ПУБЛІКАЦЫІ

Кніга, якая выйдзе ў 2013 годзе

Кніга амаль завершана. Больш правільна: не кніга, а зборнік матэрыялаў. Цяпер наперадзе нялёгкія выдавецкія клопаты.





   




Паўлюк Багрым пра гутарку "Rozmowa chłopów"

У гэтыя юбілейныя для выдатнага майстра-каваля дні варта апублікаваць матэрыялы, звязаныя з г.зв. бунтам сялян у Крашыне. Няхай убачаць тыя, хто іх ніколі не бачыў, але любіць паразважаць пра паэта-самародка.

"Следственное дело, произведенное Директором училищ Гродненской губернии"



   




Карафа-Корбуты

корбут     корбут     корбут    

Пра Карафа-Корбутаў, іх сібірскую высылку, а таксама далейшы лёс -- у кнізе: М.Хаўстовіч, "Даследаванні і матэрыялы" (Варшава 2013)

   




Ёсць Вуль!!!

І трэба было ехаць у Парыж, каб знайсці Ялегі Пранціша Вуля (Элегія Францішка Карафа-Корбута). Застаецца апрацаваць і апублікаваць інфармацыю пра найбольш верагоднага аўтара "Тараса" і "Двух д'яблаў".

   




   19.11.2012   

З парыжскае торбы

Нашчадкі Вярыгі   На верандзе свайго дома ў Парыжы  

Палітычны ссыльны Вацалаў Скакоўскі ў Сібіры зарабіў мільёны. Габрыэля нястачы не ведала: яна набыла ў Парыжы дом і рэстаран, дзеці маглі вучыцца ў Сарбоне. Толькі вось Марыю (яе ў сям'і звалі Маня) захапілі сацыялістычныя ідэі. А яны прывялі кабету ў 1937 г. да сталінскае кулі ў патыліцу.

   




   19.11.2012   

Месяц ў Парыжы

   

Заўтра заканчваецца выправа ў Парыж. Як раней казалі, вязу "торбу", якую трэба апрацаваць і ўключыць у напалову напісаную кнігу "Даследаванні і матэрыялы". Лёс беларускіх эмігрантаў, беларускія тэксты ХІХ ст., Баршчэўскі (у вядомым сэнсе), Рыпінскі, Вуль, дачка А.Вярыгі-Дарэўскага (Габрыэля пахавана ў Шаратоне)і інш. у Францыі.

   




   29.10.2012   

"Niezabudka" ў Парыжы

Незабудка    

Адам Міцкевіч быў сярод тых, хто падпісаўся на "Niezabudkę" 1840 і 1841 гг. Лагічна было б дапусціць, што менавіта ягоныя асобнікі захоўваліся колісь у Парыжы ў Польскай бібліятэцы. Як ні як Уладзіслаў Міцкевіч перадаў бацькоўскі кнігазбор у гэтую бібліятэку. Аднак асобнікі 1840 і 1841 гг. трапілі ў Парыж нейкім іншым шляхам. На тытульнай старонцы абодвух альманахаў пазначана толькі: "Od Katarzyny Klementynie". Высветліць "гісторыю" падарожжа кніжак з Пецярбурга ў Парыж пакуль не ўдаецца.

   




   24.10.2012   

Дачка Арцёма Вярыгі-Дарэўскага

Дачка    

У 90-я гг. Габрыэля з мужам і дзецьмі -- Віктарам, Вікторыяй і Марыяй -- апынуліся ў Варшаве. І сфатаграфаваліся ў атэлье Яна Мячкоўскага на Мядовай.

   




   22.10.2012   

Зяць Арцёма Вярыгі-Дарэўскага

Зяць    

Паходзіў ён з Аўгустоўскай губ., быў студэнтам Галоўнае школы ў Варшаве. За паўстанне асуджаны на 8 гадоў катаржных работ. У 1868 г. пераведзены на пасяленне ў Іркуцк, дзе ажаніўся з Габрыэляй Вярыга. Меў з ёю трое дзяцей. Займаўся гандлем. Удала гуляў у карты, дзякуючы чаму сабраў значную суму грошай. З 1876 г. валодаў залатым прыіскам у Якуціі. Вярнуўся ў Варшаву, але хутка даабраахвотна паехаў у Іркуцк, дзе і памёр.

   




   11.10.2012   

Здымак і ягоная перамалёўка

фота    

Выяўленае фота Арцёма Вярыгі-Дарэўскага і перамалёка, якую меў Р.Зямкевіч.

перамалёўка    




   11.10.2012   

Унучка Арцёма Вярыгі-Дарэўскага

Марыя    

Дачку Арцёма Вярыгі-Дарэўскага звалі Габрыэля.
Яшчэ Г.Кісялёў пісаў, што пасля смерці бацькі яна выехала з Сібіры ў Парыж. Інфармацыя дадзеная ў цэлым правільная, але недакладная.
У 1894 годзе Габрыэля з Іркуцка накіравалася ў Швейцарыю дзеля адукацыі дачкі Марыі.
Праз два гады яны вернуцца ў Іркуцк і толькі напачатку ХХ стагоддзя выедуць у Парыж. Марыя будзе вывучаць філалогію ў Сарбоне. Але пра гэта -- іншым разам.

   




   2.10.2012   

Здымкі Арцёма Вярыгі-Дарэўскага

А.Вярыга-Дарэўскі    

Удалося адшукаць два здымкі Арцёма Вярыгі-Дарэўскага.
Зробленыя яны ў Іркуцку. Першы -- гэта той, перамалёўку якога ўпершыню апублікаваў у 1920 г. М.Гарэцкі. Другі -- у поўны рост. Відавочна, таго самага часу, што і першы.

   




   22.09.2012   

Брат Вуля

Вільгельм Карафа-Корбут    

Шукайце -- і знойдзеце!

Пакуль знайшліся адно фатаздымак і новыя звесткі пра Вільгельма Карафа-Корбута.
Але няўжо не знойдуцца дакументы пра яго брата Элегія-Францішка Корбута?

