Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

(1808–1884)

Біяграфія
Творы

Бібліяграфія

Даследаванні
Галерэя
    В.Дунін-Марцінкевіч    

Навіны






Ушаноўваем Дуніна-Марцінкевіча...

2008 год аб’яўлены ЮНЕСКО Годам Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэта прызнанне міжнароднай супольнасцю велічы асобы нашага літаратурнага класіка, драматурга, асветніка.
4 лютага спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча. Беларускі Урад прыняў рашэнне аб святкаванні гэтай юбілейнай даты.
Асноўныя мерапрыемствы пройдуць на наступным тыдні.
У панядзелак, 4 лютага, урачыстая дэлегацыя, у склад якой увойдуць прадстаўнікі Міністэрства культуры РБ і іншыя адказныя асобы, наведае Бабруйскі раён — вёску Панюшкавічы, дзе нарадзіўся пісьменнік, і мясцовы музей у вёсцы Сычкава. Затым у Бабруйску Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча пакажа літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную класіку.
У гэты ж дзень у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе прэзентацыя юбілейных выданняў В.Дуніна-Марцінкевіча: DVD-дыска “Жыве паміж намі Дудар наш...”, альбома “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, выпушчанага выдавецтвам “Беларусь”, і першага тома збору твораў В.Дуніна-Марцінкевіча ў 2-х тамах, падрыхтаванага выдавецтвам “Мастацкая літаратура”.
5 — 6 лютага Нацыянальная акадэмія навук Беларусі правядзе Міжнародную навуковую канферэнцыю
“Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у еўрапейскім кантэксце”. Таксама 5 лютага адбудзецца ўрачысты вечар, прысвечаны памяці юбіляра, у Нацыянальным акадэмічным тэатры Янкі Купалы з шырокім удзелам творчай інтэлігенцыі. У другой частцы вечара будзе паказаны спектакль паводле п’есы Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія”.
6 лютага ўдзельнікі канферэнцыі стануць гасцямі літаратурна-мастацкага свята “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы” ў Валожынскім раёне, наведаюць магілу В.Дуніна-Марцінкевіча ў вёсцы Тупальшчына, былую сядзібу ў Люцынцы і краязнаўчы музей імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Пяршайскай сярэдняй школе.
Сярод юбілейных мерапрыемстваў, запланаваных Міністэрствам культуры на гэты год, таксама Міжнародная мастацкая выстаўка “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у творах жывапісу, графікі, скульптуры”, выстаўка публікацый, прысвечаных жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, канцэрт арганнай музыкі з выкананнем твораў кампазітараў ХІХ ст. у касцёле Св.
Роха ў Мінску. Будзе створаны відэафільм, прысвечаны В.Дуніну-Марцінкевічу, выпушчаны юбілейная манета і паштовая марка. Прафесійныя і аматарскія тэатральныя калектывы краіны ўключаць у рэпертуар спектаклі паводле п’ес “Пінская шляхта” і “Залёты”.
Будзе заснавана рэспубліканская прэмія імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў галіне драматургіі.
Урачыстасці, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча, пройдуць таксама ў замежных прадстаўніцтвах Рэспублікі Беларусь, у Доме дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі.

(Паводле інфармацыі Міністэрства культуры РБ)



Галіна Баравая
У фальварку Люцінка з'явіўся прыватны музэй. Экспазіцыю стварае гісторык Алесь Белы

Нядаўна сям’я жыхара Мінска Алеся Белага прыдбала ва ўласнасць закінутую хату ў былым фальварку Люцінка, што недалёка ад мястэчка Пяршаі ў Івянецкім раёне. Гаспадар не ўтойвае, што меў цікавасць да Люцінкі з-за таго, што тут амаль 40 гадоў жыў паэт і драматург, пачынальнік новае беларускае літаратуры, удзельнік вызвольнага паўстання 1863 году Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
– Фальварак быў куплены ім у 1840 годзе, – удакладняе спадар Белы. – Пераехаў сюды  Вінцэнт з першай жонкай Юзэфай і двума дзецьмі – дачкой Камілай і сынам Міраславам. Малодшыя дочкі, Сафія і Цэзарына, нарадзілася ўжо ў Люцінцы. У фальварку пан Вінцэнт склаў бальшыню сваіх твораў. Тут часта былі яго сябры Ўладзіслаў Сыракомля і Станіслаў Манюшка. Наведваліся скрыпач Канстанцін Крыжаноўскі, гісторык і літаратар Аляксандр Ельскі, мастак Ян Дамель, краязнаўца Канстанцін Тышкевіч.
Са словаў Алеся Белага, першы дом Дуніна-Марцінкевіча перажыў свайго гаспадара, але пазней будынак знішчыў пажар. У адбудаваным фальварку жылі дочкі, пасля – іхнiя дзеці. Аднак у 1939 годзе саветы выгналі нашчадкаў пана Дуніна-Марцінкевіча. Дом разабралі на патрэбы школкі ў суседняй вёсцы.
Памяць пра Дуніна-Марцінкевіча пачала вяртацца ў Люцінку толькі ў 1968 годзе. Тады паўстаў помнік ля падмуркаў сядзібы. Тады ж адбылося першае свята паэзіі, а ў 1987 – другое.
Сёлета 4 лютага споўнілася 200 гадоў з дня народзінаў Вінцэнта-Дуніна Марцінкевіча. Дзеля адзначэння юбілею быў створаны адмысловы арганізацыйны камітэт. У ягоным складзе – шэсць міністраў і намеснікаў міністраў, чыноўнікі з аблвыканкамаў і райвыканкамаў. Плянавалася адкрыць помнік Дуніну-Марцінкевічу ў Мiнску і заснаваць ягоны музeй у Люцінцы. Абяцанні нe выкананыя й да сёння.
– Я вырашыў не чакаць ласкі дзяржавы да імя і спадчыны Вінцэнта Дуніна Марцынкевіча, – кажа Алесь Белы. – 6 лютага ў Люцінцы мы ўрачыста адчынілі прыватны музэй у адрамантаванай да гэтага хаце, якую набыла мая сям’я. Ствараць экспазыцыю дапамагалі сябры грамадcкага аб’яднання "Гісторыка". На стэндах музeю – шматлікія фотадакумэнты, мапы і плaны Люцінкі і яе ваколіцаў 1830 году. Выстаўлены творы мастакоў.
На адкрыцьці прыватнай музэйнай экспазыцыі прысутнічалі вядомыя беларускія літаратары, мастакі і музыкі. У іх прысутнасьці Алесь Белы паведаміў, што ствараемы музeй будзе рэгіянальны. У адзін бок з Люцінкі ляжыць турыстычны шлях на Пяршаі, Валожын, Вільню, у другі – на Падневічы, Ракаў. Мiнск. Гэтымі дарогамі шмат Дунін-Марцінкевіч паездзіў. Тут шмат яшчэ што сведчыць пра тыя даўнія гады.
Пахаваны Марцінкевіч на могілках урочышча Тупальшчына, блізка ад вёскі Падневічы, пры дарозе з Івянца ў Ракаў. Такі быў запавет паэта – легчы на вечны спакой пры дарозе, па якой ездзілі да яго сябры і госці.
Наша даведка: Алесь Белы (Аляксандар Валерыянавіч), 1968 года нараджэння. Скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут (1989), Кінгстанскую школу бізнeса ў Вялікабрытаніі (1996). Даследуе гісторыю картаграфіі; іканаграфію ВКЛ Сярэднявечча і Новага часу; гісторыю дыпламатыі і замежных сувязяў ВКЛ; уплыў заходнееўрапейскіх культурных, тэхналагічных і эканамічных рэалій на фарміраванне матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі. Аўтар кніг, радыёпраграмаў "Беларуская Атлянтыда" на Радыё Свабода, сцэнароў дакумэнтальных  фільмаў па гісторыі матэрыяльнаe культуры Беларусі.

(Паводле BulletinOnline.org 12 лютага 2008 г.)




