Да зместу

ПРОЗА 30-40 гг. ХІХ ст.
(Ігнат Ходзька, Марцін Асорыя-Цяплінскі, Плацыд Янкоўскі)

Ігната Ходзьку (1794–1861) выхавала шляхецкая гавэндавусныя гутаркі, апавяданні, якія так любілі колісь на Беларусі. Гавэнда, якая сталася школай жыцця для сярэдняга класа тагачаснага грамадства. “Гавэндарам” быў Мацей Відмант, дзед з боку маці, у маёнтку якога на Вілейшчыне (Заблочына) і прыйшоў будучы літаратар на свет; “гавэндарам” быў і Міхал Ходзька, дзед з боку бацькі, што жыў у маёнтку Дзявентня, тым маёнтку, дзе пройдзе большая частка жыцця І. Ходзькі. Але калі ад дзеда Мацея ён вучыўся “сармацкай рэлігійнасці”, вучыўся “жыць у рытме літургічнага календара”, то дзед Міхал апавядаў пра старашляхецкія традыцыі, пра мінулае краю.

Своеасаблівым працягам хатняе “акадэміі” сталася вучоба ў базыльянскай школе, у Барунах. Характэрна, што менавіта досвед, атрыманы ў барунскай школе, будзе вельмі часта выяўляцца ў пазнейшай літаратурнай творчасці пісьменніка. А вось вучоба ў Віленскім універсітэце (1810–1814), уплыў Яна Снядэцкага, ідэолага віленскіх класіцыстаў, спрыялі захапленню асветніцкімі ідэямі. Масонскія ложы Мінска і Вільні, прэзідэнтам якіх быў родны дзядзька і апякун пасля смерці бацькоў Ян Ходзька, славуты ў той час літаратар, а таксама таварыства шубраўцаў, у якім І. Ходзька меў мянушку Віршайтаса (бог старалітоўскае міфалогіі), зноў жа схілялі яго да пазіцый аўтарытэтных яшчэ тады класіцыстаў. І. Ходзька піша оды, анэкрэонтыкі, сатыры, артыкулы ў “Wiadomości Brukowe”, вядзе палеміку з рамантыкамі (паэтычны ліст да А.Э. Адынца, свайго сябра). Асветніцкім духам прасякнуты і першы значны твор літаратара – аповесць “Падданы” (1829), якою захапляўся А. Міцкевіч ды раіў развіваць свой талент у гэтым кірунку.

Геніяльны А. Міцкевіч здолеў убачыць у гэтым яшчэ цалкам класічным творы патэнцыял будучых гавэндаў пісьменніка. Мажліва, адмовіцца ад старых літаратурных традыцый “дапамог” дзядзька, Ян Ходзька, сваімі гісторыка-мемуарнымі творамі, што стаяць ля вытокаў шляхецкае гавэнды ў літаратуры. Хоць агульнапрызнана, што аграмадную ролю тут адыграў А. Міцкевіч і яго “Пан Тадэвуш” (дарэчы, у альбом Людвікі Мацкевіч, будучай жонкі І. Ходзькі, паэт-прарок запісаў верш “Незнаёмай, далёкай, незнаёмы, далёкі…” за некалькі дзён да высылкі ў Расію ў 1824 г.). Менавіта ліцвінскі патрыятызм “Пана Тадэвуша” падахвоціў іншых ліцвінаў заняцца працаю дзеля сакралізацыі свае Бацькаўшчыны. А вось структуру “Ліцвінскіх малюнкаў” “падказаў” І. Ходзьку Генрык Равускі, які “сабраў” пад адным тытулам (“Успаміны Сапліцы”) шэраг шляхецкіх гавэндаў. І. Ходзька ўключыў у свой твор, які ён выдаў у шасці серыях (1840–1850, 1862), дваццаць шэсць гавэндаў. Жаданнне закрануць у сваіх творах больш далёкія часы (у “Ліцвінскіх малюнках” – гэта канец XVIII – пачатак XIX стст.), вывесці на сцэну “гавэндара” больш далёкага мінулага падказала ідэю “Ліцвінскіх паданняў”, што выйшлі ў Вільні чатырма серыямі (пяць гавэндаў) у 1852–1860 гг.