   





   16.09.2012   

Подпіс Паўла Багрыма

Подпіс Багрыма    

Здзіўляе, як рупна вялі справы расейскія чыноўнікі, як старанна перапісвалі-капіравалі дакументы, як акуратна падшывалі іх – нават чарнавікі!
Дакументы “Багрымаўскае справы” маюцца, хіба, у пяці розных архівах і фондах, бо справу вялі розныя інстытуцыі: ведамства ўнутраных спраў (гарадзенскі губернатар), міністэрства народнай асветы, апякун Віленскае навучальнае акругі, Віленскі ўніверсітэт, дырэкцыя вучылішчаў Гарадзенскае губерні. І ўсюды – пра Крошынскія падзеі. І ўсюды – адны і тыя ж дакументы, копіі і арыгіналы.
Колькі разоў сустракаецца і пратакол допыту ад 3 ліпеня 1828 г. Паўла Багрыма. Але арыгінал гэтага дакумента – толькі ў “Деле об устройстве кс. Магнушевским училища для крестьянских детей в м. Крошино Новогрудского у. и о неповиновении крестьян этого местечка помещику Юраге”.
У справе маецца 30 дакументаў (у справе “О приходском училище, состоящем Новогрудского уезда в местечке Крошине, и о неповиновении крошинских крестьян противу владельца их помещика Юраги” – 26, пераважна копіі, з іх 17 апублікавана Г. Кісялёвым). Незразумела, чаму ніхто з даследчыкаў не звярнуўся да гэтае справы?
Пра “новую” справу – пазней. А пакуль — каліграфічны подпіс Паўла Багрыма.

   





   15.09.2012   

Вярыга-Дарэўскі Сакалоўскаму і Хадэцкаму

Сакалоўскі    

18 снежня 1859 года ў Магілёве пасля канцэрта М.Сакалоўскага і А.Хадэцкага Арцём Вярыга-Дарэўскі ў гонар артыстаў прачытаў верш:

O drodzy bracia wieńczeni laurami
Sióstr nadobniejszych, niż nasza ziemica!
Jakiemiż nam dziś uczcić Was darami,
Gdy bolą serca, a pali wstyd lica?
Od łona matki rzuceni daleko,
Zatrutym chlebem wciąż zdradnie karmieni:
Na odgłos życia – łzy tylko nam cieką, –
I pień Cherubów słuchamy strwożeni.

Ён, як і ўся амаль творчасць паэта, не быў надрукаваны, але ацалеў.

   





   14.09.2012   

Пра маладыя гады Рамуальда Зянькевіча

Рамуальд Зянькевіч    

У шматлікіх публікацыях маюцца пэўныя недакладнасці адносна працы і дзейнасці Рамуальда Зянькевіча. Паспрабуем выправіць асобныя з іх. Архіўныя дадзеныя сведчаць:
Пасля заканчэння віленскай гімназіі ён стаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта, які не закончыў, бо ўлады ў 1832 г. закрылі ўніверсітэт. У паўстанні Р.Зямкевіч удзелу, відаць, не прымаў, таму 15 мая 1832 г. атрымаў ад універсітэта «Свидетельство на звание действительного студента».
Чым Р. Зянькевіч займаўся пасля ўніверсітэта цягам двух гадоў, мы не ведаем, але на службу ён быў прыняты толькі 4 снежня 1834 г. у якасці канцэлярыста Віленскае казённае палаты (атрымаў чын губернскага сакратара). Праўда, працаваў нядоўга: «За слабостью здоровья уволен вовсе от должности 10.03.1836».
У гэтым жа годзе ён атрымаў ад «Управляющего Белорусским учебным округом <…> Свидетельство на звание домашнего наставника с правом преподавать следующие, означенные в свидетельстве предметы, языки латинский, греческий, росcийский, немецкий, французский, славянский, итальянский, их словесность, восточные языки, всеобщую грамматику, философию, всеобщую историю, красноречие и поэзию» (31 снежня 1836). Праз паўгода «вступил в должность домашнего наставника в доме помещика Мозырского и Пинского уездов Кеневича» (22 ліпеня 1836 г.), а пазней «переместился к таковой же должности в дом помещика Пинского уезда князя Любецкого» (1 чэрвеня 1839 г.).
Пра сябе Р.Зянькевіч паведаміў, што нерухомасці ён не мае (адно мураваны дом ва ўласнасці бацькоў у Вільні).

   





   13.09.2012   

У Віцебскай базыльянскай гімназіі

У 20-я гг. ХІХ ст. у Віцебску былі тры навучальныя ўстановы: Віцебская губернская гімназія, Віцебская базыльянская гімназія і прыватны жаночы пансіён.
Архіўныя дакументы сведчаць, што Аляксандар Рыпінскі ў 1826 г. быў вучнем 5-га класа базыльянскай гімназіі.Класам ніжэй вучыўся Тадэвуш Лада-Заблоцкі, а ў 3-ім -- Вінцэнт Газдава-Рэвут і брат А.Рыпінскага -- Віктар. Той Віктар, капітан расійскага войска, да якога напрыканцы 50-х прыедзе лонданскі выгнанец.
Такім чынам, з 55-ці беларускіх літаратараў (паводле складзенага ім жа спісу) двух А.Рыпінскі ведаў з юнацкіх гадоў – Т.Ладу-Заблоцкага і В.Газдава-Рэвута. Відаць, невыпадкова іх біяграфіі ён “скляпаў з большага”, рыхтуючы сваю гісторыю беларускае літаратуры.

   




   11.09.2012   

"Ах чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?"

В.Мяніцкі    

29 верасня 1892 года Вікенцій Мяніцкі запісаў у вёсцы Селішча на Лепельшчыне ад селяніна Караля Багушэвіча прымаўку: "Stralec i dudar nie wialikij haspadar".

Што гэта: даўняе народнае выслоўе, выкарыстанае напачатку ХІХ ст. Янам Баршчэўскім у сваім вядомым вершы, ці радок з верша паэта, які захаваўся ў народнай памяці?

