Кафедра гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта
 

 

ПРА КАФЕДРУ
Кафедра на Іслачы (верасень 2001)

Гісторыю беларускае літаратуры больш-менш сістэматычна пачалі вывучаць толькі ў ХХ стагоддзі. Раней адно спарадычна асобныя публіцысты і аматары прыгожага пісьменства звярталі ўвагу на асаблівасці літаратурнага працэсу на Беларусі ды ў адпаведнасці з сваёй палітычнаю заангажаванасцю дастасоўвалі творчасць беларускіх пісьменнікаў да гісторый сваіх літаратур.

Нашаніўскае Адраджэнне і ўзнікненне беларускае дзяржаўнасці – БНР (1918) і БССР (1919) – спрыялі стварэнню ўласнабеларускае літаратурнае канцэпцыі. З самага пачатку гэтая канцэпцыя патэнцыяльна мела два адрозныя шлях і развіцця. Першы шлях рэпрэзентаваў М. Янчук, які рабіў акцэнт на канкрэтна-гістарычным падыходзе: неабходна браць пад увагу ўмовы гістарычнага развіцця народа. Відавочна, крыніца такога бачання гісторыі беларускае літаратуры – літаратуразнаўчая метадалогія культурна-гістарычнае школы, прыхільнікам якое быў М. Янчук. Ён слушна казаў “пра пераемнасць вопыту мінулага, аб традыцыях папярэднікаў і іх ролі ў развіцці сучаснае літаратуры”. Але смерць перашкодзіла М. Янчуку актыўна ўзяцца за справу арганізацыі БДУ і філалагічнае навукі на Беларусі. У выніку маладое беларускае літаратуразнаўства стала на шлях У. Ігнатоўскага, першага дэкана гуманітарнага факультэта БДУ, які асноўным і адзіным крытэрыем беларускасці літаратуры лічыў мову твораў. Канцэпцыю У. Ігнатоўскага распрацоўвала кафедра беларускае літаратуры і этналогіі, якую ўзначальваў І. Замоцін. Значны ўклад у тэарэтычнае абгрунтаванне гэтае канцэпцыі ўнёс М. Піятуховіч. З канца 20-х гг. вывучэнне і выкладанне гісторыі беларускае літаратуры ХІ–ХІХ стагоддзяў паступова заняпадала. Панаванне ў грамадстве вульгарна- сацыялагічнае ідэалогіі прынцыпова адпрэчвала культурную спадчыну, а рэпрэсіі вынішчылі беларускую інтэлігенцыю. У 30-я гг. у БДУ ўвогуле не рыхтавалі філолагаў і не існавала кафедры беларускае літаратуры.

У 1943 г. у адроджаным на станцыя Сходня пад Масквою БДУ М. Ларчанку прызначылі дэканам філалагічнага факультэта і загадчыкам кафедры беларускае мовы і літаратуры, але толькі ў 1956 г. кафедра беларускае літаратуры зацверджана як самастойная навукова-педагагічная адзінка. Пяць супрацоўнікаў кафедры на чале з М. Ларчанкам забяспечвалі выкладанне прадметаў літаратуразнаўчага цыкла. Паступова кафедра павялічвалася. Ёю ў 1971–1972 гг. кіраваў І. Навуменка, будучы дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, акадэмік, віцэ-прэзідэнт Акадэміі Навук. З 1972 г. кафедру ўзначальвала дацэнт В. Казлова, а з 1985 г. – прафесар А. Лойка.