Дваццацігадовая літаратурная праца І. Ходзькі была належна ацэнена яго сучаснікамі. Ён карыстаўся заслужанаю славаю. А найбольш захаплялі чытача “Успаміны квестара” (квестарам манахі-бернардыны называлі брата, які збіраў ахвяраванні на кляштар). Пісьменнік, адмовіўшыся ад літаратурнае вытанчанасці, абраў дзеля свайго твора прымітыўную манеру апавядання. Яго аповесць – стылізацыя пад няхітры дзённік-успаміны ўяўнага квестара, былога маршалка двара полацкага ваяводы Міхала Лаўрыновіча, што, ратуючыся ад гневу гаспадара, знаходзіць прытулак за кляштарнымі сценамі. Спецыфіка “працы” квестара дае мажлівасць аўтару пазнаёміць чытача з традыцыйным шляхецкім жыццём не такога ўжо й далёкага, але часткова забытага мінулага. Пазнаёміць з тым часам, калі ў краі панавалі іншыя законы і парадкі.

Абмяжаваўшы сябе паказам правінцыйнага, другараднага, І. Ходзька з-за грамадска-палітычнае сітуацыі ўнікаў “вялікае гісторыі краю”. Звернем, аднак, увагу і на іншую асаблівасць гістарызму І. Ходзькі. Адмовіўшыся ад байранаўскай рамантызацыі нацыянальнай гісторыі, пісьменнік “абпраменьвае” яе гофманаўскай іроніяй і гумарам. Дадзены аспект у параўнанні з “Успамінамі Сапліцы” Г. Равускага набывае ў І. Ходзькі больш моцнае гучанне. Не адважваючыся вывесці на сцэну героя тыпу Гражыны, Конрада Валенрода, Тадэвуша Рэйтана і г. д., пісьменнік выкарыстоўвае дзеля гэтага міфалагему Напалеона. Так, сцвярджае ён, магчыма, гісторыі і патрэбны такія постаці, але ці ж настолькі каштоўнае зробленае імі? Ці могуць яны дасягнуць тае мэты, якую ставяць перад сабою? Па сутнасці, І. Ходзька адмаўляецца ад ідэі нацыянальна-вызваленчай барацьбы на карысць маральна-этычнага змагання за душы грамадзян свайго краю. Таму невыпадкова пісьменнік дэталёва распрацоўвае некалькі аспектаў дадзенае праблемы: як адну з цэнтральных, трэба разглядаць сюжэтную лінію “стараста – старасціч”. Менавіта тут знаходзіцца адказ на балючае пытанне беларуса-ліцвіна сярэдзіны ХІХ ст., дзе шукаць вытокі няшчасця, у якім апынуўся край.

Зрэшты, тагачасным крытыкам (асабліва эмігранцкім) гэтага было недастаткова. Яны адшуквалі ў творах І. Ходзькі “лаяльнасць” да расійскіх уладаў, абвінавачвалі ў мімікрыі; сцвярджалі, што гістарызм пісьменніка ўяўны, павярхоўны. Асабліва жорсткімі ў адносінах да І. Ходзькі былі артыкулы Ю. Клячкі і К. Уейскага пасля вядомае акцыі ўшанавання віленскімі літаратарамі Аляксандра ІІ “Альбомам” у верасні 1858 г. А І. Ходзьку дасталося яшчэ й за іншыя “грахі”; напрыклад, зусім некарэктна вытлумачваліся дзеянні пісьменніка ў г. зв. справе “вызвалення сялян”. Больш за тое, К. Уейскі імкнуўся ахарактарызаваць І. Ходзьку як пана-прыгнятальніка, які цешыцца, бачачы, як катуюць бізунамі мужыка. А вось У. Сыракомля сцвярджаў зусім адваротнае: “Довад даверу да яго народа – абранне ў 1861 годзе міравым пасярэднікам у Свянцянскім павеце”. Аўтарытэт Ходзькі-пісьменніка сярод шматлікіх чытачоў, сярод адукаванага класа грамадства падмацоўваўся, такім чынам, ушанаваннем сярод простага люду.