Гл.: Праз 80 гадоў

   






   8.09.2012   

Франц Пчыцкі

Франц Пчыцкі ў 1863 годзе ў Пецярбурзе выдаў літаграфаваным спосабам гутарку “Крыўда і Праўда”. Аніякіх звестах пра гэтага чалавека даследчыкі не мелі. Лічылася, што гэта псеўданім нейкага паэта. Адзінаю зачэпкаю можа быць толькі верш, прысвечаны Ф. Пчыцкаму, што захаваўся ў адным са зборнікаў (1884) Станіслава Нясцюшкі-Буйніцкага.
Аўтар гэтага рускамоўнага верша Яўграф фон Краўзе таксама невядомы беларускім гісторыкам літаратуры. Што цікава: верш, зусім верагодна, мае алегарычны характар: наратар захапляецца сваім сябрам, яго незвычайным талентам, які той прысвяціў “дивной одной”, аднак незразумела ці “смертная она”, ці “гений с красотой небесной!”
Зрэшты, у адным месцы Я. Фон Краўзе выдаў сябе:

Любимый музами поэт,
Певец Сарматов несравненый,
Скажи, когда узнает свет,
Твой дар великий, драгоценный?

Яна – гэта тая, у імя каго была напісана гутарка “Крыўда і Праўда”, – Рэч Паспалітая.

         


   5.09.2012   

Браты Рэніеры"

У “Альбоме” Арцёма Вярыгі-Дарэўскага пакінулі свае запісы чатыры браты Рэніеры. Сякую-такую інфармацыю можна знайсці пра старэйшага -- Аніцэта. А вось пра Мамерта, аўтара беларускамоўнага верша ў "Альбоме" -- амаль нічога невядома.
Зрэшты, ніхто імі і не цікавіўся. Усе адно перапісваюць даўно вядомае. А варта толькі пашукаць, дык даведаешся, што усіх братоў было ажно шэсць.
Аніцэт, які нарадзіўся 23.04.1805 г., Мамерт-Дэзідэрый -- 13.03.1814 г., Стафан-Людвік -- 8.08.1820 г., Юзаф-Эразм -- 5.02.1822 г., Юлій-Аўгуст -- 25.01.1833 г. і Калікст -- 1834 г.
Наша ўвага перш за ўсё -- на Мамерта Рэніера: менавіта пра яго В.Дунін-Марцінкевіч пісаў як пра чалавека, які мае ў сябе шматлікія беларускамоўныя творы таго часу.
А раптам і сам ён пісаў па-беларуску? А раптам не спыніўся ён на падзячным вершыку А.Вярыгу-Дарэўскаму?
Але пра гэта пазней.

         


   1.08.2012   

Магіла дачкі Эдварда Тамаша Масальскага

Помнік на магіле Паўліны Масальскае    

Паўліна з Масальскіх Кучыньска (1845-1893) пахавана на Павонзках (кв. 72).

   






   25.06.2012   

Дзеці Эдварда Тамаша Масальскага

Паўліна Масальская    

Эдвард Тамаш Масальскі 18 жніўня 1830 г. у Мінску ўзяў з Паўлінаю Навасельскаю шлюб, у якім нарадзілася васьмёра дзяцей:

30 мая 1831 г. – Шчэнсны Багдан

27 снежня 1833 г. – Стэфан

1835 г. – Катажына

27 кастрычніка 1836 г. у Мінску – Гэлена Марыя (у 1855 г. узяла шлюб з Адамам Сумоўскім (1822– ?), жыла ў Варшаве, была прыпісана да парафіі Святога Крыжа).

1838 г. – Юстына

20 красавіка 1841 г. – Раман

26 верасня 1844 г. у маёнтку Кедрасоўка (Бершадскі павет) – Урбан (прафесар хіміі ўніверсітэту ў Лювене, 8 верасня 1886 г. у Львове ўзяў шлюб з графіняю Марыяю Дзедушыцкаю (1853–1904).

1845 г. – Паўліна (жыла ў Варшаве, таксама была прыпісана да парафіі Святога Крыжа, прыкладна ў 1870 г. узяла шлюб са Стэфанам Кучыньскім, памерла ў 1893 г. і пахавана на Павонзках (кв. 72). Захаваўся фотаздымак: Паўліна з дачкою Ядвігаю).

   






   25.06.2012   

Кнігі і чытачы

Масальскія    

Наклад шасці выданняў "Шляхціца Завальні" перавышае 68 тыс. асобнікаў. Вядома, львіная доля прыпадае на публікацыі першае паловы 90-х гг. -- і кнігі былі таннейшыя, і чытачоў не бракавала.

Сёння, відаць, нават найцікавейшая кніга не мае шансаў знайсці чытача.

А таму "Пан Падстоліц" Эдварда Тамаша Масальскага выйдзе накладам 150-200 асобнікам: для бібліятэк, сяброў і знаёмых.

Як у ваду глядзеў A.S.: "З таго выдання пакінуць па аднаму экземпляру для аўтара артыкула пра Міцкевіча на Беларусі, для ніжэй падпісанага рэцэнзента, а таксама для пп.Аляксандра Ельскага, Я.Карловіча, В.Каратынскага, А.Пяткевіча, ну і яшчэ з дзесятак для іншых сапраўдных знаўцаў на запас - а рэшту... аддаць на макулатуру, бо, апрача нас, некалькіх ці нейкага дзесятка, ніхто болей гэтага, можна сказаць пэўна, чытаць не будзе".

   






   18.06.2012   

Генрык Жавускі і цэнзура

Успаміны Сапліцы    

Граф Генрык Жавускі ў адказ на парыжскае выданне "Успамінаў Сапліцы" выдае ў Вільні ў 1843-1844 гг. два тамы "Успамінаў старога літоўскага шляхціца". Вядома, давялося перапісаць значную частку кнігі. Бо грамадзяніну Расійскага імперыі зусім не пасаваў тэкст, створаны дзесяццю гадамі раней у Рыме і Парыжы. (Яго, уласна, і выдалі ў Парыжы ў 1839 г. Заўважым, што нават эміграцыя не ведала, хто аўтар кнігі. Ігнацы Яцкоўскі нават даводзіў, што ім быў яго знаёмы Сапліца з Наваградчыны.)