Канферэнцыя "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у еўрапейскім кантэксце"

5 лютага ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася двухдзённая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у еўрапейскім кантэксце", прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. У ёй бяруць удзел навукоўцы, літаратары, дзеячы культуры з Беларусі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Расіі, нашчадкі Дуніна-Марцінкевіча. Нагадаем, юбілей пісьменніка ўключаны ў Спіс памятных датаў ЮНЕСКА. Паводле слоў дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа НАН Беларусі Аляксандра Лукашанца, 200-годдзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — знамянальная дата ў гісторыі айчыннай культуры. "Таму што трэба было мець найвялікшую мужнасць не толькі пачать пісаць па-беларуску — на мове таго народа, сярод якога пісьменнік, паэт, драматург жіў, але і мець адвагу падпісацца пад гэтымі творамі", — зазначыў навуковец. З увагай слухалі ўдзельнікі форуму выступленне прапраўнучкі літаратара Беаты-Крысціны Марцінкевіч-Хоміч. Паводле яе слоў, у доме яе бабулі ў Валожынскім раёне захоўваўся вялікі куфар з рукапісамі на польскай і беларускай мовах. Аднак калі сваякі ўцякалі ад бальшавіцкага нашэсця, дык змаглі ўзяць з сабой толькі дакументы і мінімум рэчаў. "Напэўна, калі б ведалі, якімі каштоўнасцямі з'яўляюцца гэтыя рукапісы для літаратуры, — сказала Марцінкевіч-Хоміч, — дык узялі хаця б некалькі сшыткаў". 6 лютага канферэнцыя будзе працягваць працу ў дзвюх секцыях: "Творчая спадчына Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: асоба, традыцыя, паэтыка" і "Творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: еўрапейскі і нацыянальны кантэкст".

(Паводле "БелаПАН", 5 лютага 2008 г.)


Мітрапаліт адкрыў мэмарыяльную дошку Дуніну-Марцінкевічу

Архібіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч сёння ў Бабруйскім касцёле беззаганнага зачацця найсвяцейшай панны Марыі адкрыў і асвяціў мемарыяльную дошку ў памяць пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Урачыстасць адбылася з нагоды двухсотгоддзя з дня нараджэння класіка беларускае літаратуры.
Паводле старшыні бабруйскае суполкі Таварыства беларускае мовы Віктара Маліноўскага, разам з Тадэвушам Кандрусевічам у Бабруйск прыехалі нашчадкі роду Дунінаў-Марцінкевічаў з Польшчы, даследчыкі творчасці драматурга, сярод якіх Язэп Янушкевіч.
“Пачэсным госцем мерапрыемства стаў Валяр’ян Янушкевіч, аўтар і выканаўца мемарыяльнае дошкі. На дошцы з чырвонага мармуру – барэльефная выява Дуніна-Марцінкевіча і надпіс беларускаю лацінкаю: “Году гасподняга 1808 дня 4 лютага ў Бабруйску быў ахрышчаны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся на Бабруйшчыне ў фальварку Панюшкавічы. У Бабруйску ён скончыў павятовую школу.

(Паводле "Радыё Свабода", 3 лютага 2008)




“Музэю Дуніна-Марцінкевіча ў Люцінцы – быць!”