 

 

Марцін Асорыя-Цяплінскі нарадзіўся ў шляхецкай сямі на Слонімшчыне. Год, калі прыйшоў на свет пісьменнік, можна вызначыць паводле аўтабіяграфічнае аповесціКадэт” – 1802 г. Гэтая дата, пэўна, не будзе пярэчыць таму, што ў 1842 г. Андрэй Падбярэскі, брат славутага крытыка і выдаўца Рамуальда Падбярэскага, называе пісьменніка маладым чалавекам, які ніяк не можа вылечыцца ад ран, атрыманых на Каўказе.

Тадэвуш Туркоўскі, што працаваў з архівам кнігавыдаўцоў Завадскіх у Вільні ды выдаў у 1935–1937 гг. трохтомныя “Materjały do dziejów literatury i oświaty na Litwie i Rusi: Z archiwum drukarni i księgarni Józefa Zawadzkiego w Wilnie z lat 1805–1865”, на падставе невядомых крыніцаў сцвярджаў у “Polskim Słówniku Biograficznym”, што Марцін Асорыя-Цяплінскі ў 1831–1833 гг. адбываў ссылку на Каўказе. У выгнанне будучы паэт, відаць, трапіў за ўдзел у Лістападаўскім паўстанні 1830–1831 гг. Аднак паранены ў баях з горцамі, ён быў адпраўлены на Бацькаўшчыну. Паводле Т. Туркоўскага, жыў паэт у бацькоў у маёнтку Крупава, а паводле А. Падбярэскага, – у Цяшэйкаве на Слонімшчыне. (Вершы паэта першае паловы 30-х гг. пазначаны, што напісаны яны ў Крупаве, а другое паловы – у Цяшэйкаве).

У другой палове 30-х гг. Марцін Асорыя пачаў супрацоўнічаць з віленскімі польскамоўнымі выданнямі. Перш-наперш з альманахам Юзафа Крачкоўскага “Biruta”: у томіку на 1837 г. ён змяшчае пераклады чэшскіх і ўкраінскіх народных песняў, а на 1838 – “Сербскую баладу” і верш “Украінец”, да якога абраў наступны эпіграф: “Слава наша козацкая нех не загубае!”

Захапленне паэта напачатку ўкраінскаю тэматыкаю пазней перарасце ў працу над фальклорам і іншых славянскіх народаў. Ён будзе змяшчаць свае пераклады і ў мясцовых і ў варшаўскіх выданнях: у альманаху “Bojan”, часопісах “Ondyna Druskiennickich źródeł”, “Biblioteka Warszawska” ды іншых.

Зусім натуральна, што М. Асорыя-Цяплінскі ў хуткім часе прыйшоў і да працы над беларускім фальклорам. На жаль, яна не захавалася. Дык застаецца адно толькі яшчэ раз нагадаць радкі пра М. Асорыя-Цяплінскага з ліста Андрэя Падбярэскага да брата Рамуальда, змешчаныя ў газеце “Tygodnik Petersburski”:

Ён цалкам паглыбіўся ў грамадскія справы, падзяляючы час між гістарычнымі і філалагічнымі працамі, пераплятаючы крапатлівыя даследаванні частым сяганнем у краіну ўяўлення ды пачуцця. У выніку гэтага двайнога занятку былі падрыхтаваны да друку тры томікі “Poezij”, у большай частцы арыгінальнай. Першы з іх уключае балады, аповесці, легенды-прыказкі і г. д., у большай частцы з народных вясковых паданняў; у другім будуць песні, узоры якіх былі надрукаваны ў альманахах, а трэці пад назваю “Памінкі” (“Pominek”) (што значыць народны абрад у нашых сялян, падобны на Дзяды) завершыць рыфмаваную гісторыю пачуццяў самотніка-паэта, зык сэрца, кранутага ўспамінамі мінулага. Але значна важнейшай працай з’яўляецца збор народных песняў на ўсіх гаворках, якія гучалі колісь у межах даўнейшае Польшчы. У яго бачыў я да 300 песняў, нідзе дагэтуль неапублікаваных, у большай частцы з арыгінальнымі мелодыямі. Праца гэтая заслугоўвае тым большае ўвагі, што п. Цяплінскі, лепш зразумеўшы мэту падобных збораў, пакідае іх у першаснай форме і постаці, без прыстасавання да пакаёвага ўжытку пры фартэп’яна, як зрабіў Ян Чачот: п. Цяплінскі занатоўвае паэзію нашага люду ва ўсёй яе наіўнасці, а мелодыю песні пазначае музычнымі знакамі, як гэта зрабіў ты са сваім зборам “Беларускіх песняў” паводле парады Караля Ліпінскага. Але самы важны намер п. Цяплінскага – укладанне поўнага “Слоўніка прыказак”, перадусім, тых, што існуюць толькі у мове нашага часу; іх ён сабраў ужо блізу 6000[1].