Праўда, змены ў тэксце не дапамаглі.

У 1845 г. паводле запісак цару міністра ўнутраных спраў, намесніка Царства Польскага і начальніка ІІІ адзялення пачалася справа супраць цэнзара Яна Вашкевіча, які даў дазвол на друк.

Высокіх саноўнікаў не задавальняла: крытычныя выказванні пра сучасныя законы, пра шлюбы імператараў, выслугоўванне перад уладамі.

Аднак цягам году справу ўдалося ўлагодзіць.

   






   14.05.2012   

Каляндарык на 1810 год

Календарык    

“Kalendarzyk polityczny na rok 1810 dla wydziału Uniwersytetu Imperatorskiego Wileńskiego” паведамляе, што выдатнікам у ніжэйшых класах Полацкага езуіцкага калегіума ў 1809 г. быў Мацей Баршчэўскі. (Прычым, названы першым!) Увогуле сярод полацкіх студэнтаў Баршчэўскія сустракаюцца колькі разоў.
Але ў дадзеным выпадку можна меркаваць, што ў календары памылка, бо шэраг аднакласнікаў Мацея Баршчэўскага (Данат Жаброўскі, Севярын Мацылевіч, Стафан Багушэвіч і інш.) будуць вучыцца ў Акадэміі разам з Янам, а не Мацеем Баршчэўскім.

Мацей Баршчэўскі ніколі не сустракаўся ў даступных мне дакументах Акадэміі.

Ніжэйшыя класы - гэта інфіма, граматыка і сінтаксіс. Баршчэўскаму і яго сябрам, калі яны ў 1809 г. закончылі ІІІ клас (сінтаксіс), дастаткова было яшчэ двух гадоў вучобы, каб запісацца ў 1813 г. у Акадэмію.

   






   13.05.2012   

Мурзінка

Мурзінка    

Санеты “Jako gdy w chmurach orzeł w czasie niepogody” і “Pokryły błękit nieba obłoków tumany” Ян Баршчэўскі напісаў у “Мурзінцы ў ваколіцах Пецярбурга” 25 чэрвеня і 14 жніўня 1845 г.
Мы не ведаем, якім чынам пісьменнік трапіў у гэтую мясцовасць. Але ведаем, каму належала Мурзінка.

У 1793 г. мызу Мурзінку ля Нявы ў ваколіцах Пецярбурга (сёння – пр. Абухаўскай абароны 230) атрымала па спадчыне Анна Вяземская, жонка неапалітанскага пасланніка герцага Антоніа дэ Серра-Капрыёла. Да 1839 г. тут жыў іхні сын Мікалай дэ Серра-Капрыёла (гл. яго малюнак Мурзінкі). Пасля сядзіба перайшла да яго пляменнікаў Фёдара, Антона, Алены і Лізаветы [дзяцей сястры, Алены дэ Серра-Капрыёла (пам. 1820), і генерал-маёра графа Сцяпана Апракcіна (1792–1862)].

Магчыма, Ян Баршчэўскі быў знаёмы з сям’ёй герцага Антоніа дэ Серра-Капрыёла. Вось тады можна зразумець словы Рамуальда Падбярэскага: “Здарылася аднойчы, што вучыў латыні нейкую графіню, якая ехала ў Італію”.

   






   12.05.2012   

Антоні Зубка

Антоні Зубка    

Антоні Зубка запісаўся на факультэт філасофскіх і вызваленых навук (аддзяленне логікі і метафізікі) Полацкай езуіцкай акадэміі ў 1816 г., а ў наступным годзе вучыўся на аддзяленні фізікі гэтага ж самага факультэта.

Вучобу завяршыў са ступенню кандыдата філасофіі летам 1818 г.


   






   12.05.2012   

Сербіновіч і Руска

Дом езуітаў    

У 1818 годзе К.Сербіновічу дапамог "знайсці працу" Хведар Руска, брат славутага прыдворнага архітэктара Luigi Rusca (у Расіі яго называлі Алаіз Іванавіч Руска). У сувязі з тым, што сярод студэнтаў Акадэміі прозвішча Руска не сустракаецца, можам думаць, што Хведар вучыўся ў калегіуме, а пасля жыў у Пецярбурзе ў доме брата.
Зрэшты, калі даць веры К.Сербіновічу, то атрымліваецца, што Хведар быў малодшы за брата больш чым на 30 гадоў.
К.Сербіновіч падае ва "Успамінах", што ён выпадкова сустрэў Х.Руска, але больш верагодна: ён, прыехаўшы ў Пецярбург, сам шукаў (бо меў рэкамендацыйныя лісты?) езуіцкіх выхаванцаў, якія жылі ў сталіцы.

Ян Баршчэўскі таксама, відаць, шукаў у Пецярбурзе езуіцкіх выхаванцаў.

Алаіз Руска (1762-1822) прыехаў у Расію ў 1783 годзе. Ім пабудаваны Дом езуітаў (Езуіцкі калегіум) у Пецярбурзе на сённяшняй Наберажнай канала Грыбаедава (1801-1805), Нікольская вежа Маскоўскага Крамля (1806) і інш.


   






   11.05.2012   

"Успаміны" Канстанціна Сербіновіча

Успаміны    

Ва "Ўспамінах" К.Сербіновіч піша: "По выходе моего отца в отставку, мы переселились, в 1809 году, в Полоцк".
Відавочна, ён хоча сказаць, што Полацак не з'яўляецца яго родным горадам. У Спісах Полацкай акадэміі месца ягонага нараджэння я прачытаць не змог: Sosni...

Цікавае тое, што бацька Канстанціна - Сцяпан, Міхайлаў сын Сербіновіч доўгі час знаходзіўся на пасадзе сакратара Палаты крымінальнага суда ў Полацкім намесніцтве. У 1788 г. ён меў чын калежскага рэгістратара, а ў 1796 г. - губернскага сакратара.