4 лютага споўнілася 200 гадоў з дня народзінаў аднаго з пачынальнікаў новае беларускае літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Што зроблена дзеля ўшанавання класіка, і што яшчэ плануецца зрабіць, – тэма гутаркі з гісторыкам літаратуры Язэпам Янушкевічам.
Міхась Скобла: “Язэп, дзеля адзначэння юбілею Дуніна-Марцінкевіча ўладамі быў створаны адмысловы арганізацыйны камітэт, старшыняваў у якім намеснік прэм’ер-міністра Аляксандар Косінец. У ягоным складзе – шэсць міністраў і намеснікаў міністраў, высокапастаўленыя чыноўнікі з аблвыканкамаў і райвыканкамаў. І адзіны літаратар – вы. Што з запланаванага ўдалося ажыццявіць?”
Язэп Янушкевіч: “Мушу пачаць з удакладнення: у спісе аргкамітэту значыцца прозвішча Максімовіча Валерыя Аляксандравіча, які пэўны час выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук. Бадай што на гэтыя структуры і лёг асноўны цяжар падрыхтоўкі да юбілею Дуніна-Марцінкевіча. Добра, што мы дамагліся хоць адзінага паседжання аргкамітэту, якое адбылося ў траўні мінулага году. На ім гаварылася, што постаць Дуніна-Марцінкевіча настолькі шырокая, што не ўкладваецца ў акадэмічную прастору, паколькі ён – не толькі літаратар і публіцыст, але й грамадскі ды культурны дзеяч. Хачу адразу адзначыць, што размова ідзе пра цэлы юбілейны год Дуніна-Марцінкевіча ў Беларусі і ў Еўропе. Цягам гэтага году й будуць адбывацца адпаведныя імпрэзы. Прыкладам, помнік Дуніну-Марцінкевічу планавалася адкрыць да юбілею, але пакуль што ён у стадыі праекту. Яго мяркуецца ўсталяваць у Мінску. З усёй сталічнай прасторы дзеля гэтага найлепш падыходзяць дзве мясціны. Першая – на вуліцы Фрунзэ, непадалёк ад Дому літаратара, дзе быў дамок Дуніна-Марцінкевіча. І другая (яна мне бачыцца найлепшай) – на Плошчы Свабоды, гэта тая частка скверу, якая насупраць кансерваторыі. Там знаходзіўся дом Аўсея Поляка, які пэўны час называўся мінскім тэатрам. Менавіта там была пастаўленая опера “Сялянка” (музыка Станіслава Манюшкі).
Скобла: “Хацелася б верыць, што кожны зь чальцоў аргкамітэту спрычыніўся да годнага ўшанавання памяці Дуніна-Марцінкевіча. Але чым займаўся ў гэтым камітэце, да прыкладу, намесьнік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга?”
Янушкевіч: “Мелася на ўвазе, што ў Люцінцы, якая знаходзіцца ў Валожынскім раёне, да юбілею будзе нарэшце створаны музей Дуніна-Марцінкевіча. І ён бы адразу клаўся ў турыстычны маршрут. На жаль, праца над стварэннем музею нават не пачыналася. І гэта пры тым, што да ідэі музею вельмі прыхільна паставіўся сам старшыня аргкамітэту Аляксандар Мікалаевіч Косінец. Калі я на паседжанні выказаў сваю прапанову наконт музею, прагучалі пярэчанні: маўляў, не трэба займацца манілаўшчынай, нерэальнымі планамі. Спадар Косінец павярнуўся да прамоўцы і з запытаннем у голасе прамовіў: “Вы, відаць, забыліся, за які час была збудаваная “лінія абароны Сталіна”, калі да нас прыяжджаў прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс?” І канчатковы прысуд быў такі: музею Дуніна-Марцінкевіча ў Люцінцы быць. На жаль, па нейкіх прычынах, мне да канца незразумелых, справа з музэем стаіць на месцы. Наколькі я ведаю, нават папярэдняя праца не вялася. А гаворкі пра музей вядуцца ўжо гадоў дваццаць пяць. Здаецца да 175-годдзя Дуніна-Марцінкевіча быў зроблены праект музею. Пасля ён лічыўся згубленым, але цяпер шчасліва адшукаўся. Гэта дазволіць заашчадзіць сродкі і ў аптымальна кароткі час усё ж збудаваць музей. Адразу скажу, што гэта мае быць ніякі не шыкоўны палац, а звычайная драўляная хата. А ў нас жа пад бокам Налібоцкая пушча”.
Скобла: “5 лютага ў Нацыянальнай Акадэміі навук мае адбыцца Міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя, прысвечаная беларускаму класіку. Хто з замежных славістаў займаецца вывучэннем творчасці Дуніна-Марцінкевіча?”
Янушкевіч: “Адмысловых спецыялістаў па Дуніну-Марцінкевічу, такіх, прыкладам, як наш Генадзь Кісялёў, за мяжою няма. Хоць мы маем такі прэцэндэнт: першая манаграфія пра Дуніна-Марцінкевіча была напісаная польскім славістам Юзафам Галомбакам і выдадзеная ў Вільні ў 1932 годзе. А на канферэнцыю прыедуць Вера Рыч зь Лондану й Чэслаў Сэнюх з Варшавы. Іх лучыць тое, што яны абодва – літаратары, перакладчыкі. А да юбілею Дуніна-Марцінкевіча апроч акадэмічнага Збору твораў выдадзеная камэдыя “Пінская шляхта” на пяці еўрапейскіх мовах. Вось менавіта да з'яўлення гэтага выдання й спрычыніліся Вера Рыч і Чэслаў Сэнюх”.
Скобла: “У выдавецтве “Мастацкая літаратура” прымяркоўна да юбілею выйшаў двухтомавік Дуніна-Марцінкевіча, цалкам падрыхтаваны вамі. Памятаю, здаецца, у 1984 годзе выдаваўся дыхтоўны аднатомавік, які таксама рыхтавалі вы. Дык няўжо за прамінулыя 23 гады назбіралася твораў яшчэ на адзін том?”
Янушкевіч: “Не, справа ў тым, што новы Збор твораў падрыхтаваны па ўсіх акадэмічных правілах. Творчая спадчына Дуніна-Марцінкевіча ў ім пададзеная ў арыгінале. Калі твор напісаны па-польску, ён і падаецца па-польску, а таксама ў перакладзе на беларускую мову. Творчасць Дуніна-Марцінкевіча як мінімум дзвюхмоўная, пра што сведчыць і першы апублікаваны ягоны твор – камедыя “Ідылія”. У ёй адны героі гавораць па-беларуску, другія – па-польску. У чытачоў уражанне, што яны ідуць разнатраўным лугам, дзе цвітуць розныя кветкі. Як адзначаў яшчэ Уладыслаў Сыракомля, менавіта бытавая праўда змушала Дуніна-Марцінкевіча пераплятаць беларускамоўныя дыялогі з польскамоўнымі. Паны ў ягоных творах гавораць пераважна па-польску, тутэйшы люд – па-беларуску”.
Скобла: “З мовай твораў Дуніна-Марцінкевіча да гэтай пары не ўсё зразумела. Як вядома, “Пінская шляхта” напісаная на паляшуцкай гаворцы. Чаму так? Дунін-Марцінкевіч – нараджэнец цэнтральнай Беларусі, вучыўся ў Вільні й Пецярбургу. Адкуль у яго веданне мовы палешукоў?”
Янушкевіч: “Канчаткова і я не магу адказаць на гэтае пытанне. Мне здаецца, што кожны творца, які пэўны час пажыў на Палессі, паспрабаваў бы адлюстраваць той непаўторны куток Літвы-Беларусі, які раскінуты на палескіх багністых балотах. Калі ж паглядзець з прафесійнага боку, то не выпадае называць мову “Пінскай шляхты” палескай ці, тым больш, украінскай. Хоць спробы такія й былі. Але, скажам, мой сябра пісьменнік Алесь Наварыч, карэнны паляшук, ён нарадзіўся на Століншчыне, сказаў мне, што сярод 32 палескіх дыялектаў, апісаных мовазнаўцамі, той мовы, на якой напісаная “Пінская шляхта”, няма. Дунін-Марцінкевіч, як бліскучы творца, прыдумаў не толькі фабулу, не толькі персанажа Кручкова з ягонымі “ўказамі Пятра Вялікага ад 1988 году”, але й бліскуча разыграў мову сваіх персанажаў”.
Скобла: “4 лютага ў Бабруйскім касьцёле Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі высвечаная мемарыяльная дошка ў памяць Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. Яе аўтар – ваш брат, скульптар Валяр’ян Янушкевіч. Чыя гэта была ініцятыва?”
Янушкевіч: “У гэтай справе я б хацеў найперш адзначыць ініцыятара, завадатара і часткова фундатара гэтай памятнай дошкі, пробашча бабруйскага касьцёлу ксяндза Юрыя Быкава. Я перакананы, што будучая Беларусь яшчэ выкажа яму сваю ўдзячнасьць”.
Скобла: “З намі на сувязі Бабруйск, ксёндз Юры Быкаў. Айцец Юры, краязнаўчы пратэстуюць. Маўляў, Дунін-Марцінкевіч не мае адносінаў да вашага касцёлу. Ці так гэта?”
Юры Быкаў: “Памятную шыльду Дуніну-Марцінкевічу можа ўсталяваць кожны касцёл Беларусі. Нішто гэтаму не замінае. Дунін-Марцінкевіч быў ахрышчаны ў Бабруйску. На жаль, таго парафіяльнага касьцёлу няма, яго зруйнавалі. Замест яго існуе наш парафіяльны касьцёл, нанова адбудаваны. Але ж парафія застаецца тая самая, бабруйская. І таму шыльда ўсталяваная ў нашым касцёле. Але я яшчэ раз падкрэслю: шыльда Дуніну-Марцінкевічу можа быць усталяваная ў любым беларускім касцёле – і ў Мінску, і ў Горадні, і дзе заўгодна. Гэта не мае значэння”.
Скобла: “Дзякуй ксяндзу Юрыю Быкаву за ўдзел у нашай гутарцы. Язэп, з нашых папярэдніх гутарак мне вядома, што рэжысер Мікалай Пінігін браўся за пастаноўку “Пінскай шляхты” на тэатральнай сцэне. Што чуваць з гэтай задумкай?”
Янушкевіч: “Бясспрэчна, дарагая лыжка да абеду. Паколькі Мікалай Пінігін працуе цяпер за межамі Беларусі, у Санкт-Пецярбургу, я не ведаю, якія ў яго адносіны з нашым Міністэрствам культуры. Але, наколькі мне вядома, Пінігін бярэцца за “Пінскую шляхту”, і прыступае да працы з 1 сакавіка. Да будучай пастаноўкі мае таксама спрычыніцца паэт Уладзімер Някляеў. Спадзяюся, што ў юбілейны год “Пінская шляхта” будзе пастаўленая ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы”.
Скобла: “Калі я думаю пра забарону царскім урадам твораў Дуніна-Марцінкевіча, таго ж “Халімона на каранацыі”, то ўспамінаю імёны сучасных творцаў, якіх летась выкінулі са школьнай праграмы. Калі я думаю пра падпольную школу ў Люцінцы, у маёнтку Дуніна-Марцінкевіча, то ўспамінаю сучасны Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які дзейнічае фактычна ў падполлі. Што б сказаў на гэта Дунін-Марцінкевіч, калі б цудам з'явіўся ў нашым часе?”
Янушкевіч: “Што б ён мог сказаць? Пра тое, што нельга спадзявацца на нейкія казённыя структуры, на людзей пры пасадах. Мы і толькі мы павінны быць гаспадарамі на ўласнай зямлі. І таму калі мы ствараем школку, гэта наша школка. Калі мы пішам творы, то не павінны зважаць на тое, ці будуць яны прыхільна прынятыя ў “дэпартамэнце генэрал-губэрнатара”. Талент павінен быць непахісным і шчырым. Менавіта гэта дазваляе яму быць несмяротным. А твой несмяротны талент робіць увесь твой народ таксама несмяротным”.
Скобла: “У 1856 годзе ў лісьце да свайго выдаўца Адама Завадзкага Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пісаў: “Прашу пана дабрадзея выслаць мне першай поштай 40 асобнікаў “Ідыліі”, бо шчырая Беларусь шалёна патрабуе маіх твораў. І калі б я меў 300 асобнікаў, то распрадаў бы ўсе”. А што сёння “шчырая Беларусь”, ці жадае яна з гэткай жа ахвотай чытаць Дуніна-Марцінкевіча?”
Янушкевіч: “Хачу з гонарам адзначыць, што першы акадэмічны Збор твораў Дуніна-Марцінкевіча ў 2 тамах выйшаў у дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” накладам 2 000 асобнікаў. Улічваючы спэцыфіку гэтага выдання, найперш ягоную рознамоўнасць, пра якую мы гаварылі, то гэта нямала. І я перакананы, што Беларусь яго запатрабуе”.