У сярэдзіне 40-х гг. М. Асорыя-Цяплінскі наладзіў сувязі з літаратурнаю групаю, якая ўвайшла ў гісторыю літаратуры як “варшаўская багема” (“cyganierija warszawska”). Разам з імі ён выдаў альманах “Snopek Nadwiślański” (1844), дзе змешчана і яго аповесць “Кадэт”, а таксама шэраг вершаў, у тым ліку і алегарычнага гучання:

Гэй вы, каласы і кветкі,

     Да мяне давайце ў снопік!

Хоць у помач не йдуць дзеткі,

     Ды я рупны, ўвішны хлопік[2].

               (Пераклад У. Мархеля)

Жаданне сабраць “каласы і кветкі” трэба разумець як спробу аб’яднаць разрозненыя літаратурныя сілы, як спробу прынесці сваёй дзейнасцю карысць роднаму краю. Невыпадкова, што ў гэты час пісьменнік ліставаўся з віленскім выдаўцом Адамам Завадскім наконт выдання “Snopka Nadniemeńskiego”, а таксама збору сваіх твораў. Планы пісьменніка не ажыццявіліся: 3 жніўня 1847 г. ён памёр.

Гумарыстычнае апавяданне М. Асорыя-Цяплінскага “Нешта тут сабакам смярдзіць” хоць і напісана ў Варшаве, але ў аснову пакладзены беларускі матэрыял, хутчэй за ўсё пэўная жыццёвая гісторыя з родных мясцін пісьменніка. Калі яшчэ прыгадаць той рукапісны “Слоўнік прыказак”, пра які пісаў А. Падбярэскі, дык высвятляецца яшчэ адна крыніца гэтага па сутнасці двухмоўнага твора, у якім выдатна абмаляваны характары прадстаўнікоў тагачаснай беларускай шляхты і панства. Пісьменнік іранізуе і кпіць са сваіх герояў: з былога ваякі пана Саросіка, з абмежаванае пані Марылі, што хоча выдаць дачку за багатага ўладальніка Ліхаштурхаў, з дзіцячае наіўнасці Юзі, з пана прэзідэнта, продкі якога адказвалі за лад у краіне, а яго клопаты настолькі змізэрнелі, што яму застаецца толькі “смярдзець сабакам”.

 

 

Плацыд Янкоўскі (1810–1872) паходзіў з беднай шляхецкай сямі. Яго бацька Габрыэльудзельнік паўстання пад кіраўніцтвам ТКасцюшкі, пазней стаў уніяцкім святаром. Плацыд, малодшы ў сямі, нарадзіўся ў вёсцы Войская Брэсцкага павета, вучыўся ў Свіслацкай і Брэсцкай гімназіях, а з 1826 г. на тэалагічным аддзяленні Віленскага універсітэта, дзе, апрача адмысловых прадметаў, вывучыў замежныя мовы і меў мажлівасць шмат чытаць. Пасля універсітэта ПЯнкоўскі выкладаў ва уніяцкай Жыровіцкай семінарыі. Ажаніўшыся з Галенаю Тупальскаю, дачкою прэзідэнта Літоўскае кансісторыі, атрымаў мажлівасць мець наўпроставыя адносіны з кіраўніцтвам Уніяцкае царквы і зрабіць кареру. Але гэта быў час, калі царызм рукамі Іосіфа Сямашкі душыў Унію, змушаў святароў перамяніць веравызнанне. П. Янкоўскі ўжо ў 1837 г. пісьмова абавязаўся перайсці на праваслаўе. Ён быў адным з тых, хто падпісаў акт скасавання Уніі, атрымаў ордэн, аднак кар’еры і ў праваслаўнай царкве не зрабіў. Быў пробашчам царквы ў Вільні, пасля – на Слонімшчыне. Апошнія гады жыў у Жыровічах у самоце, парваўшы ўсе сувязі са светам.