Выходзіць - сям'я не жыла ў той час у Полацку?

   






   11.05.2012   

Канстанцін Сербіновіч

Успаміны    

У лік студэнтаў Полацкай акадэміі Канстанцін Сербіновіч трапіў у 1814 годзе (факультэт філасофскіх і вызваленых навук, аддзяленне логікі і метафізікі). Яму ў гэты час 18 гадоў, а г.зн., што ён нарадзіўся ў 1796 годзе. Ян Баршчэўскі ў гэты час быў на курс вышэй. У наступным навучальным годзе К.Сербіновіч вучыцца на аддзяленні фізікі, а пазней - на курсе красамоўства і права. Матэматыку (трэці клас ці курс Акадэміі), як і шмат хто з полацкіх студэнтаў, ён не наведвае.

Летам 1817 года ён завяршае сваю адукацыю ў Полацку, а ў студзені 1818 прыязджае здзіўляць сваімі талентамі Пецярбург.

   






   10.05.2012   

Гаўдэнты Шапялевіч

Верш    

Гаўдэнты Шапялевіч у спісах студэнтаў Акадэміі з'яўляецца ў 1815 годзе, калі ён запісаўся на факультэт філасофскіх і вызваленых навук (аддзяленне логікі і метафізікі). Гэта значыць, ён на першым курсе, а Ян Баршчэўскі - на трэцім. У спісах на 1818/1819 і 1819/1820 навучальныя гады Г.Шапялевіч на курсе красамоўства і права.

Але самае цікавае тое, што цяпер давядзецца змяніць год нараджэння прыяцеля Я.Баршчэўскага. У верасні 1815 года ён меў 17 гадоў. А г.зн. ён прыкладна 1798 года нараджэння. А не 1800. І на 6 гадоў маладзейшы за Яна Баршчэўскага.

   






   10.05.2012   

Як і з кім вучыўся Ян Баршчэўскі ў Полацкай Акадэміі

Касцёл св. Стафана    

У 1813 годзе двадцаціаднагадовы Ян Баршчэўскі запісаўся на факультэт філасофскіх і вызваленых навук (аддзяленне логікі і метафізікі) Полацкай езуіцкай акадэміі, каб вывучаць логіку, дыялектыку, этыку, палітычную эканомію, метафізіку, геаметрыю, саліметрыю, заалогію, а таксама пяць літаратур: расійскую, французскую, габрэйскую, грэцкую і нямецкую.

На аддзяленні разам з ім вучацца маладыя людзі ва ўзросце ад 17 да 26 гадоў. З аднакурснікаў, прозвішчы якіх вартыя ўвагі, – дзевятнаццацігадовы Данат Жаброўскі з Дынабургскага павета, Павел Гаеўскі з Палтаўшчыны (будучы пецярбургскі цэнзар, перакладчык Эдварда Тамаша Масальскага), Тамаш Зубка (родны брат будучага архіепіскапа Антонія).

   






   5.05.2012   

Калі Ян Баршчэўскі вучыўся ў Полацкай Акадэміі

Спіс полацкіх студэнтаў    

Доўга мы анічога не ведалі пра вучобу Яна Баршчэўскага ў Акадэміі. Нават сумняваліся некаторыя: а ці вучыўся ў Акадэміі? Можа, скончыў адно калегіум? Бо і па ўзросту (калі прыняць раннюю дату нараджэння), і па сацыяльнаму статусу нібыта не адпавядала...

Але ўсё ж вучыўся!
З 1813 па 1816 год. Тры гады на факультэце філасофіі і вызваленых навук.
Але самае цікавае і каштоўнае - мы цяпер ведаем год нараджэння Яна Баршчэўскага і імя яго бацькі. У "Спісах залічаных на курс" езуіты падавалі і ўзрост, і імя бацькі, і месца нараджэння.
У верасні 1813 г. будучаму пісьменніку - 21, у верасні 1814 г. - 22, у верасні 1815 г. - 23 гады. А г.зн. нарадзіўся Ян Баршчэўскі прыкладна ў 1792 г. Нават не 1794!

Меў, аказваецца, рацыю Рамуальд Падбярэскі, называючы ў 1842 г. пісьменніка "50-гадовым дзядулькаю" (ліст да Ю.І.Крашэўскага).

І меў рацыю Генадзь Кісялёў, калі даводзіў мне прыватна і ў друку, што Ян Баршчэўскі "не быў чалавекам філамацкага пакалення ... Ён старэйшы".

Гл.далей:  Фрагмент прадмовы да новага выдання "Шляхціца"

   






   1.05.2012   

Езуіцкая навука

Полацак. Езуіты    

Чаму вучылі езуіты сваіх выхаванцаў?

Навукам у першую чаргу свецкім.
Расклад заняткаў у калегіуме ніколі не змяняўся.

Гл.далей:  Расклад заняткаў у Полацкім езуіцкім калегіуме

   






   8.04.2012   

Тарас Шаўчэнка і Жукоўскія

mal    


Тарас Шаўчэнка ў 40-я гг. сябраваў з братамі Жукоўскімі. І нават разам ілюстравалі яны на замову кнігі.
На дадзеным малюнку на гістарычную тэму чатыры асобы пазнаюцца. А вось чый твар (палову твару) мастак змясціў на ножцы стала? І ці заўважылі гэта замоўцы?

   






   8.04.2012   

Памылкі

1851    


У перакладзе артыкула-некралога таксама ёсць памылкі. Вядома, можна спаслацца на тое, што і С.Александровіч, і Г.Кісялёў памыляліся... (У выпадку з Г.Кісялёвым увогуле незразумела: Яніна Міхайлаўна дасканала валодае польскаю). Можна сказаць, што мая польская ў студэнцкія гады "жадала быць лепшаю".
Але факт застаецца фактам: патрэбна была перапрацоўка.

