Да зместу

Караль Жэра

ФРАШКІ І АПАВЯДАННІ

ЯК СЕЛЯНІН, У ЯКОГА ЗАПЫТАЛІСЯ ПРА ЧАС, АДКАЗАЎ

Двое сялян выехалі з горада вярхом на адным кані. Шляхціц, які ехаў у горад і напаткаў іх, запытаўся:

– А якая там у горадзе была гадзіна, калі вы выязджалі?

– Пра гэта, – адказвае першы, які сядзіць бліжэй да грывы, – няхай вашамосць спытае майго суседа, які за мной сядзіць, бо ён жа пазней за мяне з горада сёння выехаў.

 

ПРА ДВУХ ЛЕКАРАЎ

Ягамоць пан Шыман Багенскі расказваў у пана Бзуры такую гісторыю пра двух лекараў. Жылі ў адным горадзе аж два лекары, адзін – немец, другі – венгр, якія, зайздросцячы поспеху адзін аднаго і капаючы ўзаемна ямы адзін аднаму, часта выхваляліся сваім цудоўным лячэннем.

Так, аднойчы кажа адзін:

– Я змог бы калегу вока выняць і назад уставіць, і бачыў бы ён яшчэ лепш, чым зараз.

– І я такую самую штуку зраблю васпану, – адказвае яму другі. – Выму і ўстаўлю, і будзе лепш.

Пайшлі яны ў заклад. Першы выняў другому адно вока, абмыў, абсушыў, памазаў і ўставіў назад туды, дзе было, і гэтае вока бачыла яшчэ лепей, чым раней.

Калі паводле закладу прыйшла чарга другога, той таксама выняў адно вока першаму, абмыў і, нарэшце, каб абсушыць, на акно паклаў. Знянацку крук, што ў тым доме гадаваўся, схапіў тое вока і паляцеў з ім у бор. Медык, які рабіў аперацыю, моцна засмуціўся, але прыйшла думка: каб калега не заўважыў, трэба выняць як мага хутчэй адно вока ў жыдоўскай казы і як нічога і не было, у пустое месца паставіць. Лекар пачаў бачыць яшчэ лепш, адно толькі з таго часу глядзеў часта коса, бо калі сядзе, напрыклад, абедаць, то старым вокам глядзіць на бігас, а новым – на дзяркач, ці мятлу, што ў куце стаіць, як улюбёны жыдоўскіх коз далікатэс. Калі прыйдзе да пацыента, то адным вокам глядзіць на хворага, а другім – на салому ў яго ложку, чуючы апетыт да той бярлогі.

 

ЯК КАРОЛЬ САС ВЫГЛЯДАЎ

Калі ў 1752 годзе Аўгуст ІІІ са шматлікімі нямецкімі і нашымі панамі ехаў на паляванне праз Падляшша ў Белавежу, і людзі з вёсак, якія ніколі ў жыцці караля не бачылі, выбягалі паглядзець на гасцінец бранскі, бачыў я, як кароль Ягамосць спаў у глыбіні сваёй карэты (бо меў субстанцыю тлустую і сон яму быў патрэбны), а праз вакно выглядаў яго вялікі сабака, бульдогам званы. Бабы і дзеці, бачачы гэта і прымаючы бульдога за караля, здзіўляліся невыказна, што з выгляду кароль на сабаку падобны.

 

КОЛЬКІ АДЗІН АЎЧАР МЕЎ АВЕЧАК?

Ехаў дарогаю пан і, напаткаўшы чалавека, які пасвіў пры дарозе авечкі, спытаўся ў яго, колькі той авечак мае ў сваім статку. На што яму мудры аўчар адказаў:

– Калі адна авечка перабяжыць з майго статку праз гасцінец да другога пастуха, тады мы абодва будзем мець роўную колькасць, а калі ад яго перабяжыць да мяне, тады я буду мець у тры разы больш за яго.