У 1835 г. П. Янкоўскі пад псеўданімам Віталіс Каму-едзе выдаў зборнік “Хаос”, які напачатку планаваўся як альманах. Зборнік складаецца з некалькіх дзесяткаў дробных твораў прозаю і вершам, гумарэсак і філасофскіх эсэ. Якраз гэты зборнік прынёс П. Янкоўскаму славу гумарыста.

У часы скасавання Уніі пісьменнік нічога не друкаваў. І толькі ў 1841 г. выйшлі два томікі “Дашлюбных і даспліновых лістоў”, што, як і папярэдні зборнік, мелі мешаніну жанраў і стыляў: успаміны, абразкі, апавяданні ды вершы. Гэтае выданне прынесла П. Янкоўскаму мянушку “нашага Стэрна” (Г. Равускі). У гэтым жа годзе пісьменнік друкуе сваю першую і – як лічаць літаратуразнаўцы – лепшую аповесць “Засценак”, а таксама наладжвае супрацоўніцтва з Ю.І. Крашэўскім, вынікам чаго сталася “Складзеная аповесць” – твор, напісаны двума пісьменнікамі. Уяўляў цікавасць прапанаваны П. Янкоўскім выдавецкі праект “Ліцвіны” – стварэнне шэрагу адметных тыпаў жыхароў краю, у якім меліся прыняць удзел вядомыя літаратары – Ю.І. Крашэўскі, Г. Равускі, І. Ходзька, Л. Штырмер. Аднак спадзяванні П. Янкоўскага не спраўдзіліся. Калегі-пісьменнікі не падтрымалі выданне сваімі тэкстамі. П. Янкоўскаму заставалася адно публікаваць свае творы (праўда, не пад тытулам “Ліцвіны”). Да 1849 г. яны з’яўляліся на старонках перыёдыкі ды асобнымі выданнямі пад псеўданімам John of Dycalp (прачытанае наадварот імя Плацыд). Узмацненне мікалаеўскае рэакцыі прывяло да таго, што П. Янкоўскі паступова адмаўляецца ад літаратурнае творчасці. Напачатку яшчэ друкуецца пад іншымі псеўданімамі, а з сярэдзіны 50-х гг. увогуле перастае пісаць па-польску.

Патрэбнасць увесь час даводзіць сваю лаяльнасць да царызму, а таксама здымаць абвінавачванні ў антырасійскіх сімпатыях[3], вымусіла П. Янкоўскага, пачынаючы з 1863 г. пайсці на супрацоўніцтва з “Литовскими епархиальными ведомостями” і “Виленским вестником”. Ён дасылаў у рэдакцыі свае тэалагічныя працы, абразкі вясковага жыцця святароў, успаміны пра ініцыятараў скасавання Уніі. Зрэшты, праўду пра апошнія гады існавання Уніі гаварыць ён не мог і не хацеў, бо гэта азначала забіваць забітае (паводле яго слоў: страляць на могілках), відаць, дарагое яму: “Можа і я сам, хто шмат грашыў, шмат перажыў, ведаю асобныя прычыны і акалічнасці, якія цалкам не адпавядаюць фактам. Але гэтыя рэчы без усялякае страты, зрэшты, для гісторыі адыдуць ціха ў магілу разам са мною” (з ліста да М. дэ Пулле). Усё гэта абумовіла поўнае адасабленне пісьменніка ад грамадства ў апошнія гады яго жыцця.