   






   31.03.2012   

Белая Сарока

Законодательница    


Хто быў прататыпам вобраза Белае Сарокі - сумненняў няма. Больш складанае пытанне: чаму менавіта ў вобліку Белай Сарокі Ян Баршчэўскі падае Кацярыну ІІ?

Першасную версію (Кацярына ІІ у лістах называла сябе белаю варонаю) давялося адкінуць: малаверагодна, што пісьменнік ведаў карэспандэнцыю імператрыцы.

Больш пэўна, што на Я.Баршчэўскага паўплывалі верш Г.Дзяржавіна "Видение Мурзы" і карціна Д.Лявіцкага "Екатерина-Законодательница в Храме богини Правосудия".

З вершам Г.Дзяржавіна Я.Баршчэўскі пазнаёміўся на лекцыях расійскай літаратуры ў Полацкай Акадэміі, а карціну Д.Лявіцкага пабачыў у Пецярбурзе.

Сиянье вкруг меня небесно;
Сокрылась, побледнев, луна.
Виденье я узрел чудесно:
Сошла со облаков жена, -
Сошла - и жрицей очутилась
Или богиней предо мной.
Одежда белая струилась
На ней серебряной волной...
("Видение Мурзы")

   






   30.03.2012   

Кацярына і езуіты

Зборнік    


Кнігі панегірыкаў езуіты выдалі ў гонар трох расійскіх імператараў, але найбольш ушанаванаю імі была Кацярыны ІІ. Наколькі шчырымі былі езуіцкія паэты? Дастаткова сказаць, што яны былі езуіцкімі.

   






   29.03.2012   

Вальтэр і Кацярына

Вальтэр    


Вальтэр маліўся да Кацярыны ІІ:

"Te Catharinam laudamus, te dominam confitemur"

Кацярынa ІІ    






   23.03.2012   

Стась і Юзік

Шляхціц на лапаце    

У доме свайго дзядзькі, шляхціца Завальні, Янка сустракае двух сваіх стрыечных братоў – Стася і Юзіка, што прыязджаюць на Каляды з езуіцкай школы ў Полацку.
Сёння, з вялікай доляй праўдападобнасці можна сказаць: два сыны Завальні – мелі рэальных прататыпаў.

Вядома, дарэмна шукаць сярод езуіцкіх выхаванцаў Станіслава і Юзафа Завальняў.
Трэба знайсці сярод вучняў „ніжэйшых школ” у Полацку "проста" братоў Станіслава і Юзафа. Тых, хто рэальна мог прыехаць 23 снежня, у суботу (паводле старога стылю) 1816 г. на вакацыі да бацькі ў фальварак Завальнева.
Знайсці двух братоў – Станіслава і Юзафа – сярод полацкіх вучняў аказалася справай нескладанай. Праўда, звесткі трапіліся за 1817 г., але яны лёгка стасуюцца і да году папярэдняга. Дык вось, у перадкалядным спісе выдатнікаў езуіцкіх школ Станіслаў пазначаны як вучань 3 класа, а Юзаф – 2 класа.

Гл.далей:  Стась і Юзік

   






   20.03.2012   

Што гэта за “боб” спажываў Ян Баршчэўскі пад час вучобы ў езуітаў?

   

У нарысе Рамуальда Падбярэчкага “Беларусь і Ян Баршчэўскі” ёсць цікавая характарыстыка студэцкіх – вядома, бедных і галодных – гадоў пісьменніка:
“Biednego bursaka szlachta porywała z rąk do rąk i wynagradzała podług ubogiéj swéj możności, to miarką pszenicy, to miarką grochu, to gryki, to czasem dała bobu!”

Вячаслаў Рагойша (1971), Генадзь Кісялёў (1977) і Сцяпан Александровіч (1978) пераклалі гэты фрагмент наступным чынам:
“Беднага бурсака шляхта рвала з рук у рукі і ўзнагароджвала паводле сваёй невялікай магчымасці то меркай пшаніцы, то меркай гароху, грэчкі, а часам давала бобу!”

У сваім перакладзе (1990) я “ішоў” следам за сваімі настаўнікамі, хоць у дыпломнай працы і звярнуў увагу на гэтае, відавочна, насмешлівае “а часам давала бобу!” І нават спрабаваў на падставе “бобу” вывесці пэўную тэорыю, за што быў раскрытыкаваны кіраўніком (С. Александровіч) і рэцэнзентам (А.Лойка).

Рыхтуючы новае выданне “Шляхціца”, пераклад дадзенага фрагмента паправіў. Цяпер ён гучыць так:
“Беднага бурсака шляхта рвала з рук у рукі і ўзнагароджвала паводле беднае свае магчымасці то меркаю пшаніцы, то меркаю гароху, то грэчкі, а часам задавала перцу!

Менавіта так трэба перакладаць польскую ідыёму “dać bobu”. Як варыянт – шляхта “давала прыкурыць” ці “задавала лазню”. Але, вядома, у суседстве “пшаніцы”, “гароху” і “грэчкі” налепш выглядае “перац”. Беларускія слоўнікі ідыёму “даць (задаць) перцу” тлумачаць як “насварыцца, даць наганяй”.

А менавіта гэта хацеў падкрэсліць Р. Падбярэскі: за свае малюнкі і вершы Я. Баршчэўскі атрымліваў не толькі пахвалу і падзяку, але меў і крытыку да нараканні. Пэўна ж, калі нешта з твораў Я. Баршчэўскага каму не падабалася, то і вылаяць магла маладога паэта і мастака засцянковая шляхта.

   






   13.03.2012   

Партрэт Яна Баршчэўскага

Ян Баршчэўскі    

Партрэт Яна Баршчэскага, які намаляваў Караль Жукоўскі, захаваўся не толькі дзякуючы публікацыі яго Рамуальдам Падбярэскім у "Roczniku Literackim".

У бібліятэках маюцца літаграфіі дадзенага партрэта. Памер 12Х10,7 см, з надпісам - 17,5Х10,7 см.