Пытанне: колькі авечак меў адзін і колькі другі? А калі ты, чытачу мілы, не адгадаеш, дык табе скажу, што і я матэматыцы ў школе драгічынскай не вучаны. Але ж і авечак тых увогуле няшмат: адзін меў 5, а другі – 3 авечкі.

 

ЯКАЯ СЛУЖБА, ТАКАЯ І ПЛАТА

Адзін багаты пан, прыйшоўшы ў касцёл, сеў на лаўку, на якой сядзеў ужо нейкі бедны чалавек у лахманах. Бедны на тое не звярнуў увагі і з лаўкі не ўстаў. Пан, гэтым уражаны, пытаецца ў таго абарванца :

– Браце, каму ты служыш?

– Служу самому Богу, – адказвае жабрак.

– Дзіўна мне, браце, што такому вялікаму Пану служачы, нічога не маеш, толькі латы на спіне.

– Не здзіўляйся таму, вашамосць дабрадзей, – адказвае абарванец, – бо якая мая служба, такая і плата.

Казалі некаторыя, што тым панам быў у той час Ян Сабескі, пасля каралём абраны.

 

ЯК ДЗВЕ БЕЛАГАЛОВЫЯ ПРА НЕБА РАЗМАЎЛЯЛІ

Адна мяшчанка сваю хворую прыяцельку падбадзёрвала перад смерцю:

– Ах, мая каханая пані, якая ты шчаслівая, калі збіраешся на Неба, каб убачыць яснасць Боскую і вечную яго славу.

Хворая ёй на тое адказвае:

– Як толькі патраплю на Неба, буду адразу ж прасіць Пана Бога, каб і для каханай пані як мага хутчэй месца адпаведнае ў сваёй яснасці і славе падрыхтаваў.

На гэта першая адказвае з незадавальненнем:

– Прашу не ўмешвацца ў мае справы і Боскага рашэння не прыспешваць.

 

АБ ПРЫГОДЗЕ МАРЫСІ

У аднаго мазура, які меў дачку Марысю, прыгожую дзеўку, стаяў на кватэры зімовай рэйтар саскі. Сас, хоць па-польску не ўмеў размаўляць, але, нягоднік, падгаварыў тую дзеўку, ажаніцца з беднай паабяцаўшы.

Калі павінна было прыйсці няшчасце, бацькі выгаворвалі дачцэ за яе няцноту, Марыся, плачучы, кажа:

– Былога не вернеш, але як я, няшчасная, буду размаўляць з немаўляткам, калі па-нямецку нічога не разумею.

Людзі досыць насмяяліся з таго.

 

НА ПАНА ВЭНЖЫКА

Пра ягамосця пана Вэнжыка, які падлабуньваўся да адной панны Евы.

Казаў раз ёй адзін шляхціц, засцерагаючы:

– Асцярожна, спадарыня, размаўляй з вужом, каб не прыйшлося табе, як тваёй прабабцы Еве з раю, пакутаваць за тое, што парушыла наказ Боскі.

А калі панна Ева, частуючы гасцей садавіной, яблык пану Вэнжыку падала, ці таксама канфіцюр з райскіх яблык, шляхціц ужо толькі рукой на тое махнуў.

 

ПРА ТОЕ, ЯК ПАННА ГУСЬ СПАЖЫВАЛА

Адна шляхцянка на Падляшшы, маючы дачку-падростка, або як кажуць жартаўліва некаторыя, казу, вучыла яе чуйнасці і свецкай палітыцы, каб уласна з казы перарабіць яе ў паненку на выданне перад людзьмі.

Дык загадвала ёй строга, каб выехаўшы ў госці, не страляла вачыма па сценах і столі, а трымала іх у “слупок”, каб не разяўляла губы свае як гасцінную браму ў шляхціца, але складала іх, калі не размаўляе, у “шнурок”, і рукі каб не трымала пад бокі або каля носа, і не на стале па-сялянску, а каб у “піражок” разам былі сашчэплены.