(Паводле "Радыё Свабода", 4 лютага 2008)




Святкаванне на Валожыншчыне

На Валожыншчыне адбылося святкаванне 200‑годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Якуба Дуніна‑Марцінкевіча. На святкаванні прысутнічала й група гасцей зь Вялейкі.
Праграма пачалася з сустрэчы на мяжы раёну замежных гасцей — нашчадкаў Дуніна‑Марцінкевіча. Сустракаў іх з хлебам‑соллю фальклорны калектыў «Вянок» з Ракава.
Таксама сярод гасцей былі заўважаны паэт Генадзь Бураўкін, гісторык Уладзімір Собаль іншыя дзеячы беларускае культуры.
Пасля адбыўся мітынг на магіле слыннага беларускага песняра. Пад час мітынгу прамаўлялі як даследчыкі творчасці паэта, гэтак і афіцыйныя асобы раённага маштабу.
З могілак адправіліся на месца былой сядзібкі Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча. Справа ў тым, што пахаваны ён у Тупальшчыне — за некалькі кіламетраў ад Люцінкі — таго месца, дзе жыў. Фальварак Люцінка быў у сваім часе адным з самых малых. Цяпер на месцы старога фальварку Марцінкевіча засталіся толькі падмурак з лесвіцай ды кусты бэзу, якія пасадзіў яшчэ ён сам, а таксама стары струхнелы пень ад таполі, якую таксама пасадзіў Вінцэнт.
Ад Люцынкі шлях мерапрыемства вёў у Першаі, і большасць гасцей не магла не завітаць у сядзібу‑музэй Алеся Белага, дзе аказаўся і майстар‑дудар Алесь Лось, які вітаў гасцей граннем на дудзе.
У Перашаі ў сельскім ДК адбылася заключная частка святкавання. У грандыёзнай (не пабаюся гэтага слова) пастаноўцы ўзялі ўдзел музычная капэла «Санорыюс», пяршайскі народны тэатар, народны фальклорны калектыў «Гасціне» і ўзорны фальклорны калектыў «Вянок».

(Паводле блогу jakub_v)


Уладзімір Арлоў
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Праязджаючы каля менскага цырку, я почасту спрабую здзейсніць невялікае падарожжа ў часе. Паўтара з лішнім стагоддзя таму якраз тут, у менскім прадмесці, стаяў дамок, дзе жыў службовец крымінальнае палаты, а затым перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансысторыі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Я спрабую ўявіць, як, гуляючы адвячоркамі па-над Свіслачу і раз-пораз спыняючыся, каб нешта занатаваць, малады чыноўнік пачынаў свой шлях да славы класіка новай беларускай літаратуры.
Праз дваццаць гадоў, у лютым 1852-га, ён прыедзе ў Менск з маёнтку Люцынка, каб выйсці на сцэну ў ролі Навума Прыгаворкі ў сваёй славутай “Сялянцы” (“Ідыліі”), музыку да якой напіша Станіслаў Манюшка.
У тым самым 1852 годзе дзейнасць створанага Дуніным-Марцінкевічам беларускага тэатру (як і сама “Сялянка”) будзе забароненая і трупа пачне ладзіць паказы нелегальна. Стасункі пісьменніка з каланіяльнымі расейскімі ўладамі і надалей будуць, далікатна кажучы, складанымі.
Следчыя не змогуць давесці ўдзел Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні 1863 году, але яму прыпішуць аўтарства антыўрадавых адозваў. Пісьменніка на 13 месяцаў кінуць у менскі астрог, потым на доўгія гады ён апынецца ў Люцынцы пад паліцэйскім наглядам. Дачка Каміла за ўдзел у патрыятычных маніфэстацыях будзе ў гэты час адбываць высылку ў Салікамску.
Але “дудар беларускі” не быў зламаны і здолеў захаваць сваё бліскучае пачуццё гумару. Адразу пасля вяртання з турмы ён распачаў працу над знакамітым фарсам-вадэвілем “Пінская шляхта”. Пад час візытаў паліцыі рукапіс хавалі, а шчодра прычаставаны прыстаў пісаў пра паднагляднага ў рапарце: “Паводзін добрых, спосабу жыцця скрытнага”.
Шмат якія творы “дудара” чакалі сустрэчы з чытачамі і тэатральнымі гледачамі не адно дзесяцігоддзе. Вершаваная аповесьць “Халімон на каранацыі” была, да прыкладу, надрукаваная амаль праз сто гадоў пасля напісання. Пастаўленая Мікалаем Пінігіным “Ідылія” сталася, на маю дылетанцкую думку, адным з найлепшых спэктакляў Купалаўскага тэатру на парозе XXI стагодзьдзя. Мару аб тым, што ў адзін цудоўны дзень Пінігін натхніцца “Пінскай шляхтай”. Вось толькі ці не ўбачаць тут крамолы якія-небудзь кручковы зь мінкульту?

(Паводле "Радыё Свабода", 17 лютага 2006 г.)



Наталля Якавенка
Ad impossibilia nemo obligatur

(Да немагчымага нікога не абавязваюць)

Гісторыя, безумоўна, дама капрызная: часта мяняе свае погляды, шмат чаго недагаворвае, нярэдка хлусіць. Затое сумаваць з ёй не даводзіцца – можа падкінуць сюрпрыз там, дзе, здавалася б, не павінна існаваць ніякіх праблем. Прыкладам нават гісторыя беларускай літаратуры.
Здаўна павялося, што "яблык раздору" прыносіць жанчына. Так і ў айчыннай гісторыі: Жанна Некрашэвіч-Кароткая знайшла "партрэт" Міколы Гусоўскага, а прафесар Ніна Мечкоўская нечакана паставіла пад сумненне аўтарства камедыі "Пінская шляхта", якую, як дагэтуль было вядома і навукоўцам, і школьнікам многіх пакаленняў, напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Але пра ўсё па парадку.
Створаная ў 1866 годзе, "Пінская шляхта" была знойдзена ў архіве калекцыянера старажытнасцяў Аляксандра Ельскага ў 1884г, пасля смерці В.Дуніна-Марцінкевіча, а затым і ў архіве этнографа і фалькларыста Яна Карловіча (відаць, існавала некалькі спісаў камедыі). Пры жыцці пісьменнік ніводнага разу не згадаў пра гэты твор як уласны. Між тым, у знойдзеных рукапісах яго почарк.
П’еса зусім не падобная на ўсе папярэднія творы В.Дуніна-Марцінкевіча. Узяць хаця б "Ідылію" – "Пінская шляхта" на парадак вышэй па стылі, сюжэтабудаванні, тэматыцы. Няўжо драматург перарос сам сябе? Калі нават так, чаму тады не абнародаваў новы звышудалы твор? Прыкладна тыя ж пытанні ўзніклі і ў Ніны Мечкоўскай. Свае адказы на іх яна апублікавала ў альманаху "Wiener Slawisticxer" (BD.46, 2000г.) і патлумачыла для айчынных СМІ ("СБ" за 30.06.2006г.).
Паводле высноў прафесара Н.Мечкоўскай, тэма "Пінскай шляхты", якая з’яўляецца пародыяй на тагачасную судовую бюракратычную сістэму, чужая для В.Дуніна-Марцінкевіча. А між тым твор напісаны што называецца з веданнем справы, таму аўтар – чалавек, які добра разбіраўся ў юрыспрудэнцыі. Магчыма, гэта юрыст па адукацыі, пісьменнік, чыя творчасць вызначалася вострай сатырычнай скіраванасцю, – Францішак Багушэвіч! Ну а тое, што ёсць аўтограф п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча, яшчэ не значыць, што гэта яго твор. Пасля падаўлення паўстання 1863 года пісьменнікам цяжка было друкаваццца, таму распаўсюджваліся рукапісныя копіі твораў. Так што і В.Дунін-Марцінкевіч мог перапісаць камедыю, створаную іншым аўтарам. Знайшлі ж у яго ўласным архіве адну з копій "Тараса на Парнасе" (і яшчэ выдвігалі гіпотэзу прыналежнасці Дуніна-Марцінкевіча да напісання, пакуль вядомы літаратуразнавец Генадзь Кісялёў не даказаў, што паэма належыць Канстанціну Вераніцыну).
Гучыць нібыта доказна, але Ніне Мечкоўскай можна не менш абгрунтавана запярэчыць. Адзін з апанентаў – даследчык творчасці драматурга Язэп Янушкевіч – сцвярджае наступнае: у 1830-я гады Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч падпрацоўваў у прыватнай юрыдычнай канторы Юзэфа Бараноўскага. Пазней пісьменніка абвінавачвалі ў падробцы дакументаў, чаму ён навучыўся ў таго ж Ю.Бараноўскага. Такім чынам, пэўнае веданне юрыспрудэнцыі мае месца. А прызнацца пасля паўстання Каліноўскага ў напісанні твора, дзе крытыкуецца дзяржаўная судовая сістэма, было немагчыма. Вось таму і не згадваў пісьменнік пра п’есу.
Але самым моцным контраргументам можа быць ліст дачкі В.Дуніна-Марцінкевіча Камілы, напісаны пасля смерці бацькі Я.Карловічу, у якім ёсць радок: "Акрамя таго, дасылаю яшчэ адзін твор майго бацькі, "Пінская шляхта"…" (Язэп Янушкевіч "За архіўным парогам", Мн., 2002г.). Па ўсяму відаць, Ніна Мечкоўская пра гэты дакумент нічога не ведае. Цікава, што яна можа сказаць у адказ – што Каміла Марцінкевіч памылілася?..
У спрэчцы павінна нараджацца ісціна. Пакуль яе няма – паміж дзвюма рознымі меркаваннямі паўстала праблема, якая наўрад ці вырашыцца ў бліжэйшай будучыні. Застаецца спадзявацца на суд Гісторыі, але пры яе няўстойлівым характары вынікі могуць быць самымі непрадказальнымі.