   






   13.03.2012   

Знакі Задыяка і планеты

Знакі Задыяка    

Вось якія "фігуркі" бачыў у віленскім календары "на гэты, 1817 год" шляхціц Завальня.

А вось чаму арганіст Андрэй называе іх "планетамі".

Знакі Задыяка і планеты



   






   12.03.2012   

Адам Кіркор у Адэсе і Пецярбурзе

Адам Кіркор    

Адам Кіркор яшчэ ў 40-я гг. імкнуўся стаць выдаўцом газеты ці часопіса. У Адэсе ён хацеў выдаваць газету "Адэса". Атрымаўшы адмову, клапоціцца пра газету "Неўскае рэха" ў Пецярбурзе (1844-1845). Але Галоўная ўправа цэнзуры мела загад цара: "ограничить число периодических изданий на польском языке". Давялося засяродзіць сваю ўвагу на альманаху "Радэгаст".








   






   12.03.2012   

“Ці чыталі полацкія студэнты Вульгату?”

Vulgata    

У езуіцкім Архіве Малапольскай правінцыі захаваліся шматлікія звесткі, датычныя навучальнага працэсу ў полацкіх школах. Але пакуль не маю аніякіх пацвярджэнняў, што студэнты знаёміліся з лацінамоўнай Бібліяй. Напрыклад, чытаць Стары Запавет рэкамендавалася паводле полацкага выдання 1799 года на польскай мове: "Krótkie zebranie historyi świętej, w księgach Starego Testamentu zawartej, aż do Narodzenia Chrystusa Pana".
Магчыма, меліся на ўвазе вучні калегіума, але ж тут жа ідзе гаворка пра студэнтаў Акадэміі.
З лацінамоўных падручнікаў, апрача Альвара, можна згадаць наступныя:

1.Praelectiones ex probatis autoribus selectae. scilicet: epistolae Ciceronis et Plinii, commentarius Julii Caesaris, Comelius Nepos, elegiae P. Ovidii Nasonis, fabulae Phaedri etc. ad usum studiosae juventutis pro I-ma, II-da et III-tia classe, Polociae 1800.
2.Arithmetica de fractionibus et proportionibus pro II da et III tia classe, Polociae.
3.Institutiones styli utriusąue, soluti et ligati ex optimis in utroąue orationis genere scriptoribus pro IV classe, Polociae 1800.
4.Orationes Ciceronis pro IV et V classe, Polociae.
5.Qmnti Horatii Flacci odae, satyrae, epistolae pro IV et V classe, Polociae.
6.De arte rhetorica libri quinque, lectissimis veterum autorum exemplis illustrati pro V classe.

Пра гэта больш падрабязна:
Vulgata



   






   1.03.2012   

“Полацкі Красьнік”

Полацкі штомесячнік    

Для новага выдання "Шляхціца" адшукалася інфармацыя пра полацкі Красьнік. Зрэшты, у словах самога Яна Баршчэўскага, а таксама Рамуальда Падбярэскага ніхто ніколі не сумняваўся. Але ж хацелася і больш дакладных звестак.



Полацкі Красьнік



   






   28.02.2012   

“Віленскі каляндар 1817 года”

Віленскі каляндар 1817 года    

Рыхтуючы новае выданне "Шляхціца Завальні" (варта было зрабіць гэта раней, бо кніга Я.Баршчэўскага, перакладзеная ў студэнцкія гады, яўна не можа сёння перавыдавацца ў старой рэдакцыі), давялося шмат удакладняць. Дазволім сабе паразважаць пра мастацкі час твора на падставе падказак, пакінутых аўтарам у тэксце. І "пашукаем" тыя рэальныя рэчы, пра якія згадвае пісьменнік.

Cёння - віленскі каляндар на 1817 год.

Віленскі каляндар. 1817



   






   10.02.2012   

Тамаш Зан

Тамаш Зан    

Вельмі рэдкі малюнак-партрэт Тамша Зана. Пакуль не ведаю, хто і калі маляваў архіпрамяністага. Але маю надзею, што высветлю.

   






   22.01.2012   

Аляксандар Грот-Спасоўскі

Аляксандар Грот-Спасоўскі    

На малюнку 40-х гг. ХІХ ст. - Аляксандар Грот-Спасоўскі, цікавы, арыгінальны літаратар, якога не разумелі сучаснікі, а нашчадкі зусім забылі. І нават гісторыкі літаратуры хутчэй за ўсё анічога не назавуць з тэкстаў, якія ён друкаваў пад ўласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімам Алекс Гарадзенскі.

Лягчэй пералічыць творы трох дзесяткаў расейскіх літаратараў ХІХ стагоддзя, чым даведацца пра яшчэ аднаго свайго.

   






   14.01.2012   

Беларускі раб

Беларускі раб    

Шмат каму вядомы наступныя словы А.Герцана:

"Ці бачылі вы літаграфію, якую выдаў Адам Міцкевіч і якая паказвае «Славянскага нявольніка»? Нянавісць, змешаная са злосцю і сорамам, напаўняе маё сэрца, калі я гляджу на гэты жорсткі дакор, на гэтае «за сякеры, браты», прадстаўленае з неверагоднай дакладнасцю. Беларускі мужык, бяз шапкі, ашалелы ад страху, галечы і цяжкай працы, рукі за пасам, стаіць сярод поля і неяк скоса і безнадзейна глядзіць уніз. Дзесяць пакаленняў змучаных на паншчыне стварылі такога парыя, яго чэрап звузіўся, рост здрабнеў, яго твар з дзяцінства пакрыўся зморшчынамі, яго рот сутаргава скрыўлены, ён адвык ад слова. Жывёльны погляд яго і запалоханы выраз паказваюць, на колькі крокаў ён пайшоў назад ад чалавека да жывёлы".

А хто памятае літаграфію, "выдадзеную Адамам Міцкевічам"?
Зрэшты, літаграфію выдаў Юзаф Азямблоўскі (1805-1878). А.Міцкевіч адно разам з тавяньчыкамі (сярод іх быў і А.Рыпінскі) прысягалі на ёй пры заснаванні "братняга кола".

