны пабернардынскі касцёл св. Антонія. Чынны ўдзел у абодвух канцэртах браў Ф. Корбут, які як саліст, або адзін з выканаўцаў іграў на фартэпіяна санату Бетховена, варыяцыі Раселена, уверцюры з "Аберона" Вебера і оперы "Вільгельм Тэль" Раселена, фантазію Тальберга, пра што паведамлялася ў вераснёўскай карэспандэнцыі А. Вярыгі-Дарэўскага ў варшаўскі часопіс "Ruch Muzyczny". Як бачым, разнастайнасць музычнага рэпертуару маладога чыноўніка можа сведчыць пра яго немалыя здольнасці і навыкі выканаўца, якія ён насмеліўся вынесці на суд шырокай публікі.

Праз чатыры дні пасля першага віцебскага дабрачыннага канцэрта ў "Альбоме" А. Вярыгі-Дарэўскага з’явіўся 28-ы запіс, зроблены Ф. Карафа-Корбутам. Ён складаецца з двух вершаў: беларускага – "К дудару Арцёму ат наддзвінскага мужыка" і польскага – "Няновая думка". Пасля кожнага з тэкстаў адпаведна на тых жа мовах падаюцца "выходныя дадзеныя": "23 марца 1859 года, у панідзелак. Віцебск. У псярні. Ялегі Пранціш Вуль" і "23 сакавіка 1859 г., у панядзелак. Віцебск. У пекле. Элегій Францішак Вуль, з-над Заходняй Дзвіны". Такім чынам, у гэтым запісе Ф. Карафа-Корбут паўстае як беларуска-польскі двухмоўны паэт, які карыстаецца адным псеўданімам, так бы мовіць, спецыяльна аформленым у двух рэдакцыях, згодна культурным традыцыям і законам кожнай з "рабочых" моў. Хоць знешне здаецца, што тэматыка і праблематыка гэтых вершаў Я. Вуля абсалютна розная, яны звязаныя паміж сабой спецыфікай вобразнай сімволікі.

Першапублікацыя верша "К дудару Арцёму ат наддзвінскага мужыка" адбылася ў "Нашай ніве" 9 лістапада 1912 г. Затым яго тэкст быў уключаны ў "Хрэстаматыю беларускае літаратуры" (1922) М. Гарэцкага, які заўважыў у "Гісторыі беларускае літаратуры", што Я. Вуль "меў немалыя паэтычныя здольнасці, добра валодаў беларускім вершам і добра ўмеў мову" [Гарэцкi 1992, 226]. Пачынаючы з сярэдзіны 50-х гг. ХХ ст., калі беларускае літаратуразнаўства паступова пачало выходзіць з вульгарызатарскага "крызісу", гэты верш зноў трапіў у поле зроку айчынных даследчыкаў. Першым на яго звярнуў увагу І. Бас, які ў "адліжным" 1956 г. надрукаваў у "ЛіМе" артыкул "Забытыя імёны". Дарэчы, намаганнямі гэтага даследчыка быў падрыхтаваны і апублікаваны ў 1960 г. так званы "Параўнальны спіс" паэмы "Тарас на Парнасе", які змяшчаў тэксты 16-і друкаваных і 2-х рукапісных варыянтаў твора [Гл.: Бас 1960, 213–233]. Аднак звесткі пра творчасць Я. Вуля, прыведзеныя ў акадэмічнай "Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры" (1969), вызначаліся выключна канстатацыйнасцю. Нават цытаванне ў выданні фрагмента верша "К дудару Арцёму…" не столькі звязана з цікавасцю да яго паэтыкі ці асобы аўтара, колькі павінна было дэманстраваць і пацвярджаць дэмакратызм і свабодалюбства светапогляду А. Вярыгі-Дарэўскага [Гл.: Гісторыя 1969, 50]. І гэтая акалічнасць наглядна сведчыць, што імя Я. Вуля ў той час ужо не адносілася да "забытых", але яго творчасць лічылася, прынамсі, другараднай у іерархіі літаратурных каштоўнасцяў ХІХ ст.

У тым жа 1969 г. М. Грынчык, залічыўшы твор да "аратарска-публіцыстычнай, грамадзянскай" лірыкі і адзначыўшы спалучэнне ў ім літаратурных і фальклорных форм і зваротаў, пісаў: "Я. Вуль выяўляе значную дасведчанасць і разборлівасць ва ўжыванні традыцыйных сродкаў і прыёмаў. У вершы амаль адсутнічаюць адзнакі стылізацыі, асноўны націск падае на выяўленне эмацыянальнага і нават псіхалагічнага стану чалавека. У адпаведнасці з гэтым значна ўзмоцнены лірычны падтэкст, мэтазгодна і арганічна ўжыты прыёмы эмацыянальнага падкрэслівання – клічныя і пытальныя інтанацыі, непасрэдныя звароты да "дудара" і інш. У рытміка-інтанацыйным ладзе верша пераважаюць танічныя элементы, якія надаюць твору меладычную плаўнасць і стройнасць" [Грынчык 1969, 85]. Гэтыя цалкам справядлівыя вывады – асабліва ў дачыненні формы: інтанацыйнага ладу, меладычнасці і стройнасці – і высокая, хоць і сціслая ацэнка мастацкіх вартасцяў верша ў чарговы раз нібы зафіксавалі недастатковы ўзровень вывучанасці пытання.