Польскія літаратуразнаўцы З. Стэфаноўская і К. Барташынскі вылучаюць дзве характэрныя рысы, уласцівыя творам П. Янкоўскага. Па-першае, гэта перадаксальнасць сітуацыі, калі аўтар-святар у сваіх творах амаль не закранае тэматыку, звязаную з яго прафесіяй, і ў той жа час прапануе чытачу тэксты, насычаныя літаратурнымі алюзіямі, філасофскімі высновамі, звесткамі, разлічанымі на эрудыта. Другая асаблівасць, характэрная для П. Янкоўскага, – гэта рамантычнае адмаўленне ад прыхільнасці да пэўнага акрэсленага літаратурнага жанру, будаванне тэксту на памежжы розных жанраў, у якіх пераплятаюцца элементы аповесці, абразка, показкі, успамінаў, эсэ, афарызму, пададзеных як у празаічнай, так і вершаванай форме.

Бясспрэчна тое, што П. Янкоўскі імкнуўся сваёй творчасцю даць пэўны малюнак жыцця тагачаснага грамадства. І гэта заўважаецца не толькі ў праекце “Ліцвінаў”. У значнай ступені гэта датычыць большасці яго тэкстаў. Асобныя з яго твораў выдатна падыходзяць пад вызначэнне “фізіялагічныя нарысы”. Напрыклад, абразок “Тры браты-дзедзічы” можна разглядаць як удалае адлюстраванне звычаяў дэградаванае шляхты – напаўпісьменнае, абмежаванае, інтарэсы якое не выходзяць з кола задавальнення першабытных жыццёвых патрэбаў. Дакументалізм пісьменніка спалучаецца з гумарыстычнасцю, якая мяжуе з іранічнасцю. А гэта ўзвышае, абстрагіруе фізіялагічнасць, надае твору знешне незаўважальныя рысы алегарычнасці. Бо ж калі радаводнае дрэва братоў-дзедзічаў сягае да Рурыка, дык, відавочна. думка пісьменніка не можа спыніцца на прайграных у карты прыгонных Харытоне ці Улляне. Дзівацтвы змізарнелае шляхты, урэшце, на больш высокім узроўні перарастаюць у вайну пана Спас... са сваімі рэцэнзентамі. І растлумачыць усё гэта магнетызмам, думаецца, будзе недастаткова.

Выразна адчуваецца ў творчай манеры П. Янкоўскага імкненне да паказу незвычайнага, сенсацыйнага. У шэрагу сваіх тэкстаў ён звяртаецца да рэдкіх з’яў і выпадкаў. Напрыклад, апавядае пра незразумелыя хваробы, трагічныя непаразуменні, пра сям’ю, што шмат гадоў хавалася ў ліцвінскіх лясах ад людзей і г. д. Асобныя даследчыкі адзначаюць няўменне пісьменніка інтэграваць свае фабулы ў цэласную структуру літаратурнага тэксту. Нават у найлепшым з яго твораў – аповесці “Засценак”, які відавочна распадаецца на дзесяткі абразкоў, хоць і палучаных асобаю галоўнага герою.

Адасабленне П. Янкоўскага, што сталася асабліва відавочным у апошнія гады яго жыцця, не было выпадковым. Адасабленне гэтае можна патлумачыць як сімвалічнае. (...) Гэта быў менавіта (у розных значэннях слова) пісьменнік літаратурнае маргіналіі. Ён быў на маргіналіі, бо апяваў “засценак”, адну толькі правінцыю; бо быў няздольны[4] надаць партыкулярнаму ранг агульнага, як гэта чынілі іншыя, нават менш значныя пісьменнікі яго рэгіёну. (...). Ён быў маргінальным літаратарам, займаючы пазіцыю, якую можна акрэсліць як адмаўленне – хоць і не без зразумелае матывацыі – ад нацыянальнага, ад традыцый польскай супольнасці, –

зусім слушна пішуць сучасныя польскія даследчыкі З. Стэфаноўская і К. Барташынскі, тым самым яшчэ раз пацвярджаючы беларускасць польскамоўнай літаратуры на тэрыторыі ўсходніх абшараў былое Рэчы Паспалітай.

 



[1] Tygodnik Petersburski. 1842. № 20.

[2] Цяплінскі М. Снопік // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. С. 533.

[3] Паводле М. дэ Пулле, П. Янкоўскі, служачы ў праваслаўнай царкве, захаваў знешні выгляд уніяцкага святара.

[4] Відавочна, што тут павінна ісці гаворка не пра няздольнасць!



Hosted by uCoz

Да зместу