Сяргей Харэўскі
Што змяняе чалавека

Фатаздымак, змешчаны на першай паласе «Нашае Нівы» за 1910 год у № 48, да артыкула «У 25‑летнюю гадаўшчыну смерці В.Дуніна‑Марцінкевіча», міжволі зварачае на сябе ўвагу нестандартным, малазнаным вобразам класіка. Мы «звыклі» ўяўляць Марцінкевіча грузным, азызлым, нібы расціснутым, якім ён паказаны на пазнейшым здымку. Тут жа мы бачым энергічны твар з высокім ілбом і ясным позіркам скрозь шкельцы элеганцкіх акуляраў. Подпіс пад здымкам сведчыць, што на ім «В. Дунін‑Марцінкевіч, з фатаграфіі, зробленай у Менску ў 60‑х гадах».
Ці гэта насамрэч Дунін‑Марцінкевіч? Выдаўцы «Нашай Нівы» браты Луцкевічы, якія прысвяцілі творчасці сталічнага культурнага героя нямала публікацыяў, памыліцца не маглі. Балазе, іх бацька Ян Баляслаў быў у прыяцельскіх стасунках з аўтарам «Гапона». Луцкевічы ж, пэўна, як сябры рэдакцыі, маглі й прадставіць сам фатаздымак. Прыпушчаю, што з уласнага сямейнага архіву.
Хто мог быць аўтарам гэтага здымку?
Варыянтаў няшмат.

Здымак аўтарства
Антона Прушынскага
Першае ў свеце фотапартрэтнае атэлье ў Лондане было адкрытае Рычардам Бёрдам толькі ў 1841 г., а Марцінкевічава «Сялянка» была напісаная ў 1844.
У 1860‑я гады ў Менску былі фотамайстэрні Эмерыка Адамовіча, Станіслава Антона Прушынскага і Якава Брафмана. Каб зразумець некаторыя акалічнасці тагачаснае атмасферы ў Менску, прывяду цытату з часопіса «Фотографической иллюстрации», першага ў Расейскай імпэрыі часопісу фатаграфіі, апошні нумар якога (№ 8—9 за 1863 г.), выйшаў у Менску: «Дзве адзіныя ў горадзе фатаграфіі, першая Прушынскага, даволі недасведчанага фатографа, які карыстаецца падтрымкай польскага насельніцтва і ў цяперашні час арыштаваны за ўдзел у мяцяжы, — другая Якава Аляксандравіча Брафмана, выдатнага фатографа, што заслугоўвае па майстэрстве сваім заняць найганаровейшае месца ў коле нашых расейскіх фатографаў».
Малавераемна, што аўтарам здымку Марцінкевіча мог быць Брафман. Пагатоў, нам дакладна ведама, што менавіта Прушынскі быў аўтарам здымку Дуніна‑Марцінкевіча, вядомага сёння кожнаму школьніку. Больш за тое, фатограф Антон Прушынскі, 9 лютага 1852 г., выканаў ролю Караля Лятальскага падчас прэм’еры «Сялянкі». Дакументальна пацверджаны і факт існавання ў Менску фотамайстэрні Прушынскага ў 1861 г. Але, надта ж розніцца здымак з «НН» 1910 году, ад славутага фотапартрэта Дуніна‑Марцінкевіча, на якім пісьменнік апрануты ў вопратку з цёмнымі палосамі, засцянковую паўстанцкую чамарку…
Тое першае магло быць зроблена Эмерыкам Адамовічам. На адзіным дакумэнтальна атрыбутаваным яго здымку выяўлены апошні менскі біскуп ХІХ ст. Адам Вайткевіч. Стылістычнае й фарматнае падабенства са здымкам Дуніна‑Марцінкевіча — відавочнае. Вядома, што Эмерык Адамовіч быў выпускніком катэдры прыгожых мастацтваў пры Віленскім унівэрсітэце, і ад 1840‑х выкладаў у Менскай мужчынскай гімназіі. Яго дачка Жазэфіна адчыніла ўласнае фотаатэлье ў Менску ў 1870‑я.
Але як мог Марцінкевіч гэтак змяніцца? Згадаем жыццёвыя варункі. Пасля таго, як быў зроблены партрэт, друкаваны на першай старонцы «НН» у 1910 г., Дунін‑Марцінкевіч больш году правёў пад следствам у Менскім астрозе ‑‑ па справе «О помещике Марцинкевиче, рассылавшем в Западные губернии возмутительные воззвания…» (1861). Пры канцы таго ж трагічнага для яго сям’і году, дачку Марцінкевіча, Камілу, арыштавалі за «нядобранадзейнасьць». Доказам стаў фатаздымак таго ж А.Прушынскага, на якім Каміла знятая ў атачэнні патрыётаў у паўстанцкіх чамарках. Камілу змясцілі ў вар’ятню, аднак пад напорам грамадскасьці неўзабаве мусілі выпусціць. Тады ж, дарэчы, арыштоўвалі і фатографа Прушынскага. Пасля грымнуў 1863 год. У лютым Камілу зноў бяруць пад варту і высылаюць. У тым жа годзе, пасля другога арышту, выехаў пад канвоем у Томск і А.Прушынскі.
А Дунін‑Марцінкевіч, пасля адседкі ў Пішчалаўскім замку (сённяшняя «Валадарка») жыў пад пільным паліцэйскім наглядам «бяз тэрміну»… 12 гадоў ён правёў бязвыезна ў Люцынцы.
Выходзіць, што між двума здымкамі адлегласць усяго пару гадоў! Цяжар жыццёвых клопатаў і беды, што абрынуліся на сям’ю Марцінкевіча, змянілі яго блізу непазнавальна…
Хоць пытанне пра аўтарства «нашаніўскага» здымку застаецца адкрытым, дата не выклікае сумневу — 1860 год. А ці быў фатографам Эмерык Адамовіч ці Станіслаў Антон Прушынскі высветліць можна будзе толькі знайшоўшы арыгінал. І справа гэта не такая безнадзейная, як можа падацца. Да прыкладу, арыгінал «хрэстаматыйнага» здымку Дуніна‑Марцінкевіча, быў адшуканы наноў у фондах Дзяржаўнага музэю БССР толькі ў 1984 г.

(Паводле "Нашай Нівы", 4 лютага 2008 г.)