   






   8.01.2012   

Апошнія дні Яна Чачота

Апошнія дні Яна Чачота    

Вільгельм Рэйнальд фон Роткірх у 1854 годзе напісаў "Нататкі пра Друскенікі", дзе пераважна цытуе ў перакладзе на расійскую мову тэксты вядомых аўтараў, якія пісалі пра гэта курортнае мястэчка. І - што самае істотнае - аздабляе свае нататкі малюнкамі. На адным з іх - Ян Чачот, ягоная сястра (хіба Тэкля), Юзаф Ігнацы Крашэўскі.

   






   1.12.2011   

Станавы прыстаў Кручкоў

Рукапіс    

Ці меў станавы прыстаў Кручкоў з “Пінскае шляхты” ў якасці прататыпа нейкага рэальнага судовага чыноўніка?
Перш-наперш звернем увагу, што В. Дунін-Марцінкевіч палічыў патрэбным патлумачыць чытачу, хто такі станавы прыстаў: "В прежние годы Асесоры, или заседатели, что ныне Становые пристава, одне избираемы были во время Дворянских выборов, другие назначаемы Правительством, что называлось от Короны, и поэтому последних Пинская Шляхта обыкновенно величала Найяснэйшей Короной".
Так цяпер друкуецца арыгінальны тэкст “Пінскае шляхты” паводле рукапісу з фонду Яна Карловіча. Язэп Лёсік і рэдакцыя “Вольнай Беларусі” карысталіся іншым рукапісам (магчыма, А. Ельскага ці М. Доўнар-Запольскага), але, відаць мелі да перакладу гэткі ж самы каментар. У Я. Лёсіка атрымалася наступнае: "Даўней асэсараў, ці засядацеляў, а потым станавых прыставаў дзеля таго, што першыя выбіраліся падчас шляхецкіх выбараў, а другія назначаліся ўрадам, – пінская шляхта велічала Найяснейшай Каронай".
Пераклад Я. Лёсіка, на нашу думку, не зусім удалы. Нават можна сказаць, што скажаецца сэнс. Пададзім наш пераклад: "Даўней Асэсараў, ці засядацеляў, якіх цяпер называюць Станавымі прыставамі, адных выбіралі падчас Шляхецкіх выбараў, іншых прызначаў Урад, што называлася – “ад Кароны”, з гэтай прычыны апошніх Пінская шляхта звычайна велічала “Найяснэйшей Короной”.
Драматург выдатна ведаў рэаліі свайго часу. Я. Лёсік ведаў іх, відаць, кепска. Дык ягоны пераклад не адлюстроўвае тое, што хацеў сказаць В. Дунін-Марцінкевіч. Аднак, думаецца, тлумачэнне пісьменніка – вельмі істотнае для разумення сэнсу твора.
Па-першае, В. Дунін-Марцінкевіч паведамляе, што ў краі спрадвеку існаваў інстытут асэсарства. У склад кожнага Земскага суда ў Рэчы Паспалітай уваходзіла звычайна 4–6 асэсараў (апрача, вядома, суддзі, падсудка, пісара і вознага), якіх абіралі на сойміках.
Па-другое, ад самага пачатку свайго панавання ў краі расійскія ўлады фактычна скасавалі інстытут асэсарства. Афіцыйна асэсараў сталі называць засядацелямі, хоць усё ХІХ ст. тутэйшыя людзі звыкла велічалі іх асэсарамі. Новая ўлада падзяліла ўсіх асэсараў (засядацеляў) на дзве катэгорыі: каго сама прызначала – гэта засядацелі ад кароны, іншыя – засядацелі “па выбару”. Так было і ў Павятовым судзе, і ў Земскім, і ў Гродскім. А таксама і ў судах губернскага ўзроўню. Назіралася тэндэнцыя скарачаць лік “засядацеляў па выбару” і павялічваць “засядацеляў ад кароны”.
У 1837 г. у імперыі была ўведзена пасада Станавога прыстава (стан – гэта паліцэйская акруга, у склад якое ўваходзіла некалькі воласцей), які прызначаўся губернатарам з кандыдатаў, пададзеных Шляхецкай зборняю. Падпарадкоўваўся ён спраўніку (ці капітан-спраўніку) і Земскаму суду. (Кручкоў заяўляе: “По указу Пинского земского суда от 23 мая сего года за № 2312 прибыл я в околицу…”)

   






   20.11.2011   

"Гутарка Данілы з Сцяпанам

Першая старонка    

"Гутарка Данілы з Сцяпанам", напісаная 150 гадоў таму, фактычна не стала для беларускай літаратуры ні значнаю з'яваю, ні аб'ектам даследавання. І ня дзіва, што мы маем толькі кароткія згадкі пра твор у падручніках. Савецкіх літаратуразнаўцаў палохалі, відавочна, "царысцкія ілюзіі" аўтара, сённяшніх... Што не дазваляе сённяшнім даць характарыстыку гутарцы, - мы не ведае. Зрэшты, параўноўваючы тэкст твора, надрукаваны ў хрэстаматыях, з першапублікацыямі, прыходзіш да высновы, што рыхтавалі яго выпадковыя людзі: шматлікія недакладнасці скажаюць часам нават сэнс верша.
Вось таму і з'яўляюцца недарэчныя "літаратурныя інтэрпрэтацыі". Маем на ўвазе свабодаўскі сцёб Альгерда Бахарэвіча, таленавітага літаратара, але, па ўсім відаць, - нягеглага колішняга студэнта-філолага. Ці, можа, больш правільна, - вучня нягеглых філфакаўскіх выкладчыкаў літаратуры.

   







   24.10.2011   

Эклібрыс Рамуальда Зямкевіча  

У экслібрысе Рамуальда Зямкевіча маецца свастыка. Відавочна, у тыя 20-я гады яна не стала яшчэ злавесным сімвалам фашызму. Таго фашызму, які знішчыць і самога аматара свастыкі - Рамуальда Зямкевіча

   







Hosted by uCoz