А з тае прычыны, што панна тая найчасцей локці на стол клала, маці загадала сачыць за знакам, які яна дасць, кажучы:

– Калі я сама рукі апушчу, каб і ты адразу ж тое самае зрабіла.

А вось павезла яна пасля тае навукі дачку на імяніны да суседзяў, дзе гасцей было multum[1]. На абед быў запечаны гусь. Панна, атрымаўшы костку з тае гусі і ўзяўшы яе, як вавёрка, у абедзве рукі грызла, што нават іскры сыпаліся з косткі. Маці паглядзела на яе гнеўна, а з тае прычыны, што казаць услых не выпадала, дык яна толькі знак падала, апусціўшы рукі. Панна, загадам маці заўсёды паслухмяная, зрабіла тое ж самае, але з такой паспешнасцю, што пакінула абгрызеную костку ў зубах.

Шмат было смеху з таго выпадку.

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Як вядома, зборнік Караля Жэры быў выданы двойчы. Больш вядомае – варшаўскае выданне 1980 г., ажыццёўленае Казімірай Жукоўскай на аснове рукапісу, які захоўваецца ў пецярбургскай Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. З гэтым рукапісам у 1974 г. пазнаёміўся Адам Мальдзіс. Пазней ён змясціў з яго некалькі беларускамоўных у арыгінале і польскамоўных ва ўласным перакладзе фацэцый у сваім артыкуле пра “Торбу смеху” (Літаратура і мастацтва. 1984. 5 кастр.).

Але яшчэ ў 80-я гг. ХІХ ст. рукапіс “Торбы смеху” трапіў да Зыгмунта Глогера, які захоплена працаваў з ім, шматразова друкаваў фрагменты ў тагачасных перыядычных выданнях. Урэшце ў 1893 г. гэта адна з яго найцікавейшых знаходак была выдадзена асобнай кнігай “Ze starych szpargałów śp. Karola Żery. Fraszki i opowiadania” ў Варшаве. З. Глогер адрэдагаваў знойдзены рукапіс, прычым “dla umożliwienia wydawnictwa” скараціў яго. На жаль, гэты рукапіс, як сведчыць Т. Камароўская (Komarowska T. Gloger: opowieść biograficzna. Warszawa, 1985. S. 300), загінуў.

З. Глогер змясціў да публікацыі прадмову, у якой разважае, якім чынам пісалася кніга, з якой мэтай і г. д. Ён падкрэслівае не толькі гумарыстычную, але і этнаграфічную вартасць зборніка, што, уласна, і падахвоціла яго выдаць твор. Выдавец коратка апісвае гісторыю знаходкі: “Праглядаючы скрыню са старымі паперамі на паддашшы аднаго з наднарвянскіх падворкаў, я знайшоў сярод па большай частцы спарахнелых дакументаў даволі аб’ёмны рукапіс у чырвоным скураным пераплёце з раменьчыкамі на вокладцы”. Паколькі рукапіс загінуў, вывучэннем гэтай версіі Жэравай “Торбы смеху” мы можам займацца толькі па згаданым выданні.

На нашу думку, абодва рукапісы, адшуканыя польскімі даследчыкамі, з’яўляюцца копіямі з двух аўтарскіх варыянтаў твора. Мы мяркуем, што рукапіс, знойдзены З. Глогерам, – гэта копія, магчыма кімсьці пазней перапрацаваная, з першага варыянта кнігі самога К. Жэры, а пецярбургскі рукапіс – копія з самім жа К. Жэрам апрацаванага, пераробленага другога варыянта яго кнігі, які, магчыма, ён рыхтаваў да выдання ці, прынамсі, для шырокага распаўсюджання ў рукапісным выглядзе.

Пераклад з польскае, каментарыі і
пасляслоўе Васілісы Карнейчык

 



[1] Шмат (лац.).

Да зместу



Hosted by uCoz