Фёдар Клімчук
Словы на вагу золата

Як успрымае той ці іншы чалавек таго ці іншага дзеяча культуры, гісторыі, залежыць ад гэтага чалавека, ад таго, які ён ёсць. Таму мне неабходна некалькі слоў сказаць пра самога сябе.
Я — берасцеец, нарадзіўся і доўга пражыў у глыбіні Берасцейшчыны, у Драгічынскім раёне. Мая родная гаворка далёкая ад той, якая лягла ў аснову мовы Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча. Але для мяне гэта не складала праблем.
На Берасьцейшчыне спрадвеку існавала культурнае шматмоўе. Гаварылі, праўда, там пераважна на адной мове — на берасцейска‑пінскай гаворцы. Але ж яшчэ трэба было разумець мову суседзяў і ўмець чытаць тэксты на некалькіх блізкіх мовах, якія бытавалі ў гэтай мясцовасці.
Мае бацькі перад тым, як пасылаць мяне ў школу, навучылі мяне чытаць на чатырох мовах. Першай кнігай, якою я авалодаў, быў «Букварь» на расейскай мове. Другая кніга — «Чырвоныя зорачкі» на беларускай мове (гэта школьная чытанка). Трэцяя кніга — гэта «Петрусь Шкода» Міхайла Серады на ўкраінскай мове. Чацвёртая кніга — гэта школьны падручнік па прыродазнаўстве на польскай мове. Падарыла мне яго стрыечная сястра Марыя. Праўда, у гэтым падручніку я прачытваў толькі загалоўкі і тое, што было падпісанае пад малюнкамі і ілюстрацыямі.
Я кандыдат філалагічных навук. Але літаратура ў мяне «выпала». Як так сталася? Паводле першапачатковай спецыяльнасці, я — настаўнік гісторыі. Але потым захапіўся вывучэннем народных гаворак і вырашыў паступіць у аспірантуру па мовазнаўчым профілі. У тыя часы гэта не складала праблемы. Я самастойна падрыхтаваў філалагічныя, моўныя дысцыпліны, здаў экзамэны, прайшоў па конкурсе ў аспірантуру. Такім чынам, маёй стыхіяй, акрамя гісторыі, стала мова. У сваіх даследаваннях я стаў іх нават спалучаць. Гісторыя і мова, але не літаратура. Літаратура, як я гаварыў вышэй, у мяне выпала. Захавалася толькі тое, што засталося са школьных гадоў і кароткіх універсітэцкіх курсаў.
Але ж мастацкія творы я чытаў, многа ці мала, але чытаў. Чытаў іх з аднолькавай лёгкасцю на расійскай, беларускай і ўкраінскай мовах. З расійскіх паэтаў мне быў найбольш блізкім Някрасаў, з украінскіх — Шаўчэнка, з беларускіх — Багдановіч. Хаця высока цаніў і іншых паэтаў і пісьменнікаў. На польскай мове чытаць было цяжэй. Яшчэ цяжэй было чытаць на іншых славянскіх мовах. Але часам трохі чытаў і на іх, асабліва на чэскай і сербскай. На гэта, безумоўна, уплывала захапленне слаўнай гісторыяй чэскага і сербскага народаў. Балгарская мова мастацкіх твораў для мяне цяжэйшая за сербскую.
Такім чынам, мастацкія творы я ўспрымаў не як літаратар. Тады як?
А як звычайны чалавек, але не літаратар. Найбольш я цаніў у пісьменнікаў і паэтаў іх сілу думкі. У гэтым сэнсе сярод паэтаў, якіх я назваў вышэй, мне найбольш падабаліся Багдановіч і Шаўчэнка. У іх што ні фрагмэнт фразы, то нешта настолькі арыгінальнае, дасканалае, дэталёва апрацаванае, што і паўтарыць нельга. На другім месцы я б паставіў праўдзівае адлюстраваньне рэчаіснасці. Яна праяўлялася і ў побыце, і ў думках, і ў надзеях, і ў спадзяваннях, і ў шчасці, і ў горы. Чытаеш і адчуваеш, што гэта тое, што ёсць ці было або магло быць. Адчуваеш месца і час падзей.
Пасляваенны час. У школах Берасцейшчыны беларуская літаратура, як і мова, вывучаліся. Але школьны курс літаратуры беларускай і расейскай адрозніваўся істотна. У школьнай праграме па расейскай літаратуры было многа твораў дарэвалюцыйных паэтаў і пісьменнікаў: Пушкіна, Лермантава, Талстога, Тургенева, Нікіціна, Майкава.
У школьных праграмах па беларускай літаратуры такога не было. У іх дамінавала ўхваленне Сталіна, ўхваленне савецкага ладу жыцця. «Інфармавалася» пра жудаснае жыццё людзей да рэвалюцыі. Прапагандавалася думка пра тое, што беларуская літаратура мае толькі двух паэтаў: Янку Купалу і Якуба Коласа, астатняе — дробязь. Але змяшчалі пераважна толькі тыя творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія яны вымушаныя пісаць на замову.
Нямала было твораў пра вайну. Але людзі таго часу ў абсалютнай большасці самі бачылі ці прайшлі вайну. І заўважалі розніцу ў тым, што бачылі самі і што пісалася ў творах.
Бытаваў тады такі анэкдот. Гаварылі, што экзамен па беларускай літаратуры здаваць вельмі лёгка. Ну, вядома, нейкія імёны запомніць неабходна. Але галоўнае прытрымлівацца прынцыпу: «Цяжкае, жудаснае жыццё да рэвалюцыі — лёгкае, шчаслівае жыццё пасля рэвалюцыі».
Траплялася, праўда, і іншае. Напрыклад, славуты «Курган» Янкі Купалы. Дарэчы, на Берасцейшчыне, паводле маіх назіранняў, сярод беларускіх паэтаў і пісьменнікаў найбольшай павагай карыстаўся Багдановіч. Але гэта не мяняла сітуацыі ў цэлым. Дарэчы, «Курган» Янкі Купалы добра ўпісваўся ў агульную схему цяжкага жыцця беларусаў да рэвалюцыі. Таму ён і трапіў у падручнік.
І вось я вучуся ў 7‑ай клясе. Спачатку звярнуў увагу на творы Багдановіча. Яны вылучаліся з агульнага рэчышча. А потым трапілася наступнае. Вёска, у якой я нарадзіўся, згарэла ў час вайны. Цяпер там ёсць сярэдняя школа. А пасля вайны памяшкання для школы не было. Было месца (у былой малачарні) толькі для пачатковай школы. З 5‑й клясы я наведваў школу ў Драгічыне. Жыў там на кватэры. І вось, калі вучыўся ў 7‑й клясе, жыў на кватэры разам з хлопцамі, якія вучыліся ў 8‑й клясе. І ў іх быў падручнік па беларускай літаратуры для 8‑й клясы. А гэты падручнік быў прысвечаны дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры. Мяне ён зацікавіў. Акрамя таго, за свае мізэрныя школьныя грошыкі я прыдбаў хрэстаматыю‑дапаможнік па беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя.
І я зрабіў для сябе вялікае адкрыццё. Перада мною паўстала зусім іншая Беларусь, зусім нe тая, якую падавалі нам у школьных падручніках.
У творах, змешчаных у падручніках, было многа нейкіх пустых слоў, слоў бяз пэўнага зместу. А словы ў творах ХІХ стагоддзя былі на вагу золата. Хай там нешта з рыфмай нe так, хай там нярэдка значныя адрозненні ад літаратурнай нормы. Гэта ўжо не істотна. Там не ўхваляўся савецкі лад, які існаваў у сярэдзіне ХХ стагоддзя — у ХІХ стагоддзі яго яшчэ не было. Там не ўхваляўся Іосіф Вісарыёнавіч — у самым канцы ХІХ стагоддзя, у 1900 годзе, яму быў усяго 21 год. Там не было перайначанняў падзей другой сусветнай вайны — падзеі гэтай вайны надыдуць многа пазней.
У творах ХІХ стагоддзя нямала пісалася пра цяжкае жыццё беларускіх сялян. Але пры гэтым не прыніжалася іх чалавечая годнасць. Яны фігуравалі як звычайныя нармальныя людзі. У творах жа з падручнікаў сярэдзіны ХХ стагоддзя прыніжэнне беларускага этнасу было вельмі яскравым. У творах ХІХ стагоддзя было бачна, што беларускі этнас жыве, што ён мае сілу і будучыню. Калі ж прачытаць творы з падручнікаў сярэдзіны ХХ стагоддзя, дык адчуеш у іх імкненне даказаць, што беларускі этнас нe здольны нешта самастойна тварыць, што яго ў хуткім часе чакае… знікненне.
Дунін‑Марцінкевіч сваёй творчасцю, поглядамі ўпісваецца ў агульнае рэчышча літаратурнага працэсу ў беларусаў ХІХ стагоддзя. Усё, што можна сказаць дадатнага пра беларускую літаратуру таго часу, можна сказаць і пра Дуніна‑Марцінкевіча і яго творчасць. Мне здаецца, і паўтараць няма сэнсу. А што ў яго адметнага? Адметны, перш за ўсё, аб’ём працы. Калі ў многіх аўтараў невялікія фрагмeнты, то ў Дуніна‑Марцінкевіча шырокія палотны адлюстравання беларускай рэчаіснасці ХІХ стагоддзя. А разам з тым больш натуральна і больш глыбока адлюстраваная розная праблематыка. Ніхто з беларускіх аўтараў ХІХ стагоддзя не напісаў столькі, колькі напісаў Дунін‑Марцінкевіч. Ён — клaсiк.
Для мяне доўга заставалася незразумелай «Пінская шляхта». Калі я чытаў, напрыклад, «Залёты» ці «Гапона», дык нібы апускаўся ў тыповую беларускую рэчаіснасьць сярэдзіны ХІХ стагоддзя. З «Пінскай шляхтай» было нe тое. У ёй я не адчуваў ні тыповай цэнтральнай Беларусі, ні тыповай Піншчыны. Прычына выявілася пазней. Аўтарам «Пінскай шляхты» з'яўляўся не Дунін‑Марцінкевіч, а нехта іншы. Дунін‑Марцінкевіч толькі перапісаў гэты твор. У 1984 г. апублікаваны арыгінал «Пінскай шляхты» (В.Дунін‑Марцінкевіч. Творы. Менск). Даецца інфармацыя, што твор напісаны «пінчуцкай гаворкай» (старонка 504).
Я, як спeцыяліст па народных гаворках Берасцейска‑Пінскага Палесся, пра мову гэтага твору магу сказаць больш канкрэтна. У аснове гэтай мовы ляжаць гаворкі паўднёва‑ўсходняй часткі сучаснага Пінскага раёну Берасцейскай вобласці. Толькі «ў аснове», бо мова арыгіналу «Пінскай шляхты» не зусім ідэнтычная пінскім гаворкам. У гэтай мове адчувальны ўплыў традыцыяў афіцыйнай мовы эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Хаця рэдка, але сустракаюцца ў арыгінале «Пінскай шляхты» звычайныя памылкі, якіх не заўсёды можна пазбегнуць пры перапісванні твору.
Такім чынам, нe ведаючы дасканала гаворак паўднёва‑ўсходняй Піншчыны, немагчыма было стварыць «Пінскую шляхту». Я цікавіўся біяграфічнымі дадзенымі Дуніна‑Марцінкевіча, спрабаваў знайсьці звесткі пра тое, якія былі ў яго асабістыя сувязі з Піншчынай, якія б дазволілі яму дасканала засвоіць пінскую гаворку. Не знайшоў нічога. Праўда, у Дуніна‑Марцінкевіча былі сувязі з вёскай Альпень, што на Століншчыне. Але альпеньская гаворка да тыповых пінскіх гаворак не адносіцца. Гаворка вёскі Альпень адносіцца да гаворак так званага беражноўскага тыпу. Гэта пераходная гаворка паміж заходнепалескімі (берасцейска‑пінскімі) і ўсходнепалескімі (тураўска‑мазырскімі) дыялектнымі сiстэмамі.
Зрэшты, «Пінская шляхта» — гэта асобная праблема. На агульную ацэнку творчасьці Дуніна‑Марцінкевіча яна не ўплывае…