В. Каваленка ў кнізе "Вытокі. Уплывы. Паскоранасць" (1975) падкрэсліў факт наяўнасці ў беларускай паэзіі сярэдзіны ХІХ ст. тэндэнцыі да "ўмацавання духоўнага, філасофскага зместу" і канстатаваў: "Асабліва гэта заўважаецца ў высокамастацкім для таго часу, стылёва добра адшліфаваным прысвячэнні "К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка" Ялегія Пранціша Вуля. Верш багаты на мастацкія прыёмы" [Каваленка 1975, 122]. Аналізуючы спецыфіку выкарыстання гэтых прыёмаў, даследчык звярнуўся да такіх сродкаў "развітай" паэзіі, выкарыстаных у вершы, як рытарычнае пытанне і зварот, паэтычны сімвал, але заўважыў намер паэта да адаптацыі гэтых "атрыбутаў" высокага стылю да народнага ўспрымання (даванне адказу на пастаўленае пытанне і расшыфроўка-тлумачэнне сімволікі). На думку В. Каваленкі, гэта праяўленне тагачаснай незгарманізаванасці літаратурнага і народнага светаадчування, вынік выразнага імкнення аўтара да "зазямлення" тэксту, што знізіла паэтычнасць верша, зрабіла яго "вялым, рацыяналістычным", "больш цяжкім і апісальным". Свая рацыя тут, без сумнення, ёсць, але нагадаем, што своеасаблівая хвароба "спрашчэння" тэкстаў не была пераадолена і значна пазней, напрыклад, у творчасці Ф. Багушэвіча, ды яна адчувалася нават і ў нашаніўскую пару. В. Каваленка, бадай, адзіны з беларускіх літаратуразнаўцаў, хто, прызнаючы мастацкія вартасці верша, тым не менш паспрабаваў зірнуць на яго крытычна, а гэта не азначае неаб’ектыўна.

Зразумела, да характарыстыкі верша "К дудару Арцёму…" звяртаўся і Г. Кісялёў, які з нязменнай даследчай цікавасцю і нават з чалавечай сімпатыяй ставіцца да трагічнага лёсу і творчай спадчыны яго аўтара. Даследчык лічыць верш Я. Вуля адным "з самых яскравых твораў беларускай паэзіі ХІХ стагоддзя" і ў пацвярджэнне прыводзіць наступныя важкія аргументы: "Верш элеганцкі, лёгкі, надзвычай гарманічны, прасякнуты гістарычным аптымізмам, пачуццём удзячнасці да дэмакратычнай творчасці і асветніцкай дзейнасці Вярыгі. Аўтар віртуозна карыстаўся вельмі арганічнай у яго вуснах народнай мовай, тонка і ненавязліва ўводзіў паэтычную сімволіку… <…> Перад намі несумненна паэтычны геній, які з абсалютнай свабодай арганізоўваў стыхію беларускага верша. Традыцыі не было ці амаль не было. Ён слухаў народ. Нават саму графіку Вулевага верша – своеасаблівую фанаграму далёкай мінуўшчыны – цікава разглядаць, за ёй выразна чуецца жывая мова Віцебшчыны" [Кісялёў 1994, 120–121]. У гэтай ацэнцы адчуваецца прыхаваны элемент палемічнай "нязгоды", бадай што, з крытычнымі заўвагамі, выказанымі В. Каваленкам.

ЛІТАРАТУРА

Бас І. Друкаваныя і рукапісныя варыянты паэмы "Тарас на Парнасе" // Беларуская літаратура: Даследаванні і публікацыі. ІІІ. Мн., 1960. С. 213–233.

Булгарын Ф. Выбранае / Уклад. А. Фядуты. Мн., 2003.

ДГА Літвы. Ф. 1135. В. 4. С. 391. Л. 58.

Гарэцкi М. Гiсторыя беларускае лiтаратуры / Уклад. i падрыхт. тэксту Т.С. Голуб. Мн., 1992.

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2 т. Т. 2. Мн., 1969.

Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыi ў беларускай дакастрычнiцкай паэзii. Мн., 1969.

Западов В.А. Русская литература последней четверти ХVІІІ века: Хрестоматия. М., 1985.

Зямкевiч Р. Адам Ганоры Кiркор: Бiяграфiчна-бiблiяграфiчны нарыс у 25-летнюю гадаўшчыну смерцi. Вiльня, 1911.

Каваленка В.А. Вытокi. Уплывы. Паскоранасць: Развiццё беларускай лiтаратуры ХІХ – ХХ стагоддзяў. Мн., 1975.

Киселёв Г. Разыскивается классик...: Историко-литературная дилогия. Мн., 1989.

Кiсялёў Г. Ад Чачота да Багушэвiча: Праблемы крынiцазнаўства i атрыбуцыi беларускай лiтаратуры ХІХ ст. Мн., 1993.

Кiсялёў Г. Арцём Вярыга-Дарэўскi: З гiсторыi лiтаратурнага Вiцебска // Кiсялёў Г. Загадка беларускай “Энеiды”. Мн., 1971. С. 144–212.

Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978.

Кісялёў Г. Хто вы, Карафа-Корбуты? // Кісялёў Г. Радаводнае дрэва: Каліноўскі – эпоха – наступнікі. Мн., 1994. С. 120–147.

Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968.

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна ХVІІ–ХVІІІ ст.). Мн., 1980.

Пачынальнiкi: З гiсторыка-лiтаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Уклад. Г.В. Кiсялёў. Мн., 1977.

Устрялов Н.Г. Русская история: В 5 ч. СПб., 1837.  Ч. 2: 1462–1689.

Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. / Уклад. Г. Кісялёў. Мн., 1990. С. 243–244.

Шыбека З. Нарысы гісторыі Беларусі (1795–2002). Мн., 2003.

 

Да зместу

Hosted by uCoz