Беларусізацыя напрыканцы 80-х гг., атрыманне рэспублікай незалежнасці (1991) спрычынілася развіццю беларускае літаратуразнаўчае навукі на філфаку БДУ. Кафедра вырасла колькасна (больш за 20 чалавек), актыўна вялася падрыхтоўка спецыялістаў праз аспірантуру пры кафедры. У 1993 г. дзеля больш грунтоўнае падрыхтоўкі студэнтаў-філолагаў, а таксама актывізацыі пэўных кірункаў беларускае філалагічнае навукі Вучоны Савет факультэта прыняў рашэнне стварыць на базе кафедры беларускае літаратуры некалькі новых навукова- педагагічных адзінак – кафедру беларускае літаратуры ХХ стагоддзя (заг. А. Лойка), кафедру гісторыі і тэорыі літаратуры (заг. У. Кароткі), кафедру славістыкі (заг. К. Хромчанка). Кафедра гісторыі і тэорыі літаратуры напачатку складалася з адзінаццаці супрацоўнікаў, але ў 1994 г. было прынята рашэнне рэарганізаваць кафедру гісторыі і тэорыі літаратуры ў кафедру гісторыі беларускае літаратуры (заг. У. Кароткі) і кафедру тэорыі літаратуры (заг. В. Рагойша). На кафедры гісторыі беларускае літаратуры засталіся працаваць: У. Кароткі, Л. Тарасюк (да верасня 2005 г.), С. Кавалёў (да верасня 2008 г.), Т. Казакова, М. Хаўстовіч, І. Запрудскі. У апошнія гады калектыў папоўнілі выкл. Ж. Некрашэвіч (працавала з 1995 да 2000), навук. супрац. Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы І. Багдановіч (1997), аспірантка кафедры В. Крычко. З сакавіка 2000 г. да кастрычніка 2005 г. загадчыкам кафедры з‘яўляўся М. Хаўстовіч. Цяпер кафедрай кіруе Т.Казакова.

Кафедра на Іслачы03

Сёння кафедра забяспечвае выкладанне гісторыі беларускае літаратуры XI–XIX ст. Спецыялістамі Кафедры чытаюцца асноўныя курсы: “Гісторыя беларускае літаратуры ХІ–ХІV стст.”, “Гісторыя беларускае літаратуры ХV–ХVІІ стст.” (дац. Т. Казакова, дац. У. Кароткі, выкл. В. Крычко) і “Гісторыя беларускае літаратуры ХVІІІ – першае паловы ХІХ стст.”, “Гісторыя беларускае літаратуры другое паловы ХХ ст.” (дац. І. Багдановіч, праф. М. Хаўстовіч, дац. І. Запрудскі).

Асноўнымі напрамкамі працы кафедры з‘яўляюцца: падрыхтоўка высокакваліфікаваных філолагаў-літаратуразнаўцаў, гісторыкаў беларускае літаратуры; даследаванне літаратурнага працэсу XI–XIX стагоддзяў на Беларусі; падрыхтоўка і выданне мастацкіх тэкстаў літаратуры мінулага, падручнікаў, дапаможнікаў, хрэстаматый для ВНУ і школы.

Кафедра на Іслачы02

З 2001 г. кафедра выдае навуковы зборнік "Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта". Выйшла дзесяць выпускаў.

Пры кафедры навучаецца 9 аспірантаў, 1 магістрантка і 1 суіскальніца.

Выкладчыкі кафедры не толькі даследуюць творы шматмоўнай літаратуры Беларусі ХІ–ХІХ ст., але і перакладаюць на сучасную беларускую мову са старабеларускае, польскае, лацінскае моў. Так, за апошнія гады беларускі чытач пазнаёміўся з такімі шэдэўрамі айчыннай пісьменнасці, як “Аповесці мінулых гадоў”, “Трэнас” (пер. У. Кароткі), “Пруская вайна”, “Рэха жалю” (пер. Ж. Некрашэвіч), “Авантуры майго жыцця” С. Пільштыновае, “Шляхціц Завальня” Я. Баршчэўскага, “Успаміны квестара” І. Ходзькі (пер. М. Хаўстовіч), а таксама з санетамі А. Міцкевіча, вершамі З. Трашчкоўскай (пер. І. Багдановіч), паэмаю Ю. Ляскоўскага "На чужой старане" (пер.Л. Тарасюк).

Кафедра ўвосень 2002 г.

Кафедра гісторыі беларускае літаратуры супрацоўнічае з Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, з Міжнародным фондам “Беларускі кнігазбор”, з Міжнароднай Асацыяцыяй беларусістаў, з Нацыянальным навукова-асветным цэнтрам імя Ф. Скарыны, з Таварыствам беларускае мовы, з Кракаўскім, Варшаўскім і Люблінскім універсітэтамі (Польшча), з Пушкінскім Домам (ІРЛІ ў Санкт-Пецярбурзе). Супольна з імі ажыцёўлены шэраг навуковых праектаў, выдадзены зборнікі навуковых прац, матэрыялы канферэнцый. Адно з апошніх выданняў, падрыхтаваных на кафедры, - пяты нумар часопіса "Acta Albaruthenica" (2005).



Hosted by uCoz