(Паводле "Нашай Нівы", 4 лютага 2008 г.)




Нацбанк выпусціў манеты «В.Дунін‑Марцінкевіч. 200 год»


Манеты двух відаў:
срэбная — наміналам 10 рублёў, пробай сплаву 925, масай 16,81 г, дыяметрам 32,00 мм;
медна‑нікелевая — наміналам 1 рубель, масай 13,16 г, дыяметрам 32,00 мм.
Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў — выступаючы кант па акружнасці. Бакавая паверхня манет рыфлёная. На пярэднім баку манет размешчаны: у цэнтры — у абрамленні тэатральных заслонаў арнаментальны матыў слуцкага пояса, які выкарыстаны ў ілюстрацыях твораў В.Дуніна‑Марцінкевіча, уверсе — рэльефная выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; у верхняй частцы па крузе надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, у ніжняй — 10 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна‑нікелевай), пад ёй — год чаканкі (на срэбнай справа — проба сплаву).
На адваротным баку манет размешчаны: у цэнтры — рэльефная выява партрэта беларускага драматурга В.Дуніна‑Марцінкевіча; справа — фрагменты тэатральных афіш; уверсе злева па крузе ў два радкі надпісы: В.ДУНІН‑МАРЦІНКЕВІЧ і гады жыцця: 1808—1884.
Срэбныя манеты адчаканены якасцю «пруф», медна‑нікелевыя — «пруф‑лайк». Тыраж срэбнай і медна‑нікелевай манет — па 3000 штук.
Памятныя манеты, што ўводзяцца ў абарачэнне, з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.

(Паводле "Нашай Нівы", 4 лютага 2008 г.)



Галіна Абакунчык
У Мінску маліліся за Дуніна-Марцінкевіча

У касцёле Святога Роха ў Мінску адбылася імша, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. За супакой душы класіка беларускае літаратуры разам з мінскімі вернікамі маліліся таксама сваякі Дуніна-Марцінкевіча з Польшчы.
Мінскі залатагорскі касцёл быў абраны для імшы невыпадкова. Дунін-Марцінкевіч быў тут сталым парафіянінам, тут ён хрысьціў усіх сваіх дзяцей. Ксёндз Юры Касабуцкі, які адпраўляў імшу, нагадаў прысутным пра жыццёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і сказаў:
“Святой памяці, светлай памяці Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч няхай дапамагае адтуль, з нябёсаў сваёй малітвай, сваім заступніцтвам людзям працягваць тую справу, якую ён пачаў. Каб усё гэта стала сапраўднай, вялікай, божай справай, якая праславіць наш народ”.
Гэтымі днямі ў Беларусі знаходзяцца сваякі Дуніна-Марцінкевіча з Польшчы. Станіслаў Плаўскі, Агнешка і Тадэвуш Крыжанскія таксама прыйшлі памаліцца за свайго слыннага продка. Агнешка Крыжанская, наймалодшая прадстаўніца старадаўняга роду, кажа:
“Я тут упершыню. Вельмі цікава будзе пабываць у Люцінцы, бо мне пра гэтую мясціну шмат апавядаў мой тата. Таму вельмі хачу пабачыць. Вельмі задаволеная, што сюды прыехала, вельмі цешуся з таго, што тут вельмі шануюць нашага продка”.
Удзел у набажэнстве з нагоды юбілею пісьменніка, публіцыста і драматурга ўзялі таксама многія парафіяне і іншыя людзі, неабыякавыя да беларускай гісторыі і культуры. Вось што яны казалі ў інтэрвію Радыё Свабода:
Карэспандэнтка: “Сёння вы тут невыпадкова, канечне ж?”
Спадарыня: “Не, канечне ж. Гэта нашае свята, беларусаў, якія сваё вяртаюць у жыццё”.
Спадарыня: “Усё так прыгожа, так цудоўна”.
Юнак: “Я адмыслова прыйшоў на службу менавіта па Дуніну-Марцінкевічу. Я чытаў ягоныя творы, хацеў пабачыць ягоных сваякоў і памаліцца за яго”.
Язэп Янушкевіч — адзіны з сяброў дзяржаўнага аргкамітэту дзеля святкаваньня 200-годдзя Дуніна-Марцінкевіча, які таксама ўзяў удзел у імшы. Аб праграме юбілейных імпрэзаў ён паведаміў наступнае:
“У нас былі вялікія намеры і планы. Гэтыя планы да канца не рэалізаваныя. Але сёлета ў Мінску будзе помнік Дуніну-Марцінкевічу, а на наступны год — музей у Люцінцы”.
На заканчэнне імшы ў касцёле Святога Роха слова ізноў узяў ксёндз Юры Касабуцкі:
“Калі мы зараз удзельнічаем у святой імшы і молімся за Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, то было б незразумелым, каб мы не знайшлі ягоных твораў і не пачыталі бы. І няхай ва ўсім гэтым нам дапамагае добры Бог”.
Сёння і заўтра ў тэатры імя Янкі Купалы пройдзе спектакль “Ідылія” паводле аднайменнае п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, а таксама адбудзецца ўрачыстая вечарына, прысвечаныя 200-годдзю пісьменніка і драматурга.


(Паводле "Радыё Свабода", 4 лютага 2008 г.)



Адам Мальдзіс
... І вырасце новае дрэва

Паэтычнае “апавяданне Навума Прыгаворкі ў дзвюх частках” пад назвай “З-над Іслачы, або Лекі на сон” я лічу сваёй першай значнай зарубежнай знаходкай. Вясной 1964 года ў архівах Польшчы, у Нацыянальнай бібліятэцы, у вопісе рукапісаў, якія паходзілі са збораў Аляксандра Ельскага, трапіўся на вочы названы твор Навума Прыгаворкі. Пад такім псеўданімам хаваўся, як вядома, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
Аднак спачатку — пра самога аўтара, чый юбілей адзначаецца сёлета і як памятная дата ЮНЕСКА. В. Дунін-Марцінкевіч ставіўся да сваёй творчасці як да служэння народу, да працэсу, які павінен мець працяг. Ён плённа чэрпаў з фальклорных крыніц, выкарыстоўваючы іх у сваіх “быліцах”. І таму меў права з гордасцю пісаць у адным з прысвячэнняў: “…гэта я першы паэзію нашага сялянскага люду апрануў у шаты народнай эстэтыкі”.
Як вядома, род Дуніных-Марцінкевічаў мае дацкія карэнні і ў даўнія часы быў багаты (прынамсі з яго, як вынікае са знойдзенай у Варшаве паэмы, выйшла “дванаццаць ваяводаў”), але потым збяднеў. Таму сваю жыццёвую кар’еру будучы пісьменнік пачынаў дробным канцылярыстам у Мінску. Аднак яму ўсё ж удалося ў 1840 годзе купіць маленькі фальварак Люцынку (Люцінку) над ракой Іслаччу. Знаходзіўся ён у трохкутніку Ракаў — Івянец — Пяршаі (цяпер гэта Валожынскі раён Міншчыны).
Жыў Дунін-Марцінкевіч пераважна ў Мінску, непадалёк ад сённяшняй плошчы Перамогі, бліжэй да ўваходу ў парк імя Горкага, а тады Губернатарскі (спадзяюся, тут яшчэ стане помнік пісьменніку). Тут ён напісаў першыя п’есы, а сярод іх “Ідылію” (“Сялянку”), пастаўленую ў 1852 годзе ў гарадскім тэатры (сяляне для “масовак” і выканання песень прывозіліся з Люцынкі). Ролю чалавека з народа Навума Прыгаворкі выконваў сам аўтар.
Найбольш значныя творы “мінскай” пары творчасці Дуніна-Марцінкевіча — “быліцы” “Вечарніцы”, “Купала”, “Травіца брат-сястрыца”, востра сацыяльны “Гапон”, антыцарскі “Халімон на каранацыі” — зрабілі яго вядомым у Вільні, Маскве, Варшаве. Яму прыпісвалі нават тое, што пісалі па-беларуску іншыя, напрыклад, рэвалюцыйную брашуру “Гутарка старога дзеда”. Яна інкрымінавалася пісьменніку, калі яго арыштавалі ў 1864 годзе ў Свіры на Мядзельшчыне. Няслушнасць гэтага абвінавачвання ўдалося неяк даказаць, а вось тое, што яго дочкі Каміла і Цэзарына спявалі недазволеныя песні, сустракаліся ў 1863 годзе ў Люцынцы з паўстанцамі, абвергнуць было немагчыма. Таму Камілу, адораную піяністку, адправілі ў ссылку, а малодшую Цэзарыну аштрафавалі на 25 рублёў серабром. Іх жа бацьку за “дрэннае” выхаванне дзяцей і падазроныя кантакты адправілі ў Люцынку, наклаўшы на яе 30 працэнтаў секвестру, без права выезду адтуль, пад бестэрміновы, строгі і яўны нагляд. Ён быў працягнуты ў 1876 годзе, калі Цэзарына арганізавала ў “хаце пад ліпаю” школку для шасці дзетак з наваколля (сярод іх аказаўся і будучы пісьменнік Ядвігін Ш).
У такіх цяжкіх умовах Дунін-Марцінкевіч, аднак, працягваў пісаць (камедыі “Пінская шляхта”, “Залёты”). Не для выдання, бо беларускае друкаванае слова было забаронена пасля паўстання 1863 года, а для шуфляды, аматарскай сцэны, урэшце, для сваяка Аляксандра Ельскага, які рупліва збіраў помнікі айчыннага пісьменства. Да яго і пераван-драваў у Замосце на Ігуменшчыне куфар з рукапісамі Навума Прыгаворкі, у тым ліку і паэма “З-над Іслачы…”
Варшаўская знаходка спачатку не выклікала ў мяне асаблівай цікавасці. Напісаная на польскай мове, у духу і стылі сентыменталісцкіх твораў ХVІІІ стагоддзя, яна здалася мне крокам назад у творчасці пісьменніка ў параўнанні з яго “быліцамі”. Да таго ж ксеракс тады не існаваў, фотакопіі каштавалі дорага (а твор займаў 28 лістоў тэксту). Таму тады я выпісаў з тэксту і ў 1966 годзе апублікаваў толькі беларускую песню-ўстаўку, якая канчалася радкамі:
Гарбату я піў бы,
Цюцюнец курыў бы,
Дзяўчыну Аннульку
К сэрцу прытуліў бы.
Аднак твор трэба было ўвесці ў літаратурны ўжытак, і я перадаў яго каардынаты літаратуразнаўцу Уладзіміру Содалю, затым копія трапіла перакладчыку і паэту Пятру Бітэлю, таксама “валожынцу”, жыхару Вішнева. Урэшце, знаходка была апублікавана ў 1984 годзе ў зборніку, складзеным ракаўскім “суседам” Люцынкі Язэпам Янушкевічам. Апошні назваў паэму “светлай, элегічнай”, “найбольш гарманічным, камерным творам паэта”.
Цяпер, перад юбілеем, перачытаўшы пераклад паэмы, я зразумеў, што раней недаацаніў яе. Па-першае, пісаўся твор яўна для друку — і таму ён на польскай мове. Ёсць ускосныя звесткі, што польска-беларуска-літоўскай эміграцыяй у Бельгіі рыхтаваўся да друку зборнік Дуніна-Марцінкевіча. Але ці выйшаў? Сляды тут могуць весці ў Брусель ці Парыж.
Па-другое, твор засведчыў: і пад наглядам паліцыі Дунін-Марцінкевіч застаўся самім сабой — непрыяцелем царскага самаўладства, прыхільнікам свабоды (адзін з яго станоўчых герояў якраз і мае яўна прыдуманае прозвішча Свабода). Непрыняцце рэчаіснасці выказана тут у рамантычным стылі: “зіма” супрацьпастаўлена “вясне”, мінулае — сучаснасці і г.д.
Па-трэцяе, паэма — доказ таго, што яе аўтар і ў люцынскай “ссылцы” па-ранейшаму уважліва сачыў за сацыяльнымі зменамі ў грамадстве, з’яўленнем новых, капіталістычных прыгнятальнікаў. Прыклад новага скнары-крывасмока — сусед аўтара з “гаворачым” прозвішчам Сабкевіч, якога празвалі Дарабкевічам, гэта значыць выскачкай. Потым ён стане адмоўным героем у камедыі “Залёты”. Гісторыкі сцвярджаюць, што прататыпам была рэальная асоба — сусед Доўнар.
Твор “З-над Іслачы…” — энцыклапедыя жыцця і побыту наваколля Налібоцкай пушчы. У ім па суседстве як старое, так і новае: і “Гаварда плуг”, што пачаў паступаць з Англіі, і “мучыца аж з Ялецка”, што стала завозіцца з Арлоўскай губерні. Як бачым, паказаны пачаткі еўрапейскай інтэграцыі.
Карацей, перад намі — апошні беларускі твор рамантызму і першы рэалістычны твор. Напісаны ён у 1868 годзе ў Люцынцы, у якой Дунін-Марцінкевіч і памёр праз 16 гадоў. Там жа 20 гадоў таму ўстаноўлены памятны знак пра тое, што тут, у доме пад ліпаю, гуртавалася культурнае жыццё Надіслацкага краю. Тут жа, будзем спадзявацца, адновіцца і гістарычная сядзіба. І вырасце новае дрэва на месцы старой, абваленай бурай ліпы.

(Паводле "Голас Радзімы", 31 студзеня 2008 г.)

На галоўную


Hosted by uCoz